АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Курапаты Пенсійная рэформа ЧС-2018 Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Удзельніцы «Маці 328» схадзілі ў Адміністрацыю Лукашэнкі

Удзельніцы «Маці 328» схадзілі ў Адміністрацыю Лукашэнкі 14.06.2018
З усёй Беларусі да кіраўніцы Адміністрацыі прэзідэнта Наталлі Качанавай сёння з’ехаліся каля 20 актывістак руху «Маці-328».


Качанавай не было, жанчын прыняў начальнік галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі Лукашэнкі Аляксандр Ільясевіч.

«Нас было каля дваццаці чалавек, але пусцілі ў Адміністрацыю толькі шасцёх. Мы папрасілі яго пасадзейнічаць у сустрэчы з Лукашэнкам і дапамагчы разабрацца, што з законапраектам. Ён нам даў парады і патлумачыў, як гэта працуе. Аказалася, старшыня парламенту Андрэйчанка можа змяніць рэгламент веснавой сесіі і законапраект могуць прыняць да 29 чэрвеня. У траўні нас прыціснулі да сцяны. Калі нічога не зменіцца да 29, мы гатовыя ісці на больш радыкальныя меры, чым галадоўка», – сказала спадарыня Таццяна.

Цяпер актывісткі будуць запісвацца на прыём да Уладзіміра Андрэйчанка.

Жанчыны хацелі сустрэцца з Качанавай, хоць і ведалі, што сёння ў яе непрыёмны дзень.

«Размова 2 траўня, абяцанні дэпутатаў не выконваюцца. Мы хочам задаць пытанні і паразмаўляць, каб мець разуменне, што адбываецца. Бо цяпер поўная цішыня. Мы хочам мірных перамоваў», – кажа Таццяна Канеўская і жартаўліва дадае, што калі нічога не спрацуе, то прыйдзецца брацца за вілы.

Таксама жанчыны мелі намер пайсці да Палаты прадстаўнікоў, каб паразмаўляць з дэпутатамі.

«Яны нашыя выбраннікі, яны павінны працаваць для нас, але пакуль не бачна, каб яны спяшаліся прымаць рашэнне», – кажа Таццяна Канеўская.

У снежні 2014 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў так званы «антынаркатычны дэкрэт», які прадугледжвае больш жорсткае пакаранне за злачынствы, звязаныя з наркотыкамі. Улады сцвярджаюць, што дзякуючы дэкрэту Лукашэнкі ў Беларусі стала менш злачынстваў, звязаных з незаконным зваротам наркотыкаў.


Між тым сваякі асуджаных і эксперты лічаць, што адбываецца паказальная барацьба з наркотыкамі, але пад ударам апынуліся не наркагандляры, а пераважна тыя, хто ўжываў лёгкія наркотыкі ў малых дозах. Шмат каго з іх адмыслова падстаўлялі.

Маці асуджаных паводле «наркатычных» артыкулаў дамагаюцца зніжэння тэрмінаў пакарання і пераразгляду справаў. У Калінкавічах і Пухавіцкім раёне актывісткі руху «Маці-328» галадалі 14 дзён – з 27 красавіка па 11 траўня. Яны двойчы хадзілі ў Адміністрацыю прэзідэнта і на 14-ы дзень спынілі галадоўку, атрымаўшы ад чыноўнікаў абяцанне, што законапраект аб змякчэнні пакарання «за наркотыкі» будзе хутка перададзены на разгляд дэпутатам. У сустрэчы з Лукашэнкам жанчынам адмовілі.




Дата стварэння навіны 14.06.2018

Возврат к списку