АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Рэформа адукацыі Дзедаўшчына ў войску Справа Федынiча Дэкрэт пра дармаедаў Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Пісьменнік Валянцін Акудовіч: «Праміне трохі часу, і мастацкую літаратуру прыбяруць з школьных праграмаў»

Пісьменнік Валянцін Акудовіч: «Праміне трохі часу, і мастацкую літаратуру прыбяруць з школьных праграмаў» 13.09.2017
Пісьменнік і філосаф Валянцін Акудовіч распавёў нам пра вершы ад Яндэкса, паэта Сяргея Міхалка, казу Андруся Горвата і пра шмат што цікавае, аб чым вы не пачуеце ні ў аў тобусе, ні ў чарзе па хуткую ежу.

  «Большой» даўно з непакоем заўважае, што людзі амаль канчаткова перасталі цікавіцца літаратурай. У грамадскім транспарце не чытаюць, а гуляюць у смартфоны, за кавай абмяркоўваюць новыя ролікі на YouTube, нават нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч некаторымі ўспрымаецца не як таленавітая пісьменніца і наш гонар, а як жанчына, якая нешта казала пра Крым і Данбас. На нашае шчасце, мы знайшлі прыемнага суразмоўніка, з якім можна шчыра пагутарыць пра сучасную літаратуру. 

— Планета Зямля зараз чытае?

 

— Чытаць чытае, а толку? Ужо няма чытача, які б звязваў з мастацкай літаратурай нейкія свае спадзевы, чаканні, надзеі. Цяпер ён чытае, як жуе жуйку — бо прыемна…

 

— Якая роля літаратуры ў Сярэднявеччы, у ХХ стагоддзі — і зараз?

 

— У Сярэднявеччы (і яшчэ раней ды пазней) мастацкая кніга адыгрывала ролю свецкага сабора. А пісьменнік быў як бы персанальным дэміўргам Бога, што ператлумачваў чытачу Боскую задуму стасоўна ўся і ўсяго. А менавіта: хто ён, чалавек, і які сэнс таго свету, у якім чалавек жыве ды памірае. У ХХ стагоддзі, калі запанаваў «масавы чалавек» («Паўстанне масаў» Артэга-і-Гасэт), дык ён натуральна запатрабаваў дзеля сябе масавай культуры. Тады літаратуру і пачалі вызначаць не праз якасць кнігі, а праз колькасць прададзеных экземпляраў. Шэдэўр, выдадзены тыражом у 300 асобнікаў, ужо не толькі шэдэўрам, а і кнігай не лічыцца. Хіба толькі ў справаздачах выдавецтваў.

 

— Ці не стала літаратура пастамі ў «Фэйсбуку»? Дарэчы, пасты ў сацсетках можна назваць сучаснай літаратурай?

 

— Мастацкае слова, высечанае на камені, выціснутае на глінянай таблічцы ці напісанае на папірусе або паперы — усё тое ж самае мастацкае слова. Гэта тычыцца і віртуальнага простакутніка. Што праўда, нават самыя таленавітыя пасты, як матылькі-аднадзёнкі, вельмі хутка знікаюць у нікуды.

 

— Андрусь Горват са сваёй стужкай «Фэйсбука» — гэта літаратура?

 

— Так, гэта і літаратура. Таму зусім натуральна, што ён выдаў свае фэйсбучныя зацемкі кніжкай.

 

— У чым, на ваш погляд, яго папулярнасць? У тым, што ніхто да яго не здагадаўся пісаць пра казу?

— Каза — адзін з галоўных герояў неверагодна багатага беларускага фальклору. Яна прысутнічае ў нашым культурніцкім полі ніяк не меней за тысячагоддзе. Калі весяліцца, то поспех аўтара можна звязаць і з удалым вяртаннем міфалагічнага героя ў сучасны кантэкст. Але рэч, безумоўна, не ў казе. Усё, як і звычайна ў такіх выпадках, тлумачыцца досыць проста — Андрусь Горват таленавіты аўтар з адметным стылем пісьма і мыслення. А вось патлумачыць рэдкую для беларускай літаратуры папулярнасць маладога аўтара значна складаней. Я тут звярну ўвагу хіба толькі на адзін момант. У другой палове ХХ стагоддзя беларуская вёска масава пераехала ў гарады. Гэта значыць, што ментальна мы ўсе яшчэ ў значнай ступені вяскоўцы. З гэтага ў нас пакуль шмат настальгіі па вёсцы, як страчанай бацькаўшчыне. Відаць, Андрусь Горват, магчыма, і не думаючы пра нешта такое, моцна развярэдзіў нашу настальгію.

— Чаму, на ваш погляд, нашы пісьменнікі зараз не карыстаюцца жанрам антыўтопіі? Фактуры для беларускага варыянта «1984» хапае, аўдыторыя таксама падрыхтаваная. Можа, баяцца?

— Тут, калі вы і маеце рацыю, то хіба адно часткова. Бальшыня аповесцяў і раманаў аднаго з самых вядомых нашых празаікаў Юры Станкевіча напісаная ў жанры антыўтопіі. Ці згадаем «Ордэн Белай Мышы» Уладзіміра Арлова. Хутчэй праблема не ў тым, што пісьменнікі баяцца ўлады, а зусім наадварот — што ўлада баіцца пісьменнікаў і рознымі спосабамі блакуе розгалас ад гэтых кнігаў.

 

— Вы можаце назваць Сяргея Міхалка сучасным паэтам? Які яго ўнёсак у беларускую культуру?

— Сяргей Міхалок, як у такіх выпадках кажуць, «герой не майго рамана». Дый увогуле, пытанне пра тэксты песень як уласна паэзію не мае пэўнага адказу. Возьмем, дзеля прыкладу, леташняга лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры Боба Дылана. Уявім, што ён не спяваў бы свае вершы пад гітару, а толькі б друкаваў тэксты ў паэтычных кніжыцах. Дык ці звярнуў бы ўвагу на яго творчасць нобелеўскі камітэт па літаратуры? А ніколі і ні ў якім разе! Значэнне наробку беларускай рок-музыкі як для культуры, так і для фармавання нацыянальнай свядомасці — надзвычай істотнае. Некалі палякі здымалі кіно пра беларускі рок пачатку 1990-х. Тады я сфармуляваў досыць авантурную тэзу. Гучала яна прыкладна так: «Для беларусаў рок-музыка пачатку 90-х была тым самым, што для немцаў оперы Вагнера ў гады фармавання нямецкай нацыі». На жаль, вынікі ў беларусаў і немцаў атрымаліся зусім розныя. Улада вельмі хутка ўгледзела небяспеку імклівага пашырэння беларушчыны і пазбавіла музыкаў тэле- і радыёэфіраў, выступаў на вялікіх сцэнах і нават на адкрытых сцэнічных пляцоўках. Але важкі ўнёсак спеўнай паэзіі ў беларускую культуру ўжо не выкрасліш.

 

Так склалася, што цягам стагоддзяў і стагоддзяў еўрапейскай гісторыі беларусаў як бы не было. «Нобель» Святланы Алексіевіч — гэта значны ўнёсак у ментальную эвалюцыю беларусаў.

 

— Каго вы можаце назваць сучасным Быкавым, Караткевічам?

 

— Калі казаць пра прозу, дык у 80-я гады ХХ стагоддзя мы мелі самую моцную нацыянальную літаратуру ў СССР (як вядома, руская літаратура нацыянальнай не лічылася). Да згаданых вамі я б далучыў Янку Брыля, Міхася Стральцова, Святлану Алексіевіч, Вячаслава Адамчыка і шэраг іншых выдатных пісьменнікаў. Як мне ўяўляецца, у апошняе дзесяцігоддзе нарэшце пачала складвацца ўжо сучасная моцная генерацыя беларускіх празаікаў. Найперш згадваюцца Альгерд Бахарэвіч, Павал Касцюкевіч, Віктар Марціновіч, Макс Шчур… Разам з тым, трэба ясна ўсведамляць, што у цяперашнім грамадстве ніякія «Быкавы з Караткевічамі» ужо немагчымыя a priori.

 

— Ці ёсць карысць ад пісьменніцкіх суполак, ці яны ўсе па-свойму ангажаваныя?

 

— Літаратурныя суполкі на тое і суполкі, каб мець уласную заангажаванасць у кімсьці і чымсьці. А інакш навошта хаўрусавацца? Між іншым, яны мне чымсьці нагадваюць цэхавую арганізацыю розных майстроў Сярэднявечча, якая была разбураная з’яўленнем буйных фабрык і заводаў. Адно з той розніцай, што ў нашым выпадку спачатку была адна вялікая арганізацыя літаратараў, адміністратыўна сабраная ў Саюз беларускіх пісьменнікаў, а калі той разваліўся, тады і пачалі ўзнікаць розныя лакальныя суполкі. Дарэчы, значную ролю ў гэтым феномене сталі адыгрываць прыватныя выдавецтвы. Вазьміце хаця б выдавецтвы «ЛогвінаЎ» ці «Галіяфы».

 

— Штучны інтэлект Яндэкса навучыўся пісаць вершы. Вы іх чыталі? Якое ваша стаўленне да штучнага інтэлекту і да таго, як ён зменіць сусвет?

 

— Як любілі казаць раней: «Пастэрнака не чытаў, але скажу». Пакуль машына не стане чалавекам, яна не зможа ствараць паэзію. А кампіляваць вершыкі, нават зусім не благія, — чаму і не? Ва ўсе часы абсалютная бальшыня вершаванай прадукцыі па сутнасці і была механістычнай кампіляцыяй. Сапраўдная паэзія не кампілюецца, яна толькі ствараецца — і ствараецца як бы з нічога, з аднаго памкнення адкрыць раней нязнаны свет. Прыкладна так Калумб адкрыў Амерыку. А што да штучнага інтэлекту, то гэта залішне сур’ёзная і складаная праблема, каб казаць пра яе ў некалькіх словах. Хіба адно заўважу, што ён зменіць не столькі свет, колькі самога чалавека. І пасля ўсіх тых пераменаў чалавека ўжо наўрад ці можна будзе называць чалавекам у традыцыйным разуменні гэтага слова.

— Куды нам усе назапашанае падзець? Як, на ваш погляд, «біг дата» будуць выкарыстоўваць усю інфармацыю?

— У Расіі за вялізныя грошы пачалі будаваць магутныя сховішчы для ўсёй інфармацыі, што патрапляе ў віртуальную прастору. Тлумачаць такое марнатраўства нацыянальнай бяспекай. Але мне здаецца, што гэта ўсяго толькі яшчэ адзін апакаліптычны распіл дзяржаўных фінансаў. З такім жа поспехам можна кансерваваць пену марскога прыбою.

 

— Як зменіцца праца з інфармацыяй у будучым? Інфармацыі настолькі шмат, што капец…

— З абсалютнай бальшынёй ужо сёння назапашанай інфармацыі ніхто і ніколі не будзе працаваць. Здаецца, яна і ўвогуле зусім не дзеля гэтага. Інфармацыйнае нашэсце настолькі магутнае і беспрынцыповае, што ад яго няма куды падзецца. Але разам з тым яно яшчэ і звабнае. Таму чалавек і не думае ад яго хавацца. Хутчэй наадварот, сам просіць: яшчэ, яшчэ і яшчэ. Ды каб паболей катастрофаў, тэрактаў, агідных жарсцяў, скандалаў. Мы і не заўважылі, як некалі такая важная для жыцця чалавека рэч неўпрыкмет пераўтварылася ў глабальны меганаркотык, без якога ўжо і жыццё не жыццё. Можа, у гэтым і ёсць сапраўдны сэнс інфармацыйнага шалу?

— Творы, што прапанаваныя цяпер у школьнай праграме, дапамогуць выгадаваць годнае пакаленне?

 

— Нічога і нікому яны ўжо не дапамогуць. Мне балюча пра гэта казаць, але праміне трохі часу, і мастацкую літаратуру прыбяруць з школьных праграмаў. Магчыма, напачатку яна яшчэ застанецца ў якасці факультатыву. Толькі, відаць, ненадоўга. І здарыцца гэта ні з чыёйсьці злой волі, а таму, што літаратура згубіла свой уплыў на чалавека. Аб чым я казаў на самым пачатку нашай гаворкі.

 

— З моманту атрымання Святланай Алексіевіч Нобелеўскай прэміі прамінула больш за паўтара года. Зараз можна сцвярджаць, што тое прызнанне прынесла нашай літаратуры доўгатэрміновую карысць?

 

— Безумоўна, сам факт таго, што беларусы маюць Нобелеўскую прэмію па літаратуры, досыць істотны. Але тут я маю на ўвазе не толькі і нават не столькі літаратуру, колькі нацыянальную свядомасць увогуле. Бачыце, так склалася, што цягам стагоддзяў і стагоддзяў еўрапейскай гісторыі беларусаў як бы не было. Інакш кажучы, мы былі як не былі. І таму нам усё яшчэ цяжка прызвычаіцца да таго, што мы не проста ёсць, а маем яшчэ і значныя здабыткі ў самых розных сферах дзейнасці і нават мыследзейнасці. Карацей кажучы, «Нобель» Святланы Алексіевіч — гэта значны ўнёсак у ментальную эвалюцыю беларусаў.

— Ці не адзначае поспех Алексіевіч таго, што традыцыйны жанр вымірае і зараз дакументалка ў трэндзе? Увогуле, якія жанры цяпер на ўздыме?

— Сам нобелеўскі поспех нічога не азначае ў тым сэнсе, што ніхто не ведае, якія там думкі дрэмлюць у галовах шведскіх акадэмікаў. Таму нам застаюцца адно толькі інтэрпрэтацыі. Адна з іх якраз і акцэнтуе ўвагу на папулярнасці ў літаратуры апошніх дзесяцігоддзяў таго, што вы назвалі дакументалкай. Хаця насамрэч гэты жанр ужо даўно мае сваю ўстойлівую назву — non-fiction («непрыдуманая літаратура») — і сапраўды з’яўляецца ці не адным з самых уплывовых, як на сённяшні час. У Беларусі (яшчэ савецкай) гэты жанр, па сутнасці, быў запачаткаваны вялікай кнігай «Я з вогненнай вёскі». Між іншым, адным з яе аўтараў быў будучы літаратурны настаўнік Святланы Алексіевіч — Алесь Адамовіч. А сярод апошніх прыкладаў я найперш вылучыў бы «След матылька. Освальд у Мінску» Аляксандра Лукашука.

 

— Наступнае пакаленне завуць пакаленнем YouTube: яны не чытаюць, яны глядзяць. А што вы думаеце пра будучыню гэтага пакалення, якое яно будзе?

 

— Безумоўна, відэакультура перамагае вербальную культуру. І адбываецца гэта літаральна на нашых вачах. Хаця сам падзел на пакаленні выглядае ўжо моцна архаічным. Залішне імкліва ў сучасным свеце адбываюцца глабальныя перамены, каб вымяраць іх такімі досыць доўгімі адрэзкамі часу, як час таго ці іншага пакалення. Пакуль названае вамі пакаленне вычарпае свой час (як пакаленне), яно яшчэ напэўна зведае столькі радыкальных пераменаў, што пра сённяшнюю яго характарыстыку, бадай, ніхто і не ўспомніць.

 

— Аб чым будуць пісаць нашы дзеці?

 

— Лепей было б запытацца, ці будуць яны ўвогуле нешта пісаць? А калі ўсё ж такі хоць трохі будуць мець цікаўнасці да літаратурнай творчасці, то досыць верагодна, што гэта будзе тычыцца пераважна экзістэнцыйнай праблематыкі. Я тут маю на ўвазе, што яны найперш будуць турбавацца аб тым, як у пару бясконцага нашэсця ўсё новых тэхналагічных інавацыяў захаваць у чалавеку хоць трохі жывога, натуральнага чалавека.


Дата создания: 13.09.2017 16:30:25

Возврат к списку