АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Рэформа адукацыі Дзедаўшчына ў войску Справа Федынiча Дэкрэт пра дармаедаў Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Як у Івацэвічах будуюць дамы для шматдзетнай сям’і і для старшыні райвыканкаму

Шматдзетная сям’я Дуброўскіх з Івацэвіцкага раёну сем гадоў ня можа атрымаць абяцаны ўладамі льготны крэдыт, каб пабудаваць жыллё на атрыманым участку ў райцэнтры.

Як у Івацэвічах будуюць дамы для шматдзетнай сям’і і для старшыні райвыканкаму
1 из 6
семья 7 лет ждет кредит, а пока ютится в родительском доме

У райвыканкаме і ў банку кажуць, што грошай для іх няма. Затое новае службовае жыльлё для старшыні Івацэвіцкага райвыканкаму Аляксандра Грыцука будуецца хутка і без праблем.

 

Вольга і Сяргей Дуброўскія зь вёскі Квасевічы Івацэвіцкага раёну выхоўваюць чацьвярых дзяцей. Старэйшай дачцэ ўжо 14, а самай малодшай будзе два. Яшчэ адно дзіця зьявіцца неўзабаве — Вольга цяпер цяжарная.

 

У чарзе пад нумарам 5. Сем гадоў без выніку

 ​Цяпер вялікая сям’я жыве ў старой бацькоўскай хаце ў вёсцы Квасевічы і мае ўчастак у Івацэвічах, на якім будавацца няма за што, кажа Сяргей Дуброўскі:

 

«У 2010 годзе мы сталі на чаргу для паляпшэньня жыльлёвых умоваў. Для шматдзетных сем’яў чарга асобная, мы ў ёй пад нумарам пяць. Спачатку мы аформіліся на пабудову каапэратыву, потым перавяліся на будаўніцтва прыватнага дома. Мая жонка падрыхтавала ўсе дакумэнты, нам выдзелілі ўчастак. Але ў банку мы пачулі, што грошай для нас няма і мы павінны чакаць. І гэтае чаканьне ўжо зацягнулася на сем гадоў».

 

Сяргей і Вольга, згодна з указам Аляксандра Лукашэнкі № 13 ад 06.01.2012 году «Аб некаторых пытаньнях аказаньня грамадзянам дзяржаўнай падтрымкі пры будаўніцтве альбо набыцьці жыльлёвых памяшканьняў», уваходзяць у катэгорыю грамадзянаў, якія маюць права на пазачарговае атрыманьне дзяржаўных крэдытаў ці субсыдыяў. Паводле заканадаўства, яны могуць атрымаць крэдыт у памеры 100% кошту будаўніцтва дома пад 1 адсотак гадавых на 40 гадоў. Але грошай няма, і будаўніцтва прыпынена.

 

Тым часам сям’я вядзе рамонт старой бацькоўскай хаты ў вёсцы Квасевічы. Сяргей робіць усё сваімі рукамі, дапамагаюць бацькі. Чакаць, пакуль дзяржава дапаможа крэдытам, не выпадае, бо дзеці падрастаюць, кажа Сяргей:

 

«Я ўжо за ўласныя сродкі на атрыманым участку ў Івацэвічах заліў падмурак пад гараж, падвёў электрычнасьць. Усяго выдаткаваў каля 1400 рублёў. Лепш бы я гэтыя грошы сюды, у бацькоўскі дом уклаў. Для нашай сям’і тут мала месца. Трэба разбудоўвацца. А самастойна рабіць гэта вельмі цяжка».

 

Вольга Дуброўская, жонка Сяргея, кажа, што стамілася ад чаканьня і ўсіх бюракратычных працэдур:

 

«Мне ў выканкаме чыноўнікі сказалі, што можаце скардзіцца куды заўгодна, маўляў, усё роўна гэта справе не дапаможа. Паводле дакумэнтаў наш дом каштуе 89 тысяч рублёў.

 

Аднойчы таксама з вуснаў чыноўнікаў прагучала, што мы павінны ўкласьці сваіх сродкаў ня меней за 15% ад агульнага кошту, інакш банк ня прыме нашу заяўку на крэдыт. А 15% — гэта амаль 20 тысяч. У нас няма такіх грошай. На словах у нас дэкляруецца адно, але рэчаіснасьць зусім іншая. Таму калі такая палітыка вядзецца, то лепей я тут пабудуюся, навошта мне патрэбен той участак?»

 

Сяргей лічыць, што чым далей ад сталіцы, тым сацыяльная палітыка рэалізоўваецца горш:

 

«Тут законы і распараджэньні проста не выконваюцца. Вось я працаваў неяк з хлопцам зь Менску. У яго таксама шматдзетная сям’я, але яму ўдалося знайсьці дапамогу. Мне здаецца, што там бліжэй да Рыгоравіча, таму і выбіваецца ўсё хутка. А тут, як на пэрыфэрыю выяжджаеш, дык усё».

 

Пазыцыя ўладаў: самі вінаватыя

 

Кіраўніца аддзелу ЖКГ і архітэктуры Івацэвіцкага райвыканкаму Ірына Іванова кажа, што насамрэч у такім доўгім чаканьні на жыльлё вінаватыя не чыноўнікі ў райвыканкаме, а бацькі шматдзетнай сям’і, паколькі заблыталіся:

 

«Справа ў тым, што сям’я Дуброўскіх знаходзіцца ў чарзе на атрыманьне сацыяльнага жыльля. Яны маглі стаць на чаргу як шматдзетная сям’я і атрымаць зямельны ўчастак. Гэта і адбылося, бо яны мелі права атрымаць яго ў першачарговым парадку. Магчыма, што не зусім правільна разумелі атрыманую інфармацыю.

 

Бывае так: калі людзі не зусім разумеюць тое, што ім кажуць, але жадаюць атрымаць вынік той, які яны чакаюць, то зь любой інфармацыі выбіраецца толькі тое, што ім неабходна. Недзе прапускаюцца нюансы. Некаторыя законы не зусім правільна трактуюцца. Магчыма, праца ў тлумачэньні ім іхных правоў была праведзеная не зусім правільна; можа, не зусім даступнай мовай для асобы, якая не зьяўляецца спэцыялістам. А магчыма, што тлумачылася ім адпаведна, але людзі, не хачу іх нейкім чынам пакрыўдзіць, не зразумелі. Мо заблыталіся. Бо ўчастак яны атрымалі сапраўды як шматдзетная сям’я. А гэта зусім іншая чарга».

 

Будаўніцтва жыльля для чыноўнікаў — без чаргі

 

Так будуецца новы дом для старшыні Івацэвіцкага райвыканкаму Аляксандра Грыцука

Так будуецца новы дом для старшыні Івацэвіцкага райвыканкаму Аляксандра Грыцука

​Зусім іншая сытуацыя з наяўнасьцю грошай на будаўніцтва новага жытла для старшыні Івацэвіцкага райвыканкаму Аляксандра Грыцука.


Летам у горадзе пачалі узводзіць для яго новы дом, які стане службовым. Будаўніцтва вялікага дома вядзецца за бюджэтныя сродкі на скрыжаваньні вуліц Броўкі і Кветкавая. На гэтую мэту выдаткавана каля 100 тысяч даляраў.

 

Пры гэтым у самым цэнтры Івацэвічаў існуе службовае жыльлё, у якім жылі ранейшыя старшыні раённага выканаўчага камітэту.


Прадстаўніца Івацэвіцкага райвыканкаму пацьвердзіла карэспандэнту Свабоды, што сапраўды дом на скрыжаваньні вуліц Броўкі і Кветкавая будуюць для патрэбаў старшыні выканкаму за бюджэтныя сродкі. Рабочыя на пляцоўцы расказалі, што на ўзьвядзеньне дома выдаткавана каля 50 тысяч даляраў, а яшчэ такая ж сума грошай пайшла на тое, каб перанесьці складаныя лініі камунікацыяў.

 

Дапамагчы ўсім шматдзетным сем’ям дзяржава ня можа

 

Сытуацыя з сям’ёй Дуброўскіх не адзіная ў Івацэвіцкім раёне. У суседняй вёсцы Ёдчыкі каторы год без падтрымкі з боку дзяржавы жыве сям’я Пархутаў (Свабода пісала пра гэта два гады таму).

 

Усяго ж у Беларусі налічваецца больш за 80 тысячаў шматдзетных сем’яў. Але сродкаў у дзяржавы на тое, каб аказаць дапамогу кожнай сям’і, не хапае. Так, за апошнія пяць гадоў фінансавая дапамога дзяржавы на паляпшэньне жыльлёвых умоваў аказаная 55 тысячам сем’яў. У Менску на сёньня больш за пяць тысячаў шматдзетных сем’яў чакаюць сваёй чаргі на паляпшэньне жыльлёвых умоваў. Некаторыя вымушаныя чакаць пяць і болей гадоў.

паводле радыё Свабода

10:33 12/09/2017


Загрузка...


загружаюцца каментары