АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2018 Шпіёнаманія Рэформа адукацыі Дзедаўшчына ў войску Дэкрэт пра дармаедаў Забойства Паўла Шарамета

Калі няма Айчыны тут, то якія шансы займець яе у беларусаў замежжа?

Калі няма Айчыны тут, то якія шансы займець яе у беларусаў замежжа? 03.01.2018
"Пасведчанне беларуса" – лепш, чым нічога, але не таго чакаюць беларусы замежжа. Дэпутаты прапануюць увесці "пасведчанне суайчынніка" для тых, хто жыве за мяжой выхадцаў з Беларусі і іх нашчадкаў.

фота aif.by

Старшыня пастаяннай камісіі палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Валерый Варанецкі патлумачыў, што “пасведчанне суайчынніка” не варта параўноўваць з картай паляка:

 

"Ідэя закладзена іншая. Яна ў тым, каб умацаваць духоўную сувязь выхадцаў з Беларусі з гістарычнай Радзімай".

 

Уладальніку “пасведчання суайчынніка” прапануюць пэўныя прэферэнцыі, напрыклад, магчымасць уехаць у Беларусь без візы. Дэпутаты ўпэўненыя, што такім чынам атрымаецца акумуляваць на карысць краіны эканамічны, культурны патэнцыял, якія жывуць за мяжой суайчыннікаў.

 

“Сын закончыў магістратуру Гданьскага ўніверсітэта, але месца ў Беларусі яму не знайшлося”


 

Рыгор Кастусёў, euroradio.fm

 

 Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў кажа, што нарэшце-такі ўлады прыслухаліся да прапаноў партыі.

 

-Першыя згадкі пра “карту беларуса” з’явіліся ў партыйнай праграме да парламенцкіх выбараў 2016 года. Летась мы звярталіся да парламента з заявай, што ўладам трэба наладжваць сувязі з беларусі, якія апынуліся за мяжой і нашчадкамі беларусаў. Нарэшце ўлады адрэагавалі на нашыя парпановы.

 

-Што ж прапануе ўлада праз “пасведчанне суайчынніка”?

 

-Прапанова камісіі скіраваная найперш на наладжванне культурніцкіх сувязяў з усімі беларусамі і іх нашчадкамі, якія жывуць за мяжой.

 

-Беларусам-эмігрантам трэба “духоўная сувязь” ці ўсё ж нешта больш важкае?

 

-Я і Партыя БНФ лічым, што трэба нешта больш важкае. Мы не выключаем важнасць і “духоўнай сувязі” (мы не вернем у Беларусь усіх эмігрантаў: людзі не захочуць вяртацца з наседжаных месцаў), але сёння беларусам трэба прапаноўваць нешта больш важкае. Наша прапанова больш шырокая, чым прапануе камісія Варанецкага.

 

-Істотная частка беларусаў з’ехала з Беларусі па палітычных матывах. Ці прапануе ўлада нешта гэтай катэгорыі беларусаў?

 

-І па палітычных матывах, і з’ехалі людзі, якія не здолелі ў Беларусі знайсці дастойнае месца працы, за мяжой апынулася многа маладых людзей, якія, напрыклад, вучыліся ў Польшчы па праграме Каліноўскага – сотні маладых людзей, якія атрымалі еўрапейскую адукацыю, але не могуць знайсці ў Беларусі сабе месца. Прапанова БНФ тычыцца больш шырокага спектра беларусаў, больш шырокіх магчымасцяў карты суайчынніка.

 

-Улада зрабіла не крок, а паўкрока. Ці сведчаць гэтыя дзеянні, што ўлада ўрэшце павярнулася тварам да суайчыннікаў за мяжой?

 

-Мне хацелася б верыць, што ўлада ўрэшце павярнулася да беларусаў замежжа тварам. Не ведаючы дэталёва прапаноў Варанецкага, мне цяжка меркаваць, што канкрэтна прапануе ўлада. Але сітуацыя вымагае ад уладаў хоць якіхсьці дзеянняў: эканоміка стагнуе. Надзеі афіцыйнага Мінска на эканамічныя прэферэнцыі ад Еўропы не апраўдаліся: па выніках 2017 года тавараабарот з Расіяй павялічыўся да 47%, Беларусь усё больш прывязваецца да Расіі. Мне здаецца, што такім чынам, у прыватнасці, праз беларусаў замежжа, улады спрабуюць наладзіць эканамічныя сувязі з астатнім светам. Я лічу нават такія дзеянні пазітыўным крокам, хаця насамрэч улады спазніліся як мінімум на два дзясяткі гадоў. Бо разумныя ўлады зрабілі адпаведныя захады даўно, як Польшча праз карту паляка прыцягнула і працоўную сілу, і інвестараў. Шкада, што беларускія ўлады і зараз не зусім разумеюць неабходнасць такіх сувязяў.

 

-Адной рука ўладаў нібыта і цягнецца насустрач суайчыннікаў, аднак адток беларусаў з краіны толькі павялічваецца.

 

-Сапраўды так. Мой сын, напрыклад, закончыў магістратуру Гданьскага ўніверсітэта, і хацеў бы вярнуцца ў Беларусь – але месца працы яму не знайшлося. А ў маёй гісторыі прысутнічае яшчэ і палітычны складнік: я, напрыклад, чатыры разы звальняўся з працы не па ўласным жаданні, праз звальненні з працы па палітычных матывах прайшла адна дачка, другая дачка. На жаль, палітычны складнік перашкодаў беларускія ўлады да гэтай пары не ліквідавалі.

 

Паглядзіце, што адбываецца на мясцовых выбарах: прадстаўнікоў партыі БНФ не ўключаюць у склад выбарчых акругаў. Як прыклад – па адной з мінскіх акруг, дзе вылучаецца Мікіта Краснакуцкі, мы хацелі зарэгістраваць сваіх прадстаўнікоў ва ўсіх участковых камісіях – ніводнага не ўключылі; затое ўвялі прадстаўнікоў БРСМ, сацыяльна-спартыўнай партыі, “Белай Русі”…

 

Такая ж сітуацыя склалася і ў Іллі Дабратвора, які ідзе па Мінскім раёне.

 

Адной рукой беларускія ўлады цягнуцца да беларускага замежжа, а другой рукой, асабліва праз палітычную матывацыю, адсякаюць усё пазітыўнае, што праяўляецца на розных эшалонах беларускай улады.

 

Уладзімір Някляеў: Забіць спачатку бацьку, а затым сесці на яго магіле і плакаць…

 

Уладзімір Някляеў, фота Сяргея Шапрана

 

Паэт Уладзімір Някляеў асабіста прайшоў праз цяжкія ўніверсітэты эміграцыі, правёўшы з-за асабістага канфлікту з Лукашэнкам некалькі гадоў у Фінляндыі.

 

-Дзе ўзяць суайчынніка – з паперкай ці без паперкі, але з Айчынай (не з краінай, не дзяржавай, а менавіта з Айчынай) у душы, што знішчалася амаль чвэрць стагоддзя рэжымам на чале з Лукашэнкам? Айчына – не дзяржава, не краіна, Айчына – тое, што напоўнена нацыянальнай свядомасцю, нацыянальнай культурай, найперш тое, што напоўнена беларускай мовай: бо мы – Беларусь, Айчына, якая мае быць беларускай.

 

Адзін з вядомых пісьменнікаў сказаў, што Айчына – гэта мова. І кропка. Некаму здасца перабольшваннем. У іншы гістарычны час такая трактоўка насамрэч насамрэч перабольшваннем і выглядала б. Але… У сённяшнім часе перабольшваннем не выглядае: ці мы ўсё святое захаваем, ці мы страцім Айчыну. А калі страцім Айчыну, то на які чорт пасведчанні, што мы да яе належым? Яшчэ адна фальшыўка, чарговая фальшывая папера, якіх мы надрукавалі ў краіне столькі, што наступным пакаленням разграбаць і разграбаць, як пасохлае лісцё пасля восені.

 

-Уладзімір Пракопавіч, вы прайшлі праз усе нягоды эміграцыі. Ці прывабіла б вас перспектыва прыехаць у Беларусь без візы?

 

-Спрашчэнне перамяшчэння цераз межы – рэч не лішняя, бо перасекчы беларускую мяжу замежнікам нават з усімі дакументамі, аформленымі належным чынам, выпадае не кожны раз, а ўжо пры статусе эмігранта, тым больш палітычнага эмігранта – яшчэ больш складана.


У гэтых людзей, якія на сённяшні дзень жывуць у замежжы (Канадзе, Амерыцы, Нямеччыне). няма адчування Айчыны, бо яго нямашака тут. Трэба скіраваць усе высілкі на тое, каб адчуванне Айчыны з’явілася на нашай зямлі, – і толькі тады можа з’явіцца надзея, што эмігранты ці іх нашчадкі займеюць Айчыну. Сказана, што Айчыну нельга знесці на падэшвах сваіх ботаў, перанесці некуды – яна застаецца там, дзе крэўныя продкі твае, дзе магілы дзядоў-прадзедаў. Вось пра што нам трэба ў першую чаргу думаць.

 

Мы бачым, як страчваецца цікавасць да Беларусі ў замежнікаў (не толькі ў нашых, але ў тых жа немцаў, ангельцаў, амерыканцаў) праз антыбеларускую палітыку, якую праводзіць цяперашняе кіраўніцтва Беларусі. Шмат праблем у палітыцы, у эканоміцы, але найбольш відавочна яны выяўляюцца ў адукацыйнай сістэме. У 90-ыя гады, калі Беларусь заявіла пра сябе як нацыянальная незалежная дзяржава, пачалі адкрывацца кафедры, аддзяленні беларусістыкі не толькі ў Польшчы, Літве, Украіне, але і далей за межамі нашай краіны.


 А калі Айчына пачала вынішчацца разам з мовай і культурай, пачало сохнуць усё беларускае і ў замежжы: адна за адной пачалі закрывацца кафедры і аддзяленні беларусістыкі, бо абсалютна страцілася перспектыва атрымаць адукацыю, звязаную з Беларуссю, будучыню ў Беларусі. Гэты працэс працягваецца, нягледзячы на ўсе дэкларацыі Лукашэнкі пра “мяккую беларусізацыю”, пра якую ён заяўляе з такім гонарам, нібыта здзяйсняе тытанічны подзвіг, наставіўшы банераў “Я люблю Беларусь”. Ніякага сораму, ніякага адчування віны за вынішчэнне ўсяго беларускага цягам чвэрці стагоддзя; спачатку трэба было вынішчыць, практычна выпаліць да попелу, да чорнага вугалю ўсё беларускае, а затым рабіць з сябе патрыёта, сына Бацькаўшчыны. Усё адно, што забіць спачатку бацьку, а затым сесці на яго магіле і плакаць…

 

Запісаў Георгій Громаў, Беларуская праўда


Дата создания: 03.01.2018 16:47:14

Возврат к списку