АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Захад-2017 Справа Федынiча Дэкрэт пра дармаедаў Міліцэйскае свавольства Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

7 прычын, каб адмяніць смяротнае пакаранне ў Беларусі

7 прычын, каб адмяніць смяротнае пакаранне ў Беларусі 13.09.2017
У Гродна міжнародныя экспэрты, якія займаюцца праблемай смяротнага пакарання, правялі шэраг сустрэчаў, на якіх абмяркоўвалася пытанне аб адмене вышэйшай меры пакарання ў Беларусі.

Паводле экспэртаў, каля 160 дзяржаў-чальцоў ААН альбо адмянілі смяротнае пакаранне, альбо яго не прымяняюць. Беларусь — адзіная еўрапейская краіна, у якой яно дзейнічае.

 

Экспэрты прапанавалі сваё бачаньне таго, як адмовіцца ад гэтай практыкі. Вось некалькі іхніх аргумэнтаў.

 

1. Могуць быць пакараныя невінаватыя людзі

 

Судовая памылка можа здарыцца ў кожнай судовай сыстэме, якая б дасканалайя яна ні была. У ЗША доля памылак у прысудах даходзіць да 4–5%. У ХХІ стагодзьдзі забойства ня можа быць мерай помсты. Нельга забіваць чалавека, каб паказаць іншым, што забойства — гэта дрэнна. Сьмяротнае пакараньне — занадта радыкальная мера, каб яго захоўваць.

 

2. Няма доказаў, што гэта стрымлівае злачыннасць

 

Эфэктыўны спосаб зьнізіць злачыннасьць — выкараненьне прычын супрацьпраўных паводзін і абʼектыўнае крымінальнае правасудзьдзе. Так, узровень забойстваў у краінах Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы (Чэхія, Вугоршчына, Польшча, Румынія, Малдова), якія адмянілі сьмяротнае пакараньне ў 1990-х, з 2000 да 2008 году зьнізіўся на 61%.

 

3. Смяротнае пакаранне не аднаўляе справядлівасці

 

Вышэйшая мера працягвае замкнутае кола гвалту і ўзмацняе эмацыйны стрэс, які і без таго атрымліваюць семʼі ахвяраў. Гэта таксама псыхалягічная траўма для ўсіх, хто ўдзельнічае ў працэсе выкананьня прысуду.

 

4. Грамадзкая думка не павінна быць перашкодай

 

Грамадзкая думка не пастаянная і можа лёгка зьмяняцца пад узьдзеяньнем мэдыяў. Сьмяротнае пакараньне павінна адмяняцца палітычным кіраўніцтвам, а не праз рэфэрэндумы.

 

5. Усё болей краін адмаўляюцца ад смяротнага пакарання

 

Ва ўсім сьвеце засталіся 23 дзяржавы, дзе ўжываецца сьмяротнае пакараньне. Беларусь у іх ліку, і гэта адзіная такая краіна Эўропы.

 

6. Міласэрнасць лепшая за помсту

 

Вязьні-сьмяротнікі — не «абсалютныя зладзеі» без усялякай надзеі на выратаваньне. Вопыт паказвае, што чым больш людзі ведаюць пра сьмяротнае пакараньне, тым больш яны выступаюць за яго адмену.

 

7. Не прымушаць забіваць іншых

 

Адзін чалавек учыніў грэх цяжкага злачынства — дык навошта яшчэ рабіць забойцамі тых людзей, якія павінны зьдзейсьніць ужо яго забойства? Такі аргумэнт за адмену сьмяротнага пакараньня выказаў гарадзенскі сьвятар Георгі Рой, які спадзяецца, што рана ці позна, але беларускі народ адмовіцца ад прымяненьня сьмяротнага пакараньня.

 

Дэлегацыю міжнародных экспэртаў узначальваў прафэсар Іван Шымановіч, памочнік і спэцыяльны дарадца Генэральнага сакратара ААН.

 

У групу таксама ўваходзяць доктар Джэфры Фэйган, прафэсар права юрыдычнага факультэту Калюмбійскага ўнівэрсытэту; Парвэз Джабэр, выканаўчы дырэктар арганізацыі The Death Penalty Project (Вялікая Брытанія); Асунта Віво Кавалье, генэральны сакратар Міжнароднай камісіі супраць сьмяротнага пакараньня (Гішпанія).

 

Сустрэчу з грамадзкасьцю Горадні ладзіла амбасада Вялікай Брытаніі ў Беларусі пры падтрымцы камісіі Нацыянальнага сходу па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі, якую ўзначальвае Андрэй Навумовіч. Дэпутат выступае за тое, каб увесьці ў Беларусі мараторый на сьмяротнае пакараньне. Ён кажа, што падобныя сустрэчы будуць і ў іншых абласьцях краіны — па гэтай праблеме неабходная дыскусія ў грамадзтве.

па інф. радыё Свабода 


Дата создания: 13.09.2017 09:37:57

Возврат к списку