Палеміка вакол помніка

У адказ на пост А.Корбана "За Каліноўскага!"  http://www.belaruspartisan.org/blogs/korban/15405/

Не буду распавядаць перадгісторыі пытання, але калі ўжо пан Корбан пачынае палеміку, то яе варта працягнуць. І адразу сказаць, што палеміка пачата трошку з некарэктнай пазіцыі, а некарэктнасць у тым, што мой пункт гледжання ў словах Корбана так і не раскрыты. 

Хачу нагадаць, што калі ён звярнуўся да мяне ці то з прапановай, ці то з просьбай, я так і не зразумеў да канца, адным словам мабыць ппадтрымаць  плануемую "Альтэрнатывай" кампанію па помніку Каліноўскаму, я адразу, як чалавек практычны і дасведчаны пацікавіўся канчатковай мэтай дадзенага дзеяння. У сэнсе, мы хочам помнік, ці мы хочам грамадска-палітычнай кампаніі з усімі выбягаючымі.

І растлумачыў, што ніхто не супраць кампаніі, але ўсё трэба праводзіць у свой час. Нагадаў, што помнік Каліноўскаму ў Мінску на перспектыву да 2015 г. быў унесены ў праект плану манументальнай прапаганды, які актыўна абмяркоўваўся ў 2009-м г., а калі шчыра, то  актыўнасці не было, акрамя пары тройкі прапановаў з боку нашай шумнай дэмакратычнай публікі (нашым дэмакратаў заўсёды няма часу на дробязі, яны пра глабальнае думаюць).  І помнік у праект  плану быў унесены адразу пры яго складанні ў лабірынце кабінетаў Мінкульта, адным словам - чыноўнікамі.

Таму трэба было спачатку паслаць запыт наконт самога плану, наконт пазіцыі па помніку Каліноўскага, наконт перспектыўнай рэалізацыі запланаванага, і ўжо маючы на руках элементарную інфармацыю прымаць рашэнні, куды і як рухацца далей. І рухацца далей таксама спакойна, разважліва, стараючыся вырашыць пытанне шляхам нармальнай працы, без кампанейшчыны, бо яе заўсёды можна правесці, калі пытанні не вырашаюцца, ці іх вырашэнне свядома сабатуецца. 

А тут бац, і кампанія адразу. Ну добра, збярэце Вы 50 000 подпісаў, перадасцё ў Саўмін, ці куды яшчэ. Спадзяюся, што не будзеце петыцыю ў краты агароджы засоўваць перад Домам ураду, як калісці Рымашэўскі ў 2010-м для Ярмошынай цыдулку прынародна такім чынам пакідаў. І што далей?  Саўмін Вам адказвае - дык мы абедзвюмі рукамі "за". У нас нават помнік у плане стаіць. Вось толькі з'явяцца вольныя бюджэтныя грошы, і адразу запускаем механізм. 

А Вы хоць  ўяўляеце, як выглядае механізм усталявання помніка. Што конкурс трэба праводзіць, а асоба Каліноўскага вартая міжнароднага конкурсу, што трэба вельмі адказна падыходзіць да выбару месца, архітэктурнага, ланшафтнага асяродку, у якім перспектыўны помнік павінен размяшчацца. А Вы ўжо нават месца выбралі. Можа ў Вас ужо і мадэль гатова? Ці Вы лічаце, што можна так вось па валюнтарыску - нам захацелася вось тут, і баста, тут будзе помнік.

Магчыма так, бо занадта пафасна ў Вас гучыць фраза 
  "Дамагчыся ад ўлады будаўніцтва помніка – гэта мінімум таго, што мы сёння можам зрабіць у гонар юбілею паўстання, у памяць усіх тых, хто аддаваў сваё жыццё за нашую будучыню". 

Проста калі ўявіць, што сёння з'явілася рашэнне аб усталяванні помніка, з'явіўся бюджэт на гэтую справу, то калі рабіць усё як трэба, па ўсталяванай працэдуры, з конкурсам,  абмеркаваннямі, з удзелам у гэтых абмеркаваннях грамадскасці, з пасяджэннем манументальнага савета, а потым непасрэдна працай над стварэннем манументу - часу шмат пройдзе, і пры ўсім жаданні годны помнік у юбілейны год не ўзнікне, а з'явіцца шмат пазней.
Можна і ў юбілейны год па вялікаму рахунку зварганіць помнік. Атрымаецца нешта накшталт маладзечанскага "Купалля", ці ў тым жа Маладзечне скульптуры на ўездзе ў горад, якую адразу ў народзе назвалі помнікам жонцы Бэтмэна.

Так што, пан Корбан, вызначайцеся з прыярытэтамі. У Вашай грамадскай кампаніі вельмі цмяна праглядае мэта, тым больш адсутнічаюць задачы, якія трэба вырашыць, каб мэты дасягнуць. У чарговы раз можа ўзнікнуць кампанія дзеля кампаніі, такіх ужо столькі было, што ад іх проста пачынаюць стамляцца. Адкажыце мне на пытанне, што будзе пасля збору падпісаў? Вашыя дзеянні?  Ці будзе проста канстатацыя факта, вось народ сказаў, а глас народа праігнаравалі, таму ўлада антынародная. Дарэчы, менавіта гэты алгарытм ужо закладзены Вамі ў Вашым пасце.

Хацелася б пачуць, чаму праблема помніка падымаецца толькі ў сам юбілейны год?  Каб нешта зрабілася да юбілею, то трэба за некалькі год да памятнай даты пачынаць. Такіх пытанняў вельмі шмат, і покуль я на іх не знайду адказу мне цяжка будзе падтрымаць гэтую ініцыятыву. Хаця б з прычыны маёй прыроднай ляноты, якая не дазваляе мне рабіць бескарысных рухаў.



.
18.02.13 22:21
загружаюцца каментары

Антон Астаповіч