АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Змена Канстытуцыі IT-дэкрэт Умовы для бізнесу Эканамічны крызіс Рэформа адукацыі Забойства Паўла Шарамета

Беларус з Швейцарыі аплаціў даўгі жыхаркі аграгарадка

У канцы снежня ў праграме «Людскія справы» на Белсаце выйшаў сюжэт пра жыхарку аграгарадка Дзярэчын (Зэльвенскі раён) Наталлі Міхно, у якой шэсць гадоў таму забралі дзяцей.

Беларус з Швейцарыі аплаціў даўгі жыхаркі аграгарадка
«Афіцыйнай падставай стала п'янства. Але я кожны дзень хаджу на працу, п'янай мяне б туды не пусцілі. Апека прыходзіла да мяне, калі сама я была на працы, нешта шукалі ў доме. А потым мяне выклікалі на камісію, сказалі, што забяруць дзяцей. Пакуль я даехала дадому, дзяцей ужо забралі - падчас маёй адсутнасці», - распавядае жанчына.

Наталля зарабляе ў калгасе да Br 400 у месяц, але на рукі атрымлівае толькі 30-40 - астатняе сыходзіць на аліменты дзяржаве. Жанчыне няма за што купіць дровы на зіму, а электрычнасць ёй абрэзалі з-за запазычанасці з аплатай.

«Я падтрымліваю сувязь з дзецьмі, тэлефаную ім, імкнуся наведваць, - казала Наталля. - Я б вельмі хацела вярнуць іх, але для гэтага трэба падключыць электрычнасць, мець дровы, прадукты ў халадзільніку - а як я магу гэта ўсё зрабіць без грошай? Штодня хаджу на працу, плачу падаткі, а жыву, як бяздомная».


Гэтая гісторыя атрымала працяг. Убачыўшы сюжэт, беларус з Швейцарыі Аляксандр Сапега вырашыў дапамагчы жанчыне, паведамляе выданне «Газета Слонімская».

«Мне патэлефанаваў нехта Алесь са Швейцарыі і сказаў, што хоча дапамагчы Наталлі Міхно. А пасля мне патэлефанавалі з Бабруйска і пацікавіліся, як можна пераслаць грошы, каб пагасіць запазычанасць за электраэнергію», - распавяла старшыня Дзярэчынскага сельсавета Святлана Грынцэвіч.

І дадала, што грошы на рахунак ужо паступілі. Святлана Грынцэвіч 9 студзеня запэўнівала, што хутка электрыкі падключаць электрычнасць Наталлі Міхно.


Алесь Сапега аплаціў 300 рублёў запазычанасці і 97 рублёў за падлучэнне.

Алесь Сапега разам з сям'ёй жыве ў Швейцарыі ўжо 11 гадоў. У яго сям'я, чацвёра дзяцей. Беларус займаецца дабрачыннасцю, прыклаў шмат намаганняў, каб прах знакамітай беларускай мецэнаткі Магдалены Радзівіл перавезлі ў Беларусь, каб у Швейцарыі з'явіўся помнік Касцюшкі.

12.01.2018 20:42


Загрузка...
Загрузка...