АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Змена Канстытуцыі IT-дэкрэт Умовы для бізнесу Эканамічны крызіс Рэформа адукацыі Забойства Паўла Шарамета

Лукашэнка адчыніць Беларусь Захаду. Што адбываецца?

Яшчэ больш адкрыць мяжу замежным турыстам. Пра такую неабходнасць заявіў Лукашэнка падчас нарады пра лібералізацыю візавага рэжыму. Са словаў кіраўніка краіны, турыстычная галіна паказала істотны рост.

Лукашэнка адчыніць Беларусь Захаду. Што адбываецца?

 Затое на «ўсходнім фронце» не ўсё так гладка, бо дзеліць Беларусь і Расію «самая дзіўная мяжа ў Еўропе», паведамляе Белсат.

 

Год 1995-ты. Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка і тагачасны прэм’ер Расіі Віктар Чарнамырдзін урачыста ліквідуюць мяжу паміж краінамі.

 

Братэрская любоў мае свае межы

 

Афіцыйна памежная зона паміж Беларуссю і Расеяй паўстала амаль год таму на загад дырэктара ФСБ. Нібыта праз пастанову ўладаў Беларусі ўвесці пяцідзённы бязвізавы рэжым для грамадзянаў ЗША, Еўразвязу і шэрагу іншых краінаў.

 

«Але потым журналісты высветлілі, што насамрэч кіраўнік ФСБ падпісаў адпаведны загад раней, чым Лукашэнка падпісаў свой указ пра гэты 5-дзённы бязвіз. Таму гэта толькі фармальная зачэпка», – даводзіць палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

 

Лібералізацыя візавага рэжыму на фоне ізаляцыі Расіі

 

На сённяшнім паседжанні кіраўнік Беларусі заявіў пра намер і далей спрашчаць уезд замежнікаў у Беларусь.

 

«Трэба дамагчыся таго, каб турыст без доўгіх разваг, набыўшы квіток у Беларусь, ведаў, што праблемаў з перасячэннем мяжы ў яго не будзе», – зазначыў Лукашэнка.

 

«Масква закрываецца ад свету, уваходзіць у клін з Захадам, а Беларусь адкрываецца. Розныя трэнды, супрацьлеглыя, таму я думаю, што будзе вельмі цяжка залагодзіць гэтыя пытанні з Масквой», – упэўнены спадар Класкоўскі.

 

Адкрытасць свету прынесла Мінску першыя дывідэнды

 

Пасля ўвядзення бязвізавага рэжыму паступленні ў бюджэт сталіцы выраслі на траціну. За год агульны рост замежных турыстаў склаў 17 %.

 

«Бязвізавы рэжым спрасціў для шмат якіх краінаў і даў большы інтарэс для наведвання Беларусі. Нават той, хто не ведаў, усё адно прыехаў проста дзеля таго, каб паставіць галачку, што былі ў Беларусі і даведаліся, што гэта такое», – мяркуе Святлана Ясько, менеджарка турыстычнай кампаніі «alltour.by».

 

З беларускай адкрытасці карыстаюцца і расійцы

 

Яны едуць у Беларусь і праз Беларусь.

 

«З таго часу, як Егіпет зачынены для іх, лятаюць праз агенцыі беларускія. І вельмі шмат турыстаў у тым ліку браніруюць санаторыі – тое, што любяць расейцы», – дадала спадарыня Ясько.

 

Сярод турыстаў з Расіі ёсць і «гастралёры»

 

Як тыя, што ў 2014-ым годзе акупавалі Крым, а пазней зʼявіліся на ўсходзе Украіны.

 

Сярод апытаных намі жыхароў Магілёва знайшлося нямала праціўнікаў супольнае мяжы ды адсутнасці кантролю.

 

«Апошнія падзеі 2014-га года паказалі, што трэба браць трактары, капаць. Няхай і Саюзная дзяржава, але ніхто не павінен прыходзіць адтуль, як на Украіну».

 

«Трэба ўсё дакладна правяраць, каб не было ніякай прапаганды. Каб даглядалі людзей і нічога кепскага нам не завозілі.

«Я мару пра тое, каб памежныя гарады Хойнікі, Чашнікі, каб там нашыя памежныя войскі стаялі».

– выказаліся мінакі.


Іншыя мары ў кіраўніка Беларусі

Ён даручыў цягам года развязаць рознагалоссі з Расеяй у памежнай сферы. Заданне няпростае, асабліва з улікам таго, якім чынам гаспадар Крамля разумее межы. Бо, як пажартаваў нядаўна Пуцін, «мяжа Расеі нідзе не сканчаецца».

12.01.2018 09:02


Загрузка...
Загрузка...