АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа ЧС-2018 Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Лукашэнка вырашыў лёс Аршанскага авіярамонтнага завода: ён стане дзяржаўным

Аляксандр Лукашэнка патрабуе аднавіць эфектыўную працу Аршанскага авіярамонтнага завода. Адпаведнае даручэнне ён даў сёння, наведваючы гэта прадпрыемства, перадае БЕЛТА.

«Уласніка ўжо тут няма (гаворка аб акцыянерах ПАО «Матор Січ» (Украіна) і беларускага ЗАТ «Сістэмы інвестыцый і інавацый»). Уласнікі — вы (дзяржаўныя арганізацыі). Усе ўласнікі, якія тут былі, яны адмовіліся самі ад гэтага завода. Таму дзейнічайце. Гэта дзяржаўнае прадпрыемства з сённяшняга дня», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнку далажылі, што падрыхтаваны працэс вяртання завода ва ўласнасць дзяржавы. Ён выказаў шэраг нараканняў у адрас Міністэрства транспарту і камунікацый за тое, што яно раней самаўхілілася ад сітуацыі на гэтым прадпрыемстве.

«Тут працуюць мае людзі, твае людзі — беларусы працуюць, рускія — нашы грамадзяне Беларусі. Якая розніца, каму належаць гэтыя акцыі. Гэта наша задача, каб людзі тут атрымлівалі нармальную заработную плату», — сказаў ён, звяртаючыся да міністра Анатоля Сівака.

Кіраўнік Беларусі даручыў на працягу ліпеня вырашыць усе пытанні ў дачыненні да ведамаснай падпарадкаванасці прадпрыемства.

«Завод павінен працаваць, чаго б гэта ні каштавала. Заводу не толькі быць — гэты завод павінен мець перспектыву развіцця. І пакладзеце мне на стол архітэктурны праект і іншае з улікам таго, што тут робіць бізнес для пашырэння аэрапорта і гэтак далей», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што падобнае прадпрыемства будзе запатрабавана на працягу многіх гадоў. «Верталётная вытворчасць і мадэрнізацыя, аднаўленне, рамонт верталётаў — у свеце іх мора — таму кавалак працы ў вас добры», — звярнуў увагу Лукашэнка.

Афіцыйны лідар краіны таксама адзначыў, што калі ёсць цяжкасці з пастаўкай неабходных камплектуючых з боку традыцыйных партнёраў, то неабходна шукаць новыя варыянты, дыверсіфікаваць партнёрскія сувязі, самастойна асвойваць выпуск тых ці іншых камплектуючых. «Не трэба хадзіць і думаць, што мы нічога не можам. Трэба займацца гэтай справай, калі ёсць рынак і верталёты для рамонту і мадэрнізацыі. За тысячу чалавек — тут добрая школа, ідэальныя ўмовы, каб працаваць», — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы не выключыў, што пэўная дапамога і падтрымка можа быць аказана прадпрыемству і з боку дзяржавы. «Чымсьці дапаможам на нейкі перыяд, але трэба разгортвацца тут», — сказаў ён.

У 2012 годзе па распараджэнні прэзідэнта Беларусі дзяржпакет акцый ААРЗ купілі ўкраінская кампанія «Матор Січ», падкантрольная Вячаславу Багуслаеву (каля 60% акцый), і «Сістэмы інвестыцый і інавацый» Аляксандра Садовага (амаль 40%). Беларуская і ўкраінская кампаніі планавалі на працягу 2012—2016 гадоў інвеставаць у рэканструкцыю, мадэрнізацыю вытворчых магутнасцяў ААРЗ каля 12 млн долараў, стварыць звыш 300 рабочых месцаў. Інвестары мелі намер укласці сур'ёзныя сродкі ў развіццё сацыяльнай сферы завода і гарадскога пасёлка Балбасава, дзе знаходзіцца завод. Але не ўсё намечанае ўдалося рэалізаваць.

Крыніца, блізкая да аднаго з дзеючых акцыянераў, казала, што завод моцна падкасіў «канфлікт [Расіі] з Украінай, у выніку чаго апынуліся цалкам заблакаваныя расійскія пастаўкі». Раней «Матор Січ» забяспечваў больш чым на 80% патрэбаў авіяпрама РФ у шрубалётных рухавіках. З прыцэлам на расійскі рынак украінская кампанія і выкупіла беларускі завод, адзначалі эксперты.

Пасля таго, як пачаліся праблемы з РФ, ААРЗ стараўся максімальна пашыраць геаграфію заказаў, працуючы на рынак Уганды, Венесуэлы, Судана, Нігерыі, Емена. Паралельна шукаў, чым, акрамя верталётаў, можна падгрузіць магутнасці. Пра гэта ў інтэрв'ю TUT.BY ў 2016 годзе распавядаў Аляксандр Садовы. Але прыбытку на развіццё было недастаткова.

У другой палове 2017 года становішча на ААРЗ пагоршылася. З'явіліся размовы пра тое, што дзяржава можа зноў стаць асноўным акцыянерам завода. Варта сказаць, што ў кастрычніку 2014 года Аляксандр Лукашэнка быў не вельмі задаволены рэалізацыяй праекта і пагражаў вярнуць ААРЗ ва ўлонне дзяржавы ў выпадку чаго.

У гэтым годзе, па словах суразмоўцаў, гаворка ішла пра тое, што кантрольны пакет акцый ААРЗ пяройдзе спецэкспарцёру ўзбраенняў «Белспецзнештэхніка». Па словах іншай крыніцы, будзе замена «ўкраінскага акцыянера, які паўгода таму адхрысціўся ад завода, пакінулі ААРЗ і яго топ-менеджэры».

Паводле tut.by

11.07.2018 13:18


Загрузка...
Загрузка...


cashback