АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Змены ў КК Матулі 328:галадоўка IT-дэкрэт Умовы для бізнесу Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Аляксандр Тамковіч Начосная праўда

На жаль, любімую герцынаўскую фразу пра тое, што свабода слова немагчыма без свабоды слыху апошнім часам прыходзіцца ўзгадваць усё часцей і  часцей. 

І  страва не толькі ў тым, што некалі  Той-Каго нельга- Не называць падзяліў журналістаў  на “чэсных” і “нячэсаных”. Сумна ад таго, што некаторыя з нас самі гэтага вельмі хацелі.  І пачалося ўсё значна раней за  афіцыйны падзел.

Не буду стамляць чытачоў рознымі гістарычнымі экскурсамі. Інстынкт самазахавання даволі часта перамагаў сумленне так што перабудова з галоснасцю тут не пры чым. Другая справа¸ што многія  былі сведкамі таго часу і ў нейкім сэнсе ён стаў рэанімацыяй пасля якой пачыналася новае жыццё.

Калі раней нехта мог сказаць, што ён нечага не ведаў, то цяпер магчымасць ведаць была ва ўсіх. І выбар  ( у свой час, канешне) таксама рабілі ўсе. 

Горка і сумна зараз разумець, што для некаторых гэты выбар быў толькі чарговай мімікрыяй…

Не стану называць усім знаёмыя прозвішчы  Прыкладаў, калі чалавек раптам ператвараўся з бел-чырвона-белага ў чырвона-зялёнага, а потым у “ну вы же понимаете”, на жаль, нямала.

Нямала  і тых, хто раптам “прозрел”,  як толькі з’ехаў за межы сінявокай. Самыя  адыёзныя – Сяргей  Посахаў і Аляксандр Зімоўскі. Першы паслаў апазіцыю на Бангалор  “гаўкаць”, другі заклікаў даць беларускай эканоміцы Нобелеўскую прэмію. Першы публічна  папрасіў прабачэнне і сам стаў ледзь не апазіцыянерам, другі зараз агрэсіўна крытыкую тое, што раней усхваляў…

І ўвогуле. Я не веру ў абсалютную бескарыснасць тых, хто сёння “наверсе” спявае дыфірамбы… Як і ў тое, што шыкоўныя катэджы можна пабудаваць за сціплую журналісцкую зарплату…

 «Хартыя- 97»  таксама зрабіла свой выбар. Падабаецца ён некаму альбо не, аднак гэта ІХ выбар, на які хартысты маюць такое ж права, як і некаторыя блогеры.

 Адразу хачу падкрэсліць, што не з’яўляюся аматарам іх стылю. Хутчэй наадварот, але я за тое, каб можна было публічна не пагаджацца, а  не чытаць, што сайт забаронены тымі, хто акрамя “алелуя” нічога не жадае чуць.

 Магчыма, дзейнасць “Хартыі” выглядае вельмі радыкальнай і не вельмі этычнай. Магчыма, іх ёсць за што крытыкаваць (мне напрыклад не падабаюцца безапеляцыйны тон і  імкненне выдаць пажаданае за рэальнае), але блакіроўка сайта, калі сказаць вельмі мякка, не повад для прафесійных разборак. 

Хартысты пацярпелі менавіта за  ВЫБАР, а не за тое што  “не маюць свайго кантэнту”.

А яшчэ  за тое, каб усе астатнія таксама маглі выбіраць.

Кажучы  па-іншаму, важна   не тое, што перашкаджаюць працаваць  не самым маральна-узорным, а тое, што  перашкода стала рэальнасцю ўвогуле. Асабліва калі ўлічыць,  прэцэдэнт “Беларускага партызана”.

Сайт “Хартыі-97” казаў тое, што улады не хацелі чуць і быў ім цалкам не падкантрольны.

На мой погляд, гэта адна з самых галоўных прычын “наезду”  на “Хартыю”. Як і тое, і тое, што блакіроўка стала своеасаблівай кампенсацыяй судовага пераследу  “публіцыстаў” Рэгнума. Маўляў, мы “плюшчым” не толькі адэптаў “рускага свету”, але і вельмі “свядомых”, хаця “Хартыю” даволі цяжка назваць топавай прыхільніцай беларушчыны.

Зразумела, калі пляскаюць у далоні яўныя апалагеты рэжыму, але навошта гэта зараз робяць тыя, хто прэтэндуе на пэўную свабоду думак? Чым яны адрозніваюцца ад начосаў, з якіх нядаўна  некаторыя так насміхаліся?

Як ужо было сказана, інстынкт самазахавання  часам літаральна дыктуе  алгарытм паводзінаў чалавека. Адсюль і цэнзары ў замежных амбасадах, якія (хутчэй за ўсё з чужой падказкі) вырашаюць пра што можна рабіць інтэрв’ю  з пасламі, а пра што нельга. І  тыя, хто замест прафесійнай салідарнасці радуюцца праблемам іншых.

Расказвалі, што, калі я захварэў, рэдактар адной з  газет узрадавана падымаў кілішак, бо адным канкурэнтам стала менш. “Нячэсныя” крытыкі “Хартыі” па сутнасці робяць тое ж самае.

Не падабаецца  прадукт рэдактара сайту Наталлі Радзінай, зрабіце нешта лепшае самі. І не трэба блытаць прынцыповасць з прыстойнасцю.

Шчыра кажучы, я не прымаю людскія падзелы ўвогуле.  Прабачце, прапісную ісціну, але наша жыццё,  не складаецца толькі з чорных альбо белых колераў. Ёсць шмат не менш  карысных адценняў.

Гэта да таго, што  и самой “Хартыі”   трэба моцна падумаць на тым, чаму да іх такія  складаныя  адносіны?.. 

Калі напрыканцы мінулага года прэсавая служба Беларускай  асацыяцыі журналістаў ласкава рыхтавала прэзентацыйная інтэрв’ю  кнігі   “Мазаіка жыцця”, заўжды бадзёры і энергічны Барыс Гарэцкі спытаў, чаму ў маіх біяграфічных артыкулах не выкарыстоўваецца негатыў, якога ў суразмоўцаў  ёсць нямала?

Адказ быў такі ж, які хочацца паўтарыць зараз – навошта. Навошта некага называць  сметніцай і дапамагаць  “мачыць у прыбіральні”?  

Як вядома, ёсць законы захавання масы, энергіі і г.д. Упэўнены,  ёсць і закон захавання эмоцыі. Калі вы нешта кепскае гаворыце пра іншага чалавека, яно абавязкова дойдзе да яго і бумерангам вернецца да вас самога... І тычыцца гэта ўсіх… І тых, хто нападае, і тых, на каго нападаюць…

Кепска сказаць можна пра кожнага з нас, у тым ліку і пра мяне¸ але – НАВОШТА?


«Статья в рубрике «Особое мнение» является видом материала, который отражает исключительно точку зрения автора. Точка зрения редакции «Белорусского партизана» может не совпадать с точкой зрения автора.
Редакция не несет ответственности за достоверность и толкование приведенной информации и выполняет исключительно роль носителя.
Вы можете прислать свою статью на почту [email protected] для размещения в рубрике «Особое мнение», которую мы опубликуем».