АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа ЧС-2018 Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Юрась Губарэвіч: усё залежыць ад актыўнасці дэпутата

Юрась Губарэвіч: усё залежыць ад актыўнасці дэпутата
10.01.2018
Палітык распавёў, якімі паўнамоцтвамі надзелены народны абраннік самага нізавога ўзроўню ў Беларусі, якія пытанні ён можа вырашаць, на што ўплываць, якія інцыятывы прасоўваць.


Пакуль у краіне набірае ход кампанія па выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў, і патэнцыйныя прэтэндэнты чакаюць рашэння выбаркамаў аб тым, хто ж з іх будзе зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты,“Народная Воля” пагутарыла са старшынём руху “За Свабоду” Юрасём Губарэвічам, які меў досвед працы дэпутатам мясцовага Савета.

 

— Калі браць заканадаўчы аспект, то паўнамоцтваў у саміх мясцовых Саветаў у Беларусі не так і шмат, — распачынае аповед Юрась Губарэвіч. – Па-першае, дэпутаты павінны сабірацца на сессіі як мінімум чатыры разы на год. На адной з гэтых сесій дэпутаты зацвярджаюць гадавы праект бюжэта той тэрытарыяльнай адзінкі, дзе яны працуюць, а па выніках года дэпутаты зацвярджаюць яго выкананне. Але, як паказала мая практыка, а я быў дэпутатам Белаазёрскага гарадскога Савета дэпутатаў з 2003-га па 2007-ы год, ніякія праўкі ў праект бюджэта дэпутаты ўносіць не могуць. Бо бюджэт фарміруюць выканкамы, а дэпутатам гэты праект спускаецца проста для зацвярджэння. Мой досвед тычыцца працы ў Савеце першага ўзроўню (а ўсяго ў Беларусі тры ўзроўні), і калі браць паўнамоцтвы дэпутатаў абласных ці гарадскіх Саветаў дэпутатаў, то паўнамоцтваў у іх трохі болей. Напрыклад, дэпутаты гарадскога Савета могуць прыняць рашэнне пра перайменаванне той ці іншый вуліцы.

 

Але трэба разумець, што рэальнае кіраванне лакальнымі тэрыторыямі аддадзена выканкамам. Нельга сказаць, што дэпутаты мясцовых Саветаў падпарадкоўваюцца выканкамам – гэта быццам бы дзве розныя галіны ўлады, — але насамрэч рэальнае кіраванне знаходзіцца ў руках выканкамаў – у іх руках бюджэт і прыняцце рашэнняў, а мясцовыя Саветы носяць нейкую прадстаўнічую функцыю.

 

— Вы хочаце сказаць, што мандат дэпутата мясцовага Савета па сутнасці не надае аніякія паўнамоцтвы яго ўладальніку?

 

— Якраз гэтага я сказаць не хачу. Дэпутат мае права звярнуцца ў дзяржаўныя органы з запытам ці зваротам аб праблеме, якія ставяць перад ім выбаршчыкі. І я гэтай формай актыўна карыстаўся. У асноўным мае звароты тычаліся лакальных праблем – яміны ў асфальце, добраўпарадкаванне тэрыторыі, ці нешта падобнае.

 

Было ў мяне і некалькі маштабных ініцыятыў. Першае, з чаго я пачаў, атрымаўшы дэпутацкі мандат, дык гэта выступіў з ініцыятывай аб усталяванні партнёрскіх стасункаў паміж Белаазёрскам і літоўскім Электрэнаем. Абодва гэтыя гарады ствараліся ў 60-я гады мінулага стагоддзя фактычна паводле адным і таго ж праекту – вакол будаўніцтва электрастанцый.  Аднак гэтая ініцыятыва, якая б магла б прынесці карысць абодвум гарадам у плане эканамічнага супрацоўніцтва паміж прадпрыемствамі, у плане нейкага культурніцкага абмену, была “зарублена” на ўзроўні выканкама. Таму дэпутат мясцовага Савета павінен быць гатовы да таго, што любая больш-менш значная ініцыятыва вырубаецца пад корань, калі таго захоча выканкам.

 

 — Ці не здаецца вам, што абірацца дэпутатам мясцовага Савета ў такім выпадку проста бессэнсоўна?

 

— Калі не паглыбляцца ў тэму таго, як у Беларусі праходзяць выбарчыя кампаніі, то сэнс стаць дэпутатам мясцовага Савета ёсць. Па-першае для тых, хто хоча займацца палітыкай у Беларусі – з чагосьці ж пачынаць трэба. Па-другое, дэпутацкі мандат, нават і дэпутата мясцовага Савета, адчыняе дзверы многіх дзяржаўных устаноў. Тыя дзверы, за якімі якраз і прымаюцца важныя для жыхароў той ці іншай мясцовасці пытанні. Дэпутат можа абазначыць праблему і кантраляваць ход яе вырашэння. Скажу проста: усё залежыць ад актыўнасці дэпутата. Хоча ён працаваць для людзей – ён будзе гэта рабіць, не хоча – чалавек проста будзе праседжваць штаны на сесіях, папросту адбываючы нумар.

 

Ад сябе адзначым, што ўчора закончыўся прыём дакументаў ад ахвочых пазмагацца за дэпутацкае крэсла. Зараз у выбарчых камісіях ідзе праверка гэтых папер, а 18 студзеня будзеіафіцыцйна агучана хто з прэтэнднтаў пяройдзе ў статус кандыадыдатаў.

 

Плануецца, што гэтым разам па ўсёй краіне будзе абрана крыху больш за 18 тысяч дэпутатаў.

 

Праца гэта – бясплатная, не патрабуючая звальнення з асноўнага месца работы. Да таго ж, дэпутат мясцовага Савета не мае ніякай дэпутацкай “недатыкальнасці”.

 




Дата стварэння навіны 10.01.2018

Возврат к списку

cashback