АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Дзедаўшчына ў войску Захад-2017 Справа Федынiча Дэкрэт пра дармаедаў Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Расія ідзе па шляху Беларусі

Шмат хто заўважае, што Расія ідзе па шляху Беларусі: усё тыя ж шматлікія парушэнні на выбарах, апазіцыянеры ў турмах і асуджанасць на, верагодна, доўгія-доўгія гады жыцця са старэючым прэзідэнтам.

Нядаўна да гэтага спісу падабенстваў дадалася яшчэ адна заўважная рыса: спроба арганізаваць вялікую акцыю пратэсту пасля выбараў, выкліканую шматлікімі фальсіфікацыямі. Пад лозунгамі справядлівых выбараў людзі выйшлі на плошчу год таму ў Беларусі і ў сакавіку гэтага года ў Маскве. На расійскія падзеі беларускімі вачамі паглядзеў назіральнік Аляксандр Астроўскі, адпраўлены ў Расію праектам Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка.

“Учора дзве каруселі выкрылі. Аўтобусы пад’язджалі пад участкі, мы іх нумары перапісвалі і ў Інтэрнэт выкідалі, а пасля ездзілі за імі па ўсім горадзе. Аднаму нашаму хлопцу ў выніку нават колы пракалолі”, - дзеліцца са сваім сябрам Міхаіл, мужчына сярэдняга ўзросту з белай стужкай на куртцы. Ён прапаноўвае сябру таксама павязаць стужку, але той адмаўляецца – “мне не трэба”.

Белая стужка – сімвал цяперашняга грамадскага абуджэння: «неверагоднага грамадскага пад’ёму» і «бессэнсоўнага, але крэатыўнага працэсу» - як яго характарызуюць некаторыя журналісты. А назіранне за выбарамі – галоўны метад удзелу ў працэсах гэтага абуджэння. Звычайныя людзі з самым розным прыбыткам і прафесіяй (паводле сацыялагічнага апытання Левада-цэнтру, гэта людзі з “вельмі высокім узроўнем адукацыі”, якія троху больш забяспечаныя, чым сярэднія масквічы; студэнтаў сярод іх прыкладна дзесятая частка, але найбольш актыўныя людзі ва ўзросце пасля 25 і нават 40 гадоў) з часу апошніх Думскіх выбараў прыдбалі дзіўную звычку: выходзіць на мітынгі і шэсці ў цэнтры Масквы, каб патрабаваць справядлівых выбараў і звяртаць увагу на карумпаванасць правячай эліты.

Многія з гэтых людзей у дзень выбараў адправіліся на ўчасткі для галасавання, каб стаць назіральнікамі. Часцей за іншых фальсіфікацый там яны бачаць “каруселі” – чэргі людзей з адмацавальнымі пасведчаннямі, што ў пэўны момант выстройваюцца шарэнгай у 10-30 чалавек і галасуюць пад наглядам брыгадзіра. Пасля галасавання яны сядаюць у аўтобус, каб адправіцца на наступны ўчастак і зрабіць там тое ж самае.

Міхаіл, удзельнік усіх папярэдніх вялікіх акцый, пачынаючы з Балотнай плошчы, якая нечакана сабрала шакуючую колькасць удзельнікаў – 60 тысячаў пратэстоўцаў, на дзень выбараў запісаўся ў мабільную групу, што шукала і пераследавала такія “каруселі”. Цяпер, на наступны дзень пасля выбараў, Міхаіл прыйшоў на фінальную, як падаецца, акцыю апазіцыі на Пушкінскай плошчы, дзе акрамя яго каля 30 тысячаў чалавек падтрымалі даволі радыкальны лозунг “Пуціна на нары”.

Пушкінская vs Манежная

У гэты момант у Маскве паралельна адбываюцца адразу дзве акцыі: адна, арганізаваная пракрамлёўскім рухам у падтрымку Пуціна, праходзіць пад сценам Крамля на Манежнай плошчы. Другая – у кіламетры ад Крамля на Пушкінскай плошчы – зладжаная палітычнай апазіцыяй і грамадскімі дзеячамі. Паміж імі ляжыць вялікія Цвярская вуліца, поўная міліцыі ў такіх самых касках, што зганялі беларусаў у аўтазакі ў паслявыбарчую ноч 19 снежня.

За суткі да гэтага тая самая Цвярская, а таксама прылеглыя плошчы былі поўныя паліцыі, КамАЗаў і нават снегаўборачнай тэхнікі, схаванай пад Вялікім каменным мостам ля Крамлёўскай набярэжнай. Тысячы паліцэйскіх і салдатаў унутраных войскаў былі ўведзеныя ў горад, каб абараніць перамогу Пуціна. Пазней на мітынгу апазіцыі адзін з лідараў вулічных пратэстаў палітык Сяргей Удальцоў назаве гэтыя падзеі “акупацыяй Масквы”.

У такой атмасферы “прыхільнікі” прэм’ера святкавалі ягоны трэці, на гэты раз шасцігадовы, тэрмін. Ачэпленыя шэрагамі АМАПу і жалезным плотам з металашукальнымі на выхадах, натоўп, як кажуць, у 100 тысячаў чалавек, вітаў слёзы новавыбранага прэзідэнта і ягонага колішняга пераемніка. Як пазней яхідна апіша гэты падзеі на мітынгу на Пушкінскай плошчы Барыс Нямцоў, “лідэр плакаў, акружаны ланцугамі гапаты і чэкістаў”. Іншыя апазіцыянер, Каспараў, на тым самым мітынгу патлумачыць вільгаць на твары прэм’ера ботэксам, што нібыта з’явіўся на твары 60-гадовага прэм’ера як наступства пластычнай аперацыі.

Цяпер Манежная плошча чарговы раз вітае перамогу прэм’ера. Як і ўчора, на вялізнай сцэне з плазменнымі экранамі гучыць ваяўнічая рыторыка пра захад, што “хоча развалу” Расіі. Гэтым разам замест зорак эстрады – Прэснякова і Іванова - парадзеўшы натоўп забаўляе баксёр Валуеў і невядомы малады чалавек, што “з глыбіні стагоддзяў” “адкрывае вусны вялікарускага паэта Пушкіна”, чытаючы яго перароблены верш пра Расію і блогера і лідара пратэстаў Аляксея Навальнага. Над усім гэтым параць тэлевізійныя камеры, а на вялізных экранах развіваецца расійскі сцяг. Выступоўцы раз-пораз сканчаюць прамовы гучным “Слава Расіі!”.

Большасць лозунгаў, якія трымаюць прапуцінскія мітынгоўцы, надрукаваныя цэнтралізавана і, найбольш верагодна, раздадзеныя паводле спушчанай разнарадкі. Іх трымаюць даволі дрэнна апранутыя людзі 40-50 гадоў, часта з пахам перагару. Ад няма чаго рабіць мужчыны пачынаюць заляцацца да маладых дзяўчын, што прыйшлі падзівіцца на тое, што адбываецца. Дзяўчыны хутка збягаюць на іншую акцыю, а мужыкі застаюцца без забавы. Сярод маладзейшай часткі аўдыторыі гэтых прапуцінскіх мітынгаў чамусьці асабліва папулярныя вузкія спартыўныя штаны. Кожная такая група мае троху старэйшага брыгадзіра, што раздае расійскія і пуцінскія сцягі.

“Масква слязам не верыць”

Такія запуцінскія мітынгі стартавалі недзе два месяцы таму па ўсёй Расіі і сталі адказам абноўленай прэзідэнцкай адміністрацыі на пагрозу Балотнай. Іх наведвальнікі яскрава адрозніваюцца ад тых, хто ходзіць на мітынгі супраць Пуціна. На апошніх людзі самыя розныя, але вылучаюцца тыя самыя “раззлаваныя” гараджане. Яшчэ адно іх вызначэнне – крэатыўны клас. Праяўляецца тая крэатыўнасць і ў плакатах, з якімі гэтыя людзі прыходзяць на плошчы. Напрыклад, на апошнім апазіцыйным мітынгу адным з самых папулярных плакатных лозунгаў стаў выраз “Масква слязам не верыць”, створаны з нагоды пуцінскіх “слёзаў” у выбарчую ноч.

У адрозненні ад афіцыйных мітынгаў, наведвальнікі такіх імпрэзаў выражаюць сябе самым розным чынам: некаторыя апранаюць касцюм чалавека-за-кратамі, а нехта трымае звычайную паперу фармату А4 з сатырычным надпісам у адрас улады кшталту “12 гадоў слёз”. Тут часта можна пабачыць людзей з айфонамі, што бесперапынна фоткаюць сябе падобных і адразу ж скідаюць здымкі на Фэйсбук. Вось злева ад сцэны стаіць чалавек з вялізным сцягам надпісам Facebook, а троху справа ад яго ходзіць архаічнага выгляду дзядуля ў вялікіх акулярах з газетай з назовам “СССР”. Выглядае, што камуністы тут сапраўды аб’яндаліся з дэмакратамі, а нацыяналісты - з лібераламі. І падставай для гэтага стала агульная нянавісць да Пуціна.

Гэта нянавісць нагадвае тую, што прымусіла многіх беларусаў выйсці на Плошчу 19 снежня. Аднак існуюць і адрозненні: цяпер адным з галоўных лозунгаў на Пушкінскай стала патрабаванне адправіць “Пуціна на нары”. Гэткі аналаг закліку адправіць Лукашэнку ў Гаагу, але найперш не за парушэнні правоў чалавека, а проста таму, што “Пуцін – злодзей”.

Як адзначаюць расійскія актывісты, напачатку пратэстнага руху ў снежні падобных лозунгаў не было. А цяпер тысячы людзей, што спускаюцца па пераходзе на Пушкінскай плошчы з толькі што афіцыйна скончанага мітынгу хорам скандуюць пра прэм’ер-міністра – “злодзея” і “жуліка”.

Праз гадзіну група ў некалькі тысячаў найбольш радыкальных прыхільнікаў пераменаў паспрабуюць разбіць намётавае мястэчка ў вялізным фантане на той самай Пушкінскай плошчы. Аднак хутка будуць збітыя і разагнаныя сотнямі экіпіраваных паліцэйскіх і спецназаўцаў. Карціна будзе не такой брутальнай, як тое мог бачыць кожны 19 снежня 2010 году ў Мінску, аднак падзея дасць дакладна зразумець – на нешта больш сур’ёзнае за звычайны бяскрыўдны мітынгавы рух, што рана ці позна “здзьмецца”, улады Расіі згадзіцца не здольныя.

Вясна дыктатараў

Гадзіннік на вежы Крамля паказвае 22:55 нядзелі, 4 сакавіка. Доўгі картэж з чорных мерседэсаў з таніраваным шклом выязджае з боку Крамля. Натоўп, што спяшаецца дадому з толькі што завершанага мітынгу на Манежнай плошчы, на секунду спыняецца. Некалькі маладых людзей уздымаюць руку ў спробе памахаць машынам: “Пуцін, Пуцін! Гэта ён”, - дзяўчына ўсміхаецца і паварочваецца да хлопца, што стаіць каля яе: “Пуцін памахаў нам, я бачыла!” На тварах гэтых людзей няма злобы ці расчаравання, слёзаў радасці ці страты. Твары тых, хто вяртаецца з мітынгу ў падтрымку Пуціна, гэтак сама невыразныя, як і твары большасці з тых людзей, якія штодзень у чатыры гадзін дня спускаюцца ў метро недзе на станцыі Магілёўская ў Мінску пасля васьмігадзіннай змены на МАЗе.

Пра што думае Пуцін, калі бачыць гэты натоўп з-за таніраванага шкла свайго аўтамабіля? Пра што думае Дзмітры Мядзведзеў, калі ён, стоячы перад трыццаццю-пяццюдзесяццю-стотысячным натоўпам людзей і перад мільённай аўдыторыяй тэлегледачоў па ўсім свеце кажа, што “мы перамаглі” і “нашага кандыдата ў нас не адняць” і пасля сляза бяжыць па яго шчацэ? Ці баіцца Уладзімір Пуцін гэтага натоўпу, вялізная доля якога проста сагнаная з усіх частак Масквы і нават еўрапейскай Расіі? І што ён будзе думаць пра гэтых людзей у наступныя шэсць-дванаццаць-васемнаццаць гадоў свайго кіравання?  Ці можа параўнацца ягоны страх калі-небудзь старціць уладу са страхам тых, хто заўтра выйдзе на Пушкінскую плошчу і тарпіць у аўтазакі паліцыі?

Гэтыя пытанні ў бліжэйшыя гады застануцца без адказу. Гэтак сама як і Расія застанецца без зменаў.



13:07 23/03/2012


Загрузка...


загружаюцца каментары