АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Захад-2017 Справа Федынiча Дэкрэт пра дармаедаў Міліцэйскае свавольства Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Вяскоўцы пра расійскіх вайскоўцаў: Некаторыя называюць іх "акупанты"

Да пачатку маштабных расійска-беларускіх вучэнняў «Захад-2017» застаецца крыху больш за два тыдні. Тым часам на чыгуначнай станцыі Вярэйцы, што пад Асіповічамі Магілёўскай вобласці, з мінулага тыдня разгружаюць расійскую ваенную тэхніку.

1 из 7

 Станцыя Верайцы

Да пачатку маштабных расейска-беларускіх вучэнняў «Захад-2017» застаецца трохі больш за два тыдні. Тым часам на чыгуначнай станцыі Верайцы, што пад Асіповічамі Магілёўскай вобласці, з мінулага тыдня разгружаюць расейскую вайсковую тэхніку. Карэспандэнты belsat.eu выправіліся ў вёску Верайцы, каб даведацца настроі мясцовых жыхароў, іх стаўленне да гэтай падзеі і пагутарыць з самімі вайскоўцамі.

 

Верайцы – маленькая вёска ў дванаццаці кіламетрах ад Асіповічаў. Дабрацца сюды можна альбо на электрычцы, альбо на таксоўцы праз лес па вузкай гравійнай дарозе. Кіроўца Мікалай, які пагадзіўся нас сюды давезці, распавядае:

 

«Гэтымі днямі ў Асіповічах расейскіх вайскоўцаў можна часцяком пабачыць на вакзале. З мясцовых тут шмат хто супраць. У асноўным таму, што побач палігон і калі пачынаюцца стрэльбы – у хатах вокны дрыжаць. Асабіста мне падаецца – няхай бы ваявалі на сваёй тэрыторыі! Мы ж усё ж незалежная рэспубліка. Што ім тут рабіць? Але ў Польшчы вунь NATO, укладвае грошы ў свае базы… А чаму б нам хто-небудзь не даў грошай?», – разважае ён.

 

Таксама Мікалай кажа, што бачыў на станцыі вайсковую тэхніку з зафарбаванымі нумарамі.

«А пад мастом непадалёк я заўважыў, як аўтаматчыкі лазалі. Мініравалі нешта ці што?».

 

Неўзабаве набліжаемся да ўезду ў вёску. На скрыжаванні стаіць вайсковы МАЗ і машына беларускай міліцыі. Міліцыянт паказвае жэстамі: наўпрост не праехаць, аб’язджайце вакол. Адразу за імправізаваным кардонам стаіць калона расейскай тэхнікі (у асноўным – самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі), побач ходзяць і самі вайскоўцы. Да іх мы падыдзем пазней, а пакуль даведаемся, што пра будучыя вучэнні думаюць жыхары Верайцоў.

 

«Як пачнуць страляць – вокны добра дрыжаць. І калі заводзяць машыны свае – капцяць страшна. Паставілі вагоны, няма дзе прайсці. Людзі вельмі супраць. Некаторыя называюць іх проста – «акупанты». Так і кажуць (смяецца). Асабіста мне абыякава, вучэнні дык вучэнні. Проста надакучылі ўжо», – дзеліцца ўражаннямі спадарыня ў гадах.

 

Акрамя сталага насельніцтва, летам у Верайцах жывуць дачнікі. Менчук Аляксандр сказаў нам, што не бачыць праблемы ў канцэнтрацыі расейскіх войскаў ля ягонага лецішча.

«Як свае. Расея, Беларусь – гэта ж адно цэлае. Гэта – «нашы», – упэўнены ён.

Аляксандр, сам былы вайсковец, распавёў, што на палігоне страляюць з САУ (самаходная артылерыйская ўстаноўка) і «Градаў».

 

Месца разгрузкі расейскай тэхнікі фактычна ніяк не ахоўваецца. З боку Асіповічаў від на станцыю закрывае кардон з міліцэйскай машыны і вайсковага МАЗу, з боку Пухавічаў – пажарныя і дарожны кран. Уздоўж станцыі з аднаго боку расейская тэхніка хаваецца за вясковымі хатамі, а з другога прастора наогул адкрытая – пасажыры менскай электрычкі, якая спыняецца на станцыі Верайцы, могуць спакойна здымаць на камеры буйныя планы расейскай тэхнікі. Ачаплення няма і любы ахвотны можа падысці да вайскоўцаў.

 

 Побач з тэхнікай, па шпалах блукаюць без справы некалькі шарагоўцаў. Падыходзім да аднаго з іх – зусім юнага жаўнера тэрміновай службы, які прадстаўляецца па-свойску – Тоха (то бок Антон). Тоха родам з Падольску, ён трохі разгублена глядзіць навокал, размаўляе нясмела.

«Мы толькі прыехалі сюды, – распавядае хлопец, – Не размясцілі яшчэ нідзе і нават не ведаю, дзе ў выніку пакінуць. Мы – артылерысты з Кантэміраўскай танкавай дывізіі, чулі пра такую? Мне ў вас падабаецца – ціха, спакойна. Колькі нас? Наогул нас тут шмат будзе, тысяч дзесяць. Але Кантэміраўская дывізія не ўся будзе – толькі мотастралковы полк ды выведка. А пакуль вось разгружаемся. Далёка нас афіцэры не адпускаюць, толькі тут, побач, максімум – да крамы…».


У дваццаці метрах ад станцыі – невялічкі будынак мясцовай крамы (адзінай на ўсю вёску), дзе набываюць прадукты расейцы.

«Так, расейскія салдаты ў нас затарваюцца, шмат ходзяць. Звычайна цыгарэты купляюць ды нешта папіць. Але алкаголь не бяруць – ім гэта забаронена», – тлумачыць прадавачка.

 

Ля ўваходу ў краму моўчкі паляць два беларускія афіцэры. Кантэміраўскую дывізію сустракаюць і каардынуюць разгрузку беларускія вайскоўцы.

 

«Гэты эшалон ноччу прыехаў, ён тут не першы – тлумачаць яны, – Пакуль не разгрузяцца і не збяруцца цалкам, салдаты тут чакаюць. А як усе зробяць – суправодзім тэхніку да палігону».

 

Побач з тэхнікай разбіты адзін намёт – але гэта, відаць, выключна для афіцэраў. Свабодныя ад удзелу ў разгрузцы шарагоўцы або блукаюць побач, або проста сядзяць на зямлі.

 

Хаця ніякага ачаплення не выстаўлена, актыўнасць цывільных хутка заўважаюць. Хвілін праз пяць пасля таго, як мы пачынаем фатаграфаваць тэхніку, невядома адкуль пад’язджае УАЗік з двума амапаўцамі і двума вайскоўцамі: праверка дакументаў.

 

«Справа ў тым, што здымаць тут забаронена», – тлумачаць яны і прымушаюць выдаліць фота і відэа з тэлефона. Папярэдзіўшы, каб больш мы нічога не здымалі, патруль з’язджае.

Наступную заўвагу атрымліваем ужо ад простага вяскоўца. Пабачыўшы, як мы здымаем на тэлефон, ён незадаволена кажа ў наш бок:

«Не трэба тут нічога здымаць, у сябе здымайце. Я зараз КДБ на вас выклічу…».

 

***

Беларуска-расійскія манеўры «Захад-2017» адбудуцца 14-20 верасня. Паводле Мінабароны, удзел у вучэннях на тэрыторыі Беларусі мусяць прыняць каля 10 200 вайскоўцаў, у тым ліку каля 7200 ад Узброеных сіл Беларусі і каля 3000 – ад Узброеных сіл Расійскай Федэрацыі, паведамляе Белсат.

 

 

15:54 30/08/2017


Загрузка...
ссылки по теме


загружаюцца каментары