АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Змена Канстытуцыі IT-дэкрэт Умовы для бізнесу Эканамічны крызіс Рэформа адукацыі Забойства Паўла Шарамета

Суд вынес прысуд былому фігуранту справы «Белага легіёну» за захоўванне патрона

Суд Ленінскага раёна Мінска вынес прысуд былому фігуранту справы «Белага легіёна» дызайнеру Андрэю Бяляўскаму. Яго абвінавачвалі ў незаконным захоўванні боепрыпасу — патрона 7,62 мм да аўтамата Калашнікава.

 Суд прысудзіў яго да 1 года абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.

Нагадаем, крымінальная справа за незаконнае захоўванне боепрыпасу на Бяляўскага завялі літаральна адразу ж, як Следчы камітэт паставіў кропку ў разглядзе з фігурантамі справы «Белага легіёну» (па артыкуле пра ўзброенае фарміраванне). Па інкрымінаваных яму артыкуле — ч.2. арт. 295 КК - Бяляўскаму пагражала пакаранне ў выглядзе папраўчых работ або да 7 гадоў пазбаўлення волі, піша НН.

 

Патрон у Бяляўскага знайшлі супрацоўнікі КДБ падчас ператрусу ў рамках гэтага разбору 24 сакавіка 2017 года. Сам абвінавачваны пры вобшуку не прысутнічаў — у той час ён знаходзіўся ў СІЗА. Эксперты прызналі патрон баявым. Бяляўскі расказаў, што знайшоў яго. У пачатку лета 2013 года абвінавачваны набыў у прыватнай асобы аўтамабіль Jeep Grand Cherokee ў горадзе Рэчыцы. У каго - не памятае. Потым прыехаў у Мінск і праз нейкі час выявіў ў аўтамабілі пад заднім сядзеннем, дзе захоўваўся дамкрат, патрон. Бяляўскі аднёс яго дадому, паклаў у скрыню стала і забыўся пра яго.

 

У судзе Бяляўскі віну цалкам прызнаў і раскаяўся ў зробленым.

Пракурор прасіў для абвінавачанага 1 год абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову, адвакат - абмежавацца штрафам.

12.01.2018 09:50


Загрузка...
Загрузка...