АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Змена Канстытуцыі IT-дэкрэт Умовы для бізнесу Эканамічны крызіс Рэформа адукацыі Забойства Паўла Шарамета

Бізнэсмен Іван Міхневіч: Я атрымаў чэк ад Мінфіна з вяртаннем переплаченных падаткаў і адсоткамі

Паспяховы беларускі бізнесмен, у мінулым - адзін са стваральнікаў кампаніі Wargaming Іван Міхневіч распавёў «Беларускаму партызану», якім беларускім палітыкам ён сімпатызуе, як стаў віцэ-прэзідэнтам палітычнай партыі «Эга аб политис» і ці бачыць сябе ў будучыні прэзідэнтам Кіпра.

Бізнэсмен Іван Міхневіч: Я атрымаў чэк ад Мінфіна з вяртаннем переплаченных падаткаў і адсоткамі

— Чаму ў вас раптам узнікла такое жаданне займацца палітыкай на Кіпры, які схіляе да адпачынку? У Беларусі, напрыклад, лічыцца, што бізнэс і палітыка — цалкам не сумяшчальныя рэчы…

 

— Я цалкам згодны з вашым сцверджаннем. Больш за тое, перыяд другой паловы 90-х, ды і 2000-х таксама, многіх, і мяне ў тым ліку, прывёў да разумення таго, што ў Беларусі займацца палітыкай вельмі небяспечна, а часам нават фатальна. Само сабой зразумела, праца ў розных органах улады, уключаючы парламент пасля 1996 года, да гэтага не адносяцца.

 

 

Вось па такіх прычынах жадання займацца палітыкай у мяне не проста не было, а катэгарычна не было літаральна яшчэ каля года таму назад. Тым не менш, вынікі парламенцкіх выбараў 2016 года на Кіпры насцярожылі: у парламент прайшла ультраправая партыя ELAM, блізкая да грэцкай ультраправай неанацысцкай партыі «Залатая зара», з 2 месцамі з 56. Затым у парламенце было прынята вельмі небяспечнае і шкоднае для краіны рашэнне, прапанаванае гэтай партыяй. Нам тут яшчэ жыць і гадаваць дзяцей. Ды і ніхто не адмяняў роднага для мяне прынцыпу «Хто, калі не я?». Таму спакойнае жыццё на гэтым скончылася.

 

— Калі жылі ў Беларусі, палітыкай цікавіліся? На баку якіх палітыкаў ці партый былі вашы сімпатыі?

 

— Беларускую палітыку я увабраў са школьнай парты, з трансляцый па радыё пасяджэнняў Вярхоўнага Савета яшчэ часоў Станіслава Шушкевіча. Прэзідэнцкія выбары ў 1994 вялікай цікавасці для мяне не ўяўлялі, але тое, што здарылася ў 1996, не магло пакінуць раўнадушным. Наступныя выбары ўжо выклікалі цікавасць, аж да ўдзелу ў дэманстрацыях. У 2006 мне добра-такі падушылі рэбры, а некаторым маім знаёмым пашанцавала менш.

 

Я вучыўся ў БДУ ў часы рэктарства Аляксандра Уладзіслававіча Казуліна. Таму са станоўчага досведу мае сімпатыі былі ў першую чаргу з ім. Не магу сказаць нічога кепскага і пра іншых апазыцыйных палітыкаў. Я ўспрымаў іх перш за ўсё як людзей, якія імкнуцца вярнуць паўнавартасную дэмакратыю ў краіну. Адрозненні ў поглядах ў апазіцыйных беларускіх палітыкаў для мяне да гэтага часу не ўяўляюць вялікага значэння. Гэтыя адрозненні павінны быць часткай і асновай дэмакратычнага працэсу кіравання дзяржавай, якога, наколькі я ведаю, да гэтага часу няма ў поўнай меры.

 

— Калі б вы стварылі аналагічную партыю ў Беларусі, у яе была б будучыня?

 

— У той Беларусі, якую я ведаю большую частку свайго жыцця, я б не ствараў ніякіх партый. Але нават калі б такая партыя была створана, то яна ледзь жыла б. На Кіпры ў найбліжэйшыя гады мы будзем канструктыўнай апазіцыяй і так званым swing vote. Апошняе азначае аказанне вырашальнай падтрымкі іншым палітычным партыям па пытаннях у сферы нашых інтарэсаў. Такім чынам, мы спрыяем рэалізацыі неабходных нам зменаў. Сённяшнім прыкладам канструктыўнага ўзаемадзеяння з уладай у Беларусі з'яўляецца так званы ПВТ 2.0. Усё б добра, але дзейны кіраўнік дзяржавы сказаў з гэтай нагоды: «Калі нешта будзе добрае — у плюс, калі будзе ў мінус — я ведаю, з каго спытаць». Аднак звычайна адказнасць нясе той, хто прымае рашэнне, а не іншыя кансультанты або ўдзельнікі працэсу, які закранаецца законам (хоць не, у дадзеным выпадку дэкрэтам). Такім чынам, канструктыўнае ўзаемадзеянне з беларускай уладай у наяўным фармаце з'яўляецца досыць небяспечным. Пра якую-кольвек магчымасць узмацнення пазіцый разнастайных палітычных сіл у адпаведнасці са сваімі інтарэсамі ў Беларусі і зусім няма як гаварыць па прычыне адсутнасці дэмакратычнай разнастайнасці.

 

— Партыя «Я — грамадзянін» выступае за аб'яднанне рускай дыяспары і ўсіх эмігрантаў з рэспублік былога СССР. Цікава, ці шмат беларусаў у вашай рускай партыі? Напрыклад, вядома, што некаторыя былыя фігуранты палітычнага жыцця ў Беларусі таксама атабарыліся на Кіпры…

 

— Ну, па-першае, не рускай, а рускамоўнай. І нават не толькі былога СССР, але іншых краін Усходняй Еўропы, у тым ліку былой Югаславіі. Па-другое, гэта не з'яўляецца самамэтай як такой. Нам трэба будзе стаць паўнавартаснай кіпрскай партыяй, у якой прадстаўлены ўсе этнічныя групы краіны, і ў першую чаргу грэка-кіпрыёты. У статуце партыі закладзены пэўныя палажэнні аб дэманстрацыі інтарэсаў рускамоўных з тым, каб была магчымасць надаваць увагу інтарэсам рускамоўнай этнічнай меншасці, калі большасцю ў партыі стане этнічная большасць грэка-кіпрыётаў. Былых фігурантаў палітычнага жыцця Беларусі я пакуль не сустракаў на Кіпры, ніякай прыкметнай лакальнай актыўнасці яны не праяўляюць. У дэманстрацыях і пратэстах тут няма неабходнасці, але наспела, і ўжо нават пераспела, вострая неабходнасць мадэрнізацыі і рэформаў. Праблемы і канфлікты трэціх краін (а ў Еўрасаюзе да такіх адносяцца і Беларусь, і Расія, і Украіна) партыя не закранае. Ды і наогул, на знешнепалітычную дзейнасць у нас пакуль няма мандата. Так што, калі ласка, запрашаем усіх, хто гэта прымае.

 

— Вы на Кіпры хочаце пабудаваць Сінгапур, і паралельна тое ж самае хочуць зрабіць у Беларусі. Як думаеце, якія шанцы?

 

— Шанцы ёсць заўсёды і ва ўсіх. У галіне высокіх тэхналогій на Кіпры стартавыя ўмовы нашмат горшыя. Беларусь значна апярэджвае па падрыхтоўцы і наяўнасці кваліфікаваных спецыялістаў, бізнэс у гэтай сферы нашмат больш развіты. Рынак працы ў Беларусі па высокіх тэхналогіях ужо прыкметна перагрэўся, што з'яўляецца прыкметай наступлення фазы рэсурснага абмежавання ў развіцці галіны. Аднак найгалоўным фактарам абмежавання з'яўляюцца практыкі выканаўчых уладаў, якія маюць месца. Самымі бяскрыўднымі з іх з'яўляюцца незлічоныя разнарадкі ад мясцовых адміністрацый па аказанні спонсарскай дапамогі, найме дадатковага персаналу і выкананні іншых прадпісанняў дзеля дэманстрацыі кіраўнікамі мясцовых адміністрацый даведзеных да іх зверху разнастайных паказчыкаў. А самымі непрыемнымі з'яўляюцца дзеянні сілавых і кантрольных органаў, накіраваныя супраць прыватнай уласнасці, правоў і свабод чалавека дзеля экспрапрыяцыі ў даход дзяржавы. Суды ў такіх справах звычайна прымаюць бок дзяржавы. Такія практыкі я б назваў таталітарнымі і, у канчатковым выніку, шкоднымі для развіцця краіны і грамадства.

 

Дзеля справядлівасці, павінен адзначыць, што ў галіне барацьбы з карупцыяй і выканання закона простымі грамадзянамі Беларусь знаходзіцца на нядрэнным узроўні, што ставіць яе на шлях да сінгапурскай мадэлі. Проста трэба выключыць самавольства і беззаконне выканаўчай улады, забяспечыць бесстароннасць і незалежнасць судовай улады на справе, а не на словах, і тады беларуская дыктатура наблізіцца да сінгапурскай дыктатуры Лі Куан Ю. Праўда, зрабіць гэта вельмі няпроста, калі наогул магчыма ў рамках наяўнай мадэлі.

 

Кіпр жа апошнім часам стаў вельмі папулярным кірункам для міграцыі рускамоўнага хайтэку насуперак усім наяўным недарэчным міграцыйным абмежаванням. На Кіпры адны з найбольш прывабных у свеце падатковых умоў, асабліва для выпадкаў продажу і паглынання кампаній. Мы разлічваем на ўзаемадзеянне з Ізраілем, краінай №2 у галіне высокіх тэхналогій. Мы будзем прасоўваць змены ў міграцыйнай палітыцы дзяржавы з тым, каб прыезджыя спецыялісты знаходзілі тут свой другі дом. Клімат, стаўленне да прыватнай уласнасці, правоў і свабод чалавека тут як на іншай планеце ў параўнанні з Беларуссю. Памылка ў выплаце падаткаў не прыводзіць да турэмнага зняволення, а мае месца цывілізаваны канструктыўны дыялог з падатковымі органамі з мэтай ўстанаўлення ісціны і дасягнення справядлівага рашэння. Так, нават рашэння — у складаных выпадках можна дамовіцца аб кампрамісе. У мяне асабіста быў выпадак з пераплатай падаткаў на Кіпры. Праз год-другі, пасля вывучэння і пацвярджэння пераплаты, я атрымаў чэк ад Мінфіна з вяртаннем пераплачаных падаткаў і адсоткамі за час карыстання дзяржавай маімі сродкамі. Працэнты былі разы ў два вышэйшыя за банкаўскія!

 

Паняцце «незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць» ужываецца да сапраўды супрацьзаконных рэчаў накшталт гандлю наркотыкамі, зброяй, людзьмі, а не так, як гэта тлумачыцца ў Беларусі. Так што, на Кіпры сітуацыя дыяметральна супрацьлеглая беларускай — усё добра ў тым, у чым у Беларусі дрэнна, і ўсё дрэнна ў тым, у чым у Беларусі добра.

 

У фэйсбуку вы актыўна каментавалі справу бізнэсоўца Мураўёва і адгукаліся на крымінальныя справы некаторых іншых прадпрымальнікаў. Цяпер у нас ўлада абвясціла, што стварае ўнікальныя ўмовы для бізнэсу. На ваш погляд, гэта працуе?

 

— Справа Мураўёва, на мой погляд, была накіравана на экспрапрыяцыю прыватнай уласнасці па надуманай прычыне, ды яшчэ і з пазбаўленнем Мураўёва правоў і свабодаў. Любыя падатковыя спрэчкі варта вырашаць у ходзе канструктыўнага дыялогу, у крайнім выпадку, — шляхам аднабаковага налічэння падаткаў, але не шляхам экспрапрыяцыі прыватнай уласнасці і пазбаўлення волі.

 

На жаль, рэальнасць такая, што бізнэсмен Мураўёў, які развіваў ААТ «Мотавела» ў адпаведнасці з наяўнай эканамічнай рэальнасцю, сядзіць у турме. А прафесійны наменклатуршчык Ладуцька, які пасля давёў ААТ «Мотавела» да банкруцтва, дзейнічаючы ў адпаведнасці з тупіковымі планамі, знаходзіцца на свабодзе ў добрым здароўі.

 

Затое зараз прадаць ласы кавалак зямлі можна будзе па другім коле. Будзе цікава ўбачыць новага пакупніка.

 

Таму ўмовы для бізнэсу сапраўды ўнікальныя — у гэтым улада абсалютна мае рацыю. Унікальным з'яўляецца тое, што састарэлы бізнэс-план мае настолькі большае значэнне, чым эканамічная мэтазгоднасць, што гэта каштуе 11 гадоў свабоды і экспрапрыяцыі ўласнасці.

 

Унікальным з'яўляецца і тое, што, перафразуючы Астапа Бэндэра, маецца чатырыста параўнальна сумленных спосабаў адабрання грошай і прыватнай уласнасці ў бізнэсу і грамадзян беларускай дзяржавай. Характар паводзін дзяржавы застаецца нязменным, і сёння гэта «Мотавела», а ўчора, гэта значыць 16 гадоў таму, была «Балтыка». У мяне няма падстаў меркаваць, што заўтра нічога падобнага не здарыцца. Сітуацыя зменіцца тады, калі ўлада прызнае свае памылкі, кампенсуе нанесеныя страты і рэабілітуе бізнэсменаў, асуджаных дзеля экспрапрыяцыі.

 

Праграма вашай партыі трымаецца на некалькіх блоках: антыкарупцыйны акцэнт, развіццё высокіх тэхналогій, абарона жывёл, электронная дзяржава і экалогія. Яна дастасоўная толькі для Кіпра або можа быць актуальнай і для Беларусі ў тым ліку?

 

— Універсальных рашэнняў не бывае. У кожнай краіне свае праблемы, свая сітуацыя і свае патрэбы ў рэформах. Як я казаў раней, карупцыя ў Беларусі — гэта не тая праблема, якая перашкаджае краіне развівацца. Праблема складаецца ў дыктатуры наменклатурнага класа на чале з нязменным лідарам.

 

Высокія тэхналогіі развіваюцца выдатна, і былі б на значна большай вышыні пры больш сучасным дэмакратычным дзяржаўным ладзе.

 

З экалогіяй у Беларусі ўсё досыць строга. Абарона жывёл не з'яўляецца вострай праблемай.

 

У пытаннях электроннай дзяржавы ў Беларусі ёсць прыроджаныя праблемы. Адной з іх з'яўляецца арыгінальная рэалізацыя электроннага лічбавага подпісу, які не падтрымліваецца распаўсюджаным сучасным праграмным забеспячэннем. Гэта ж тычыцца і электроннага доступу да банкаў, дзе вынайдзены свой ровар, які адрозніваецца ад агульнапрызнаных сусветных практык.

 

— Можаце расказаць падрабязней пра тыя праблемы, якія важна ў першую чаргу вырашыць Кіпру? І як канкрэтна вы гэта збіраецеся рабіць?

 

— На сённяшні дзень мы сустрэліся і абмеркавалі цікавую для нас праблематыку з усімі асноўнымі кандыдатамі ў прэзідэнты і лідарамі палітычных партый (яшчэ адна сустрэча засталася на студзень), за выключэннем некалькіх вузканакіраваных малых партый і ультраправай партыі з неанацысцкай ідэалогіяй.

 

У далейшым мы плануем канструктыўна ўзаемадзейнічаць з выканаўчай уладай з мэтай прасоўвання па нашых пытаннях. Да наступных парламенцкіх выбараў мы будзем шукаць падтрымку ў прадстаўленых у парламенце палітычных партый у рамках агульных інтарэсаў. Пасля ўваходжання ў парламент на найбліжэйшых выбарах нам будзе лягчэй адстойваць інтарэсы нашых выбаршчыкаў, і ў залежнасці ад колькасці месцаў у парламенце мы будзем прытрымлівацца або стратэгіі swing vote, або самастойна вызначаць парадак дня.

 

Што тычыцца праблематыкі, то яна шырокая. Аднак палітыка ёсць мастацтва магчымага, як сказаў Ота фон Бісмарк. Таму ў наяўных абставінах прэзідэнцкага электаральнага цыклу на Кіпры (а першы тур выбараў ужо не за гарамі — 28 студзеня 2018 года) у двухбаковых сустрэчах з кандыдатамі ў прэзідэнты асаблівую ўвагу мы надалі наступным пытанням, актуальным для Кіпра:

 

1. Хайтэк і фінтэк. Ліквідацыя заканадаўчых перашкод і прыняцце дадатковых мер для развіцця інфармацыйных, фінансавых і біямедыцынскіх тэхналогій.

 

2. Мультыкультуралізм. Увядзенне ў сістэму дашкольнай, пачатковай і сярэдняй адукацыі праграм, накіраваных на выхаванне талерантнасці, міжнацыянальнай і міжрэлігійнай згоды.

 

3. Адукацыя і культура. Мадэрнізацыя сістэмы сярэдняй адукацыі з мэтай гарманізацыі з глабальнымі тэхналагічнымі інавацыямі і геапалітычнай сітуацыяй. Укараненне сістэматычнай дзяржаўнай палітыкі ў галіне культуры. Рэформа кіравання і кантролю ўстаноў культуры для ліквідацыі перадумоў карупцыі.

 

4. Электронная дзяржава. Імплементацыя ўсіх працэсаў ўзаемадзеяння грамадзян і бізнэсу з дзяржавай у электронным фармаце анлайн з мэтай скарачэння бюракратыі і часавых страт грамадзян, бізнэсу і чыноўнікаў.

 

— Як кіпрыёты ставяцца да вашай партыі?

 

— На дадзены момант — насцярожана. Многія з кіпрыётаў, і асабліва моладзь, расчараваныя ў дзейных старых палітычных партыях. Для іх мы з'яўляемся партыяй надзеі, але ім неабходна прыгледзецца лепей, каб узнік дастатковы давер. З падачы мясцовых і заходніх СМІ партыю называюць «рускай». Мы падкрэсліваем агульнакіпрскі характар партыі, аднак «рускасць» з'яўляецца праблемай толькі для Захаду, але не для кіпрыётаў.

 

— Каго «Я — грамадзянін» падтрымлівае на будучых прэзідэнцкіх выбарах?

 

— Мы плануем прапанаваць грамадству палітычны аналіз кандыдатаў у прэзідэнты, заснаваны на нашых двухбаковых сустрэчах. Мы дамо людзям ведаць пра наймацнейшыя, на наш погляд, бакі кожнага з кандыдатаў, а таксама аб верагоднай будучыні краіны з кожным з іх. Само сабой зразумела, гэта будзе суб'ектыўны погляд праз прызму нашых палітычных пазіцый. Магчыма, камусьці мы скажам нешта новае, камусьці мы дапаможам структураваць свае погляды і прасцей, з большай упэўненасцю вызначыцца з выбарам на падставе ўласных пераваг. Большая частка палітрады схіляецца да таго, каб гэтым абмежаваць наша ўмяшанне ў прэзідэнцкія выбары.

 

— Цікава, ці бачыце вы сябе ў будучыні прэзідэнтам Кіпра?

 

— Ну вось і вы туды ж! Занадта часта мне задаюць гэтае пытанне. Мой ўпэўнены і катэгарычны адказ: «Не!». І не толькі прэзідэнтам, але і міністрам ці дэпутатам я таксама сябе не бачу. Я паставіў перад сабой задачу стварыць і, па магчымасці, паставіць на ногі новую палітычную партыю з прыцэлам на прагматызм і прагрэс (мадэрнізацыю і рэформы), месцы ў якой павінны заняць найлепшыя прадстаўнікі кіпрскага грамадства. Мая роля — ініцыяваць і разагнаць працэс. І я б не хацеў цягнуць гэтую цяжкую лямку больш чым неабходна.

 

Хаця…

 

У 2016 годзе я таксама катэгарычна не збіраўся займацца палітыкай…

26.12.2017 07:46