Алег Гулак: Беларуским НДА пагражае маргинализацыя 1

Арганізацыі грамадзянскай супольнасці павінны "вярнуцца да таго, каб больш цесна працаваць са сваімі мэтавымі групамі", заявіў кіраўнік Беларускага Хельсінкскага камітэта Алег Гулак на канферэнцыі "Стан грамадзянскай супольнасці ў Беларусі", якая праходзіць у Варшаве.


На яго думку, за гады праўлення Аляксандра Лукашэнкі грамадзянская супольнасць "была глыбока ўцягнута ў супрацьстаянне ўлады і палітычнай апазіцыі". Гэта вядзе да аслаблення сувязей НДА з грамадствам, пагражае ім маргіналізацыяй.

Перамены ў Беларусі адбудуцца перш за ўсё пад уплывам унутраных фактараў, і таму трэба "працаваць з тым насельніцтвам, якое ёсць", падкрэсліў кіраўнік БХК, паведамляе БелаПАН.

У сваю чаргу дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў, дыскутуючы з Гулаком, выказаў упэўненасць, што "вяртанне да палітыкі малых спраў" — недастатковая задача для НДА. Ёсць жа такія праблемы, як вызваленне палітзняволеных, будаўніцтва АЭС. На думку Ягорава, структуры грамадзянскай супольнасці павінны займацца і палітычнымі праблемамі нацыянальнага маштабу.

Канферэнцыя "Стан грамадзянскай супольнасці ў Беларусі", што праходзіць у Варшаве 26—27 кастрычніка, арганізавана Фондам Пуласкага і Саветам Еўропы. Прадстаўнікі беларускіх НДА, незалежных СМІ, аналітыкі разам з дзеячамі дыяспары, афіцыйнымі асобамі Савета Еўропы, міжнароднымі экспертамі дыскутуюць аб шляхах развіцця грамадзянскай супольнасці ў цяжкіх палітычных умовах сённяшняй Беларусі.

16:33 26/10/2012


ссылки по теме


загружаюцца каментары