Блоги

СТАГОДДЗЕ БХД. Першыя кампаніі 2000-ых 13:34 30/11/17


Вялікую ролю ў разбудове БХД як масавай партыі адыграў шэраг кампаніяў, распачатых хрысціянскімі дэмакратамі ў 2007-2009 гадах.

Найперш, ужо згаданы збор 50 000 подпісаў за змену закона “Аб свабодзе веравызнання” даў нам выхад на дзясяткі цэркваў, парафіяў і хрысціянскіх супольнасцяў, а таксама стаў добрым прыкладам супрацы партыйнага актыву, святароў і вернікаў у палітычнай кампаніі. Пра БХД загаварылі ня толькі ў КГБ і Адміністрацыі прэзідэнта, але і на ўзроўні кіраўніцтва Беларускай праваслаўнай царквы, Касцёла ў Беларусі, аб’яднанняў пратэстанцкіх цэркваў. Асабліва трывалыя сувязі падчас кампаніі завязаліся ў хадэкаў з хрысціянамі веры евангельскай, поўнаэвангелістамі, ксяндзамі Віцебскай, Мінска-Магілёўскай і Пінскай дыяцэзіяў, некаторымі праваслаўнымі святарамі.

Натхнёныя паспяховай кампаніяй, напрыканцы 2007 года мы пачалі збор подпісаў супраць рэкламы магіі і акультызму ў прэсе і на тэлебачанні. Каардынаваў кампанію Дзяніс Садоўскі. Літаральна за паўгады гэтую ініцыятыву падхапілі ўсе пратэстанцкія аб’яднанні, а затым далучылася і Беларуская праваслаўная царква. Заканадаўчыя прапановы былі перададзеныя ў Адміністрацыю і Палату прадстаўнікоў. У выніку хвалі публікацыяў, збору подпісаў у цэрквах і на вуліцах, а таксама актыўнага ціску іерархаў 17 чэрвеня 2008 года былі прынятыя змены ў “Закон аб рэкламе” – і прапаганда магіі ды акультызму праз СМІ была забароненая.

У 2007 годзе на прапанову Віталя Рымашэўскага стартавала кампанія, накіраваная на аднаўленне гістарычнай праўды пра ахвяраў і рэпрэсіі камуністычнага рэжыму – “Пакаянне”. Маторам кампаніі стала экскурсавод Валерыя Чарнаморцава: яна арганізоўвала талокі ў Курапатах, сустрэчы з вязнямі ГУЛАГу, запісвала іх успаміны, падпісвала на незалежную прэсу, збірала дапамогу. Цэлы тур па Беларусі з выступамі ў цэрквах і грамадскіх цэнтрах зладзілі для легендарнага пастара Беларускай евангельскай царквы, вязня бальшавіцкіх лагераў Эрнста Сабілы.

Кампанію “Моцная сям’я – моцная Беларусь” у 2008 годзе БХД запланавала як стратэгічную і шматпланавую: сярод тэмаў былі абарона жыцця, змаганне з алкагалізмам і наркаманіяй, змяншэнне колькасці разводаў. Тэматычныя сустрэчы Аляксея Шэіна і Ірыны Логвін у зацікаўленых супольнасцях вывелі хадэкаў на аграмаднае поле дзейнасці, і ў далейшым “Моцная сям’я – моцная Беларусь” спарадзіла цэлы букет новых партыйных ініцыятываў. Што характэрна, пасля пачатку кампаніі на вуліцах беларускіх гарадоў з’явіліся дзяржаўныя бігборды “Крепкая семья – сільная Беларусь”: улада імкнулася перахапіць хадэцкую ініцыятыву.

У сярэдзіне 2009 года з ініцыятывы Георгія Змітрука БХД пачало наступ на казіно: забароненыя ў 2009 годзе ў Расеі і Украіне, гэтыя асяроддзі гульняманіі ды арганізаванай злачыннасці раслі ў Беларусі як грыбы. Першым наступствам разасланых зваротаў да ўлады і публікацыяў у прэсе сталі мэтанакіраваныя правакацыі супраць БХД і Зьмітрука: адразу стала зразумела, што гульнявы бізэс мае сур’ёзны “дах” у верхавіне рэжыму і што нашы стрэлы трапілі ў цэль. Тым ня менш, пад ціскам грамадскасці і цэркваў ужо напрыканцы улады былі вымушаныя ўвесці пэўныя заканадаўчыя абмежаванні на дзейнасць казіно.

Нарэшце, у 2007-2009 гадах мы з Валянцінай Шычко і Наталляй Васілевіч распрацавалі шырокую кампанію “Люблю Беларусь” – акцыі падтрымкі беларускай хрысціянскай культуры, найперш для цэркваў: выданне кнігаў, музычных альбомаў, асветніцкія курсы. У выніку 200-гадовай русіфікацыі абсалютная большасць праваслаўных і пратэстанцкіх супольнасцяў сталі рускамоўнымі, многія святары і вернікі сустракалі ідэю пра праслаўленне Бога на роднай мове недаўмёным : “А зачем?..”

У 2008-09 годзе пры падтрымцы БХД былі выдадзеныя вялікім накладам і распаўсюджаныя па цэрквах. Касцёлах ды дамах малітвы чатыры альбомы “Беларускі хрысціянскі хіт” з запісамі найлепшых беларускамоўных хрысціянскіх спеваў усіх канфесіяў – “Хрысціянскія гімны”, “Спевы праслаўлення”, “Хрыстос нарадзіўся!”, “Хрыстос уваскрос!”. Была створаная хрысціянская літаратурная супольнасць “Дабравест” (Галіна Каржанеўская, Зміцер Трафімчук), што праводзіла чытанні і выдавала ўласны альманах. Аднавіліся асветніцкія “Курсы дыджэяў Адраджэння” (распачатыя яшчэ ў 1999 годзе Маладым Фронтам), дзе рыхтаваліся арганізатары хрысціянскіх культурніцкіх і грамадскіх імпрэзаў. Выйшла ілюстраваная кніга “Люблю Беларусь: 200 феноменаў нацыянальнай ідэі”.


З кнігі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя"
Працяг будзе
#100гадоўБХД


СТАГОДДЗЕ БХД. Вінцэнт Гадлеўскі 09:59 22/11/17


Гадлеўскі Вінцэнт (Вікенцій Іванавіч) - ідэолаг беларускага нацыянальнага руху 20-х – пачатку 40-х гг. ХХ стагоддзя. Удзельнік Усебеларускага з’езду 1917 г. Сябра Рады БНР. Адзін з лідэраў БХД і аўтар праграмных тэкстаў Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі. Падчас нямецкай акупацыі – галоўны школьны інспектар пры генеральным камісарыяце Беларусі. Старшыня падпольнай Беларускай Нацыянальнай Партыі. Адкрыты супраціўнік савецкай ўлады і тайны вораг гітлераўскай адміністрацыі.

Нарадзіўся Вінцук Гадлеўскі 16 лістапада 1888 года ў Шурычах, вёсцы ля мястэчка Поразава на Гарадзеншчыне.

Ужо ў юнацтве Вінцук вырашыў стаць ксяндзом – і ў 1912 годзе скончыў Віленскую духоўную семінарыю, а ў 1916-ым – Пецярбургскую духоўную акадэмію. У ліпені 1914-га быў высвечаны на святара – за два месяцы да пачатку Першай сусветнай вайны.

Яшчэ студэнтам Вінцук Гадлеўскі стаў нефармальным лідэрам у гуртку будучых хадэкаў. Менавіта тады, напачатку страшнага веку гвалту й крыві, ён выбраў найцяжэйшы крыж – праводзіць у Беларусі палітыку Ісуса Хрыста.

З 1918 года ў Менску, Вінцэнт Гадлеўскі пачаў служыць імшу ў катэдры з казанямі па-беларуску. Высланы касцёльным кіраўніцтвам у Нясвіж, выкладаў у нясвіжскай беларускай семінарыі.

У 1924 годзе, прызначаны ў парафію Жодзішкі ля Смаргоні – і за два гады абудзіў тысячы беларусаў да нацыянальнай свядомасці. У выніку ў 1927 годзе быў арыштаваны нібыта за антыдзяржаўную дзейнасць і два гады правёў у турме на Лукішках.

З 1929 года ксёндз Гадлеўскі ў Вільні. Служыць капеланам у шпіталі. Перакладае на беларускую мову Новы запавет (выдадзены ў 1939 годзе). Рэдагуе “Беларускую крыніцу”.

У 1936 годзе, калі БХД была ператвораная ў “Беларускае Народнае Аб’яднанне”, нязгодны Гадлеўскі стварыў уласны рух – “Беларускі Фронт”.

З пачаткам Другой сусветнай вайны – у Коўне, Варшаве, затым у Берліне. Вяртаецца ў Беларусь у 1941 годзе, і яго прызначаюць галоўным інспектарам беларускіх школаў.

Вінцэнт Гадлеўскі быў апосталам нацыянальнай ідэі тады, калі Беларусь руйнавалі дзве сусветныя вайны, рвалі рэвалюцыі, тапталі таталітарныя рэжымы. Ва ўмовах акупацыі й няспыннага генацыду, на мяжы жыцця й смерці здрадзе, хлусні й нянавісці маглі супрацьстаяць толькі воля і вера, падуладныя Богу.

Таемна, у распаласаванай фронтам ІІ Сусветнай вайны Беларусі Гадлеўскі заснаваў газэту "Беларускі фронт" і камітэт "Беларускі Народны Фронт". Так Вінцэнт Гадлеўскі стаў хросным бацькам БНФ – аб'яднання нацыянальных сілаў пад акупацыяй.

За ім палявалі НКВД, дэфензіва і гестапа. Ён арганізаваў беларускае падполле й халаднакроўна вёў замежныя перамовы з заходнімі саюзнікамі тады, калі паўсвету правальвалася ў апраметную. Заўжды ў сэрцы падзеяў, ксёндз Гадлеўскі быў першым, хто маліўся і змагаўся за Беларусь.

Айца Вінцэнта Гадлеўскага арыштавалі гестапаўцы. У ноч перад Раством – 24 снежня 1942 г. Пасьля імшы, ад самага касцёла, яго завезлі ў Трасцянец і расстралялі.

Вінцэнт Гадлеўскі – святар, які стаяў за Беларусь перад брамаю пекла. Імша Гадлеўскага значыць для Беларусі не менш, чым Крыж Еўфрасінні й Біблія Скарыны.

У Шурычах захавалася хата Гадлеўскіх, дзе бываў Вінцэнт. Зараз там замацаваны плакат з ягоным жыццяпісам і бел-чырвона-белай стужкай.


З кнігі "Сто асобаў беларускай хрысціянская дэмакратыі"

Знішчэнне камунізма 22:18 09/11/17 1

Беларусы і камунізм

7 лістапада 2017-га спаўняецца 100 гадоў з дня Кастрычніцкай рэвалюцыі – бальшавіцкага перавароту, які за стагоддзе заліў і запырскаў крывёю палову планеты.

Для нас, беларусаў, гэты “юбілей” асаблівы. Менавіта ў Менску ў 1898-ым годзе была заснаваная Расейская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя, зародак будучай камуністычнай імперыі. Менавіта ў Беларусі чырвоныя акупанты расстралялі большасць нацыянальнай эліты – пісьменнікаў, паэтаў, святароў, выкладчыкаў, навукоўцаў. Беларусы масава ўдзельнічалі ў камуністычным руху – і ва Ўсходняй Беларусі, і ў Заходняй.

Але менавіта беларусы ў 1988-ым скаланулі ўвесь тагачасны Савецкі саюз шматтысячнай антыкамуністычнай дэманстрацыяй “Дзяды”, калі была адкрытая праўда пра Курапаты. І менавіта тут, у Віскулях, і было росчыркам пяра пахаванае найвялікшае чырвонае царства – СССР.

Наша краіна страціла мільёны жыхароў у выніку камуністычнага тэрору, прымусовай калектывізацыі, масавых рэпрэсіяў. Але дагэтуль Беларусь застаецца запаведнікам змрочнай бальшавіцкай спадчыны. Мы дагэтуль жывем пад злёгку пераробленым бэсэсэраўскім сцягам, савецкім гербам з чырвонай пентаграмай, ездзім міма “Лініі Сталіна”, ходзім па вуліцах Маркса ды Валадарскага, і кіруе дзяржавай чалавек, які так і не выракся партыйнага білету – кіруе так, як калісьці навучылі яго “таварышы”.

Бо адкуль лукашэнкаўскі “Дэкрэт нумар тры”? Адкуль арышты іншадумцаў? Адкуль вынішчэнне беларускага прадпрымальніцтва – “дробнай буржуазіі”? Грэблівасць да нацыянальнай інтэлігенцыі? Адміністрацыйна-камандная гаспадарка і бясконцыя паборы з людзей? Нянавісць да бел-чырвона-белага сцягу?..

Беларусь усе семдзесят гадоў камунізму разглядалася Крамлём як стратэгічны плацдарм для ўдару па буржуазнай Заходняй Еўропе. 100 прадпрыемстваў “абаронкі”, гіганцкія падземныя бункеры, нафтаперапрацоўчыя заводы на ключавых кірунках наступу, каб запраўляць танкавыя калоны… Што там казаць – некаторыя вуліцы ў Менску будавалі з такім разлікам, каб пасля ядзернага ўдару супраціўніка і абрушэння дзевяціпавярховікаў застаўся праход для танкаў, а цэлыя краі вёсак затаплівалі вадасховішчамі, каб іх люстра было экранам для вайсковых радараў. Рассяленне вайскоўцаў ды адстаўнікоў – о, гэта вымардавала Беларусь настолькі, што зараз мы яе ледзь пазнаем.

На выхадзе з чырвонага пекла

Трыццаць гадоў таму камунізм як глабальная сістэма трэснуў па швах і пачаў развальвацца.

Якія баракі чырвонага канцлагеру засталіся ў свеце? Куба, дзе абслуга гатэляў выпрошвае ў турыстаў зубныя шчоткі і рэшткі рулонаў туалетнай паперы? Асколкі СССР – Прыднястроўе, Паўднёвая Асетыя, Данбас – афшоры тутэйшых бандытаў і расейскага крыміналу? Венесуэла з яе інфляцыяй у некалькі тысячаў адсоткаў, і галоднымі бунтамі народа? КНДР, дзе людзі ядуць траву і кланяюцца машынам (бо машыны ёсць толькі ў “таварышаў начальнікаў”) – але кожны тыдзень суседзі скаланаюцца ад ядзерных пагрозаў?

Дзеля таго, каб зразумець усю пачварную сутнасць чырвонага эксперыменту, дастаткова паглядзець на тыя дзьве Карэі. Адзін народ на адной паўвыспе: на Поўначы галодныя камуністы з ядзернай бомбай, на Поўдні хрысціяне, рынак, поўная чаша і Алімпіяда.

Нават Кітай відавочна зрабіў стаўку на капіталізм ды развіццё нацыянальнай буржуазіі, а Кампартыя засталася адно шыльдай для магутных пластоў алігархіі “прынцаў” ды “мандарынаў”.

Але наіўна было б думаць, што пасьля краху камунізму “Чырвонае кола” больш ня круціцца. Круціцца, ды яшчэ як.

Новыя чырвоныя

Па-першае, легальныя кампартыі дзейнічаюць ў большасці краінаў свету. Камунізм не асуджаны як чалавеканенавісніцкая ідэалогія. Па-другое, атрады чырвоных тэрарыстаў, трацкістаў, мааістаў ды іншых бальшавікоў дагэтуль гойсаюць па джунглях ды ўскраінах айкумены. Па-трэцяе, на прасторах былога СССР зноў “крута” насіць майкі з серпам і молатам ды партрэтам Чэ Гевары.

Злачынная ідэя класавай нянавісці і “роўнасці любым коштам” нікуды ня дзелася. Толькі цяпер у фокусе – не пытанне маёмасці, а пытанне полу. Зноў бадзяецца па Еўропе і тутэйшых бязводных мясцінах чарговы прывід, зноў усталёўваюцца на арэнах грамадскай увагі, ва ўстановах адукацыі ды дзяржаўных кабінетах чарговыя пракруставы ложакі “роўнасці-па-над-усім”, грыміць агрэсіўная прапаганда, распальваецца нянавісць жанчын і разнастайных меншасцяў да “белых гетэрасэксуальных мужчынаў”, і вось ужо ідэі “пазітыўнай дыскрымінацыі” ды мільёны абортаў калечаць цэлыя чалавечыя пакаленні.

Прычына разбуральнасці камунізму ды ягоных наступнікаў – аблуда пра тое, што чалавек сам па сабе добры і здольны пабудаваць ідэальнае грамадства на зямлі. Вінаватыя, маўляў, толькі знешнія умовы, прыгнёт, эксплуатацыя, “рэлігійныя забабоны”, “цысгендэрныя белыя мужчыны”… ды якая розніца хто, камуністы заўсёды знойдуць вінаватых, а камісары запатрабуюць іх расстрэлу, будзьце пэўныя.

Праўду пра тое, што чалавек унутрана схільны да грэху і пра Хрыста, Які бярэ на Сябе чалавечы грэх, каб чалавека з палону вызваліць, людзям чуць цяжка. Тое, што казалі сваім сучаснікам Ефрасіння Полацкая і Кірыла Тураўскі, Скарына і Мікалай Радзівіл Чорны, Кастусь Астрожскі ды Леў Сапега, Адам Станкевіч і Казімір Сьвёнтак - сёння камуністы ад адукацыі выкідваюць з падручнікаў. А мы затыкаем вушы – ну каму ж хочацца слухаць пра сябе непрыемную праўду!

Асабістыя ворагі Бога

Разбуральнасць камунізму заключаецца ў тым, што ягонае вастрыё – агрэсіўнае бязбожжа. “Навуковы атэізм”. Вайна з Богам. “Я ёсць асабістым ворагам Бога” – прызнаваўся Ленін. “Калі Бога няма – значыць, усё дазволена” – сфармуляваў калісьці нашчадак беларускай шляхты і аўтар прарочых “Бесаў” Хведар Дастаеўскі. Таму і расстрэльвалі святароў, руйнавалі храмы, кідалі ў псіхушкі ды турмы вернікаў.

А Беларусь вось ужо тысячу гадоў – краіна, якая трымалася на хрысціянскай веры, культуры, маралі. Полацкае княства – вечавая хрысціянская дэмакратыя. ВКЛ – шляхецкая хрысціянская дэмакратыя. Біблія Скарыны. Статут Вялікага княства з эпіграфамі з Пісання. Адраджэнне ХХ стагоддзя – заклік Зянона шукаць “не кілбасы, а Бога”.

Забіваючы ў галовах і сэрцах беларусаў Бога, камуністы забівалі саму Беларусь.

Але Той, Каго забілі калісь на крыжы, Той, Хто ўзяў усе нашыя грахі на Сябе – уваскрос. І Беларусь уваскрэсьне. Менавіта сімвал Хрыстовага ўваскрасення, бел-чырвона-белы сцяг – быў, ёсць і будзе нашым нацыянальным сімвалам. Бо сапраўдная чалавечая свабода і сапраўдная людская роўнасць – у Ім, нашым Творцы і Збаўцы.

100-годдзю камуністычнай рэвалюцыі ў Беларусі у нашым календары супрацьстаіць і 500-годдзе Бібліі Скарыны, і 100-годдзе БНР і 100-годдзе Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі. З пяцідзесяці лідэраў БХД у міжваеннай Беларусі пятнаццаць прайшлі нацысцкія канцлагеры ці былі знішчаныя нацыстамі, і трыццаць два – прайшлі ГУЛАГ ці былі забітыя камуністамі.

Сваю задачу хрысціянскія дэмакраты бачылі не ў тым, каб пабудаваць Валадарства Божае на зямлі (гэта немагчыма), а ў тым, каб не дапусціць пекла. Дзеля гэтага і Адам Станкевіч, і Вінцэнт Гадлеўскі, і Андрэй Цікота, і Адам Дасюкевіч, і Ян Пазьняк, і Юрый Кашыра, і многія-многія іншыя ахвяравалі сабой.

Забіць дзьверы ў пекла

Камунізм, нароўні з нацызмам у Беларусі мусіць быць афіцыйна асуджаны, а прапаганда ягоных ідэяў ды сімвалаў – заканадаўча забароненая. Гэта абавязкова будзе. Дэкамунізацыя, дэсаветызацыя, дэмантаж усёй чырвонай спадчыны пасля стагоддзя камуністычнага пекла павінны ісці ад зменаў назваў вуліцаў да ўшанавання ахвяраў камуністычнага рэжыму, каб змяніць свядомасць у маштабе ўсяго народа.

А пачынаць, як заўсёды, трэба з сябе.

Збярыце 100 подпісаў за перайменаванне вуліцы, названай у гонар камуністычнага ката – Леніна, Дзяржынскага, Свярдлова, Фрунзэ, Войкава, Ландэра ды іншых – найлепш сярод жыхароў гэтай вуліцы, ды падайце ў выканкам. Зьбярыцеся талакой, пастаўце у сваіх курапатах сотню крыж у памяць забітых. Ахвяруйце на беларускую агучку фільма “Жоўты пясочак” паводле Васіля Быкава ці на помнік расстраляным. Распавядзіце ста сваякам ды сябрам пра жахі камуністычнага тэрору, пра кроў на руках бальшавікоў ды чэкістаў.

Жніво вялікае, працаўнікоў мала. Але зрабіць мусім.

Забіце свае сто цвікоў у труну камунізму – каб прывід больш ня ўстаў з магілы.


СТАГОДДЗЕ БХД. Адам Дасюкевіч 09:38 01/11/17


Адам Дасюкевіч – легенда Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі. Апошні рэдактар “Крыніцы”, ратаўнік Барыса Кіта ад смерці, абаронца беларусаў падчас вайны, бургамістр Паставаў, забіты акупантамі, чалавек надзвычай сціплы ў звычайным жыцці. “Ціхі, працавіты патрыёт” – напісаў пра яго ў сваёй кнізе “Пад знакам Пагоні” сябра Рады БНР Язэп Малецкі.

Нарадзіўся Адам у вёсцы Копцевічы Ашмянскага павету (цяпер Смаргонскі раён) 5 чэрвеня 1911 года, калі многія будучыя лідэры БХД ужо былі высвечаныя на святарства – прычым ягонай матуляй была сястра Адама Станкевіча. Адась рана застаўся без маці – яна загінула, калі бацька быў на Першай сусьветнай. Прытулілі яго з сястрычкай добрыя людзі.

У 1933 годзе скончыў Віленскую Беларускую Гімназію – гняздо беларускасці, дзе выкладалі Максім Гарэцкі, Антон Луцкевіч, Рыгор Шырма, а з 1937-39 гадах узначаліў Беларускі Студэнцкі Саюз. У 1936 -38 гадах рэдагаваў газету БХД “Беларуская Крыніца”. Настаўнічаў у Варапаеве. У 1940 годзе Адам пабраўся шлюбам з Лідзіяй Сікорай – дачкой знакамітага садавода Івана Сікоры, і ў 1941-ым, дзеля цяжкасці з працай, маладая сям’я выехала ў БССР, каб дапамагаць даглядаць знакаміты сікораў сад.

Напрыканцы 1941 года, калі немцы ўжо цалкам занялі Беларусь і наладжвалі цывільную адміністрацыю на месцах, на прапанову дзеячаў Беларускага Нацыянальнага Камітэту Язэпа Малецкага і братоў Пецюкевічаў, менавіта агранома Адама Дасюкевіча прызначылі старшынём Пастаўскага павету і бурмістрам Паставаў.

Аднаго разу немцы рабілі ў Паставах экзекуцыю, і нейкі чын СС прыйшоў да дырэктара настаўніцкай сэмінарыі Барыса Кіта, каб запатрабаваць у яго студэнтаў для прыборкі вуліцаў ад трупаў. Кіт адмовіўся. Немец прыгразіў расстрэлам. Кіт адмовіў зноў. Тады эсэсавец дастаў пісталет і стрэліў. У апошні момант Адам Дасюкевіч выбіў пісталет, і куля увайшла ў сцяну. Так быў уратаваны будучы творца амерыканскага касмічнага цуду.

Але Дасюкевічу гэтага не прабачылі. 31 кастрычніка 1943 года, калі нацысты чарговы раз запатрабавалі здаць збожжа для вывазу ў Нямеччыну, Адам Дасюкевіч адказаў: людзі ўжо аддалі ўсё, што маглі. Зондэрфюрэр СС, прысланы забясьпечыць здачу і перавоз харчавання, застрэліў Дасюкевіча проста на вуліцы.

Пахаванне хрысціянскага дэмакрата Адама Дасюкевіча ператварылася ў маніфестацыю. Сотні й сотні людзей не пабаяліся прайсці працэсіяй па вуліцах Паставаў - і пакінулі на могілках мноства вянкоў з бел-чырвона-белымі стужкамі.

З кнігі "Сто асобаў беларускай хрысціянская дэмакратыі"




СТАГОДДЗЕ БХД. Янка Семашкевіч 22:33 29/10/17


30 кастрычніка - дзень народзінаў Янкі Семашкевіча.

Янка Семашкевіч, ён жа Янка Быліна – ксёндз, адзін з заснавальнікаў БХДЗ, пісьменнік і публіцыст.

Уваходзіў у кола ксяндзоў-беларусаў, якія засноўвалі Беларускую Хрысціянскую Дэмакратычную Злучнасць, уводзіў беларускую мову ў казанях.

Нарадзіўся Ян Семашкевіч у вёсцы Лакцяны Свянцянскага павету (цяпер Астравецкі раён Гарадзеншчыны) у сялянскай каталіцкай сям’і 30 кастрычніка 1883 года.

У 1907 годзе скончыў Віленскую духоўную семінарыю, дзе пазнаёміўся з будучымі заснавальнікамі БХДЗ Уладзіславам Талочкам і Францішкам Грынкевічам. У тым жа годзе быў высвечаны на святара. Служыў у касцёлах на Віленшчыне, Ашмяншчыне, Беласточчыне.

З 1910 года – адміністратар у парафіі Дварэц (мястэчка ў лясах паміж Наваградкам і Слонімам). З 1925 года – пробашч у Лаварышках. З 1933 года служыў на Беласточчыне — у Янаве (1933—1937), Ялоўцы (1937—1939), Міхалове (1939—1946), Бомблі (1946—1956).

Быў адным з арганізатараў Беларускай канферэнцыі 1917-18 гг у Вільні.

Аўтар некалькіх кнігаў вершаў, п’есаў і прыпавесцяў. Адна з іх, “На покуці” (1934) была сканфіскаваная польскімі ўладамі.

У верасні 1939 года арыштоўваўся НКВД.

Памёр Янка Быліна у 1956 годзе, пахаваны каля касцёла ў Бомблі на Беласточчыне.

СТАГОДДЗЕ БХД. 2006-2008 22:50 26/10/17


Прэзідэнцкая кампанія 2006 года, дзе быў вылучаны адзіны кандыдат ад дэмакратычных сілаў Алесь Мілінкевіч (яго аргкамітэт БХД падтрымліваў адпачатку), дазволіла хадэкам істотна пашырыць свае шэрагі і ўзмацніць уплыў. Аляксей Шэін працаваў кіраўніком прэс-службы, а потым спічрайтэрам Мілінкевіча, Віталь Рымашэўскі адказваў за правядзенне кампаніі адзінага па найвялікшым раёне Менску - Фрунзенскім, я стаў даверанай асобай кандыдата. Падчас кампаніі нашай важнай задачай было далучэнне да БХД новых людзей – і ў выніку ўлетку 2006 года лік сябраў аргкамітэту ўжо перавышаў 150 чалавек .

Вялікую ролю ў разгортванні БХД адыграла кампанія “За свабоду веравызнання”, ініцыяваная Віталём Рымашэўскім і Аляксеем Шэіным: у красавіку 2007 года супольна з пратэстанцкімі цэрквамі, з удзелам каталіцкіх і праваслаўных актывістаў аргкамітэт БХД распачаў збор подпісаў за ўнясенне зменаў у дзеючы закон “Аб свабодзе сумлення” (рэпрэсіўны ў дачыненні да неправаслаўных вернікаў). Летам 2007 года дзясяткі цэркваў і сотні актывістаў БХД па ўсёй краіне выйшлі на вуліцы з падпіснымі аркушамі. Збор вёўся ў больш як 70 населеных пунктах, у дамах малітвы, парках, спальных раёнах, цэлы аўтобус зборшчыкаў прыехаў на каталіцкі фэст у Будславе (18 чалавек было затрымана) – і ўжо ў лютым 2008 года 50 000 подпісаў былі перададзеныя ва ўладныя ўстановы.

Змены ў закон прынятыя не былі, але пасля масавай кампаніі ўлады спынілі практыку паўсюднага пераследу незарэгістраваных грамадаў, хростаў, набажэнстваў, высылкі місіянераў. Вынік кампаніі істотна падвысіў вядомасць і аўтарытэт БХД сярод вернікаў.

Па вызваленні з Малога Сітна мэтанакіраваныя аб’езды беларускіх рэгіёнаў пачаў і я сам – і за паўтара гады правёў сустрэчы ў больш як 120 гарадах, вёсках і мястэчках.

У выніку першыя рэгіянальныя суполкі БХД былі створаныя ў вялікіх гарадах праз хрысціянскіх актывістаў, маладафронтаўцаў і ўдзельнікаў кампаніі “За свабоду веравызнання”. Рэгіянальнымі лідэрамі БХД сталі пратэстанты Павел Наздра (электрык, Мазыр), Юрась Ступакоў (вайсковец, Баранавічы), Андрусь Любянчук (прадпрымальнік, Берасце), Георгій Зьмітрук (прадпрымальнік, Кобрын), Георгій Салаўёў (пастар, Лепель), Віктар Мезінцаў (прадпрымальнік, Наваполацк), Таццяна Шамбалава (студэнтка, Магілёў), Віктар Двурэчынскі (дыякан, Слуцк), праваслаўныя Таццяна Севярынец (настаўніца, Віцебск), Мікалай Баўсюк (фермер, Гародня), Іван Бедка (доктар, Слонім), Таісія Кабанчук (настаўніца, Бабруйск), Юрый Нагорны (пенсіянер, Ворша), Зміцер Кухлей (навуковец, Масты), Кастусь Жукоўскі (прадпрымальнік, Гомель), Аляксей Змушко (прыватны ахоўнік, Рэчыца), каталікі Вадзім Бароўскі (прадпрымальнік, Ліда), Зміцер Лупач (журналіст, Глыбокае), Аляксей Цюлькоў (ветэрынар, Асіповічы), Генрык Рынкевіч (настаўнік, Полацк), Дзяніс Лаеўскі (студэнт, Маладэчна), Юрась Жылко (рабочы, Жодзіна) і многія іншыя.

На восень 2008 года суполкі БХД былі створаныя прыблізна ў паўсотні гарадах Беларусі, і спіс сябраў аргкамітэту уключаў каля 500 чалавек.

У Менску, дзе за працу адказваў Віталь Рымашэўскі, гарадскую арганізацыю разбудоўвалі студэнты Дзяніс Кобрусеў і Зміцер Трафімчук, праваабаронца Ірына Логвін, пісьменніца Галіна Каржанеўская.

Ва Управе БХД ў 2007-2008 гадах склалася моцная каманда мэнэджэраў: пад кіраўніцтвам Дзяніса Садоўскага працавалі сакратар Наталля Васілевіч, арганізатарка экскурсіяў Валерыя Чарнаморцава, медык Валянціна Шычко, студэнткі Любоў Каменева і Ірына Губская.


З кнігі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя"

Працяг будзе

#100гадоўБХД


СТАГОДДЗЕ БХД. Палітыка на біблейскіх прынцыпах 12:27 11/10/17


Паводле пагаднення паміж маладафронтаўцамі і “евангельскімі дэмакратамі”, колькасць сустаршыняў аргкамітэту ў пачатку 2005 года пашырылася да шасці: імі сталі Мікола Арцюхоў, Аляксей Шэін, Павел Севярынец, Георгій Салаўёў, Георгій Змітрук і Анатоль Астапенка. Акрамя таго, да працэсу аднаўлення БХД на розных этапах далучаліся адзін з лідэраў беларускага вулічнага руху Вячаслаў Сіўчык, філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч, пісьменнік Алесь Белы, а таксама колішні маладафронтавец, арганізатар праваслаўнага брацтва Кастуся Астрожскага, Віталь Рымашэўскі.

Першыя буклеты аргкамітэту, праекты сімволікі, базы звестак былі распрацаваныя ўвесну 2005 года.

Да сярэдзіны 2005 году аргкамітэт БХД распрацаваў уласны праект праграмы. У ягонай аснове ляжала маладафронтаўская прапанова для БНФ, дапоўненая праўкамі новых сябраў. У праекце падкрэслівалася пераемнасць сучаснай хадэцыі як ад уладароў-хрысціянаў Полацка ды ВКЛ, так і ад дзеячаў міжваеннай Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, сцвярджаўся новы кшталт палітыкі, заснаванай на біблейскіх прынцыпах, і давалася разгорнутая, на 14 старонак, праграма палітычных, эканамічных і сацыяльных ператварэнняў для Беларусі.

Сёння, на пачатку ІІІ тысячагоддзя ад нараджэння Хрыста, Беларусь востра патрабуе палітычнай сілы, дзейнасць якой заснаваная на падмурку хрысціянскіх каштоўнасцяў, дэмакратычных прынцыпаў і беларускага патрыятызму. Такой новай сілай павінная стаць партыя Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя. (…) Партыя БХД ажыццяўляе дактрыну сучаснай хрысціянскай дэмакратыі ў Беларусі. Яна адстойвае правы і свабоды чалавека, стаіць на пазіцыі адраджэння нацыянальнай свядомасці, змагаецца за незалежнасць беларускай дзяржавы. Хрысціянская дэмакратыя для нас – гэта прыўнясенне хрысціянскіх маральных каштоўнасцяў у палітыку на ўсіх яе ўзроўнях. (…) БХД імкнецца з’яднаць беларускі народ вакол свабоды і дэмакратыі, дзяржаўнасці і суверэнітэту, рынкавай эканомікі і правоў чалавека і нацыі на цвёрдым грунце сутнасна хрысціянскіх каштоўнасцяў і хрысціянскіх традыцыяў” – такі кшталт хадэцыі фармулявала першая праграма Аргкамітэту БХД.

У траўні 2005 года мяне асудзілі за арганізацыю мірнай акцыі пратэсту супраць змены канстытуцыі (паводле якіх Лукашэнка атрымаў магчымасць захоўваць за сабой пасаду прэзідэнта бясконца), і на 2 гады накіравалі на лесанарыхтоўкі ў вёску Малое Сітна на мяжы з Расеяй. Адной з прычынаў такога прысуду, відавочна, было жаданне ўладаў разбурыць дзейнасць аргкамітэту – але схема сустаршынства дазволіла без перашкодаў працягваць партыйнае будаўніцтва. Аляксей Шэін навязваў міжнародныя кантакты, займаўся інфармацыйнай сферай і дбаў пра матэрыяльнае забеспячэнне працы, Мікалай Арцюхоў вёў працу сярод каталіцкіх актывістаў, Георгій Салаўёў і Георгій Зьмітрук навязвалі стасункі з пратэстанцкімі цэрквамі, Анатоль Астапенка – з праваслаўнымі. Значную ролю пачалі адыгрываць таксама выдатны арганізатар Віталь Рымашэўскі (урэшце ён замяніў на пасадзе сустаршыні Анатоля Астапенку) і моцны мэнэджар Дзяніс Садоўскі з царквы “Ян Прадвеснік”.


З кнігі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя"

Працяг будзе

#100гадоўБХД

СТАГОДДЗЕ БХД. Маладафронтаўцы і евангелісты 19:13 05/10/17 1


У 2004 годзе ў Маладым Фронце адбылася змена пакаленняў: новымі кіраўнікамі МФ сталі Зміцер Дашкевіч і Сяржук Бахун; у сваю чаргу, мы з Аляксеем Шэіным змаглі заняцца тым, пра што марылі яшчэ ў Беларускім Народным Фронце – стварэннем хрысціянска-дэмакратычнай партыі.

Першай ініцыятыўнай групай хадэцыі былі хрысціяне-маладафронтаўцы старэйшага ўзросту, а таксама нашы палітыкі-аднагодкі каталік Мікола Арцюхоў, лідэр супольнасці “Хаўрус сяброў”, і вернік евангельскай царквы Зміцер Марчук. Паколькі партыя задумвалася як шматканфесійная, сустаршынямі аргкамітэту сталі каталік Мікалай Арцюхоў, пратэстант Аляксей Шэін і праваслаўны Павел Севярынец.

Увосені 2004 года на ініцыятыву Аляксея Шэіна прайшла наша сустрэча з пастарамі-пратэстантамі, якія удзельнічалі ў выбарчых кампаніях 2001- 2004 гадоў: пастарам лепельскай евангельскай царквы Георгіем Салаўёвым, пастарам Дзяржынскай царквы ХВЕ Мікалаем Козелам, кобрынскім пратэстантам-прадпрымальнікам Георгіем Змітруком. Высветлілася, што многія пратэстанцкія святары і вернікі таксама абмяркоўваюць ідэю “хрысціянскай партыі”.

18 снежня 2004 года ў Менску ў гатэлі “Планета” адбылося першае паседжанне аб’яднанага аргкамітэту хрысціян-маладафронтаўцаў і групы “евангельскіх дэмакратаў”. На ім было прынята рашэнне: стварыць хрысціянска-дэмакратычную партыю і назваць яе ў гонар легендарнай папярэдніцы - “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”.


З кнігі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя"

Працяг будзе

#100гадоўБХД

СТАГОДДЗЕ БХД. Хрысціянская дэмакратыя ў Маладым Фронце 13:49 03/10/17


З сярэдзіны 1998 года яшчэ адным агмянём хрысціянскай дэмакратыі ў Беларусі стаў Малады Фронт. Створаны на хвалі масавых вулічных дэманстрацыяў 1996-97 гадоў як маладзёвае крыло БНФ, Малады Фронт хутка набраў папулярнасць і стаў масавым рухам з дзесяткамі рэгіянальных радаў, больш як сотняй мясцовых суполак і некалькімі тысячамі удзельнікаў; ужо напрыканцы 1997-га ён стаў аўтаномным, а пасля расколу 1999 года – і фактычна самастойным.

Ужо ў чэрвені-верасні 1998 года шэраг лідэраў МФ (Яўген Скочка, Аляксей Шэін, Сяржук Паўленка і аўтар гэтых радкоў) пачалі акрэсліваць ідэалогію руху як хрысціянска-дэмакратычную. Вялікую ролю ў гэтым адыграла хваля асабістых пакаянняў і навяртанняў, а таксама дзейнасць хрысціянскай супольнасці “Ян Прадвеснік”, якая выйшла з рыма-каталіцкай парафіі Святой Тройцы (на Залатой горцы) і была зарэгістраваная як поўнаевангельская царква.

У лютым 1999 года на 2-ім Сойме Маладога Фронту ў прысутнасці больш як 450 дэлегатаў словы пра хрысціянскія каштоўнасці руху і цытаты з Бібліі гучалі на поўны голас.

На з’ездзе БНФ 31 ліпеня-1 жніўня 1999 года фракцыя Маладога Фронту (больш як 30 дэлегатаў) раздала народафронтаўцам праграмны дакумант пад назвай “Другое дыханьне Фронту”, дзе прапанавала ператварыць БНФ у хрысціянска-дэмакратычную партыю. Праект быў адхілены.

З верасня маладафронтаўцы-хрысціяне заснавалі ў Менску клуб “Хрысціянская ініцыятыва” і пачалі арганізоўваць для моладзі сустрэчы са святарамі і вернікамі розных канфесій.

Ужо ўвосені 1999-увесну 2000 года хрысціянскае абуджэнне ў Маладым Фронце выклікала бурлівую ўнутраную дыскусію, якая выплеснулася на старонкі незалежнай прэсы. На 3-цім Сойме Маладога Фронту 1 ліпеня 2000 года ў Менску спаборнічалі хрысціянска-дэмакратычная (Севярынец, Шэін, Скочка) і кансерватыўная (Шыдлоўскі, Янукевіч, Лабковіч) плыні. З вялікай перавагай (92 дэлегаты супраць 35) была прынятая хрысціянская праграма “Малады Фронт пераменаў”.

Больш падрабязна пра гэта можна прачытаць у кнізе “Пакаленне Маладога Фронту”.

Маладафронтаўская эвалюцыя 1997-2000 гадоў – ад пратэстнага руху да хрысціянскай дэмакратыі – сталася ключавой у справе адраджэння хадэцыі ў Беларусі. Менавіта з МФ выйшлі тыя, хто праз некалькі гадоў аднавіў БХД.


З кнігі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя"

Працяг будзе

#100гадоўБХД

СТАГОДДЗЕ БХД. Кансерватыўна-Хрысціянская партыя БНФ 23:54 28/09/17


У выніку ўнутранага крызісу і працы спецслужбаў у другой палове 1999 года адбыўся раскол Беларускага Народнага Фронту. Пасля агульнага з’езду 31 ліпеня-1 жніўня, дзе пытанне аб выбарах старшыні падзяліла Фронт практычна напалову, 26 верасня 1999 года частка сябраў БНФ “Адраджэнне” - прыхільнікаў шматгадовага лідара народафронтаўцаў Зянона Пазняка - правяла ў Менску асобны з’езд і абвясціла пра стварэнне Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі БНФ. 28 лютага 2000 года Міністэрства юстыцыі зарэгістравала КХП БНФ, а 24 красавіка таго ж года Партыю БНФ, чым замацавала раскол.

Сярод лідэраў КХП БНФ, акрамя Зянона Пазняка – выконваючы абавязкі старшыні ў Беларусі Юрась Беленькі, намеснік старшыні Сяргей Папкоў, кіраўнік Управы Алесь Чахольскі.

У пункце 2.6 Праграмы КХП-БНФ сцвярджаецца: “Беларусь - краіна хрысціянскай веры і хрысціянскай культуры. Хрысціянскія каштоўнасці сталі часткай нашага нацыянальнага светапогляду і нацыянальнага характару, уплывалі на традыцыі беларускай культуры. Цяпер мы ёсць шматканфесійны хрысціянскі народ. Але дзяржаватворчай асновай на Беларусі з'яўляецца нацыя, а не канфесія. Таму беларуская гісторыя, зямля, культура і мова ёсць грунт нашага беларускага адзінства, а канфесійная талерантнасць ёсць неабходнасць, якая з гэтага нашага нацыянальнага адзінства вынікае.”

Ідэалогію КХП БНФ можна акрэсліць хутчэй як кансерватызм ці нацыяналізм з дамешкам хрысціянскай дэмакратыі. Партыя мае пэўныя сувязі з вернікамі грэка-каталіцкай царквы, шэраг сябраў з ліку рыма-каталікоў і пратэстантаў.

КХП БНФ дагэтуль прынцыпова байкатуе ўсе выбары, абвешчаныя рэжымам Лукашэнкі, праводзіць мемарыяльныя мерапрыемствы (найперш – праводзіць талокі і ставіць крыжы ды памятныя камяні ў народным мемарыяле Курапаты) і арганізоўвае штогадовыя шэсці на Дзяды.


З кнігі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя"

Працяг будзе

#100гадоўБХД

Стагоддзе БХД. Ад ХДП да МХСС 11:23 25/09/17


У 1993 годзе БХДЗ напаткаў крызіс. Кіраўніцтва партыі падтрымала палітычны праект старшыні БСДГ Міхася Ткачова “Новая Беларусь” – спробу з’яднаць дэмакратычныя сілы (сацыял-дэмакратаў, лібералаў, нацыянал-дэмакратаў, хадэкаў) па-за БНФ. Але значная частка БХДЗ, якая заставалася сябрамі шырокага Народнага фронту, выступіла супраць. Адбыўся раскол, у выніку якога ўтварыліся дзьве невялікія партыі – БХДЗ з усечаным кіраўніцтвам і Беларуская Хрысціянска-Дэмакратычная Партыя пад уплывам БНФ. Значная частка сябраў БХДЗ, у тым ліку і некаторыя сустаршыні, проста сышла з палітычнай дзейнасці.

БХДЗ узначаліў Міхась Арэшкаў, ягоным намеснікам стаў Пятро Сілка, затым ён змяніў Міхася Арэшкава на пасадзе кіраўніка.

Канферэнцыя БХДП прайшла ў Менску ў 1994 годзе. Старшынём партыі быў выбраны гісторык, філосаф Мікалай Крукоўскі, ягонымі намеснікамі сталі заступнік старшыні БНФ Юрый Хадыка і актывістка жаночага руху Людміла Пеціна. З дапамогай Фронту БХДП стварыла рэгіянальныя аддзяленні ў большасці вялікіх гарадоў Беларусі, шэраг сябраў БХДП былі выбраныя дэпутатамі мясцовых саветаў (напрыклад, Хрыстафор Жэляпаў і Міхась Шлык у Віцебску).

У 1995 годзе, якраз “пад выбары” ў Вярхоўны Савет 13-га склікання, паўстаў яшчэ адзін беларускі хрысціянска-дэмакратычны праект – “Хрысціянска-Дэмакратычны Выбар”. Валер Сарока, адзін са следчых па нашумелай “віцебскай справе”, адсядзеў у турме, стаў бізнэсоўцам, напісаў некалькі дэтэктываў – і вырашыў укласціся ў палітычную партыю. Паводле праграмных дакумантаў, ХДВ ставіла сабе за мэту абароны прадпрымальніцтва, стварэнне багатага сярэдняга класу і ператварэнне грамадства на аснове хрысціянскіх каштоўнасцяў. ХДВ правяла устаноўчы сход 31 студзеня 1995 года, была зарэгістраваная 21 красавіка 1995 года і пасля няўдалых выбараў практычна спыніла дзейнасць.

У другой палове 1990-х хрысціянска-дэмакратычную партыю паспрабаваў стварыць кіраўнік фонду “Дзецям Чарнобыля” Генадзь Грушавы. Маючы моцныя сувязі з хрысціянска-дэмакратычнымі партыямі Еўропы (найперш нямецкімі ХДС-ХСС і італьянскімі хадэкамі, якія падтрымлівалі гуманітарныя праекты), а таксама разгалінаваную сетку прадстаўніцтваў у рэгіёнах ( да 500 тысячаў беларускіх дзяцей дзякуючы працы фонда Грушавога, выязджалі на аздараўленне ў еўрапейскія краіны), ён разлічваў арганізаваць глыбока ўкарэненую “народную хадэцыю”.

Для пачатку у 1997 годзе Генадзь Грушавы ініцыяваў заснаванне маладзёвай арганізацыі Маладзёжны Хрысціянска-Сацыяльны Саюз (зарэгістраваны як грамадская арганізацыя ў тым жа годзе). Узначаліў МХСС Кірыл Ігнацік, сябрамі МХСС былі заўважныя асобы: палітолаг, рэдактар часопіса “Палітычная сфера” Андрэй Казакевіч, Алесь Шумкевіч, Віталь Рымашэўскі.

Але ў 1998-99 гадах рэжым праз сфабрыкаваныя крымінальныя справы і ціск разбурыў структуры фонду Грушавога. Спроба зноў засталася спробай.

Ніводная з хрысціянска-дэмакратычных партыяў 1990-х у 1999 годзе не прайшла перарэгістрацыю; ўсе структуры ўжо спынілі дзейнасць.

Такім чынам, спробы аднавіць у Беларусі масавую хрысціянска-дэмакратычную партыю ў 1990-ых так і засталіся спробамі: стратэгія “заняцця палітычнай нішы” не спрацоўвала.

Але ідэя па-ранейшаму лунала ў паветры.


З кнігі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя"

Працяг будзе

#100гадоўБХД

СТАГОДДЗЕ БХД. Пяць сустаршыняў 14:21 21/09/17


Увесну 1991 года сярод сябраў БНФ склалася ініцыятыўная група аднаўлення Беларускай Хрысціянска-Дэмакратычнай Злучнасці. Збіраліся ў Доме Бембеля – сядзібе скульптара Андрэя Бембеля і ягонага сына Алега ў цэнтры Менску, дзе цяпер месціцца Саюз Мастакоў Беларусі. Ідэя была стратэгічная: адрадзіць легендарную хрысціянска-дэмакратычную партыю, усталяваць стасункі з міжнародным хадэцкім рухам, у хаўрусе з БНФ ды БСДГ ахапіць большую частку беларускага палітычнага поля, узяць уладу і ператвараць посткамуністычную Беларусь паводле запаветаў Хрыста.

1 чэрвеня 1991 года у Мінску адбылася ўстаноўчая канферэнцыя Беларускай Хрысціянска-Дэмакратычнай Злучнасці. Удзельнічалі 102 чалавекі, у асноўным прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі – менавіта яны сталі ядром новай партыі. Паводле Статута, сябрам БХДЗ мог быць любы грамадзянін Беларусі, які падзяляе маральна-этычныя запаветы Хрыста.

Сустаршынямі БХДЗ сталі грамадскі актывіст Міхась Арэшкаў (ад праваслаўных), пастар Беларускай Евангельскай Царквы Эрнст Сабіла (ад пратэстантаў), паэтка й выкладчыца Ірына Багдановіч (ад рыма-каталікоў), мастак і скульптар Фелікс Янушкевіч (ад грэка-каталікоў) і Пятро Сілка (сустаршыня-каардынатар). 16 снежня 1991 года БХДЗ была зарэгістраваная Міністэрствам юстыцыі.

БХДЗ аднавіла выданне знакамітай “Крыніцы”, якую рэдагаваў Алесь Траяноўскі. На той момант толькі БНФ і БХДЗ мелі свае масавыя партыйныя выданні.

Найбольш моцныя рэгіянальныя аддзяленні БХДЗ былі створаныя ў Гомелі, Гародні, Берасці, Магілёве, Полацку.

Кіраўніцтва БХДЗ наладзіла сувязь з Хрысціянска-Дэмакратычным Інтэрнацыяналам і падрыхтавала дакуманты для ўступлення ў сусветную хадэцкую сям’ю.

Разам з тым, галоўнай праблемай БХДЗ 1991-94 гадоў была слабая сувязь з цэрквамі і асяроддзямі вернікаў, а таксама несістэмнасць працы з рабочым, маладзёвым, прадпрымальніцкім рухам. БХДЗ засталася нешматлюднай партыяй веруючай інтэлігенцыі – і хутчэй спробай, чым рэальным адраджэннем БХД.


З кнігі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя"

Працяг будзе

#100гадоўБХД

СТАГОДДЗЕ БХД. Развал СССР і Адраджэнне 10:17 15/09/17 2


Другая палова ХХ стагоддзя – ад вайны да савецкай Перабудовы – засталася ў гісторыі беларускай хрысціянскай дэмакратыі як эпоха рэха. Дзясяткі лідэраў і сотні сябраў партыі былі знішчаныя, арыштаваныя, раскіданыя па свеце. 1950-я-1980-я гады сталіся часам збірання інфармацыі, успамінаў, слядоў легендарнай БХД – прычым пераважна на эміграцыі: у СССР гісторыя “буржуазнай, клерыкальнай, нацыяналістычнай партыі” была проста пад забаронай.

З сябраў кіраўніцтва БХД ацалелі хіба Віктар Шутовіч (пасля ГУЛАГу служыў у падпольнай парафіі ў Барысаве, памёр у 1960 годзе), Дамінік Аніська (праз удзел у Арміі Андэрса трапіў у Велікабрытанію, памёр у Лондане ў 1971 годзе), Янка Шутовіч ( пасля ГУЛАГу – у Вільні, адышоў у 1973 годзе), Язэп Германовіч ( пасля вызвалення – у Лондане, памёр у 1978 годзе), ксёндз Пётра Татарыновіч (на эміграцыі ў Рыме, адышоў у 1978 годзе), Язэп Малецкі ( з 1944 году на эміграцыі, стаў лідэрам беларускай дыяспары ў Аўстраліі, памёр там у 1982 годзе), Язэп Барадзюля (пасля ГУЛАГу – у касцёле ў Рызе, памёр у 1983 годзе), Язэп Найдзюк (пасля вайны жыў у Польшчы пад імем Юзафа Александровіча, памёр у 1984 годзе), Віктар Ярмалковіч (пасля ГУЛАГу працаваў дантыстам у Польшчы, памёр у 1987 годзе), Павел Каруза (пасля ГУЛАГу ў Вільні, адышоў у 1988 годзе) і нямногія іншыя.

Успаміны і матар’ялы, датычныя БХД, захаваліся ў архівах дзякуючы падшыўкам “Крыніцы” і “Хрысціянскай думкі”, а таксама ў кнізе Язэпа Малецкага “Пад знакам “Пагоні”, часопісе “Божым шляхам”, які выдавалі айцы Леў Гарошка, Язэп Германовіч і Аляксандр Надсан. Біяграфіі дзеячаў БХД сабраў увадно Юрась Гарбінскі, звесткі пра рэпрэсаваных святароў – Леанід Маракоў.

Але ідэя хрысціянскай дэмакратыі ў Беларусі, пасеяная ў крыві і попеле, толькі чакала свайго часу, каб прарасці.

Напрыканцы ХХ стагоддзя, на 70-ым годзе свайго існавання (відавочныя паралелі з біблейскай гісторыяй і вавілонскім палонам) Савецкі Саюз заканамерна пагрузіўся ў крызіс. Перабудова 1985-89 гадоў узламала закасцянелую савецкую дыктатуру знутры. Дэмакратызацыя і галоснасць разам з эканамічным крызісам адчынілі брамы для некамуністычных сілаў – і прывялі да стварэння адзінага фронту антысавецкіх ліберальных, кансерватыўных, сацыял-дэмакратычных і хрысціянска-дэмакратычных рухаў.

Заснавальнік і лідэр БНФ, Зянон Пазняк быў унукам аднаго з кіраўнікоў БХД і старшыні БНА – Яна Пазняка, знішчанага камуністамі ў 1940-ым годзе. У гэтым – глыбокі сімвалізм і пераемнасць пакаленняў беларускага руху. Менавіта Зянон Пазняк як вернік сфармуляваў галоўны імператыў нацыянальнага Адраджэння на развалінах савецкай сістэмы, у галодныя 1990-я: “Не кілбасы мусім шукаць, а Бога”. Аўтар глыбокіх аналітычных артыкулаў, вершаў і фотаальбомаў з выразным хрысціянскім кодам, Зянон Пазняк з поўным правам можа лічыцца адной з ключавых асобаў у справе аднаўлення хрысціянскай дэмакратыі ў Беларусі.

Сярод сябраў тадышняга шырокага БНФ мы заўважаем і іншых будучых дзеячаў хрысціянскай дэмакратыі – Міхася Арэшкава, Эрнста Сабілу, Мікалая Крукоўскага, Генадзя Грушавога, Юрыя Хадыку ды іншых.

“Усё тады круцілася вакол БНФ” – узгадвае адзін з аднаўляльнікаў БХДЗ праваслаўны актывіст Міхась Арэшкаў, - “І пазнаёміліся мы з будучымі хрысціянскімі дэмакратамі якраз на фронтаўскіх сходах”.

Цесна звязанай з Народным фронтам была і Беларуская Каталіцкая Грамада – грамадская арганізацыя, створаная вернікамі дзеля “вяртання беларускага Касцёлу да нацыянальных вытокаў”. Устаноўчы сход БКГ прайшоў 16 чэрвеня 1990 года – і ў яе працы бралі ўдзел Сяржук Абламейка, Данута Бічэль, Мікола Купава, Яўген Шунейка, Фелікс Янушкевіч, Алесь Бяляцкі ды іншыя вядомыя дзеячы інтэлігенцыі. Грамада перавыдала кнігу ксяндза Адама Станкевіча “Родная мова ў святынях”, зборнік вершаў Андрэя Зязюлі (ксяндза Аляксандра Астрамовіча), а таксама дамагалася беларусізацыі касцельнага жыцця.

Сэрцам БКГ была супольнасць менскага касцёла святога Роха (“касцёл на Залатой горцы”): паводле Алеся Бяляцкага, увесь Касцёл глядзеў на яскравы маладзёвы, творчы рух і чакаў, што з гэтага атрымаецца. Людзі масава пайшлі ў супольнасць – і быў адчынены шлях да беларусізацыі іншых парафіяў.

У 1992 годзе, паводле сведчанняў старэйшых фронтаўцаў, БНФ мог ператварыцца ў хрысціянска-дэмакратычную партыю: тады і Зянон Пазняк, і ягоны антаганіст прафесар Юрый Хадыка разам заклікалі выбраць хадэцыю як галоўнае рэчышча ідэалогіі Фронту. Але на праграмным З’ездзе 30 траўня 1993 года група прагматыкаў заблакавала гэты праект.

Але праз дзесяцігоддзе менавіта з нетраў БНФ ды ягонага маладзёвага крыла – Маладога Фронту – выйшлі тыя, хто напачатку ХХІ стагоддзя аднавіў саму Беларускую Хрысціянскую Дэмакратыю.


З кнігі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя"

Працяг будзе

#100гадоўБХД

СТАГОДДЗЕ БХД. Як камуністы знішчалі хадэкаў 11:31 11/09/17


Першай ахвярай бальшавіцкага тэрору з ліку заснавальнікаў Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі быў ксёндз Міхаіл Буклярэвіч, пробашч касцёла ў Іказні Браслаўскага павету. 14 чэрвеня 1919 года на парафіяльным фэсце Цела й Крыві Хрыста ён узначаліў паўстанне супраць камуністычнай улады, якая наладзіла тэрор супраць жыхароў краю. Паўстанцам удалося вызваліць Іказнь, Слабодку, Мілашова, Мёры, Чэрасы, Ёды, Шаркаўшчыну, Германавічы, але сілы былі няроўныя. Пасля разгрому паўстання 27 чэрвеня 1919 года ксёндз Буклярэвіч быў асуджаны на смерць і расстраляны.

29 снежня 1926 года ОГПУ арыштавала сябра БХДЗ ксяндза Язэпа Барадзюлю, пробашча парафіі ў Бешанковічах, Ушачах і Камені-Губінскім. 25 гадоў ксяндза Язэпа кідалі па савецкіх лагерах: 3 гады на Салаўках, 3 гады Архангельск, Сыктыўкар, вызваленне, адмова супрацоўнічаць з ворганамі – зноў Архангельск, Нарыльск, Каларгон, Канск, Тугач Краснаярскага края, вызваленне, зноў арышт, на гэты раз пажыццёвая ссылка ў Сібіры…

У 1927 годзе ОГПУ быў арыштаваны ксёндз Ян Вярсоцкі, удзельнік гістарычнага з’езду 1917 года, з 1919 года - адміністратар парафіі Забэлы на Віцебшчыне. З 1928 года на Салаўках, зноў арыштаваны ў 1931 годзе, адпраўлены ў лагер у Алма-Ату, па сканчэнні тэрміну прысуджаны да расстрэлу і знішчаны ў турме НКВД 11 снежня 1937 года.

16 чэрвеня 1931 года ў Вільні ў выніку тэрору звар’яцеў і застрэліўся сябра БХД, пробашч касцёла ў Кемелішках ксёндз Францішак Рамэйка.

У 1934 годзе савецкая выведка выманіла ў БССР былога старшыню ЦК БХД кампазітара Паўла Карузу, і пад катаваннямі вымусіла яго ілжэсведчыць супраць хрысціянскіх дэмакратаў. Арыштаваны ў тым жа 1934-ым, Каруза прайшоў Салаўкі (1934-1947), потым Нарыльскі лагер (1949-55) і памёр у Вільні ў 1988-ым.

Увосені 1939-га, пасля захопу Саветамі Заходняй Беларусі, НКВД арыштавала большасць кіраўнікоў хадэцыі, якія яшчэ заставаліся ў краіне.

Былы сенатар Рэчы Паспалітай, лідэр праваслаўнага крыла БХД Вячаслаў Багдановіч, вызвалены з польскага канцлагеру ў Картуз-Бярозе, быў закатаваны ў турме ў Вілейцы ў канцы 1939-ага.

Старшыня ЦК БНА Ян Пазняк быў вывезены з Вільні ў Старую Вілейку і забіты каля 1940 года.

Архімандрыт Францішак Абрантовіч, стваральнік БХДЗ, быў захоплены немцамі ў 1939-ым, перададзены НКВД, катаваны – і памёр пакутнікам у маскоўскай Бутырцы ў 1946.

Баляслаў Бабарыка-Гапановіч, кіраўнік будслаўскага гуртка БХД, арыштаваны ўвосені 1939-га, прайшоў ГУЛАГ і ў 1942 годзе як былы польскі грамадзянін трапіў у Армію Андэрса. Ваяваў. Тымчасам ягоная сям’я і старыя бацькі былі адпраўленыя ў ссылку ў Казахстан як сваякі “ворага народа”.

У 1944 і 49-ым гадах НКВД арыштоўвала лідэра БХД ксяндза Адама Станкевіча. У 1949 годзе з прысудам 25 гадоў пазбаўлення волі ён быў вывезены ў Іркуцкі лагер, дзе і сканаў. Лагерная ахова здзеквалася нават над ягоным трупам.

У 1944 годзе НКВД быў арыштаваны літаратуразнаўца, сябра ЦК БНА і рэдактар часопіса “Калосьсе” Янка Шутовіч. Атрымаўшы 10 гадоў лагероў, ён быў вызвалены ў 1954, але яшчэ 2 гады правёў у высылцы ў Карагандзе.

У 1945 годзе быў арыштаваны і зняволены дзядзька Яна, сябра БХД ксёндз Віктар Шутовіч ( прысуд – 10 гадоў турмы). Вызвалены з ГУЛАГу ў 1956-ым, ксёндз Віктар да смерці кіраваў падпольнай парафіяй у Барысаве ў 1960-ым.

Псіханеўролаг Станіслаў Грынкевіч, сябра ЦК БХД і БНА, быў арыштаваны саветамі ды закатаваны ў Магілёве ў 1945-ым.

Стваральнікі БХДЗ, генерал ордэну марыянаў айцец Андрэй Цікота і айцец Язэп Германовіч, накіраваныя касцельнымі ўладамі з місіяй у Харбін, у 1948 годзе былі выданыя кітайскімі камуністамі саветам, атрымалі па 25 гадоў прысудаў і прайшлі сібірскія лагеры. Цікота загінуў у 1952-ім пад Брацкам, Германовіч дажыў да смерці Сталіна і па вызваленні выбраўся на Захад.

Адзін з праваслаўных лідэраў БХД, арыштаваны пасля вайны, выдавец Яўхім Красоўскі, быў асуджаны на 25 гадоў лагероў, і выйшаў толькі пасля смерці Сталіна.

Старшыня ЦК БХД у 1931-36 гадах, віцэ-старшыня БІГіК Адольф Клімовіч быў арыштаваны МГБ у 1952 годзе ў Лідзе, прысуджаны да расстрэлу, але пасля смерці Сталіна вышэйшая мера была замененая на 25 гадоў лагероў. Вызвалены ў 1956-ым.

З лідэраў БХД ад абодвух таталітарных рэжымаў уратаваліся адзінкі – толькі тыя, хто здолеў выбрацца за мяжу. Так, вайсковец і публіцыст Дамінік Аніська пасля савецкага лагеру трапіў у Армію Андэрса і апынуўся ў Лондане; сябра ЦК БХД доктар Язэп Малецкі эміграваў у Аўстралію; сябра ЦК БХД пісьменнік Язэп Найдзюк пад чужым прозвішчам да канца жыцця хаваўся ў Польшчы.


З кнігі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя"

Працяг будзе

#100гадоўБХД

СТАГОДДЗЕ БХД. Як нацысты знішчалі хадэкаў 14:46 05/09/17


З пачаткам вайны нацысты хутка акупавалі Беларусь і ўсталявалі свае парадкі. Адным з наступстваў акупацыі было адкрыццё цэркваў і касцёлаў, якія зачынялі камуністы. Але для беларускіх хадэкаў было відавочна: насамрэч адну бязбожную дыктатуру змяніла іншая, і ніякага “вызвалення” нацызм Беларусі не нясе. Сябры БХД-БНА працягвалі служыць свайму народу на сваіх месцах – хто святаром, хто доктарам, хто аграномам – але кожны з іх разумеў: цяпер служэнне, дапамога блізкаму і краіне будзе смяротна небяспечным, бо для Гітлера сама хрысціянская дэмакратыя як ідэя – выклік.

15 снежня 1941 хрысціянскі дэмакрат ксёндз Станіслаў Глякоўскі, які працаваў у Чырвоным касцёле Менску, быў арыштаваны паліцыяй на канферэнцыі беларускіх школьных інспектараў – за тое, што не выкінуў руку ў нацыстоўскім прывітанні ў адказ на “Хайль Гітлер!” Быў расстраляны разам з некалькімі клерыкамі.

У 1942 годзе адзін з заснавальнікаў Беларускай Хрысціянскай Дэмакратычнай Злучнасці, ксёндз Ільдэфонс Бобіч (Пётра Просты) быў арыштаваны акупантамі ў Іўі, дзе ён працаваў пробашчам касцёла. Два гады Бобіч утрымліваўся ў турме, падарваў там здароўе, і неўзабаве пасля вызвалення ў 1944-ым (28 красавіка) памёр.

Тады ж, у 1942-ім у Докшыцах у выніку даносу быў забіты немцамі сябра ЦК БХД Альбін Сінкевіч.

4 ліпеня 1942 года ў сваёй рэзідэнцыі ў Альбярціне пад Слонімам быў арыштаваны адзін з духоўных лідэраў хрысціянскіх дэмакратаў – Беларускі экзарх грэка-каталіцкай царквы айцец Антоній Неманцэвіч. СД дапытвала і катавала святара да тых пор, пакуль ён не памёр ад сардэчна-сасудзістай недастатковасці 6 студзеня 1943 года ў турме ў Менску.

24 снежня 1942 года, у ноч на Раство, немцы арыштавалі каля менскага Чырвонага касцёла аднаго з заснавальнікаў БХД ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага, якога падазравалі ў сувязях з заходнімі саюзнікамі. Яго адвезлі ў Трасцянец і расстралялі.

18 лютага 1943 года падчас карнай аперацыі ў Росіцы нацысты і іх памагатыя знішчылі 1528 жыхароў, сярод іх і прыхільніка БХД ксяндза-марыяніна Юрыя Кашыру, які дабраахвотна застаўся ў вёсцы і пайшоў у вагонь са сваімі парафіянамі.

31 кастрычніка 1943 года проста на вуліцы Паставаў эсэсаўцамі быў застрэлены сябра БХД, старшыня Пастаўскага павету Адам Дасюкевіч, які абараняў жыхароў горада ад пабораў.

У 1943 годзе у Плешчаніцах быў закатаваны айцец Аляксандр Коўш, адзін з лідэраў Праваслаўнага Беларускага Дэмакратычнага аб’яднання – за тое, што таемна хрысціў, вянчаў і хаваў ад гестапа тутэйшых габрэяў.


З кнігі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя"

Працяг будзе

#100гадоўБХД

СТАГОДДЗЕ БХД. Беларускае Народнае Аб'яднанне 21:32 26/08/17


З канца 1934 году і праз увесь 1935 год на старонках галоўнай хадэцкай газеты – “Беларускай крыніцы” – вялася дыскусія: як рэагаваць на узрослыя пагрозы, як быць больш эфектыўнымі, як абнаўляцца. Спрэчкі разгарэліся вакол “меры палітыкі” і “меры культуры” у дзейнасці БХД (Стан. 558-560), вакол “хрысціянскасці”, і, адпаведна, вакол назвы. Частка сябраў (як, напрыклад, ксёндз Уладзіслаў Талочка) настойвала на захаванні асноватворнага хрысціянскага характару партыі, частка выступала за чыста свецкую арганізацыю.

Урэшце, у студзені 1936 года БХД была ператвораная ў Беларускае Народнае Аб’яднанне, якое мыслілася шырокай пляцоўкай для з’яднання ўсіх нацыянальных сіл. Узначаліў БНА цэнтральны Камітэт, у які ўвайшлі Язэп Найдзюк, Адольф Клімовіч, Язэп Малецкі, Баляслаў Бабарыка-Гапановіч, Ян Чарнецкі, Мікола Казаровіч, Віктар Ярмалковіч, Янка Шутовіч, Янка Пазняк (старшыня), Станіслаў Грынкевіч (першы віцэ-старшыня), Мікалай Дварэцкі (другі віцэ-старшыня). У праграме падкрэсліваўся свецкі характар партыі, з ранейшых ідэйных асноваў застаўся хіба параграф 16: “БНА за свабоду існавання рэлігіі і дзейнасці рэлігійных устаноў і за свабоду вызнавання рэлігіі”.

Аднак, замест узмацнення, з’яднання і пашырэння вынік абнаўлення ды “новага свецкага характару” быў адваротны. Частка хадэкаў, пераважна “старая гвардыя”, адышла ад актыўнай працы. Страціўшы забароненую “Крыніцу”, БНА не змагло наладзіць трывалы кантакт з гушчай народу – нерэгулярныя “камунікаты” не замянілі масавую газету.

Кансерватыўна настроеная частка хадэкаў на чале з Вінцэнтам Гадлеўскім, не пагадзіўшыся на рэарганізацыю ў БНА, адкалолася і стварыла сваю арганізацыю пад назвай “Беларускі Фронт”.

Адыграла сваю нэгатыўную ролю і прапанова камуністаў стварыць у Заходняй Беларусі агульны “Антыфашыстоўскі (чытай – антыпольскі) фронт” з мэтай супраціву санацыі. БНА гэтую прапанову адхіліла, але ксёндз Адам Станкевіч пайшоў на дамову БІГіК з пракамуністычнай ТБШ – у выніку, гэта прывяло як да забароны Інстытуту, так і да адыходу з БНА непрымірымых антыкамуністаў.

На сённяшні час выглядае, што ініцыятары першапачатковай дыскусіі 1934-35 гг шукалі ад добрага яшчэ лепшага – але страцілі і адзінства, і моц першапачатковай хрысціянскай дэмакратыі.


З кнігі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя"

Працяг будзе

#100гадоўБХД

СТАГОДДЗЕ БХД. Крыжовы шлях 13:07 24/08/17


Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя міжваеннага часу дзейнічала ва ўмовах незвычайнага ціску і гвалту. Хрысціянскіх дэмакратаў імкнуліся знішчыць і санацыйныя ўлады, і камуністы, і нацысты. Эпоха змагання, росквіту і народнай падтрымкі БХД скончылася арыштамі, катаваннямі і расстрэламі хадэкаў. Следам за Ісусам Хрыстом, Які добраахвотна пайшоў на крыж дзеля збавення чалавецтва – хрысціянская дэмакратыя 1920-х – 1930-х гадоў ахвяравала сабой дзеля беларускага народу.

Ужо з пачатку 1920-ых нароўні з практыкай паланізацыі, нацыянальнага ціску і асадніцтва тагачасныя польскія ўлады праводзілі арышты беларускіх ксяндзоў перад выбарамі, канфіскацыі “Крыніцы”, пазбаўлялі рэгістрацыі ды ліцэнзіяў беларускія хадэцкія установы. Міхал Пятроўскі, Вінцэнт Гадлеўскі, Адам Станкевіч, Канстанцін Стэповіч, Янка Пазняк, Ян Шутовіч, Мікалай Дварэцкі і многія іншыя сябры БХД падвяргаліся цкаванню ды крымінальнаму пераследу, некаторым давялося адбываць турэмныя тэрміны паводле абвінавачання ў “супрацьдзяржаўнай дзейнасці”.

Пасля таго, як у 1926 годзе Віленскі біскупскі пасад заняў шавіністычна настроены арцыбіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі, узмацніўся і ціск праз касцёльныя структуры. Ксяндзы і клерыкі, якія лічылі ўсіх каталікоў Беларусі палякамі і не прызнавалі за беларусамі нацыянальных правоў, вялі няспынныя атакі на БХД. 10 снежня 1928 года Ялбжыкоўскі выдаў адмысловы загад, які забараняў ксяндзам належаць да БХД, а ўсім каталікам – чытаць “Беларускую Крыніцу”. Ксяндзы-беларусы былі вымушаныя сысці з партыйных пасадаў, але працягвалі падтрымліваць БХД і пад псеўданімамі пісалі ў хадэцкую прэсу.

У 1934 годзе у Картуз-Бярозе быў створаны канцэнтрацыйны лагер для палітычных супраціўнікаў санацыйнага рэжыму. Прынамсі чацвёра сябраў БХД – Вячаслаў Багдановіч, Язэп Найдзюк, Віктар Ярмалковіч і Янка Шутовіч – трапілі сюды ў 1939-ым і зазналі здзекі ды катаванні.

У 1936 годзе польскія ўлады зачынілі БІГіК, затым, у 1937 годзе - і “Крыніцу”. У 1938 годзе быў забаронены Беларускі Нацыянальны Камітэт.

Адначасова правакацыі, і часам крывавыя, ладзілі бальшавікі – сябры КПЗБ ды закінутыя на тэрыторыю Польшчы савецкія дыверсанты (Арлоўскі, Ваўпшасаў ды іншыя). Звычайнай практыкай для камуністычных актывістаў было далучацца да суполак БІГіК, пакідаць у хадэцкіх памяшканнях улёткі альбо партыйную прэсу ці ўчыняць скандалы – каб улады зачынялі гаспадарчыя ці культурніцкія ўстановы БХД. Зацкаваны, звар’яцеў і застрэліўся прыхільнік хадэцыі ксёндз Францішак Рамэйка.

Некаторых сябраў БХД, як, напрыклад, колішняга старшыню ЦК кампазітара Паўла Карузу, выманьвалі ў БССР, а затым, апрацаваўшы ў НКВД, прымушалі пісаць паклёпы.

На Захадзе набіраў сілу Гітлер. На Усходзе Сталін разгарнуў небывалы тэрор супраць уласнага народу. Падзел Чэхаславакіі, аншлюсы ды акупацыі памежных тэрыторыяў сведчылі: набліжаецца новая страшная вайна. І Беларусь ляжала паміж наймацнейшых драпежнікаў. Але і ў гэтых варунках беларускія хрысціянскія дэмакраты заставаліся адданымі Богу і свайму народу.


З кнігі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя"

Працяг будзе


#100гадоўБХД

СТАГОДДЗЕ БХД. Ватыкан, Польшча, Літва і астатні сьвет 13:30 15/08/17


Замежная актыўнасць БХД часоў росквіту характарызуецца выразнай асаблівасцю: хадэкі ня столькі прасоўвалі дыпламатычнымі высілкамі партыйныя інтарэсы, колькі адстойвалі інтарэсы уцісканага і падзеленага беларускага народа. Гэтага вымагала адказнасць галоўнай незалежніцкай партыі ў 1920-30-х.

Пачынаючы ад заснавання, своеасаблівым міжнародным сакратаром БХД быў ксёндз Уладзіслаў Талочка. Ён складаў мемарандумы, лісты, выязджаў на канферэнцыі, вёў перапіску.

Паколькі БХД пачыналі ксяндзы, спярша ключавым адрасатам лістоў БХД быў Ватыкан: так удавалася забяспечваць месца беларускай мовы ў Касцёле, абараняць пераследваных і ўплываць на палітыку урадаў каталіцкіх суседзяў-дзяржаваў – найперш Польшчы і Літвы - у дачыненні да беларусаў.

Затым, праз часопіс “Natio” і дзейнасць у далейшых краінах хадэкі спрабавалі ставіць беларускае пытанне на парадак дня еўрапейскай і сусветнай палітыкі. Гэтак у Празе дзейнічаў Адольф Клімовіч, У ЗША – прафэсар Ян Тарасевіч, Янка Чарапук, у Літве Вацлаў Ластоўскі, які меў дакуманты ад Адама Станкевіча. Дыпламаты Францыі, Нямеччыны, Ангельшчыны атрымоўвалі рэгулярную інфармацыю пра стан беларускіх справаў ў вялікай ступені дзякуючы БХД і Беларускаму Нацыянальнаму камітэту.


З кнігі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя"

Працяг будзе

#100гадоўБХД


СТАГОДДЗЕ БХД. Хадэкі як ядро нацыянальнага руху 19:23 02/08/17

У другой палове 1920-ых -1930-ых гадах менавіта Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя сталася асновай беларускага нацыянальнага руху ў Заходняй Беларусі. “Левыя”, сацыялістычныя арганізацыі, якія вялі рэй у беларускім палітычным працэсе напачатку - альбо падпалі пад савецкі ўплыў, альбо былі расцярушаныя польскай рэакцыяй, альбо страцілі народную падтрымку. “Правыя” (паланафілы, потым нацыянал-сацыялісты) – ці пайшлі на ўгоду з “правым” польскім урадам, ці выбралі арыентырам фашыстоўскую Нямеччыну. У выніку БХД апынулася адзінай палітычнай сілай, якая не ішла на альянс ані з “санацыяй”, ані з камуністамі, ані з нацыстамі, і абапіралася выключна на беларускі народ.

Партыю крытыкавалі і злева, і справа, пераследвалі штрафамі ды канфіскацыямі, арыштамі, забаронамі ўлады, у тым ліку касцёльныя – але БХД упарта трымалася свайго, і ў пачатку 1930-х гадоў гэта пачало даваць плён. Беларуская інтэлігенцыя, шырокае сялянства, фабрычныя работнікі, студэнцтва пачалі ўлівацца ў БХД. Галоўныя каардынацыйныя структуры беларускага руху прынялі вядучую ролю хадэцыі, а ўчорашнія ворагі – сацыялісты, камуністы, прапольскія “угадоўцы” – пачалі спярша шукаць альянсу з БХД, а потым атакаваць хадэкаў як найпершых супраціўнікаў.

Найвялікшай пагрозай для беларускага руху была пракамуністычная лявіца – Грамада і КПЗБ. Пакідаючы ўбаку беларускія нацыянальныя інтарэсы і дбаючы найперш пра сацыяльную рэвалюцыю ў духу марксізма, “левыя” прапагандавалі БССР як мадэль сапраўднай беларускай дзяржавы і вялі барацьбу з палякамі шырокім фронтам: ад прапаганды да тэрору.

У 1925 годзе Браніслаў Тарашкевіч з групай паслоў заклаў Беларускую Сялянска-Работніцкую Грамаду, якая, атрымаўшы савецкія фінансы ( на “сусветную рэвалюцыю”, вядома) разгарнула масавую агітацыю сялянства за бальшавіцкую мадэль. Да Грамады далучаліся дзясяткі тысячаў беларусаў, і пагроза камуністычнага паўстання прымусіла перапалоханыя польскія ўлады Грамаду разграміць: сотні актывістаў ды агітатараў былі арыштаваныя ды кінутыя за краты.

Тагачасныя польскія улады, у сваю чаргу, імкнуліся кантраляваць беларускі рух праз “угадоўцаў”(ад слова “угода”, дамова). Беларусы-“угадоўцы”, ня маючы трывалай ідэйнай платформы, перад кожнымі выбарамі ў польскі Сейм стваралі “агульнабеларускія”структуры (Сялянская партыя, Цэнтрасаюз ды інш.), выбарчыя спісы, выдавалі беларускамоўныя газеты. Пазіцыя БХД у дачыненні да такіх падтрыманых тагачасным урадам праектаў была прынцыповай: інтарэсы народу не здаваць, антыбеларускай палітыкі не падтрымліваць. Урэшце, у сярэдзіне 1930-ых “угадоўскі” лагер разваліўся.

БХД дала беларускаму руху 1920-30-ых гадоў трывалую апору сярод варожых сілаў, пераемнасць традыцыяў БНР, беларусізацыю Касцёла ды часткі праваслаўнай царквы, плынь беларускамоўнай прэсы, паўтары сотні выдадзеных кнігаў, падручнікаў ды брашураў па-беларуску, арганізаваныя бібліятэкі, школы і гаспадарчыя гурткі, а таксама цэлае сузор’е яркіх асобаў.

Феномен БХД 1920-30-ых – эфектыўная мадэль развіцця і пашырэння нацыянальнага руху ў цяжкіх гістарычных варунках, надзённая і сёння.


З кнігі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя"

Працяг будзе

#100гадоўБХД


Стагоддзе БХД.146 беларускіх кнігаў 10:25 27/07/17


Канец 1920-х – пачатак 1930-х гадоў быў і часам росквіту хадэцкай прэсы. БХД набыла сучаснае абсталяванне для друку, заснавала друкарню імя Францішка Скарыны – і разгарнула цэлую медыя-стратэгію.

Галоўным выданнем БХД заставалася штотыднёвая “Беларуская крыніца”. За 1923-34 гг выйшла 512 нумароў, накладамі ад 1000 да 10 тыс. асобнікаў – з улікам вялізнай колькасці нумароў, сканфіскаваных польскімі уладамі.

“Хрысціянская думка”, пачатая з 6 студзеня 1928 г., выходзіла то два разы на месяц, то штомесяцова, і друкавала больш грунтоўныя матар’ялы, аналітыку, духоўныя ды культурніцкія развагі. Тут публікаваліся Язэп Германовіч, Дамінік Аніська, Вінцэнт Гадлеўскі, Адам Станкевіч, Галляш Леўчык, Мар’ян Пецюкевіч ды іншыя. Менавіта ў “Хрысціянскай думцы” лацінкай была надрукаваная і знакамітая кніга ксяндза Станкевіча “Родная мова ў святынях”.

“Шлях моладзі” – фактычна, маладзёвы часопіс БХД, быў адным з найпапулярнейшых маладзёвых выданняў у Заходняй Беларусі. Пачаў выдавацца штомесяц ў 1929 – і выходзіў да 1939-га. Рэдактарамі яго былі Мар’ян Пецюкевіч, Язэп Найдзюк, Янка Шутовіч. Друкаваў гістарычныя працы Адама Станкевіча, Найдзюка, вершы Вінцука Адважнага, інфармацыю пра дзейнасць БІГіК, беларускія пілігрымкі.

Акрамя гэтага, хадэкі рэдагавалі знакамітую віленскую “Студэнцкую думку”, выданне Беларускага Студэнцкага Саюзу – гэта рабілі Янка Шутовіч і Ігнат Гагалінскі.

Аграном Адольф Клімовіч, старшыня ЦК БХД у 1931-35 гадах, выдаваў сельскагаспадарчы часопіс “Самапомач”, чытачамі якога былі найперш сяляне-гаспадары.

Таксама беларускія хрысціянскія дэмакраты (Янка Пазняк) рэдагавалі і “Wiadomosci Bialoruskie”. – выданне Беларускага Нацыянальнага Камітэту, дзе рэй вяла БХД, і фармавалі беларускую частку часопіса “Natio”, які выходзіў у 1927 годзе на ангельскай, францускай, нямецкай і польскай мовах для інфармавання міжнароднай супольнасці аб стане нацыянальных меншасцяў у Польшчы.

У хадэцкай друкарні імя Францішка Скарыны за час яе існавання было надрукавана прынамсі 146 (!) найменняў беларускіх кнігаў.


З кнігі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя"

Працяг будзе

#100гадоўБХД

СТАГОДДЗЕ БХД. Праваслаўныя за Беларусь 20:00 24/07/17


Адной з ключавых прычынаў шырокага разгортвання хадэцыі і плёну ў працы БХД было тое, што партыя не стала засяроджвацца на вузкаканфесійнай каталіцкай платформе, а пайшла насустрач агульнахрысціянскаму адзінству.

Гэтаму спрыяла стварэнне ў 1927 годзе Праваслаўнага Беларускага Дэмакратычнага Аб’яднання – партыі, якая спрабавала паўтарыць поспех “каталіцкай” БХДЗ, але хутка сутыкнулася з рэакцыяй польскіх ды расейскіх шавіністычных колаў.

Ядро ПБДА гуртавалася вакол сенатара Вячаслава Багдановіча, пасла Сейма Аляксея Назарэўскага, выдаўца газеты “Праваслаўная Беларусь” Лукаша Голада ды віленскага святара Аляксандра Каўша. ПБДА выступала за беларускую мову ў казаннях і школах, супрацьстаяла і паланізацыі, і бальшавіцкаму “абнаўленству”, і расейскім манархічным колам, то бок свядома адстойвала шматсотгадовую ефрасіннеўскую традыцыю адкрытага, народнага, цярпімага і творчага беларускага праваслаўя.

Лідары ПБДА, атакаваныя з усіх бакоў, хутка зразумелі, што адзіным і натуральным хаўруснікам дэмакратычна настроеных праваслаўных святароў і вернікаў ёсць БХД. ПБДА фактычна стала праваслаўным крылом БХД, а Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя займела шырокі выхад да сялянаў і мяшчанаў, што спавядалі праваслаўе.


З кнігі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя"

Працяг будзе

#100гадоўБХД

СТАГОДДЗЕ БХД. З'езды паміж войнамі 17:52 20/07/17 1



У самы плённы перыяд дзейнасці Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя правяла фактычна чатыры з’езды: у 1926, 1927, 1928 і 1931 гадах.

У лістападзе 1926 года большасць лідэраў Хрысціянскай Дэмакратычнай Злучнасці – 45 чалавек – сабраліся ў Вільні на святкаванне 10-годдзя партыйнай газеты – “Беларускай Крыніцы”. Былі прадстаўнікі ад Віленскага, Браслаўскага, Дзісенскага, Вялейскага, Ашмянскага, Лідскага, Баранавіцкага, Наваградскага, Ваўкавыскага, Косаўскага, Беластоцкага, Сакольскага паветаў. Гэты сход меў усе прыкметы з’езда, бо разглядаў пытанні партыйнай дзейнасці, зацвярджаў новае кіраўніцтва БХД і замацоўваў назву “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”. Менавіта на гэтай сустрэчы было вырашана сабраць праз год новы, 4-ты партыйны з’езд (адпаведна, пасля менскага 1917 г., піцерскага 1918 г. і віленскага 1926 г.).

У выніку з’езду 1926 года, такім чынам, у склад Цэнтральнага камітэту ўвайшлі дзевяць чалавек: кампазітар Павал Каруза (старшыня), ксёндз Адам Станкевіч (намеснік старшыні), выдавец і эканаміст Альбін Стэповіч (сакратар), медык Язэп Жук (намеснік сакратара), доктар медыцыны Баляслаў Грабінскі, студэнт Станіслаў Станкевіч (скарбнік), выдавец Яхім Красоўскі, культурны дзеяч Янка Пазьняк і ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі (Biełaruskaja Krynica, № 38, 29 кастрычніка 1926 года). У склад кіраўніцтва БХД таксама ўпершыню быў уключаны адзін праваслаўны – Якім Красоўскі.

6 лістапада 1927 года у Вільні сабралася 129 дэлегатаў і каля 50 гасцей – найвялікшы сход за ўсю гісторыю міжваеннай Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі. З’езд прыняў абноўленую праграму БХД (яе выдалі пазней асобнай брашурай), зацвердзіў склад ЦК БХД – 9 асобаў і двох заступнікаў.

У склад ЦК ўвайшлі Павел Каруза, Янка Пазьняк, Альбін Стэповіч, публіцыст Янка Шутовіч, Я.Ушакевіч, ксёндз-дэпутат польскага Сойму Адам Станкевіч, Я.Яковіч, літаратар Мікола Дварэцкі, Баляслаў Грабінскі, Якім Красоўскі і Язэп Жук. Таксама была абраная і рэвізійная камісія партыі ў складзе Станіслава Станкевіча, В.Малея, М.Аўрыцэвіча, А.Лукашэвіча. Трое з вышэй пералічаных асобаў былі праваслаўнага веравызнання (Biełaruskaja Krynica, № 47, 18 лістапада 1927 года).

Менавіта гэты з’езд знакаваў пераход БХД ад канфесійнай каталіцкай да міжканфесійнай агульнахрысціянскай партыі. 6 лістапада можна лічыць днём нараджэння той канцэпцыі беларускай хадэцыі, якая працуе і ў сучаснай БХД.

25 лістапада 1928 года там жа, у Вільні, прайшоў 5-ты з’езд БХД. З увагі на цяжкі матар’яльны стан людзей, лік дэлегатаў быў скарочаны – прысутнічала 72 дэлегаты з амаль усіх паветаў Заходняй Беларусі і 31 прыхільнік. Папраўленая, асабліва ў частцы зямельнай палітыкі, праграма была зноў перавыдана ў 1929-ым. Старшынём Прэзідыюму ЦК БХД быў абраны медык Ігнат Гагалінскі, яго намеснікам – Якім Красоўскі. Сакратаром стаў Янка Пазьняк, скарбнікам – Янка Шутовіч, а заступнікам сакратара – Мікалай Дварэцкі. “Таксама ў склад ЦК увайшлі ў якасці сяброў кс.Адам Станкевіч, паслы Павел Каруза і Альбін Стэповіч, Язэп Жук, кандыдатаў – кс. П.Татарыновіч і Галец. Дэпутаты Сойму Каруза і Стэповіч, якія раней уваходзілі ў склад прэзідыюму, ад уваходу ў новы прэзідыюм адмовіліся, "матывуючы гэта перашкодамі, зьвязанымі з выпаўненьнем пасольскіх абавязкаў”. У Рэвізійную камісію былі абраныя Баляслаў Грабінскі (старшыня), кс.Вінцэнт Гадлеўскі і А.Вашковіч, кандыдатам — студэнт Я.Ушакевіч”. (Biełaruskaja Krynica, № 54, 30 лістапада 1928 года).

Нарэшце, 13 снежня 1931 года адбыўся 6-ты з’езд БХД, на які прыбыў 101 дэлегат, прычым як ад каталікоў, так і ад праваслаўных, і 24 госці. З’езд пашырыў праграму, дапоўніў статут і выбраў новы ЦК партыі – інжынер Адольф Клімовіч (старшыня), Якім Красоўскі (першы віцэ-старшыня), Мікалай Дварэцкі (другі віцэ-старшыня), доктар Станіслаў Грынкевіч, Я.Чарнэцкі, В.Ярмалковіч, Я.Шутовіч (скарбнік), В.Таўкінь, Б.Бабарыка, рэдактар Я.Пазьняк (сакратар) і А.Сянкевіч. У Рэвізійную камісію былі абраныя выдавец Язэп Найдзюк, актор Аляксандр Яцына, рэдактар В.Васілеўскі і студэнт Язэп Малецкі. Адзначым, што абодва намеснікі старшыні прэзідыюму ЦК БХД былі праваслаўнымі (Беларуская Крыніца, № 41, 17 снежня 1931 года).


З кнігі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя"

Працяг будзе

#100гадоўБХД

СТАГОДДЗЕ БХД. Гаспадарка і культура 23:25 16/07/17


У чэрвені 1926 года кіраўніцтва БХД і Беларускага Студэнцкага Саюза (які фактычна быў маладзёвым крылом БХД) прынялі рашэнне заснаваць Беларускі Інстытут Гаспадаркі і Культуры (БІГіК). Інстытут разглядаўся як база для эканамічнай, дабрачыннай і культурніцкай дзейнасці найперш у гушчыні беларускага народа. Штаб-кватэра БІГіК размясцілася ў Вільні, непадалёк ад Вострай брамы. У кіраўніцтва увайшлі Адам Більдзюкевіч (старшыня), Фабіян Ярэміч, Альбін Стэповіч, Баляслаў Грабінскі, Аляксей Назарэўскі, Адам Станкевіч, Ян Пазняк ды іншыя.

Ужо за першы месяц працы БІГіК адчыніў 22 беларускія бібліятэкі па ўсёй Заходняй Беларусі і атрымаў канцэсіі на адкрыццё 6 беларускіх школаў (праўда, удалося адчыніць толькі адну – у вёсцы Шаўляны Браслаўскага павету, стварэнне астатніх польскія ўлады з розных нагодаў забаранілі). У 1927-ым пачаліся бухгалтарска-кааператыўныя курсы, якія скончылі 29 асобаў. Таксама ўвесну 1927-га беларусы ЗША ахвяравалі БІГіК сродкі на стыпендыі беларускай моладзі, якая хацела б навучацца ў Амерыцы. Інстытут пачаў выдавецкую працу (усяго да 1935 г было выдадзена 15 кнігаў) і наладзіў шырокую сетку распаўсюду літаратуры.

БІГіК заснаваў у Вільні Беларускі прамыслова-аграрны кааператыўны банк, пабудаваў ў Мядзведзічах Ляхавіцкага раёну Беларускі дом (планавалася цэлая сетка такіх дамоў па ўсёй Беларусі), намагаўся арганізаваць беларускі тэатр – і, калі ўлады забаранілі яго адчыняць, зладзіў дзясяткі тэатральных пастановак на месцах.

У 1930 годзе ў БІГіК налічвалася 56 гурткоў і каля 700 сябраў, у 1934 – больш 80 гурткоў з 1200 сябрамі (пераважна вернікамі-каталікамі).

Камуністычная Партыя Заходняй Беларусі і прасавецкая Грамада, раздражнёныя уплывовасцю БІГіК, ладзілі правакацыі супраць Інстытуту: інфільтравалі ў гурткі сваіх агентаў, перадавалі праз структуры і памяшканні БІГіК падрыўную літаратуру – і польскія ўлады хутка зачынялі філію.

Урэшце, у 1936 годзе санацыйны рэжым наогул забараніў БІГіК – з фармулёўкай : “за сеянне неспакою і ўзбуджэнне грамадскага незадавальнення”.


З кнігі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя"

Працяг будзе

#100гадоўБХД

СТАГОДДЗЕ БХД. Праграма-1926 23:20 03/07/17


Першая праграма Беларускай Хрысціянскай Дэмакратычнай Злучнасці, зацверджаная яшчэ ў 1920 годзе, уяўляла сабой хутчэй накід, дэкларацыю, выкладзеную на некалькіх старонках. Але ўжо ў 1926-ым, у выніку шматмесяцовага абмеркавання ў “Крыніцы”, партыйнае кіраўніцтва рыхтуе абноўленую, грунтоўную праграму, якая разгортвае перад намі панараму развіцця ўсяго беларускага хадэцкага руху і дае адказы на большасць вострых пытанняў часу.

“У самым першым пункце абвяшчалася імкненне БХД да незалежнасці беларускага народу, аб’яднанага ў незалежную дэмакратычную рэспубліку. Гаварылася, што партыя ідзе да сваіх мэтаў эвалюцыйным шляхам, найперш праз развіццё нацыянальнай свядомасці беларусаў. Далей фактычна ішоў пералік пераўтварэнняў, неабходных для стварэння незалежнай дэмакратычнай краіны: пашырэнне паўнамоцтваў самакіраванняў, дэмакратызацыя суду, незалежная нацыянальная сістэма адукацыі, сацыяльнае заканадаўства і г.д”, піша часопіс “Спадчына”.

Ключавым, аднак, на той момант, было зямельнае пытанне: беларускія сяляне стагналі, маючы мала зямлі, а памешчыцкія альбо асадніцкія землі, што займалі агромністыя абшары, часцяком не ўрабляліся. Лідары БХД, найперш ксёндз Адам Станкевіч, настаялі на рашучым патрабаванні перадаць малазямельным альбо беззямельным сялянам зямлю бяз выкупу. Крытыкі (напрыклад, айцец Фабіян Абрантовіч) лічылі гэта ламаннем права прыватнай уласнасці і нават патураннем сацыялізму – але большасць дэлегатаў З’езду 1926 года падтрымала Станкевіча. Справа ў тым, што вясковыя ксяндзы альбо сяляне, якія складалі ядро актыву БХД, разумелі: без зямлі сяляне-беларусы асуджаныя на рабскую працу ў польскага пана ці расейскага камуніста, і толькі стварэнне масавага прыватнага уласніка дасць падмурак для эканамічнага уздыму і незалежнасці Беларусі.

Праграма БХД 1926 года прадугледжвала:

- Вядучую ролю мясцовага самакіравання – ва уласнасць самаўрадаў прапаноўвалася перадаваць нават лясы, воды і нетры, самаўрад жа вызначаў і правілы зямельнай рэформы.

- Незалежнасць судоў, найперш праз суды прысяжных і міравых суддзяў

- Абавязковае і бясплатнае навучанне на роднай мове

- Свабоду веры; поўную беларусізацыю Касцёла/Царквы

- Забарону смяротнай кары

- Вырашэнне справаў сям’і на аснове хрысціянскай маральнасці

- Хутарскія гаспадаркі і крэдыты дзеля іх закладання

- Скасаванне асадніцтва

- 8-гадзінны працоўны дзень

- Адзіны прагрэсіўны падатак

- Шырокую кааперацыю

- Правы рабочых, нямоглых і пацярпелых ад вайны

З невялікімі зменамі на наступных з’ездах, менавіта гэтая праграма БХД сталася падмуркам для разгортвання і развіцця хрысціянска-дэмаратычнага руху на дзесяцігоддзе - ў пару ягонага росквіту.


З кнігі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя"

Працяг будзе

#100гадоўБХД

СТАГОДДЗЕ БХД. Прычыны посьпеху 15:14 29/06/17 1


У сярэдзіне 1920-х гадоў хрысціянска-дэмакратычны рух у Беларусі быў ужо выразна аформлены, меў арганізацыйнае ядро і ўласную прэсу. Разам з тым, раздзяленне Беларусі паміж Савецкім саюзам і Польшчай, бальшавіцкі тэрор ва Ўсходняй Беларусі і нацыянальны ды ўнутрыканфесійны ціск у Заходняй, пагрозы камунізму ды фашызму і раздрабненне беларускага незалежніцкага лагеру на мноства партыяў і групаў ставілі пытанне пра выжыванне БХД рубам. Беларускія хрысціянскія дэмакраты адказалі на выклікі і пагрозы годна ды вынікова: да 1930-х гадоў БХД сталася адзінай беларускай нацыянальнай партыяй, што пашырыла свае шэрагі - і пранесла бел-чырвона-белы сцяг Хрыста праз вялікія выпрабаванні паміж дзьвюма сусветнымі войнамі.

Першай і галоўнай прычынай росквіту БХД, канечне, была яе вернасць хрысціянскім каштоўнасцям. І сама назва, і праграмы, і характар дзеянняў, і склад ставілі ў цэнтр палітыкі БХД Божыя пастановы і абарону чалавека ў евангельскім ключы. Шырокія колы беларускіх вернікаў-каталікоў, а затым і праваслаўных убачылі ў хадэцыі духоўнае, грамадскае, сацыяльнае і палітычнае апірышча.

Па-другое, БХД цвёрда трымалася ідэалаў БНР. Ідэю незалежнасці Беларусі хрысціянскія дэмакраты не прамянялі ані на ўгодніцтва з польскім урадам, што праводзіў паланізацыю “крэсаў”, ані на прапаганду “уз’яднання” з Савецкай Беларуссю, дзе часова ішла беларусізацыя, але душылі гаспадара і верніка. У выніку менавіта БХД ў міжваенны час узяла на сябе і задачу адстойвання ідэі беларускай незалежнасці, і арганізацыю штогадовых святкаванняў 25 сакавіка.

Па-трэцяе, БХД прадстаўлялі яркія асобы. Найперш гэта, безумоўна, святары - Адам Станкевіч, Вінцэнт Гадлеўскі, Уладзіслаў Талочка, Фабіян Абрантовіч, Язэп Германовіч і іншыя выбітныя пастыры, літаратары, арганізатары ды проста абаяльныя, моцныя людзі, кожны з якіх – легенда беларускага руху. Акрамя таго, хадэцыі ўдалося заангажаваць цэлы пласт вядомых прафесіяналаў – музыку Паўла Карузу, псіханеўролага Станіслава Грынкевіча, юрыста Віктара Ярмалковіча, агранома Адольфа Клімовіча ды шэраг іншых. Такім чынам, БХД стала жывой ілюстрацыяй да вядомага хадэцкага прынцыпу персаналізму.

Па-чацвёртае, міжканфесійны характар. БХД не замкнулася ва ўтульнай каталіцкай клерыкальнай нішы, а рашуча пайшла да супрацы з праваслаўнымі. Уключэнне ў склад кіраўніцтва праваслаўных, стратэгічны хаўрус з Праваслаўным Беларускім Дэмакратычным Аб’яднаннем, пашырэнне праграмных тэзаў і нават вызначэнняў (“Касцёл/Царква”), супольныя праекты з ТБШ, дзе актыўна дзейнічалі метадысты, а таксама адсутнасць канфесійнай нецярпімасці зрабілі БХД пляцоўкай для супрацы ўсіх хрысціянаў Заходняй Беларусі.

Нарэшце, выразным складнікам агульнага поспеху БХД стала народніцтва, альбо, як сфармулявалі яго ў Заходняй Еўропе, папулярызм – імкненне бачыць грамадства ў яго цэласці і адпавядаць інтарэсам як мага больш шырокіх колаў народу. Адсюль і вызначэнне партыі як пераважна сялянскай, і масавая праца ў гаспадарчым, культурніцкім, дабрачынным кірунках.

Калі б не “санацыя”, бальшавіцкая акупацыя ды вайна – БХД мела ўсе шанцы ператварыцца ў аналаг нямецкай ХДС-ХСС – масавую папулярную і нават дзяржаваўтваральную партыю.


З кнігі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя"

Працяг будзе



#100гадоўБХД

СТАГОДДЗЕ БХД. Першыя выбары 09:11 25/06/17


У сакавіку 1921 года ў Рызе быў падпісаны мір паміж Польшчай і Савецкай Расіяй. Беларусаў на перамовы не запрасілі – і ў выніку Беларусь аказалася падзеленай напалам. Усходняя частка краіны засталася пад уладай бальшавікоў – і любая грамадзянская, рэлігійная праца пачала там згортвацца пад страхам рэпрэсіяў, а заходняя (на захад ад Бягомля, Ракава, Слуцку, Лельчыцаў) апынулася ў складзе Польскай дзяржавы, і тут беларусам давялося зазнаць нацыянальны ўціск.

У выніку далейшая дзейнасць БХД амаль цалкам працякала ў Заходняй Беларусі – і мела сваёй задачаю як супрацьстаянне бальшавіцкай прапагандзе з Усходу, так і трыванне ціску з боку польскага дзяржаўнага ды касцёльнага апарату.

Першыя рэпрэсіі супраць сябраў БХД адзначаюцца ўжо ў чэрвені 1921 году: польскія ўлады беспадстаўна арыштавалі і змясцілі ў Лукіскі астрог найактыўнейшага ксяндза-беларуса, які працаваў на Віленшчыне – Міхала Пятроўскага, пробашча парафіі ў Барунах, як быццам за спробу дзяржаўнага перавароту. Заступніцтва беларускіх арганізацыяў і віленскіх дзеячаў прымусіла жандараў перавесці ксяндза Міхала на хатні арышт – але працаваць яму так і не дазволілі. Гэтаксама пад хатні арышт быў змешчаны Канстанцін Стэповіч (Казімір Сваяк). Напрыканцы 1921-га і на пачатку 1922-га улады спрабавалі задушыць “Крыніцу” – пад ціскам рэдактар Уладзіслаў Грыневіч адмовіўся ад выдання, і толькі ахвярнасць і настойлівасць хадэкаў дазволіла газэце, якую зачынялі і канфіскоўвалі па некалькі разоў на год, уваскрасаць зноў і зноў.

Віленшчына, занятая польскімі легіёнамі генерала Жалігоўскага, нібыта павінная была вызначыць свой лёс і прыналежнасць сама, на адпаведным Сейме – але, паколькі польская ўлада не стварыла роўных умоваў меншым нацыям і вяла справу да прызнання Віленшчыны польскай – беларусы гэты Сейм напачатку 1922-га году байкатавалі.

Разам з тым, БХД вырашыла ўдзельнічаць у выбарах у Польскі Сейм увосені 1922 году.

Беларусы ішлі на гэтыя выбары супольным фронтам – сацыялісты, хадэкі, беспартыйныя дамовіліся на прынцыпах агульнай згоды. Каардынаваў сумесную працу Беларускі цэнтральны выбарны камітэт у Вільні. Пра ролю і ўплыў БХД кажа той факт, што з 38 чальцоў камітэта 12 былі хрысціянскімі дэмакратамі.

Агулам беларусы атрымалі 11 пасольскіх мандатаў і 3 сенатарскіх. З хрысціянскіх дэмакратаў падчас гэтых выбараў дэпутатам Сейму быў абраны ксёндз Адам Станкевіч, які прайшоў па акрузе Дзісна, Паставы, Браслаў, Свянцяны. Сярод выбраных сенатараў апынуліся будучыя прыхільнікі БХД праваслаўныя Вячаслаў Багдановіч і Аляксей Назарэўскі.

Такім чынам, асноўную працу ў стварэнні беларускай хрысціянскай дэмакратыі правялі рыма-каталікі, прычым ядро БХД склалі непасрэдна ксяндзы.

Прычына тут у тым, што праваслаўная плынь хадэцыі аказалася пад бальшавіцкай акупацыяй – і многія беларускія праваслаўныя святары – носьбіты агульнахрысціянскай адкрытасці й дэмакратызму – былі проста фізічна вынішчаныя Саветамі.

Так, яшчэ ў чэрвені 1917 года ў Маскве адбыўся з’езд беларускага праваслаўнага духавенства, у якім брала ўдзел каля 700 (!) святароў. Пры гэтым з’езд прыняў рашэнне дамагацца аўтаноміі Беларусі ў федэратыўнай дэмакратычнай расейскай рэспубліцы і навучання ў школах па-беларуску.

Калі мы супаставім гэты з’езд з гістарычным паседжаннем беларускага каталіцкага духавенства ў Менску 24-25 траўня 1917-га – дык убачым, што і каталікі, і праваслаўныя рушылі адной дарогай: патрабаванні супадалі амаль даслоўна. Пры гэтым праваслаўных святароў было на парадак больш, чым іх братоў-каталікоў. Але трагедыя праваслаўя была ў тым, што яно пасля Рыскай дамовы апынулася ў крывавых жорнах савецкага атэізму.

Рэхам чэрвеньскага з’езду 1917 года была і спроба стварыць ува Ўсходняй Беларусі 1920-х Беларускую аўтакефальную царкву на чале з мітрапалітам Мельхісэдэкам – але пасля масавых арыштаў, судоў і расстрэлаў гэтая мара беларускага праваслаўя была пахаваная.

Але чым глыбей хрысціянская дэмакратыя пранікала ў масу беларускага народу ў Заходняй Беларусі (збольшага праваслаўнага), тым большую ролю ў БХД пачалі адыгрываць і грэка-каталікі, і свецкія вернікі, і, нарэшце, уласна праваслаўныя.

З кнігі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя"

Працяг будзе

#100гадоўБХД

СТАГОДДЗЕ БХД. Статут і Праграма БХДЗ 21:45 20/06/17


Статут і першая Праграма ХДЗБ былі прынятыя і зацверджаныя ў Менску ў 1920-м, прычым на друкаваным выданні гэтай кніжкі (якая адначасова выконвала ролю сяброўскага пасведчання) было пазначана: “З дазволу біскупа Зыгмунта Лазінскага”.

Эпіграфам да Статуту і Праграмы былі словы з Евангелля паводле Мацвея:

“Дык вось, не турбуйцеся і не кажыце: “што нам есці?” альбо “што піць?” альбо “у што апрануцца?”. Бо ўсяго гэтага шукаюць язычнікі; ведае бо Айцец ваш Нябёсны, што вы маеце патрэбу ва ўсім гэтым. Шукайце ж найперш Царства Божага і праведнасці ягонай, і гэта ўсё дадасца вам.” (Мацвея 6:31-33)

і таксама:

“ Дык вось, кожны, хто слухае гэтыя словы Мае і выконвае іх, прыпадобніцца да мужа разумнага, які збудаваў свой дом на камені; і паліўся дождж, і разьліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і рынуліся на той дом; і ён не ўпаў, бо пастаўлены быў на камені. А кожны, хто слухае гэтыя словы Мае і не выконвае іх, прыпадобніцца да мужа неразважлівага, які паставіў свій дом на пяску; і паліўся дождж, і разьліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і налеглі на дом той; і ён упаў, і было падзеньне яго вялікае” (Мацвея 7:24-27).

“Устава”, альбо Статут, змяшчала некалькі адметных пунктаў:

1. Называецца злучнасьць: “Хрысьціянская Дэмократычная Злучнасьць Беларусаў”.

2. Мэтаю Хрысьціянскай Дэмократычнай Злучнасьці Беларусаў ёсьць: зарганізаваньне усіх тых, што хочуць жыць апіраючыся на сацыальнай справядлівасьці і хрысьціянскай міласьці, паводле асноў хрысьціянскага сьветагляду.

3. Сядзібай Хрысьціянскай Дэмократычнай Злучнасьці Беларусаў ёсьць Менск, полям працы увесь край Беларускі.

4. Для зрэалізаваньня мэт, у п.2 азначаных, Хрысьціянская Дэмократычная Злучнасьць:

А. Шырыць асьвету: праз сабраньні, гурткі, расправы; праз закладаньне курсаў, асьветных гурткоў, бібліотэк, чытаньняў і т. п.

В. Шырыць працу рэлігійна-маральную: паглыбляючы і ажыўляючы жыцьцё этычнае і рэлігійнае праз набажэнствы, казаньні, сходы, кружкі

С. Вядзе працу грамадзянскую: праз выязды на абгляд чужых краяў і цікавых месцаў у сваім краю, праз хоры і тэатры.

Д. Працу эканамічную: закладаючы новыя або ўмацоўваючы старыя суполкі, як напр. коапэратывы (хаўрусныя крамы), прачкарні, варштаты і т. п.; закладаючы касы ўзаемнай помачы, касы пажычковыя, касы зборнасьці, пахаронныя; закладаючы бюра працы, бюра адвакацкай і доктарскай помачы, закладаючы ахронкі, прытулкі і т. п.”

Сябрам ХДЗ мог быць кожны хрысціянін, які прызнаваў Статут і “стараўся гэтую ўставу ўвясці ў жыцьцё”.

Праграма ХДЗБ складалася з шасці раздзелаў:

1. Агульныя прынцыпы. 2. Хрысціянская дэмакратыя і рэлігія. 3. Сям’я і школа. 4. Уласнасць. 5. Праца. 6. Народ і гаспадарства.

Працытуем найважнейшыя пункты Праграмы ХДЗБ:

- Хрысьціянская Дэмокрацыя ёсьць грамадзянская сувязь, што хоча завесьці лад на сьвеце на аснове хрысьціянскай дэмократычнай справядлівасьці, роўнасьці, міласьці і свабоды.

- Каб культ рэлігійны можна было спраўляць свабодна.

- Каб право не гвалціло перакананьняў рэлігійных і абычаяў сям’і каталіцкай.

- Увясьці паўсюднае пачатковае навучаньне ў роднай мове, не ўстанаўляючы абавязку вучыцца ў школах урадавых.

- Зраўняць школы прыватные хрысьціянскіе са школамі урадовымі ў правах і дапамогах грашавых.

- Хрысьціянская Дэмакратыя прызнае, што прыватная уласнасьць ёсьць падставай цывілізацыйнага поступу грамадзянства… Уласнасьць прыватная, даючы не толькі правы, але і накладаючы абавязкі грамадзянскія, памагае да вырабленьня ў людзях ініцыятывы і самадзельнасьці.

- Каб была падзелена казённая зямля паміж безьзямельнымі і малазямельнымі з мэтай стварэньня малой уласнасьці.

- Каб работнік меў запамогу тады. Калі ня мае працы, або ня можа працаваць па хваробе і старасьці.

- Каб праведзено вольнасьць слова, друку і сувязей, але з тым, каб кожны адказваў перад судом за шкадлівую для грамадзянства ці каго-небудзь работу, агітацыю – а такжа прэсу.

- Каб усе, каторыя знаходзяцца на службе публічнай, адказвалі перад судом.

- Увядзеньне самаўраду гміннага і правінцыяльнага.

- Што датычыць Айчыны сваёй - Беларусі – ХДЗ жадае, каб яна была цэлай, непадзельнай і вольнай.


З кнігі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя"

Працяг будзе

#100гадоўБХД


Менск варты Вайніловіча, Вайніловіч варты Менску 15:55 16/06/17 1


Спрэчкі вакол асобы Эдварда Вайніловіча, аднаго з лідэраў краёвага руху пачатку ХХ стагоддзя, і фундатара Чырвонага касцёла, насамрэч выяўляюць розніцу паміж бальшавіцкім падыходам, замяшаным на нянавісці, і сутнасна хрысціянскім персаналізмам.

Паводле камуністаў, Вайніловіч вызнаваў сябе палякам і не прыняў рэвалюцыі (адсюль робіцца выснова, што ён быў "не з народам"). Але палякам вызнаваў сябе і ліцьвін (беларус) паводле паходжання Адам Міцкевіч - і сквер ягонага імя з адпаведным помнікам ў трох сотнях крокаў ад меркаванага сквера Вайніловіча не выклікае дыскусіяў і цудоўна ўпісаўся ў сталічную тапаніміку. Што да непрыняцця бальшавіцкага перавароту - дык пасля крыві і мільённых ахвяраў камунізму любы нармалёвы беларус натуральна робіцца антыкамуністам - і спадкаемцам Вайніловіча.

Помнік Вайніловічу ў Менску фактычна ўжо ёсць. Гэта фундаваны ім Чырвоны касцёл. Дарэчы, той самы, дзе ўпершыню ў Менску (1918 год) пачаліся казані па-беларуску. Той самы, дзе працавалі ахвярныя святары - хрысціянскія дэмакраты Адам Лісоўскі, Фабіян Абрантовіч, Станіслаў Глякоўскі, Вінцэнт Гадлеўскі, Віктар Шутовіч ды іншыя. Той самы, дзе быў створаны Аргкамітэт БНФ у 1988-ым.

І думаю, прычына камуністычнага шалу - якраз найперш у наяўнасці ды значэнні гэтага касцёла. Касцёл святых Сымона і Алены - сімвал шматразовай паразы камунізму і камуністаў. Сімвал правалу ваяўнічага бязбожжа. Сімвал руйнавання ўсеўладдзя Кампартыі. Сімвал адраджэння беларускага нацыянальнага руху.

Што ж да асобы Эдварда Вайніловіча - пра яго сведчаць ягоныя справы. Ён быў адным з бацькоў Менску ў цяжкія рэвалюцыйныя гады.Фундаваў не толькі касцёлы, але і праваслаўныя цэрквы. Гаспадар, мецэнат, вернік - ён увасабляе сабой зруйнаваны і сцёрты бальшавікамі з народнай памяці Менск шляхетны, прыгожы, прыстойны.

І тое, што рашэнне аб Слуцкім паўстанні прымалася ў слуцкім Доме Вайніловіча, і тое, што Дзень беларускага (бел-чырвона-белага) значка ў 1917-ым адзначаўся ў менскім Доме Вайніловіча, і ягоны ўдзел у паседжаннях Рады БНР - ставіць кропку ў пытанні, што значыць імя Вайніловіча для незалежнай Беларусі.

Менск варты Вайніловіча. Вайніловіч варты Менску.

Падтрымаць кампанію за наданне менскаму скверу ля Плошчы Незалежнасці імя Вайніловіча можна тут:


СТАГОДДЗЕ БХД. Пашырэнне праз касцёлы 10:41 12/06/17


Улетку 1917 года, падчас аб’езду той часткі Віленскай дыяцэзіі, якая заставалася ў складзе Расеі, на ўсход ад лініі фронту, біскуп Эдвард Роп дазволіў казаць у касцёлах беларускія казанні – і заахвоціў стварэнне хрысціянска-дэмакратычных гурткоў пры парафіях. Відавочна, БХДЗ у вачох біскупа было працягам ягонай справы ў Канстытуцыйна-каталіцкай партыі Літвы і Беларусі. Беларускія ж ксяндзы, якія і дамагаліся дазволу, неадкладна пачалі працу.

Першай суполкай БХДЗ у глыбінцы быў гурток у Дзісне, закладзены ўлетку 1917 года ксяндзом Вінцэнтам Ташкуном. Тады ж ксёндз Адам Станкевіч заснаваў гурток у Друі: сустрэчы адбываліся штонядзелі і штосвята ў кляштарных мурах. Неўзабаве ў выніку працы Станкевіча ўзніклі гурткі ў Іказні (сучасны Браслаўскі раён) і Барадзенічах (Мёрскі раён), якія вёў ксёндз Віктар Шутовіч. Нарэшце, вялікі асяродак БХД склаўся ў Шаркаўшчыне пад кіраўніцтвам ксяндза Міхаіла Пятроўскага.

6-7 жніўня 1918 года ў Германавічах тагачаснага Дзісненскага павету (сёння Шаркаўшчынскі раён) прайшоў з’езд дэканальнага касцёльнага кліру, дзе была прынятая пастанова спрыяць дзейнасці Хрысціянскай дэмакратыі і развіваць у краі беларускае школьніцтва.

Такім чынам, усходняя Віленшчына, з воссю дарогі з Вільні на Полацк, сталася сапраўдным хрыбтом хрысціянскай дэмакратыі, прычым у народнай тоўшчы, на вёсцы. Якраз адсюль БХДЗ пачала пашырацца на на ўсход, захад і поўдзень.

У 1919 годзе БХДЗ пашырыла свой уплыў на Ашмяншчыну, дзе пачаў плённа працаваць пробашч у Барунах Міхаіл Пятроўскі. На Гарадзеншчыне ў 1919-20 гадах разгарнуў хадэцкі рух Язэп Германовіч (Ваўкавыскі павет). На Берасцейшчыне (Шарашова і Вялікае сяло Пружанскага павету) ідэі БХД распаўсюджваў ксёндз Францішак Рамэйка. У ваколіцах Вільні плённа працавалі Ян Пазняк (Лаварышкі) і Казімір Фалькевіч (Тургелі), на Полаччыне і Віцебшчыне (Ушачы, Ула, Бешанковічы) - ксёндз Язэп Барадзюля.


З кнігі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя"

Працяг будзе

#100гадоўБХД

СТАГОДДЗЕ БХД. Па дарозе з Вільні на Полацк 20:32 08/06/17 1


Улетку 1917 года, падчас аб’езду той часткі Віленскай дыяцэзіі, якая заставалася ў складзе Расеі, на ўсход ад лініі фронту, біскуп Эдвард Роп дазволіў казаць у касцёлах беларускія казанні – і заахвоціў стварэнне хрысціянска-дэмакратычных гурткоў пры парафіях. Відавочна, БХДЗ у вачох біскупа было працягам ягонай справы ў Канстытуцыйна-каталіцкай партыі Літвы і Беларусі. Беларускія ж ксяндзы, якія і дамагаліся дазволу, неадкладна пачалі працу.

Першай суполкай БХДЗ у глыбінцы быў гурток у Дзісне, закладзены ўлетку 1917 года ксяндзом Вінцэнтам Ташкуном. Тады ж ксёндз Адам Станкевіч заснаваў гурток у Друі: сустрэчы адбываліся штонядзелі і штосвята ў кляштарных мурах. Неўзабаве ў выніку працы Станкевіча ўзніклі гурткі ў Іказні (сучасны Браслаўскі раён) і Барадзенічах (Мёрскі раён), якія вёў ксёндз Віктар Шутовіч. Нарэшце, вялікі асяродак БХД склаўся ў Шаркаўшчыне пад кіраўніцтвам ксяндза Міхаіла Пятроўскага.

6-7 жніўня 1918 года ў Германавічах тагачаснага Дзісненскага павету (сёння Шаркаўшчынскі раён) прайшоў з’езд дэканальнага касцёльнага кліру, дзе была прынятая пастанова спрыяць дзейнасці Хрысціянскай дэмакратыі і развіваць у краі беларускае школьніцтва.

Такім чынам, усходняя Віленшчына, з воссю дарогі з Вільні на Полацк, сталася сапраўдным хрыбтом хрысціянскай дэмакратыі, прычым у народнай тоўшчы, на вёсцы. Якраз адсюль БХДЗ пачала пашырацца на на ўсход, захад і поўдзень.

У 1919 годзе БХДЗ пашырыла свой уплыў на Ашмяншчыну, дзе пачаў плённа працаваць пробашч у Барунах Міхаіл Пятроўскі. На Гарадзеншчыне ў 1919-20 гадах разгарнуў хадэцкі рух Язэп Германовіч (Ваўкавыскі павет). На Берасцейшчыне (Шарашова і Вялікае сяло Пружанскага павету) ідэі БХД распаўсюджваў ксёндз Францішак Рамэйка. У ваколіцах Вільні плённа працавалі Ян Пазняк (Лаварышкі) і Казімір Фалькевіч (Тургелі), на Полаччыне і Віцебшчыне (Ушачы, Ула, Бешанковічы) - ксёндз Язэп Барадзюля.

З кнігі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя"

Працяг будзе

#100гадоўБХД

СТАГОДДЗЕ БХД. Без палякаў, немцаў і бальшавікоў 19:19 05/06/17 2


Пасля гістарычнага з’езду 24-25 траўня 1917 года вызначыліся два галоўныя агмяні БХДЗ – Хрысціянска-Дэмакратычная Злучнасць у Петраградзе і Хрысціянска-Дэмакратычная Злучнасць Беларусаў у Менску.

Галоўнымі працаўнікамі заснаванай ХДЗ у Петраградзе былі айцец Фабіян Абрантовіч і ксёндз Люцыян Хвецька. На іх кватэрах штонядзелі адбываліся сустрэчы й нарады. У касцёле святога Станіслава хрысціянскія дэмакраты збіраліся слухаць беларускія казані, спевы, ладзілі прадстаўленні. Да Злучнасці найперш гарнуліся беларусы-уцекачы ды супрацоўнікі сталічных грамадскіх установаў-каталікі. Па-ранейшаму вялікую ролю адыгрываў тут Браніслаў Эпімах-Шыпіла.

Ужо ў другой палове 1917 года спісавы склад ХДЗ у Петраградзе дасягнуў 300 чалавек, сотні удзельнічалі ў мерапрыемствах. Ксёндз Станкевіч апісвае сцяг ХДЗ: на адным баку “Пагоня” на васільковым тле, на іншым – абраз Маці Божай Вастрабрамскай на белым.

Сталіца імперыі перажывала страшныя часы рэвалюцыйнай разрухі, гвалту, голаду, тэрору – але і напрыканцы 1917-га, і ўвесь 1918 год гняздо хрысціянскай дэмакратыі прыцягвала, выхоўвала, адагравала адарваных ад Радзімы беларусаў і рыхтавала актыў для працы на сваёй зруйнаванай зямлі.

23 студзеня 1918 года бальшавікі абвясцілі пра аддзяленне Царквы ад дзяржавы - што азначала пераслед як святароў і вернікаў, так і ўсякай хрысціянскай дзейнасці.

Тым ня менш, 14-16 лютага 1918 года менавіта ў Петраградзе прайшоў ІІ зьезд беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў. Сярод іншага, ён прыняў рашэнне аб імкненні да незалежнасці Беларусі:

“У адносінах да малых народаў як Літва, Латвія, Беларусь, Україна трэба стаяць на грунце поўнага іх самаазначэньня”.

Нагадаем, да прыняцця ІІІ статутнай граматы БНР заставалася яшчэ больш месяца.

Вайна заканчвалася; большасць беларусаў вярталася дахаты. 25 лютага 1918 года Менск занялі немцы.

Напачатку ў Менску хрысціянская дэмакратыя мела польска-беларускі характар, і, нягледзячы на тое, што палякі складалі ў ёй меншасць, называлі яе Польскай хадэцыяй.

5 верасня 1918 года на ініцыятыву ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага, які служыў вікарыем у Катэдры, менскія хадэкі пастанавілі арганізаваць самастойную ХДЗ. Магчыма, гэта было адной з прычынаў, дзеля якіх касцёльная улада ўжо 8 верасня перавяла Гадлеўскага ў Нясвіж – але праз некалькі тыдняў у Менск прыбыў Фабіян Абрантовіч, прызначаны рэктарам Менскай каталіцкай духоўнай семінарыі, і пераняў кіраўніцтва хадэцыяй.

На той момант у Менску існавала тры вялікія суполкі ХДЗБ : Катэдральная, якая аб’ядноўвала 500 чалавек, і яшчэ дзьве (Чырвонага касцёла і капліцы Таварыства дабрачыннасці), у кожнай з якіх налічвалася да 80 актывістаў.


З кнігі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя"

Працяг будзе

#100гадоўБХД


СТАГОДДЗЕ БХД. Газета "Крыніца" 17:15 29/05/17


Рашэнне аб выданні ўласнай газеты аказалася найважнейшым вынікам з’езду БХДЗ 24-25 траўня. У віхуры падзеяў, калі цягам некалькіх месяцаў дэмакратычная ўлада змянялася бальшавіцкай, калі хвалямі пракочваліся па Беларусі грамадзянская вайна, нямецкая акупацыя, польская акупацыя, зноў савецкая акупацыя, крывавыя межы і падзелы – менавіта рэгулярнае выданне злучала і натхняла рассечаны франтамі паўсюдны беларускі рух да Хрыста і свабоды. Рэдакцыя і падпісчыкі “Крыніцы” 1917-1925 гадоў склалі аснову масавай хадэцыі на тэрыторыі Заходняй Беларусі.

На з’ездзе прапанавалі назваць газету “Бацькаўшчына”. Але 8 кастрычніка ў Петраградзе, які застаўся базай БХДЗ, выйшаў першы нумар “Крыніцы”. Арганізацыйна рыхтаваў гэта яшчэ з 1916 году Фабіян Абрантовіч, рэдактарам стаўся ксёндз Люцыян Хвецька. Да канца 1917 году выйшла 6 нумароў “Крыніцы”, прычым №3 быў надрукаваны ў Менску – але паколькі Менск апынуўся ў самым жарале вайны, рэдакцыйная праца вялася па-ранейшаму ў Петраградзе. Наклад першых нумароў складаў 300 асобнікаў, затым павялічыўся да 500 і 700-800, і далей дасягаў 4-5, а падчас выбараў і 10 тысячаў асобнікаў.

Напачатку, паколькі асноўная частка газеты пашыралася праз каталіцкія парафіі, “Крыніца” выходзіла лацінкай.

Менавіта ў “Крыніцы” былі скшталтаваныя ідэйныя асновы БХД. У адным з першых нумароў чытаем: “ Найлепшая тая арганізацыя, каторая можа даваць сваім сябрам прасьвету, а зь ёю культуру, каторая дбае аб дабро сяброў эканамічнае, ды тож не выкідае з сваёй мэты жыцьця рэлігійнага. Гэткай арганізацыяй ёсьць Хрысьціянская дэмакратычная злучнасьць. Яна будуецца на вялікіх хрысьціянскіх законах, выказаных праз папежа Лявона ХІІІ, у яго акружных пісьмах. Хрысьціянская дэмакратычная злучнасьць мае на мэце злучыць усіх хрысьціян, найбольш каталікоў, у адну моцную арганізацыю, каторая памагала б у барацьбе з труднасьцямі жыцьця і супакойвала б патрэбы душы. Хрысьціянская дэмакратычная злучнасьць мае на мэце не рэлігійныя патрэбы, а эканамічныя і грамадзянскія, пранікнутыя духам Хрыстовым – безь ненавісьці, безь несправядлівай барацьбы.”

Дарэчы, сёння назву "Крыніца" мае як адноўлены партыйны бюлетэнь БХД, так і беларускі міжканфесійны хрысціянскі інтэрнэт-партал - "Крыніца.Інфа".

З кнігі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя"

Працяг будзе

#100гадоўБХД


СТАГОДДЗЕ БХД. З'езд 24-25 траўня 1917 года 12:18 23/05/17


Ужо цягам некалькіх тыдняў пасля пераходу ўлады да Часовага ураду і ўсталявання ў Расеі дэмакратычнай рэспублікі кіраўнікі пецярбурскай супольнасці стварылі арганізацыйны камітэт З’езду беларускага каталіцкага духавенства, які прадбачліва вырашылі праводзіць у Менску. Менск, на той момант прыфрантавы губернскі горад, укрыжаваны паміж занятай немцамі Вільняй і запруджаным расейскімі войскамі Магілёвам, стаўся ідэальнай пляцоўкай для пачатку беларускага хрысціянска-дэмакратычнага руху.

У арганізацыйны камітэт З’езду ўвайшлі Люцыян Хвецька, Вінцэнт Гадлеўскі, Аляксандр Астрамовіч (Андрэй Зязюля), Францішак Будзька і Андрэй Цікота.

На Зьезд, які адчыніўся раніцай 24 траўня 1917 году у Менскім катэдральным касцёле, прыбыло каля 30 святароў, пераважна з Усходняй Беларусі і Петраграду.

Парадак першага дня З’езду ўлучаў даклады арганізатараў і стварэнне камісіяў. Ксёндз Адам Станкевіч падае поўную праграму гэтага гістарычнага паседжання:

І. Даклады.

1. Беларускі рух і яго адносіны да жыцця касцёльнага, а такжа да акцыі каталіцкай у Беларусі. Рэферэнт Адам Станкевіч.

2. Акцыя палітычна-народная каталіцкага духавенства на Беларусі ў нашых часах. Стварэнне каталіцкай партыі. Рэферэнт ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі.

3. Акцыя духавенства грамадска-эканамічная. Рэферэнт ксёндз Вінцэнт Гарасімовіч.

4. Акцыя прасветная. Рэферэнт ксёндз Фабіян Абрантовіч.

5. Акцыя выдавецкая. Рэферэнт ксёндз Люцыян Хвецька.

ІІ. Выбар пяці камісіяў: жыцця касцельнага, палітычна-арганізацыйнага, школьнай, грамадска-эканамічнай, выдавецкай.

Як бачым, першы зьезд беларускай хрысціянскай дэмакратыі выявіў і ключавыя кірункі развіцця хадэцыі, і адначасова вызначыў лідэраў, якія павядуць за сабой БХД. Галоўнымі рашэннямі З’езду былі:

1. Патрабаванне шырокай аўтаноміі Беларусі ў Расейскай федэратыўнай дэмакратычнай рэспубліцы.

2. Навучанне ў школах па-беларуску.

3. Увядзенне памалу ў касцёлах казанняў і дадатковых набажэнстваў у беларускай мове.

4. Выдаваць уласную беларускую газету.


З кнігі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя"

Працяг будзе

#100гадоўБХД


СТАГОДДЗЕ БХД. Як пачыналася партыя 14:14 19/05/17


Да пачатку рэвалюцыйных падзеяў 1917 года і ў колішняй сталіцы ВКЛ, занятай немцамі Вільні, і ў старажытнай Гародні, і ў Беластоку, і ў губернскім прыфрантавым Менску, і ў Магілёве, дзе знаходзілася Стаўка Мікалая ІІ, тлелі агмяні беларускага хрысьціянскага руху – найперш каля касцёлаў і ў асяроддзі свядомай інтэлігенцыі.

“Беларускі нацыянальны каталіцкі рух пачаўся ў дзвюх вучэльнях: у Віленскай каталіцкай духоўнай акадэміі ў Пецярбургу, дзе вучылася і беларуская моладзь (часцей за ўсё сялянскага паходжання). У гэтых вучэльнях утварыліся беларускія гурткі. У 1911 г. рэктар Віленскай семінарыі афіцыйна прызнаў існаваньне беларускага гуртка і дазволіў яму мець беларускую бібліятэчку. У Каталіцкай духоўнай акадэміі ў Пецярбургу беларускі гурток стварыўся ў 1912 г., а ў 1914 г. ужо налічваў 70 сяброў і меў вялікую бібліятэку, у тым ліку каталіцкія кнігі і часопісы. Дзейнасць гуртка была актыўнай дзякуючы падтрымцы прафесара Браніслава Эпімаха-Шыпілы.” – піша прафесар Анатоль Грыцкевіч у працы “Пачаткі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі”.

Ядро масавай нацыянальнай хрысціянска-дэмакратычнай партыі на момант гістарычных зрушэнняў склалася усё-такі не на рассечанай фронтам, спустошанай і скрываўленай беларускай зямлі, а ў сталіцы імперыі і калысцы рэвалюцыі – Санкт-Пецярбургу, у 1914-ым перайменаваным у Петраград.

Прычынаў было некалькі. Найперш, любая грамадcкая ( а пагатоў беларуская) дзейнасць па абодва бакі ад лініі фронту успрымалася і расейскімі, і нямецкімі вайсковымі й тылавымі структурамі з падазрэннем – і найчасцей жорстка падаўлялася. Па-другое, менавіта Петраград быў сэрцам агромністай дзяржаўнай машыны і перавалачнай базай вайны: велізарныя масы жаўнераў і афіцэраў, інжынераў, рабочых, гандляроў, чыноўнікаў, а таксама уцекачоў штодня віравалі на ягоных вакзалах, вуліцах ды установах. Па-трэцяе, паколькі сталіца імперыі ўжо 200 гадоў высмоктвала інтэлектуальныя, творчыя, навуковыя сілы з ускраінаў – менавіта там гуртаваліся самыя здольныя, амбітныя, актыўныя асобы. І нарэшце – без цара, занятага ў Стаўцы, якраз Петраград з 1915 года ператвараўся ў эпіцэнтр апазіцыйнага, дэмакратычнага, а затым і рэвалюцыйнага руху.

Сапраўдным “гняздом” БХД стаўся беларускі гурток Пецярбургскай духоўнай акадэміі, дзе ў пачатку ХХ стагоддзя навучаліся на ксяндзоў найбольш адораныя хлопцы з Беларусі.

Заснаваў гэты гурток у 1912-ым годзе Люцыян Хвецька. Паводле сведчання навучэнца акадэміі ксяндза Адама Станкевіча, менавіта ён пачаў сталыя сустрэчы і заклаў асновы арганізацыі, у якую напачатку увайшлі сямёра: “…Л. Хвецька, А. Цікота, П. Пякарскі, С. Шырокі, Францук, І. Жаўняровіч, В. Гадлеўскі”. У 1913-ым гурток быў зарэгістраваны афіцыйна, кіраўніком стаў П. Пякарскі, сакратаром – В. Гадлеўскі, з 1916 году сакратарства пераняў Адам Станкевіч.

Гэты гурток усталяваў сувязі са студэнтамі-беларусамі Пецярбургскага універсітэту і пачаў ладзіць супольныя сходы на кафедры ксяндза Францішка Будзькі.

Апекуном і душой гэтай беларускай паводле формы і хрысціянскай паводле зместу супольнасці стаў прафэсар Браніслаў Ігнатавіч Эпімах-Шыпіла. Ураджэнец Полаччыны, навуковец энцыклапедычнага розуму, даследчык беларускай даўніны, рэдактар першага зборніку вершаў Янкі Купалы, Эпімах-Шыпіла быў адначасна глыбокім вернікам. Вольна размаўляў на лаціне, ведаў і выкладаў старажытнагрэцкую – і лічыў, што Беларусі найперш патрэбныя пасвечаныя і адукаваныя духоўныя правадыры. З ягонай ініцыятывы беларусы Петраграда заснавалі легендарнае выдавецтва “Загляне сонца і ў наша ваконца”, якое пачало выдаваць масавымі накладамі надзённую беларускую літаратуру, і стварылі дабрачыннае Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны.

Пры гуртку была закладзеная беларуская бібліятэка (фундавала Магдалена Радзівіл), створаны хор, працавалі гістарычная і літаратурная секцыі, выходзіў часопіс “Светач”.

У гэтым гуртку мы ўпершыню знаёмімся з будучымі лідэрамі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі і агулам усяго беларускага руху міжваеннага часу – айцом Фабіянам Абрантовічам, будучым рэктарам Каталіцкай духоўнай семінарыі, ксяндзамі Адамам Станкевічам, Вінцэнтам Гадлеўскім, Францішкам Будзькам, Аляксандрам Астрамовічам ( Андрэем Зязюлям), заснавальнікам “Крыніцы” Люцыянам Хвецькам, будучым генералам ордэну марыянаў Андрэем Цікотам, будучым грэка-каталіцкім біскупам, пакутнікам Антонам Неманцэвічам, гераічнымі святарамі Міхалам Пятроўскім, Віктарам Шутовічам і многімі іншымі.

Апошні пункт статуту гуртка сцісла фармуляваў дэвіз будучай беларускай хрысціянскай дэмакратыі: “Буду ісці з воклічам у вуснах: “З Богам для народу!”.

Божы провід своечасова падрыхтаваў “новыя мяхі для новага віна”. Бо неўзабаве грымнула Лютаўская рэвалюцыя, расейскае самадзяржаўе рухнула, і ў віры падзеяў згуртаваная апостальская каманда святароў-беларусаў з Пецярбургскай акадэміі дзейнічала зладжана, арганізавана і ў адным духу.


З кнігі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя"

Працяг будзе

#100гадоўБХД

СТАГОДДЗЕ БХД. "Хрысьціянская Злучнасьць" 18:19 16/05/17


У 1914-м грымнула Першая Сусветная вайна. У 1915-ым заходняя частка Беларусі апынулася пад нямецкай акупацыяй. Нямецкае вайсковае камандаванне, якое распараджалася на занятых тэрыторыях, да любой палітычнай актыўнасці ставілася насцярожана, але беларусы разумелі: гэта – шанец на змены.

У 1915-ым у занятай немцамі Вільні была зроблена чарговая спроба стварыць хрысціянска-дэмакратычную партыю, прычым ужо беларускую паводле характару – “Хрысціянскую злучнасць”. На чале гэтай арганізацыі сталі адзін з лідэраў колішняй Краёвай партыі Беларусі і Літвы барон Казімір Шафнагель, князь Вінцэнт Святаполк-Мірскі, ксяндзы Вінцэнт Гадлеўскі ды Аляксандр Астрамовіч (Андрэй Зязюля), і адзін з ідэолагаў беларускага нацыянальнага руху, Вацлаў Ластоўскі.“Хрысціянскую Злучнасць” лічаць першай менавіта беларускай правай партыяй.

Кажучы пра выспяванне ідэі хрысціянска-дэмакратычнай партыі ў беларускім каталіцкім руху, нельга абмінуць і ролю гіерархаў тагачаснага Касцёлу. З аднаго боку, дзеля моцнай польскай свядомасці большасці каталіцкіх ксяндзоў і біскупаў, гэтая ідэя сустракала сталы супраціў. Адначасова напачатку ХХ стагоддзя вылучаецца шэраг біскупаў, якія ацанілі і прынялі патрэбу масавага беларускамоўнага хрысціянскага руху. Найперш гэта згаданы біскуп Віленскі Эдвард Роп, біскуп-суфраган Магілёўскай дыяцэзіі Стафан Данісэвіч, які ў 1906-1907 выдаў катэхізмы па-беларуску і заахвочваў да беларускасці святароў, ды біскуп Пінскай дыяцэзіі Зыгмунт Лазінскі, які пад уплывам Фабіяна Абрантовіча і Адама Лісоўскага ініцыяваў набажэнствы па-беларуску ды заснаваў беларускую духоўную семінарыю ў Менску.

Для настрояў таго часу характэрна імкненне ясна сцвердзіць беларускі нацыянальны характар новага руху – а дзеля гэтага перадусім парваць і з русіфікацыяй, і з паланізацыяй. Вось як, напрыклад, піша да спольшчанай краёвай інтэлігенцыі ў сваім знакамітым адкрытым лісце, надрукаваным у “Кур’еры Літэўскім” у лістападзе 1917-га барон Казімір Шафнагель: “Апалячэная беларуская інтэлігенція! Паны “тутэйшыя палякі” – ксяндзы і земяне! Няўжо-ж ваша грамадзянскае сумленьне нічога вам не гаворыць? Няўжо-ж не задрыжыць у спольшчэных сэрцах вашых праўдзівы патрыотызм – не прыбраны ў пазычаныя пёры, але спакон вякоў краёвы, нацыональны і народны беларускі? Чы гэта зямелька родная са сваімі сумнымі абразамі, сваім[і] вазёрамі, лясамі і гарыстымі палямі да вас не прамовіць, - чы голасу гэтаго збожнага народу, што вас “панкамі даражэнькімі” называе, вуха вашэ не пачуе, - чы яго праўдзівых патрэб, каторых ён сам ешчэ не разумее, ваша душа не адчуе, а калі адчуе, дык чы не загаворыць у вас грамадзянскае сумленьне і чы не дасьць яго вам цьвёрдаго наказу ўзяць той-час на свае плечы работу дзеля адраджэньня гэтаго люду – нацыі, да катораго так чы сяк самі вы прыналежыце?” ( “Спадчына”, №4, 2002).

Такім чынам, спярша, ад 1905 году, ідэя хрысціянскай дэмакратыі на Беларусі разгортвалася ў краёвай (польска-украінска-літоўска-беларускай) традыцыі, з польскай мовай і ў рамках расейскай дзяржаўнасці – але за 10 гадоў найперш у каталіцкіх асяродках Віленшчыны, Гарадзеншчыны, Меншчыны ды тагачаснай сталіцы імперыі Пецярбургу скрышталізавалася яснае разуменне: Беларусі патрэбная свая, менавіта беларуская хрысціянска-дэмакратычная партыя.

З кнігі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя"

Працяг будзе

#100гадоўБХД

Хрысціянская дэмакратыя ў Беларусі: 1906-1915 18:02 30/04/17

У пачатку 1906 года у Першую Дзяржаўную Думу было выбрана 17 дэпутатаў – чальцоў і прыхільнікаў ККПЛБ. Найбольш выбітнымі сярод іх былі ідэолаг партыі, аўтар “Нацыянальнага катэхізму”, кароль вузкакалейкі, які займаўся будаўніцтвам чыгункі ў краі, Баляслаў Ялавецкі, “народны ксёндз”, які адстоўваў у Пружанскім павеце інтарэсы сялянаў, Антоній Сангайла, дырэктар Віленскага зямельнага банку Юзаф Монтвіл, старшыня Віцебскага таварыства сельскай гаспадаркі Станіслаў Лапацінскі. Большасць з іх вызнавала сябе палякамі, некаторыя – літоўцамі.

Расейскія ўлады былі агаломшаныя поспехам краёвай каталіцкай партыі – і ўжо ў пачатку сакавіка 1906 года загадам віленскага генерал-губернатара Канстанціна Кршывіцкага (пасля запіскі міністра унутраных справаў Расейскай імперыі Дурнаво) сходы ККПЛБ былі забароненыя. Партыя абвясціла пра спыненне сваёй працы – бо не бачыла магчымасці дзейнічаць нелегальна. Самога біскупа Ропа ў 1907 годзе выслалі з Вільні.

Сабраная Першая Дума мела пераважна ліберальны характар, рэй у ёй вяла партыя кадэтаў, і іх сутыкненне з напалоханай самадзяржаўнай машынай скончылася роспускам. Дэпутаты ККПЛБ паспелі ўсяго некалькі разоў выступіць на пленарных паседжаннях (найперш па аграрным пытанні). Але поспех дэмакратычнай партыі, заснаванай на хрысціянскіх прынцыпах, быў відавочны.

Царская рэакцыя, разгон наступнай Думы, карныя меры супраць апазіцыі і рэформы Сталыпіна падарвалі пазіцыі кадэтаў ды левых. Першая спроба стварыць на тэрыторыі былога Вялікага княства Літоўскага дэмакратычную партыю на рэлігійных асновах засталася адно яркай успышкай.

Варта згадаць яшчэ некалькі краёвых палітычных сілаў таго часу, блізкіх да ідэяў хрысціянскай дэмакратыі. Гэта польская арганізацыя “Вызваленне”, да якой належаў, напрыклад, былы сябра ЦК ККПЛБ Юзаф Змітровіч, а таксама Краёвая партыя Літвы і Беларусі на чале з фундатарам Касцёла святых Сымона і Алены ў Менску Эдвардам Вайніловічам, баронам Казімірам Шафнагелем і буйным землеўладальнікам Раманам Скірмунтам. У праграме “краёўцаў”, напрыклад, дзяржаўнае ўладкаванне Беларусі бачылася як аўтаномія ў складзе расейскай канстытуцыйнай манархіі, на грунце хрысціянскай духоўнасці і падмурку хрысціянскай адукацыі.

Патрэба магутнай хрысціянска-дэмакратычнай партыі ў краі, як бачым, у 1906 годзе ужо выспела. Але адносна нацыянальнага характару хрысціянскай дэмакратыі пэўнасці не было. Расейская праваслаўная царква была варожай да ідэі дэмакратыі і падтрымлівала самадзяржаўе, для польскага руху ( “эндэкі”, “Вызваленне” і іншых) усе каталіцкія ініцыятывы былі адпачатку польскімі, літоўскі рух неўзабаве вылучыў уласныя хрысціянска-дэмакратычныя праграмы – і перад палітычна актыўнымі свядомымі беларусамі-вернікамі паўстала пытанне: ці аддаваць народ пад уплыў суседскіх палітычных праектаў і самім распыляцца ў іх, ці засноўваць, урэшце, свой.

Вялікую ролю ў гэты вызначальны час для беларускай хадэцыі, як і для ўсяго беларускага руху, адыграла газета “Наша Ніва”, што пачала выходзіць у Вільні ў 1906-м. Ва ўмовах спаду рэвалюцыйных настрояў, карных акцыяў менавіта легальная масавая газета сталася цэнтрам гуртавання разнастайных грамадскіх, творчых і палітычных сілаў – ад левых да правых. Многія з падпісчыкаў і аўтараў “Нашай нівы” затым далучацца да БХД.

Ужо ў 1913-ым годзе беларускія хрысціяне дэмакратычных перакананняў здолелі наладзіць выпуск і свайго ўласнага часопісу – “Беларус”. З увагі на тое, што найбольш актыўнай і палітычна свядомай часткай хадэцыі на той момант былі рыма-каталікі, часопіс выходзіў лацінкай і пашыраўся найперш па касцёльных парафіях. Рухавіком “Беларуса” стаў Баляслаў Пачопка, рэдактарамі –Алесь Бычкоўскі, Антон Лявіцкі (Ядвігін Ш), а фундавала выданне княгіня Магдалена Радзівіл. Ксёндз Адам Станкевіч сведчыць, што за два гады працы, да захопу Вільні немцамі, “Беларус”, акрамя рэгулярнага выхаду раз на тыдзень, здолеў выдаць і шэраг брашураў ды кнігаў асветніцкага ды грамадскага характару ў хрысціянскім і дэмакратычным духу. Якраз у “Беларусе” пачалі друкавацца Францішак Будзька, Уладзіслаў Талочка, Казімір Сваяк, Аляксандр Астрамовіч, Ільдэфонс Бобіч, Дамінік Аніська і іншыя будучыя лідэры БХД.

З кнігі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя"

Працяг будзе

#100гадоўБХД


СТАГОДДЗЕ БХД. Зянон Пазьняк 14:04 24/04/17 1


Зянон Пазняк – палітычны абсалют нацыянальнай ідэі. Хрысціянін. Паэт. Эмігрант. Лідэр апошняга беларускага Адраджэння.

Пазняк адкрыў усяму свету Курапаты. Заснаваў Беларускі Народны Фронт. Узначаліў апазіцыю ў Вярхоўным Савеце на хвалі развалу СССР. Дамогся незалежнасці.

У Беларусі імя Пазняка стала сінонімам палітыкі нацыянальных інтарэсаў.

Зянон Пазняк – вяршыня цэлай дынастыі. Дзед, Ян Пазняк, дзеяч БНР, засноўваў Беларускую Хрысціянскую Дэмакратыю і быў расстраляны бальшавікамі. Бацька, Станіслаў, ваяваў з фашыстамі й загінуў на фронце ў 1944-м.

Зянон нарадзіўся 24 красавіка 1944 года ў Суботніках (сёння -Іўеўскі раён Гарадзеншчыны), як і пакаленні ягоных продкаў. Быў ахрышчаны ў мясцовым касцёле.

У 1967 годзе Зянон Пазняк скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, у 1972 – аспірантуру пры Інстытуце этнаграфіі, мастацтва і фальклору пры Акадэміі навук БССР.

Працаваў загадчыкам сельскага клуба, рабочым сцэны, фатографам, навуковым супрацоўнікам аддзелу археалогіі Інстытута гісторыі Акадэміі навук.

З 1960-ых гадоў выступаў у абарону гарадской забудовы Менску, у тым ліку Траецкага прадмесця, Нямігі, Верхняга горада.

Менавіта археолаг Зянон Пазняк у чэрвені 1988 г., з пачаткам Перабудовы, апублікаваў жахлівыя матар'ялы раскопак у Курапатах, якія сам таемна вёў доўгія гады – і ўмомант стаў жывым сцягам антыкамуністычнага руху. Ужо 19 кастрычніка 1988 г. ён стварае Аргкамітэт Беларускага Народнага Фронту, а праз два тыдні ачольвае першае масавае шэсце “Дзяды”, жорстка разагнанае міліцыяй.

Пазняк на чале парламенцкай апазіцыі – усяго 30 дэпутатаў! – здолеў пераламіць сітуацыю ў пракамуністычным Вярхоўным савеце пачатку 1990-х гадоў. Трыста саўковых нардэпаў пад няўмольным позіркам Пазняка прымалі законы незалежнасці, бел-чырвона-белы сцяг і “Пагоню”, стваралі ўласнае войска, мытню, бюджэт... Стваралі дзяржаву.

“Не кілбасы мусім шукаць, а Бога!” – казаў тады Пазняк.

І гэта быў сапраўды цуд Божы: перамога над імперыяй зла.

БНФ у часы Пазняка сапраўды ўлучаў магутную хрысціянска-дэмакратычную плынь. Менавіта з Фронту Пазняка выйшлі заснавальнікі БХДЗ ды БХДП ў 1990-ыя, і тыя, хто адраджаў БХД у 2000-ых.

Геній нацыяналізму, полюс непадкупнасці, чалавек сталёвых нерваў, Пазняк адначасова заставаўся мастацтвазнаўцам, лірычным паэтам, поўным пяшчоты да свайго краю й любові да Бога. "Ave Maria" на ягоныя словы стала "Песняй года -1994".

На прэзідэнцкіх выбарах 1994 года Зянон Пазняк атрымаў, паводле афіцыйных дадзеных, 12,8% галасоў. Паводле неафіцыйных – з 16% стаў другім пасля Лукашэнкі.

Але няма прарока ў сваёй айчыне. Пасля шматтысячных маніфестацыяў Вясны-96 пад пагрозай расправы Пазняк мусіў з’ехаць за мяжу й папрасіць палітычнага прытулку ў ЗША.

Пазняк – харызматычны лідэр і палітык крышталёвае чысціні, а гэта тая яшчэ рэдкасць. Яго аблівалі брудам, яму здраджвалі паплечнікі, яго замоўчвалі – але ён ані на цалю не змяніў сваіх прынцыпаў. Яго папракалі ў бескампраміснасці й катэгарычнасці – але ці ж можа крышталь не быць цвёрдым!

Сярод сучаснікаў менавіта Пазняк найбольш ясна сфармуляваў беларускую нацыянальную ідэю ў сваіх кнігах “Сапраўднае аблічча”, “Gloria Patria” і “Новае стагодзьдзе”.

Пазняк, як моцны магніт, прыцягвае й адштурхоўвае, абуджае веру сябраў і выклікае шал ненавіснікаў. Але нават ворагі трапечуць у ягонае прысутнасьці. Калі Пазняк глядзіць табе ў вочы – мурашкі ідуць па скуры, а жар змяняецца холадам.

Бо Пазняк ня проста кажа. Ён прарочыць. Ягоныя выразы кшталтаваныя й адточаныя, ягоны голас гучыць уладна й велічна – і ягоныя словы збываюцца. "Усё так, як казаў Пазняк!" – у Беларусі ўжо даўно расхожая фраза.

Феномен Пазняка тлумачыцца проста. Зянон Пазняк – беларускі хрысціянін на ўсе 100%. Пазняк робіць гэта па-каталіцку гранёна й бліскуча – так, што працінае да самага сэрца.

Постаці такога маштабу можна разгледзець толькі здалёк. Іх ацэньвае гісторыя. І Беларусь урэшце рэшт ацэніць.

Таму што рана ці позна будзе так, як казаў Пазняк.


З кнігі "Сто асобаў беларускай хрысціянскай дэмакратыі"


СТАГОДДЗЕ БХД. Біскуп Юры Матулевіч 08:58 14/04/17


13 красавіка - дзень народзінаў аднаго з патрыярхаў хрысціянскага руху ў найноўшай гісторыі Беларусі, апекуна Віцебскай дыяцэзіі Касцёлу, біскупа Юрыя Матулевіча.

Багаславёны Юры Матулевіч, біскуп Віленскі, генерал ордэну марыянаў, заснавальнік легендарнага кляштару ў Друі – адзін з тых людзей, без якіх Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя магла не адбыцца.

Нарадзіўся Юрый Матулевіч 13 красавіка 1871 года ў Лугіне непадалёк ад Марыямпаля. Рана застаўся сіратою, яго даглядаў старэйшы брат Ян.

У 1891-93 гадах вучыўся ў каталіцкай духоўнай семінарыі ў Кельцах. Як адзін з найбольш здольных вучняў, быў накіраваны ў мітрапалітальную духоўную акадэмію ў Пецярбургу. У 1898 годзе быў высвечаны на ксяндза. Тэалагічны кшталт атрымліваў у нямецкім Фрайбургу, абараніў там доктарскую дысертацыю.

З 1907 года выкладаў у Пецярбургскай духоўнай акадэміі сацыялогію, затым – дагматычную тэалогію. Якраз тут Юры Матулевіч пазнаёміўся з беларускімі студэнтамі – будучымі лідарамі БХД.

У 1909 годзе ўступіў у ордэн марыянаў, у якім на той момант заставаўся толькі адзін састарэлы святар, распрацаваў праект рэформы ордэну (зацверджаны Ватыканам ) і заснаваў на тэрыторыі Беларусі, у Друі, марыянскі кляштар.

У 1915 годзе ў Варшаве арганізаваў прытулак для бяздомных дзяцей. У 1923-цім стварыў для працы сярод беларусаў “Таварыства еўхарыстак”.

У 1918 годзе біскуп Матулевіч быў прызначаны біскупам Віленскім. Польскія нацыяналісты неўзабаве абвінавацілі яго ў “літваманіі”, літоўскія – у “польскім шавінізме”, даставалася яму і за “масквафільства”, і за “жыдоўства”. Праўда ж была ў тым, што біскуп узяўся служыць Хрысту – і імкнуўся прыгарнуць да Касцёла ў віленскім шматмоўным катле як мага больш народаў.

Біскуп Матулевіч быў надзвычай прыхільны да беларусаў наогул, лічыў, што ў Віленскай дыяцэзіі менавіта яны складаюць большасць. Гэта ён неаднойчы абараняў правадыра БХД ксяндза Адама Станкевіча ад уладаў і цкавання шавіністычных колаў, спрыяў беларускаму друку і бачыў хрысціянскую дэмакратыю важнай сферай служэння святароў і вернікаў.

БХД ў Вільні і ўся яе праца мела такжа і сваіх прыхільнікаў. Да гэткіх належаў прадусім віленскі біскуп Юры Матулевіч. Беларускае адраджэнне агулам, а тым больш рух хрысціянскі, у душы яго знаходзіў шчырую сімпатыю і спогад. Будучы, аднак, застрашаны польскімі нацыяналістамі, у адносінах да беларускай справы быў даволі асцярожны, але заўсёды шчыры і глыбока справядлівы” – пісаў пра біскупа Матулевіча сам ксёндз Адам (“Адам Станкевіч. З Богам да Беларусі”).

У 1925 годзе адышоў ад кіравання дыяцэзіяй і выправіўся ў Рым, каб займацца справамі Ордэну марыянаў. Прызначаны на ягонае месца арцыбіскупам Рамуальд Ялбжыкоўскі прыняў бок шавіністаў – і забараніў ксяндзам належаць да БХД ды выпісваць “Крыніцу”.

Добры сябра беларусаў і дабрадзей БХД біскуп Юры Матулевіч адышоў да Бога ў Коўне 27 студзеня 1927 года.


З кнігі "Сто асобаў беларускай хрысціянскай дэмакратыі"



АКРЭСЬЦІНА-2107: КРОЎ, ВОШЫ, БЕЗЗАКОНЬНЕ 11:09 11/04/17 8


Дарагія сябры, зноў рады вітаць вас. Дзякуй усім, хто падтрымліваў, маліўся, перадаваў кнігі, сустракаў.


За 20 гадоў, з 1997-га, на Акрэсьціна бываў разоў пятнаццаць. Апошнія дзесяць сутак уразілі, бо ёсьць з чым параўноўваць.


1. Відавочна, выконвалі спэцзаказ: два разы ўпіхвалі ў камэру на чатырох чалавек жыхароў вакзалу з вошамі. Сядзіць-сядзіць такі дзед, маўчыць, раптам загаляецца і пачынае, быццам з аўтамата, з трэскам лушчыць у пазногцях насякомых ды гнідаў. Бахаем у дзьверы. "Пражарка" не працуе, чакайце.


2. Мой сусед двойчы рэзаў рукі - праз пару хвілінаў можна убачыць, што такое "рукі па локаць у крыві". І з-за "падарункаў" з вошамі, і з-за таго, што не выводзяць на прагулку ( а курцам інакш за дзень не папаліць). Пакуль прыбіраем камэру ад кропляў ды пырскаў, высьвятляецца, што ў суседа гепатыт С.


3. Кожны дзень патрабавалі хаця б венік прыбрацца ў хаце. Венік, анучу, вядро не даюць! 10 сутак... Давялося рваць рушнікі, каб вымываць камэру.


4. Паперу і асадку, якія былі ў мяне ў асабістых рэчах і перадачах, дазволілі толькі на чацьвёртыя суткі, адвакат выбіў. Тое, што афіцыйна дазволена - забаранялі, бо "рашэньне начальніка"!


5. Насупраць нас паўдні трымалі Віктара з акцыі 25-га, які 10 сутак трымаў галадоўку. Вядома толькі тое, што ён жыве насупраць Нацыянальнай бібліятэкі. Дапамажыце, калі ласка, даведацца, што з чалавекам.


6. Макс Вінярскі 6 сутак галадаваў на ІЧУ, потым павезьлі ў шпіталь, адтуль ён зьнік.


7. Некалькі дзён запар прыяжджалі опэры, складалі пратаколы - то за акцыю ля КДБ, то за сьцяг ля Акрэсьціна. Даваць паказаньні адмаўляўся. У пятніцу завезьлі ў суд Цэнтральнага раёну, аформілі штраф 50 базавых за акцыю салідарнасьці з патрыётамі.


8. Стаўленьне да затрыманых - як да быдла. Пару рэплікаў спакойна - і раптам крык, мат-перамат, пагрозы. Усяго некалькі чалавек ставіліся па-людзку.


9. Гарбата, кіпяток - толькі раз на суткі, зранку, 150 грамаў. Далей пі з-пад крану.


10. Садавіна, гародніна пад забаронай. У камэры часнык!!! Ааааа!!! На прагулку ня пойдзеце!


11. Тых, каго даставілі пасьля 13.00, ня кормяць увесь дзень. А потым за поўныя суткі вылічваюць за харчаваньне (!) па 11 рублёў 50 капеек.


12. Карацей, пішам па інстанцыях. І нашым мілым эўрапейцам, каторыя дагэтуль з усьмешкай "вядуць дыялог": смачна вам есьці на афіцыйных прыёмах.



Беларускі народ стаў дзеючай сілай палітыкі 15:35 28/03/17 8


Акцыі, якія адбыліся па ўсёй Беларусі, азначаюць новы этап у найноўшай беларускай гісторыі. На мітынгі, асабліва ў рэгіёнах масава выйшлі рабацягі, пенсіянеры, гастарбайтэры, хатнія гаспадыні. Такога не было ўжо 15-20 гадоў. І гэта азначае, што беларускі народ з аб'екту маніпуляцыяў раптам ператвараецца ў суб'ект, у дзеючую сілу палітыкі.

Пачварны, нялюдзкі гвалт 25 сакавіка якраз і меў мэтай загнаць беларускі народ назад у страх ды абыякавасць. Але цягнік ужо пайшоў. Беларусы імкліва саспяваюць да пераменаў. Калі рэжым правядзе рэформы і добраахвотна сыдзе (у што мала верыцца) - гэта будзе цывілізавана, як у часы "Салідарнасці" ў Польшчы. Калі працягнецца палітыка вялікай дубінкі - рэжым рана ці позна сам падзе ахвярай уласнага гвалту. Вайну з народам яшчэ ніводзін дыктатар не выйграваў.

Зараз найперш важная салідарнасць і падтрымка тых, хто за кратамі. Масавая салідарнасць мусіць стаць вынікам і працягам масавых мітынгаў. Новая хваля лідэраў і актывістаў прыходзіць у беларускі супраціў. Падрыхтоўка Чарнобыльскага шляху 26 красавіка, 1 траўня і іншых акцыяў мае быць супольнай.

А дэмакратычным сілам зараз трэба узмоцнена рыхтавацца і дасягаць крытычна важнага адзінства. Калі мы будзем гатовыя ўзяць на сябе адказнасць за Беларусь - Бог нам гэтую ўладу дасць.

Канстытуцыйна-Каталіцкая Партыя Літвы і Беларусі 10:23 10/03/17 1



З боку краёвай эліты ініцыятыву ў стварэнні палітычнай сілы пасля Маніфесту 1905 году ўзяў на сябе біскуп каталіцкага касцёлу, барон Эдвард фон Роп.

Паходжаннем з Дзвінску (сённяшні Даўгаўпілс), нашчадак нямецкіх каланістаў Прыбалтыкі, Роп добра ведаў жыццё на былых абшарах ВКЛ, быў аўтарытэтам для тутэйшых памешчыкаў ды шляхты, а да таго ж як біскуп меў выхад да шырокай масы вернікаў-сялянаў. Дбаннем Ропа ў Вільні ды Гародні ўжо ў 1905 годзе былі створаныя суполкі “Каталіцкага таварыства рабочых “Адзінства” – правобраз хрысціянскіх прафсаюзаў. Палітычным ідэалам для біскупа Ропа была “Партыя цэнтру” ў германскім парламенце – фактычна, першая еўрапейская хрысціянска-дэмакратычная партыя.

Напрыканцы 1905 года ў Вільні Эдвард фон Роп разам са сваімі паплечнікамі абвясцілі пра стварэнне Канстытуцыйна-Каталіцкай Партыі Літвы і Беларусі (ККПЛБ). 7 лютага 1906 года ў Вільні адбыўся першы з’езд ККПЛБ, у якім удзельнічала каля 1000 сябраў і прыхільнікаў.

Блізкі па поглядах да агульнарасейскай партыі канстытуцыйных дэмакратаў (кадэтаў), біскуп Роп выкарыстаў іх праграму для падрыхтоўкі дакумантаў ККПЛБ, дапоўніў іх шэрагам хрысціянскіх прынцыпаў і сфармуляваных інтарэсаў краёвай эліты. Характэрна, што першым пунктам партыйнай праграмы стаяў раздзел аб адукацыі. ККПЛБ патрабавала стварэння бясплатнай народнай школы з навучаннем на роднай мове (польскай, літоўскай, беларускай) і абавязковым вывучэннем рэлігіі. Праект праграмы рассылаўся для абмеркавання па каталіцкіх парафіях Літвы і Беларусі.

З дапамогай мясцовых ксяндзоў ККПЛБ правяла моцную кампанію сярод тых, хто меў права голасу на выбарах – найперш сярод заможнага сялянства і памешчыкаў. Дзеля забеспячэння шырокай агітацыі ККПЛБ заснавала адразу некалькі польскамоўных хрысціянска-дэмакратычных газэтаў: гарадскую штодзённую “Навіны Віленскі” ( у лютым-сакавіку выйшла 32 нумары), штотыднёвік “Пшыяцель люду” для сялянаў і рамеснікаў, які пратрываў да 1910 году, і штотыднёвік для рабочых “Таважыш працы”. Галоўнай апорай партыі сталі сяляне-каталікі зь беларускіх і літоўскіх вёсак, частка дробнай каталіцкай шляхты і інтэлігенцыі.

Менавіта масавасць і папулярнасць ККПЛБ прывялі да таго, што яе разглядалі як моцнага хаўрусніка супраць самадзяржаўя ды чарнасоценства і кадэты, і краёвыя кансерватары, і польскі рух, і габрэйскія арганізацыі.


З кнігі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя"

Працяг будзе

#100гадоўБХД



Рэвалюцыя 1905 года і хрысціянская дэмакратыя 21:00 07/03/17 1



Менавіта пачатак ХХ стагоддзя з яго тэктанічнымі ўзрушэннямі стаў часам выспявання ідэі масавай беларускай хрысціянска-дэмакратычнай партыі.

З аднаго боку, нацыянальнае абуджэнне ХІХ- пачатку ХХ стагоддзяў насіла выразны хрысціянскі і адначасна народніцкі характар – як вядома, большасць першых адраджэнцаў былі дзецьмі вуніяцкіх святароў. З іншага боку, разгортванне сусветнага сацыялістычнага руху штурхала актыўных вернікаў “злева” – у Беларусі пашыраліся рэвалюцыйныя гурткі (“Гоман”), ствараліся рэвалюцыйныя (БРП, БРГ) і сацыялістычныя групы (РСДРП, эсэры, Бунд).

У выніку першай расейскай рэвалюцыі ў кастрычніку 1905 году цар Мікалай ІІ быў вымушаны выдаць Маніфэст пра грамадскія і палітычныя свабоды - і па ўсёй імперыі закіпелі палітычныя сілы, разбуджаныя агульным рухам ды магчымасцю заявіць пра сябе.

Па ўсёй тагачаснай Расеі, а найперш на нацыянальных ускраінах, штодня ішлі мітынгі, сходы й ствараліся разнастайныя аб’яднанні. Былі абвешчаныя выбары ў Дзяржаўную Думу. Разам з агульнарасейскімі ўзнікалі нацыянальныя ды класавыя мясцовыя партыі.

На беларускіх землях найбольш арганізаванымі сіламі, акрамя імперскага бюракратычна-вайсковага апарату, былі праваслаўная царква, буйныя землеўладальнікі й каталіцкі Касцёл. Менавіта ў іх асяроддзі ішло абмеркаванне, як выходзіць з крызісу, ад якога пачало ліхаманіць найбуйнейшую дзяржаву тагачаснага свету.

І найбольш паспяховай спробай даць альтэрнатыву рэвалюцыі ў краі стала Канстытуцыйна-Каталіцкая партыя Літвы і Беларусі (1906).

З кнігі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя"

Працяг будзе

#100гадоўБХД



Беларуская хадэцыя ў Расейскай імперыі 21:31 02/03/17 5


Акупацыя Беларусі Расейскай імперыяй напрыканцы ХVIII стагоддзя прадвызначыла знішчэнне рэшткаў беларускай дзяржаўнасці і агульны ўпадак шматканфесійнага хрысціянства. Вунія была выкараненая, рыма-каталіцтва абмежаванае, пратэстанцтва зведзена да жмені суполак пад адпаведным наглядам, а замест жывога беларускага праваслаўя з дэмакратычнымі брацкімі традыцыямі насаджаная маскоўская артадоксія з усімі яе характэрнымі рысамі.
Менавіта таму беларуская нацыянальна-вызвольная барацьба XIX стагоддзя – і ў форме паўстанняў, і ў выглядзе культурніцкага адраджэння – вялася з пазіцыяў хрысціянскай веры і народаўладдзя. Постаці Кастуся Каліноўскага, рыма-каталікоў Францішка Багушэвіча й Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, вуніята (а затым і праваслаўнага) прафесара Міхаіла Баброўскага альбо менскага лютараніна доктара Вільгельма Гіндэнбургa - найбольш яскравае сведчанне хрысціянскага і дэмакратычнага характару беларускіх абуджэнняў апошніх 250 гадоў. Выхадцы з Беларусі - Адам Міцкевіч, Юзаф Крашэўскі, Хведар Дастаеўскі, Генрык Сянкевіч і іншыя – імкнуліся змяніць і польскае грамадства, і расейскую дзяржаву праз моцны хрысціянскі зарад і ўвагу да патрэбаў народа.
Адным з яскравых сведчанняў глыбіннай беларускай хрысціянскай дэмакратыі стаў знакаміты Антыалкагольны рух 1846-59 гадоў, пачаты ў беларускіх паветах, па цэрквах і касцёлах. За некалькі год ён ахапіў 32 губерніі Расейскай імперыі і прывёў як да масавага працверазення простага люду, так і да хвалі самакіравання – стварэння таварыстваў, гаспадарчых каапэратываў, школаў.
Напрыканцы 19 ст. імперыя ўжо ўспрымала беларускія землі як неад’емную частку – нездарма нават назва “Беларусь” была забароненая, і замест яе выкарыстоўвалася паняцце “Северо-Западный край”. Але сілы веры і свабоды тлелі ў тоўшчы народа. Наступны, ХХ век адразу ў некалькіх тэктанічных разломах раптоўна ўскрыў гэтае полымя – і зноў вывеў на гістарычную арэну Беларусь хрысціянскую і дэмакратычную.
Пра гэта – у наступным раздзеле.

З кнігі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя"
Працяг будзе

Рэч Паспалітая і хрысціянская дэмакратыя 23:22 26/02/17


Пасьля аб’яднання ВКЛ з Польскай каронай у Рэч Паспалітую напрыканцы ХVІ стагоддзя канструкцыя хрысціянскіх асноваў і шляхецкай дэмакратыі пачала разбурацца – разам з незалежнасцю.
З аднаго боку, польская каралеўская ўлада імкнулася да абсалютызму і ўніфікацыі, а найбольш моцная рэлігійная канфесія ў аб’яднанай дзяржаве – Касцёл – да падаўлення і падпарадкавання іншых хрысціянскіх веравызнанняў. Знакам гэтага часу было давядзенне да абсурду прынцыпу “ліберум вета” шляхтай ды магнатамі, што руйнавала увесь дзяржаўны механізм і вяло да анархіі. Пачаўся рост рэлігійнай нецярпімасці – і ўмяшанне суседніх дзяржаваў у канфесійнае змаганне ўнутры Рэчы Паспалітай.
Баланс міжканфесійнага хрысціянскага трыадзінства, з такой цяжкасцю дасягнуты ў ВКЛ 14-16 стст, і выпрацаваная стагоддзямі традыцыя раўнавагі заканадаўчай, выканаўчай і судовай уладаў ды мясцовага самакіравання быў моцна парушаны – і гэта спрычынілася да заняпаду ўсёй дзяржавы: Рэч Паспалітая не вытрымала выпрабаванняў сацыяльнымі забурэннямі і войнамі.
Разам з тым, да дасягненняў хрысціянства у спалучэнні з палітычнай думкай эпохі РП належаць і сама ідэя “рэспублікі абодвух народаў”, і выкарыстанне знакамітага Статуту ў якасці асноўнага закону аўтаномнага ВКЛ, і дзейнасць каталіцкіх ордэнаў, праваслаўных брацтваў і пратэстанцкіх школаў – не адно ў сферы рэлігіі, але і ў сацыяльнай, культурнай, гаспадарчай, і ўплыў беларускай хрысціянскай дэмакратычнай традыцыі на Польшчу ды Расею, і дасягненне самай паспяховай за 1000 гадоў расколу рэлігійнай вуніі, і грандыёзная кніжная палеміка 17 стагоддзя вакол ідэі хрысціянскага адзінства і хрысціянскай дзяржавы.
Мікалай Радзівіл Чорны, Мікалай Радзівіл Руды, Леў Сапега, Астафей Валовіч, Жыгімонт Аўгуст, Ян Караль Хадкевіч, Канстанцін Астрожскі – галоўныя палітычныя лідары беларускага Залатога веку імкнуліся спалучыць хрысціянства і дэмакратыю.
З кнігі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя"
Працяг будзе

Беларускае хрысціянскае трыадзінства 21:26 23/02/17 9


Асаблівай увагі заслугоўвае беларускае хрысціянскае трыадзінства – супраца і ўзаемадапаўненне трох галоўных канфесіяў – у справе самакіравання і дзяржаўнага кіравання ў ВКЛ.

У час рэлігійнай нецярпімасці на Захадзе і на Ўсходзе праваслаўныя, каталікі і пратэстанты Вялікага княства разам займалі пасады ў Паны-радзе, урадавых установах, судах, магістратах; міжканфесійная дамова была хутчэй правілам, чым выключэннем; еднасць веравызнанняў шматкроць пацвярджалася адпаведнымі прывілеямі, пастановамі і Статутамі.

Беларускі менталітэт, працоўная этыка, сямейны лад, правасвядомасць былі сфармаваныя хрысціянскім сумежжам Залатога веку: праваслаўем, каталіцтвам і пратэстанцтвам ва ўзаемным уплыве, канкурэнцыі і кампрамісах. Унікальнасць беларускай сітуацыі, нашая моц і нашая слабасць тлумачацца якраз формуламі геапалітычнага хрысціянскага сінтэзу эпохі ВКЛ ў самым сэрцы еўрапейскага кантынэнту.

«Дзе двое ці трое сабраліся ў Імя маё, там і Я сярод іх» — найвышэйшы сэнс беларускага трыадзінства, сфармуляваны ў Евангеллі. Талеранцыя, унія, унікальны іканапіс, віленскае барока касцёлаў, цэркваў і збораў — плён хрысціянскага трыадзінства па-беларуску. «Беларусь — краіна найперш хрысціянская, а затым ужо праваслаўная, каталіцкая, уніяцкая… Нас аб’ядноўвае крыж», — піша Адам Мальдзіс.

Гістарычна менавіта хрысціянскае трыадзінства было кропкай кіпення і пунктам грамадскага росту ў ВКЛ і Беларусі. Узаемапранікненне, канкурэнцыя і сумоўе трох канфесіяў далі нам абуджэнне Залатога веку — час найвышэйшых дасягненняў.

Праваслаўная Расея, каталіцкая Польшча, пратэстанцкія Нямеччына ды Швецыя ў розныя часы расцягвалі Беларусь на кавалачкі. Але для краіны, што тысячу гадоў жыве на геапалітычным крыжы, увесь сэнс цэласці не ў выбары якой-небудзь адной канфесіі, а якраз ва ўсведамленні ўласнага трыадзінства.

Так беларускі геній Скарына, праваслаўнай традыцыі, на каталіцкай працы, паводле перакананняў евангелік, сумясціў у сабе ўсё найлепшае з канфесійнай Тройцы — і стаў постаццю №1 у нацыянальнай гісторыі.

Так трыяда нацыянальных сімвалаў — герб, гімн і сцяг — у Беларусі адпаведная Боскім іпастасям: «Магутны Божа» ад Бога-Айца, бел-чырвона-белы сцяг Хрыста ад Бога-Сына і імклівая «Пагоня», што перадае палымяную моц Духа Святога.


З кнігі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя"

Працяг будзе



Статут ВКЛ і хрысціянская дэмакратыя 15:07 21/02/17 5


"Глядзіце, што павінны рабіць, бо не тварыце суда чалавечага, але суд Божы, і Ён з вамі ў справе суду. Няхай будзе ў вас страх Гасподні заўсёды: здзяйсняйце ўсё чыстасардэчна, бо няма ў Госпада Бога нашага няпраўды, ані ўвагі на асобы, ані пажадання дароў". (Другая кніга Летапісаў, 19:6-7).

"Правам судзіце, сыны чалавечыя". (Псалмы, 57:2).

Гэта - цытаты з тытульнага аркуша Статуту Вялікага княства Літоўскага 1588 года.

Знакаміты Статут ВКЛ быў перадавым законам дэмакратыі тых часоў. У адпаведнасці з галоўным дэмакратычным прынцыпам, Статут ВКЛ усталёўваў падзел уладаў на: заканадаўчую – Сойм; выканаўчую – Вялікага князя й яго адміністрацыю; судовую – трыбунал ВКЛ, земскія й падкаморскія суды, выбарныя й незалежныя ад уладаў.

Статут ВКЛ вызначаў вядучую ролю самакіравання ў вырашэнні мясцовых праблемаў. Канстытуцыйная манархія Статуту ВКЛ мела хрысціянска-дэмакратычны характар – ідэальны лад для Беларусі.

Статут ВКЛ быў законам талеранцыі. Правы вернікаў усіх канфесіяў ураўноўваліся адмысловым артыкулам. Увесь Статут літаральна дыхаў хрысціянскай узаемапавагай. У часы інквізіцыі на Захадзе і страшных караў для іншаверцаў у Маскве Беларусь, дабраславёная тэрыторыя Статуту, стала прыстанкам для прапаведнікаў з усяе Еўропы.

З кнігі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя"

Працяг будзе


Стагоддзе БХД. 130 гадоў Яну Пазьняку. 20:34 19/02/17


Янка Пазняк – адзін з лідэраў Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, рэдактар “Крыніцы”, старшыня Прэзідыюму Беларускага Народнага Аб’яднання – і дзед лідэра беларускага нацыянальнага руху Зянона Пазняка.

Нарадзіўся Ян Пазняк 19 лютага 1887 года там жа, дзе праз 57 гадоў з’явіцца на свет і будучы кіраўнік легендарнага Беларускага Народнага Фронту – у мястэчку Суботнікі Івейскага раёна.

З сялянскай каталіцкай сям’і, Янка з ранніх гадоў цікавіўся музыкай ды словам. У 1909-12 гадах ён ужо быў актыўным удзельнікам беларускіх хрысціянска-асветніцкіх гурткоў, а ў 1913-ым разам з Баляславам Пачопкам і Антонам Лявіцкім (Ядзвігін Ш) узяўся за выданне першай беларускай хрысціянскай газеты – “Беларус”.

У 1917-ым Янка Пазняк стварае аматарскі беларускі тэатральны гурток, а ў 1917-19 гадах працуе настаўнікам у беларускай гімназіі ў Будславе. У 1918-20 гадах служыў арганістам у касцёле святога Яна ў Вільні.

“Ад 1919 ён працуе ў павеце Ашмянскім. Тут за беларускую працу польскія ўлады арыштавалі яго і пасадзілі ў вастрог, а звольніўшы, трымалі пад надзорам жандармэрыі 8 месяцаў. У 1920 г. калі ў край наш былі прыйшоўшы бальшавікі, на зьездзе сялянскім у Ашмяне Я. Пазьняк дамагаецца выхаду бальшавікоў, каб даць магчымасьць беларусам узяць свой лёс у свае ўласныя рукі.” – піша “Крыніца”.

Затым, з 1925-га Ян Пазняк працуе ў Міцкунскай гміне пад Вільняй, складае па-беларуску брашуру пра гмінны самаўрад” і атрымлівае званне ганаровага грамадзяніна гміны.

Cябрам Беларускай Хрысціянскай Дэмакратычнай Злучнасці Ян Пазняк стаў ад самага моманту яе заснавання ў траўні 1917 года. Начытаны, прынцыповы, упарты, у віры рэвалюцыяў, войнаў і акупацыяў ён стаў адным з галоўных рухавікоў хрысціянска-дэмакратычнага руху у краіне. У 1920-х актыўна друкаваўся ў “Крыніцы” ды “Хрысціянскай думцы”.

На з’ездзе 1928 года Пазняк быў абраны сакратаром ЦК БХД. З пачатку 1930-х узначаліў галоўны каардынацыйны цэнтар усяго беларускага руху – віленскі Беларускі Нацыянальны Камітэт. У 1936 годзе, з ператварэннем БХД у Беларускае Народнае Аб’яднанне, быў выбраны старшынём Прэзідыюму ЦК БНА.

Асобная старонка ў дзейнасці Яна Пазняка – праца рэдактара спярша “Беларускай Крыніцы”, а потым і “Хрысціянскай думкі”, галоўных медыяў БХД. За адзін толькі 1936 год, напрыклад, польскія ўлады 11 разоў канфіскоўвалі нумары “Крыніцы”. Супраць Пазняка узбудзілі больш 30-ці судовых справаў, прысудзілі вялізныя штрафы, і ўрэшце некалькі месяцаў Ян Пазняк быў вымушаны адседзець у астрозе.

Ян Пазняк увесьчас выступаў у прэсе, абараняючы беларусаў. Арганізоўваў беларускія школы. Гуртаваў мастацкія калектывы ў заходнебеларускіх вёсках.

Увосені 1939 года, калі Саветы занялі Вільню, Яна Пазняка НКВД арыштавала адным з першых. Паводле абрывістых звестак, лідэра БНА вывезлі ў турму ў Старой Вілейцы пад Маладэчна, затым, імаверна, у Ігумен і Менск, і расстралялі.

Месца пахавання Яна Пазняка невядомае дагэтуль. Магчыма, гэта Курапаты – якія для ўсяго свету праз паўстагоддзя адкрыў ягоны ўнук Зянон Пазняк.


З кнігі "Сто асобаў беларускай хрысціянскай дэмакратыі"


#100гадоўБХД

Стагоддзе БХД. Ян Вярсоцкі 00:20 17/02/17


17 лютага ў Гальшанах нарадзіўся Ян Вярсоцкі -беларускі святар, вязень ГУЛАГу, сябра БХДЗ.

Янка Вярсоцкі нарадзіўся 17 лютага 1888 ў мястэчку Гальшаны Ашмянскага павету. У 1904 - 1908 вучыўся ў Ашмянскай гарадской вучэльні. 6 красавіка 1909 года здаў іспыт на званне аптэкарскага вучня пры экзаменацыйнай камісіі Пецярбургскай навучальнай акругі.

У 1910 - 1915 вучыўся ў Духоўнай каталіцкай семінарыі ў Пецярбургу, дзе дзейнічаў вядомы гурток беларускіх студэнтаў-клерыкаў. Там пазнаёміўся з будучымі лідэрамі БХД – ксяндзамі Адамам Станкевічам, Вінцэнтам Гадлеўскім, Уладзіславам Талочкам, Люцыянам Хвецькам, айцом Фабіянам Абрантовічам ды іншымі.

У 1915 годзе пасвечаны ў святары. Служыў вікарыем парафій Святой Тройцы ў Менску і Смаленску. Удзельнік 1-га з'езда беларускага каталіцкага духавенства ў Мінску, 24-25.5.1917. Адзін з заснавальнікаў БХДЗ, чалец Саюза ксяндзоў-беларусаў.

З 1919-га адміністратар парафіі Забелы Дрыса-Себежскага дэканата Віцебскай губерні. 8 жніўня 1927 года арыштаваны ОГПУ. Прысуджаны да трох гадоў лагераў. З 1 студзеня 1928 года — на Салаўках. На супрацу з бальшавікамі не ішоў, мужна захоўваў годнасць святара у лагерных умовах, дапамагаў зняволеным. Пасля сканчэння тэрміну зняволення зноў арыштаваны і высланы ў Алма-Ату (Казахстан). У высылцы арыштаваны чарговы раз.

11 снежня 1937 года прысуджаны да смяротнага пакарання. Расстраляны ў турме НКВД.

З кнігі "Сто асобаў беларускай хрысціянскай дэмакратыі"

ВКЛ, субсідыярнасць і дыстрыбутызм 12:03 16/02/17 21


Адной з найбольш яскравых з’яваў спалучэння хрысціянства і дэмакратыі ў ВКЛ была магутная традыцыя мясцовага самакіравання. Тое, што тэарэтыкі хрысціянскай дэмакратыі потым назавуць субсідыярнасцю, працавала на поўную моц у ВКЛ 15-17 стст.
Гэтак, пачынаючы з канца 14 ст., 60 гарадоў і мястэчак краіны атрымалі Магдэбурскае права. Практычна ўсе вялікія беларускія гарады – Берасце, Менск, Віцебск, Гародня, Полацк, Слуцк, Магілёў, Барысаў, Мазыр, Пінск, Наваградак, Рэчыца, Слонім, Ліда, Ворша, Кобрын, Пружаны, Ваўкавыск, Мсціслаў ды іншыя – кіраваліся выбарным магістратам, падзеленым на Раду (разглядала цывільныя ды маёмасныя справы) і Лаву (крымінальныя справы). У практычнае жыццё ўвасабляўся дыстрыбутызм, калі гаспадарчая дзейнасць віравала вакол сем’яў, цэхаў і невялікіх мясцовых супольнасцяў.
Характэрнае сведчанне спелай дэмакратыі і хрысціянскага трыадзінства: у многіх беларускіх гарадах таго часу пасаду бургамістра займалі паводле ратацыі праваслаўныя ды каталікі, а ў асобных гарадох - і пратэстанты. Львіную долю сябраў магістрату складалі духоўныя асобы, кіраўнікі парафіяльных радаў, брацтваў, казаннікі ды дыяканы. Прысутнасць іншых святароў і іерархаў як гарантаў хрысціянскай маральнасці ды сумленнасці на паседжаннях разглядалася як цалкам натуральная, а часам нават і абавязковая. Публічнай прысягай выбранага лаўніка было цалаванне крыжу.
Своеасаблівыя палітычныя партыі на месцах стваралі каталіцкія ордэны (езуіты, францішкане, бернардыны, піяры, кармеліты, бенедыктынцы, дамінікане, капуцыны ды іншыя), грэка-каталікі (базыльяне), праваслаўныя брацтвы, евангельскія зборы (кальвіны, лютаране).
З кнігі "Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя"
Працяг будзе

Стагоддзе БХД. Язэп Найдзюк 18:09 13/02/17


13 лютага 1984 года адышоў да Бога Язэп Найдзюк - кіраўнік друкарні імя Францішка Скарыны ў Вільні, рэдактар часопісу "Шлях моладзі", сябра ЦК БХД, вязень Картуз-Бярозы і аўтар падручніка "Беларусь учора і сяньня".

Адзін з самых адказных прафесіяналаў свайго часу. Пасьля вайны вымушаны быў зьехаць у Польшчу і жыць пад прозьвішчам Александровіч.

Вось што піша пра яго Анатоль Астапенка:

"Спыніўся ў горадзе Інаўроцлаў, на Куявах. Пайшоў працаваць наборшчыкам у друкарню Торуньскага паліграфічнага выдавецтва. Потым 7 гадоў быў карэктарам і тэхнічным рэферэнтам. З ліпеня 1953 г. выконваў абавязкі дырэктара, а з траўня 1956 года стаў дырэктарам гэтага прадпрыемства. На гэтай пасадзе дамогся пабудовы самай сучаснай друкарні ў Польшчы. У год выдавалася звыш 300 назваў кніг і 25 назваў часопісаў. Аднак пасля абвінавачванняў у беларускім нацыяналізме і антысаветызме ён у 1971 годзе “дабравольна” адракаецца ад пасады."

У Польшчы, дарэчы, ягонае імя ўшаноўваецца. А ў нас? У Ваўкавыску, дзе ён нарадзіўся? у Менску, дзе працаваў?..

#100гадоўБХД






Стагоддзе БХД. Андрэй Цікота 12:41 12/02/17 7


65 гадоў таму, 11 лютага 1952 года, у лагерным шпіталі "Азёрбуду" ў Сібіры памёр архімандрыт Андрэй Цікота - адзін з заснавальнікаў БХДЗ і духоўных лідэраў беларускага руху першай паловы ХХ стагоддзя.

Генерал ордэна марыянаў, кіраўнік знакамітага кляштару ў Друі - ён і ў ГУЛАГу падпольна спавядаў і прычашчаў вязьняў.

Расказваюць, што ў лагеры да яго прыехаў палкоўнік гэбэ, каб угаварыць супрацоўнічаць з Саветамі ды ўплываць на Ватыкан. Цікота адмовіўся зь ім размаўляць. А, вядома, як жа генерал будзе весьці перамовы з палкоўнікам! - схамянуліся ў канторы, і прыслалі генерала. Вынік быў той жа.

Сёньня ў Маладзечна, дзе ён вёў сваю першую парафію, створаны "Клуб імя Андрэя Цікоты", а ў Жодзішках пад Смаргонню стаіць яму сымбалічны помнік.


Стагоддзе БХД. Канстанцін Стэповіч 11:52 11/02/17 2

#100гадоўБХД


12 лютага нарадзіўся КАНСТАНЦІН СТЭПОВІЧ (КАЗІМІР СВАЯК)


Канстанцін (Канстанты) Стэповіч – адна з самых светлых постацяў беларускага хрысціянскага і дэмакратычнага руху. Смяротна хворы ксёндз, які згас маладым, але так шмат паспеў для Беларусі, пранізлівы паэт, ахвярны грамадскі дзеяч – Казімір Сваяк стаіць тут поплеч з Максімам Багдановічам.


Нарадзіўся Канстанцін 12 лютага 1890 года ў вёсцы Барані тагачаснага Свянцянскага павета (зараз Астравецкі раён Гарадзеншчыны) у шматдзетнай сялянскай сям’і. Брат Канстанціна Альбін Стэповіч у далейшым стаў адным з кіраўнікоў БХД.


Канстанцін, які скончыў пачатковую і павятовую Свянцянскую школы, ужо падлеткам захапіўся беларускім рухам. У 1906-1907 гадах ён у Вільні, чытае “Нашу Ніву” і выношвае планы стаць святаром, каб адрадзіць Беларусь.


У 1908 Канстанцін паступае ў Пецярбургскую духоўную семінарыю, дзе трапляе ў асяродак ксяндзоў-беларусаў: знаёміцца з Адамам Станкевічам, Фабіянам Абрантовічам, Вінцэнтам Гадлеўскім, Язэпам Германовічам.


У 1912-ым выяўляецца, што ў Канстанціна сухоты. Тады гэта азначала працяглае лячэнне без гарантыяў аздараўлення – і Канстанцін выпраўляецца на вядомы горны курорт Закапанэ ў Польшчы.


З 1913-га Канстанцін пачынае друкавацца ў газеце “Беларус”, заснаванай святарамі-беларусамі.


З увагі на хваробу, на ксяндза Канстанціна Стэповіча высвячаюць толькі ў 25, увесну 1915-га. Спярша яго накіроўваюць вікарыем у Камаі, а затым – у Клюшчаны, паблізу ад Бараняў.


Менавіта тут ксёндз Канстанцін разгортвае шырокую беларускую і хрысціянскую дзейнасць. Ён арганізоўвае хор (прычым, маючы добра лірычны тэнар, спявае сам ды грае на скрыпцы), стварае нелегальны гурток “Хаўрус сваякоў” (мэта – самаадукацыя на аснове хрысціянскіх прынцыпаў), ставіць п’есы уласнага аўтарства – і арганізоўвае ў наваколлі сем (!) беларускіх школаў. Паколькі настаўнікаў для такіх школаў ніхто яшчэ не навучаў – Стэповіч зладзіў такія падрыхтоўчыя курсы сам.


Напрыканцы 1916-га за беларускую дзейнасць касцёльныя улады пераводзяць маладога дзейснага святара на Беласточчыну. Стэповіч адразу бярэцца за беларускую справу там - і дастае чарговую забарону ад мясцовага пробашча. Няўдачы падрываюць ягонае здароўе – і ён зноў мусіць ехаць на лячэнне ў Закапанэ. Але й там не можа проста адпачываць ды аднаўляцца – робіцца капеланам тутэйшага кліматычнага шпіталя, дзе мае багата клопатаў.


У ліпені 1919-га, па дарозе дахаты, ксёндз Канстанцін завітвае да Язэпа Германовіча ў Лапеніцу Ваўкавыскага павета – і пасля казаняў па-беларуску ў касцёле атрымоўвае пратэст мясцовых польскіх ксяндзоў.


У 1919-20-ым, падчас польска-савецкай вайны Канстанцін пад псеўданімам Казімір Сваяк плённа піша для “Крыніцы” – эсэ, абразкі і, канечне, вершы.


У 1920-ым ксёндз Стэповіч атрымлівае накіраванне ў Засвір, у напаўразбураны кармеліцкі касцёл, пасля паўстання 1863 перароблены ў праваслаўную царкву, але новымі польскімі уладамі вернуты каталікам. Тут – зноў рэпрэсіі за беларускасць: у плябаніі праводзяць ператрус, каб знайсці беларускую літаратуру. Але сябры падтрымліваюць: у Засвір прыязджаюць гасцяваць Язэп Драздовіч, Вінцэнт Гадлеўскі, Адам Станкевіч.


У 1924 у Вільні выходзіць першы зборнік вершаў Казіміра Сваяка – “Мая Ліра”.


Паэзія Казіміра Сваяка напружаная, пакутлівая. Святар ведае, што ён павольна памірае, што ягоная краіна, разарваная суседзямі, прыгнечаная і прыніжаная; ён, быццам біблійны Іоў, адчайна крычыць да Бога і просіць справядлівасці.


У 1925-26 гадах, надламаны хваробай, Канстанцін дагарае ў Закапанэ. Піша брату ды ксяндзу Станкевічу, каб забралі яго на радзіму. Увесну 1926-га Адам Станкевіч перавозіць яго ў шпіталь у Вільні – і дзяжурыць ля ягонага ложка.


Адышоў да Госпада ксёндз Канстанцін Стэповіч, Казімір Сваяк, у травеньскі дзень 1926 года.


Казімір Сваяк прасіў пахаваць яго ў родных Клюшчанах, але віленская грамада вырашыла інакш. Пахавалі Канстанціна на могілках Росах – ягоны помнік і сёння можна бачыць побач з надмагіллем літоўскага нацыянальнага героя мастака і кампазітара Мікалоюса Чурлёніса. На развітанне са сваім ксяндзом, да ўсталявання помніка, моладзь з ягонай парафіі ў Клюшчанах прайшла пешкі 85 кіламетраў.


У апошнія гады грамада Астравеччыны правяла вялікую працу дзеля ушанавання памяці свайго вялікага земляка. У камайскім касцёле ўсталяваная мэмарыяльная шыльда, у Клюшчанах усталяваны памятны камень і праходзяць памінальныя імшы, а ў Баранях створаны адмысловы музей і адбываюцца чытанні ў гонар Казіміра Сваяка.


З кнігі "Сто асобаў беларускай хрысціянскай дэмакратыі"




Стагоддзе БХД. Павел Каруза 13:10 10/02/17 3


12 лютага - дзень народзінаў колішняга старшыні ЦК БХД, кампазітара, вязня ГУЛАГу Паўла Карузы.

Павел Каруза – кампазітар, старшыня ЦК БХД ў 1926-28 гадах, пасол Польскага сейма ў 1928-30 гадах, вязень ГУЛАГа, рэабілітаваны ў 1957 годзе.

Нарадзіўся Павел Каруза 12 лютага 1900 года ў Ваўкалаце Дзісенскага павету (зараз Докшыцкі раён Віцебскай вобласці). Вучыўся ў школе ў Браславе (1924), у 1928 годзе скончыў кансерваторыю ў Вільні па класе “тэорыя і кампазіцыя”.

“Biełaruskaja Krynica” ў №16. (20 лютага 1928 г.) так пісала пра Паўла Карузу ў матар’яле”Нашы першыя 3 кандыдаты ў Сойм на Сьвянцянскі выбарны вокруг

(паветы: Сьвянцянскі, Пастаўскі, Дзісьненскі і Браслаўскі)”:

Каруза Павал (на сьпіску першае месца). Сын селяніна, сьведамага Беларуса з часаў аднэй з першых беларускіх газэт “Нашай Нівы”, радзіўся ў лютым 1900 году ў м. Ваўкалаце, Пастаўскага павету. Вучыўся Каруза ў Петраградзе, дзе пазнаёміўся з беларускім рухам (асабліва пад уплывам свайго сваяка – ведамага беларускага дзеяча К. Душэўскага, а такжа А. Грыневіча і П. Мядзёлко). Пасьля прыезду на бацькаўшчыну быў Каруза 14 траўня 1919 году (у Нова-Сьвянцянах) арыштаваны польскімі ўладамі за арганізаваньне беларускай моладзі і да 22 ліпня трыманы ў турме на Лукішках.

У 1922 годзе Каруза паступае на гуманістычны факультэт Віленскага Універсітэту. Аднак трудныя матэрыяльныя абставіны змушаюць Карузу ў 1924 годзе выехаць да бацькоў на вёску, дзе памагае ім у фізычнай земляробскай працы.

Вярнуўшыся ў пачатку 1926 году ў Вільню Каруза ўваходзе ў круг Беларусаў, згуртаваных каля “Беларускай Крыніцы” і ў восень гэтага-ж году яго выбіраюць старшынёю Цэнтральнага Камітэту Беларускай Хрысьціянска-Дэмократычнай Партыі. Адначасна прымае чынны ўдзел у працах Беларускага Інстытуту Гаспадаркі і Культуры. Будучы яшчэ ў Расеі студыяваў коопэрацыю і на на Коопэратыўна-Гандлёвых курсах, ладжаных гэтым Інстытутам, быў вучыцелям.

Пасьля адыходу Кс. Ад. Станкевіча ад “Беларускай Крыніцы” Каруза разам з А. Стэповічам бярэцца за рэдагаваньне гэтай газэты.

На агульным з’ездзе Беларускай Хрысьціянскай Дэмокрацыі у восень 1927 году Карузу выбіраюць і на другі год Старшынёю Цэнтральнага Камітэту партыі. Гэта становішча Каруза займае і да сягоньняшняга дня, будучы адначасна Секрэтаром Віленскага Аддзелу Бел. Інст. Гасп. і Культуры. “

Паўла Карузу тады выбралі паслом – галасамі БХД і Беларускага Сялянскага Саюза. Але ўжо ў 1930 годзе Сейм быў разагнаны санацыйнымі ўладамі – і Каруза стаў беспрацоўным. Нястача і творчая незапатрабаванасць штурхнулі яго на адчайныя думкі пра Савецкую Беларусь: у 1934 годзе яго падманам, пад шырмай публікацыі ў БССР ягонае музыкі, завабілі ў Менск і арыштавалі.

Тады ж у савецкім друку з’явілася грунтаваная на “выніках допытаў Карузы” брашура: “Як Беларуская Хадэцыя гандлюе крывёю рабочых і сялян”. Самога ж Паўла Карузу адправілі на Салаўкі.

Адбыўшы 13 гадоў у лагерах, ён вярнуўся ў Вільню ў 1947-ым. У 1947-48 гадах працаваў у Маладэчанскім доме творчасці - дырыжорам Маладэчанскага абласнога ансамбля песні і танца. У 1949 – арыштаваны зноў. Вызвалены ў 1955-ым і рэабілітаваны пасля ХХ з’езду КПСС, у 1957-ым.

Пасля рэабілітацыі Павел Каруза здолеў уладкавацца ў Дзяржаўны ансамбль польскай песні і танцу Літоўскай ССР. Друкаваўся ў беларускіх выданнях “Мастацтва Беларусі”, “Літаратуры і мастацтве”. Ён – аўтар грунтоўных навуковых працаў, прысвечаных беларускаму фальклору: “Вытокі беларускага меласу”, “Абрадавыя песні Паазер’я” ды іншых. Запісаў песні на вершы Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Ніла Гілевіча, Ларысы Геніюш…

У 1970-ым менавіта Каруза нёс крыж на пахаванні свайго наступніка, старшыні ЦК БХД ў 1931-36 гадах Адольфа Клімовіча.

Памёр Павел Каруза ўжо ў разгар перабудовы, у Вільні, 20 лютага 1988. Пахаваны на Ефрасіннеўскіх могілках у Вільні.

Пад Глыбокім, ля вёсачкі Воўкаўшчына, краязнаўцы расшукалі падмуркі ягонай колішняй хаты.


З кнігі "Сто асобаў беларускай хрысціянскай дэмакратыі"



Хрысціянства і дэмакратыя: Полацкае княства 12:59 04/02/17 13


Першая беларуская дзяржава, Полацкае княства, выходзіць на арэну сусветнай гісторыі ў Х стагоддзі, з прыняццём хрысціянства.

Трэба адзначыць, што навяртанне да хрысціянства на беларускіх землях было мірным і пашыралася як ва ўсходнім (далей – праваслаўным) варыянце, з Візантыі, так і ў заходнім (потым каталіцкім) – праз варажскіх ды нямецкіх місіянераў (Торвальда Вандроўніка, Улава Трыгвасана, біскупа Рэйнбэрна).

І ўжо ў самым пачатку дзяржаўнага будаўніцтва ў ягоны падмурак закладваецца не толькі хрысціянская архітэктоніка, але і народны дэмакратызм: Полацкае веча, сотнікі, “копныя суды” ды інш. Эліта Полацкага княства (князі, кіраўнікі дружыны, сакратары, дыпламаты) была хрысціянскай. Уладу князя абмяжоўвала народнае веча (ізноў-жа, пераважна хрысціянскае), вольнае настаяць на стратэгічных рашэннях і нават змяніць князя разам з ягоным атачэннем.

Да ХІІ стагоддзя Беларусь зазнае духоўны, культурны, гаспадарчы і палітычны ўздым, адзначаны постацямі Ефрасінні Полацкай, Кліма Смаляціча, Аўрамія Смаленскага ды Кірылы Тураўскага.

Невялікія, але згуртаваныя натуральныя і самакіроўныя супольнасці (сям’я, прыход альбо парафія, дружына, купецкая гільдыя, рамесніцкі цэх) вызначалі лад і развіццё першых беларускіх дзяржаваў – Полацкага, Тураўскага, Смаленскага княстваў - у поўнай адпаведнасці з ідэяй сучаснай хрысціянскай дэмакратыі, хіба толькі з той розніцай, што ўладальнікі маёмасці, радавітыя грамадзяне і вайскоўцы мелі адпачатна больш уплыву ці права голасу за астатніх.

Менавіта гэтую асноватворную мадэль пераняла ад Полацкага княства, Турава ды Смаленску і Вялікае Княства Літоўскае.

З кнігі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя"
Працяг будзе


1000 гадоў гісторыі Беларусі: хрысціянства і дэмакратыя 18:39 31/01/17 73


Гісторыя Беларусі пераканаўча даводзіць: за тысячагоддзе існавання беларускай дзяржаўнасці менавіта сплаў хрысціянства і дэмакратыі быў галоўнай платформай для заканадаўчай, выканаўчай і судовай уладаў у пару іх росквіту. Такім чынам, ідэя хрысціянскай дэмакратыі для Беларусі не ёсць чымсьці новым альбо пазычаным – гэта наша глыбокая, спадчынная традыцыя.

Дастаткова працытаваць лiдараў беларускай гiсторыi, каб убачыць, наколькi па-хрысьцiянску разумелi яны ўладу народу:

“У Бiблii ўсе законы i правы, якiмi людзi на зямлi кiравацца маюць, напiсаныя... Тут справа ўсякага збору людзкога i ўсялякага гораду выкладаецца, каб вераю, яднаньнем ласкi й згоды паспалiтае памножана была” (Францiшак Скарына).

“А калi ёсьць рознасьць немалая ў веры хрысьцiянскай, абяцаем сабе за нас, за нашчадкаў нашых, на вечныя часы, пад абавязкам прысягi, пад вераю, годнасьцю i сумленьнем нашым, каб тыя, хто розныя ў веры, спакой мiж сабой захавалi” (Са Статуту ВКЛ 1588 г., рэдагаванага Львом Сапегам).

“Бог стварыў чалавека, каб ён карыстаў з вольнасьцi справядлiвай” (Кастусь Калiноўскi).

“Беларусь павiнна вярнуцца да Хрысьцiянства. Беларусь у XXI стагодзьдзi мусiць адрадзiцца як Хрысьцiянская краiна. Беларуская iдэя, абапертая на традыцыi беларускага Хрысьцiянства, – гэта шлях для нас найбольш унiвэрсальны i правiльны” (Зянон Пазьняк).


З кнігі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя"

Працяг будзе

Адам Станкевіч. 125 гадоў. 13:11 07/01/17


Адам Станкевіч – святар, лідар беларускага руху 1920-30-ых гадоў, пісьменнік і рэдактар, навуковец і ідэолаг, кіраўнік Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі ў эпоху яе росквіту. Нарадзіўся будучы правадыр хадэцыі 6 студзеня 1892 года ў сялянскай сям’і ў вёсцы Арляняты, што на тагачаснай Ашмяншчыне (сёння – Смаргонскі раён Гарадзеншчыны), у сям’і беларускіх сялянаў-каталікоў. Адсюль жа, з Арлянятаў, паходзяць знакаміты філолаг, перакладчык Бібліі на беларускую мову Янка Станкевіч і літаратуразнаўца, першы кіраўнік Антыбальшавіцкага блоку народаў Станіслаў Станкевіч.

Дзякуючы здольнасцям Адама і ягонай цікавасці да навукі, бацькі падтрымлівалі навучанне сына спярша ў царкоўна-прыходскай школе ў Барунах, потым у Гальшанскай народнай школе, а далей у гарадской вучэльні ў Ашмянах. У 1910-ым Адам паступіў у Віленскую духоўную семінарыю, якую скончыў на выдатна ў 1914-ым і быў высвечаны на ксяндза. Першая ягоная імша (прыміцыя) адбылася ў старажытным Крэве ў 1915-ым. Паступаючы ў 1916-ым Пецярбургскую духоўную акадэмію як адзін з лепшых віленскіх студэнтаў, Адам ужо меў выразную беларускую свядомасць – і гэта адразу дала магчымасць яму стаць адным з завадатараў святарскай супольнасці, з якой узнікла БХД.

Акадэмію Адам Станкевіч скончыў са ступенню кандыдата кананічнага права - і рыхтаваў магістэрскую дысертацыю «Вучэнне св. Тамаша Аквінскага пра сям’ю ў параўнанні з сучаснай тэорыяй вольнага саюзу». Па вяртанні Станкевіч адразу акунуўся ў вір працы на Радзіме, дзе толькі адгрымела вайна. Ужо ў 1918-ым ён выступае перад сялянамі Дзісеншчыны па-беларуску – і слухаць яго збіраюцца натоўпы. У 1919-ым ксяндза Адама Станкевіча прызначаюць у Вільню, і з гэтага часу ён становіцца на чале Беларускай Хрысціянскай Дэмакратычнай Злучнасці, а пазней – і ўсяго беларускага руху.

Ксёндз Адам узяў на сябе рэдагаванне “Крыніцы” і вёў рэй на першых сустрэчах хадэкаў. У 1924-ым узначаліў Таварыства Беларускай Школы, а ў 1926-ым – Беларускі Інстытут Гаспадаркі і Культуры.

У лістападзе 1922 года Адам Станкевіч пераважнай большасцю беларускіх галасоў быў абраны паслом у Сейм – першы пасляваенны парламент Другой Рэчы Паспалітай – ад Дзісны, Свянцянаў, Браслава і Паставаў. У якасці пасла да 1926 года ксёндз Адам заняў пасаду намесніка кіраўніка беларускай фракцыі і шматкроць выступаў у абарону правоў беларусаў з трыбуны Сейма. Ладзіў шматлюдныя мітынгі на сваёй акрузе і за яе межамі – у Гародні, Нясвіжы, Даўгінаве, Жодзішках - і здабыў усеагульную павагу народа, беларускага грамадства ды нават ворагаў.

Ксёндз Адам напоўніцу вызнаў ціск дзяржавы і касцёльнай улады дзеля сваёй цвёрдай беларускай пазіцыі: яго арыштоўвалі, канфіскоўвалі наклады “Крыніцы”, супраць яго пачыналі крымінальныя справы; урэшце ў 1929 годзе віленскі арцыбіскуп Рамуальд Яблжыкоўскі забараніў ксяндзу удзел у БХД, і Станкевічу давялося весці сваю працу непублічна. У 1938 годзе ксяндза Адама увогуле саслалі на 5 гадоў у Слонім – і толькі з пачаткам вайны ён здолеў вярнуцца ў Вільню.

Пра глыбокую хрысціянскую веру Адама Станкевіча сведчыць адзін малавядомы факт. У 1941-ым, калі немцы захапілі Літву, ксёндз Адам хаваў пры касцёле шасцёх савецкіх грамадзянаў, у тым ліку бальшавіцкага камісара – усім ім пагражаў расстрэл. Праз восем гадоў камуністы арыштуюць Адама Станкевіча і закатуюць яго ў ГУЛАГу.

У 1944-ым годзе, заняўшы Вільню, саветы выклікаюць ксяндза, які ўсю вайну служыў у касцёле і займаўся беларускай школай – і спрабуюць схіліць яго да супрацы: узначаліць асобны ад Ватыкана каталіцкі рух. Станкевіч адмовіўся. Тады, у 1949-ым яго арыштоўваюць – і з прысудам 25 гадоў выпраўляюць у Сібір. Дарогаю ксёндз Адам моцна захварэў – і памёр па прыбыцці ў лагер.

Далей піша Віктар Сікора, якому давялося хаваць ксяндза Станкевіча: “У Тайшэце было так устаноўлена, што калі каго хавалі, абавязкова нябожчыка спачатку прывозілі ў морг, каб зрабіць ускрыцьцё. Баяліся, каб хтосьці жывы ня ўцёк пад выглядам мёртвага. „Працаваў“ там адмысловы „мясьнік“, які ўпрост ірваў труп на кавалкі… Вырашыў я, што пахаваю ксяндза Адама, правяду яго ў апошнюю дарогу. Узяў сані, палазы якіх былі з дрэва зробленыя. Вёз іх на сабе, бо коней не было. Дагэтуль я не магу быць на пахаваньнях, бо не магу забыць таго, што адбылося ў Тайшэце… Падвозім сані да варотаў. Яны адчыняюцца. Зь дзяжуркі выходзіць „мясьнік“ з „кішнёй“, што рыбакі зімой лёд прабіваюць. І ёй ксяндзу ўдарыў у грудзі… А пасьля другі выходзіць з кувалдай і б'е яго па галаве. Праламіў яе, паляцелі мазгі… Я ледзь не самлеў. Ляжыць ксёндз Адам Станкевіч у труне (хоць гэта толькі названьне, а не труна), увесь заліты крывёю…”. Гісторыя страшная: быццам не адно бальшавікі, а сам д’ябал шалеў у ярасці над целам непахіснага ксяндзa.

Як святар, Адам Станкевіч заўжды заставаўся добрым пастырам – і вёў, ахоўваў, абараняў, ратаваў сваю парафію і свой народ. Ягоныя глыбокія казані складаюць цэлую кнігу беларускага хрысціянства. Ягонае даследванне “Родная мова ў святынях” дагэтуль – фундаментальная праца для навукоўцаў і святароў. Маючы безліч грамадскіх, палітычных, дабрачынных, уласна бытавых клопатаў у часы рэвалюцыяў, войнаў, акупацыяў Адам Станкевіч ніколі не пакідаў галоўнага – свайго паклікання як настаўніка душаў. Як літаратар, ксёндз Адам пакінуў па сабе вялікую спадчыну кнігаў, прысвечаных сарцавінным асобам беларускага руху – Скарыну, Вітаўту, Каліноўскаму, Эпімах-Шыпілу, і галоўным тэмам - мове, гісторыі, хрысціянству.

Як падлічыў Уладзімір Конан, Адам Станкевіч — аўтар дзевятнаццаці кніг і брашур, каля 1000 артыкулаў, нататкаў, шматлікіх рэдакцыйных матэрыялаў у штотыднёвіку «Крыніца», часопісе «Хрысціянская думка» і іншых выданнях. Сярод іх — «Родная мова ў сьвятынях» (1929), «Да гісторыі беларускага палітычнага вызваленьня» (1939), «Беларускі хрысьціянскі рух» (1939), «Хрысьціянства і беларускі народ: Спроба сінтэзы» (1940), брашуры «Доктар Францішак Скарына першы друкар беларускі: 1525—1925» (1925), «Вітаўт Вялікі і беларусы» (1930), «Беларуская мова ў школах Беларусі ХVІ і ХVІІ стст.» (1928), «Франціш Багушэвіч. Яго жыцьцё і творчасьць» (1930), «Прафесар Браніслаў Эпімах-Шыпіла: З яго жыцьця і працы» (1934), «Магнушэўскі. Паўлюк Багрым. Баброўскі» (1937), «Казімер Сваяк. Нарысы аб яго ідэялёгіі» (1931), «З жыцьця і дзейнасьці Казімера Сваяка» (1936), «Міхал Забэйда-Суміцкі і беларуская народная песьня» (1938), «На сьвята маткі» (1940).

Як дабрачынца, ксёндз Адам Станкевіч заўсёды знаходзіў час рупіцца пра патрэбы тых, хто ў няшчасці. Адзін з кіраўнікоў Камітэта дапамогі пацярпелым ад вайны у Петраградзе, ён апекаваўся беларусамі, скалечанымі на фронце, ды тымі, хто страціў блізкіх, дом, гаспадарку. У Вільні ён апекаваўся прытулкамі. Праз Беларускі Інстытут Гаспадаркі і Культуры дапамагаў шырэйшаму сялянству, рабочым і беларускай інтэлігенцыі. Нарэшце, пасля наступу немцаў у 1941-ым менавіта ён, ксёндз-антысаветчык, хаваў шасцёх савецкіх грамадзян на чале з камісарам, якім пагражаў немінучы расстрэл.

Як палітык, абаронца свайго народа, Адам Станкевіч стаіць упоравень з постацямі беларускай гісторыі першай велічыні – Ефрасінняй Полацкай, князем Альгердам, Мікалаем Радзівілам Чорным, Канстанцінам Астрожскім, Кастусём Каліноўскім, Зянонам Пазняком. І на шматтысячных мітынгах на сваёй улюбёнай Віленшчыне, і паслом у Сейме, і на перамовах у Беларускім Нацыянальным Кангрэсе, і на допытах у НКВД гэта быў цвёрды, упэўнены, адказны лідэр, што не здраджваў ані сваёй веры, ані сваім людзям.

Нарэшце, вобраз Адама Станкевіча - пуцяводная бэтлеемская зорка для кожнага беларускага хрысціянскага дэмакрата. У асобе ксяндза Адама мы можам знайсці ўсе тыя рысы, якіх нам не стае ў цяперашняй палітыцы: веру ў Бога, маральнасць, яснасць, адказнасць, спагада да кожнага чалавека.



СТАГОДДЗЕ БХД 13:22 01/01/17


2017-ты год ад нараджэння Хрыстова для беларусаў – наскрозь юбілейны. 500 гадоў Бібліі Скарыны, 500 гадоў Рэфармацыі, 100-годдзе Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцыяў, шматлікія ўгодкі выбітных гістарычных дзеячаў…

Але адзін юбілей стаіць асабняком. Гаворка пра 100-годдзе Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі – партыі, якая ў міжваенны час ХХ стагоддзя падняла сцяг незалежнасці Беларусі, аплаціла ідэю вольнай краіны на біблейскіх прынцыпах жыццямі дзясяткаў сваіх чальцоў, і была выкрэслена з падручнікаў па гісторыі.

Гэта была партыя, якая абапіралася толькі на Бога ды свой народ. БХД не хілілася да Саветаў, Польшчы, Нямеччыны ці Амерыкі, і ва ўмовах нацыянальнага ціску, эканамічнага крызісу, бандытызму насуперак усім прагнозам расла і пашырала свой уплыў. БХД адчыняла беларускія школы, друкавала беларускія газеты, праз створаны Інстытут гаспадаркі і культуры выдавала крэдыты сялянам, закладала прытулкі для сіротаў ды бедных, мела сваіх паслоў ды сенатараў у Сейме.

Асобы Адама Станкевіча і Вінцэнта Гадлеўскага, Фабіяна Абрантовіча і Язэпа Германовіча, Кастуся Стаповіча і Адама Дасюкевіча, Вячаслава Багдановіча і Адольфа Клімовіча, Паўла Карузы і Браніслава Туронка, Віктара Шутовіча ды іншых хадэкаў у савецкія часы замоўчваліся, БХД кляймілася як “буржуазная клерыкальна-нацыяналістычная сіла”, а яе газета, “Крыніца”, супастаўная паводле ўплыву на беларускае грамадства ў 1920-30-ых гадах з “Нашай Нівай” пачатку стагоддзя, была асуджаная на спецхраны.

Між тым, БХД 1917-39 гадоў проста аднаўляла ідэю народаўладдзя на аснове хрысціянскіх каштоўнасцяў – ідэю, якой на працягу тысячы гадоў беларускай гісторыі былі адданыя Ефрасіння Полацкая, Францішак Скарына, Канстанцін Астрожскі, Леў Сапега, Тадэвуш Касцюшка, Кастусь Каліноўскі, Францішак Багушэвіч, Зянон Пазьняк…

З мэтай сцерці пыл белых плямаў з драматычнай і бліскучай гісторыі цэлай пляяды беларускіх незалежнікаў да 100-годдзя БХД мы пачынаем публікацыю серыі артыкулаў пра хрысціянскую дэмакратыю і вялікую чараду акцыяў памяці.

Больш таго: сучасная БХД, пераймаючы эстафету, правядзе ў 2017-ым шэраг канферэнцыяў, прэзентацыяў кнігаў ды законапраектаў, яскравых імпрэзаў і сацыяльных кампаніяў, а напрыканцы траўня, да самога юбілею, збярэ ўрачысты з’езд.

Словам, увесь 2017 год Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя будзе разам з вамі.

Жыве Беларусь – з Богам!

Беларуская гісторыя: біблійны погляд 21:22 25/12/16 13


Чым больш разьбіраесься ў гісторыі Беларусі, тым больш яна нагадвае Біблію. Прычым настолькі ўражліва й пранізьліва, што момантамі здаецца: вобразы й падзеі Сьвятога Пісьма наноў ажываюць і паўтараюцца ў нашай краіне, а тысячагадовая Беларусь паўстае як жывая ілюстрацыя да Кнігі Кнігаў – разгорнутая пасярод Эўропы, на скрыжаваньні, каб было відаць усім.
Як і Біблія, беларуская гісторыя – гэта гісторыя невялікага, гнанага, паняволенага народу, які тысячагодзьдзямі шукаў сваёй Радзімы й сваёй тоеснасьці; гісторыя, якая захавалася не ў вялікіх сьценах, рыцарскіх латах і адчаканеных манетах, а ў кніжным слове боганатхнёных пісьменьнікаў, паэтаў-прарокаў і першадрукароў, якіх упару называць першасьвятарамі.
Як і Біблія, беларуская гісторыя – гэта не паданьне пра ідэальных каралёў і іхнія каралеўствы, ня эпас заваёвы неахопных тэрыторый і не легенда пра зьнішчэньне ворагаў дазваньня – а гісторыя пакорлівасьці, міласэрнасьці й служэньня блізкаму.Як і Біблія, беларуская гісторыя – гэта гісторыя звышнатуральных тайнаў, цудаў і перамогаў меншымі сіламі: ня зброяй, а духам.Нарэшце, як і Біблія, беларуская гісторыя – гэта гісторыя чалавечай слабасьці й Божае велічы, гісторыя пыхі, страху й грэху, пераадоленых верай, праўдай і любоўю.
Старым Запаветам гісторыі Беларусі былі стагодзьдзі Полацку й Вялікага Княства Літоўскага. Час патрыярхаў. Эпоха выхаду з чужога рабства, блуканьня ў Міжмор’і й здабыцьця зямлі абяцанае. Эра мудрых, эра праведных войнаў, герояў, судзьдзяў і волатаў, раскошных палацаў, яна дайшла да нас у велізарных пыльных кнігах, якія яшчэ чытаць і перачытваць.
Краіна, якая потым стане Беларусьсю, нараджалася на стратэгічным стыку цывілізацыяў, земляробчай Эўропы й качавое Азіі. Гэткім жа чынам сышоўся ў трох кантынэнтах Блізкі Ўсход – калыска Ізраілю. Важнейшае геапалітычнае скрыжаваньне – гістарычны крыж Беларусі яшчэ з часоў Усяслава Чарадзея. Увесь час мы аказваліся то між варагаў і грэкаў, то між Кіевам і Ноўгарадам, то між Расеяй і Эўропай.Менавіта тут, у Эўрапейскай Сарматыі, канцэнтравалася супрацьстаяньне імпэрыяў. На сэрца Эўропы прэтэндавалі і свой Эгіпет, і Рым, і Асірыя, і Бабілён.
Што дзіўна: тут ува ўсе часы шукалі, намацвалі тую самую мяжу Эўропы з Азіяй: ці то па Дняпры, ці па Бугу, па Вялікім водападзеле, па Менскім мэрыдыяне... Але важна зразумець: граніцы няма й ня можа быць у прынцыпе. У дрымучай Беларусі зьнікаюць межы. Усё расплываецца ў прывідным сутоньні, перад якім з сумневам спыняюцца ўсе заваёўнікі. Краіна духу... Такой была і Юдэя.
Вялікае Княства Статуту, тэрыторыя парадку – сярод маскоўскае апрычніны, запароскае казаччыны, каталіцкае інквізіцыі й тэўтонскага вераломства. І, што самае дзіўнае, на раздарожжы рэлігіяў, сярод бяздоннага іх памяшаньня, у эру варфаламеяўскіх начэй – Княства верацярпімасьці. Ува ўсёй Эўропе катавалі, палілі, вешалі зусім па-жыцейску, а на гэтай зямлі цэлыя стагодзьдзі падобнае было выключэньнем. Сюды натоўпамі сьцягваліся іншаверцы, навукоўцы й гнаныя праведнікі.
Але Беларусь занепадала духова – і была караная.
Вельмі паказальна, што разваліла ВКЛ менавіта бязьвер’е. Калі сілу духу канчаткова спараліжавалі царкоўна-касьцёльныя разборкі, калі велічная раскоша пачала па-фарысэйску папахваць разбэшчанасьцю, гэтая краіна ўжо выканала сваю задачу.
Эпоха Старога Запавету канула ў Лету. З Рагвалодам і Рагнедаю, зь легендаю пра Палямона і мудрым Саламонам, гарадзенскім Давыдам, новым палонам і прарокамі, са спрадвечнай славай і дабралдавеньнямі, якіх больш ніколі ня будзе. Час прыціх.
Сапраўды, геаграфічныя імпэрыі развальваюцца. І шкадаваць ВКЛ ня мае сэнсу. Таму што гісторыя Беларусі пачынаецца зноў – з Новага Запавету.
З кнігі "Люблю Беларусь"
Працяг будзе

Панядзелак, 12.00 - абаронім "Белсат"! 14:39 16/12/16 53


Плян фактычнай ліквідацыі "Белсату" - гэта здрада ў чыстым выглядзе. Відавочна, гэта вынік гешэфтаў.

Але ёсьць Бог на сьвеце, і Ён усё бачыць.

Арганізоўваем кампанію дзеля ўратаваньня "Белсату", спадарства - лісты, сустрэчы, а калі трэба, і акцыі.

У панядзелак запрашаем усіх - палітыкаў, грамадзкіх дзеячаў, актывістаў, журналістаў - а 12.00 на сядзібу РЭП - Кульман, 4.

АБАРОНІМ "БЕЛСАТ"!


Беларусь - краіна Ісуса Хрыста 19:08 11/12/16 125


Тысячу гадоў таму хтосьці ўпершыню укленчыў на гэтае зямлі, каб памаліцца Ісусу Хрысту.
Так пачалася гісторыя Беларусі.
Тое, што адбывалася ў геаграфічным цэнтры Эўропы дагэтуль, было перадгісторыяй.
І толькі тады, калі тут зьявілася Слова, пісьменнасьць і ясная духовая сьвядомасьць – немая дагэтуль зямля атрымала імя, набыла сэнс і сталася Беларусьсю.
Гісторыя чалавечага сэрца ў ягоных узаемадачыненьнях з Хрыстом зрабілася гісторыяй Сэрца Эўропы.
Гісторыя – найбольш магутны пласт нацыянальнай ідэі.
Гісторыя – казырны аргумант у спрэчках.
Гісторыя – самае відавочнае пацьверджаньне Боскага пакліканьня для Беларусі.
Чым глыбей вывучаеш беларускую гісторыю, тым больш пераконваесься: Бог рыхтаваў гэтую зямлю й гэты народ у сэрцы Эўропы да чагосьці вялікага й цудоўнага.
Няма патрэбы падрабязна спыняцца на агульнавядомых у гістарыяграфіі тэорыях найчысьцейшага славянскага народу, балцкага субстрату, хаўрусу крывічаў, дрыгавічаў і радзімічаў, або канцэпцыях беларускае дзяржаўнасьці ад Полацкага княства да Рэспублікі Беларусь. Такая гісторыя апісвае адно формы. А вось зьмест тысячагадовага разьвіцьця беларусаў як нацыі, сутнасьць нацыятворчага фэномэну, сама ідэя дагэтуль у падобных тэорыях адсутнічалі. Адказы на пытаньні: Адкуль? Чаму? Дзеля чаго? – апускаліся ў поўнай адпаведнасьці з традыцыяй легендарных радаводаў Рурыка або Палямона.
Такім чынам, адкуль?
Як гісторыя Ізраілю пачалася са Слова Божага да Абрагама, так і беларуская гісторыя пачалася з прыняцьця хрысьціянства.
З тае пары, як сюды прыйшло хрысьціянства, яно зрабілася для Беларусі ўсім. Абуджэньні хрысьціянскай духовасьці спараджалі дзяржаўныя й нацыянальныя ўздымы. Канфэсіі выконвалі ролю палітычных партыяў, а герархі царквы – грамадзкіх лідэраў. Рэлігія фармавала адукацыю, культуру, мясцовае самакіраваньне, ды, у рэшце рэшт, саму нацыю. І сіла, і слабасьць Беларусі заключаліся ў хрысьціянстве. Гістарычныя працэсы кіраваліся звышнатуральнымі адкрыцьцямі й уявамі, праваламі грэху, помсты й нянавісьці, парывамі сумленьня й веры, усім глыбінным магматызмам духу.
Першаштуршкамі, першапрычынамі беларускай гісторыі былі духовыя абуджэньні, якія прыводзілі да грамадзкіх, эканамічных, палітычных, культуровых уздымаў.
Канец Х ст. Прыняцьцё хрысьціянства. Першавобраз дзяржавы, зародак нацыі. Полацк зьбірае пад сваёй уладай ядро беларускіх земляў і адстойвае іх незалежнасьць ад суседзяў і качэўнікаў. Вынік – росквіт Полацкага Княства ХІ ст.
Сярэдзіна ХІІ ст. Хрысьціянскае абуджэньне Полацка, Турава, Смаленска. Духовае ўзрушэньне ў сэрцы Эўропы ў эпоху фэадальнай раздробленасьці рыхтуе агульны абшар для пасіянарнага выбуху ВКЛ. Вынік – утварэньне найбуйнейшай эўрапейскай дзяржавы Сярэднявечча ад Балтыкі да Чарнамор’я.
Сярэдзіна XVI ст. Хрысьціянскае абуджэньне Залатога веку. Распаўсюд Рэфармацыі, каталізацыя каталіцызму, праслаўленьне праваслаўя. Вынік – стварэньне беларускае нацыі, здольнай перанесьці выпрабаваньні Новага Запавету наступных трох стагодзьдзяў і распаўсюдзіць беларускі ўплыў на Рэч Паспалітую й Расейскую імпэрыю.
ХХ ст. Нацыянальны й рэлігійны рэнэсанс пачатку й канца стагодзьдзя. Вынік: адраджэньне беларускае дзяржаўнасьці пасьля прыгнёту й акупацыяў – у сэрцы Эўропы, напярэдадні яе аб’яднаньня.

З кнігі "Люблю Беларусь"
Працяг будзе

Палякі, беларусы і Самазванец - праз 400 гадоў 10:26 07/12/16 32


Больш як чатырыста гадоў таму палякі і беларусы спрабавалі перамагчы Маскву. Зрабілі стаўку на Самазванца - Лжэдзьмітрыя. Самазванец меў войска і грошы, кіраваў цьвёрдай рукой, раздаваў пасады, пісаў граматы, кантраляваў тэрыторыю, быў папулярны сярод простага люду ў Расеі ды нават ва Ўкраіне. Некага гэта да болю нагадвае - і таксама на літару "Л".

Усе ведалі, што ён самазванец, царык, а ня цар - але геапалітыка, вы ж разумееце. Першы Самазванец праваліўся, тут жа ўзьнік Лжэдзьмітрый ІІ - такое месца пуста не бывае. Авантура скончылася тым, што палякі і беларусы былі аточаныя расейцамі ў Крамлі і ад голаду елі адно аднаго.

У тым, што сёньня асобныя польскія палітыкі зноў спрабуюць перамагчы Маскву з дапамогай самазванца - толькі нявывучаны ўрок гісторыі. Шлях авантуры і самазванства вядзе да паразаў - нельга будаваць дзяржаўную палітыку на падмане.

Панове, вельмі прашу, калі ласка - прагугліце 1612.

Сэрца Эўропы б'ецца ў табе 00:14 04/12/16 19


"Больш за ўсё запаветнае захоўвай сэрца тваё, бо ў ім – крыніца жыцьця" (Кніга выслоўяў Саламонавых, 4:23)
Вы цудоўна ведаеце, дзе ў вас сэрца, калі вы ўсхваляваныя, хворыя ці закаханыя. Эўрапейская гісторыя апошняга тысячагодзьдзя таксама беспамылкова пакажа вам, дзе білася й балела наймацней. Дрогкае спляценьне артэрыяў і венаў, рэкаў і крыніцаў, нафта-і газапровадаў, скрыжаваньне стратэгічных вайсковых шляхоў, чыгунак і аўтамагістраляў, водападзелаў і цывілізацыяў, сумежжа культураў і канфэсіяў, ёмішча духовае сілы – крыніца жыцьця у нетрах пушчаў і старажытных гарадоў, паміж лёгкімі Эўропы.
Беларусь – геаграфічны цэнтар Вялікае Эўропы ад Атлянтыкі да Ўралу. Калі вызначыць скрайнія кропкі эўрапейскага кантыненту й злучыць іх лініямі – скрыжаваньне трапіць у самую Беларусь, недзе пад Глыбокае. Калі Эўропа глядзіць на вас з мапы – яе беларускае сэрца якраз там, дзе трэба, крыху зьлева, як і належыць цэнтральнаму воргану крывяноснае сыстэмы.
"І абрэжа Гасподзь, Бог твой, сэрца тваё й сэрца нашчадкаў тваіх, каб ты любіў Госпада Бога твайго, ад усяго сэрца твайго і ад усёй душы тваёй, каб жыць табе." (Другазаконьне, 30:6)
Сэрца – гэта месца, куды сьцякаецца й адкуль пад ціскам па ўсім целе разыходзіцца кроў. Столькі рэчак і крыніцаў віруе ў Беларусі! Столькі крыві перапампавала гэтая зямля!.. Сэрца – гэта бясконцыя рытмы перажываньняў, правалы бяды й усплёскі шчасьця: Боль, жарсьці, найвышэйшыя падзеі адбываліся й адбіваюцца ў трапяткой Беларусі. Сэрца – гэта дух, які натхняе й ажыўляе ўсю істоту; гэтак жа, напоўненая пакутай, малітвай і любоўю, аддавала сябе, памірала за ўсіх блізкіх і асьвячала Эўропу хрысьціянская Беларусь.
Транспарт, сувязь, інфармацыя, тэлекамунікацыя – уся кроў сучаснае цывілізацыі спрацуе ў беларускім сэрцы, калі Беларусь абудзіцца й задыхае на поўныя грудзі. Сэрца – гэта галоўнае скрыжаваньне. Таму наш галоўны нацыянальны рэсурс – гэта ня проста "геаграфічнае становішча", а кардынальнае. Сардэчнасьць – ва ўсіх сэнсах.
Сэрца – сымбаль любові. Краіна, якая ўвесьчас ахвяравалася за блізкіх, шчырая й пакорлівая, як ягня; краіна, што прытуліла Ізраіля, краіна, дзе нават мова, сьпевы й імёны створаныя дзеля любові (бо ад паўнаты сэрца гавораць вусны!), дзе ласка й пяшчота складаюць сутнасьць любое часьцінкі, любога імгненьня – гэта тое сэрца, што разрываецца ад любові нават да ворагаў. Ці не таму сярод прычынаў сьмерці ў беларусаў на першым месцы (да 50%) – хваробы сэрца?
“Дабраславёныя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць!” (Мацьвея 5:8.)
Кожны беларус мае ў грудзях Сэрца Эўропы. Маленькая Беларусь б'ецца ў табе. Ты чуеш?..

З кнігі "Люблю Беларусь"
Працяг будзе

Беларусь: у чым соль. 01:07 27/11/16 6


Беларусь мае ў сабе соль.
Соль, смак жыцьця, найважнейшая прыправа чалавечае ежы – сымбаль сэнсу, ісьціны, праведнасьці. Соль выступае на старонках Бібліі празрыстымі крышталікамі – як знак запавету са сьвятарамі, як сродак прадухіленьня ад разлажэньня, псуцьця, гніеньня сьвету. Дабраславёны той, у каго ёсьць соль!
Соль – беларускі карысны выкапень №1 і наш галоўны экспартны тавар. Ад 20% да 25% нацыянальнага бюджэту фармуюць "салёныя" грошы. Паводле запасаў і здабычы калійных соляў Беларусь – адзін з сусьветных лідэраў, а кухоннай, харчовай солі ў нас столькі, што можна засыпаць усю Эўропу з галавою – двухмэтровым слоем.
Адкрытыя ў 40-я гады мінулага стагодзьдзя радовішчы беларускага Палесься ўяўляюць сабою падземныя тоўшчы марское солі аб'ёмам у дзесяткі тысячаў кубічных кілямэтраў, намножаныя ў эпоху грандыёзнае трапічнае лягуны на месцы цяперашняга Прыпяцкага прагіну. Калійныя солі, што перапрацоўваюцца на мінэральныя ўгнаеньні – гэта камбінат-імпэрыя "Беларуськалій", шахты глыбінёй да 400 м, 100-тысячны горад Салігорск й заробкі ў некалькі разоў вышэй, чым па астатняй краіне.
Сталіца харчовае солі – Мазыр: тут у нетры на глыбіні 1200 м закачваюць ваду, і з паднятага на паверхню раствору выпарваюць хімічна чыстую, у дробныя зернейкі, бялюткую соль "Экстра". На сёньняшні момант мазырская кухонная соль зь ёдам і фторам у экспартных сальнічках – адзін з найбольш канкурэнтаздольных беларускіх тавараў, што вывозіцца ў 14 краінаў сьвету.
На самым знакамітым радовішчы беларускае солі – Старобінскім – ярка-чырвоная калійная соль залягае паміж праслояў белай каменнай, утвараючы да 60 гарызонтаў. Галоўнае багацьце Беларусі ў пластах гіганцкіх бел-чырвона-белых сьцягоў – гэта ўсё-такі фундамэнтальны прадмет нацыянальнага гонару.
Беларусь, эўрапейскі цэнтар, зьмяшчае ў сабе соль – і гэта факт вялікага сымбалічнага значэньня. "Вы – соль зямлі" – гаворыць Хрыстос сваім вучням у Нагорнае пропаведзі (Мацьвея 5:13) "…Кожная ахвяра сольлю асоліцца. Соль добрая, але калі соль не салёная будзе, чым вы яе паправіце?" "Майце ў сабе соль і мір майце між сабою" (Марка 9:49-50).
Беларусы сустракаюць хлебам-сольлю, хутка зьядаюць пуд солі за сталом, абавязкова соляць сала і робяць цудоўныя салёныя гуркі. Солі? Калі ласка!
Беларусь – соль эўрапейскае зямлі, вобраз ясны й моцны. Як смак самое солі – дастаткова шчэпці, каб адчуць сапраўдны смак жыцьця."Слова вашае хай будзе заўжды зь мілатой, прыпраўлена сольлю, каб вы ведалі, як адказваць кожнаму", – вось у чым, паводле апостала Паўла, соль. (Да Каласянаў, 4:6).
А Беларусь можа прыправіць сольлю паўсьвета!

З кнігі "Люблю Беларусь"
Працяг будзе.

Беларусь, цуд Божы. 00:05 21/11/16 21


Беларусь – цуд некранутай прыроды. Так кажа застаўка на Першым нацыянальным канале, і гэтым разам ня хлусіць.

Беларуская прырода – значыць, Белавеская пушча, Бярэзінскі запаведнік, Блакітныя азёры й Нарач, журавінавыя заказьнікі й масівы ўнікальнага лесу, 1650 відаў расьлінаў, больш 1000 – грыбоў, 284 – птушак, 37 – зьвярэй і аж 30 тысячаў відаў насякомых. Беларуская прырода – гэта сотні рэдкіх цудаў тварэньня Божага, адныя назвы якіх гучаць як музыка: астранцыя вялікая, тафіэльдыя чашачкавая, кадзіла сармацкае, кохія шарсьцістакветная. Гэта дзівосы кшталту лімнакалянуса, кугакаўкі барадатай, або шчырыцы жміндападобнай. Беларуская прырода – гэта 12% тэрыторыі Беларусі, занятыя балотамі, 16% пад лугавой расьліннасьцю й 7 мільёнаў гектараў, укрытыя лесам. Сёньня для эўрапейскага кантынэнту Беларусь – проста прастора зь невысокай шчыльнасьцю насельніцтва, поўная сьвежай зеляніны, жывой вады й чыстага паветра.

Дыхайце глыбей! Беларусь, што знаходзіцца ў зоне папераменнага ўплыву марскіх ветраў з Балтыкі й Чарнамор'я, на стыку глябальных ляндшафтаў, на ўзгорыстых вадападзелах Міжмор'я зь ледавіковым рэльефам і багацьцем водаў, выгодна адрозьніваецца разнаякасьцю ад аднастайных суседзкіх земляў – украінскага стэпу, прыбалтыйскіх нізінаў, расейскага поля ды тайгі: Госпад Бог даў нам усю поўню адметнасьці й харашыні.

Ва ўсіх асаблівасьцях прыроды Беларусі – яе простасьці й сьціпласьці, прыхаванай сіле й мілай прыгажосьці, натхнёнасьці, мяккасьці, ласкавай пяшчотнасьці – мы лёгка пазнаем беларускі нацыянальны характар. Варта толькі зьміргнуць вейкамі іскры інею, што пабліскваюць на лапінках зімовага лесу, або акунуцца ў калыханьне сьвятла пад аграмадамі летняга лісьця, або прыслухацца да ўрачыстага сьцішанага канцэрту восеньскага дажджу, каб пачуць усе шэпты, рухі й гукі беларускае душы. Сярод нашае прыроды хутка змаўкаеш і заміраеш. Уся істота пачынае дыхаць невымоўным захапленьнем перад Божай веліччу і любоўю, спалучанымі ўвадно з найвышэйшай гармоніяй – у краіне такой сьветлай і такой ціхай!..

Дотык лісьця. Цяпло ад зямлі, як ад цела. Вада чыстае сьлязы. Вочы сінія-сінія. І дыханьне каханьня. Беларусь. Ужо сёньня палову Беларусі можна аб'яўляць нацыянальным паркам сусьветнага значэньня. Разнастайныя краявіды, санаторныя зоны, заказьнікі й пушчы па меры ўкладаньня інвэстыцыяў і арганізацыі дагляду здольныя зрабіцца ўлюбёным месцам паломніцтва эўрапейскіх турыстаў.

Чарнобыль? Чарнобыль зробіць частку Беларусі толькі яшчэ больш запаветнай. Так, і ў экалёгіі Беларусь нясе свой крыж: беларуская зямля паражаная радыяцыяй, беларуская вада паглынае ўсе сьцёкі Міжмор’я, беларускае паветра – кантынэнтальная атмасфэрная ростань. 80-85% забруджваньня тэрыторыі Беларусі злучэньнямі серы і азоту даюць замежныя краіны. Зноў белая, чыстая Беларусь прымае на сябе бруд паловы Эўропы!

Але і тады, калі гарадзкія мэгаполісы пашырацца да памераў цэлых краінаў, Беларусь застанецца суцэльным гіганцкім паркам дзеля адпачынку й духовага сузіраньня мільярдаў.

Беларуская прырода – лёгкія Эўропы. Эўропа дыхае Беларусьсю. Ты проста ўцягваеш у сябе водары чабору й язьміну, прахалоду ветру й гарачы пах садовае квецені, туманную пару рачных далінаў і глыбокія лясныя эфіры, усю духмянасьць беларускае прыроды да нясьцерпнае асалоды – і пачынаеш верыць, што нашая зямля створаная адмыслова для Духа.


З кнігі "Люблю Беларусь"


Працяг будзе


Прыпяць 23:58 12/11/16 42


"Спакойна і павольна, як у зачараваным сьне, утуліўшыся ў балоты, нясе Прыпяць сухадоламу Дняпру сваю багатую даніну" – у беларускіх школах гэтыя радкі з “Дрыгвы” Якуба Коласа, быццам закляцьце, вучаць на памяць.

З касьмічных вышыняў Палесьсе нагадвае велізарны ліст папараці, жылы якога сьцякаюцца ў Прыпяць. Агульная даўжыня прыпяцкіх прытокаў перавышае працягласьць зямнога экватару: 50 тысячаў кілямэтраў! Палескія балоты, гушчары й тысячы зарослых старыцаў – жывая казка для паляўнічага й рыбалова.

Прыпяць пранікае каранямі ў тайны старажытнае беларускае гісторыі – Тураў, Пінск, Слуцк, Давыд-гарадок. Калі папрасіць, Прыпяць прыпомніць і хрышчэньне Тураўскага княства, і пераправы татарскіх загонаў, і казацкія ўварваньні, і кроў ды трупы ворагаў, што сплывалі па рацэ пасьля літоўскіх пагоняў. Прыпяць – люстра нацыянальнага характару, партызанскай псыхалёгіі й стоенай сілы беларусаў. Сьціплая й глыбокая, яна ўвесь час выгінаецца, зьвіваецца, але пры гэтым няўхільна трымае адзін кірунак. Спакваля, ды ўладна яна прыцягвае да сябе воды ўсяго аграмаднага, набрынялага рэкамі, крынічкамі й балотамі Палесься ад заходніх да ўсходніх межаў Беларусі – і вы толькі паглядзіце, як выбухае ўвесну ды ўвосені!

Паводка на Прыпяці – найвялікшае відовішча ў Беларусі. З таяньнем сьнегу або дажджамі вада пачынае прыбываць штогадзіны. Берагі ўмомант захлынаюцца, дрэвы тонуць да верхавінаў, палі, лясы й дарогі залівае дакуль хапае вачэй – да 30 кілямэтраў! – і ўвесь гіганцкі патоп, віруючы ў ямах, нясе на ўсход паў-Беларусі. І жудасна, і велічна сярод гэтае неагляднае плыні горбам ўздымаецца вадзяны хрыбет – там, дзе зь імклівым напорам бурліць і струменіць рэчышча.

Прыпяцкія разьлівы й балоты Палесься былі смутна знаёмыя нават бацьку антычнае геаграфіі Герадоту як мора. Насамрэч, Палескае мора – гэта ня міт. Сотні мільёнаў гадоў тут панавала сапраўднае салёнае мора, якое намнажала кілямэтры асадкаў. Пад іх цяжарам зямная кара апускалася на глыбіню, утвараючы галоўную скарбніцу беларускай зямлі – Прыпяцкі прагін. Сучасны басэйн Прыпяці зьмяшчае ў сваіх нетрах найбуйнейшыя ў Эўропе радовішчы калійных і каменных соляў, тоўшчы бурага вугалю й сланцаў, нафты і алюміневых рудаў, пяскоў і торфу, запасы падземных водаў і рэдкамэталёвых расолаў.

Прыпяцкая вада цёмная ад тарфянікаў, паводак і глыбіні. Калі ўглядаесься ў гэтую цемру, не забывайся – на цябе глядзіць бездань Чарнобылю. "Прыпяць" – так называўся горад у сутоцы зь Дняпром, дзе жылі рабочыя ЧАЭС. У Прыпяцкім радыяцыйным запаведніку зямля дагэтуль родзіць пачварныя дрэвы й грыбы, жывёлаў-мутантаў й страшныя жоўта-чорныя знакі паабапал закінутых дарогаў.

Прыпяць – ва ўздутых жылах натруджаных рук кожнага палешука, пінскага шляхціча ці столінскага баптыста. Вы можаце прасачыць, як яна прабіраецца ад пальцаў да перадплечча – і, будзьце пэўныя, упадае ў самае сэрца.


З кнігі "Люблю Беларусь"


Працяг будзе


Падземная таямніца Беларусі 13:06 06/11/16 6


Сярод беларускіх азёраў, рэкаў і крыніцаў ніяк ня можаш пазбавіцца адчуваньня, што ты ўжо чытаў пра гэта ў самай важнай кнізе. Ну, вядома ж! "І ты будзеш як напоены вадою сад, і як крыніца, воды якой ніколі не перасыхаюць." (Ісайя 58:11)
Беларусь перапоўненая вадою з самых нетраў. 43,5 трыльёнаў кубамэтраў, зь якіх 50 мільёнаў зямля гатовая даваць у суткі – вось адзін з галоўных нацыянальных рэсурсаў, наш стратэгічны запас і наша невычэрпнае багацьце. У нас пад нагамі азёры, рэкі й балоты куды большыя, чым на паверхні.
Беларусь належыць да самых багатых на чыстыя падземныя воды краінаў Эўропы – праблемы недахопу вады, у адрозьненьні ад многіх рэгіёнаў і буйных гарадоў сьвету, для нас папросту не існуе. Геалягічна Беларусь уяўляе зь сябе гіганцкі купал фундамэнту, што ўзвышаецца над ускраіннымі западзінамі – купал Беларускай антэклізы, зь якога крынічыць намножаная й адфільтраваная падземная вада.
Беларусь поіць нас сваім празрыстым сокам праз студні, калёнкі й артэзіянскія сьвідравіны. Глыбей падземныя воды мінэралізуюцца, набываюць у тоўшчах смак солі, ледзяную сьвежасьць і гаючыя ўласьцівасьці. Беларусь мае дзесяткі мінэральных крыніцаў – пад Менскам, у Берасьці, Рагачове, Барысаве – і раскручаныя маркі беларускага нарзану: "Дарыда", "Менская – 4", "Бярэзіна". Між іншым, мы прадаем мінэралку суседзям і экспартуем яе за нафтадаляры ў краіны Пэрсідзкае затокі!
Калі пагружацца яшчэ глыбей, у разагрэтых нетрах на глыбіні больш 1,5 км воды ператвараюцца ў тэрмальныя расолы – унікальную гарачую вадкасьць, насычаную хімічнымі элемэнтамі паловы табліцы Мендзялеева. Ужо ў бліжэйшы час Беларусь зможа здабываць бром, ёд, бор і рэдкія мэталы з такіх канцэнтраваных расолаў: іх запасы велізарныя, мінэралізацыя дасягае 500 грамаў рэчыва на 1 літр вады, а дэбіт сьвідравінаў – да 70 мэтраў кубічных штогадзіны.
Цэлае салёнае мора пад беларускай зямлёй – быццам Мёртвае ў глыбі Ізраілю.
Падземныя воды – поўня цуду Божага для Беларусі. Вось яно, сэрца Эўропы, напятае мільярдамі тонаў сьвежай салёнай крыві!
З кнігі "Люблю Беларусь"

Дзень усіх чарцей 13:09 29/10/16 62


Летась напрыканцы кастрычніка выходжу з мэтро на “Пушкінскай” – то тут, то там гурбы падлеткаў, размаляваных чарцямі. Бегаюць, равуць, ашчэрваюцца на мінакоў. Не зразумееш, жартам ці не – бо некаторыя відавочна п’яныя ці абкураныя.

Людзі ідуць міма, прычым бачна: бедныя беларусы стараюцца моўчкі паўтараць пра сябе – “А можа, так і трэба?”

Маскі, гарбузы, хэлоўінскія вечарыны, пік злачынстваў, учыненых пад спайсамі… Хто-небудзь можа патлумачыць, чаму пад маркай колішняга “Дня ўсіх сьвятых” адбываецца масавае адурэньне тынэйджараў і адзначаецца Дзень усіх чарцей?

У Беларусі гэта заўсёды быў час Дзядоў. Ціхі, сумны і сьветлы. Саветы затоптвалі яго “Седьмым ноября”, днём крывавай рэвалюцыі і велічэзных дэманстрацыяў. Зусім побач – расстрэльны дзень 1937-га, калі гэбісты адным махам вынішчылі сто прадстаўнікоў нашай нацыянальнай інтэлігенцыі.

Чвэрць стагоддзя таму здавалася, што савецкія чэрці нарэшце праваліліся ў сваё пекла. Не – глядзіш, зноў павылазілі, хіба толькі зь іншай нары.

Падлеткам хочацца павыдурняцца, а часам і выскаліцца на ўвесь сьвет, разумею, узрост такі. У кожным чалавеку змалку рыецца дробненькі такі чорцік ці варочаецца паўнавартасны бес. Але задача выхаваньня – вучыць юных абломваць гэтым унутраным дэманам рогі ды іклы, не даваць злу прарывацца ў сьвет скрозь цябе. Дык навошта ўводзіць ноч трыюмфуючага д’ябла ў моду? У норму? У “традыцыю”?

Словам, сябры. Лічу, што так званы “Хэлоўін” трэба гнаць зь Беларусі паганай мятлой. З асяроддзя сем’яў, з кампаніяў сяброў, з вуліцаў. Ну яго к чорту. Як і выскаленых зомбі, каторым нават маскаў апранаць ня трэба – з крывавымі сьцягамі ля помнікаў Леніну на сёмае лістапада.

Хадзем лепей на Дзяды. У Курапаты. Да крыжоў.

Беларусы, беларусачкі і аборт 20:20 16/10/16 87

Жыццё і смерць
Прапанаваў я табе,
Дабраславенне і пракляцце.
Выберы жыццё,
Каб жыў ты і нашчадкі твае.


Другі Закон 30:19


У Беларусі штогод ад 20 да 30 тысячаў жывых дзетак забіваюць у матчынай нутробе.

А за 20 гадоў, ад 1990-га да 2010-га, толькі паводле дадзеных Міністэрства аховы здароўя было вынішчана 2,7 мільёна зачатых немаўлятаў.

Дзве траціны сем’яў абмяжоўваюцца толькі адным дзіцём.

У 2014 годзе на 83 942 шлюбы было зарэгістравана 34 864 разводы. Для тых, хто не дапяў з першага разу: практычна кожная другая беларуская сям’я развальваецца. Ва ўсім свеце справы горш толькі ў Расеі.

Таму тэма абортаў успорвае Беларусь настолькі ж востра, наколькі скальпель — безабароннае жыццё.

Аборт — гэта забойства. Забойства жывога, непаўторнага, бязвіннага чалавека. Знішчэнне вобразу і падабенства Божага. Тут нават няма чаго абмяркоўваць — гэта трэба разумець.

І той, хто прымушае, і той, хто вырашае, і той, хто праводзіць аперацыю, — гэта за…

Паслухайце.

Ці ўяўляем мы, што ў маленькай істоты, зачатай у жаночым улонні, ужо праз тры тыдні жыцця б’ецца кропелька — сэрца? Ці ведаем мы, што яму цёпла, калі матуля есць або гладзіць яго; халодна, калі яна на скразняку; блага, калі мама хвалюецца — і невыносна балюча, калі яго, голенькага, безабароннага, рэжуць і рвуць на кавалкі?

Няшчасныя беларусы… Ніякая Расея, ніякі камунізм не здолее так нішчыць беларускую будучыню, як робяць гэта абыякавыя, з выразам каменнага цярпення на твары, тутэйшыя.

Мы.

Царква і касцёл разам патрабуюць: спыніце забойства ненароджаных. З таго моманту, як жыццё зачатае, ягонае знішчэнне прынцыпова не адрозніваецца ад крывавага крыміналу або генацыду канцлагераў.

«Толькі б не было вайны» — паўтараюць беларусы, гатовыя апраўдаць усё клопатам пра ўласных дзяцей. Але ціхая і злюцелая вайна з сотнямі тысячаў загінулых невінаватых мірных жыхароў кіпіць ва ўлоннях беларусак поўнай хадой. У гэтым стагадовым генацыдзе ёсць свае каты, свае халаднакроўныя маньякі, свае безгалосыя ахвяры, свае запырсканыя крывёю месцы бойняў… і толькі абаронцаў жыцця зусім вобмаль.

І Беларусь не ведае сапраўдных герояў гэтай вайны пад сэрцам — ані тых матуляў, якія рашыліся нараджаць са смяротнай рызыкай, ані тых, што памерлі, але далі жыццё дзіцяці, ані простых рыцараў з «Легіёна Марыі», што б’юцца і моляцца за кожнага ненароджанага, ані віцебскіх праваслаўных братчыкаў, што ходзяць па інтэрнатах медінстытута ды скрозь цыгарэтны дым у твар пераконваюць будучых гінеколагаў, ані евангельскіх вернікаў з Pro-life, руху за жыццё, што глядзяць у вочы маладым у падземных пераходах і ў якіх у руках трапечуць тоненькія паперкі — мімаходзь, не бяруць, не бяруць…

Мы робім выгляд, што нічога такога не адбывацца.

А пакутлівы выбар у тым, што простая забарона спаронаў і нават крымінальны пераслед за падпольны аборт тут і цяпер справы не вырашае — толькі заганяе ўглыб. І робіць разню таемнай ды яшчэ больш крывавай.

Цэнтр цяжару — гэта стан грамадства. Калі аборт — гэта нармальна, калі няма ўсведамлення факта злачынства, калі і для мужчынаў, і для жанчынаў гэта накшталт «схадзіць, вырваць балючы зуб» — ціхае вынішчэнне нацыі будзе працягвацца.

Адна з ключавых праблемаў – адказнасць мужчынаў. У захаванні і забеспячэнні зачатага жыцця роля мужчыны як абаронцы выключная. А з мужчынскай адказнасцю ў Беларусі – мора праблемаў. У выніку жанчыны застаюцца сам-насам з пытаннямі жыцця і смерці.

Стратэгія абароны жыцця ў Беларусі мусіць зыходзіць з таго, што аборт як забойства нявіннага чалавека недапушчальны. Толькі ў выпадку, калі ёсць непасрэдная пагроза жыццю і здароўю маці, апраўданы падыход выбару. Жанчына мусіць мець магчымасць пакінуць вынашанае дзіця ў бэбі-боксе, хутка аформіць усынаўленне і, канечне, атрымаць сур’ёзную матэрыяльную падтрымку ад дзяржавы. Нястача? Дапамога сем’ям і матулям павінная вырасці ў разы.

А вось тактыка – гэта хутчэй шэраг паступовых крокаў, мэта якіх – паступова, але няўхільна абмяжоўваць магчымасці для аборта, ратуючы ненароджаных, паралельна са стварэннем магчымасцяў для выхавання народжаных і падтрымкі жанчынаў ды сем’яў.

Беларускія хрысціянскія дэмакраты (кампанія на чале з Вольгай Кавальковай) ў супрацы з абаронцамі жыцця розных канфесіяў два гады таму дамагліся заканадаўчага абмежавання для правядзення абортаў па сацыяльных паказніках. Калі хтосці ня ведае – дагэтуль мы мелі самае ліберальнае заканадаўства ў дачыненні да абортаў сярод усіх суседзяў. Таксама ў законе было замацаванае права доктара адмовіцца рабіць аборт ( у Італіі, скажам, 90% дактароў рабіць аборт адмаўляюцца).

Зараз БХД настойвае на ўвядзенні «часу цішыні» — абавязковых гадзінаў для цяжарнай, каб падумаць і адмовіцца ад аборту, на забароне клінічных выпрабаванняў на чалавечых эмбрыёнах, рэкламы штучнага перапынення цяжарнасці і абартыўных прэпаратаў, на абавязковым уведамленні мужа (для замужніх) – у якасці першых крокаў.

Час цішыні — хвіліна маўчання па тых, хто так і не нарадзіўся. Час цішыні — некалькі дзён роздуму для тых, хто яшчэ не забіў.

А пакуль мы чытаем, жуём, блукаем у сеціве — з кожнай гадзінай нас, беларусаў, робіцца ўсё менш і менш.

І беларускае атупенне, беларуская безвыходнасць і беларускі адчай будуць толькі нарастаць, пакуль мы не жахнёмся пекла пад нагамі: забіваючы пад сэрцам новае жыццё, мы забіваем у сабе Бога.

У Беларусі дзявочыя вочы Нарачы 22:07 08/10/16 4


У Беларусі дзявочыя вочы Нарачы.
Нарач – найбольшае возера Беларусі і найвялікшае люстра беларускіх нябёсаў, асьвечанае прысутнасьцю пяцісотгадовага Будслава.
Нарач на мапе падобна на сэрца – зрэшты, як і ўсё важнае ў Беларусі. Сардэчка адпачынку, поўная чаша спакою й асалоды, нарачоная беларускае харашыні, Нарач зь дзіцячым лягерам "Зубраня" й санаторнай зонай, дзе любілі спыняцца Касыгін і супэрзоркі савецкай эстрады, дзе зараз адпачываюць 100 тысяч чалавек штогод – наш Лязуровы бераг, нашы Мальдзівы, наша Майамі.
Увогуле, Нарач – беларускае мора, а гэта нешта ды значыць.
Возера плошчай 80 кілямэтраў квадратных, у катлавіне глыбінёй да 25 мэтраў, падпружанае ледавіковай марэнай у адгор'ях Сьвяньцянскіх градаў, сярод пэрлаў іншых вазёраў, на рачных пратоках незвычайнае чысьціні. Вада з Нарачы цячэ ў Вільню – і Вільня жменяй чэрпае Нарач.
Нарач – цуд Беларусі. Вада амаль паўсюль празрыстая да дна, рэліктавыя расьліны, рыба быццам у велізарным акварыюме, эўрапейскі вугар і амурскі сазан. Хараство, пяшчота й ласка ціхай, мілай беларускай прыроды. “Нарач” – хоць да раны прыкладай!
Нарач – наша маленькая мара. Гэткая раскоша па-беларуску, быццам “Нарачанскі хлеб” у краме. "Паехалі на Нарач!" – гэта для сярэднестатыстычнага беларуса нумар з разраду "люкс". "На Нарач" – значыць, шыкуем.
І ані цэркарыёз, ані расейскі кароўнік, ані Управделамі презідента нарачанскай чашы ня вычарпаюць.
А ночы на Нарачы!… У часы застою заслужаныя трэнэры БССР прывозілі сваіх выхаванцаў нанач на нарачанскую турбазу, і на досьвітку вялі да возера. Шыхтавалі на ўзыходзе сонца перад Нараччу, напоўненай сьляпушчым сьвятлом, насустрач зары па-над цэлай краінай. "Вось яна, дзеткі, вашая Радзіма. Вось за гэта вы церпіце, жылы рвеце. За гэта будзьце гатовыя й жыцьцё аддаць."
Нарач – любы пацалунак любому беларусу.

З кнігі "Люблю Беларусь"

Наша Эўропа - гэта Міжмор'е! 12:03 02/10/16 29


Міжмор'е – адвечны стан Беларусі.
Наш лёс назаўжды паміж балтыйскімі дажджамі, туманамі й прахалодай ды чарнаморскімі сонцам, ліўнямі й сьпёкай. Паміж поўначчу й поўднем, варагамі й грэкамі, халодным і цёплым, чорным і белым, пеклам і раем. Генэральны водападзел Эўропы дыяганальна раскрэсьлівае Беларусь амаль напалову.
А беларусы так мараць пра мора!
Беларускія рэкі цякуць у Балтыку й Чарнамор'е. Гэты басэйн Міжмор'я – Украіна, Літва, Латвія, Малдова й прылеглыя да ўзьбярэжжаў вобласьці Польшчы й Расеі (а магчыма і шырэй, да Эстоніі, Баўгарыі ды Харватыі) – і ёсьць натуральным абсягам непасрэднага ўплыву Беларусі, яе роднасным асяродкам і зонай яе найпершых інтарэсаў.
Вялікая беларуская вада, што напойвае ўвесь гэты рэгіён – празрысты вобраз нацыянальнай місіі ў гарлавіне Міжмор'я. Балта-Чарнаморскае Міжмор'е – месца сутокі эўрапейскае й азіяцкае цывілізацыяў, заходняе культуры, дэмакратыі й тэхналёгіі з усходняй містыкай, дэспатыяй і мрояй.
Беларусы сфарміраваліся як нацыя ў гарманічнай раўнавазе паміж паўночна-эўрапейскай флегматычнасьцю, грунтоўнасьцю, важкасьцю й паўднёва-эўрапейскай тэмпэрамэнтнасьцю, лёгкасьцю, рухавасьцю; паміж бізантыйскім праваслаўем і рымскім каталіцызмам. У беларускае крыві Чарнамор'я й Балтыкі 50/50.
Гэта Міжмор'е зрабіла Беларусь культуровым міжмоўем і геапалітычным скрыжаваньнем.
Зрэшты, Беларусь як зямля геалягічна ўзьнялася з марскога дна: сучасная асадкавая тоўшча і ёсьць грандыёзным усходне-эўрапейскім мезазойскім міжмор'ем.
Паміж салёным морам падземных водаў і атмасфэрным абшарам нябёснае вільгаці Беларусь, краіна рэкаў, азёраў і балотаў, быццам чалавечы арганізм, адсоткаў на восемдесят складзены з вады – сама ёсьць вялізным Міжмор'ем.
Менавіта ліцьвінскае Міжмор'е, а не Расея альбо Заходняя Эўропа - наш найпершы геапалітычны арыентыр.

З кнігі "Люблю Беларусь"
Працяг будзе

Магілёў - беларускі ключ да Расеі 14:57 17/09/16 1


Магіла льва, сказаў Купала.

Горад зь гербам-брамай ды збройным рыцарам на маскоўскім кірунку, гандлёвая сталіца ВКЛ, расейская стаўка ў І сусьветнай вайне – беларускі ключ да Крамля.

Магілёў, якім Беларусь нацэленая ў самую глыбіню Расеі, факусуе ў сабе ўвесь драматызм стасункаў і ўсю моц змаганьня Белае Русі зь Вялікай Імпэрыяй. Магілёў – геапалітычная кропка апоры на лініі рычага Менск-Масква, з дапамогай якога раз-пораз можна было перавярнуць паў-сьвету.

У назове "Магілёў" закладзеная і "магіла" – так, тут шмат што хавалі – і магутны корань "магчы". Праз Магілёў Беларусь увесь час спрабавала адчыняць і перамагаць Расею. Магілёў, быццам моцны магніт, яе заўжды прыцягваў і адштурхоўваў. Велічная панарама гістарычнага цэнтру Магілёва лепш за ўсё сьведчыць пра гэтую супярэчнасьць незвычайнае сілы: разлом Дняпра, што расколвае далягляд, горы берагоў з прывідамі ўзарваных храмаў, дый сам горад, бачны вакол на многія кілямэтры – раскіданы, быццам ад аграмаднага выбуху.

Ці не таму магілёўскае паходжаньне – асаблівая прыкмета крутых хлопцаў, вядомых усяму сьвету: кіраўніка чалюскінцаў, палярніка Ота Шмідта, супэрзоркі Галівуда Кірка Дугласа, міжнароднага рэвалюцыянера Мікалая Судзілоўскага, ізраільскага прэм'ера Арыэля Шарона?

А ўсё пачыналася яшчэ зь вялікім дняпроўскім транзытам "варагі-грэкі". У часы ВКЛ Магілёў, набіраючы сілу, апярэджваў Полацк і выконваў ролю гандлёвае брамы для Масквы: зь Бізантыі, Рыгі, Дынабурга, Гданьска й Каралеўца ўсходнія грузапатокі сьцякаліся менавіта сюды. У XVI ст. купцы складалі тут ад чвэрці да трэці ўсіх месьцічаў; паводле багацьця й ўплыву Магілёў пераўзыходзіў Вільню і лічыўся сапраўдным гаспадаром Эўразійскае эканамічнае прасторы.

Але ўжо быў абвешчаны "Трэці Рым", ужо падымалася цемра на Ўсходзе. Масква цягам некалькіх стагодзьдзяў намагалася выкарыстаць Магілёў, апірышча беларускага праваслаўя, горад шматлюдных брацтваў і найпрыгажэйшых цэркваў, каб узламаць ВКЛ. Захоп Магілёва пад лёзунгам абароны адзінаверцаў біў Беларусь пад дых. У адказ магілёўцы высільваліся, імкнучыся зьмяніць Маскву: Пётр Мсьціславец разам зь Іванам Фёдаравым друкаваў для Расеі Біблію, магілёўскія ўмельцы несьлі ў Маскоўшчыну вытанчаныя рамёствы, а іканапісцы стваралі для яе манастыроў самыя сьветлыя абразы.

Тым часам маскоўскі націск узрастаў. З пачаткам страшнай вайны 1654-1667 гг. магілёўцы наіўна адчынілі горад царскім стральцам, але потым, скаштаваўшы стралецкае ласкі, выразалі акупацыйны гарнізон пагалоўна. Пётр І адпомсьціў месцу, настолькі важнаму для Расеі, спаленьнем датла… Тая ж Кацярына Вялікая ведала, што рабіла, калі запрашала сюды ў 1780-м аўстрыйскага імпэратара Іосіфа ІІ на тайныя перамовы аб падзеле Рэчы Паспалітай: такія рэчы сапраўды вырашаюцца ў Магілёве.

Нарэшце, у ХХ стагодзьдзі роля Магілёва як беларускага ключа да Расеі дасягнула кульмінацыі. З абвяшчэньнем І сусьветнае вайны менавіта тут, на найбольш небясьпечным кірунку, разьмясьцілася Стаўка на чале зь Мікалаем ІІ. Напярэдадні рэвалюцыі Магілёў на некалькі гадоў стаў цэнтрам сілы 1/6 сушы. Адсюль апошні расейскі імпэратар тэрмінова выехаў у ахоплены лютаўскімі падзеямі Піцер, і ў дарозе выракся трону; тут у верасьнёўскую ноч 1917 г. аб'явіў сябе Дыктатарам Расеі генэрал Карнілаў (і празь некалькі дзён быў арыштаваны), а яшчэ празь месяц тут жа была прадпрынятая адчайная спроба стварыць агульнарасейскі ўрад на чале з эсэрам Чарновым. Паражаная рэвалюцыяй, Расея сутаргава намацвала ў Магілёве той самы рычаг, каб перавярнуць гісторыю.

У 30-я гады Сталін вызначыў Магілёву ролю новае сталіцы Беларусі. Пасьпелі пабудаваць Дом Ураду, падобны да менскага, спраектаваць праспэкты й сталічныя ўстановы, сёньня для магілёўцаў прадмет асаблівага гонару. Але – вайна. Абарона Магілёва доўжылася некалькі месяцаў: немцы ўжо ўзялі Смаленск, а Магілёў яшчэ трымаўся: "За намі Масква!" Памятаеце "Жывыя і мёртвыя" Канстаньціна Сіманава? Гэта адсюль, і гэта ягоны прах разьвеяны на Буйніцкім полі пад Магілёвам. Менавіта ў Магілёве, ў 1941-м прапаў Крыж Эўфрасіньні Полацкай.

І дасёньня Магілёў, гняздо Лукашэнкі й чыноўніцкага кляну ва ўладзе, як усякі моцны магніт, нясе ў сабе той жа парадокс прарасейскасьці й антырасейскасьці. Місію крэпасьці на шляху ў Маскву, найбліжэйшага кірунку ўдару і фігурнага, беларускага ліцьця, ключа ад крамлёўскіх брамаў.

Вам цікава, што Беларусь магла б зрабіць Расеі? Спытайце ў таго, хто ўвесь час цярпеў ад Расеі, з Расеяй змагаўся й Расею ратаваў. Спытайцеся ў Магілёва!


З кнігі "Люблю Беларусь"


Працяг будзе


Беларускі лес 11:30 21/08/16 12

Беларускі лес – гэта лёс.

Народ, што адвеку сяліўся сярод лясоў, адваёўваў зямлю ў лесу, будаваў зь лесу хату і агароджваў яе лесам ад лесу, здабываў у лесе мяса, футра, грыбы, ягады да арэхі, і хаваўся там ад ворагаў – такі народ звыкся ўтульна жыць сярод шолахаў і шэптаў, у чуваньні, поўным значэньня й тайны, шукаць крыніцаў, паляваць, пільнаваць, і ціха казаць пра самае-самае важнае.

Сёньня лясы займаюць больш за 1/3 беларускае зямлі. Беларускі лес – гэта 50 тыс. т. ягадаў, 60 тыс. т. грыбоў і 500 тыс. т. бярозавага соку за сэзон; 206 млн. сеянцаў і саджанцаў, 31,5 тыс. га лесааднаўлення штогод. Белавеская і Налібоцкая пушчы – апошнія куткі калісьці бяскрайняга запаветнага беларускага лесу, якім ён быў тысячагодзьдзі таму.

Беларуская душа час ад часу сыходзіць у лес. Калі немагчыма трываць, калі становішча безвыходнае, калі набліжаюцца сусьветныя катастрофы – на беларуса нападае дрымучы настрой. У такую пару яго можна знайсьці толькі ў гушчарах, на беразе казачнае, соннае лясное рачулкі, у партызанскае зямлянцы ля сьціплага агеньчыку. Беларуская самота ў лесе пачуваецца найлепш.

"У хваёвым лесе маліцца, у бярозавым любіцца, у дубовым – волю каваць, а ў яловым душу прадаваць" – кажуць у народзе. Показка сымбалічная – асабліва калі ўлічыць, што хвоя складае больш 50% беларускіх лясоў, бяроза дае 21%, елка – 10%, вольха – 8%, дуб – 3,5%, асіна – 2%. Можаце самі вылічыць формулу зарослае, запушчанае беларускае душы, белавескае пушчы, прызначанай для малітвы й поўнай любові, дзе адна дзесятая – цёмны лес, і кожнае пяцідзесятае дрэва – юдава асіна.

Беларускі лес сымфанічны. Нацыянальны сакрэт яго ўнікальнае гармоніі, разнастайнага хараства – усё той жа, што й у фэномэнах беларускага міжмоўя, культуровага сынтэзу й сустрэчы канфэсіяў. Тут, на водападзелах Эўропы, у імшарах, чарнічніках і верасах сыходзяцца ўвадно і таёжныя хваёвыя лясы, і мяшаныя міжземнаморскія, і вербалозы рачных далінаў, і балотнае кустоўе. Беларуская хвоя на пясчаных і супясчаных грунтах, маючы досыць вільгаці й прахалоды, выцягваецца ў неба стромымі, звонкімі арганнымі трубамі – і стварае сьветлыя, чыстыя, духовыя гімны: Бараўляны, Баравуху, Гарачы Бор, Чырвоны Бор, Баркі і Барцы. Эпічныя падняпроўскія дубровы, ельнікі ў гарах Лагойшчыны, серабрыстыя асіньнікі над Нёманам і ўзорыстыя кляновыя гаі ў менскіх прыгарадах – вы толькі паглядзіце, Беларусь уся як велізарны аркестр, у чаканьні ўзмаху дырыжорскае палачкі!

У кожным беларусе агукаецца гул лясное стоенае сілы, трапятаньне лісьця ад птушыных крылаў, аксамітная пяшчота імхоў, і прыглушаны хор з самых нетраў, тысячагалосы гоман стварэньня Божага… Як гэтага не хапае сёньняшняму Захаду! Беларусь яшчэ зробіць найкруцейшы бізнэс на лясным турызме й камэрцыйным паляваньні, на разьвядзеньні пушнога зьвера й экспарце дзікіх грыбоў ды ягадаў. Беларусь яшчэ раскрые ўсяму сьвету нетры свае душы, яшчэ навучыць малітоўнаму шэпту састарэлую Эўропу.

Але пакуль, цяпер беларускі лес дрэмле. Толькі ў верхавінах, на струнах ветру, на самым вастрыі хваёвых іголачак, дрыжыць невымоўны, найвышні згук…

Вы чуеце?

Гэта ня лес. Гэта лёс.


З кнігі "Люблю Беларусь"


Працяг будзе


Крыніцы 11:01 14/08/16 2

Беларусь – краіна-крыніца.

Вобраз бліскучы, жывы й празрысты. Галоўныя рэкі Ўсходняй Эўропы выцякаюць са спрадвечных балотаў і водападелаў Міжмор’я, абжытых беларусамі. Беларускія крыніцы наталяюць вадою суседзяў: Дняпро з Прыпяцьцю – стэпавую Украіну, Нёман і Вялья – Літву, Дзьвіна – Латвію, Буг і Нарач – Польшчу. Нават расейская Волга пачынаецца на этнічна беларускім Валдайскім узвышшы. Адсюль, быццам з забытага, зарослага глухім лесам Эдэму, цякуць вялікія патокі ва ўсе чатыры стараны сьвету. Бо гэта “З Эдэму выплывала рака на арашэньне раю, і потым разьдзялялася на чатыры ракі...” (Быцьцё 2:10). Волга на Ўсход, Дняпро на Поўдзень, Дзьвіна на Захад, Ловаць з Волхавам да Ноўгарада, Ладагі, Нявы – на Поўнач.

Крыніца – ключавы сымбаль Беларусі.

Дажджы й росы, талыя воды й туманы перапаўняюць набрынялую вільгацьцю зямлю, сочацца скрозь глебу, фільтруюцца праз крышталёвыя пясочкі, намнажаюцца, а потым пад ціскам тоўшчаў мкнуць да сьвятла й паветра, і струменяць ключом чысьцюткае жывое вады. Гэтак, тыпова па-беларуску, нараджаецца цуд тварэньня Божага.

Беларуская зямля крынічыць амаль паўсюль – у лесе, балотах, на дне азёраў ды схілах узгор’яў. Калі вада халодная й празрыстая – значыць, блізка крыніца. Ціхая, сьцюдзёная крынічка ў гушчары зь берасьцяным кубкам для піцьця на галінцы – такі ж фірмовы знак Беларусі, як “Песьняры”, гружаны БелАЗ або Крыж Эўфрасіньні Полацкай. “Крыніцай” называецца самае папулярнае беларускае піва, лепшыя рэстарацыі й санаторны комплекс пад Менскам. Беларуская паэзія бруіць крыніцамі скрозь, ад Багдановіча да Сокалава-Воюша.

Паняцьце крыніцы для беларускай нацыянальнай ідэі поўнае сэнсу: гістарычнага, геапалітычнага, культуровага, духовага. Беларусь – першапачатак і першапрычына сусьветнай значнасьці.

Мы глядзім тэлевізію, слухаем радыё, чытаем кнігі й газэты, на кожным кроку сустракаемся з загадкавай мэлядычнасьцю й веліччу Расеі, з рамантызмам і ўзьнёсласьцю Польшчы, манюшкамі й арэшкамі, ліцьвінамі й, вядома ж рабіновічамі, з фактамі беларускага паходжаньня тысячаў – так, тысячаў! – знакамітых паэтаў, прарокаў, правадыроў; ужо як належнае ўспрымаем родныя беларускія мясьціны галівудзкіх зорак, ізраільскіх дзеячоў, амэрыканскіх кангрэсмэнаў і эўрапейскіх славутасьцяў, знаёмае ў імёнах, фразах, асацыяцыях – і нават не даем сабе справаздачы, што так багата істотнага бярэ свой пачатак у Беларусі!

Азірніцеся вакол. Зацінае дых, аж хочацца плакаць ад жалю і шчасьця: адлюстраваньні самае сьветлае й ахвярнае ў Эўропе любові, пералівы найглыбейшае сьпеўнасьці й мяккасьці, пробліскі яснае й глыбокае, ціхае, цярплівае прыгажосьці – вось ад чаго на велізарным абшары млее Расея, вось чым пыша Польшча, вось чым зьзяе Ізраіль, вось што калыхаецца, кіпіць і сьвеціцца, прабіваючыся да сьвятла з-пад зямлі, ад Белага мора да Чорнага, ад Атлянтыкі да Ціхага акіяну!

І калі вы пачуеце ўлюбёнае поўнагалосае аканьне і сьціслае, быццам птушынае ціўканьне, дзеканьне й цеканьне, памяншальна-ласкальныя абароты праз слова, мілыя ноткі, знаёмыя зь дзяцінства, у пастаянных спасылках, канчаткі на “іч – ыч”, “онак –ёнак”, і “эня – еня”, кропелькі роднасьці ў тытрах ды цытатах, калі вы адчуеце гэтыя шчырыя й чыстыя токі, пранізлівы рытм вялікага Сэрца ў пульсах Кіева, Вільні, Варшавы, Масквы, Піцера й Ерусаліма – шукайце беларускіх крыніцаў.

Вы пачынаеце адчуваць, што перад вамі чыстая, як сьляза, беларускасьць. І што гэта? Вашыя вочы міжволі робяцца крыніцамі.

У невычэрпным альтруізме, якім, як крывёю, сплывае Беларусь, якім пяюць і пояць беларускія крыніцы, празрыста бруяць эвангельскія словы Хрыста: “Хто будзе піць ваду, якую Я дам яму, той ня спрагнецца вавек; а вада, якую Я дам яму, зробіцца ў ім крыніцай вады, што пацячэ ў жыцьцё вечнае .” ( Яна 4:14 )


З кнігі "Люблю Беларусь"


Працяг будзе

Дняпро 14:07 24/07/16 4


Дняпро, нашая найвялікшая рака, працякае праз сэрца этнічнае Беларусі. Так сьвятло праменіць з глыбіняў гэтай чыстай краіны. Так боль праходзіць празь беларускую гісторыю. Так скразіць у душы проза Караткевіча.

Дняпро працінае Беларусь, як бляск маланкі.

Дняпро, Днабрус, Барысфэн, вядомы яшчэ Цэзару й апосталу Паўлу, зьнітоўваў старажытную Русь ад самых варагаў да грэкаў. Дняпро хрыбтом трымаў ВКЛ у Сярэднявеччы. Нарэшце, Дняпро са сваімі прытокамі злучаў увадно разарваны народ часоў Рэчы Паспалітай і Расейскай Імпэрыі.

Каб уявіць сабе велізарную сілу беларускае вады, сакавітасьць нашае набрынялае зямлі, усю моц беларускай волі – трэба пераплысьці Дняпро. Напрыклад, там, дзе ў 1514 г. яго фарсіравала войска Астроскага – дзёрзка, бурліва, навідавоку 80-тысячнай арміі маскоўцаў, разгромленай сходу. Або там, дзе тапілі царскіх стральцоў падчас Магілёўскага паўстаньня 1661 г. Або пад Рэчыцай, у месцы крывавай пераправы савецкіх войскаў улетку 1944 г. з апэрацыяй “Багратыён”.

Татары, казакі, немцы, масква, перасякаючы Дняпро, ускрывалі Беларусі вены.

Ва ўсе гады Дняпро, гэтую грандыёзную рану, перапаўнялі кроў, пот і сьлёзы Ўсходняй Эўропы. У Дняпры не змаўкае пляск вёслаў князя Ўсяслава, паланёнага разам з сынамі на аршанскім беразе. Па Дняпры ніяк не сплывуць пачварныя завалы целаў забітых – з-за якіх жыхары “месяц вады не півалі й рыбы не ядалі дзеля вялікага гнюсу трупу маскоўскага”. Дагэтуль сочацца, сьцякаюць з крывёю ў Дняпро жыцьці кожнага другога беларуса, зьнішчаных падчас расейскага генацыду на Смаленшчыне, Магілёўшчыне, Гомельшчыне ў страшнай Невядомай вайне 1654-67 гг. Віруюць у дняпроўскіх глыбінях холад і голад, усплывае беларускі боль апошніх стагодзьдзяў акупацыі. Плыве па Дняпры ладзьдзя роспачы.

Дняпро зьбіраў воды з усяе Беларусі для хрышчэньня Ўладзіміра: усходняе славянства амывалася дзеля збавеньня ў гэтай вадзе. Дняпро нёс Эвангельле зь Візантыі да Полацку й Ноўгараду, і з вараскага ды нямецкага каталіцтва – да праваслаўных грэкаў. Дняпро разбаўляў адрозьненьні й зьмешваў вартасьці хрысьціянскіх канфэсіяў, пераліваючы ў адно рэчышча жывую ваду па-беларуску...

І вось праз 1000 гадоў яшчэ адзін Уладзімір, Караткевіч, у сваіх раманах ізноў павёў народ да Дняпра.

На мапе Беларусі Дняпро нагадвае велізарнае дрэва, у кроне якога шумяць беларускія лясы й точацца сокі крыніцаў. На гэтым дрэве высьпелі Смаленск, Ворша, Магілёў; на яго галінах наліліся Гомель, Пінск, Мазыр, Бабруйск з Барысавам і нават сам Менск.

Беларусь купаецца ў Дняпры. Рытуал, пачаты з Хрышчэньня, акунае нас у вялікую беларускую чысьціню і дазваляе нацыі змыць у вадзе страх мінулага, сумятню сучаснасьці, грахі вялікіх гарадоў, адкіды “ Хімвалакна ”, БМЗ, “Белшыны ” і сталічнае прамысловасьці.

Дняпро – бліскучы й іскрысты шлях да цёплага мора беларускай мары. Дняпроўская вада, раствор усяе солі й горычы Беларусі, паломнічае на поўдзень, да райскага сонца Крыму, запавольваецца, каб адстаяцца ў Чарнамор’і, плыве праз пратокі Канстаньцінопалю й гару Афон, паўз філіпійцаў, эфэсцаў і карыньцянаў – да берагоў сьвятое Палестыны.

І там, на мяжы лязурнага далягляду Міжземнамор’я, ад Дняпра застаюцца адно люстраныя чысьціня й празрыстасьць, у якія так любяць глядзецца поўныя сьвятла й ласкі нябёсы.


З кнігі "Люблю Беларусь"


TALAKA.BY усё-такі падтрымала "Чытанку-хрысьціянку" 12:31 26/06/16 5

На краўдфандынгавай платформе “Талака.бай” пачынаецца збор сродкаў на выданьне беларускай хрысьціянскай азбукі “Чытанка-маляванка”.

Кіраўніцтва “Талакі” прыняла рашэньне зьняць забарону на разьмяшчэньне рэлігійных праектаў і падтрымаць збор сродкаў на выданьне “Чытанкі-хрысьціянкі” пасьля кансультацыяў з экспэртамі.

Нагадаем, тыдзень таму прадстаўнікі “Талакі” адмовіліся разьмяшчаць гэты праект, спаслаўшыся на ягоную “рэлігійнасьць”.

http://krynica.info/be/2016/06/17/talaka-by-admovilasya-zbirac-groshy-na-druk-khrysciyanskajj-azbuki-bo-yana-khrysciyanskaya/

У выніку грамадскага абурэньня кіраўніцтва платформы перагледзела сваё рашэньне.

- Дзякуй “Талацэ” і асабіста дырэктару Яўгену Клішэвічу за разуменьне і дапамогу. Мы ўдакладнілі ўсе моманты і цяпер можам прыступаць да збору сродкаў – кажа кіраўнік праекта “Беларуская хрысьціянская азбука” Вольга Севярынец. – Зараз усе ахвотныя могуць ахвяраваць грошы на выданьне і атрымаць у падарунак кнігу ды адмысловыя падарункі – магніты зь літарамі азбукі і вершамі.

Нагадаем, аўтар вершаў для “Беларускай хрысьціянскай азбукі” – паэт Кастусь Севярынец, малюнкаў – Аляксандра Дзежыц. У кніжцы-размалёўцы 68 старонак.

Праект можна паглядзець і падтрымаць тут: http://www.talaka.by/projects/1321/overview


Горадня. Горад-крышталь. 13:03 12/06/16 3


Горадня – горад-палац, ансамбль каралеўскага бляску, цэльны кавалак Захаду зь відам на эўрапейскую сучаснасьць і беларускую будучыню.

Горадня – горад Вітаўта Вялікага й Сьцяпана Батуры, Вольгі Корбут і Васiля Быкава. У Горадню трэба заходзіць, як у касьцёл, пачцiва схiляючы голаў. Перад намі – сталіца беларускага каталіцтва, хрусталёвы замак у вусьці Панямоньня, цуд люстранае агранкі накшталт фантастычнага паланьціру, у глыбіні якога можна ўгледзець тайныя ўявы й прарочыя адкрыцьці.

Напрыканцы XVIII ст. Антоній Тызэнгаўз, падскарбі літоўскі й гарадзенскі стараста, ператварыў старажытную Горадню ў горад мануфактураў, клясічны цэнтар эўрапейскае адукацыі, навукi ды культуры. Тут зьявілася знакамітая Мэдычная акадэмія, батанічны сад, тэатар і опэра. Тут пачаўся выраб тканінаў і дываноў паводле лепшых галяндзкіх узораў, пасаў кшталту слуцкіх, каштоўнае кафлі й мастацкага ліцьця. Тут выраблялі шэдэўры гарадзенскага шкла: келіхі, кубкі, кварты з шліфаванымі лінзамі, гравіраванымі кампазыцыямі, што фрызападобна апаясвалі посуд, шклянымі архітэктурнымі пэйзажамі, крышталёвымі надпісамі ды партрэтамі.

Горадня сама – бліскучы крышталь заходняе традыцыі Беларусі, у якім наймалейшы агеньчык дае фэерыю зьзяньня. Горадня – вялізная гранёная прызма, скрозь якую мы пазіраем у далячыні эўраатлянтычнае цывiлiзацыi, і празь якую можам кшталтаваць беларушчыну для Нямеччыны, Ангельшчыны, Італii.

Горадня – заходняя вітрына нацыянальнай iдэi. У гэтай сталіцы беларускай празрыстасьці, у гульні сьвятла й мiгценьнi гістарычных момантаў ісьціны адлюстроўваліся ясныя абліччы беларускай велічы. Тут выкоўваліся адточаныя фразы Каліноўскага й шліфавалася аптычная дасканаласьць прозы Быкава, тут зазьвінеў камэртон Літоўскае капэлы, славутага беларускага аркестру XVI ст., і ўспыхнула супэрзорка спартовае гімнастыкі Вольга Корбут.

У савецкі час Горадня – наш Захад! – выпускала радыёпрымачы "Акіян" і аўтамагнітолы, якія слухаў увесь Саюз. У Горадні здымаліся культавыя "Белыя росы" й найпапулярнейшы фільм эпохі Перабудовы "Маё імя Арлекіна". На гарадзенскім "Азоце", быццам у мітах альхімii, пачалі перапрацоўваць чыстае паветра ў мінэральныя ўгнаеньні, грануляваны карбамід, капралактам і салетру.

У Горадні захавалася найбольш храмаў сярод усіх беларускіх гарадоў, і невыпадкова – яна ўвесь час была цытадэльлю нацыянальнага духу. Ва ўнікальнае Каложскае царкве XII ст. са старажытнымі мазаiкамi й галасьнiкамi, у кляштарах дамiнiканцаў, францысканцаў, кармэлітаў, езуітаў, нават у ратушы, дзе – цудоўная гармонія! – пачаргова старшынявалі каталiцкi й праваслаўны бурмістры, Горадня ювэлірна апрацоўвала сьвятло Царства Нябёснага і дасягала эфэкту сапраўды містычнага.

Караткевіч увогуле сьцьвярджаў, што Хрыстос прызямліўся у Гародні.

Абаронцы празрыстасьці, гарадзенцы бліскуча біліся зь любым ворагам, адстойваючы сваё крышталёвае каралеўства. Давід Гарадзенскі, зяць Гедзіміна, дзесяткі разоў граміў тут крыжакоў; адсюль, ад Каложы, Вітаўт павёў войска на Грунвальд; тут застаўся жыць да самае сьмерці пераможца Івана Жахлівага Сьцяпан Батура. І гэта тут, пад стваламі расейскіх гарматаў у 1793 г. адбыўся апошні немы Сойм Рэчы Паспалітай: крохкую Карону грохнулі вобзем на асколкі.

З Горадні кіраваў паўстаньнем на Беларусі Кастусь Каліноўскі, выдаючы ў суседніх лясох "Мужыцкую праўду". У Горадні вастрылі стыль Ажэшка й нобэлеўскі ляўрэат Рэймант, крышталізаваў мову Браніслаў Тарашкевіч. У Горадні выходзіла "Пагоня". Рыцары Горадні ведаюць, чаго гэта варта: захаваць люстраныя замкі, палацы шыкоўнага шкла й касьцёлы сьвятарнае чысьціні ў цэласьці на стыку нямецкае, расейскае й польскае экспансіі.

Таму Горадня – горад гонару. Арыстакратычны, элегантны й выкшталцоны, месцамі цырымонны – і будзьце ласкавыя з гэтым лічыцца. Па-шляхецку афіцыйны, па-каталіцку прыстойны, інтэлектуальны, з глянцавымі блікамі лаціннае польскасьці.

Высакародны, быццам той алень Сьвятога Губэрта з крыжам на гарадзкім гербе – у грацыёзным скачку цераз ажурную агароджу.


З кнігі "Люблю Беларусь"


Працяг будзе.


Гомель. Горад жыцьцялюбаў. 00:14 05/06/16 30


Гомель? "Гомсельмаш", сходу адкажа сярэдні беларус. Гомель робіць цукеркі й сьпінжакі. Зразумела, чарнобыльцы й усё такое. Гомель, Гомель, ведаю адтуль пару чалавек... А, яшчэ там палац на купюры ў 20 тысячаў.

Паспрабуем разабрацца, што значыць Гомель насамрэч. "Гомсельмаш", галоўны гарадзкі завод, калісьці выпускаў 70% корма- й сіласаўборачных камбайнаў у СССР. Многія зь іх так і зьбіраюць травы й кармавыя сумесі на палёх паловы плянэты, у краінах былога сацлягеру й трэцяга сьвету – у поўнай адпаведнасьці з нацыянальным слоганам "Касіў Ясь канюшыну". Сёньняшні "Гомсельмаш" ужо далёка ня той, але масавая сьвядомасьць дагэтуль машынальна камплектуе вобраз Гомеля як горада-камбайна, сымбалю мірнага жыцьця, прызначанага для працы на велізарных абшарах.

Гомель – абоз і шпіталь чарнобыльскае зоны, гэта праўда. Гомельшчына найбольш з усіх беларускіх рэгіёнаў паражаная радыяцыяй, русыфікацыяй, сьнідам, злачыннасьцю й наркаманіяй. І гэта здаўна: для захопнікаў і драпежнікаў любое масьці гомельская зямля была ўскраінай пад сьметнікі, лепразорыі й хімічна шкодныя вытворчасьці.

Але адказам на прыніжэньні, эпідэміі й катастрофы стаў нечаканы рост Гомелю. Зараз гэта другі па велічыні горад Беларусі з паўмільёнам жыхароў. Гомель выжываў, памнажаўся, рос, бы на дражджах, і адольваў любыя няшчасьці наколькі беларускай, настолькі й хрысьціянскай зацятай цягаю да жыцьця.

Вітальная магутнасьць, жыцьцялюбства й плоднасьць скразяць у кожным куточку, у кожным кавалачку горада. Нацыянальная стоеная сіла прымушае ўсё гомельскае вобмірг пускаць карані, прабівацца праз асфальт да неба й квітнець. Нездарма сэрца Гомелю – раскошны палац з паркам Румянцавых-Паскевічаў – разьвінае цудоўны раёк "горада-сада", які яшчэ ў пачатку XX ст. Адам Кіркор у "Жывапіснай Расеі" назваў "лепшым з уезных местаў Беларусі".

Чытачам усіх часоў і народаў варта ведаць, што цэнтральная бібліятэка Расеі, адна з найбуйнейшых на плянэце, пачалася якраз у Гомелі: напрыканцы XVIII ст. заснавальнік палацу й уладальнік горада мэцэнат граф Румянцаў сабраў тут 6 тысячаў беларускіх манускрыптаў, друкаў і выданьняў, перавезеных затым у сталіцу імпэрыі й зробленых асновай Расійскай Дзяржаўнай Бібліятэкі (зараз больш 40 мільёнаў тамоў). Такім чынам, Гомель зачаў галоўны кнігазбор савецкага народу – між іншым, калісьці самага чытаючага ў сьвеце.

Найбольш знакаміты гомельскі – Андрэй Грамыка, у 1957-85г.(!) міністр замежных справаў СССР. Асоба-эпоха. Быць дыпляматам №1 часоў халоднае вайны, на піку магутнасьці Савецкага Саюзу, у эру Карыбскага крызысу, Праскае вясны, касьмічнае гонкі, Віетнама, Афганістана й барацьбы за мір ва ўсім сьвеце, перасядзець на гэтай пасадзе Хрушчова, Брэжнева, Андропава й дажыць да самога Гарбачова – што ні кажы, фэномэн, у якім адчуваецца незьнішчальная жывучасьць і глябальны патэнцыял Гомелю.

Калі патрэбна, Гомель умее ўвасобіць усю сваю сілу ў яркую, эфэктную ўспышку – быццам тая рысь, што замерла на ягоным гербе.

Гомель – беларуская брама, расчыненая для паўднёвых стэпаў Чарнамор`я, мусульманскае цывілізацыі ды ўсяе неахопнае Азіі. Гэтаксама, як Магілёў нацэльвае Беларусь на Ўсход, Віцебск – на Поўнач, Горадня й Берасьце – на Захад, Гомель "адказвае" за Поўдзень.

Геапалітычнае значэньне Гомелю пераацаніць немагчыма. Якраз на гэтым кірунку ВКЛ пашыралася найбольш: глыбіня прарыву беларускай экспансіі перавышала 1000 км. Гомель трымае варту ля прывідаў Кіеўскае Русі ды затушанага рэактару Чарнобыльскае АЭС.

Гомель пільнуе стык Беларусі, Украіны й Расеі – стратэгічную кропку ўзаемнага прыцягненьня й адштурхоўваньня, цэнтар цяжару славянскага сьвету, пункт, у які ўвесь час, быццам на ядзерную кнопку, тыцкаюць адэпты "рускага трыадзінства".

Разгортваньне беларускае місіі ў кірунку Кіева, Крыма й Каўказа, выхад да "цёплага мора” й ахоп арабскага сьвету – задача, вартая Гомелю зь ягоным неверагодным жыцьцялюбствам.


З кнігі "Люблю Беларусь"


Працяг будзе.


Ворыва 15:01 29/05/16 51


Глыбокі радок з трэцяга разьдзелу, дзевятнаццатага вершу Кнігі Быцьця, быццам ральля, узворвае любую беларускую душу:

"У поце твару твайго будзеш есьці хлеб, пакуль не вернесься ў зямлю, зь якой ты ўзяты, бо пыл ты і ў пыл вернесься."

Беларусь мае каля 7 мільёнаў гектараў ворнае зямлі, якая выкарыстоўваецца ў севазвароце. Паводле колькасьці ворыва на душу насельніцтва ( да 0,7 гектараў на чалавека!) мы займаем адно зь першых месцаў у сьвеце – нароўні з Канадай, ЗША, Украінай. Японцы, ангельцы, ізраільцяне, якія ўпершыню прыяжджаюць у Беларусь, заўжды зьдзіўляюцца: "Ого, колькі зямлі!.."

Беларусам, вечным працаўнікам, дасталася вялікая зямля.

Ворыва – база нашага будучага дабрабыту. Патэнцыял гіганцкі: калі Беларусь, суцэльнае радовішча мінэральных угнаеньняў, радзіма трактара "Беларус" і камбайна "Гомсельмаш", здолее дасягнуць ураджайнасьці на ўзроўні Францыі – яна ператворыцца ў аграрнага лідэра рэгіёну, здольнага накарміць і галодную Расею, і Польшчу, і Прыбалтыку. Вакол аграмадны рынак, а сярод суседзяў ніхто так добра не працуе на зямлі, як беларусы. Праўда, сьпярша давядзецца ўвесьці прыватную уласнасьць на зямлю, распусьціць гэтыя няшчасныя калгасы ды адрадзіць беларускае фэрмэрства ў выглядзе хутароў і фальваркаў.

Беларус, пан сахі і касы, як народ вырас з гэтае зямлі. Адсюль маўклівая ўнутраная сіла, бясконцая здольнасьць трымаць, нараджаць і цярпець. Адсюль і вытворны ад ворыва вобраз нашае нівы, які праступае праз друкаваныя радкі, быццам барозны.

Калі падымаць гэтую цаліну яшчэ глыбей, мы ўспорам і вясковыя карані нацыянальнага мэнталітэту, і беларускую мару – коласаўскую "Новую зямлю", і нават тое, што заснавальнікам глебазнаўства быў беларус з паходжаньня Васіль Дакучаеў.

Беларускае ворыва – нашая зямля абяцаная. З часоў Божага запавету "... І напаўняйце зямлю, і валодайце ёю" (Быцьцё 1:28) беларусы спраўна выцярэблівалі лес, асвойвалі пусткі, пераціралі кожны камячок вось гэтымі самымі рукамі: зьвярніце ўвагу на ўласныя пальцы, якія прагна ўчапіліся ў палі!

"А пасеенае на добрай зямлі азначае таго, хто чуе словы і разумее, і плод прыносіць, і дае адзін сто, другі шесьцьдзесят, а той трыццаць". (Мацвея 13:23). Дасёньня беларус, які трапляе на чужыну – што ў Сібір, што ў Амэрыку, што ў Аўстралію – інстынктыўна згінаецца, унураецца ў зямным паклоне, і бач ты, ужо градкі з бульбаю ды гуркамі, ды яшчэ палісаднік з кветкамі.

Капаць зямлю – галоўнае беларускае хобі. Для нашага чалавека глеба заўжды была як кавалак хлеба: хоць бяры ды еш. "Зямля" – якое насычанае, смачнае жыцьцё!

Тлумачэньне ўсяму гэтаму простае: беларусы вельмі любяць зямлю. Той самы родны кут – як ты мне мілы! – зь якога сам беларус жыве, токі якога з сокамі, солямі й ёнамі пульсуюць у ім штосэкунды, абуджаюцца зь вясною і назапашваюць сілы ўвосені. Свая "малая зямля" зьяўляецца галоўнай крыніцай нашага прыватнага патрыятызму.

Беларус і яго зямля – гэта вечнае каханьне.

Да самое труны.


З кнігі "Люблю Беларусь"


Працяг будзе


Краіна будаўнікоў 15:09 17/05/16 19


Беларусь мае велізарныя запасы будаўнічае сыравіны.

Уся краіна загружаная пакладамі глінаў і пяскоў, крэйды, мергелю, жвіру й каменю. Беларуская база будаўнічае сыравіны – адна з самых магутных у Эўропе.

Беларускія воды, ледавікі й вятры тысячагодзьдзямі кшталтавалі, сартавалі, адмервалі й назапашвалі тоўшчы рафінаванага пясочку й паклады хімічна чыстае крэйды. Вапну. Друз. Валуны.

А багацьце глінаў! Плястычныя, вогнетрывалыя, бэнтанітавыя, парцалянавыя...

Уся беларуская зямля нагадвае гіганцкую будаўнічую пляцоўку – не пакідае адчуваньне, што матар’ялаў тут нагрувашчана дзеля чагосьці эпахальнага.

Такое ўражаньне, што менавіта ў гэтых ледавіковых марэнах, з гэтае моцнае, пругкае, глянцавае земляное плоці Госпад Бог зьляпіў чалавека, каб удыхнуць у яго жыцьцё – і з тых пор беларусы, дзеці Божыя, ганчары й ганчарыкі, вырабляюць найвыдатнейшую цэглу, кафлю й кераміку.

У беларуса ёсьць усе шанцы прыпадобніцца да "мужа разумнага, які будуе свой дом на камені" (Мацьвея, 7:24).

Уяві сабе: бярэш 2 мільёны кубаметраў гліны, фармуеш зь іх 1,5 мільярды штук цэглы, потым намешваеш чатыры мільёны тон цэментавае сыравіны, плавіш 300 тысячаў тон шкляных пяскоў... Потым грузіш побач 106 мільёнаў сылікатных блёкаў, ды 2 мільёны жалезабэтонных канструкцыяў, ды яшчэ 10 мільёнаў квадратных мэтраў керамічнае глязураванае пліткі – і можаш будаваць усе, што захочаш. А навокал яшчэ суцэльнае радовішча сылікатаў алюмінію ды вокіслаў крэмнію, плошчай 207,6 тысяч квадратных кілямэтраў. Поле цудаў для будаўніцтва будучыні – найсучаснае эканомікі, хмарачосаў, экспацэнтраў, аўтабанаў і новых храмаў абуджанае нацыі.

Можа, таму беларусы такія будаўнікі. Увогуле, слова "будаваць" у беларускім лексыконе ўсё з таго ж фундамэнтальнага шэрагу, што й "працаваць", "цярпець" або "любіць". І хаця разбуральнікі прыходзілі на Беларусь часьцей, чым куды – беларусы самазабыўна адбудоўваліся, стваралі, пераймаючы Творцу, ды яшчэ муравалі крэпасьці, цэрквы й цэлыя сталіцы іншым народам.

Палова беларускіх ПТВ рыхтуе будаўнікоў!

Вялізарныя крэйдавыя адорвені на Гарадзеншчыне; горы пяску, мірыяды празрыстых кварцавых часьцінак, адшліфаваных з асаблівай руплівасьцю; цыкляпічны Мікашэвіцкі катлаван, шэра-сіні друз зь якога усейвае скрозь усе дарогі й будоўлі Міжмор'я – усе гэтыя запасы будаўнічае сыравіны толькі чакаюць таго моманту, калі беларус нарэшце закасае рукавы ды пачне мясіць гліну, драбіць камень, выдзьмуваць шкло – і будаваць, будаваць, будаваць!


З кнігі "Люблю Беларусь"


Працяг будзе

Берасьце 11:43 08/05/16 1


Берасьце. Горад-брама. Горад-мяжа. Горад-вартавы.

Берасьце – знак, ад якога адлічвалі межы савецкай улады: "Ад Брэста да Курыл", "Ад Масквы да Брэста нет такога места…" Дагэтуль Крамлю пагражае "натаўскі бот пад Брэстам". Прапускны пункт СССР на Захад, крэпасьць-герой, цэнтар заключэньня вуніі паміж каталіцызмам і праваслаўем 1596 г. ды "Брэсцкага міру" 1918 г., гняздо беларускай Рэфармацыі – вось яно, вастрыё, якое нацэльвае Беларусь у Эўропу, аднолькава адлеглае ад Вільні й Менску, на той самай мяжы, за якой заходзіць сонца.

Берасьце – месца для беларускай зямлі, беларускай гісторыі й беларускай духовасьці скрайне важнае.

Берасьце нарадзілася з замку й дазорнай вежы на памежжы дрыгавічаў з палякамі й валынянамі, зь пільнаваньня ў сутоцы водных шляхоў з Чарнамор'я й Кіева да варагаў і немцаў, з мытні й гасьціннага двара для іншаземцаў. У напятай лукавіне Буга й Мухаўца, са стрэламі касьцёльных сьпічакоў і лязом мяжы – Берасьце заўжды было на вастрыі.

Тут Вітаўт і Ягайла плянавалі паход на Грунвальд, тут праводзіліся вялікалітоўскія соймы й зьезды шляхты, сюды першымі даходзілі навіны з Захаду й апошнімі – захопнікі з Усходу. Што значыла Берасьце для ВКЛ, калі тут упершыню ў Беларусі зьявілася габрэйская грамада, калі менавіта яму наступнаму пасьля сталіцы ў 1390-м было даравана Магдэбурскае права, калі ў даходах дзяржаўнай казны ХVI ст. “Берасьцейская мытня” складала другі па значнасьці артыкул!

Колішні берасьцейскі герб, вежа ў сутоцы рэкаў, у эпоху Залатога веку трансфармаваўся ў срэбны лук са стралой, нацэленай у неба. Высокасьць мэтаў, напружаньне звыш сілаў, імкненьне да Царства Нябёснага – сутнасьць Берасьця. Вось сапраўдная мяжа, на якой стаяў, стаіць і будзе стаяць гэты горад!

Берасьце, быццам агромністы лук, удвох напялі знакаміты берасьцейскі стараста й канцлер ВКЛ Мікалай Радзівіл Чорны, пачынальнік Рэфармацыі ў Беларусі, і Астафі Валовіч, берасьцейскі ваявода, аўтар Статутаў. Адсюль рушыў той бурлівы духовы ўздым, што абудзіў усе канфэсіі, зь якім уся краіна каялася, ішла да Хрыста й рабілася нацыяй.

У Берасьці ў 1553 г. адчыніўся першы кальвінскі збор – празь дзесяць гадоў па ўсёй Беларусі будуць збудаваныя сотні збораў. У Берасьці, нацэленым у неба, у 1588 г. нарадзілася беларускае нотадрукаваньне – канцыял "Песьні хвал Боскіх", першы зборнік нашых духовых гімнаў. Зь берасьцейскае друкарні выйшлі дзесяткі хрысьціянскіх выданьняў на лаціне і шыкоўная польскамоўная "Берасьцейская Біблія" – 738 старонак гатычнага шрыфту, з прадметным указальнікам і камэнтарамі – неацэнны дар беларускага хрысьціянства Польшчы.

Берасьце, вострае й зараджанае Берасьце імкнулася зьмяніць усю Эўропу! Берасьцейская вунія 1596 г., адно з найцяжэйшых прымірэньняў у гісторыі чалавецтва, духова злучыла Ўсход і Захад, спарадзіла мільёны прыхільнікаў хрысьціянскага адзінства і давяла да мяжы зьнікненьня беларускае праваслаўе. Зь Берасьцейшчыны і ідэоляг вуніі, гарадзкі кашталян Іпацій Пацей, і яго зацяты супраціўнік, аўтар легендарнага "Дыярыюшу", настаўнік Ілжэдзьмітрыя Афанасій Філіповіч, расстраляны падчас казацкага бунту й кананізаваны праваслаўнай царквой.

У Берасьці прарокі Расеі, Чаадаеў і Грыбаедаў адчайна марылі пра збаўленьне сваёй краіны. У Берасьці нарадзіліся прэм'ер Ізраіля Менахем Бегін і прэм'ер БНР Аляксандр Цьвікевіч. Зь Берасьця і Мікалай Кузьміч – майстар, што аднавіў Крыж Эўфрасіньні Полацкай.

Наколькі ж ненавіснае было гэтае месца нябёснага імкненьня й сьвятое напругі, ключавое злучво Рэчы Паспалітай, імпэрыям і акупантам! Ахвяра Хаванскага ў 1660-м, кропка падзелу паміж Аўстрыяй, Прусіяй і Расеяй, узятая ў 1794-м Суворавым і ператвораная ў лягер вялізнага расейскага гарнізону. Царскія, каралеўскія, кайзэраўскія штыкі білі ў Берасьце з д'ябальскай апантанасьцю, быццам перуны: каб не напружвалася, ня цэліла, не страляла. У 1831-м захопнікі дарэшты спаляць увесь стары горад, спустошаць цэрквы і кляштары – каб цалкам пахаваць Берасьце пад калясальнай крэпасьцю. 500 казэматаў, двухкілямэтровая замкнёная казарма Цытадэлі на 12 тысячаў чалавек – з крывавае берасьцейскае цэглы, са стайнямі, складамі й штабамі, абсталяванымі ў храмах.

Новы, пусты горад, аднесены на некалькі кілямэтраў на ўсход, адгэтуль будзе здалёк назіраць за тым, як моцна б'ецца яго старажытнае сэрца. Бальшавікі выбралі Берасьцейскую крэпасьць, каб правакаваць сусьветную рэвалюцыю й расплочвацца за гэта Беларусьсю ды Украінай на перамовах зь Нямеччынай 1918 г.

Але ўжо праз 20 гадоў у такт пакту Молатава-Рыбэнтропа й зьнішчэньня Польшчы Чырвоная Армія й вэрмахт будуць разам пячатаць крок на пляцы Цытадэлі падчас сумеснага параду. А яшчэ праз тры гады, 22 чэрвеня 1941-га, гэтыя сьцены скалане першы ўдар Гітлера. І Берасьцейская крэпасьць – такое месца, такія камяні, такія людзі! – будзе адстрэльвацца да апошняга, абараняць руіны, расьпісваючыся крывёю на сьценах. Паміраць, але не здавацца.

Бог зьбярог Берасьце.

Гэты горад выжыў. Убачыў і крах фашызму, і сотні тысячаў вэтэранаў у мэмарыяле, і канчатковае пахаваньне савецкае імпэрыі зла ў Белавескае пушчы – блізка, як на далоні.

Сёньня сэрца Берасьця – на вастрыі стралы, на самым памежным выступе крэпасьці, дзе сканцэнтраваная ўся беларуская гісторыя. Цэлае радовішча горычы, роспачы й велічы. Рэшткі аўгусьцінскага кляштару, фундаванага Вітаўтам, россыпы царквы, дзе абвяшчалі вунію, руіны крэпасьці й асколкі храмаў, раскіданыя выбухам – увесь гэты зьмяшаны ў крывавае крошыва найкаштоўнейшы прах, сьціснуты ў кулак, гарыць вечным вагнём і асьвячае бэтонныя манумэнты, вядомыя ўсяму сьвету. Вельмі, вельмі берасьцейскія. "Холмская брама". "Смага”. "Мужнасьць."

Берасьцейцы, сама энэргія й трапнасьць, засталіся прыроджанымі стралкамі з луку. Менавіта тут былі арганізаваныя ўсесаюзныя спаборніцтвы ў гэтае дысцыпліне на кубак яшчэ аднаго нараджэнца Берасьця, лётчыка-касманаўта (як вам стрэл у неба!) Пятра Клімука. Берасьцейскія стралкі сталі чэмпіёнамі сьвету й алімпійскімі прызёрамі.

Беларускі фарпост на Захадзе, 300-тысячны горад з паўмільярдным пасажыраабаротам, грузапатокам 150 мільёнаў тона-кілямэтраў, аэрапортам на 100 тысячаў пасажыраў у год, скрыжаваньне чыгунак, аўтамагістраляў і трубаправодаў, сталіца чаўночнага бізнэсу, застаўленая трэйлерамі й гуртовымі складамі, Берасьце – прыцэл Беларусі ў глыбіні Эўропы.

Берасьце зноў чакае тых, хто напружыць старажытны лук. Да мяжы сілаў і духу – дзеля найвышэйшае мэты!


З кнігі "Люблю Беларусь"


Працяг будзе.


Беларуская зямля. Белавеская пушча. 00:27 02/05/16 60


Белавеская пушча – запаведны каўчэг беларускай прыроды. Легенда Беларусі, геапалітычная тайна, вобраз дрымучае беларускае велічы.

"Векавечны напеў, далячыняў смуга…"

Белавеская пушча – 120 тысячаў гектараў найстарэйшага ў Эўропе лесу, занесенага ЮНЭСКА ў сьпіс сусьветнае спадчыны. Дзьвюхсотгадовыя бары, дубы-глыбы ўзростам паўтысячы гадоў, карабельныя хвоі й таёжныя ельнікі, вядомыя зь дзяцінства па карцінах Шышкіна (ён зрабіў тут дзесяткі эцюдаў), на ўзвышшах, зь якіх скрозь непраходныя спляценьні вецьця ды карэньня сьцякаюць рэчкі й ручаі. Унікальнае хараство тварэньня: 44 віды расьлінаў і 146 – жывёлаў з Чырвонае кнігі, 60 відаў сысуноў і 226 – птушак, найбуйнейшы зьвер Эўропы – зубр.

Дзікае паляваньне караля Ягайлы й вялікага князя Вітаўта. Месца, дзе расейскія імпэратары й савецкія генсекі асабіста бралі ў рукі зброю. Самыя глыбокія нетры Вялікага Беларускага Лесу.

"У чаканьні зары, што заблішча сьляпушча..."

У гэтых гушчарах, затканых імглою, яшчэ трапечацца ажурнае лісьце дрэваў, пасечаных стрэламі ў Сярэднявеччы, дагэтуль бруяць люстраныя ручаі, у якіх умываліся каралі Залатога веку, і стаіць, кружыць голаў той жа адпачатны пах смолаў, траваў і эфіраў, што натхняў Міколу Гусоўскага й Сцяпана Батуру – пах ляснога ладану, што суправаджаў пахаваньне Савецкага Саюзу й уваскрашэньне свабоды для паловы сьвету.

"Як свая мне твая векавая туга..."

Госпад Бог вякамі рыхтаваў гэтыя грандыёзныя палацы, асьветленыя сонечным золатам і месяцовым срэбрам, усю гэтую раскошу лясных аранжарэяў, поўных шыкоўнае куніцы й гарнастаю, усё багацьце шэптаў і шолахаў, гіганцкія шматпавярховыя залі з калёнамі векавых ствалоў, са скульптурамі зубраў і грацыёзных аленяў, у хорах птушынага шчабятаньня – для аднаго белага-белага дня ўва ўбранай сьнегам беларускай пушчы.

9 сьнежня 1991 года ў белавескай рэзыдэнцыі “Віскулі” Станіслаў Шушкевіч, Леанід Краўчук і Барыс Ельцын падпісалі эпахальны маніфэст аб спыненьні існаваньня СССР.

Крах самае страшнае ў чалавечае гісторыі таталітарнае сыстэмы зьдзейсьніўся менавіта тут, у глыбіні пакутнае Беларусі, тут, на стыку падзелу Рэчы Паспалітай, тут, дзе 200 гадоў таму ўватнулі штык Расея, Прусія й Аўстрыя, у расьсечаным у 1795-м сэрцы Эўропы – і ў гэтым была найвышэйшая Божая справядлівасьць.

У Белавескае пушчы, душы Беларусі, заміраеш ад адчуваньня незвычайнае Божае сілы. Тае сілы, якая без рэвалюцыяў і ахвяраў, адным росчыркам пяра, адным подыхам Духа разьвеяла звышдзяржаву сусьветнага страху і нянавісьці.

Белавеская пушча, Белавеская пушча!..


З кнігі "Люблю Беларусь"


Працяг будзе

Беларуская зямля. Азёры. 11:10 17/04/16 8


Беларускія азёры адлюстроўваюць неба.

З вышыні птушынага палёту пад белымі крыламі, зь ілюмінатараў самалёту над Беларусьсю цябе сустракае бліскучы і ясны позірк – ты толькі захоплена прымружваесься на сонцы перад адкрытым абліччам вечнага велічнага спакою.

У Беларусі больш за 10 тысячаў азёраў.

На поўначы гэта буйныя і глыбокія вадаёмы, утвораныя у катлавінах пасьля таяньня ледавікоў, на Палесьсі – зарослыя старыцы рачных далінаў або разьлівы ў раўнінных западзінах.

Азёры – глыбіня і празрыстасьць Беларусі. Уся пранізьлівасьць дажджоў, усё бруеньне крыніцаў, усе крышталёвыя мігценьні сьняжынак захоўваюцца ў гэтых вялізных чашах сьвежасьці і прахалоды, урачыста расстаўленых па запаветных месцах краіны.

Беларускія азёры – гэта і кроплі сьлёзаў, і чары легендаў.

Возера – абавязковы элемэнт нацыянальных глянцавых краявідаў. Гэтак жа, як вочкі ільну і сінь васількоў у полі, як мілы вясковы дзіцячы погляд, азёры робяць Беларусь сінявокай. Летні адпачынак на Нарачы, паэтычныя чытаньні на беразе Сьвіцязі, купаньне ў чысьцюткае Кромані, пленэры на Браслаўшчыне, або рыбалка ў незьлічоных прыпяцкіх старыцах – глыткі нацыяльнае ідэі асалоды незвычайнае.

Унікальныя беларускія азёры – пэрлы нашае будучае турыстычнае індустрыі. Перасычаная й стомленая Эўропа зможа нарэшце адпачыць тут, у гатэлях і летніх кэмпінгах, сярод агромністых люстраў у аправе простае, ласкавае й жывое прыроды – і, гледзячы ў ясныя нябёсы, шчыра дзякаваць Богу.


З кнігі "Люблю Беларусь"


Працяг будзе.

Беларуская зямля. Частка ІV. 15:34 10/04/16 5

Беларусы вельмі прывязаныя да сваёй зямлі. Тут, у цэнтры Эўропы, на скрыжаваньні галоўных дарогаў, перанасычаным крывёю й жалезам, анамальна магнітная гравітацыя. І ў каржакаватых, прысадзістых беларускіх постацях – здаецца, яны каранямі ўрастаюць у гэтую глебу! – ты адчуваеш нязьмерную сілу прыцягненьня.

Таму сярод беларусаў так шмат вялікіх зямлянаў – падарожнікаў, першапраходцаў і геолягаў.

Таму беларусы настолькі фанатычна адданыя свайму гароду, палісадніку й усяму роднаму куту.

Таму беларусам так нялёгка пераадольваць сілу зямнога цяжару ў сваім імкненьні да неба.

У такім прыцягальным эфэкце полікультурнасьці, міжканфэсійнасьці, свабоды выбару на геапалітычным скрыжаваньні й заключаецца сакрэт Беларусі.

Скрозь Беларусь, празь Беларусь, зь пераламленьнем у Беларусі – як жа багата ў гісторыі, палітыцы, культуры, у духовасьці адбылося за эўрапейскае тысячагодзьдзе!

Менавіта беларускія землі адвеку змагаліся за лідэрства ў сумежжы Эўропы й Азіі, Прыбалтыкі й Чарнамор'я – з Кіевам, Кракавам, Варшавай, Масквой, Піцерам. Менавіта сюды імкнуліся вэктары экспансіі ардынцаў і крыжакоў, варагаў і грэкаў, швэдаў і немцаў, палякаў і расейцаў. Менавіта тут сышліся каталіцтва і праваслаўе, пратэстанцтва і юдаізм, тут нарадзілася вунія. Ключавыя моманты стварэньня й развалу Расейскае імпэрыі вырашаліся ў Беларусі – ад Кулікоўскай бітвы й суперніцтва Вільні з Масквой да стварэньня РСДРП у доміку па-над Сьвіслаччу, Берасьцейскага міру й зьнішчэньня СССР у Белавескай пушчы.

Беларусь зьбірае, канцэнтруе, сьцінае – да болю, да самае сутнасьці, да моманту ісьціны. Сама геаграфія Беларусі – цудоўная інфраструктура фокусу з зоркападобнымі абрысамі, промнямі шляхоў і транзытных лініяў, сталіцай у цэнтры й брамамі на стратэгічных кірунках.

Казачны замак сярод лясоў і балотаў, Беларусь глядзіць гарадамі-вежамі ва ўсе бакі сьвету. Віцебск, горад Альгерда, са сьпічакамі высокага духу, з агромністымі вітражамі Шагала й Малевіча, пільнуе краіну вікінгаў, туманы Піцера й Ноўгарада. Магілёў, крапасная брама Беларусі, у чыіх байніцах сьвецяцца чырвоныя зоркі Крамля, горад-ключ, нацэлены ў самую глыбіню Расеі, на Маскву. Гомель, пышная, квітнеючая спаруда, першым сустракае ўзыход сонца й вартуе азіяцкія далячыні – імглу Каўказ, чарнаморскія ветры, берагі Касьпія й Басфору. Берасьце, Вастрыё Напятага Луку, з укладзенымі стрэламі-магістралямі на Бэрлін, Парыж, Вену, Прагу, усё ў імкненьні да сталіцаў Эўропы. Горадня, прызма са шкла й хрусталю, празь якую мы пазіраем на Захад, у Прыбалтыку й Атлянтыку... Нарэшце, у цэнтры, на галоўным трохсотмэтровым узгор'і – Менск, быццам аграмадны палац, чысты, пусты й гулкі палац, што чакае гаспадара, у атачэньні брамаў і храмаў мінулых сталіцаў – Полацка, Наваградка, Вільні...

Гэта ў іх, у гарадох, складвалася й усё ніяк не магла скласьціся нацыянальная эліта. Гэта іх захапляла і польская мова, і расейскія жаўнеры, і габрэйскі гандаль, і савецкая індустрыя. Гэта сюды з навакольных вёсак сьцякалася беларуская нацыя, каб урэшце рэшт нарадзіліся мы.

Уся гэтая краіна можа раптам зазьзяць, зайграць сваёй празрыстасьцю й сьляпучымі люстранымі гранямі вялізнага дыямэнту – і паказаць такі фокус, што захопленыя суседзі й гледачы ўсяго сьвету разам устануць зь месцаў, каб пераканацца: здарылася!

"...І ўгледзеў я новае неба і новую зямлю." (Адкрыцьцё 21:1)


З кнігі "Люблю Беларусь"


Працяг будзе.


Беларуская зямля. Частка ІІІ. 13:25 03/04/16 70

Першае, што мусіць зрабіць сарцавіна Эўропы сёньня – зьяднаць нядаўна вызваленыя з-пад улады зла краіны Міжмор'я.

Украіна, Польшча, Малдова, Літва, Латвія, Эстонія, якія фармуюць паміж Балтыкай і Чорным морам Новую Эўропу, маюць зь Беларусяй супольныя інтарэсы на Захадзе й аднолькавыя праблемы з Усходам. Менавіта гэтыя краіны з прабуджэньнем грамадзтва і эвангельскай рэвалюцыяй гарантуюць жыцьцядайны штуршок для Старога Сьвету.

Вобраз Нашай Эўропы – колішняе Вялікае Княства Літоўскае, галоўная ідэя беларускае геапалітыкі, эканомікі й культуры.

Сумарны патэнцыял Супольнасьці Вялікага Княства здольны перавысіць і заходнеэўрапейскі, і расейскі.Варта толькі згадаць часы, калі ад Ноўгараду да Крыму й ад Карпатаў да Масквы жыла адным жыцьцём, гаварыла адной мовай, трымалася аднаго закону й дыхала адным духам аграмадная дзяржава. Трэба паставіць сваёй задачай, паралельна ўступленьню ў Эўразьвяз, сыстэмную інтэграцыю ад мора да мора, сваім найпершым прыярытэтам – гаспадарчыя, фінансавыя, інфармацыйныя й культуровыя праекты з суседзямі, сваёй місіяй – яднаньне ўсходнеэўрапейскай прасторы й забесьпячэньне стратэгічнага ўплыву як на Захад, так і на Ўсход.

Скажаце, занадта? Будзьма рэалістамі – падчас аднаго духовага абуджэньня паўтысячы гадоў таму Беларусь ужо зрабіла штосьці падобнае.

Тысячагодзьдзямі ў гэтым міжмор’і таіўся звышнатуральны, фантастычны эфэкт беларускае зямлі – адбельваньне. Мясцовае насельніцтва, якое жыло тут яшчэ да індаэўрапейскае хвалі – сьветлавалосае ды блакітнавокае – спачатку надало белі цёмным фіна-вуграм, а потым і цёмнавалосым, смуглым продкам балтаў. Калі ж на заселеныя флегматычнымі й ужо белымі балтамі прыйшлі поўныя бурлівай жыцьцёвай сілы славяне, слаўныя людзі моцных пачуцьцяў і неабмежаванае душы, чарнявыя, як і ўсе жыхары поўдня – паглядзіце, як адбяліла і гэтых!

Сёньня натуралёвыя беларусы – гэта бялявыя дзеткі-сонейкі з вочкамі льняных кветачак. Калі ўлічыць, што чорныя валасы й вочы ва ўмовах геннае канфрантацыі – дамінанта, гэта якую ж сілу, якую ж магутнасьць мусіла мець асьвятляючая сіла Беларусі!

Беларусь азарала, успыхвала, рабіла празрыстым і ясным. Сьвятасьць эўрапейскага сэрца, асьветніцкая місія й мэнтальная бель Беларусі надаюць водсьвет найвышэйшага, незямнога зьзяньня ўсяму беларускаму.

“У беларускім краявідзе паўсюдна адчуваецца нейкая цёплая таемнасьць сьветлага Духа. Беларускі краявід мае нейкую Боскую пячатку, душэўную заспакоенасьць. Вось жа нездарма нарадзілася выслоўе: “На Беларусі Бог жыве” – піша Зянон Пазьняк.

Такое ўражаньне, што Беларусь сама сьвеціцца знутры – так, як Сьвятая Зямля. Як і Палестына, стык Эўропы, Азіі й Афрыкі, Беларусь, гарлавіна Міжмор’я, знаходзіцца на геапалітычным крыжы.

Як і Палестына, Беларусь была глухім кутком, правінцыяй некалькіх імпэрыяў, але нараджала лідэраў сьвету.

Як і Палестына, Беларусь мае соль: і ў самым цэнтры Ізраілю, у Мёртвым моры, і ў тоўшчы Беларусі зьмяшчаюцца вялізныя саляныя радовішчы.

Як і Палестына, Беларусь – эпіцэнтар агромністай духовай прасторы на тысячы кілямэтраў вакол.

“О, зямля, зямля, зямля! Слухай слова Гасподняе”! – заклікае прарок Ерамія з Палестыны(22:29), і водгульле дагэтуль разыходзіцца ў Беларусі.


З кнігі "Люблю Беларусь"


Працяг будзе.


Беларуская зямля. Частка ІІ. 14:24 27/03/16 48


Беларусь – абшар унікальнае прыроднае гармоніі. Ціхая, чыстая, прасьветленая. Сэрца Эўропы!

У адрозьненьне ад украінскіх стэпаў, расейскіх палёў ды прыбалтыйскіх нізінаў, Беларусь разнастайная й пераменлівая, як само сэрца. Тут сыходзяцца галоўныя эўрапейскія прыродныя зоны, лесастэп і мяшаныя лясы з таёжнымі хвойнікамі, тут праходзіць водападзел Балтыкі й Чарнамор’я, тут можна ўбачыць і забалочаныя імшары Палесься, і швайцарскія краявіды Лагойска, Наваградка, Мазыра. Запаведныя мясьціны, сардэчныя таямніцы між лёгкіх Эўропы! Дзіўны краявід. Нібыта раўніна – але ўсё глыбамі, ярамі, рачнымі далінамі.

Беларускія ледавіковыя ўзгор’і – рэльеф вялікае гісторыі. Беларуская містыка прасторы: быццам крушні замкаў і валы войнаў, горы трупаў, парослыя лесам, прывіды векавых правалаў і абрываў – зграмажджаныя стагодзьдзі векавечнай велічы й смутку. Паглядзіце, як уздымаецца й ападае зямля, калі едзеш па Беларусі: краіна дыхае!

“Вось, Гасподзь, Бог твой аддае табе зямлю гэтую, ідзі, вазьмі яе ў валоданьне, як казаў табе Гасподзь, Бог бацькаў тваіх, – ня бойся й не жахайся”. (Другазаконьне 1:21)

Для Беларусі невыносны савецкі бруд на вуліцах, іржавыя шкілеты даўгабудаў і пячоры хрушчоўскіх пад’ездаў. Беларусь ня можа жыць на памыйных задворках, сярод задымленых кацельняў і прапахлых гнільлю гароднінавых базаў. Беларусь прагне смарагдавай траўкі й бруку на вуліцах, двухпавярховых катэджаў за горадам і паху жывых кветак пад вокнамі, вытанчанай барокавай скульптуры на фасадах і працоўных месцаў у празрыстым ад шкла, электронікі й плястыку офісе.

І ўжо зьявіліся тыя, хто разумее, што такую цудоўную, бліскучую Беларусь на гэтай зямлі з усёй пяшчотаю й майстэрствам давядзецца ствараць сваімі рукамі. Гэтыя людзі выдатна ўсьведамляюць, што пачынаць шыкоўнае эўрапейскае жыцьцё трэба з саміх сябе. Яны разумеюць, што разруха не ў прыбіральнях і лужынах, а ў галовах і сэрцах. Яны разумеюць, што толькі ўнутрана чысты народ у стане ствараць чысьціню вакол сябе. Яны разумеюць, што толькі поўная любові душа можа абудзіць любоў іншых да роднай краіны, народу й прыроды. Яны спасьціглі найважнейшы закон пераменаў: калі мы хочам зьмяніць да лепшага штосьці навокал, мы мусім спачатку зьмяняцца й рабіцца лепшымі самі.

А пакуль нам сорамна за тое, што творыцца ў Сэрцы.

Так, Беларусь – геаграфічны цэнтар Эўропы, пра які адзін з заснавальнікаў геапалітыкі Маккіндэр сказаў: “Хто валодае Усходняй Эўропай – той валодае Сэрцам Зямлі, хто валодае Сэрцам Зямлі, той кіруе Эўразіяй, хто кіруе Эўразіяй – той пануе ў сьвеце”.

За геапалітычны кантроль над Усходняй Эўропай зацята змагаліся імпэрыі й звышдзяржавы: мангола-татары й крыжакі, Бізантыя й Рым, туркі й Расея, Напалеон і Гітлер, ЗША і СССР. Беларусь – ядро Ўсходняе Эўропы – перажывала плянэтарныя сардэчныя прыступы й інфаркты цягам усёй сваёй гісторыі. За тысячу гадоў краіна Беларусь у выніку войнаў, пасіянарных выбухаў і акупацыяў то сьціскалася, то пашыралася – білася й пульсавала, як сапраўднае сэрца. Сёньняшнія абрысы дзяржаўнае мяжы даюць нам сьціснутае сэрца, зьедзенае ранамі ды шнарамі. Але мапы захоўваюць і вялікае этнічнае сэрца – ад Вільні й Беластоку да Бранску й Смаленску, большае ды скругленае. Вялікае сэрца зь сінімі жыламі рэкаў, з водападзелам паміж перадсердзямі Нёмана й Дняпра й жалудачкамі Прыпяці ды Дзьвіны, што напружваецца, штосэкунды выціскае зь сябе патокі крыві, і дае жыцьцё вялізнаму целу эўрапейскага чалавецтва.

Як жа патрэбна зараз Эўропе жывое сэрца! Вера, якая сьціскаецца ў кулак, і любоў, што хвалямі захлынае душу – гарачае, моцнае, адкрытае Богу Сэрца!..


З кнігі "Люблю Беларусь"


Працяг будзе



Беларуская зямля. Частка І. 17:16 20/03/16 83


Калі ў Беларусі аднойчы паглядзець сабе пад ногі, можна назаўжды страціць патрыятызм. Калгасны бруд з ашмёткамі цывілізацыі, растрэсканы й запляваны асфальт, гнілая траўка й лужыны на вуліцах выклікаюць гідлівасьць.

Як жа мы запаскудзілі зямлю, дадзеную нам Богам!..

Большасьць з нас і не падазрае, наколькі родная для нас тутэйшая глеба. Наш арганізм складаецца зь бялкоў, тлушчаў, вугляводаў і мікраэлемэнтаў якраз тае зямлі, зь якой мы ямо бульбу й мяса, п’ем ваду, і зь якой праз абмен рэчываў створаны ўвесь наш генатып – ад формы й масыўнасьці костак шкілету да хуткасьці нэрвовых імпульсаў.

Мы зробленыя зь беларускае гліны – вось што падсьвядома адчуваюць нацыяналісты, калі крычаць “Радзіма альбо сьмерць!”

Так пачынаецца Біблія: “На пачатку стварыў Бог неба і зямлю”. (Быцьцё 1:1). Паняцьці “зямля” і “чалавек” у Бібліі – “adam”, “adamah” – таго ж кораню, што й імя першага чалавека, створанага Госпадам з праху зямнога. У Беларусі зь яе ўзгоркамі, лагчынамі й балотамі вельмі лёгка ўявіць, як Бог, быццам адамава цела, ляпіў з гэтай гліны цэлую краіну, каб удыхнуць у яе Дух.

Беларусь – фэномэн звышнатуральнага ўцелаўленьня. Менавіта ў такім мілым і сьціплым куточку Зямлі, сярод гэтае празрыстасьці, сьветліні й пакуты – месца для прысутнасьці Божай. Краіна крыніцаў, краіна глінянае плоці й натхнёнага духу, краіна, “дзе вее ціхі вецер – і там Госпад!..”

Зямля, якую Бог абяцаў кожнай нацыі, – гэта аграмаднае народнае цела. Цеплыня й сіла, плоць і боль чалавецтва. Беларусь у сваёй новай гісторыі наноў спазнае гэтую першапачатковую роднасьць. Беларуская зямля – асноватворны падмурак, на якім будуецца нацыянальная ідэя, у якім ёсьць усё неабходнае і дзе кожнае рэчыва разьлічанае да міліграма.

Кажуць, Беларусь бедная на прыродныя рэсурсы. Лухта! Беларусь уваходзіць у першую дзесятку сярод больш чым 40 эўрапейскіх краінаў паводле забясьпечанасьці карыснымі выкапнямі.

Беларусь – гіганцкае ёмішча солі, аднаго з наймацнейшых біблійных сымбаляў: тут знаходзіцца трэцяе ў сьвеце па запасах радовішча калійных і каменных соляў. Здабыча ў 40-50 мільёнаў тон калійнае руды штогод дазваляе нам атрымліваць 10-15% усёй валюты ад экспарту, а беларускай спажывецкай сольлю (цыкляпічны слой магутнасьцю 1-3 км і плошчай да 30 тыс.кв. км;.) мы можам засыпаць усю Эўропу з галавою.

Беларусь – аграмадная стоеная будоўля: нашая база мергеляў і крэйды, шкляных, сылікатных і фармовачных пяскоў, глінаў, абліцовачнага каменю – адна зь лепшых на кантынэньце. Толькі будуй!

Беларусь – суцэльны рэзэрвуар пітное вады. У той час, калі ў прамысловых гарадох сьвету небясьпечна піць ваду з-пад крану, беларускія глыбіні напінаюцца ад чысьцюткіх артэзіянскіх водаў.

Беларускі Прыпяцкі прагін зьмяшчае ў сабе вялізныя запасы “вадкае руды”, расолаў, з прамысловым утрыманьнем ёду, брому, калію, цэзію, ліцію, рубідзію й іншых рэдкіх элемэнтаў, што выкарыстоўваюцца ў тэлекамунікацыях, кампутарах, магнітах, люмінафорах, лязэрах.

Беларускія Мікашэвічы – вытворца №1 будаўнічага каменю ва ўсёй Усходняй Эўропе, а Руба пад Віцебскам – адзін з найбуйнейшых у сьвеце камбінатаў па здабычы й перапрацоўцы даляміту (7-8 млн. т. у год).

Беларусь забясьпечвае 15% сваёй патрэбы ў нафце, мае пэрспэктыўныя радовішчы жалезнай руды, гаручых сланцаў, бурага вугалю, гіпсу, даўсаніту (прыроднай соды й алюміневай руды), цэалітаносных сіліцытаў (прыродных сарбэнтаў), фасфарытаў (сыравіны для вытворчасьці мінэральных угнаеньняў), сапрапелю (арганічнага ўгнаеньня), кааліну (зь яго робяць парцалян, ім адбельваюць паперу)...

А яшчэ у Беларусі здабываюць бурштын, разьведваюць россыпы тытану, цырконію, малібдэну, ужо знайшлі першыя алмазы... А яшчэ Беларусь займае адно зь першых месцаў у Эўропе па плошчы ворыва на душу насельніцтва. Жніво вялікае, работнікаў мала!

Дастаткова толькі ўявіць сабе ўсю гэтую шчодрую насычанасьць карысным рэчывам, усю калясальную архітэктуру нетраў, бляск каштоўных мэталаў і пульсацыю вадкасьцяў, каб зразумець, наколькі важкае беларускае пачуцьцё роднае зямлі. “Гасподняя зямля і поўня яе!” (Псальмы 23:1).


З кнігі "Люблю Беларусь"


Працяг будзе.


Беларуская нацыянальная ідэя. Частка VIII. 00:39 06/03/16 160


Цяпер, праз тысячу гадоў існаваньня, у самым пачатку ІІІ тысячагодзьдзя ад нараджэньня Хрыста, у дрогкім, няпэўным стане паўсьвядомасьці ды пэрманэнтнай незалежнасьці, у адкрытым акіяне глябалізацыі Беларусь апынаецца перад выбарам – быць можа, самым важным за ўсю сваю гісторыю. Пытаньне стаіць ужо ня проста пра лёс дзяржавы, мовы – пытаньне глыбей.

Калі Беларусь адмовіцца ад Бога – яна зьнікне. Калі пакаецца й прыме Ісуса Хрыста зноў – будзе жыць.

Беларусы фармулявалі хрысьціянскі погляд на нацыянальную ідэю ўсё апошняе стагодзьдзе: у пачатку ХХ ст. – Адам Станкевіч і Вінцэнт Гадлеўскі, напрыканцы – Уладзімер Конан, Мікалай Крукоўскі, Зянон Пазьняк.

“Хрысьціянства вытварала ў народзе супольную веру, погляды, традыцыю, культуру, народную душу. Нацыянальнай ідэяй была ідэя рэлігійная” (Адам Станкевіч).

“Кожны этнас, які выявіў свае творчыя магчымасьці й сфармаваўся ў нацыю, увасабляе сабой пэўную ідэю, альбо, кажучы моваю тэалёгіі, пэўную задуму Тварца, рэалізаваную ў гістарычных дзеях і самабытнай культуры” (Уладзімер Конан).

“Хрысьціяне, якіх у Позьнім Рыме было ўсяго некалькі дзесяткаў, выстаялі й перамянілі сьвет ня сілаю зброі, а сілаю духа. Між іншым, Позьні Рым быў вельмі падобны да сёньняшняй Беларусі... Выратаваць Беларусь можа толькі рэлігійная вера” (Мікалай Крукоўскі).

“Беларусь павінна вярнуцца да Хрысьціянства. Беларусь у ХХІ стагодзьдзі мусіць адрадзіцца як Хрысьціянская краіна. Беларуская ідэя, абапертая на традыцыі беларускага Хрысьціянства – гэта шлях для нас найбольш унівэрсальны й правільны” (Зянон Пазьняк).

Варта згадаць і іншых сучасных прадстаўнікоў “хрысьціянскай плыні”: Любоў Уладыкоўскую-Канаплянік, Анатоля Астапенку, Адама Мальдзіса, Васіля Сёмуху, Юрыя Хадыку, Янку Трацяка, Уладзімера Мароза. Кожны з гэтых аўтараў распрацоўваў нацыянальную дактрыну альбо з культуралягічнага, альбо з паліталягічнага, альбо з канфэсійнага гледзішча.

Сабраць увадно панарамную карціну нацыянальнай ідэі на хрысьціянскіх прынцыпах праз аналіз фэномэнаў беларускасьці – вось якой бачыў сваю задачу аўтар гэтай кнігі.


З кнігі "Люблю Беларусь"

Працяг будзе


Беларуская нацыянальная ідэя. Частка VII. 18:07 28/02/16 23


Беларуская нацыянальная ідэя ёсьць. Яна існуе адпачатку. Яе ня трэба выдумваць. Яе трэба адчуць, і сфармуляваць у словах.

Крыляньне бел-чырвона-белага сьцягу ў нябёсах; зык прыдарожнае сьцяблінкі; роў стадыёну, калі нашыя перамагаюць; грамавое “Жыве!” на мітынгу; шэпт каханай на вушка; гарачае прыдыханьне малітвы – так гучыць беларуская нацыянальная ідэя.

Нацыянальная ідэя ў насычанай крывёю й прахам продкаў, цёплай і плоднай беларускай зямлі, у празрыстай, чысьцюткай, пякучай беларускай вадзе, у малочна-цёплым маміным пацалунку. У гісторыі, поўнай нечалавечых пакутаў і Божых цудаў. У сучаснасьці равучых машынаў, мікраскапічных тэхналёгіяў і сусьветных спартовых рэкордаў. У асобах геніяў. У самім паветры, напоеным малітоўным шэптам і містыкай Духа.

Гэтая кніга не высноўвае з паветра абстрактную тэорыю, а толькі фіксуе ўсё тое, што мы ведаем і адчуваем. “Люблю Беларусь” – гэта не навуковая дысэртацыя, не філязофія й не бэлетрыстыка. Гэта канстатацыя факту.

Ідэя гэтай “Ідэі” ў тым, каб праз сымбалічныя, знакавыя зьявы прачытаць сутнасьць нацыянальнага пакліканьня. Знайсьці заканамернасьці ды растлумачыць іх. Расшыфраваць краіну-карціну, якая ўвесь час у нас перад вачыма.

Задача гэтай “Ідэі” – не асьвяціць і праславіць краіну й яе народ у сёньняшнім стане (гэта, скажам шчыра, сумнеўны ўзор для праслаўленьня і апяваньня) – а выявіць Божы ідэал беларускай нацыі, ідэал самой Беларусі, дадзены звыш.

Агеньчык Царства Нябёснага – наша сьвятло ў канцы тунэлю.

Калі я малюся, калі перажываю прысутнасьць Божую, калі дзіўлюся велічы й невымоўнаму хараству Ягонага тварэньня – я ясна бачу Беларусь-ідэю, краіну вялікую й цудоўную, якую мы забыліся й захламілі грэхам, абыякавасьцю ды бязьвер’ем. Тую будучыню, тое абяцаньне Божае, тую ідэальную Айчыну, дзеля якой, я веру, мы з вамі й нарадзіліся.

Гэтая кніга – вынік пошуку Бога ў Беларусі. У беларускіх вобразах, зьявах, рэчах. Пошуку таго, што Бог уклаў у душу гэтае краіны. Яго сьлядоў, Яго дыханьня, Яго прысутнасьці.

Толькі пачынаеш прыглядацца – і так уладна, так магнітна выяўляецца Божае наканаваньне, Хрыстовы сэнс, духовая місія Беларусі, што застаецца адно невымернае зьдзіўленьне й захапленьне адкрыцьця.

Толькі тады пачынаеш любіць Беларусь усёй душою, усім сэрцам, усім разуменьнем тваім.

Любіць сапраўднай любоўю – той, што ведае і гонар, і сорам. Той, якая здольная каяцца і дараваць, прызнаваць грэх і пераадольваць страх. Той, якой баліць недасканаласьць. Нажаль, Беларусь сёньня – краіна, загрузлая ў апатыі, бязьвер’і, забыцьці. “Люблю Беларусь!” – вось элемэнтарная формула нацыянальнай ідэі.

Мы любім Беларусь такую, якая яна ёсьць – але любім настолькі моцна, што ня можам пакінуць такой, якая яна ёсьць.

З кнігі "Люблю Беларусь"

Працяг будзе.

Індульгенцыя для Лукашэнкі 13:06 21/02/16 60


Эўрапейцы вырашылі заплюшчыць вочы на беззаконьне, рэпрэсіі, фальшаваньне выбараў, задушэньне нацыянальнай мовы і культуры, зьнішчэньне чалавечай годнасьці ў самым сэрцы Эўропы.

Надзеі на тое, што сёньняшні рэжым можа быць гарантам незалежнасьці ад Масквы - марныя: паглядзіце на сотні прарасейскіх, у тым ліку і паўваенных, арганізацыяў, зарэгістраваных за апошнія гады рай- і аблвыканкамамі.

"Адпушчэньне грахоў", праштампаванае Эўрапейскім Зьвязам - гэта індульгенцыя, якая адчыняе шлях да далейшай дзейнасьці зла ў Беларусі.

Цяпер Ярмошына можа нахабна рагатаць у твар як беларусам, так і замежнікам: "Што, зьелі! Не падавіліся!"

Цяпер Лукашэнка можа куражыцца і прадстаўляцца ў эўрапейскіх сталіцах "законным прэзідэнтам", хаця беларускі народ яго не абіраў.

Але ёсьць Бог, і Ён усё бачыць.

І ёсьць беларусы, якіх гэта дастала да глыбіні душы.

Праўда пераможа - рана ці позна.

А за гэтую памылку, якую робіць сёння Эўропа, многім замежным палітыкам будзе проста сорамна.



Беларуская нацыянальная ідэя. Частка VI. 12:52 14/02/16 94


Чым ёсьць зараз Беларусь для сьвету? Чорная дзірка паміж Польшчай і Расеяй, якая даводзіць, што яна не Вайс Русланд, а Belarus.

А калі сказаць, што гэта радзіма Хведара Дастаеўскага й Марка Шагала, Чэслава Мілаша й Кірка Дугласа, Уэйна Грэцкі ды Соф'і Кавалеўскай, Голды Мэір і Шымона Пераса, Валяньціны Церашковай і Вольгі Корбут?..

А калі растлумачыць, што гэта гістарычны пляцдарм для аднаўленьня Ізраілю? Месца нараджэньня расейскай кампартыі й магіла імпэрыі СССР? Краіна найлепшага ў сьвеце закону XVI стагодзьдзя, другой паводле сьпеўнасьці й мяккасьці мовы ў Эўропе, чацьвёртай у сьвеце друкаванай Бібліі на жывой мове народа, і самай пасьпяховай хрысьціянскай вуніі за 1000 гадоў расколу?..

У часы самых жорсткіх крызісаў заходняй цывілізацыі менавіта хрысьціянская Беларусь рабілася душою кантынэнту.На мяжы І і ІІ тысячагодзьдзяў, як адказ на царкоўны раскол, стварэньне Сьвяшчэннай Рымскай Імпэрыі й крыжовыя паходы адбываецца хрост Усходняй Эўропы й мірнае навяртаньне Полацка. У ХІІ ст., адначасова з заснаваньнем інквізыцыі, стратай Ерусаліму ды Палестыны, фармаваньнем вайсковых ордэнаў тампліераў, гасьпітальераў і тэўтонцаў на Захадзе, усходнюю палову Эўропы азарае беларускае абуджэньне Полацка, Турава й Смаленска. У ХІІІ ст. менавіта тут спыняецца мангольскі наступ Азіі. У XVI cт., калі духовы правал Захаду спарадзіў крывавыя рэлігійныя войны й варфаламееўскія ночы – дзе, як не ў Беларусі, узыходзіла сонца Залатога веку хрысьціянства! Нават пасьля таго, як страшнае ХХ стагодзьдзе зь яго камунізмам, фашызмам і дзьвюма сусьветнымі войнамі разьдзірала, ірвала на шматкі эўрапейскае сэрца –менавіта яно дала заснавальнікаў дзяржавы Ізраіль, Васіля Быкава і Белавескую Пушчу.

0,15% тэрыторыі й 0,17% насельніцтва – вось што такое Беларусь на глёбусе. Кропачка. Але ж колькі падзеяў, ідэяў, надзеяў і людзей сусьветнага маштабу сышлося ў гэтае кропачцы! Тут выключна важны пункт зямное гісторыі. Фокус. Болевы пункт. Бо гэта Сэрца Эўропы.

Стратэгі, якія вылічваюць геапалітычны эпіцэнтар Эўропы, адчуваюць, што недзе тут і пульсуе сапраўднае сэрца. Дрогкае спляценьне артэрыяў і венаў, рэкаў і крыніцаў, сумежжа моваў і канфэсіяў – крыніца жыцьця ў нэтрах пушчаў і гарадоў, паміж лёгкімі Эўропы. Сэрца адчайнае й поўнае крыві, зношанае ўсімі войнамі, страхам і грэхам эўрапейскіх стагодзьдзяў. Сэрца, у якім абвостраны ўвесь боль катастрофаў – ад Нямігі да Хатыні, ад Курапатаў да Чарнобылю.


З кнігі "Люблю Беларусь"


Працяг будзе


Беларуская нацыянальная ідэя. Частка IІІ. 14:51 16/01/16 30


Беларуская нацыянальная ідэя – сфэра выключнае духовасьці. І Беларусі, пагарджанай, уцісканай, гнанай за праўду, ня трэба апраўдвацца, камусьці штосьці даводзіць і шукаць пасьведчаньне асобы. Варта проста ўчытацца ў Нагорную пропаведзь Ісуса Хрыста:

“Дабрашчасныя ўбогія духам, бо іх ёсьць Царства Нябёснае.

Дабрашчасныя тыя, што плачуць, бо яны суцешацца.

Дабрашчасныя пакорлівыя, бо яны ўспадкуюць зямлю.

Дабрашчасныя тыя, хто жадае і прагне праўды, бо яны спатоляцца.

Дабрашчасныя міласэрныя, бо яны памілаваны будуць.

Дабрашчасныя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць.

Дабрашчасныя міратворцы, бо яны сынамі Божымі назавуцца.

Дабрашчасныя гнаныя за праўду, бо іх ёсьць Царства Нябёснае.

Дабрашчасныя вы, калі будуць вас ганьбіць і гнаць і ўсякім словам ліхім несправядліва зьневажаць за Мяне.

Радуйцеся і весяліцеся, бо ўзнагарода ваша вялікая на нябёсах: так гналі прарокаў, што былі перад вамі.

Вы – соль зямлі. Калі ж соль страціць сілу, дык чым асоліш яе? Яна ўжо ні на што не прыдатная, хіба што выкінуць яе прэч на патаптаньне людзям.

Вы – сьвятло сьвету: ня можа схавацца горад, які стаіць на версе гары.

І запаліўшы сьвечку, ня ставяць яе пад пасудзінаю, а на сьвечніку, і сьвеціць усім, хто ў доме.

ТАК НЯХАЙ СЬВЕЦІЦЬ СЬВЯТЛО ВАША ПЕРАД ЛЮДЗЬМІ, КАБ ЯНЫ БАЧЫЛІ ВАШЫЯ ДОБРЫЯ ЎЧЫНКІ І ЎСЛАЎЛЯЛІ АЙЦА ВАШАГА, ЯКІ ЁСЬЦЬ У НЯБЁСАХ.” (Мацьвея 5:3-16).

...І зразумець, што гэта Слова для нас, беларусаў.

Па ўсім былым Саюзе да беларускага й Беларусі пачуцьццё асаблівае, дзіўнае і шчымлівае. Знакаміты працаўнічок трактар, родныя “Песьняры”, вайна па-быкаўску – гэта сьвятое, вам скажа кожны савецкі чалавек. Вельмі характэрна ў расейцаў: ім так няёмка, што часам яны стараюцца заглушыць сваю віну перад беларусамі грубым, армейскага кшталту, пакрыкваньнем. Але нават горкая маскоўская інтэлігенцыя раз-пораз, пасьля трэцяе-чацьвертае чаркі, уроніць сьлязу за Беларусь, самую чыстую, самую славянскую краіну крыніцаў з самай празрыстай у сьвеце мовай.

Гэта вельмі нагадвае мне адзін жыцьцёвы вобраз. Мой сябра, ціхенькі аднакурсьнік, са сьціжмай такіх жа бяскрыўдных, як першыя хрысьціяне, братоў, прапаведваў Біблію ў мэтро й пераходах. Зь яго бязьлітасна кпілі, грэбавалі амаль усе – і трэба было бачыць прыніжэньне гэтых людзей, калі ён шчыра й пакорліва дапамагаў ім у бядзе! Ува ўсіх справах, якія патрабавалі справядлівасьці й сумленьня, аўтарытэтам заўсёды аказваўся ён, самы траваядны, пастаянна крыўджаны.

Штосьці найвышняе ёсьць у гэтай пяшчотнай беларускай цярплівасьці, у гэтай вечна вінаватай усьмешцы. Пасьля ўсіх зьдзекаў, катастрофаў і кашмарнага генацыду гэта ўражвае, аж да дрыжыкаў. Гэта ня проста забітасьць, і не забытасьць. Гэта нашмат глыбей.


З кнігі "Люблю Беларусь"


Працяг будзе

Беларуская нацыянальная ідэя. Частка ІІ. 13:23 09/01/16 32


Беларусь – найлепшы шлях разбурэньня Расейскай імпэрыі. Ідэальны кірунак удару.

Сходу – і пад дых.

Ува ўмовах інфармацыйнае цывілізацыі мы маем доступ да ўсіх сакрэтаў расейскае прасторы: выдатна ведаем іх мову, культуру, глядзім іх тэлевізію й слухаем іхнія сьпевы. Мы вялі змаганьне 600 гадоў, а гэта гіганцкі досьвед. Мы маем мільённую дыяспару – у Маскве, на Смаленшчыне, у Піцеры, Карэліі й Сібіры... І галоўнае, Беларусы ў Расеі – браты. Эвангельскі падтэкст яўны: нас чакаюць са Сьвятым Пісьмом, малітвай і пропаведзьдзю.

Збавіць Расею! – лёзунг, варты моцнае беларускае стратэгіі. Бо менавіта ідэя адкрытае Хрысту, пакаяннай, духовай Расеі, якая добраахвотна адмаўляецца ад прыгнёту – фантастычнае відовішча! – натхняла дзесяткі пакаленьняў беларусаў ад Рэфармацыі і дасёньня. Пераўтварэньне РПЦ, падрыхтоўка місіянераў, беларускія хрысьціянскія праекты і пастаянная малітва за няшчасных людзей, што там прападаюць – так выглядае сёньня справа, на якую Беларусь ахвяравалася стагодзьдзямі.

Я веру ў тое, што масавая эвангелізацыя й Слова Божае могуць перамагчы самую змрочную й барбарскую імпэрскую дэспатыю. Я ведаю, што гэта мацней за генштаб, ФСБ, ядзерную зброю і ўсю тамтэйшую д’ябальшчыну. І я бачу, што менавіта мы можам быць зброяй Божай у апошнім паходзе на Маскву.

Менавіта ў гэтай кропцы Расейская й Савецкая імпэрыі фатальным чынам атрымалі сьмяротныя прабоіны. Сто гадоў таму тут упершыню сабралася партыя расейскіх рэвалюцыянераў, якая потым з паражальнай хуткасьцю стварыла на 1/6 сушы найвялікшую за ўсе часы чалавецтва таталітарную сыстэму. У лютым 1917-га адсюль, са стаўкі ў Магілеве, тэрмінова выехаў у Петраград цар Мікалай ІІ, і дарогаю ў чыгуначным вагоне выракся прастолу. Назаўтра Расея выбухнула ў трэскі. Потым быў правальны Берасьцейскі мір. Потым пакт Молатава-Рыбэнтропа. Нарэшце, у канцы 1991 г. рухнуў СССР, і здарылася гэта ў Белавескай пушчы.

Заўважце, парэшткі Саюзу незалежныя дзяржавы цырымонна пахавалі ў тым жа Менску. Але на гэтым гісторыя ня скончылася: тут жа з магілы на поўны рост падняўся прывід Імпэрыі зла. Усё з такой убойнай пасьлядоўнасьцю клінам сыходзіцца на Беларусі, што міжволі, як дрыжыкі, прабірае падазрэньне: праўда.

Чаму так баяліся Беларусі і Залатая Арда, і Трэці Рэйх, і Расея? Таму што хрысьціянская нацыянальная ідэя ў прынцыпе (і беларуская ідэя ў прыватнасьці) – галоўная небясьпека для імпэрыяў. Сэнсам нацыі ёсьць адасабленьне дзеля кшталтаваньня чалавека і шанаваньня Бога, а сэнсам імпэрыі – зьмяшаньне і зьнішчэньне нацыяў дзеля падпарадкаваньня асобы і замяшчэньня Бога ідалам. Менавіта праз нацыю Ізраіля прыйшоў у сьвет і Закон, і Збаўца Ісус Хрыстос, і менавіта імпэрыі былі вечным ворагам народу Божага. Больш таго – вынікам усталяваньня ўлады Антыхрыста, паводле Бібліі, будзе ні што іншае як сусьветная імпэрыя.

Дзякуй Богу, усе імпэрыі рана ці позна развальваюцца.


Працяг будзе.


З кнігі "Люблю Беларусь"


Беларуская нацыянальная ідэя. Частка I. 23:14 02/01/16 56


Беларускую нацыянальную ідэю спрабавалі выразіць і народнікі ХІХ ст., і нашаніўцы пачатку ХХ ст., і адраджэнцы найноўшага часу. Але большасьць спробаў у сілу акупацыі, нізкае самасьвядомасьці насельніцтва й слабасьці нацыянальнага руху ставіла за мэту давесьці самім беларусам і астатняму сьвету, што мы ёсьць. Што мы народ, ня горшы за іншых. Што гэта наша краіна – а ня ваша ўскраіна. Што мы маем права на ўласную дзяржаву. Зьмест гэткае ідэі ў сьціслым лёзунгу Купалы – “Людзьмі звацца”.

Пытаньні “А што мы за людзі?”, “Навошта мы тут?”, “Адкуль мы?”, “Куды ідзем?” і, урэшце рэшт, “У чым сэнс?” – пытаньні, на якія любая нацыя адказвае найперш, заставаліся на другім пляне. У выніку замест таго, каб сьцьвердзіць нацыянальную мэту, мы ўзводзілі на вяршыню гіерархіі першую ж нацыянальную задачу. Замест стратэгіі загрузалі ў тактыцы.

Мы дагэтуль перабіраем розныя імёны – Крывія, Вялікалітва, Белая Русь... Мы зацыкліваемся на Расеі-Маці, або Расеі-Ворагу. Замест беларускіх духовых імпэратываў мы шукаем пацьверджаньняў беларускае ваяўнічасьці, беларускай уладнай магутнасьці, беларускаму багацьцю й матар’яльнай велічы, – і, у канчатковым выніку, сваёй падобнасьці да іншых нацыяў. Між тым, нацыянальная ідэя – гэта адметнасьць.

Комплекс нацыянальнае непаўнавартасьці, вось як гэта называецца.

Адсюль і сучасныя ідэалы: “нармалёвая эўрапейская дзяржава”, “маленькая, але ўтульная (мірная, мілая, -патрэбнае падкрэсьліць) рэспубліка”, “Краіна ня горш за Чэхію” і да т.п. Сярэдненькія такія арыентыры. А калі арыентыр сярэдненькі – гэта ўжо не ідэал.

Адсюль і відавочная слабасьць большасьці існых ідэяў. Адсюль – кволасьць і бясплоднасьць сёньнішняга нацыянальнага руху. Усе сучасныя замяняльнікі нацыянальнай ідэі – і дзяржаўная ідэалёгія, і побытавы гонар “хвалі сваё”, і нават прасунуты апазыцыйны “нацыяналізм” ёсьць усяго толькі бледным водбліскам сапраўднай нацыянальнай ідэі. Той адзінай гістарычна і сьветапоглядна апраўданай ідэі, у якой звышмэтай зьяўляецца Сам Ісус Хрыстос.

Невялічкая, сьціплая Беларусь баіцца прызнацца самой сабе, што мае Вялікую Нацыянальную Ідэю. Што нічога “нармалёвага” няма ў тых страшных пакутах і ахвярах, якія выпалі на яе долю. Што нічога выпадковага не было ані ў Чарнобылі, ані ў Белавескай Пушчы, ані ў Лукашэнку. Што Міцкевіч, Дастаеўскі, Рабін – гэта таксама Беларусь. Што Полацкае княства, фэномэн ВКЛ і ўваскрашэньне беларускай незалежнасьці – гэта сапраўдныя цуды Божыя. Што стратэгічнае скрыжаваньне між Захадам і Ўсходам, Балтыкай і Чарнамор’ем – гэта нацыянальны крыж. Што краіна найвялікшае цярплівасьці й найвышэйшае любові ў самым сэрцы Эўропы – гэта пакліканьне. І гэта навечна.

Такі эфэкт заўжды спрацоўваў і ў самым паказальным моманьце беларускае гістарыяграфіі – расейскім.

Мы ўвесь час ацэньвалі дачыненьні з Масквой то ў праекцыі адвечнае вайны, то ў плоскасьці штучнае роднасьці, не спрабуючы сыстэмна й глыбока адказаць на пытаньне: якую ролю адыгрывае Беларусь у Расеі? Але нават кароткі агляд і супастаўленьне фактаў расхінае перад намі велізарнае сілы й дынамізму місію.

Расея – найбольш важнае пытаньне беларускае геапалітыкі. Вырашальнае.

Стагодзьдзі войнаў і акупацыяў прызвычаілі нас глядзець на яе па-рабску, спадылба, сьціскаць кулакі й бясьсіла аглядацца вакол: скрозь расейшчына, хамства, мат і падсьвядомая ўлада імпэрыі. Але невыпадкова Госпад Бог даў нам супэрсуседа – самую вялікую краіну ў сьвеце. Нашае заплечча – Эўропа? Тады трэба адважыцца стаць адкрытым тварам да Крамля. Калі добра падумаць і перабраць гісторыю, Беларусь – адзіная, хто можа кінуць Расеі выклік.


Працяг будзе.


З кнігі "Люблю Беларусь"


Хрыстос нараджаецца ў Беларусі 14:20 26/12/15 91


"У цішы над Зямлёй
У эфіры начным
Голас чысты гучыць
Так пяе херувім:
Авэ, Марыя, грацыя плена…
Авэ, Марыя, грацыя плена!..."


Нараджэньне Ісуса Хрыста – пачатак, ад якога адлічваецца Наша эра.

Мы жывем ужо ў 2015 годзе ад нараджэньня Хрыстова. Днём Яго народзінаў задаецца ўся сыстэма каардынатаў сусьветнай гісторыі. З нараджэньнем Хрыста павялічваецца дзень і пачынаецца новы каляндарны год.

Сярод цемрадзі й холаду, у самае глыбіні начы, у сьнягох, пад зоркамі нараджаецца сьвятло Ісьціны й Любові. Збаўца Сьвету, наш Госпад – нараджаецца маленькім мілым дзіцём, у бедных ясельках, такім пяшчотным і безабаронным, як трапяткі агеньчык сьвечкі… "Народ, што сядзеў у цемры, убачыў Сьвятло вялікае, і ўсім, хто сядзеў у краіне цені й сьмерці, зазьзяла сьвятло."

Сама Беларусь – гэта зыркая бэтлеемская зорачка на небасхіле сьвету.

Беларусь – унікальнае месца, дзе за два тыдні ўсенародна адзначаецца Раство сусьветнае, надыход Новага года і Раство праваслаўнае – як адзінае, непарыўнае, грандыёзнае Сьвята. Беларусь зноў яднае ўсе канфэсіі, традыцыі й сучаснасьць – так, як усе народы на ўсе часы аб'яднала само нараджэньне Ісуса Хрыста.

Хрыстос нарадзіўся! Як казаў Аўгусьцін, "Бог учалавечыўся, каб мы абажаствіліся".

Ва ўцелаўленьні Ісуса Хрыста, вялікай таямніцы Божай, тоіцца вялікае адкрыцьцё беларускай нацыянальнай ідэі. Нараджэньне Хрыста ў людзкіх душах цягам тысячагодзьдзя нашае гісторыіі фармавала гэтую краіну й гэты народ. Нараджэньне Хрыста сярод цемры й галечы, на заезным двары сусьвету дае нам адчуць увесь боль, усе цярпеньні й родавыя пакуты Беларусі, маленькага Бэтлеему нашае плянэты.

"Там, дзе сосны шумяць,
Там, дзе хмары бягуць,
Хай гучыць над зямлёй
Над Радзімай маёй:
Авэ, Марыя, грацыя плена...
Авэ, Марыя, грацыя плена!.."

(Зянон Пазьняк)

Быццам Марыя, Маці Божая, беззаганная Дзева – якое кранальнае, прыгожае, якое натхнёнае яе аблічча ў касьцёлах! – Беларусь, чыстая й сьветлая, нараджала Хрыста ў сэрцы Эўропы.

Ave Maria!

Ave Belarus!

Вось дзе тоіцца першаснае й сапраўднае пачуцьцё Беларусі. Сьвяты вечар, завяршэньне посту адвэнту, агеньчыкі ў цемры, іскры сьняжынак у шэпце мігценьня, зьзяньне ціхае радасьці... Быццам камэртон, калядныя бомікі бяруць у душы ноткі найвышэйшага шчасьця. Падрахоўваеш вынікі году, сустракаеш будучыню, молісься й чакаеш. Чакаеш нараджэньня Бога.

Гэта вельмі беларускі настрой. Гэта нацыянальны цуд. Цуд на Каляды. З Раства Хрыстова ў Беларусі пачынаецца Новы год і новае жыцьцё.

Таму Беларусь штораз замірае ад ціхага шчасьця, калі чуе: "Хрыстос нарадзіўся!".


З кнігі "Люблю Беларусь"

Вёска 13:18 19/12/15


У Беларусі любы горад – вялікая вёска.

23,5 тысячы вёсачак, 2,6 мільёны жыхароў, фундамэнтальны стэрэатып беларускасьці. Ужо само па сабе гэта шмат. Але паходжаньне падаўляючае большасьці сёньняшніх беларусаў, татальная міграцыя гараджанаў на выходных на соткі й "да бабулі", сялянскі эпас у літаратуры і незьнішчальная вясковасьць усяго нацыянальнага іміджу пераконваюць, што вёска для Беларусі – гэта больш, чым проста вёска.

Паводле Бібліі, увесь лёс чалавецтва ад Быцьця да Адкрыцьця – гэта шлях ад вясковага раю у Эдэмскім садзе да раю гарадзкога ў Новым Ерусаліме. Урбанізація, адным словам. Вось і беларуская вёска спрадвеку аддавала ўсе сілы гораду, спрабуючы сфакусаваць у ім нацыю. З часоў першых славянскіх умацаваных паселішчаў беларуская вёска заставалася той тоўшчай глебы, на якой квітнелі замкі й палацы, зь якой набіраліся сілаў ды сокаў шляхта, магнаты й уладальнікі Магдэбурскага права, на якой узрасьлі і Полацкае княства, і ВКЛ, і Рэч Паспалітая.

З войнамі й акупацыямі беларускія гарады захапляла іншая гаворка й культура, іх займалі чужыя жаўнеры й сьвятары.

У гарадах Беларусь стагодзьдзямі прыніжалі, зьневажалі, вытоптвалі – але яна выруньвала з кожнай вясной зь вёскі. Захопнікі зьвярэлі – і затоптвалі ў пекла саму вёску.

Рабаваньні й выпальваньне войнаў, паланізацыя й русыфікацыя ў школах і храмах, царскі прыгон і рэкрутчына, бальшавіцкае раскулачваньне й калектывізацыя, савецкае адсяленьне ды спойваньне ... Фашысты спалілі тысячы хатыняў, камуністы зьнішчылі яшчэ больш. Але вёска захоўвалася, перахоўваючы волю, мову і веру. Таму сапраўдная Беларусь – гэта простасьць, наіўнасьць і працавітасьць вёскі. Цягам стагодзьдзяў акупацыі й прыгнёту вёска заставалася мацерыковым генафондам, які аднаўляў нацыю й адраджаў краіну. Нават сёньня аснова этнічнага і моўнага беларускага маналіту – вясковая глыбінка: Глыбокае, Іўе, Капыль.

Нарэшце, у II палове ХХ стагодзьдзя, перад разбурэньнем СССР і зьяўленьнем незалежнасьці бурлівая урбанізацыя напоўніла гарады Беларусі агромністай хваляй вяскоўцаў. Калі па выніках перапісу 1959 году ў Беларусі на 2,5 мільёны гараджанаў прыпадала да 6 мільёнаў жыхароў вёскі, дык ўжо ў 1970-м зь міграцыяй на працу й вучобу гарадзкое насельніцтва вырасла да 4-х мільёнаў чалавек супраць 5 мільёнаў вясковага. Перапіс 1979 году зафіксаваў гараджанаў ўжо як большасьць: на 5263 тыс. гарадзкіх у нас заставалася 4297 тыс. вяскоўцаў. Да мяжы тысячагодзьдзя суадносіны дасягнулі 70% на 30%!

Такім чынам, на працягу 60-х – 80-х, са зьяўленьнем усяго аднаго пакаленьня, Беларусь стала гарадзкой. Адчайным, апошнім штурмам вёска здабыла практычна ўсе польскія, габрэйскія, расейскія крэпасьці – і дастала адзіны шанц нацыянальнага адраджэньня. Праз саўковаю сьвядомасьць, якая вызначала быцьцё, праз правінцыйны комплекс, праз трасянку, чарку, скварку й інстынкт корпаньня ў сябе пад нагамі – да пачэснага пасаду між народамі. Аграмадная, яшчэ сырая вясковая маса напампоўвала беларускія гарады, быццам перад вялікім выбухам, каб з новымі пакаленьнямі збудаваць свой новы Ерусалім.

Бліскучы, крышталёвы, грандыёзны – і беларускі.

А што ж сама вёска?

Вёска застаецца бабуляй Беларусі. Мілай, стомленай, зморшчанай бабуляй, якая працуе, колькі хапае сілаў; усё гэтак жа выбірае лепшае для сваіх гарадзкіх, і па вечарах з надзеяй глядзіць тэлевізар. Бо хоча хоць краёчкам вока пабачыць той гарадзкі рай, на які ахвяравалася й працавала ўсё жыцьцё, куды адпраўляла дзяцей і дзеля якога люляла ўнукаў. А мы, час ад часу, у сваёй мігатлівай сумятні, са шчымлівым сэрцам згадваем роднае бабуліна аблічча, сумуем па далёкім дзяцінстве на гародах, у лесе, на рэчцы, молімся на той цудоўны сад – з хатаю, парным малаком, яблынямі ля плоту, вадою са студні – і да сьлёзаў шкадуем, што ня можам вярнуцца назад назаўжды.

І тады клянемся сабе, чаго б гэта не каштавала: дасягнуць раю ў горадзе.


З кнігі "Люблю Беларусь"

Святлана Алексіевіч і беларуская місія 18:08 12/12/15 64


Любіце ворагаў вашых,
Рабіце дабро ненавіснікам вашым,
Дабраслаўляйце кляцьбітаў вашых
І маліцеся за напаснікаў вашых.
Лукі 6:27-28

Светлае імя


У 2015-м у гісторыю Беларусі увайшла Святлана Алексіевіч. Цяпер яе Нобель - такі ж факт календара XXI стагоддзя, як і Плошча 2010-га альбо Менскія перамовы па Украіне 2014-га.

Але больш таго - расейскамоўная Святлана Алексіевіч заззяла яшчэ адной зоркай эпічнай бітвы, якую вось ужо тысячу гадоў светлая Беларусь вядзе на Усходзе – за душу Расеі.

Ва ўсіх сваіх кнігах Святлана Алексіевіч мэтанакіравана выяўляе савецкага чалавека. Чырвонага чалавека. Генэтычна мадыфікаванага Франкенштэйна, заквашанага бальшавізмам, масавым тэрорам, раскулачваннем, вялікарасейскім шавінізмам і ў рэшце рэшт, канчаткова скалечанага абязбожваннем.

Калі хочаце, Святлана Алексіевіч – светлае беларускае люстэрка, у якое глядзіцца расейская цемра.

Глядзіцца. Брыдзіцца. Не падабаецца масаваму спажыўцу тэлевізарнага эфіру ад Калінінграда да Уладзівастока узірацца ва ўласныя глыбіні. Страшна.

У гэтым сэнсе Алексіевіч робіць тое ж самае, што рабілі ў свой час Кірыла Тураўскі, Іван Федаровіч, Пётра Мсціславец, Мялет Сматрыцкі, Сімяон Полацкі, Хведар Дастаеўскі, Уладзімір Высоцкі, Валерыя Навадворская . Беларускія з паходжання волаты, якія гарэлі місіяй збавіць Расею.

Чаму ў Нобелеўскай лекцыі Святлана Алексіевіч найбольш казала пра Расею? За Расею? Для Расеі?..

Чаму Расея

Нас трасе ад Расеі.

Блізіня невыносная. З усіх суседзяў, пацярпелых ад маскоўскае ласкі, менавіта, мы, найпершыя ахвяры лютасці, няўмольнасці і крывавага гвалту, мы адныя – ня можам расейцаў узненавідзець.

Навошта нам, такім маленькім, такім утульным і такім глыбокім, гэты крыж – наш найдалейшы бліжні, самая буйная ды разгульная краіна ў свеце з настолькі шырокай душой, што яна проста разрывае нас на шматкі?

Адно з галоўных наканаванняў беларускага лёсу – евангельская місія ў Расеі. Гэта відавочна для кожнага, хто хоць трохі задумваецца над гісторыяй.

Беларусь заўжды была для Расеі ўспышкай святла – наймацнейшым раздражняльнікам для цёмнай пыхі і дэспатыі, бліскучым выклікам пячорнай дрымоце імперыі.

Беларусь прыняла Хрыста, калі Масквы і не было на свеце. Яшчэ маленькай будучую Расею - Уладзіміра-Суздальскую Русь -спрабавалі навярнуць нашы місіянеры ХІІ стагоддзя – Эўфрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Аўрамій Смаленскі. Затопленае на 300 гадоў Ардой, цьмянае Маскоўскае княства глядзела на святло з Захаду прымружана, з кепска схаванай зайздрасцю і пакутлівай падазронасцю.

Паталагічнае расейскае антызаходніцтва – насамрэч адсюль.

ВКЛ і ВЫКЛ

Стагоддзямі Расея прагнула пагасіць ВКЛ гвалтам, вайной, фізічным знішчэннем – а ў адказ Беларусь высільвалася збавіць Расею верай, культурай ды асветай.

Скарына прывёз у Маскву друкаванае Святое Пісьмо – спалілі. Федаровіч і Мсціславец заснавалі друкарню й пачалі друкаваць Біблію па-маскоўску – выгналі. У адказ на захоп Полацку ў 1563-ім уніяцкі манах Сімяон робіць бліскучы рэйд у сэрца імперыі, запачаткоўвае вялікую расейскую літаратуру, робіцца асветнікам і выхавацелем царскіх дзяцей.

З Расеі ішоў Патоп 1654-67 гг, калі мы страцілі кожнага другога (найстрашнейшы генацыд у нашай гісторыі!), Паўночная вайна з 800 тысячамі ахвяраў, спаленымі касцёламі, цэрквамі й цэлымі гарадамі, і, нарэшце, канчатковая акупацыя ў канцы ХVIII стагоддзя.

А з Беларусі ішлі духовыя пасольствы Епіфанія Славінецкага ды Амброзія Вашкевіча, што змянялі змрочную маскоўскую царкву. Мітрапаліт Пётр Магіла адукаваў расейскіх святароў ды фармуляваў спавяданне веры, прынятае ўсімі праваслаўнымі цэрквамі сьвету. Мялет Сматрыцкі падрыхтаваў для расейцаў славутую Граматыку, якую, нароўні з “Псалтыром Рыфматворным” Полацкага, называў брамамі сваёй вучонасці Міхайла Ламаносаў. Ілля Капіевіч выдаў дзясяткі падручнікаў і распрацаваў для Расеі Пятра грамадзянскі, ён жа беларускі шрыфт, якім сотні мільёнаў носьбітаў кірыліцы карыстаюцца дагэтуль.

Раз’ятраная імперыя Беларусь укрыжоўвала. Ліквідацыя Вуніі, скасаванне Статута, знішчэнне мовы й гістарычнай памяці, нават забарона імя “Беларусь” – крывавыя ўдары наскрозь.

Беларусь: штурм любові

Але неверагодны контрнаступ беларускага святла ў ХІХ-ХХ стагоддзях нагадвае біблейскія цуды.

Беларусь малілася за сваіх забойцаў вуснамі геніяў. Паміраючы на крыжы, усё імкнулася збавіць Расею сабой. Хрысьціянскі прарок Дастаеўскі, нашчадкі ліцвінскіх шляхецкіх родаў Грыбаедаў, Грын і Бунін, аўтар расейскага гімну Глінка, Стравінскі, Барадзін, Рымскі-Корсакаў, Шастаковіч пераплаўлялі расейскае грамадства пранізліва евангельскай культурай.

Параза імперыі праз Беларусь была прадвырашаная. Калі ў 1898-ым у Менску сабраўся І зьезд РСДРП - партыі, якая разбурыць старую Расею да асноваў -, калі ў 1917-ым Мікалай ІІ, выехаўшы са стаўкі ў Магілёве, выракся прастолу, калі ў 1991-ым, на самай заходняй мяжы захопленай Беларусі у Віскулях, у маленькім доміку пад бел-чырвона-белым сцягам рухнуў СССР – усяму свету зрабілася ясна, дзе ключ ад расейскага сэрца

. Менавіта Беларусь - чыстая, светлая, натхнёная - скразіла ў героях свабоды і праўды расейскага ХХ стагоддзя – паэзіі Яўгена Еўтушэнкі і Міхаіла Ісакоўскага, у адкрыта вальналюбным “Новом мире” Аляксандра Твардоўскага і канцэртах Мсціслава Растраповіча, у шчырых да хрыпаты спевах Уладзіміра Высоцкага ды іранічных баладах Андрэя Макарэвіча, у ціхай адвазе праваабаронца Сяргея Кавалёва і бязлітаснай яснасці Валерыі Навадворскай…

Калі ў Расею можна толькі верыць – Беларусь можа толькі любіць.

Таму пераможная беларуская стратэгія ў змаганні з Масквой, выпрабаваная стагоддзямі гісторыі – наступальная. Ані роспачная абарона, ані свядомасць “асаджанай крэпасці”, ані сцяна на ўсходняй мяжы не ўратуюць. Выжывае ня той, хто крычыць “Я не хачу паміраць!”. Выжывае той, хто кажа сабе: “Я ведаю, дзеля чаго мне жыць”, – і ідзе наперад.

Шлях хобіта Фрода з “Валадара колцаў”: адважны ўдар з астатніх сілаў у самае сэрца.

Беларуская місія

У рэшце рэшт, чалавека, як і народ, ацэньваюць не па тым, колькі ён мае, а па тым, колькі ён аддае.

Аддаючы з любоўю, ахвяруючы – нашмат больш набываеш Там.

Беларуская місія ў Расеі сёння – гэта беларускія святары-каталікі ад Піцера да Далёкага Ўсходу; беларускія пратэстанты з вялізнымі музычнымі евангелізацыйнымі служэннямі; беларускія прыхільнікі Аляксандра Меня; самаадданыя журналісты і творцы.

Сапраўдны беларускі прарыў на Усход – гэта не вынаходніцтва кампутаровых стралялак, а хрысьціянскія інтэрнэт-праекты, выдавецтвы ды дабрачынныя служэнні. Замест сённяшніх беларусачак для Цвярской ды стрыптыз-бараў – цуды прыгажосці, вобразы цнатлівасці і сямейнага шчасця. Беларускае Радыё Вера, Тэлевізія Любоў, біблейскае асветніцтва, міжканфесійныя сацыяльныя сеткі, новыя духовыя рухі на ўзор “Чыстых сэрцаў”, міжканфесійнае хрысціянскае трыадзінства – усё гэта Расея можа ўспрыняць хіба толькі ад братоў-беларусаў.

Якім мусіць быць беларускі адказ на барадатых расейскіх казакоў з аўтаматамі, авіяцыйныя базы, ядзерныя эфіры “Расеі-24”?


Кнігі Алексіевіч для Масквы і Піцера. Масавыя беларускамоўныя курсы ад Беластоку да Смаленску. Шматтысячныя малітвы пад бел-чырвона-белымі сцягамі. “Пагоня” на футболе ў Лужніках.


Хто збавіць Расею


Безумоўна, Беларусь мусіць быць незалежнай – каб адасобленасць святасці, выяўленая ў хрысціянскай нацыянальнай ідэі, свяціла найясьней.

Але цяперашняя нясцерпная блізкасць Расеі – такая, што ўвушшу яе шэпт, у роце яе язык, а абедзьве шчакі ўжо гараць ад удараў – азначае, што надыйшоў час, як бы гэта не было цяжка, яшчэ мацней любіць. Любіць не ўладарную іванагрозную ды пятравялікую фальш – а няшчасных людзей, расейскім фарысействам ды нецярпімасцю засеяных.

Збавіць Расею – пытанне жыцця і смерці для самой Беларусі.

Бо Беларусі наканавана любіць Расею той невытлумачальнай, найвышэйшай любоўю, якая кажа: “Любіце ворагаў вашых, дабраслаўляйце кляцьбітоў вашых, рабіце дабро ненавіснікам вашым і маліцеся за крыўдзіцеляў вашых”.

І толькі тады, калі агаломшаная любоўю Расея пачне развальвацца, сумнявацца, каяцца, выракацца імперскай пыхі і адкрывацца Богу (грандыёзнае відовішча, якое натхняла найвялікшых беларусаў!) – мы нарэшце ўбачым, Каго насамрэч хацела ўкрыжаваць у Беларусі імперыя.

Праз Беларусь пад бел-чырвона-белым сцягам Расею збаўляе Ісус.

Балота 23:46 01/12/15 12



Балота — сон апоенай вадою беларускай зямлі.

У Беларусі знаходзіцца самае вялікае балота сьвету, сьцьвярджае Кніга рэкордаў Гінэса.

Яшчэ Герадот апісваў гэтую ўскраіну айкумены як суцэльнае мора, а пэрсыдзкі цар Дарый І падчас свайго легендарнага паходу на скіфаў назваў Беларусь краінай вод і туманаў.

"Беларусь? А, гэта балота" — скажуць суседзі. Сапраўды, вы знойдзеце балота і ў нашай палітыцы, і ў культуры, і ў мэнтальнасьці. Беларусь, якая пагружаецца ў апатыю, ляноту й грэх, больш за ўсё нагадвае багну.

12% плошчы Беларусі — 7,5 мільёнаў гектараў — занята балотам. Найбуйнейшыя іх масівы — на Палесьсі й у паазёрскае нізіне. Беларускія балоты — гэта здабыча торфу і збор журавінаў на экспарт.

Барбарская савецкая мэліярацыя, якая рабіла зь Беларусі пляцдарм для разгортваньня сухапутных сілаў, расчляняла й абязводжвала беларускія балоты, прывяла да катастрафічнага апустыньваньня і пясчаных бураў на былых тарфяніках — зараз іх адчайна забалочваюць наноў.

Госпад увасобіў у балотах Беларусі нашу ўнутраную сілу й дрымотны патэнцыял. Летапісныя дрыгавічы, «Шляхціц Завальня» і коласаўскі партызан Дзед Талаш — нашыя архетыповыя тоўшчы. Балоты — гэта беларускі кансэрватызм як ён ёсьць.

Балоты — наша багацьце і наша пракляцьце. Беларускія балоты спынілі мангола-татараў і крыжакоў, у іх загрузьлі і Крэмль, і Трэці Рэйх. Дрыгва, дзе бяз доступу кіслароду перагнівае й назапашваецца ў мнагамэтровую тоўшчу ўсё колішняе адмерлае жыцьцё, якая зацягвае, засмоктвае і захоўвае — бяздонна глыбокае параўнаньне для сёньняшняга стану Беларусі.

Людзі на балоце — гэта пра нас. Беларускае грамадзтва занадта часта стоенае й інэртнае. «Балота» — нацыянальная беларуская хвароба, на ўзор ангельскага «спліну» ці расейскае «тоскі».

Увогуле, у беларускай душы заўжды знойдзецца куточак балота.

І ўсё-такі беларускае балота — гэта першастварэньне тых біблійных часоў, калі воды яшчэ не былі аддзеленыя ад зямлі.

Царства казачна рэдкіх расьлінаў і птушак. Лёгкія Эўропы, падваліны экалягічнае інфраструктуры Міжмор’я й недатыкальны запас чалавецтва.

Беларусам даручана берагчы ды ахоўваць прарочыя сны балотаў.



З кнігі "Люблю Беларусь"

Беларускі храм 12:30 15/11/15 5



Храм – велічны вобраз Беларусі.

Храм – ідэальная мадэль беларуса.

Храм – месца нараджэньня й адраджэньня беларускасьці.

Храм – гэта месца, дзе народ каецца, спавядаецца, хрысьціцца, прычашчаецца – і робіцца нацыяй.

Багавейнае адчуваньне велічы Госпада ў цішы аграмадных заляў, дзе агеньчыкі сьвечак зьліваюцца з золатам абразоў, раптоўна, з хорам малітвы і гулам аргану, уздымае цябе па-над зямлёй, і дае пачуцьцё прысутнасьці Божае.

Храм – сэрца любога беларускага гораду.

Храм – тое, што найперш разбуралі заваёўнікі, спусташалі акупанты ўсіх масьцей і ўзрывалі бязбожнікі, каб зьнішчыць саму Беларусь.

У Беларусі менавіта храму прызначаецца роля рэальнага эпіцэнтру жыцьця. І праваслаўныя, алтаром на Ўсход, і каталіцкія – на Захад, і вуніяцкія – на Поўнач, і пратэстанцкія дамы малітвы, як хоч – у Беларусі сыходзяцца разам, на адной плошчы, як у фокусе. У самой Беларусі лёгка пазнаць найвялікшы сымбалізм, ціхую веліч і натхнёную сьветліню, уласьцівыя храму.

У Беларусі кожны храм – гэта асоба. І, як чалавечае цела ёсьць храмам духу, так і сам храм выяўляе форму існаваньня нацыі: “Хіба ня ведаеце, што вы храм Божы, і Дух Божы жыве ў вас?” (І Да Карыньцянаў 3:16).

Стоячы перад беларускім храмам, ты глядзіш у твар самой Беларусі. Калі вы ўваходзіце ў храм – вы ўваходзіце ў беларускую душу. Вялізную прастору з таемным водгульлем, прызначаную для шэптаў малітвы, хрысьціянскіх гімнаў і дзеяньня Духу Сьвятога.

Унікальныя беларускія храмы-крэпасьці ў Сынкавічах, Мураванцы, Супрасьлі, Камаях даюць нам поўнае ўяўленьне пра характар нацыянальнай духовасьці. Засяроджаны, моцны, з чатырма вежамі на ўсе бакі сьвету, са сьценамі скрозь у белых вокнах, што надаюць лёгкасьці й празрыстасьці ўсёй аграмадзе, са сьпічакамі й крыжамі, нацэленымі ў неба!

Храмы, найвышэйшыя постаці беларускае гісторыі, увасабляюць сабою эпохі нацыянальнага будаўніцтва. Полацкая Сафія, гарадзенская Каложа, віцебская Дабравешчанская царква, смаленскі Петрапаўлаўскі Сабор XII ст. – гістарычныя падмуркі Беларусі. Знакамітыя цэрквы-крэпасьці, Касьцёл Божага цела ў Нясьвіжы або Кальвінскі Збор у Заслаўі – ансамбаль Залатога веку. Віленскае барока, Сьвята-Духаў Сабор у Менску, Магілёўская Мікалаеўская царква, Чырвоны Касьцёл – манумэнты Новага Запавету Беларусі. Царква ў гонар абраза маці Божай “Усіх смуткуючых радасьць”, Лагойскі касьцёл, мадэрновыя пратэстанцкія дамы малітвы – дойлідзтва сучаснае беларускае дзяржаўнасьці.

Бел-чырвона-белая плінфа мураваных полацкіх цэркваў XII ст, немыя белыя вокны на тле чырвоных сьценаў, бялюткія з рудай дахоўкай эвангельскія зборы XVI ст, белыя й чырвоныя касьцёлы XX ст. – вось ён, нацыянальны архітэктурны стыль.

Як сам беларус, беларускі храм – узьнёслы, сьціплы й сьветлы. Мяккія, скругленыя, гарманічныя формы – і нястрымнае імкненьне да неба, увенчанае вастрыямі крыжоў. Стройныя, ладныя сылюэты зь вялікімі вокнамі-вачыма, быццам у малітве або на пропаведзі. Цярплівыя, сьветлыя й ветлыя, гасьцінныя, інтэлігентныя беларускія храмы – гэта проста сьпеў!

Беларусь – тысячагадовы Храм у сэрцы Эўропы.

Храм Божы, да якога прыходзілі спавядацца й каяцца ўсе канфэсіі. Храм, дзе сустрэліся Захад і Усход. Храм, у які зьбіраўся расьсеяны Ізраіль з выгнаньня. Храм, дзе ратаваліся й шукалі прытулку, які рабавалі й апаганьвалі. Храм, дзе штодня прыносілі ахвяры й дзе адбываліся таемствы Божыя. Храм, у цэнтры якога знаходзілася Кніга. Храм, што будуецца як крыж або як каўчэг, ёмішча асьветы, пісьменнасьці, выхаваньня й культуры са старажытнасьці. Храм, у якім жыло Слова Божае й асьвятляла душу да Боскае белі – і адкуль выходзілі людзі, поўныя веры й любові. Храм для ўбогіх духам і для тых, што плачуць, для лагодных і міласэрных, для тых, хто прагне праўды й хто гнаны за яе, ганьбаваных і чыстых сэрцам.

“Гасподзь – у сьвятым Храме Сваім. Хай маўчыць уся зямля перад абліччам Яго!” (Аббакум 2:20).

З кнігі "Люблю Беларусь"

Прытомнасць нацыі - пачатак маральнай рэвалюцыі. 19:44 10/11/15 74



Пах палага лісця.

Восень. Аблятае лісьце. Вось і забываецца чарговы тыдзень беларускай нацыянальнай ганьбы.

Мільёны людзей ішлі на “выбары”, якіх не было; тысячы – арганізоўвалі фальсіфікацыі; толькі сотні – пратэставалі. Усе ўсё разумелі, але масавае махлярства з мэтай захавання беззаконнай улады было прынята і беларусамі, і светам, па вялікім рахунку, як норма.

Агульная апатыя пасля “выбараў” толькі абвастрае пытанне: як нам далей жыць з гэтым? Альбо – як нам з гэтым змагацца?

Пачну з глыбокага пераканання. Лукашэнка будзе над намі да таго часу, пакуль мы як нацыя, мы як апазіцыя, мы як асобы не будзем гатовыя ўзяць на сябе адказнасць за краіну. Сёлетняя восень паказала: не гатовыя. Як толькі будзем падрыхтаваныя – з’яднаныя, арганізаваныя, у духу, з праграмамі пераменаў аж да ўзроўню мясцовага самакіравання – Бог нам гэтую ўладу дасць. Якім чынам – пытанне другаснае (развал Расеі, калапс эканомікі, палацавы пераварот і руйнаванне сістэмы, хвароба, Плошча, штосьці іншае, усё разам – у Бога шляхоў многа).

Праблема – у нас саміх. І ў млявым, абыякавым да жыцця грамадстве, і ў бяссілых дэмсілах, і ў нашых сэрцах.

Паўднёвы вецер.

Пэўны час мне здавалася, што дастаткова правесці ў Беларусі масавую евангелізацыю, паставіць рубам пытанні веры – і ахопленае прагай дасканаласці грамадства стане і свядома беларускім, і маральна гатовым да рэформаў.

Але нядаўні досвед Украіны высвеціў адну вельмі істотную акалічнасць. Аказалася, што плёнам першага, бяскроўнага Майдану стаўся хіба што рывок нацыянальнага самаўсведамлення, а зусім не маральная рэвалюцыя. Штуршок украінізацыі адбыўся, рэвалюцыя сумлення – згасла.

Другі Майдан разам з крывёю Нябёснай сотні, расейскім нашэсцем і вайной пераадолеў раскол украінскай нацыі, надаў ёй цэласці – і зрабіў патрэбу маральнае рэвалюцыі аголеным, як адкрытая рана. Ідалы Леніна рухнулі. Цяпер ужо не палова – 80-85% жыхароў Украіны мае украінскую свядомасць. І толькі цяпер украінцы з усенародным жахам зразумелі, якая прорва хлусні і карупцыі насамрэч у іх пад нагамі. Толькі цяпер нацыя, якая ачомалася, адчула сябе саму, апрытомнела, адхаркалася крывёю вайны – зразумела: далей так жыць нельга. Ключавым пунктам “Рэвалюцыі годнасці” стаўся той момант, калі крытычная маса насельнікаў Украіны адчула сябе украінцамі.

Без нацыянальнай свядомасці маральная рэвалюцыя правальваецца. Спачатку свядомасць, потым жыццё па-новаму. Не наадварот.

Непрытомнасць асабістая і народная.

Патлумачу на прыкладзе асобнага чалавека. Калі чалавек не памятае сябе (непрытомнасць, сон, афект, сумятня), ён не можа пакаяцца, прыняць рашэнне змяніцца і, адпаведна, не можа пачаць жыць “з чыстага аркуша”. Ён не усведамляе сябе. Не можа зрабіць асэнсаваны і адказны выбар. Першае, што патрэбна зрабіць – апрытомнець. Я – гэта я. Ачомацца. Хто я? Дзе я?

Вольная воля працуе толькі ва ўмовах свядомага выбару, так стварыў чалавека Бог. Каб уладкавацца на новую працу, напісаць тэстамэнт або выбраць збавенне, я мушу быць у ясным розуме і цвёрдай памяці. У выпадку з народам “ачомацца” – гэта значыць адчуць сябе нацыяй.

Мы – гэта мы. Беларусы, нашчадкі ліцвінаў. Пакуль большасць насельнікаў не адчуе сябе адзінай нацыяй – яна не зможа ані асэнсаваць цяжкасць уласнага стану (1-е месца ва ўжыванні алкаголю ў Еўропе, 3-е ў беднасці, адно з першых – у самагубствах, колькасці жанчынаў у турмах, разводах, і так далей), ані пакаяцца перад Богам, ані пайсці дарогаю выратавання.

А гэта значыць, што перадумовай пераменаў у Беларусі (якіх хочаце – рашучых ці мірных, маральнай, тэхналагічнай ці цывілізацыйнай рэвалюцыі) будзе толькі нацыянальная прытомнасць.

Ціхі нацыянальны прарыў.

Што характэрна, беларуская моладзь пасля украінскіх падзеяў масава забруіла нацыянальнай свядомасцю. Моўныя курсы, шматтысячныя беларускія канцэрты ў блізкім замежжы, вышыванкі і вышымайкі, “Пагоня” і футбольныя стадыёны. Уключыўся механізм нацыянальнага самазахавання.

Крэмль і савецкі рак у структурах рэжыму будуць з усяе сілы нішчыць і раз’ядаць нацыянальную прытомнасць, ставіць на ёй кляймо “фашызму”. Бо гэта для іх – прадвесце канчатковай паразы. Беларускасць Беларусі будзе асінавым колам у труну Расейскай імперыі. Там гісторыю добра памятаюць і чаго баяцца - ведаюць.

А нашай найпершай задачай ёсць падрыхтоўка, выспельванне і абуджэнне ў народзе нацыянальнага пачуцця. Мова. Асвета. Гісторыя. Віктарыны. Вечарыны. Вандроўкі. Кнігі. Сацсеткі. Квэсты.

Ціхі нацыянальны прарыў.

Навошта дарога, якая не вядзе да Бога?

І першыя, хто пакліканы выйсці на шлях нацыянальнага прарыву – цэрквы. Калі мы, хрысціяне, хочам бачыць новую Беларусь грунтаванай на праўдзе, свабодзе, справядлівасці, моцным маральным падмурку – мусім працаваць у Адраджэнні найпершымі і найлепшымі.

Пакуль толькі дальнабачны Касцёл, грэка-каталіцкая царква і асобныя (рэдкія!) праваслаўныя ды пратэстанцкія супольнасці асэнсавалі сілу свядомасці. Дай Бог, каб іншым нашым хрысціянскім грамадам давялося прайсці курсы беларусізацыі ня так, як праходзяць зараз многія украінскія цэрквы курс патрыятызму ўкраінскага – праз кроў дабраахвотнікаў і прызыўнікоў, слёзы матуляў ды кругласуткавыя, на каленях, малітвы за мір.

Пара працверазець. Братам праваслаўным. Братам пратэстантам.

Беларуская нацыянальная свядомасць – вось ключ да усенародных маральных пераменаў. Адзін чалавек без Радзімы, сцяга і мовы пакаецца і да Бога прыдзе. Цэлая Беларусь – не.

Народнае пакаянне, абуджэнне, навяртанне і аздараўленне ў маштабах усёй краіны магчымае толькі ў выніку акунання ў купель нацыянальнай свядомасці.

Тым больш што яна, гэтая купель (ды і гэтая свядомасць) – сутнасна хрысціянская.

Бог даў чалавецтву розныя мовы каб пазбегнуць вавілонскага стоўпатварэння. Бог прыйшоў у гэты свет праз адасоблены народ Ізраіля. Нарэшце, Бог даў беларусам унікальны хрысціянскі код – ад сімвалаў, бел-чырвона-белага сцяга Хрыста, “Пагоні” з крыжам Еўфрасінні, гімна “Магутны Божа” да ахвярнай, поўнай евангельскай светліні і любові гісторыі.

Наш нацыянальны прарыў і наша нацыянальная ідэя – гэта Ісус Хрыстос, Які гаворыць па-беларуску.

Трыадзіная краіна 09:59 07/11/15 69

Бо тры сведчаць на небе: Айцец, Слова і Святы Дух, і гэтыя Тры — адно.

І Яна 5:7


— Праваслаўная?.. Усе мы праваслаўныя, правільна славім Бога, — кажа бацюшку шляхетнага выгляду каталічка, што вянчае сына з тутэйшай прыхаджанкай.

— Ну дык царква ж кафалічная, усяленская, — узаемна ўсміхаецца малады бацюшка, — значыць, каталікі мы ўсё-такі!..

— Ды баптысты мы ўсе, баптысты, — далучаецца сам сын, які ходзіць у дом малітвы, — усе ж хрышчаныя, а «баптызо» і значыць «хрышчэнне».

У беларускай глыбіні, паспаліты люд часцяком дзеліць уцаркоўленых на «нашых», «хрысціянаў» і «веруючых». «Нашы» — гэта праваслаўныя, «хрысціяне» — адпаведна, каталікі, ну а «веруючыя», вядома, — пратэстанты.

І як не пагадзіцца з пружанскімі суразмоўцамі — усе яны, хто верыць у Хрыста, нашы. Усе яны хрысціяне. Усе яны веруючыя.

Ва ўнутраным беларускім моры, заліваным то царкоўнаславянскімі, то лацінскімі, то рэфармацкімі хвалямі, распушчаюцца і пераліваюцца адно ў адно ўсе адрозненні і вострыя грані, спароджаныя сусветнымі раздзяленнямі. І праблісквае, прасвечвае і калышацца ў беларускіх з’явах — глыбока, прамяніста — найвышэйшая любоў, з якой калісьці ствараў гэты свет Госпад.

На цэнтральнай плошчы ў беларускім горадзе ці мястэчку спрадвеку праваслаўная царква, каталіцкі касцёл і евангельскі збор прыязна глядзелі ў вокны адно аднаму: нарэшце сустрэліся!

Разыходзіліся, расколваліся, раздзяляліся шмат дзе — у Рыме, Канстанцінопалі, Маскве, Аўсбургу, Трыдэнцы… Але вярнуліся адзін да аднаго ў Беларусь.

Містыка і ўзвышанасць праваслаўя, выкшталцоная логіка і рацыя каталіцтва, пратэстанцкая простасць і прага аднаўлення — у трыадзіным беларускім хрысціянстве наноў сышлася ўся поўня вучэння Ісуса Хрыста, рассеяная за дзве тысячы гадоў па ўсім свеце.

«Дзе двое ці трое сабраліся ў Імя маё, там і Я сярод іх» — найвышэйшы сэнс беларускага сінтэзу, сфармуляваны ў Евангеллі. Талеранцыя, унія, унікальны іканапіс, віленскае барока касцёлаў, цэркваў і збораў — вынік хрысціянскага трыадзінства па-беларуску.

«Беларусь — краіна найперш хрысціянская, а затым ужо праваслаўная, каталіцкая, уніяцкая… Нас аб’ядноўвае крыж», — піша Адам Мальдзіс.

Бог-Айцец, Бог-Сын і Бог-Дух. Неспасціжна, нязлітна і непадзельна з’яднаныя любоўю — бо Бог ёсць любоў.

І трыадзінства як уласцівасць Бога скразіць ува ўсім тварэнні, праблісквае ў сутнасці чалавечай асобы ды будове народаў, праменіць у духовых феноменах.

Нябёсныя іерархіі, паводле айцоў Царквы, траістыя — і, не забудземся, менавіта траціна анёлаў на чале з сатаной адпала ад Бога. Чалавек — трыадзінства цела, душы і духа. Ідэальная ўлада — трыадзінства заканадаўчай, выканаўчай і судовай галінаў. Нацыянальныя ідэі фармулююцца ў трыядах… Пасля гэтага не варта здзіўляцца таму, што мы існуём у трохмернай прасторы.

Тым больш — сусветная царква, тая самая, «адзіная, саборная, апостальская». Бачная царква падзеленая — гэта факт. Але… Праваслаўныя найбольш ушаноўваюць Бога-Айца (згадайма, што ў Сімвале веры крыніцай паходжання святога Духа ўважаецца Бог-Айцец, тым часам як у каталікоў — «філіёквэ» — Айцец і Сын); каталікі з іх Хрыстацэнтрызмам, згаданым філіёквэ і асаблівым ушанаваннем Панны Марыі найперш засяроджваюць увагу на Богу-Сыне, а пратэстанты, што святкуюць на Пяцідзясятніцу дзень спаслання Святога Духа, Дзень царквы і шмат увагі надаюць дарам Духа, наймацней у вучэнні пра Бога-Духа.

Таму, хто хоча адчуць усю поўню беларускага хрысціянства, найлепш адзначыць Раство ў Касцёле, Вялікдзень — усяночнай у праваслаўных, а Тройцу — (яна ж Пяцідзясятніца) — у пратэстантаў.

Гістарычна менавіта хрысціянскае трыадзінства было кропкай кіпення і пунктам грамадскага росту ў ВКЛ і Беларусі. Узаемапранікненне, канкурэнцыя і сумоўе трох канфесіяй далі нам абуджэнне Залатога веку — час найвышэйшых дасягненняў. Праваслаўная Расея, каталіцкая Польшча, пратэстанцкія Нямеччына ды Швецыя ў розныя часы расцягвалі Беларусь на кавалачкі.

Але для краіны, што тысячу гадоў жыве на геапалітычным крыжы, увесь сэнс цэласці не ў выбары якой-небудзь адной канфесіі, а якраз ва ўсведамленні ўласнага трыадзінства.

Так беларускі геній Скарына, праваслаўнай традыцыі, на каталіцкай працы, паводле перакананняў евангелік, сумясціў у сабе ўсё найлепшае з канфесійнай Тройцы — і стаў постаццю №1 у нацыянальнай гісторыі.

Так трыяда сімвалаў — герб, гімн і сцяг — у Беларусі адпаведная Боскім іпастасям: «Магутны Божа» ад Бога-Айца, бел-чырвона-белы сцяг Хрыста ад Бога-Сына і імклівая «Пагоня», што перадае палымяную моц Духа Святога.

Скразіць, пераламляецца гранямі хрысціянскае трыадзінства і ў беларускай глыбіні, на Пружаншчыне, вазьмі хаця ж апошняе стагоддзе: тут і заснавальнік евангельскай царквы на Берасцейшчыне пратэстант Лукаш Дзёкуць-Малей, і найсвядомейшы перакладчык Бібліі на беларускую мову праваслаўны Васіль Сёмуха, і першы з часоў падзелу Рэчы Паспалітай беларускі кардынал Казімір Свёнтак — усе ўтрох сведчылі пра Бога і аддалі жыццё Беларусі.

Перад крыжовымі пакутамі, у страшную ноч Таемнай вячэры Ісус маліўся за адзінства вучняў, якое мае захаваць чалавецтва любоўю: «Хай будуць усе адзіна, як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе, так і яны хай будуць у Нас адзіна — хай паверыць свет, што Ты паслаў Мяне. І славу, якую Ты даў Мне, Я даў ім: хай будуць адзіна, як Мы адзіна. Я ў іх, і Ты ўва Мне: хай будуць паяднаныя ў адно, і спазнае свет, што Ты паслаў Мяне і палюбіў іх як палюбіў Мяне»... Палічыце, колькі разоў у гэтых трох біблійных вершах сказана пра адзінства!

Пакуль у нацыянальным маштабе не будзе ўсвядомлена хрысціянскае трыадзінства, пакуль любоў паміж вернікамі розных вызнанняў не сталася сутнасцю дачыненняў — шматканфесійнасць Беларусі будзе яе слабасцю.

І, наадварот, дасягнутае яднанне ў справе адраджэння народа і ацалення грамадства сфармуе капітальную маральную платформу для пераменаў ды шматкроць павялічыць жыццяздольнасць і моц беларускасці.

Гэта наш народ, складзены з вобразаў і падабенстваў Божых. І гэта не з Лукашэнкі, і не з ягоных дзяцей ці чыноўнікаў, а з нас будзе спытана там — ці адпалі мы следам за трацінай анёлаў, ці ўтрая мацней высільваліся, каб быць хоць трошкі бліжэй да белай-белай, ззяючай чысцінёй і святасцю краіны Айца і Сына і Святога Духа.

З кнігі "Беларуская глыбіня"




Талеранцыя 22:35 30/10/15 20


Мы, беларусы, мірныя людзі...

Мы, беларусы, сапраўды вельмі талерантныя. Гэта факт. Беларус пазьбегне канфлікту, сьцерпіць, прабачыцца ў 99 % выпадкаў. Беларусы ўнікаюць любое рэзкасьці, катэгарычнасьці, радыкалізму. Беларус-расіст, беларус-нацыяналіст, беларус-фанатык – гэта проста нонсэнс.

Талеранцыя, асноватворная якасьць беларускага нацыянальнага характару, спароджаная сумежжам, міжмоўем і хрысьціянствам, адпачатку была пакліканая прымірыць Захад з Усходам, праваслаўе з каталіцтвам, Эўропу з Расеяй.

Як талер – адзінка вымярэньня багацьця беларускай гісторыі, так і талеранцыя – базавая нацыянальная каштоўнасьць. Сама прычына талерантнасьці вырастае з глыбіняў беларускага мэнталітэту: першапачаткова, у перакладзе з лаціны, талеранцыя значыць “цярпеньне”. Увесь тэмпэрамэнт Беларусі – умераны клімат, мяккі рэльеф, поўня водаў, якая распушчае любую ёдкасьць ды горыч, цішыня лясоў і сьціплая, сьветлая, ласкавая прырода – сьведчаньне арганічнасьці беларускай талеранцыі.

У Беларусі, у адрозьненьне ад заходняй інквізыцыі й маскоўскіх ведаўскіх справаў, практычна адсутнічалі праявы рэлігійнай нецярпімасьці. Беларусы не рабілі габрэйскіх пагромаў. Татары, стараверы, караімы, пратэстанты, гнаныя ў сваіх краінах, заўжды знаходзілі ў Беларусі прытулак. Нават у суворым Сярэднявеччы беларускі закон Статуту гарантаваў іншаверцам, прыхадням і палітэмігрантам стаўленьне паважнае й лагоднае.

У XVI ст. Беларусь робіцца галоўным эўрапейскім экспарцёрам талеранцыі. Прапісаная ў трох Статутах, беларуская талеранцыя мяняе Расею, Украіну, Польшчу, Прыбалтыку, Вугоршчыну, Малдову... Нават караля Францыі Генрыка Валуа ў 1574-75 гг. (эпоха Варфаламееўскае ночы!) эліта ВКЛ вымусіла падпісаць славутыя “Генрыкаўскія артыкулы” аб верацярпімасьці, чым выратавала жыцьці многіх іншаверцаў на Захадзе.

Першасная, глыбінная й галоўная прычына беларускай талеранцыі – любоў. “Палюбі Госпада Бога твайго ўсёй душою, усім сэрцам, усімі сіламі тваімі, а блізкага твайго – як самога сябе".

Запавет Хрыста, дадзены беларусам звыш – аснова любові і да суседзяў, і да няпрошаных гасьцей, і да ворагаў. Тае любові, якая не памятае зла й аддае сябе бяз рэшты.

Ступень беларускага альтруізму дагэтуль можа выклікаць шок. Беларус мае вінаваты выраз твару й паўсюль гатовы прабачыцца – бо заўжды ж нешта ня так, то даруйце...

Беларус паводзіць сябе пры сустрэчы, у спрэчках, у хаце, прымаючы гасьцей, выключна мякка, ухіліста й міралюбна. Стараецца згладзіць найдрабнейшыя шурпатасьці й акругліць наймалейшыя пралікі. Стварае цёплы, утульны мікраклімат згоды.

Часам нават здаецца, што беларуская ўнікальнасьць – гэта ад слова ўнікаць. Ласка. Міласэрнасьць. Самаахвярнасьць. Цярпімасьць. Стрыманасьць. Пакора перад Богам.

Такой была беларуская талеранцыя ў ідэале.

Нажаль, у сучасным правале духовасьці на беларускай традыцыі талеранцыі паразытуюць і рабская псыхалёгія, і падбітасьць, і абыякавасьць.

Толькі хрысьціянскае абуджэньне здольнае зноў прымусіць беларускую талеранцыю зайграць яскравым бляскам – такім, як у часы Залатога веку.

Бо на працягу стагодзьдзяў місія ў Расеі, Польшчы,Украіне або Ізраілі давалася беларусам мякка й натуралёва ў першую чаргу дзякуючы нацыянальнай здольнасьці прымаць людзей такімі, якія яны ёсьць, а затым – любові, якая робіць людзей лепш, чым яны ёсьць.

Менавіта таму маскоўскую дэспатыю, польскую пыху, габрэйскую зацятасьць найбольш эфэктыўна ператварала знутры якраз беларуская талеранцыя.

Беларускія нацыянальныя героі – гэта героі беларускага сэрца.

Гедзімін, які праславіўся сваёй цярпімасьцю й шанаваньнем традыцыі: “Старыны ня рухаем, навіны ня ўводзім”; Альгерд, што пашырыў дзяржаву дыпляматыяй, дынастычнымі шлюбамі й стратэгіяй пратэктаратаў; Вітаўт, які прыняў у ВКЛ, як родных, і габрэяў, і татараў, і гусітаў; Скарына, што пераклаў Біблію адразу для трох канфэсіяў; Жыгімонт Аўгуст зь ягоным віленскім прывілеем 1563 г. аб роўнасьці каталікоў, праваслаўных і пратэстантаў у разгар рэлігійных войнаў у Эўропе; Леў Сапега са Статутам 1588 г. і знакамітым лістом Кунцэвічу – усё гэта вобразы вялікай беларускай талеранцыі.

Беларуская рахманасьць, памяркоўнасьць, ветлівасьць, інтэлігентнасьць, зычлівае стаўленьне да незнаёмцаў ды іншаземцаў – вытворныя вялікае беларускае талеранцыі.

Сустрэчы канфэсіяў, культуровы сынтэз, мяккая й сьпеўная мова – адна зона вялікае й ўладарнае беларускае талеранцыі.

Талеранцыя скругляе беларуса, як талер. “Можа, яно і так...” – кажа беларус, ухіляючыся ад прамога сутыкненьня. Але ўсё-такі гне сваё, спалучае ласку з унутранай моцай і ў рэшце рэшт дамагаецца мінімум кампрамісу, а максымум – перамогі. Спосаб эфэктыўны: даўно вядома, што з усіх праяваў сілы людзі найбольш паважаюць стрыманасьць.

“Хрысьціянская дэмакратыя”, “плюралізм”, “правы асобы” – каштоўнасьці, сэнс і вага якіх да сучаснага сьвету даходзяць толькі зараз. У Беларусі ўсё гэта існавала ўжо тысячу гадоў, і называлася адным словам – талеранцыя.


З кнігі "Люблю Беларусь"

Сэрца Эўропы 10:35 24/10/15 17


"Больш за ўсё запаветнае захоўвай сэрца тваё, бо ў ім – крыніца жыцьця", кажа Біблія.
Вы цудоўна ведаеце, дзе ў вас сэрца, калі вы ўсхваляваныя, хворыя ці закаханыя.
Эўрапейская гісторыя апошняга тысячагодзьдзя таксама беспамылкова пакажа вам, дзе білася й балела наймацней. Дрогкае спляценьне артэрыяў і венаў, рэкаў і крыніцаў, нафта-і газапровадаў, скрыжаваньне стратэгічных вайсковых шляхоў, чыгунак і аўтамагістраляў, водападзелаў і цывілізацыяў, сумежжа культураў і канфэсіяў, ёмішча духовае сілы – крыніца жыцьця у нетрах пушчаў і старажытных гарадоў, паміж лёгкімі Эўропы.
Беларусь – геаграфічны цэнтар Вялікае Эўропы ад Атлянтыкі да Ўралу. Калі вызначыць скрайнія кропкі эўрапейскага кантыненту й злучыць іх лініямі – скрыжаваньне трапіць у самую Беларусь, недзе пад Глыбокае. Калі Эўропа глядзіць на вас з мапы – яе беларускае сэрца якраз там, дзе трэба, крыху зьлева, як і належыць цэнтральнаму воргану крывяноснае сыстэмы.
"І абрэжа Гасподзь, Бог твой, сэрца тваё й сэрца нашчадкаў тваіх, каб ты любіў Госпада Бога твайго, ад усяго сэрца твайго і ад усёй душы тваёй, каб жыць табе." (Другазаконьне, 30:6)
Сэрца – гэта месца, куды сьцякаецца й адкуль пад ціскам па ўсім целе разыходзіцца кроў. Столькі рэчак і крыніцаў віруе ў Беларусі! Столькі крыві перапампавала гэтая зямля!.. Сэрца – гэта бясконцыя рытмы перажываньняў, правалы бяды й усплёскі шчасьця.
Боль, жарсьці, найвышэйшыя падзеі адбываліся й адбіваюцца ў трапяткой Беларусі. Сэрца – гэта дух, які натхняе й ажыўляе ўсю істоту; гэтак жа, напоўненая пакутай, малітвай і любоўю, аддавала сябе, памірала за ўсіх блізкіх і асьвячала Эўропу хрысьціянская Беларусь.
Транспарт, сувязь, інфармацыя, тэлекамунікацыя – уся кроў сучаснае цывілізацыі спрацуе ў беларускім сэрцы, калі Беларусь абудзіцца й задыхае на поўныя грудзі. Сэрца – гэта галоўнае скрыжаваньне. Таму наш галоўны нацыянальны рэсурс – гэта ня проста "геаграфічнае становішча", а кардынальнае. Сардэчнасьць – ва ўсіх сэнсах.
Сэрца – сымбаль любові. Краіна, якая ўвесьчас ахвяравалася за блізкіх, шчырая й пакорлівая, як ягня; краіна, што прытуліла Ізраіля, краіна, дзе нават мова, сьпевы й імёны створаныя дзеля любові (бо ад паўнаты сэрца гавораць вусны!), дзе ласка й пяшчота складаюць сутнасьць любое часьцінкі, любога імгненьня – гэта тое сэрца, што разрываецца ад любові нават да ворагаў. Ці не таму сярод прычынаў сьмерці ў беларусаў на першым месцы (да 50%) – хваробы сэрца?
“Дабраславёныя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць!”
Кожны беларус мае ў грудзях Сэрца Эўропы. Маленькая Беларусь б'ецца ў табе. Ты чуеш?..
З кнігі "Люблю Беларусь"

Расейская імпэрыя 21:41 25/09/15 143


Расея стала Расейскай Імпэрыяй толькі тады, калі ўзламала Беларусь.
Расея стала імпэрыяй культуры толькі тады, калі прыўласьціла Беларусь.
Расея перастала быць сусьветнай імпэрыяй толькі пасьля таго, як гэта вырашылі ў Беларусі.
Стагодзьдзі войнаў ды акупацыяў прызвычаілі нас глядзець на Расею або па-рабску, або варожа, спадылба, і бясьсіла ўглядацца вакол: скрозь мат, расейшчына й улада Крамля. Але Госпад Бог невыпадкова даў нам супэрсуседа – самую буйную краіну ў сьвеце. Дзяржава, якая жыве паводле прынцыпу Кацярыны: "Людзі народзяцца, а землі – не", адкрывае для беларускай місіі велізарныя прасторы Азіі.
Беларусь адзіная, хто можа перамагчы ў Расеі імпэрыю.
Супрацьстаяньне Расеі й Беларусі – з разраду эпічных бітваў чалавечае гісторыі. Так змагаліся Ірляндыя з Ангельшчынай, Сэрбія з асманамі або Ізраіль з Рымам.
З XV ст. Масква, якой не давала спакою найменьне галоўнай, незалежнай, сьвятой Белай Русі, спрабавала праглынуць і ператравіць Беларусь, а Беларусь у адказ спрабавала ператварыць Расею хрысьціянскім уплывам, культурай і, урэшце рэшт, самаахвярнасьцю.
Вялікае Княства Маскоўскае мангола-татарскае іга выхавала як дэспатыю ардынскага кшталту. Ужо ў XV ст. Масква ўзяла шлюб са сьмяротна хворай Бізантыяй, абвесьціла сябе Трэцім Рымам і распачала агрэсіўныя войны, а ў часы Івана Жахлівага набыла пазнавальныя абрысы: "Чудище обло, озорно, стозевно и лайяй!.."
Іван сапраўды аказаўся жахлівы. Геапалітычнае сутыкненьне з ВКЛ і суперніцтва за славянскае лідэрства раз і назаўжды зрабілі Беларусь галоўнай праблемай Расейскай імпэрыі на шляху экспансіі ў Эўропу, галаўным болем крамлёўскае ваеншчыны й насычэньнем галоднае Расеі працоўнай сілай, гарматным мясам ды вялікімі талентамі.
Ужо тады Беларусь, адчайна абараняючы ўсходнія межы, намагалася перамагчы імпэрыю эвангелізацыяй. Скарына павёз у Маскву Бібліі – спалілі. Федаровіч і Мсьціславец усё-ж такі распачалі тут друк Сьвятога Пісьма – выгналі. У гэты ж момант цар нанёс удар у сэрца Полацку. Іскры беларускай Рэфармацыі запальвалі сярод расейскіх мяшчанаў агмяні, гатовыя выклікаць выбух – але апрычніна й артадоксы тут жа гасілі іх на калох і дыбах.
Імпэрыя ўжо ацаніла сілу супраціўніка. Адгэтуль яе глябальнай мэтай стала поўнае й безагаворачнае зьнішчэньне Беларусі. У страшнай вайне 1654 – 67 гг. загінуў кожны другі беларус. Паўночная вайна забрала яшчэ 800 тысячаў жыцьцяў.
Нарэшце, напрыканцы XVII ст. зьнясіленую да страты прытомнасьці краіну Расея акупавала цалкам.
Беларусь усё яшчэ была жывая – і ўсё з той жа непамыснай любоўю да ворагаў прасьвятляла, дабраслаўляла й ратавала Расею. Сімяон Полацкі стварае ў Маскве першую партыю "заходнікаў" і спрабуе выхаваць эўрапейцам малога Пятра I. Мялет Сматрыцкі навучае Ўсход пісьмовасьці, Ільля Капіевіч распрацоўвае для расейцаў шрыфты й падручнікі. Палонныя беларускія рамесьнікі ствараюць шэдэўры духовага мастацтва, ад іканастасаў да саміх абразоў, у маскоўскіх храмах і манастырах...
Гэта паражае да глыбіні душы. Нават у апагеі магутнасьці, зь межамі ад Ціхага да Атлянтычнага акіяну, Расейская імпэрыя настолькі баялася маленькай, ледзь дыхаючай Беларусі, што выкараняла і яе мову, і веру, і забараняла нават імя. Скасаваньне Статуту ВКЛ, ліквідацыя вуніі й перайменаваньне ў "Северо-Западный Край" праводзіліся гэнэралам-губэрнатарам Мураўёвым ужо як пахаваньне. Тое, што не дарабіў расейскі штык, мусіла дабіць расейская царква і расейская школа.
Але неверагодны Контарнаступ цэлай дыяспары геніяў, якім Беларусь адказала на гэта Расеі ў XIX ст, належыць да найвялікшых цудаў нашай гісторыі. Міхаіл Глінка, аўтар расейскага гімну й заснавальнік расейскае музычнае клясыкі, Хведар Дастаеўскі, самы хрысьціянскі пісьменьнік Расеі, яе прарок, Неміровіч -Данчанка, Стравінскі й Барадзін, Грыбаедаў, Рымскі-Корсакаў, Пісараў, Бунін выклікалі сьветапоглядную рэвалюцыю знутры імпэрыі й літаральна пераплавілі расейскае грамадзтва высокай, натхнёнай, духовай культурай. Параза імпэрыі была прадвырашаная.
XX стагодзьдзе вялізнымі крыжамі перакрэсьліла Расею як імпэрыю – менавіта ў Беларусі.
У 1898 г. у Менску зьбіраецца I зьезд РСДРП – партыі, якая разбурыць старую Расею да асноваў.
У 1915-17 гг. у Магілёве, у стаўцы I Сусьветнай вайны, расейскі цар Мікалай II дачакаецца развалу гіганцкае дзяржавы і вырачацца прастолу, так і не даехаўшы да Піцеру.
Потым – Берасьце: заключаецца вядомы “Берасьцейскі мір” бальшавікоў зь немцамі, праз 20 гадоў пасьля якога, з пактам Молатава-Рыбэнтропа вэрмахт і Чырвоная армія наладзяць сумесны парад – і вось, праз 2 гады гітлераўцы возьмуць штурмам Берасьцейскую крэпасьць і накіруюць галоўны ўдар супраць Расеі празь Беларусь.
Белавеская пушча 1991 г. падвядзе рысу пад 70-гадовым існаваньнем СССР. Звыш-Расея, што дасягнула кульмінацыі ў самай страшнай за ўсю гісторыю чалавецтва таталітарнай, агрэсіўнай і бездуховай Імпэрыі зла – рухнула на самай мяжы захопленае Беларусі.
Прызначэньне Менску сталіцай СНД ды Менскія перамовы па Украіне - астатнія сутаргі Расейскай Імпэрыі.
Бо Беларусь любіць Расею той невытлумачальнай, найвышэйшай любоўю, якая сьцьвярджае: “Любіце ворагаў вашых, дабраслаўляйце кляцьбітаў вашых, рабіце дабро ненавісьнікам вашым і маліцеся за крыўдзіцеляў вашых". (Мацьвея, 5:44) Калі ў Расею можна толькі верыць – Беларусь можа толькі любіць.
Закон гісторыі: Расеі як імпэрыі наканавана пацярпець крах менавіта праз хрысьціянскую Беларусь.
І, адпаведна, празь любоў, малітву й слова Беларусі – ад імпэрскасьці збавіцца.
З кнігі "Люблю Беларусь"

Беларускае пратэстанцтва 18:32 19/09/15 67


“Праведны вераю жыць будзе!” (Да Рымлянаў 1:17) – з гэтым пратэстным лёзунгам Марціна Лютэра супраць папскіх індульгенцыяў у кастрычніку 1517 г. пачалася сусьветная пратэстанцкая рэвалюцыя.

У гэтым жа 1517-м, у сталіцы гусіцкае Рэфармацыі Празе вялікі Францыск Скарына надрукаваў першыя кнігі Бібліі на беларускай мове – і стаў прадвесьнікам пратэстантызму для Беларусі.

Пратэстанцтва – пратэст супраць скажэньня Божай ісьціны, ускладненьня эвангельскай простасьці, засільля рэлігійнага фармалізму; пратэст, што вяртае чалавеку абсалют асабістай веры. Пратэстанцтва – гэта пратэст супраць вечнага фарысейства й маральнага застою; той праведны ўнутраны пратэст, які рвецца з сэрца сярод усеагульнай абыякавасьці й кідае выклік самай прыгожай, велічнай і захапляючай бездуховасьці.

Пратэстанцтва аўтаматычна азначае прадпрымальнасьць, дух капіталізму й этыку посьпеху, на якіх трымаецца ўся эўраатлянтычная цывілізацыя. Пратэстанцтва – гэта 720 мільёнаў вернікаў ва ўсім сьвеце: ЗША, Нямеччыне, Ангельшчыне, Скандынавіі, Афрыцы, Паўднёвай Карэі...

Пратэстанцтва (ад лацінскага “protestans” – які публічна даказвае) цягам усяго Новага Запавету гісторыі Беларусі выконвала ролю сьвечкі запальваньня ў рухавіку нацыянальнага хрысьціянства. Кальвіністы XVI ст., баптысты й пяцідзесятнікі пачатку ХХ ст., эвангелісты на мяжы ІІ і ІІІ тысячагодзьдзяў у маладых і актыўных гарадзкіх асяродках ініцыявалі тыя ўспышкі, якія затым зараджалі энэргіяй, пераўтварэньняў і каталіцызм, і праваслаўе, і няверуючых у маштабах усяе краіны, і рабіліся сыгналем абуджэньня.

Менавіта пратэстанцкая Рэфармацыя XVI ст. сталася пачаткам новай эры ў гісторыі Беларусі.

Пратэст веры супраць рэлігіі, зьместу супраць формы, жыватворнага Духа супраць зьмярцьвелае літары – прышэсьце Хрыста! – ствараў нацыю й потым штораз уваскрашаў яе пасьля пакутаў, ахвяраў і пахаваньняў.

Новы Запавет, эпоха Эвангельля, прымушае нас ўважліва прааналізаваць беларускае пратэстанцтва як наймацнейшы хімічны элемэнт у рэакцыі нацыянальнага сынтэзу.

Адзін з прабацькоў эўрапейскага пратэстанцтва, паплечнік Яна Гуса Геранім Праскі, прапаведваў у ВКЛ яшчэ з дазволу й у прысутнасьці Вітаўта ў 1413 г.

Роўна праз 150 гадоў, у 1553-м, з заявай Мікалая Радзівіла Чорнага ў Беларусі выбухнула кальвінская Рэфармацыя, што ахапіла магнацкую эліту, частку шляхты й мяшчанства. Сіла гэтага выбуху ўзбурыла і каталіцтва, і праваслаўе духовай рэвалюцыяй Залатога веку.

На працягу XVIII-XIX стст., у эпоху вялікага ўпадку Беларусі, пратэстантамі заставаліся хіба нямецкія гандляры, швэдзкія жаўнеры й жменька шляхты. Але ўжо ў пачатку ХХ ст. на Берасьцейшчыне й у буйных гарадох Беларусі – у зоне колішняй кальвінскай Рэфармацыі! – лічы, зьніадкуль узьніклі сотні грамадаў баптыстаў і пяцідзесятнікаў.

Гэтак жа й беларускае адраджэньне пасьля развалу СССР суправаджалася бурлівым аднаўленьнем эвангельскіх цэркваў: па колькасьці прыходаў (больш за 1000 зарэгістраваных) пратэстанты ўжо сёньня ўдвая апераджаюць каталіцкі касьцёл і канкуруюць з праваслаўем.

Беларускае пратэстанцтва дала сьвету элітарную ўспышку Рэфармацыі ў XVI ст. (самы глыбокі кальвінісцкі прарыў на Ўсход), “Берасьцейскую Біблію” Мікалая Радзівіла, бліскучую публіцыстыку Андрэя Воляна, паэзію Андрэя Рымшы й Саламона Рысінскага, Слуцкую гімназію, адну зь лепшых у тагачаснай Эўропе эвангельскіх школаў, уплыў рэфарматаў на праваслаўную царкву цягам XVI-XVII стст., найбуйнейшую ва Ўсходняй Эўропе царкву Лукаша Дзёкуць-Малея ў Берасьці на пачатку ХХ ст., гераічных “баптыстаў-антысаветчыкаў” пасьляваеннае Беларусі, знакамітую “Біблію” Яна Станкевіча, і факт рэкорднага росту хрысьціянскіх суполак падчас рэлігійнага рэнэсансу з крахам СССР.

Беларусь гістарычна заняла нішу пратэстанцкага агменю Ўсходняй Эўропы – місіянерскага цэнтру, што рассыпаў снапы іскраў у Расеі, Украіне, Польшчы. Друк Скарыны, радзівілаўская Біблія, “Катэхізм” Буднага прызначаліся для ўсяго агромністага рэгіёну.

Беларускае пратэстанцтва ажыўляла закамянелую ўсходнюю традыцыю й расплаўляла нясучыя канструкцыі заходняга прагматызму палкай і дзейснай верай. Эвангельская вера вызваліла ў сэрцы Эўропы найчысьцейшай вады простасьць і шчырасьць, рэлігійнае натхненьне, сьціпласьць у зьнешніх праявах і ўнутраную моц духу.

Таму беларускія пратэстанты – зьява наколькі яркая, настолькі й натуральная. І хаця зараз атэістаў, агностыкаў ды й вернікаў іншых канфесіяў палохае ў эвангеліках моцная пасыянарнасьць і пурытанскі максымалізм, пратэстанцтва – веравызнаньне для Беларусі такое ж традыцыйнае, як праваслаўе, каталіцызм або вунія.

Пратэстанцтва дагэтуль – самая актыўная й дынамічная частка ў тройцы беларускага хрысьціянства. Зараз моладзь, інтэлігенцыя, прадпрымальнікі выбіраюць пратэстанцтва як найбольш сучасную й эфэктыўную форму веры – тэхналягічную, ініцыятыўную й тым жа часам простую ва ўмовах супярэчлівай і сумятлівай постмадэрнісцкай цывілізацыі.

Таму беларусізацыя пратэстанцтва – найважнейшая задача нацыянальнай ідэі сёньня.

Як і ў XVI ст., глыбокі духовы сон Беларусі патрабуе новага хрысьціянскага паўстаньня. Рэвалюцыі ў эпоху разлажэньня спажывецкага грамадзтва, панаваньня інтэрнэту й глябалізацыі.

Сапраўднага, сьвятога пратэсту, які мкнецца з глыбіні абуджанай душы: “Усупраціўцеся д’яблу, і ўцячэ ад вас”! (Якава, 4:7)

З кнігі "Люблю Беларусь"

Беларускае праваслаўе 17:15 12/09/15 16


Праваслаўе – адзін з трох асноўных элемэнтаў беларускага хрысьціянства.

“Правільна славіць Бога”, “праўда” і “слава”, права і слова, перададзеныя праз славянства – вось як расшыфроўваецца зь беларускай праваслаўе. “Бо слова Гасподняе – правае, і ўсе дзеі Ягоныя правільныя”. (Псальмы 32:4)

І як у чалавечым мозгу правае паўшар’е адказвае за пачуцьці, вобразнае мысьленьне, інтуіцыю, архетыпы – так і праваслаўе (усход на мапах справа) увасобіла ў фэнамэнальным беларускім сынтэзе пачуцьцёвую духовасьць, узвышаную вобразнасьць, сымбаль і традыцыю.

Агаворымся адразу: гэта беларускае праваслаўе. Просьба ня блытаць з РПЦ.

Беларускае праваслаўе – зьява гістарычна, рэлігійна і сьветапоглядна іншая, чым маскоўская артадаксія. Сутнасна іншая! Беларускае праваслаўе дэмакратычнае, жывое, талерантнае, заўжды адрозьнівалася ад маскоўскага цемрашальства, дэспатызму й догмы, выпаленай калёным жалезьзем.

Натхнёная беларускай ласкавасьцю й цярплівасьцю, каталіцкай лёгікай і гармоніяй, гарачынёй і прагматычнасьцю пратэстанства, наша праваслаўная царква, называная ў Расеі “літоўскай схізмай”, была тым хрысьціянствам на ўзыходзе сонца, якога нам сёньня так не стае ў шматлікіх беларускіх прыходах Маскоўскага патрыярхату.

Пачынаючы з адраджэньня XII стагодзьдзя, з эпохі Эўрасіньні Полацкай, Кірылы Тураўскага й Кліма Смаляціча, Беларусь была жыцьцёва важным цэнтрам сусьветнага праваслаўя ва Ўсходняй Эўропе. Ад мангола-татарскага нашэсьця й заняпаду Кіева да краху Канстаньцінопаля менавіта незалежная, чыстая Белая Русь непарыўна захоўвала й разьвівала сакральнае сьвятло праваслаўнай традыцыі.

Не падступнасьць і фарысейства, перанятае ад Бізантыі Маскоўшчынай, а духмяную раскошу рытуалу й патрыстыкі, мастацкую глыбіню й пышнасьць патасу, насычаную пернай усходняй спэцыфікай.

І менавіта беларускаму праваслаўю давялося адстойваць гэтыя багацьці перад драпежным цэзарысцкім “Трэцім Рымам”. Беларускае праваслаўе, тэктанічная аснова канфэсоніму “Беларусь” у складзе ВКЛ – айчына князя Альгерда й Андрэя Полацкага, Канстаньціна Астроскага й Мялета Сматрыцкага, Афанасія Філіповіча й Пятра Магілы, сярэднявечных гарадскіх брацтваў, цудоўных храмаў полацкай Сафіі, гарадзенскай Каложы, віцебскага Дабравешчаньня й магілёўскай Мікалаеўскай царквы, унікальнага іканапісу й бліскучай тэалягічнай літаратуры на беларускай, царкоўна-славянскай, польскай, расейскай, грэцкай і лаціне.

Беларускае праваслаўе абараняла нацыянальную і духовую ідэнтычнасьць і ад заходніх, і ад усходніх пагрозаў самастойнымі мітраполіямі, царкоўнымі рэформамі й магутным грамадзкім рухам месьцічаў. Але вунія, казацкія бунты й падпарадкаванне ўсіх усходнеславянскіх цэркваў напрыканцы XVII ст. Маскве прадвызначылі крывавы закат нашай 700-гадовая правае славы й на стагодзьдзі пагрузілі наш Усход у рабства імпэрыі. З тае пары ў Беларусі час ад часу плачуць абразы.

Праваслаўе нельга абвінавачваць у здрадзе Беларусі. Бо гэта праваслаўе напоўніла Беларусь эвангельскім Словам з грэцкіх першакрыніцаў.

Гэта праваслаўе надало беларускай узьнёсласьці важкай формы, вытанчанасьці, урачыстага аб’ёму.

Гэта праваслаўе на паўтысячагодзьдзя зрабіла нашу краіну эпіцэнтрам усяе царкоўнаславянскае цывілізацыі.

Кірылічнае пісьмо, прызнаньне БНР патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Ціханам у 1918 г., 1500 прыходаў зь мільёнамі вернікамі – вось толькі некалькі фундамэнтальных сьведчаньняў выключнай важнасьці праваслаўнага пытаньня для Беларусі.

А Беларусь для праваслаўя – гэта нешта і яшчэ большае.

Беларусь зьявіла сьвету народнае, талерантнае, адкрытае праваслаўе XII-XVI стст. – ідэал сёньняшніх дзён.

Беларусь 1000 гадоў зьмякчала сабой строгі ўсходні абрад і штораз асьвяжала адчуваньне сястрынскае блізіні з заходнім хрысьціянствам.

Беларусь падаравала Царкве Эўфрасіньню Полацкую, Кірылу Тураўскага, мітрапаліта й багаслова Сільвестра Косава, які рэфармаваў праваслаўе ВКЛ і Польшчы, Пятра Магілу, чыё “Праваслаўнае спавяданьне веры” было прынятае як афіцыйная дактрына сусьветнага праваслаўя, мітрапаліта Мельхісэдэка, што супрацьстаяў бальшавізму ў 20-х гг. XX ст...

Нарэшце, менавіта праз праваслаўе Беларусь ажыцьцяўляла сваю апостальскую місію на Ўсходзе – друкавала кнігі й пераклады, пашырала асьвету, навуку, адукацыю.

Расейскія гістарыёграфы прызнаюць, што, напрыклад, у XVII ст. беларускі ўплыў ахапляў практычна ўсю сфэру духовага жыцьця Расеі: багаслоўе, карэкцыю Сьвятога Пісьма й службовага тэксту, казаньні, царкоўнае й хатняе пяяньне, ноты, правапіс, утрыманьне бібліятэкаў і нават кшталт вопраткі.

Гіляры Рагалеўскі зь Меншчыны – архімандрыт у Маскве тых часоў, у Данскім Манастыры, а затым казанскі япіскап; Амброжы Юшкевіч зь Віленшчыны – япіскап Валагодзкі; Гедэон Вішнеўскі з Ашмяншчыны – рэктар Маскоўскай акадэміі й япіскап Смаленскі; Платон Петрушкевіч зь Віцебшчыны – япіскап Уладзімірскі...

Дагэтуль, самай сьветлай плямай духовай гісторыі Расеі застаецца яна, праваслаўная Беларусь. Дагэтуль расейцы адчуваюць да гэтага месца інтуітыўную роднасьць. Вось адкуль карані праславутага братэрства!

Беларускае праваслаўе – гэта салідарнасьць веры й тысячагадовая сіла духу.

Беларускае праваслаўе – гэта простасьць і шчырасьць правільных словаў.

Беларускае праваслаўе – гэта сьветлыя храмы з паўсфэрычнымі купаламі, вострымі сьпічакамі й эўфрасіньнеўскім крыжам, а не запазычаньні з маскоўскімі “цыбулінамі” – горкімі пладамі акупацыі.

Беларускае праваслаўе – гэта змаганьне за сваю беларускасьць. Такое рэдкае зараз – але яшчэ не страчанае цалкам!

Цяпер, пасьля 300 гадоў правінцыйнае цемрадзі, у век праваслаўнага атэізму, сучасная Беларусь адчайна вымагае сьвятасьці, моцы й падзьвіжніцства Полацка ХІІ ст., Віцебска XIV ст., Магілёва XVІІ ст.

Бо толькі адраджэньне сапраўднага беларускага праваслаўя – вольнага й слаўнага, што гучыць на роднай мове – здольнае ажывіць усю поўню веры, надзеі й любові ў хрысьціянскім сэрцы Эўропы.

З кнігі "Люблю Беларусь"

Як Беларусь ператварала Польшчу 21:09 04/09/15 55



Калі ўзрушаная хрысьціянскім абуджэньнем XVI стагодзьдзя Вялікая Літва пад пагрозай маскоўскай акупацыі злучылася з Польшчай, і Контаррэфармацыя пачала паланізацыю Беларусі – духовая, узьнёслая, рамантычная беларушчына хлынула насустрач ёй на Захад, аддаючы Кароне ўсю сябе .
Беларусь – радзіма патрыярха польскае літаратуры Адама Міцкевіча, галоўных пісьменьнікаў Рэчы Паспалітай эпохі Асьветніцтва Франьцішка Багамольца, Адама Нарушэвіча, Франьцішка Князьніна, Юльяна Нямцэвіча; клясыкаў прозы й паэзіі, ад Уладзіслава Сыракомлі да Генрыка Сянкевіча.
Беларусь стварыла Польшчы опэру й сымфонію, падаравала ёй нацыянальны гімн і палянэз Агінскага.
Каталіцызм і лаціна, рацыянальныя й бліскучыя, кшталтавалі натхнёную й паэтычную беларускасьць, расхінаючы перад ёю ўсю Эўропу. Дзякуючы гэтаму, Міцкевіч здолеў стаць сусьветным лідэрам рамантызму, а гістарычныя раманы Генрыка Сянкевіча, ляўрэата нобэлеўскай прэміі, чытала ўся плянета.
Менавіта таму "Пан Тадэвуш", "Дзяды", "Крыжакі", "Патоп" захавалі для чалавецтва цэлую Вялікую Літву ў вобразах, легендах і асобах. А якую яшчэ папулярную мастацкую літаратуру пра раньняе хрысьціянства мог афіцыйна ўхваліць Ватыкан, як ня "Quo Vadis"!
Магутны, усепаглынальны беларускі ўплыў дагэтуль віруе ў польскае музыцы. Бацька польскай опэры – беларус Станіслаў Манюшка. Пачынальнік польскага сымфанізму – наш Мечыслаў Карловіч. Найвядомейшы ў сьвеце палянэз – Міхала Клеафаса Агінскага.
Зь Беларусі ў Польшчу ўвесь час веяла духовасьцю – ад часоў пабожнага Ягайлы, ад "Берасьцейскай Бібліі", выдадзенай на польскай мове, Мікалая Радзівіла Чорнага, "Новага Запавету" Буднага, ад каталіцкай, пратэстанцкай, вуніяцкай, праваслаўнай публіцыстыкі па-польску. І нездарма: паглядзіце на сёньняшнюю хрысьціянскую Польшчу, радзіму Папы Рымскага Яна Паўла Вялікага!
Больш ідэалу!
Больш рамантызму!
Больш духу!
Так гучыць перададзенае праз польскую культуру беларускае пасланьне Захаду.

З кнігі "Люблю Беларусь"

Полацкая Сафія 11:46 29/08/15 52


Белая бажніца на беразе Дзьвіны.

Дзьве ажурныя вежы, ансамбль ветразяў, што вядуць скрозь гісторыю цэлы горад-карабель. Узмах белых крылаў, які злучае зямлю зь нябёсамі...

Полацкай Сафіі няма роўных сярод усіх пазнавальных і ёмістых відарысаў Беларусі.

Полацкая Сафія – галоўны храм Беларусі.

Пабудаваная ў сярэдзіне ХІ ст. як сэрца нашай першай сталіцы, яна на ўсё наступнае тысячагодзьдзе стала сымбалем беларускай незалежнасьці й духовай велічы. Уласьцівыя усім фэномэнам, сабраным пад гэтай вокладкай, сьветлыя й пранізьлівыя рысы, быццам у яркай успышцы, сфакусаваныя ў цудзе Сьвятое Сафіі.

Велічны храм, Сафійскі сабор паставіў Полацк у адзіны шэраг з галоўнымі хрысьціянскімі цэнтрамі таго часу. Больш таго – ён зрабіўся цэнтрам нацыянальнай крышталізацыі.

Катэдра полацкай праваслаўнай епархіі XI-XVI стст. й вуніяцкая сьвятыня XVII-XIX стст. сымбалічна сплавіла ўвадно Ўсход і Захад сусьветнага хрысьціянства. Узьведзеная ў 1044-1066 гг., Сафія сталася беларускім адказам на раскол усяленскай царквы ў 1054 г. Адгэтуль яна будзе яднаць у пабожным шанаваньні і праваслаўных, і каталікоў – і на 200 гадоў зробіцца цэнтральным храмам грэка-каталіцкай вуніі.

У Полацкім саборы адбываліся галоўныя урачыстыя цырымоніі. Ля сабора зьбіралася веча. Тут утрымлівалася бібліятэка. Храм быў сарцавінай і духоўнага, і грамадзкага, і палітычнага жыцьця, і асьветы, і культуры цягам стагодзьдзяў.

Храм-крэпасьць у Старым Запавеце гісторыі, пасьля перабудовы ў 1738-50 гг. намаганьнямі геніяльнага Глаўбіца яна стала храмам-постацьцю, увасабленьнем сьветліні й узьнёсласьці Новага Запавету. Грандыёзнае ператварылася ў грацыёзнае.

Полацкая Сафія, полацкая Мудрасьць! Тут маліліся Ўсяслаў Чарадзей і Эўфрасіньня, Францыск Скарына й Леў Сапега, тут вырашаліся лёсы Полацкага княства й вуніяцкай царквы... Дзесьці тут, у багавейным маўчаньні, у таемных шэптах рэха, у гуках аргану можна прачуць усю глыбіню містычных акордаў беларускай гісторыі.

Лёс Полацкай Сафіі канцэнтруе ў сабе і драму самой Беларусі. Духовы подзьвіг. Аблогі. Разбурэньні. Перабудовы. Перадача ад праваслаўных да вуніятаў і наадварот. Разьня Пятра І перад алтаром. Выбух парахавых складаў, зробленых у храме расейскім войскам. Захоўваньне крыжу Эўфрасіньні Полацкай. Музэй і канцэртная заля ў савецкія часы...

Калі глядзіш на гэтае бліскучае віленскае барока, збудаванае на падмурках яшчэ таго храму ХІ ст., на гэты паветраны й сьветлы шэдэўр – ты бачыш само беларускае ўваскрасеньне. Чысты, ясны, захапляючы вобраз.

Да Сафіі падыходзіш, як да праведніка ў белым, як да старца-мудраца, як да апостала.

Храм-анёл удзень, храм-сьвяча ўначы, Сафія – ясны нацыянальны арыентыр, пастаўлены ў полацкім пачатку каардынатаў.

З кнігі "Люблю Беларусь"


Пагоня 11:07 21/08/15 4


Так і хочацца падхапіць легендарны хіт зь “Няўлоўных мсьціўцаў”:

Пагоня, пагоня, пагоня, пагоня

Ў гарачай крыві!

Бо ў беларусаў Пагоня сапраўды ў крыві.

“Пагоня” – адзін з ключавых беларускіх сымбаляў. Вершнік зь мячом ляціць наўздагон захопнікам.

Герб “Пагоня” – трэцяя іпастась беларускай Тройцы. Рух, імкненьне, ідэал волі й рашучасьці, вобраз духовага пачатку. Сымбаль Духа!

“Пагоня” раскрэсьлівае гісторыю Беларусі, быццам гербавы шчыт, на стагодзьдзі дзяржаўнасьці.

У 1293 г. яна зацьвярджаецца як герб ВКЛ: паводле Густынскага летапісу, князь Віцень “нача княжити над Литвою, измысли себе герб и всему княжеству печать: рыцер збройны на коне с мечем, еже ныне наречут Погоня”. 500 гадоў “Пагоня” была дзяржаўным гербам Вялікага Княства, і толькі ў 1795 г., з апошнім разборам Рэчы Паспалітай, была зьмененая двухгаловым расейскім арлом.

Празь 200 гадоў, напрыканцы 1991-га, з абвешчаньнем Рэспублікі Беларусь, “Пагоня” зноў займае варту ля ўваходаў ува ўсе афіцыйныя ўстановы – але ў 1995-м адмяняецца Лукашэнкам і застаецца значкамі адно на грудзях у адраджэнцаў.

“Пагоня” абавязкова вернецца – бо ў гэтым яе сэнс. Усе сем стагодзьдзяў “Пагоня” была эквівалентам вяртаньня, аднаўленьня, адраджэньня, справядлівасьці й свабоды. “Рыцар збройны на кані”. Шчыт з крыжам. Моцная й прыгожая сіла ў змаганьні са злом. Пагоня як вагонь – палае, гоніць, даганяе, дасягае, перамагае!

Толькі ў сэрцы трывожным пачую

За краіну радзімую жах –

Успомню Вострую Браму сьвятую

І ваякаў на грозных канях...

“Пагоня”, народнае рушаньне, адпор татарам, крыжакам, маскалям зьявілася ў гісторыі разам зь Беларусьсю. “Пагоня” была гербам Полацка й Новагародка; яна ж, як пячатка, зацьвердзіла беларускасьць ВКЛ. Велікакняскія прывілеі – “Пагоня”. Дакумэнты Літоўскае мэтрыкі – “Пагоня”. Усе тры Статуты – “Пагоня”!

“Пагоня” – беларускі адказ на акупацыі. Ваяры Вітаўта пад Грунвальдам, лятучыя гусары Хадкевіча, коньніца паўстанцаў Касьцюшкі й Каліноўскага – усё гэта была пагоня. Нашаніўцы, беларуская нацыянальная партызанка й Народны Фронт канца XX ст зьбіраліся як пагоня й падымалі “Пагоню” на харугвы.

У “Пагоні” зашыфраваны і бел-чырвона-белы сьцяг Хрыста. У сярэднявечнай Эўропе штандары рабілі зь гербаў: колер выявы – верхняй паласой, колер тла – сярэдняй, шчыта – ніжняй.

“Пагоня” – наш сымбаль перамогі: беларус на кані!

“Пагоня” – знак беларускай місіі: рушаньне супраць цемры, прыгнёту, нянавісьці й рабства.

ПАГОНЯ, быццам пераможны крык, які таіўся вякамі, вырываецца з грудзей беларуса з кожным абуджэньнем. І тады імклівы вершнік “Пагоні” зь біблійнага Адкрыцьця ўстае на дыбкі! “Я зірнуў, і вось конь белы, і на ім вершнік, які меў лук, дадзены яму быў вянок, і выйшаў ён як пераможны й каб перамагчы” (Адкрыцьцё 6:2).

У гэтым месцы ўжо чуецца, чуецца грукат капытоў:

У белай пене праносяцца коні

Рвуцца, мкнуцца і цяжка хрыпяць

Старадаўняй Літоўскай Пагоні

Не разьбіць,

Не спыніць,

Не стрымаць!

З кнігі "Люблю Беларусь"


Беларускае настаўніцтва 19:52 14/08/15 19



Беларусь – краіна-настаўніца.

Беларусы зь Бібліяй у руках стагодзьдзямі вучылі ўсю Ўсходнюю Эўропу на царкоўнаславянскай, лаціне, польскай, грэцкай, старабеларускай.

Кірыла Тураўскі, Іван Федаровіч, Сімяон Полацкі, Пятро Магіла, Мялет Сматрыцкі настаўлялі народы, быццам клясы.

Беларускае выкладаньне Сьвятога Пісьма, беларускую азбуку, граматыку, лексыку, юрыспрудэнцыю, этыку, літаратуру й музыку ў вялізнай гуманітарнай школе засвойваў цэлы славянскі сьвет.

Вобраз вучыцеля ў самой Беларусі стаў хрэстаматыйным – а навучаныя нацыі, як і належыць, настаўнікаў хутка забылі.

Увесь сэнс унікальнага беларускага настаўніцтва заключаўся ў апостальскім, душпастырскім выкладаньні. Сутнасна хрысьціянская, талерантная, з моцным дарам самазабыўнага служэньня, Беларусь зрабілася нацыяй-прапаведніцай – бо настаўніцтва куды больш катэгорыя духу, чым розуму.

Беларусь пачала выкладаць рана – у Полацку Эўфрасіньні, Тураве Кірылы, Смаленску Кліма й Аўрамія, галоўных цэнтрах сярэднявечнае хрысьціянскае асьветы. У той самы час, калі заходнеэўрапейскі каталіцызм змагаўся з альбігойцамі, засноўваў інквізыцыю й абвяшчаў крыжовыя паходы, а бізантыйскае праваслаўе заглыблялася ў догмы й каноны – беларускае хрысьціянства ператваралася ў місіянерскую катэдру эвангельскага вучэньня ў самым цэнтры Эўропы.

Увесь Новы Запавет нашае гісторыі – час апостальства. Пачынаючы з XVI ст., духова сталая Беларусь вучыла суседнія народы ў іхнім дзяцінстве й юнацтве: расейцаў, украінцаў, жмудзінаў, малдаванаў. За апошнія паўтысячагодзьдзя Беларусь давала хрысьціянскія ўрокі і палякам, і французам, і габрэям.

"Біблія" Скарыны, 1517 г., "Катэхізіс" Буднага 1562 г., Берасьцейскі шэдэўр Радзівіла 1563 г., "Буквар" Федаровіча 1574 г., "Лексіс" Лаўрэна Зізанія 1596 г., "Алгарытм, або навука лічбы" Яна Карчана 1602 г., "Граматыка Славянская" Мялета Сматрыцкага 1619 г., "Дыдаскалія" Сільвестра Косава 1637 г. – галоўныя міжнародныя падручнікі тае эпохі.

Адзін толькі Ільля Капіевіч, навучэнец знакамітай Слуцкай кальвінскай гімназіі, падрыхтаваў і выдаў для Расеі блізу двох дзесяткаў кнігаў навучальнага й асьветніцкага характару: па граматыцы, арыфмэтыцы, астраноміі, гісторыі, а яшчэ першую ў Маскоўшчыне мапу зорнага неба, а яшчэ шэраг слоўнікаў, а яшчэ распрацаваў грамадзянскі шрыфт, якім карыстаецца цяпер увесь кірылічны сьвет!

Сімяон Полацкі вучыў расейскіх цароў, а ягоны "Псалтыр рыфматворны" разам з "Граматыкай" Сматрыцкага называў брамай сваёй вучонасьці Міхайла Ламаносаў.

Наш Іван Ужэвіч у 1643 г. выдаў сваю “Граматыку” у Парыжы – на замову кардынала Рышэлье для ўпарадкаваньня тагачаснай францускай мовы на прыкладзе старабеларускай.

Тадышняя беларуская адукацыя – гэта Віленскі Унівэрсытэт, найстарэйшы й найбуйнейшы на Ўсходзе Эўропы, у якім адным напрыканцы XVIII ст. вучылася столькі ж студэнтаў, колькі ва ўсіх ВНУ Расейскай Імпэрыі, разам узятых; захапляючая канкурэнцыя брацкіх праваслаўных, кальвінісцкіх школаў, вуніяцкіх, піярскіх, езуіцкіх калегіюмаў.

Закон Божы – ў аснове ўсіх ведаў. Дэталі кшталтавалі ісьціну ў міжканфэсійным спаборніцтве й літаратурнае палеміцы. Перад гэтым настаўніцтвам, быццам студэнты з уваходам прафэсара, павінная ўстаць з-за партаў уся сярэднявечная Эўропа!

Адукацыя, аплодненая духовасьцю, нараджала ў Беларусі настаўніцкія фэномэны сусьветнага значэньня: Полацкую езуіцкую Акадэмію, дзе выкладалі сьвяцілы Эўропы й Амэрыкі; юдэйскія ешывы ў Валожыне, Міры, Слуцку, прадмет асаблівага шанаваньня любога прававернага габрэя на плянэце Зямля, кансьпірацыйныя таварыствы філаматаў ды філарэтаў у Віленскім Унівэрсытэце, якія далі нацыянальных герояў адразу некалькім краінам.

Беларусь магла навучыць нават мядзьведзя: жарты жартамі, але згадайце знакамітую Смаргонскую акадэмію!

А ўсё таму, што Беларусь мяняла душы народаў ня столькі ведамі, колькі верай і любоўю. Настаўнікі зь Беларусі засноўвалі цэлыя культуровыя школы ў суседзяў і пакідалі па сабе пляяды бліскучых вучняў: Міцкевіч і Дастаеўскі ў літаратуры, Глінка й Манюшка ў музыцы, Шагал і Малевіч у мастацтве.

Гены нацыянальнага настаўніцтва прывялі доктара філязофіі, матэматыка й пісьменьніцу беларуску Софью Кавалеўскую да пасады першай у сьвеце жанчыны-прафэсара – у Стакгольмскім Унівэрсытэце, у 1884 г.

Акупацыі апошніх стагодзьдзяў вынішчалі беларускую духовасьць і беларускую эліту – і адначасова забівалі беларускае настаўніцтва.

Як толькі беларуская адукацыя губляла хрысьціянскую соль, рабілася чужамоўнай і сьвецкай – яна ніякавела, і атрымлівала "двойкі" ад тых жа Польшчы, Францыі, Расеі.

Сучаснае савецкае настаўніцтва, у сваёй масе атэізаванае, запалоханае й прыніжанае, што моўчкі фальсыфікуе выбары – "бюджэтнікі"! – проста "не праходзіла" жыцьцяў вялікіх нацыянальных вучыцеляў.

Толькі нямногія разумеюць галоўную аксыёму: маральны аўтарытэт ня можа быць бязбожным. Разумнае, добрае, вечнае творыць не перадача інфармацыі, а менавіта настаўленьне душы.

Беларускаму настаўніцтву трэба зноў адчыніць Біблію ў Эвангельлі паводле Мацьвея, 28 разьдзел, вершы 19-20: "Дык ідзіце й навучыце ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца і Сына і Сьвятога Духа, вучачы іх выконваць усё, што Я запаведаў вам..."

Так сказаў Вучыцель.

Бо верыць у Бога, любіць і вучыць – вось яна, простая, як само Эвангельле, мэтадалёгія клясычнага беларускага настаўніцтва.


З кнігі "Люблю Беларусь"


Беларуская мова 12:12 08/08/15 12



Мова – плоць і кроў нацыянальнай ідэі.

Фэномэн слова найбольш поўна выяўляе ў нас вобраз і падабенства Божае: "Напачатку было Слова, і Слова было ў Бога..." (Яна, 1:1)

Народжаная ў вялікім Міжмоўі, беларуская мова стагодзьдзямі ўзбагачала суседзяў і прымала запазычаньні – але так і засталася найбліжэйшай да індаэўрапейскага санскрыту й самай чыстай са славянскіх.

Скрышталізаваная хрысьціянскім Сярэднявеччам, яна стала мовай першадрукара Бібліі ва Ўсходняй Эўропе, мовай эвангельскіх місіянераў у Расеі, Прыбалтыцы, Польшчы, Украіне, афіцыйнай мовай ВКЛ і сродкам дыпляматычных дачыненьняў у Балта-Чарнаморскім міжмор'і, ад Лівоніі да Валахіі.

Статус дзяржаўнай беларуская мова атрымала ўжо ў ХІV ст. – у той жа час, што і ангельская – і, між іншым, раней за францускую ды расейскую.

Выціснутая польскай у тоўшчу вуніяцкага сялянства ў Рэчы Паспалітай, забароненая імпэратарам Мікалаем І разам з назвай "Беларусь", яна стагодзьдзямі вучыла акаць окаянную Россию і дзякаваць няўдзячную Жмудзь.

Урэшце рэшт, яна вымкнула з самых глыбіняў у вершах Багушэвіча, п'есах Дуніна-Марцінкевіча й паэмах Купалы, каб Беларусь загучала зноў.

І нягледзячы на бальшавіцкі гвалт 1933 г., "зьліццё" й 70-гадовую русіфікацыю, паводле перапісу 1999-га больш 40% беларусаў пазначылі, што гутараць па-беларуску дома й 85,6% назвалі мову роднаю. Таму і ТБМ для Беларусі – не культурніцкая арганізацыя, а брэнд нацыянальнага Адраджэньня.

Ізьвесная трасянка, на каторай січас гаворыць бальшынство беларусаў, у цэлым захавала найбольш глыбінныя пласты – фанэтыку, граматыку й лад – жывое беларускае мовы, саступіўшы расейскай адно ў лексіцы. Таму поўнае аднаўленьне беларускасьці магчымае на працягу аднаго-двух пакаленьняў.

Беларуская мова ўнікальна паўнагалосная, з гаворкаю нарасьпеў. Паводле філялёгіі, гэта ёсьць адным з ключавых адрозьненьняў беларускай ад расейскай: “Рускі націск сілавы, ён моцна рэдуцыруе ўсе галосныя, апрача націскнога, літаральна сьцягваючы слова ў адзін вымаўляльны такт; беларускі ж націск характарызуецца даўжынёй (квантытатыўнасьцю), ды яшчэ з моцным тэмбравым абэртонавым раскочваньнем па ўсім складовым прасьцягу слова. Гэта – другое паўнагалосье, што адбылося ў пэрыяд узьнікненьня старабеларускай мовы, і якое не назіралася ў рускай.” (А. Яскевіч, “Сумежжа”)

Як ні стараліся захопнікі – мову ў нас не адняло.

Але беларускамоўнасьць яшчэ не азначае беларускасьці. Бо, як напісана да Карыньцянаў, 3:1: "Калі я гавару мовамі чалавечымі й анёльскімі, а любові ня маю, дык я – медзь звонкая або кімвал гулкі".

Мілагучная, вытанчаная, звонкая, паводле сьпеўнасьці другая ў Эўропе пасьля італійскае, з той празрыстай мяккасьцю, якой так бракуе цьвёрдай расейскай і якая ўжо невыпраўна шыпіць у польскай, напоўненая усім сумоўем Міжмор'я, прасякнутая эўрапейскай далікатнасьцю й налітая ўсёй славянскай сілаю – беларуская мова Самім Госпадам Богам створаная для словаў любові. Для сьлёзаў пакаяньня, малітвы й эвангельскай прамовы. Для палкае, пранізьлівае й узьнёслае пропаведзі Хрыста.

Мова веры, праўды, сьвятасьці, пяючая, захапляючая сваёй простасьцю, лёгкасьцю й мэлёдыкай – у беларускай ёсьць штосьці незямное, як у выдуманай эльфійскай ці нябёснай анёльскай.

Сучасная беларускамоўнасьць – безумоўная прыкмета эліты. Гаворыш па-беларуску – значыць, пісьменьнік, настаўнік або палітык.

Беларуская мова – гэта інтэлігентнасьць. Нават больш – гэта сама культурнасьць.

У аканьні й яканьні, зацьвярдзеньні "ч" і "р", дзеканьні й цеканьні, фрыкатыўным "г" і падаўжэньні зычных у інтэрвакальным становішчы беларускай мовы пераліваецца ўсё бруеньне водаў, смак солі й маміна малако, усе шумы беларускага лесу, сьпевы птушак, стогны болю й воклічы перамогаў усяе беларускае гісторыі.

У абаротах беларускае мовы спрацоўваюць твае гены, заводзяцца гармоны, зь яе іскрамі ўспыхвае мэнтальнасьць. У яе хвалях і рытмах пульсуе жывое Сэрца.

Размаўляць па-беларуску, перакладаць на беларускую, думаць на беларускай і слухаць беларускае – невымоўнае шчасьце для кожнага, хто нарадзіўся на гэтай зямлі.

З кнігі "Люблю Беларусь"

Магутны Божа 14:23 19/07/15 58


"Узьнясіся, Госпадзе, у сіле Тваёй: Мы будзем апяваць і славіць Тваю магутнасьць"! (Псальмы, 20:14)

Беларусы стварылі польскі гімн "Марш-марш Дамброўскі" й расейскі "Слаўся!". Беларусь сама – гімн хвалы Богу. Таму й нацыянальны беларускі гімн, духовы сьпеў на вершы Натальлі Арсеньневай і музыку Міколы Равенскага – гэта "Магутны Божа".

Сярод усіх урачыстых, народных, ударных хітоў, што маглі б стаць гімнам – "Ваярскі марш", "Пагоня", "Мы, беларусы", "Квітней, Беларусь!", "палянэз Агінскага або "Радзіма мая дарагая" – "Магутны Божа", як выдых, як сьпеў, як малітва з глыбіняў нацыянальнага духу гучыць наймацней.

Магутны Божа, Уладар сусьветаў

Вялікіх сонцаў і сэрц малых,

Над Беларусяй, ціхай і ветлай

Рассып праменьні свае хвалы!

"Магутны Божа" ўжо дзесяткі гадоў быў гімнам беларускай эміграцыі. У 1993 г., на хвалі адраджэньня незалежнасьці, менавіта яго прапанавала як дзяржаўны адмыслова створаная камісія Вярхоўнага Савета. А ў 2002 годзе ўрачысты грамадзкі сход у Менскім Палацы Мастацтваў абраў "Магутны Божа" гімнам усяго беларускага нацыянальнага руху.

Дай спору ў працы штодзённай, шэрай

На хлеб надзённы, на родны край

Павагу, сілу і веліч веры

У нашу праўду, у прышласьць – дай!

Ані слова пра славу народа, сілу ваяроў ці веліч дзяржавы. Сьціплая, шчырая, самаадданая малітва да Бога, спадзяваньне толькі на Найвышняга!.. У гэтым уся Беларусь.

Дай урадлівасьць жытнёвым нівам,

Учынкам нашым пашлі ўмалот,

Зрабі свабоднай, зрабі шчасьлівай

Краіну нашу і наш народ!

Гэта вам не рэвалюцыйная Марсэльеза, ня "Боже, царя храни!" і нават ня "God Save The Queen". Гэта малітва краіны, якая шмат разоў гінула за бліжніх, якая дала сьвету вялікіх апосталаў, місіянераў і геніяў, якая ня бачыць сэнсу ў выхваляньні, бо ведае, што яе сіла толькі ў Госпадзе.

"Магутны Божа" – гэта "Ойча Наш" па-беларуску. "Бог", "вера", "праўда", "свабода", "сэрца", "праца", "жытнёвыя нівы", "родны край", "ціхай і ветлай"... Ключавыя словы нацыянальнай ідэі!

"Магутны Божа" – трэцяя частка беларускай сымбалічнай трыяды: сьцягу, гербу й гімну. "Магутны Божа" у гэтае тройцы – як іпастась Бога-Айца.

“Магутны Божа”, хор малітвы, якую сьпявае народ на плошчах, стадыёнах, у залях і храмах, хор, у якім яднаецца й адкрываецца Свайму Творцу ўся нацыя, хор велічны й багавейны...

Не баявы? Затое які магутны!

З кнігі "Люблю Беларусь"

Крыж Эўфрасіньні Полацкай 15:53 11/07/15 10


"...Тады Ісус сказаў вучням сваім: калі хто хоча ісьці за Мною, хай адрачэцца ад сябе і возьме крыж свой і ідзе за Мною." (Мацьвея, 16:24).

Беларусь узяла свой Крыж Эўфрасіньні Полацкай і пайшла.

Крыж Эўфрасіньні – найдаражэйшая рэлігійная сьвятыня Беларусі. Каўчэг беларускі, які вандраваў праз усю нашу гісторыю. Вялікі сымбаль, што ў знакавыя моманты асьвячаў рухі беларускай душы. Залаты ключык, якім адчыняюцца шматлікія таямніцы беларускай нацыянальнай ідэі.

Шэдэўр старажытнага беларускага мастацтва, створаны ў 1161 г. на замову Эўфрасіньні Полацкай ювэлірам Лазарам Богшам, гэты ўзьвіжальны крыж зрабіўся сымбалем хрысьціянскага абуджэньня ХІІ ст. гэтак жа, як і Біблія Скарыны – сымбалем залатога XVI веку, а бел-чырвона-белы сьцяг – адраджэньняў ХХ ст.

Каўчэжац для захаваньня хрысьціянскіх рэліквіяў: кавалачкаў крыжу Гасподняга, сьвяшчэнных кропляў крыві ды мошчаў. Аснова кіпарысавага дрэва (менавіта на такім быў укрыжаваны Ісус) была абкладзеная залатымі пласьцінкамі, аздобленая каштоўнымі камянямі, пэрламі ды ўнікальнымі абразкамі-эмалямі з подпісамі славянскімі й грэцкімі літарамі. Шасьціканцовая форма, што стала затым традыцыйнай для Беларусі, сымбалізавала стварэньне Богам сьвету за 6 дзён.

Крыжовы шлях гэтага сымбалю – з тых сагаў, якія нацыі належыць перадаваць вусна з пакаленьня ў пакаленьне. Крыж-каўчэжац падарожнічаў у беларускай гісторыі як праўдзівы каўчэг: зьяўляўся, прабліскваў у знакавых месцах, у ключавыя моманты. Кожная прыгода ў адысэі крыжу бачыцца напоўненай містычным сэнсам.

Зь беларускага пачатку, старажытнага Полацка, напрыканцы ХІІ ст. крыж Эўфрасіньні выправіўся ў Смаленск. Больш 300 гадоў крыж у Княстве Смаленскім пільнаваў стратэгічны для Беларусі кірунак – Усход. У пачатку XVI ст., на сьвітанку найвялікшага беларускага абуджэньня крыж, як прадвесьце Скарыны, Фёдарава й Полацкага, зьявіўся ў Маскве – у 1514 г. Васіль ІІІ, захапіўшы Смаленск, перавёз сьвятыню з сабой у Крэмль.

Але ўжо у 1563 г. – у той самы вялікі й трагічны год, што падзяляе Стары й Новы Запавет гісторыі Беларусі! – крыж вяртаецца ў Беларусь. Іван Жахлівы, каб замаліць грахі, прывозіць і кладзе яго туды, дзе ўсё пачыналася, у Спаса-Эўфрасінеўскі сабор Полацка.

Крыж Эўфрасіньні Полацкай зьзяў у бляску Залатога веку, на хросных ходах, бачыў вялікае міжканфэсійнае супрацьстаяньне XVII ст. паміж двума полацкімі біскупамі, вуніятам Кунцэвічам і праваслаўным Сматрыцкім, быў выкрадзены езуітамі ў Сьвятое Сафіі й вернуты вернікам; у 1812-м ледзь унікнуў вывазу ўва Францыю, нема назіраў за апошнім саборам Вуніі... Паўсюль быў зь Беларусьсю.

У 1841 г., з забаронай беларускай мовы й самое назвы "Беларусь", зь вялікай беларускай культурнай і духовай хваляй у Расеі крыж вывозіцца ў імпэрскія музэі Піцера, а затым і Масквы. Ужо можна было прадбачыць, што Крыж Эўфрасіньні вернецца ў Беларусь з новым нацыянальным адраджэньнем. Так і здарылася – у 1910 г., з нашаніўскім уздымам, крыж зноў апынуўся ў Полацку.

Беларусь быццам жагналася гэтым крыжам. У 1921 г. крыж быў рэквізаваны ОГПУ – гэтак жа, як тады канфіскоўваліся храмы, землі, душы. Але – вярнуўся, дзякуючы беларусізацыі, у 1929-м, у Магілёў, які тады плянавалі зрабіць сталіцай.

Апошні раз Крыж Эўфрасіньні бачылі ў 1941-м, у часе эвакуацыі Саветаў перад нямецкім наступам. Беларусь, прымусова пазбаўленая веры, пазбаўлялася й крыжу.

З вайной, Хатыньню й Трасьцянцом, бязбожным атэізмам і Чарнобылем Беларусь, як Ісус на крыжы, магла толькі маліць: "Божа! Божа! Чаму Ты Мяне пакінуў?..".

Сёньня Беларусь зноў шукае крыж. Шукае ў Расеі, Польшчы, Нямеччыне, Амэрыцы, празь Інтэрпол і прыватныя калекцыі. Шукае, прыгаворваючы: "Не хачу хваліцца, хіба толькі крыжам Госпада нашага Ісуса Хрыста, якім для мяне сьвет укрыжаваны, а я для сьвету". (Да Галятаў, 6:14)

Шукае так, як зьнявераны намацвае свой колішні нацельны крыжык. Са смутным адчуваньнем, што знойдзецца крыж – вернецца і нешта асабліва важнае для кожнага зь 10 мільёнаў.

Бо Беларусь шукае Бога.

З кнігі "Люблю Беларусь"

Каталіцтва 19:05 04/07/15 97


Адно з самых моцных уражаньняў у Беларусі – зайсьці ў каталіцкі касьцёл.

Дзьвюхтысячагадовы цуд. Царква, якую не адолеюць брамы пекла. Галоўная крэпасьць хрысьціянства.

Веліч. Ціша. Сьвятло. Незямное адчуваньне прысутнасьці Божай. Беларускае імгненьне ісьціны. Імша па-беларуску...

І гучыць:

— Хто творыць Касьцёл Сьвяты?

— Касьцёл Сьвяты твораць: Папа, біскупы, сьвятары й вернікі. Усе людзі, адкупленыя Хрыстусам, твораць Люд Божы.

— А якія галоўныя абавязкі католіка?

— Галоўныя абавязкі католіка: Першая. Вернасьць усяму, што Пан Бог аб'явіў, а Касьцёл навучае. Другое. Выконваць загады Божыя й касьцёльныя. Трэцяе. Прымаць сьвятыя Сакраманты. Чацьвёртае. Маліцца й рабіць добрыя ўчынкі.

Каталіцтва – гэта катэхізіс для Беларусі: вечныя пытаньні й ясныя адказы.

Што даў каталіцкі Касьцёл Беларусі?

Каталіцызм афіцыйна прадстаўляе ў Беларусі Заходнюю Эўропу. Індывідуалізм. Рацыю. Лёгіку. Трыюмф розуму. Парадак і прагматызм. Бліскучую сыстэму адукацыі. Найважнейшы элемэнт нацыянальнага духовага сплаву, які ў спалучэньні з праваслаўем і пратэстанцтвам дае Беларусь.

Касьцёл – для чалавека. Званочкі, як сыгналі. Статуі Хрыста й Сьвятое Сям'і. Шэраг лаваў, як парты. Лепш думаць пра Бога седзячы, чым пра ногі стоячы. Урачыстая бель, гармонія хараства, найвышэйшае рэха. Абавязкова арган, што ўзвышае пачуцьці і валодае максымальным дыяпазонам гучаньня сярод усіх музычных інструмантаў, як і касьцёл – поўняй вучэньня...

Ідэальны храм, як цела для душы – бліскучы й прахалодны.

Увайсьці, крануць сьвятую ваду, схіліцца на калена, і перажагнацца зьлева направа: Няхай будзе пахвалёны Найсьвяцейшы Сакрамант Праўдзівае цела і Кроў Госпада нашага, Езуса Хрыста.

Каталіцызм – цудоўны празрысты дыямант, празь які нам адкрываецца ўся Эўропа Пятра, і яшчэ паў-сьвету. Заходняя Беларусь, касьцёлы ў Горадні, Нясьвіжы, Будславе, Пінску, Менску, Віцебску, Магілёве – узорыстыя вітражныя вокны лацінскае цывілізацыі, з дапамогай якіх сынтэзуецца ўнікальнае беларускае сьвятло.

А што дала Беларусь каталіцкаму Касьцёлу?

Скаргу. Руцкага. Богуш-Сестранцэвіча. Станкевіча. Гадлеўскага. Сваяка. Астрамовіча. Папялушку. Сьвёнтка. Сіповіча. Надсана.

2,5 стагодзьдзі самай пасьпяховай вуніі з праваслаўем. Пляцдарм місіянерскіх ордэнаў на Ўсходзе.

Сусьветны цэнтар езуіцкага руху ў Полацку.

Фэномэн віленскага барока...

З Польшчы, якой Беларусь аддала паўжыцьця, паходзіць найвялікшы папа сучаснасьці Ян Павел II, Караль Вайтыла.

Беларусь нарадзіла большасьць каталіцкіх ксяндзоў, што ахвярна працавалі ў Расеі ўсе апошнія стагодзьдзі: толькі з пачатку 2000-х біскупамі для Расеі былі Тадэвуш Кандрусевіч і Кірыл Клімовіч

Самая заходняя й самая беларускамоўная канфэсія, зараз каталіцкі касьцёл – бясспрэчны флагман нацыянальнага адраджэньня.

Большасьць беларускай эліты – каталікі, або, на скрайні выпадак, вуніяты. Таму недавер да Касьцёлу культывуецца Масквой і падтрымліваецца дзяржавай: "палякі".

Так, шасьцьсот гадоў, з Крэўскай вуніі Ягайлы Касьцёл быў галоўнай структурай паланізацыі. Як і Контаррэфармацыя, рэлігійная нецярпімасьць і фарысэйства спольшчанай шляхты XVII-XІХ стст., гэта зьяўляецца неаспрэчным фактам.

Але таксама факт і тое, што ксяндзы XVIII ст рыхтавалі зброю для паўстанцаў Касьцюшкі, XIX ст. – перахоўвалі людзей Каліноўскага, а XX ст. – агітавалі за Пазьняка.

Штогадовы Будслаўскі фэст зь дзясяткамі тысячаў вернікаў, праменьнем пілігрымак і малітвамі па-наску - сэрца цэлай краіны.

Самыя цьвёрдыя, адукаваныя й эўрапейскія сьвятары найноўшага адраджэньня паходзяць з царквы апостала Пятра, цэлібату й філіёквэ.

Поўны ансамбаль 2000-гадовай дактрыны, сынтэз розуму й веры, цэнтар нацыянальнай крышталізацыі беларускага гораду й найсьвятлейшая іпастась беларускае хрысьціянскае Тройцы, беларускі касьцёл робіцца ўсё больш і больш падобным на тую царкву, пра якую напісана: "На камені гэтым Я збудую Царкву Маю, і брамы пекла не адолеюць яе" (Мацьвея, 16:18).

З кнігі "Люблю Беларусь"



Ісус Хрыстос 21:53 26/06/15 41


“Хто вызнае, што Ісус ёсьць Сын Божы, у тым жыве Бог, і ён у Богу.” (І Яна 4:15)

Беларусь стала Беларусьсю, калі прыняла Ісуса Хрыста. Беларусь перажывала максымальныя ўздымы сваёй гісторыі, калі верыла ў Ісуса Хрыста. Беларусь ахвяравалася, цярпела й прапаведвала, аддавала сябе ўсю, памірала й уваскрасала, як Сам Ісус Хрыстос.

Ісус Хрыстос, Сын Божы й Сын Чалавечы, Бог на 100% і Чалавек на 100%, Які прыйшоў у гэты сьвет, каб вярнуць чалавека да Бога, ахвяра за людзкія грахі, наш Госпад і Збаўца – увасоблены сэнс жыцьця Беларусі.

Быць у Хрысьце, ісьці за Хрыстом, славіць Хрыста ёсьць найвышэйшай і сапраўднай мэтай нацыянальнае ідэі. Наколькі блізкай да Хрыста была Беларусь, настолькі яна й была рэальнай.

Місія Хрыста – узяць на сябе грэх сьвету, ахвяравацца, паміраючы ў страшных пакутах, каб уваскрэснуць і даць людзям дарогу, праўду і жыцьцё – стала і місіяй Беларусі. Боль і любоў Ісуса Хрыста ў Сэрцы Эўропы дасягнула такой крытычнай канцэнтрацыі, такой вастрыні, што ўся беларуская нацыянальная ідэя ператварылася ў адзіны звышнатуральны эфэкт Ягонае прысутнасьці.

Празрыстая, поўная сьвятла Нагорная пропаведзь, простасьць, узьнёсласьць і напеўнасьць навучаньня, паэтыка прытчаў, цуды й вяршыні духу сярод няшчасьцяў і пакутаў – вы пазнаеце? Вось яна, краіна Ісуса Хрыста. Белая, чыстая, сьветлая.

Беларусь прапаведвала, вандравала й навучала, аддавала сябе цалкам, сьцякала крывёю, прададзеная юдамі, асуджаная, памірала за іншых – і ўваскрасала пад бел-чырвона-белым сьцягам Ісуса Хрыста. “Дзякаваць Богу, Які даў нам перамогу Госпадам нашым Ісусам Хрыстом!” (І Да Карыньцянаў 15:57)

Беларусь – такое ж цудоўнае ўцелаўленьне Хрыста, як і ягонае нараджэньне ад найчыстае Дзевы Марыі 2000 гадоў таму. “Слова сталася целам” – фэномэн Божае волі, які лёгка ўгадваецца ў Беларусі. Таму гэта да Беларусаў піша апостал Павал: “Апранецеся ў Госпада нашага Ісуса Хрыста”! (Рым. 13:14)

Прыняць і палюбіць Хрыста – значыць, зразумець Беларусь. Усё чалавечае й усё нацыянальнае тут правяраецца й вымяраецца Хрыстом.

Насьледуй Яму. Шукай сустрэчы зь Ім. Запытвайся ў Яго. Прасі Яго. Увесьчас. І тады табе стане ясна, што значыць: быць хрысьціянінам і быць беларусам.

Беларусь – вобраз і падабенства Хрыста. Вось чаму так хочацца стаць на калені пасярод беларускае зямлі, вось чаму так баліць і крывавіць, вось чаму так моцна Беларусь натхняе адчайных! Ягоная кроў на нашым сьцягу. Ягоная кніга – наш галоўны закон і падручнік.

Сярод гаротных і ўбогіх, пазбаўленых уласнага дома беларусаў нашае новазапаветнай гісторыі ласкавы й уладны Ісус.

У жахлівых ранах і бясконцых трываньнях Беларусі бязьвінны Ісус. На беларускім крыжы, на цяжкім скрыжаваньні, празь якое праходзілі сусьветныя войны й рэвалюцыі, распяты Ісус.

І ў сьпеўнай беларускай малітве, і ў высокай, тонкай веры, і ў вялікай шчымлівай любові ўсім сэрцам, усёй душой, усімі сіламі, у абуджэньнях і перамогах духу гэтай маленькай, трапяткой краіны Ісус!

Той, хто любіць Беларусь больш самога жыцьця, хто шукае крыніцаў і тайнаў беларускасьці, хто ўзіраецца ў глыбіні беларускае гісторыі й далячыні беларускае будучыні – урэшце рэшт, пачынае пазнаваць сьветлае аблічча Ісуса. Беларускае сьвятло ператвараецца ў азарэньне, асьвятляе ўсю дрыжучую й захопленую душу і патрабавальна вядзе за сабою да Валадарства Нябёснага.

Што можна дадаць?… Толькі паўтарыць сьледам за апосталам Паўлам: “Бо я пастанавіў сабе нічога іншага між вамі ня ведаць, апроч Ісуса Хрыста, і пры тым укрыжаванага” (І Да Карыньцянаў 2:2).

З кнігі "Люблю Беларусь"

Беларуская інтэлігентнасьць 19:11 19/06/15 44


"Беларусы – натуры тонкія й інтэлігентныя" – са знаўствам кажуць дзеячы расейскае культуры. "Беларусь – гэта дзевяць мільёнаў інтэлігентаў" – падтакваюць дзеячы культуры польскае.
Беларуская інтэлігентнасьць – нацыянальны фэномэн, у якім крышталізуюцца і псыхалёгія, і місія, і мэнтальнасьць. Прыроджаная сьціпласьць і далікатнасьць, ветласьць і талеранцыя, стрыманасьць і ўзьнёсласьць, засяроджаная натхнёнасьць і адухоўленасьць – усе гэтыя глыбока беларускія якасьці характарызуюць унівэрсальны ідэал інтэлігента.
Беларускія інтэлігенты – гэта паэт Максім Багдановіч, пісьменьнік Алесь Адамовіч, палітык Станіслаў Шушкевіч.
Беларуская інтэлігентнасьць – гэта культура слова й кнігацэнтрычнасьць, паліглёцтва міжмоўя, вечнае вершаваньне, сьпеўнасьць і лірычнасьць, альтруізм і рэфлексія, мяккасьць і цярплівасьць.
Беларуская інтэлігентнасьць – гэта ўнікальнае пачуцьцё кампрамісу.
Беларуская інтэлігенцыя – носьбіт нацыянальнай культуры: "Носяцца тут, панімаіш, са сваёй культурай!.."
Беларусам агідныя гвалт і хамства, грубасьць і пыха. Для закамплексаваных і вечна пакрыўджаных гэта слабасьць, для вольных і мудрых – сіла. Сярод беларусаў звычайны, нават тыповы гэткі вінаваты выраз твару. Што ж, сапраўдны інтэлігент заўжды адчувае сваю віну за ўсё, што адбываецца.
Бо беларускі інтэлігент – ня той, хто перагрызе горла за Беларусь, а той, хто дзеля Беларусі дасьць перагрызьці горла сабе.
Інтэлігентнасьць заключаецца ў самім беларускім народзе. Яна дадзеная Госпадам Богам у хрысьціянскай сутнасьці нацыянальнай ідэі.
Менавіта беларуская інтэлігентнасьць пераўтварала Расею й Польшчу, прасьвятляла Украіну й Прыбалтыку, мірна суіснавала зь юдэйскай і мусульманскай традыцыямі, дазваляла ўспрымаць чужыя культуры на стыку Захаду й Усходу, сынтэзуючы духовасьць у сумежжы цывілізацыяў – і аддаваць усё лепшае іншым.
Беларусы – інтэлігентны народ. Нягледзячы на сёньняшнюю саўковую калгаснасьць, тысячагадовая Беларусь глыбока інтэлігентная. Таму нават пасьля зьнішчальных войнаў, акупацыяў, там, дзе іншым нацыям патрабаваліся дынастыі й стагодзьдзі спадчыннае арыстакратыі, Беларусь нараджала новую хвалю эліты з адным пакаленьнем.
Інтэлігенцыя – заўсёдны вораг імпэрыяў і дыктатураў. Якраз іх, адукаваных, творчых, паэтычных, імкнуліся фізычна вынішчыць у першую чаргу. Курапаты й Трасьцянцы адсюль – ад імкненьня пазбавіць гэты народ душы й сумленьня. Марна. Зьяўленьні новай інтэлігенцыі ў нашаніўскае плыні, беларусізацыі 1920-х, у БНФ канца XX ст – адраджалі Беларусь з настойлівасьцю жыцьця, якое верыць, любіць і ведае сваю мэту.
Суцэльная інтэлігентнасьць – гэта калясальны патэнцыял нацыі. Для народа, які мае гены інтэлігентнасьці, магчымае й небывалае абуджэньне, і ўсясьветная культуровая экспансія, і поўнае пераўтварэньне правінцыйнае падбітасьці ды эўрапейскага сытага застою ў веліч духовага жыцьця.
Таму беларускай інтэлігенцыі мала толькі заставацца інтэлігенцыяй. Мала скрышталізавацца ў эліту. Пара рабіцца чымсьці большым – сэрцам, душою, сумленьнем. Паўнавартасным бел-чырвона-белым колерам нацыі.
Бо беларуская інтэлігентнасьць, як і эўрапейскасьць, як і сама культура – гэта вечнае імкненьне да вышыняў. Тых, дзе ўсё прасьцей і ясьней: дзе інтэлект ператвараецца ў мудрасьць, мары – у надзею, далікатнасьць – у любоў, інтуіцыя – у веру, а сама інтэлігентнасьць – у праведнасьць.
З кнігі "Люблю Беларусь"

Закон 20:38 12/06/15 16


"Хто пранікне ў закон дасканалы, закон свабоды, і застанецца ў ім, той, ня будучы слухачом забыўлівым, а выканаўцам дзеі, дабрашчасны будзе ў сваім дзеяньні." (Якава 1:25)

Закон – найважнейшае паняцьце духовасьці й адзін з ключавых тэрмінаў Бібліі. Закон Божы стагодзьдзямі быў абавязковым і фундамэнтальным прадметам адукацыі ў беларускіх школах, калегіюмах і акдэміях. Закон – непарушная крэпасьць беларускае гісторыі, падмурак мэнтальнасьці й цытадэль самой нацыянальнай ідэі.

Беларускі Закон даў сьвету шэдэўры правасьвядомасьці.

Статут ВКЛ, лепшы звод законаў Эўропы эпохі Рэфармацыі, якім захапляліся Марцін Лютэр і Гуга Калянтай, быў кадыфікаваны тройчы за адно XVI стагодзьдзе – і заўважце, будаваўся на біблійных падставах.

Знакамітыя Генрыкаўскія артыкулы аб рэлігійнае талеранцыі, складзеныя беларусамі, абавязвалі караля Францыі да верацярпімасьці – і гэта ў эпоху Варфаламееўскае начы!

Канстытуцыя Рэчы Паспалітай 3 траўня 1791 г. сталася другой у сьвеце пасьля амэрыканскай і першай у Эўропе.

Нарэшце, галоўны сусьветны раман пра злачынства й пакараньне – зноў-такі з хрысьціянскіх пазыцыяў – напісаў нашчадак ліцьвінскай шляхты Хведар Дастаеўскі: цяпер студэнты ва ўнівэрсытэтах паловы плянэты вывучаюць псыхалёгію грэху й сумленьня паводле клясычных беларускіх уяўленьняў.

Ажно сам зьдзіўляесься – настолькі вострым і пранізьлівым аказваецца адчуваньне законнасьці для беларускага мэнталітэту. Але насамрэч усё проста. Цэлае тысячагодзьдзе беларусаў як нацыю фармавала хрысьціянства – наймагутнейшы маральны Закон за ўсю гісторыю чалавецтва. Дзесяць запаведзяў. Другазаконьне. Нагорная пропаведзь, у рэшце рэшт.

І таму ў глыбі Сярэднявечча – і ў глыбіні душы сучасных беларусаў – жыве, жыве той крышталёва чысты дыямант Закону, што здольны зьдзівіць увесь сьвет сваім бляскам і празрыстасьцю.

Гэта ў ім тоіцца сакрэт захапляючага асьвечанага дэмакратызму нашае гісторыі. Гэта ён – прычына незвычайнае беларускае выканальнасьці й нястрымнага жаданьня падпарадкоўвацца ўладзе, велічных руінаў законапаслухмянасьці. Гэта ў ім скрозь смутныя часы люструюць і пераліваюцца талеранцыя, цярплівасьць і прыстойнасьць – бліскучыя грані першапачатковае, Богам закладзенае ў Беларусь ідэальнае заканамернасьці. Таго Закону, для якога свабода – катэгорыя адказнасьці. Таго Закону, выпрабаваньня якім ня вытрымала яшчэ ніводная эпоха ці цывілізацыя. Таго Закону, вышэй за які толькі міласэрнасьць.

Закон – гэта напісанае. Такая моцная павага да дакумантаў, да друкаванага слова, кнігацэнтрызм і інтэлігентнасьць культываваліся ў беларусах усе 10 вякоў.

Вам ужо зразумела, адкуль у беларусаў такая прыніжальная пакорлівасьць перад чужымі парадкамі? Так нацыя Закону Божага расплочваецца за тое, што не захацела падпарадкоўвацца Найвышэйшаму Парадку. Сувора? Але справядліва. Закон ёсьць закон.

“Ісус прыйшоў не скасаваць закон, а выпаўніць” (Мацьвея, 5:17). Гэтак жа і ў хрысьціянскай Беларусі выпаўняліся сусьветныя законы Божыя.

Беларусь, сэрца Эўропы, была Заляю суда й Лобным месцам адначасова. Тут, як на арэне, зладзейнічалі, асуджалі, абвяшчалі прысуды й каралі.

Будзьце пэўныя, на Страшным Судзе імя "Беларусь" будзе гучаць часьцей за многія іншыя. "Бо праўду кажу вам: пакуль мінецца неба й зямля, ані ёта адна, ані рыска адзіная не мінецца з закону, пакуль ня збудзецца ўсё" (Мацьвея 5:18).

Калі Беларусь вернецца да Бога – яна мае ўсе шанцы зрабіцца духовым заканадаўцам. Каб тое, што кажа сэрца, было для Эўропы законам.

З кнігі "Люблю Беларусь"

Езуіты 22:23 05/06/15 57


“Таварыства Езуса” – бліскучая акцыя беларускай гісторыі, безь якой немагчыма зразумець ані трыюмфу каталіцызму XVII-XVIII стст., ані посьпеху вуніі, ані грымотаў і маланак усяе эпохі нашага Новага Запавету.

Беларусь паўстагодзьдзя была сусьветным цэнтрам езуіцкага руху пасьля забароны ордэну напрыканцы XVIII ст., а Полацк – езуіцкай сталіцай у маштабах усяго чалавецтва. Беларусь захавала Таварыства - а празь дзьвесьце гадоў Папам Рымскім стаў менавіта езуіт Францішак.

Сярод беларускіх езуітаў – першы рэктар Віленскага Ўніверсітэту, хросны бацька вуніі, Пётар Скарга; навуковец, асьветнік ды палітык, шэры кардынал пры двары імпэратара Паўла I, Габрыэль Грубэр; заснавальнік адукацыйнае сістэмы ЗША (дыплём адной зь яго каталіцкіх школаў мае Біл Клінтан) Фэлікс Дзеружынскі.

“Мэта апраўдвае сродкі”? Але ў беларускай памяці езуіты засталіся шчырымі, палкімі, самаахвярнымі героямі свайго часу. Яны зьявіліся ў ВКЛ, ахопленым Рэфармацыяй, у год Люблінскай вуніі (невыпадковае супадзеньне, калі мець на ўвазе паланізацыю). Дзейнічалі энэргічна, зь незвычайнай імклівасьцю і запалам, і, як напішуць пазней, зрабілі найбольш уражвальны пераварот у духоўнай гісторыі Беларусі.

Першае, за што прадбачліва ўзяліся езуіты – апанавалі адукацыю: у 1570 г. імі быў закладзены Віленскі калегіюм, што даў пачатак знакамітаму ўнівэрсытэту, у 1581-м – калегіюм у Полацку, у 1584-м – у Нясьвіжы; затым пайшлі школы, гімназіі, акадэміі па ўсёй краіне.

Але шырокую народную падтрымку езуіты атрымалі пасьля таго, як у 1588 г., ратуючы чумных хворых у шпіталях Вільні, некалькі манахаў загінулі самі. Намаганьнямі езуітаў найбольш уплывовыя магнацкія сем’і ВКЛ былі навернутыя у каталіцтва – і разам з ордэнам склалі палітычную партыю, якая на працягу 200 бліжэйшых гадоў фактычна кіравала краінай.

Зорны час ордэну ў Беларусі надышоў у 1773 г. Забароненыя булай Папы Клімэнта IV ва ўсім сьвеце, але дазволеныя загадам Кацярыны ІІ на тэрыторыі Расейскае імпэрыі, езуіты сканцэнтравалі ўсю эліту магутнага ордэну зь дзесяткаў краінаў у Полацку вакол знакамітае Акадэміі, і ператварылі Беларусь у сусьветную цытадэль Таварыства Езуса.

Іх палітычны й духовы ўплыў у Пецярбургу гэтае эпохі параўнальны зь лепшымі маніфэстацыямі беларускага апостальства ХVI ст. Эўрапейская асьвета, навука й каталіцызм замацаваліся ў імпэрыі XVIII-XIX стст. ў асноўным дзякуючы езуіцкім місіянерам зь Беларусі.

Езуіты эўрапеізавалі і саму Беларусь. Ніхто ня можа параўнацца зь імі ў маштабе ўнёску, які яны зрабілі для беларускай адукацыі, мэдыцыны, культуры. Езуіты далі нам барока й арган, лёгіку й астраномію, сьвяточныя ілюмінацыі й рэцэпт чакаляду.

Езуіты сталі найбольш моцнымі каталізатарамі заходняга сьветаўспрыманьня ў Беларусі. Але такі экспансіўны наступ на Ўсход прывёў ВКЛ да краю бездані: замена беларускай мовы ў вышэйшых клясах лацінай, уціск праваслаўя й пратэстанцтва і сьцьверджаньне прымату літары над духам агукнуліся стратай нацыянальнай сьвядомасьці, разбурэньнем міжканфэсійнага міру й казаччынай.

Так, езуіты ахвяравалі сабою – але душылі Рэфармацыю; горача адстойвалі хрысьціянскія прынцыпы ў дыспутах – але публічна палілі кнігі эвангелікаў; адукавалі моладзь эўрапейскім кшталтам – але рабілі гэта найболей па-польску й латыні. Урэшце рэшт, езуіты перамаглі абсалютна ўсіх сваіх супернікаў, а разам зь імі – і талерантнае, жыватворнае, натхнёнае сумоўе Беларусі.

І веліч, і трагедыя беларускіх езуітаў балянсавалі на адной вострай грані, якая аддзяляе зацятую веру ад нецярпімасьці, а выключны розум – ад разуменьня ўласнае выключнасьці.

У бліскучых беларускіх езуітах з усёй яркасьцю й моцай выявіліся і нацыянальная воля, і наша ўпартасьць, і праніклівая беларуская кемлівасьць, і партызынская тактыка ў змаганьні меншымі сіламі. Дасёньня мы пазнаем гэтыя рысы ў Вінцэнту Гадлеўскім, і ў Адаме Станкевічы, і ва Уладзіславе Завальнюку, і ў Зяноне Пазьняку.

Беларускія езуіты даюць нам узоры нацыянальнай арганізацыі й эфэктыўнае дзейнасьці ў палітыцы, грамадзтве, асьвеце, не
пераўзыдзеныя дагэтуль. І цяпер адчуваеш: часам нам так не стае грознага, моцнага, выкшталцона-інтэлігенцкага хрысьціянскага Ордэну!..

З кнігі "Люблю Беларусь"

Габрэйства 19:23 29/05/15 51


…Беларусь? І пасьля гэтага вы будзеце гаварыць мне, што ў вас няма сваякоў у Ізраілі?…

Зь Беларусі паходзяць лідэры сіянісцкага руху і львіная доля кіраўнікоў адноўленае дзяржавы Ізраіль – тры прэзыдэнты й шэсьць прэм'ер-міністраў. Габрэйская дыяспара Беларусі адрадзіла старажытны іўрыт, зрабіла дзяржаўнай моваю ідыш і прыдумала эспэранта, заснавала "Масад" і найславуцейшыя габрэйскія школы – іешывы – а таксама дала сьвету дзесяткі знакамітасьцяў, дзеячоў і геніяў плянэтарнага маштабу.

Габрэі ("жыды", "жыдове") зьявіліся ў Беларусі яшчэ ў Сярэднявеччы – іх добра арганізаваныя й уплывовыя кагалы з XIV ст., паводле вялікакняскіх прывілеяў, займаліся камэрцыяй ды рамесьніцтвам. "А сыны Ізраілевыя пладзіліся вельмі, і размножыліся, і зрабіліся яны дужа моцныя, і напоўнілася тая зямля імі." (Выхад 1:7)

Эўрапейскае скрыжаваньне. Небывалая талеранцыя. Натуралёвая духовасьць. Багаты й утульны край. Беларусь? Ды проста зямля абяцаная! Па меры таго, як у тагачаснай Эўропе ў выніку крыжовых паходаў, эпідэміі чумы й разгулу цемрашальства габрэі пачалі падвяргацца ўсё больш моцнаму ўціску, цэнтар цяжару габрэйскага расьсяленьня паволі перамяшчаўся зь Нямеччыны на ўсход, праз Польшчу да ВКЛ – дабраславёнага Ханаану, дзе цякуць малако і мёд.

У XV – XVI стст. міграцыя прыняла масавы характар: на беларускіх землях аселі дзесяткі тысячаў габрэяў. Беларусь Залатога веку чула на ўласныя вушы й бачыла на ўласныя вочы, як выконвалася Божае абяцаньне габрэям: "Я дабраслаўлю тых, што дабраслаўляюць цябе…” (Быцьцё 12:3)

Беларусь атрымала дар велізарнага гістарычнага значэньня. На працягу апошніх стагодзьдзяў, да аднаўленьня габрэйскае дзяржаўнасьці, якраз тут, у Сэрцы Эўропы, і быў Ізраіль! Мільёны габрэяў век за векам канцэнтраваліся на тэрыторыі колішняга Вялікага Княства.

… І што, цяпер вы таксама будзеце пытацца ў мяне, чаму беларуская гісторыя так нагадвае Біблію?..

У XIX – пачатку ХХ стст. абмежаваныя імпэрскай рысай аселасьці габрэі складалі асноўнае насельніцтва беларускіх гарадоў. Менск, Магілёў, Берасьце, Віцебск, Гомель, Пінск, Мазыр былі габрэйскімі на 50-80%! У Валожыне, Міры, Слоніме, Слуцку дзейнічалі самыя вядомыя ў сьвеце іешывы – юдаісцкія ўнівэрсытэты. Сюды, да знакамітых равінаў і тлумачальнікаў Талмуду таго часу зьяжджаліся вучыцца габрэі з ЗША, Нямеччыны, Ангельшчыны. Беларусь выконвала ролю агромністага рэзэрвуару, дзе намнажаліся сілы для адраджэньня народа, абранага Богам.

Беларусь – другая радзіма габрэйства, ня больш, ня менш. Фэномэн габрэйскага расьсеяньня, які спрабуюць сарамліва не заўважаць дагэтуль, насамрэч іскрыць і зьзяе ў беларускай нацыянальнай ідэі на поўную сілу. Бліскучыя імёны, пляяды талентаў, паўсюдныя прозьвішчы зь беларускай сэмантыкай на Захадзе і Усходзе – ад клясычных Рабіновіча й Кагановіча да Гомельскага, Сланімскага, Слуцкай, Шклоўскага ці Магілевера, па якіх можна вывучаць геаграфію Беларусі – скрышталізоўваліся тут, у краіне ціхай, сьветлай і празрыстай, у вобласьці высокае духовае канцэнтрацыі.

Зорны час беларускага габрэйства, пік ягонае трагедыі й нацыянальны трыюмф – ХХ стагодзьдзе. Беларусь літаральна выбухнула габрэйскай пасіянарнасьцю. З плоднасьцю біблійных патрыярхаў яна нараджала: — Мастакоў з сусьветным імем: Марка Шагала, Хаіма Суціна, Саламона Юдовіна, Льва Бакста; — Клясыкаў габрэйскай літаратуры: Мендэля Мойхер-Сфорыма, Ізі Харыка, Майсея Кульбака; — Фантаста Айзэка Азімава, філёзафа Саламона Маймана, скульптара Заіра Азгура, пісьменьніка Зьмітрака Бядулю; — Егуду Бэн-Эліезэра, што стварыў наноў іўрыт, і Людвіка Замэнгафа, што вынайшаў эспэранта; — Лідэра рэлігійнага сіянізму Меіра Бар-Ілана з Валожына; заснавальніка Сусьветнага Сіянісцкага Кангрэсу Навума Гольдмана зь Вішнева, стваральніка габрэйскага руху Расеі, Шмуэля Магілевера, старшыню Габрэйскае Агенцыі й Сусьветнай Сіянісцкай Арганізацыі Ар'е Дульчына зь Менску; — Ісэра Харэла (Ізю Гальперына), бацьку "Масаду", які здолеў здабыць і перадаць у ЦРУ даклад Хрушчова аб разьвенчваньні культу Сталіна яшчэ да яго выступу на ХХ зьезьдзе КПСС; — Міхала Грузэнбэрга, у 1941-49 гг. галоўнага рэдактара Саўінфармбюро, і Сямёна Косбэрга, асноўнага канструктара савецкіх касьмічных рухавікоў…

… І што, вы скажаце мне, што гэта ня нашыя людзі?!.

Беларускія габрэі – гэта супэрзоркі заходняе цывілізацыі. Норбэрт Вінэр, заснавальнік кібэрнэтыкі – зь сям’і беларускіх эмігрантаў. Давід Сарноў, кіраўнік Радыёкарпарацыі ЗША, дарадца Эйзэнхаўэра і патрыярх сучаснае мэдыя-індустрыі – зь Меншчыны. Ізя Бейлін, ён жа Ірвінг Берлін, аўтар “God Bless to America”, музыкі для 19 мюзіклаў, 18 кінафільмаў і 282-х найпапулярнейшых гітоў ЗША – з Магілёва. Ляўрэат нобэлеўскае прэміі Аарон Клуг – зэльвенскі. Давід Мэр-Сухаўлянскі – заснавальнік Лас-Вегасу, "самая загадкавая постаць амэрыканскае мафіі", што ніводнага разу не трапляўся ў турму і стаў прататыпам для Майкла Карлеонэ з "Хроснага бацькі" Марыё К'еза – гарадзенскі. Легенды Галівуду Кірк Дуглас з сынам Майклам Дугласам – магілёўскія!

Беларускае габрэйства спарадзіла бомбаў сусьветнае рэвалюцыі – Паўла Аксельрода са Шклова, рэдактара "Іскры" й старшыню партыі меншавікоў; Рыгора Гершуні зь Менску, стваральніка баявой арганізацыі эсэраў; Аляксандра Парвуса зь Бярэзіна, галоўнага фінансіста й выдаўца партыі бальшавікоў, а ў дадатак і Фані Каплан з Рэчыцы, якая старшыню гэтае партыі ледзь не адправіла на той сьвет стрэламі з рэвальвэру, а яшчэ пяцёх зь дзевяці заснавальнікаў РСДРП…

… Ну вось, як заўжды: габрэі зноў ва ўсім вінаватыя!…

Гітлераўскі нацызм спрабаваў зьнішчыць беларускі Ізраіль. Попел Трасьцянца, Менскага гета й дзесяткаў фашыстоўскіх канцлягераў дагэтуль грукае ў Сэрца Эўропы.

І ўсе-такі – старонка гісторыі чалавецтва, вартая Новага Запавету! – менавіта Беларусь выканала ключавую ролю ў цудоўным уваскрасеньні Ізраілю, прадказаным Бібліяй. Пасьля амаль дзьвюхтысячагадовага блуканьня па сьвеце, прыцясьненьняў на чужыне, вякоў антысэмітызму й кашмару нацысцкага генацыду богаабраны народ вярнуўся на Сьвятую Зямлю. Першы прэзыдэнт Ізраілю, Хаім Вейцман, з Моталю, Залман Шазар - зь Міру, Шымон Перас - з Валожына; прэм'ер-міністры Іцхак Шамір, Арыэль Шарон, Голда Мэір, Мэнахем Бегін, Шымон Перас, Іцхак Рабін (апошнія трое – яшчэ й ляўрэаты Нобэлеўскай прэміі міру) – родам зь Беларусі! Іх пачынаеш пазнаваць паводле няўлоўнага генэтычнага коду: большасьць "літоўскіх", "рускіх", "польскіх" ды "савецкіх" габрэяў – носьбіты ўзьнёслае, сьветлае, адухоўленае беларускае мэнтальнасьці.

Калі чытаеш Біблію, напоўненую дабраславеньнямі й пракляцьцямі ізраільскаму народу, перабіраеш неверагодную й драматычную гісторыю беларускага габрэйства – кожнае імя, кожны вобраз, кожнае прароцтва адкрывае перад табою Беларусь. Гэта кранае асабіста. Гэта прымушае трымцець. Гэта працінае да пачуцьця яўнае роднасьці.

Зрэшты, мы даўно пра гэта здагадваліся. Такі праўда, кожны з нас, беларусаў, хоць крыху габрэй!

З кнігі "Люблю Беларусь"

Воля 11:33 22/05/15 7


"Воля Божая ёсьць асьвячэньне ваша" (I да Фэсалонікійцаў 4:3).

Воля, паняцьце рашучасьці ў дзеяньні, у беларускай мове азначае таксама й свабоду. Каму, як не беларусам, хрысьціянскаму народу, ведаць, што моцная воля ўласьцівая толькі свабодным!

Наша нацыянальная бязвольнасьць нараджаецца тады, калі беларусы адварочваюцца ад Бога й пазбаўляюцца волі Божай. Брыдкае й жаласнае відовішча: разбэшчаная Рэч Паспалітая канца XVII-пачатку ХVIII стагодзьдзяў, застойная БССР або краіна, якая павальна галасуе за крыклівага дырэктара саўгаса.

І наадварот: беларуская воля, натхнёная Духам Сьвятым, сплаўляецца ў кулак, пераадольвае чалавечае, падначальвае сабе душу, розум, сэрца – і пераварочвае цэлыя эпохі й краіны. Подзьвігі Скарыны, Мікалая Радзівіла Чорнага, Льва Сапегі або Пазьняка – вось сапраўднае нацыянальнае волевыяўленьне. Вялікая беларуская воля, здольная да пакутніцтва, самаадданасьці, самаахвярнасьці – падабенства тае Волі, якая вяла Хрыста на Галгофу.

Беларуская воля заўжды была воляй слабейшага целам, але мацнейшага духам. Вайскаводцы ВКЛ амаль заўжды перамагалі меншымі сіламі, і галоўнай прычынай іх перамогаў была воля. Нашыя эмігранты адкрывалі й дасьледвалі самыя цяжкадаступныя й суворыя рэгіёны плянэты – Сібір, Далёкі Усход, Анды, Арктыку, Цэнтральную Азію – і гэта стала магчымым толькі дзякуючы беларускай волі. Духовыя лідэры Сэрца Эўропы аддавалі сябе на адкупленьне за ўсе бліжнія народы – бо мелі волю.

Яна, народная воля, закладзеная ў нас глыбока. Стоеная, стрыманая, агромністая: якія ж цярпеньні, пакуты, які ж цяжар давялося вытрымаць гэтае нацыі! Беларус стрывае амаль усё, але калі дойдзе да краю... Ціхая ў сваю пару, але ўпартая воля выпростваецца зь сілаю сьцятае спружыны.

А пакуль што галоўны від беларускае волі – воля да жыцьця. Каб пераканацца, пачытайце Быкава, пагутарце зь беларускімі інвалідамі або проста азірніцеся навокал. І паспрабуйце адчуць сапраўдную волю. Не такую, калі напятыя мышцы й набычаны голаў, ды грудзі расьпірае ад пыхі – а калі сэрца, адкрытае Богу, робіць цябе волатам.

Вольная воля, выбар чалавечы, найвялікшае дабраславеньне Божае й найбольшае пракляцьце, дала Беларусі і веліч духовае місіі Сярэднявечча, і анархію liberum veto ў XVII-XVIII стст.

Вольная – адно з тлумачэньняў імя Белай Русі. Прыгонныя сяляне й стараверы сотнямі тысячаў беглі сюды з Расеі. Перасьледаваныя на радзіме ардынскія татары й эўрапейскія пратэстанты асядалі тут назаўжды, гнаныя адусюль габрэі хаваліся ў нас ад уціску й пагромаў. Бо тут была воля.

Рэлігійная талеранцыя, дэмакратычны лад, улада закону – вытворныя волі сталі родавай прыкметай беларускае гісторыі. Гэта ў ВКЛ нарадзілася знакамітая Запароская вольніца, а месьцічам звычаёвым ды магдэбурскім правам была дадзеная поўная воля ў самакіраваньні. Са старадаўняга Полацкага веча, праз Паны-раду, Соймы й соймікі Вялікага Княства, да Усебеларускага Зьезду й шматтысячных мітынгаў канца XX ст. – так сьцьвярджала сябе беларуская воля.

Таму й беларускі нацыянальны рух – вызвольны. Таму так любяць беларусы называць дачок Волямі. Таму й Дзень Волі – беларускае нацыянальнае сьвята №1. 25 сакавіка, у гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці БНР, Беларусь адзначае і каталіцкае Зьвеставаньне, адкрыцьцё волі Божае аб нараджэньні Хрыста. Дзень Волі з маніфэстацыяй пад бел-чырвона-беламі сьцягамі – яскравая ілюстрацыя сугучча волі-рашучасьці й волі-свабоды.

Толькі міжволі ўзгадваюцца словы ідэоляга Залатога веку (апагей беларускае волі!), вядучага публіцыста Рэфармацыі Андрэя Воляна (амаль што Воліна): “Дай жа, Божа, каб воля вас упадабала Ды сваволя над ёю ўжо не панавала...” ("Да палякаў і ліцьвінаў")

Беларусы часьцяком забываюцца, што воля – гэта катэгорыя дзеяньня. Пакаяньне, вера, любоў ёсьць актамі выбару, зробленага асабістай воляй, і вымагаюць прыняцьця волі Божай. Беларуская воля не працуе бяз Бога.

“А хто ня любіць волі – ня нашага роду,” – казаў Янка Купала.

З кнігі "Люблю Беларусь"

Вера 22:51 15/05/15 21


Ты верыш напісанаму ў Бібліі?

"Кожны народжаны ад Бога перамагае сьвет, і гэтая перамога, якая перамагла сьвет – вера нашая". (І Яна 5:4)

Тым, для каго вера ёсьць адно "самавызначэньнем адносна інфармацыі", ніколі не зразумець тае ўтрапенасьці, тых ўдыхаў духу, тае нябачнае велічы, якая прымушае Беларусь біцца, як сэрца. Бо Беларусь жыве верай. Бывае, тут пытаюцца: "Ты якой веры?" Але будзь пэўны, за любы адказ цябе ніхто не абразіць, на пасьмяецца й не кране. Бо беларусы разумеюць, наколькі гэта сур'ёзна й недатыкальна.

Досыць часта – часьцей, чым хацелася б – ты пачуеш у нас: "Ня веру!" Але калі табе так кажа беларус – ня вер. Бо беларусы – народ, створаны хрысьціянствам, і ў глыбіні душы яны ўсе гэта памятаюць. І калі ты жывеш на гэтае зямлі пад гэтым небам – май на ўвазе: аднойчы ты абавязкова адчуеш вялікі, невытлумачальны страх, набліжэньне сьляпушчае сьветласьці, і ўся твая істота затрымціць у прысутнасьці Кагосьці Невядомага. Тады ты ўзгадаеш, што гэта асаблівая краіна, і што прыйшоў твой час вызначацца – ці верыш.

"Адкрываецца праўда Божая ад веры ў веру, як напісана: "Праведны вераю жыць будзе." (Да Рымлянаў, 1:17) Беларусь сама – катэгорыя веры. Вера – вось беларускія гісторыя. Верылі – былі моцнымі. Ня верылі – слабымі. Бо "па веры вашай будзе вам!" (Мацьвея 9:29)

Вера – гэта вобраз самое Беларусі, мройнай ды паэтычнай, у існаваньні якой многія сумняюцца і дагэтуль. Няўлоўная й бязважная, але такая рэальная, вера рабіла герояў героямі, нацыю нацыяй, а ідэю – дзеяю. "Sola fides" – толькі вера!

Галоўнае, што ёсьць у Беларусі, пазбаўленай нацыянальнага гонару, маёмасьці, амбіцыяў ды пыхі – вера. Вера, якая дзейнічае любоўю – дзьверы ісьціны, свабоды й дабраславеньня. "Праўду кажу вам: калі вы будзеце мець веру з гарчычнае зерне й скажаце гары гэтай: "перайдзі адсюль туды", яна пяройдзе, і нічога ня будзе немагчыма вам." (Мацьвея 17:20)

У адрозьненьне ад Расеі, Беларусь можна спасьцігнуць розумам. Але толькі таму, што сьледам за сьвятым Аўгусьцінам Беларусь верыць, каб разумець. Беларуская вера не фанатычная, не выбуховая й не навостраная да бляску – але шчырая й па-дзіцячы наіўная, сьціплая й сьветлая, узьнёслая, і ў той жа час поўная ціхае багавейнае містыкі.

Я веру ў тое, што сьвежы сьвітанак з чырвоным даляглядам пад белымі нябёсамі, і іскрысты сьнег, які нерухома трымаюць дрэвы на найтанчэйшых галінках, і чыстая-чыстая, да дна душы, глыбіня ў позірку каханай – дадзеныя Богам, каб адчуць Ягоную веліч, Ягоную прыгажосьць і Ягоную любоў. І веру, што адным такім сьвітанкам уся краіна адкрыецца перада мной з вышыні лёгкага, бязважкага палёту – і я ўбачу сярод аблокаў тую белую-белую Радзіму, аб якой так марыў на зямлі, і яе Уладара, Якому маліўся й Якога ня мог бачыць тут.

Бо Ісус казаў: "Няхай не сумняваецца сэрца вашае – веруйце"! (Яна 14:1) А гэта значыць, што апроч гімна, герба й сьцяга, у Беларусі ёсьць яшчэ адзін паўнавартасны нацыянальны сымбаль. Сымбаль веры.

"Верую ў Бога Айца Усемагутнага, Стваральніка неба й зямлі, і ў Ісуса Хрыста, Сына Яго адзінага, Госпада нашага, які пачаўся з Духу Сьвятога, нарадзіўся зь Дзевы Марыі, замучаны пры Понцкім Пілаце, укрыжаваны, памёр і пахаваны, зышоў да адхлані, на трэці дзень паўстаў зь мёртвых, узышоў у неба, сядзіць праваруч Бога Айца Усемагутнага, адкуль прыйдзе судзіць жывых і памерлых. Веру ў Духа Сьвятога, і ў адзіную сьвятую, саборную й апостальскую Царкву, грахоў адпушчэньне, уваскрашэньне цела, жыцьцё вечнае. Амін.

Беларусь... Гэта вялікая таямніца веры.

З кнігі "Люблю Беларусь"

Брацтвы 17:39 10/05/15 23


Беларус заўжды зьвяртаўся да бліжняга: "братка".

Таму і брацтва ў Беларусі зрабілася зьявай усенароднай. Брацтвы – гарадзкія хрысьціянскія грамады, што гуртаваліся пры цэрквах і касьцёлах і мелі на мэце "працаваньне супольнае брацкае дзеля душы збавеньня". Найбольш інтэграваныя ў грамадзтва, брацтвы выконвалі ролю рук і ног вялізнага арганізму сярэднявечнае царквы. Фэномэн яднаньня верай, характэрны для Беларусі й Украіны XVI-XVII стст.!

Ахапляючы пабожных рамесьнікаў, купецтва й сьвятароў, брацтвы займаліся рэлігійным асьветніцтвам, адукацыяй, дабрачыннасьцю. Будавалі школы, друкарні, багадзельні й шпіталі, "калечыя куты" (прытулкі). Праводзілі супольныя адзначэньні сьвятаў – братчыны. Дапамагалі маламаёмасным братам, ладзілі талокі, пачосткі й пілігрымкі. Мелі вялізны ўплыў на магістраты й ажыцяўлялі мясцовае самакіраваньне.

Брацтвы сталіся самай эфэктыўнай формай нацыянальнае еднасьці за ўсю гісторыю Беларусі. Прынцып духовага задзіночаньня, чуцьцё роднасьці, такое цёплае й моцнае – вось што фармавала беларускую нацыю ў часы Залатога веку. Ва ўмовах імклівай урбанізацыі менавіта брацтвы закладалі аснову гарадзкое культуры й стваралі кшталт "новага чалавека": зычлівага, выхаванага й адказнага патрыёта-месьціча. Такога, пра якога напісана ў ІІ Пасланьні Пятра 1:7: "У пабожнасьці браталюбнасьць, у браталюбнасьці любоў".

Каталіцкія брацтвы пачалі ўзьнікаць яшчэ ў XV ст., вуніяцкія – напрыканцы XVI ст. Але найбольшае магутнасьці ў XVI-XVII стст. дасягнулі праваслаўныя брацтвы. Яны сталі адказам на экспансію каталіцызму й паланізацыю XVII ст., прычынай глыбокае народнасьці беларускага праваслаўя й ключавым адрозьненьнем ад маскоўскае артадоксіі. Лідэры праваслаўнага брацкага руху – апосталы эпохі: Лаўрэн і Сьцяпан Зізаніі, Мялет Сматрыцкі, Пятро Магіла. Невыпадкова галоўны герой знакавага караткевіцкага бэстсэлера "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" – Юрась Братчык.

Такое братэрства мела велізарнае нацыятворчае значэньне для хрысьціянскае Беларусі. Але з аслабленьнем духу й узмацненьнем міжканфэсійнае барацьбы брацтвы рабіліся цяжкімі рэлігійнымі таранамі. Унутраны падзел паводле формы веры развальваў ВКЛ і дзяліў братоў-беларусаў на "палякаў" ды "рускіх". Як нам не хапіла тады па-эвангельску супольнага хрысьціянскага брацтва!

Брацтвы, галоўны генатып беларускае салідарнасьці, ўзор для ордэну вернікаў і адраджэнцаў – цудоўны шлях грамадзкага ды нацыянальнага разгортваньня сучасных хрысьціянскіх цэркваў. Мацнейшыя за італійскія прафсаюзы ды японскія карпарацыі, беларускія брацтвы зноў павінныя браць на сябе цэлыя гарады. Бо рэальная еднасьць і сумесная дабрачыннасьць, утульны парадак і пачуцьцё локця, сяброўская любоў і ўсеагульная справядлівасьць па-беларуску называюцца брацтвам.

"Брацьця! Ці зможам грамадзкае гора?
Брацьця! Ці хваце нам сілы?!..." (Максім Багдановіч, "Краю мой родны...")

З кнігі "Люблю Беларусь"


Бог 20:29 01/05/15 17

Бог Сьвяты, Бог Усемагутны, Бог Прадвечны, Творца, Наш Госпад, Пан і Спадар – Тая найвышэйшая, трансцэндэнтальная Асоба, з багавейнага й сьвятарнага заміраньня перад Якой пачынаецца і сапраўднае адкрыцьцё Беларусі. "Сьвяты, Сьвяты, Сьвяты Госпад Бог Усеўладны, Які быў, ёсьць і будзе!" – напісана ў Бібліі (Адкрыцьцё 4 глава, 8 верш). "Над Богам няма нікога", спрадвеку кажуць у нас. Беларуская нацыянальная ідэя ўсёй сваёй сутнасьцю зьвернутая да Бога як звышмэты. Да Таго Госпада Бога, Які стварыў гэтую зямлю, Які ўдыхнуў у нас жыцьцё, Які палюбіў сьвет настолькі, што аддаў Сына Свайго адзінароднага Ісуса Хрыста, у ахвяру за нашыя грахі. Сама Беларусь – вечнае імкненьне да Царства Божага. Тыя, хто жыў на гэтай зямлі, тысячагодзьдзямі пакланяліся нейкім прыдуманым боствам. Але толькі пасьля таго, як тутэйшыя вызналі Бога Адзінага, на белым сьвеце зьявілася Беларусь – і беларусы. Беларускі народ ня столькі рэлігійны, колькі Божы. Беларуская ідэя – гэта ня "З намі Бог!" і не "Беларусь па-над усім". Беларуская ідэя – гэта "Бог па-над усім", а "Беларусь – з Богам.” Вера ў Бога й любоў да Бога, зь якімі беларус здольны палюбіць і бліжняга свайго, як самога сябе. "Бяз Бога людзі не памога", "Бог ведае, хто як абедае", "Як трывога, то да Бога", "Едзеш у дарогу – памаліся Богу", "Ня думаў, не гадаў – а так Бог даў"...Усе гэтыя прымаўкі толькі паўтор напісанага: "За Госпадам, Богам вашым, сьледуйце і Яго бойцеся, запаведзі Ягоныя выконвайце, голасу Ягонага слухайцеся, і Яму служыце, і да Яго прыхінайцеся". (Другазаконьне 13:4) Беларусам мацней, чым многім іншым народам, дадзена адчуць, што яны ёсьць вобразам і падабенствам Божым. Таму ў парадыгме нацыянальнае ідэі богаадступніцтва азначае і вырачэньне Беларусі, а найцяжэйшая праблема нацыянальнай самасьвядомасьці вынікае з таго, што мы чакаем Бога – але не шукаем Яго. "На Беларусі Бог жыве..." Так, Бог часта зьяўляўся ў Беларусі – адсюль і наша нацыянальная пакорлівасьць, і ахвярнасьць, і натхнёная духовасьць. Напрыканцы Х ст., у абуджэньні ХІІ ст., у Залатым веку, у найноўшых адраджэньнях душы Беларусі трапяталі, дыханьні заміралі й сэрцы здрыгаліся перад расхінутымі нябёсамі. Асабістая прысутнасьць Божая стварала Беларусь як краіну, як дзяржаву, як нацыю. Бо гімн Беларусі – "Магутны Божа", што праслаўляе Бога-Айца. Бо сьцяг Беларусі – бел-чырвона-белы сьцяг Хрыста, Бога-Сына. Бо герб Беларусі – "Пагоня", увасабленьне Духа Божага. Таму толькі той, хто напоўніцу ўсьвядоміў сябе беларусам, хто сапраўды спазнаў гэтую краіну, у бязьмежнай удзячнасьці, у захапленьні адкрыцьця, скрозь сьлёзы шчасьця зьвяртаецца да Яго: Ойча Наш, існы ў нябёсах! Сьвяціся імя Тваё. Прыдзі Валадарства Тваё, Будзь воля Твая, Як на небе, так і на зямлі; Хлеб наш надзённы дай нам сёньня, І даруй нам грахі нашыя, Так, як даруем мы вінаватым прад намі, І не дапусьці да спакусы, Але збаў нас ад злога Бо твае і Валадарства, і сіла, і слава На векі вякоў. Амін. (Мацьвея 6:9-13) Бог нездарма стварыў Беларусь тут, у сэрцы Эўропы. Бог грозны й строгі, Бог зорных галяктыкаў і палаючых сонцаў, Бог волі і ісьціны, такі ласкавы й міласэрны, поўны невымернае магутнасьці й непамыснае літасьці, менавіта тут уражвае Сваёй нясьцерпнай сьвятасьцю й пранізьлівым сьвятлом. Настолькі, што ўсёй істотай адчуваецца роднасьць Боскага й беларускага. Тут Бог наймацней змагаецца з д'яблам. І табе выбіраць, на чыім ты баку – бо наша сэрца ёсьць галоўнай арэнай бітвы. Бо натхненьне звыш, асабістае перажываньне Бога, размова з Богам сам-насам і выпаўненьне волі Божае – гэта тое, дзеля чаго жыве Беларусь.

З кнігі "Люблю Беларусь"

Біблія 01:10 26/04/15 24

Быцьцё, Лікі, Кнігі Царстваў і Судзьдзяў, Прарокі, Эвангельлі, Дзеі, Пасланьні апосталаў і, нарэшце, Адкрыцьцё – для Беларусі гэта ня проста разьдзелы Бібліі. Гэта эпохі гісторыі. Прадбачаньні нацыянальнага лёсу. Главы беларускай ідэі. “У сей кнізе ўсяе прырожанае мудрасьці зачала і канець, Бог Уседзяржыцель пазнаван бываець. У сей кнізе ўсі законы і права, імі людзі на зямлі справаваціся маюць, папісаны суць. У сей кнізе ўсі лякарства душэўныя й цялесныя зуполне знойдзеце. Ту навучэньне філязофіі дабранраўнае, як любіці Бога для самога сябе і бліжняга дзеля Бога” – напісаў у прадмове да “Бібліі” Скарына. "На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Слова было Богам". (Яна 1:1-2) Біблія – Божае адкрыцьцё для чалавецтва, Кніга Кнігаў і Асноўны Закон усіх часоў і народаў. Біблія – духовая плятформа, што нясе на сабе Беларусь, і адначасова поўная энцыкляпедыя нацыянальнай ідэі. Слова Бібліі ўгрунтоўвала падмурак беларускай старажытнасьці, Сярэднявечча, адраджэньняў, захоўвала падваліны беларускага духу пад акупацыяй. Біблія спрадвеку была галоўным падручнікам у беларускіх школах, калегіюмах, Віленскім Унівэрсытэце й Полацкай Акадэміі. На Бібліі стаіць Статут ВКЛ. 1000 гадоў беларускай гісторыі можна з поўным правам назваць тысячагодзьдзем Бібліі. Ключавыя фэномэны беларускасьці – мэнтальныя, грамадзкія, культуровыя – зыходзяць менавіта са Сьвятога Пісьма. Духовасьць. Ахвярнасьць. Вера й любоў. Талеранцыя й цярплівасьць. Кнігацэнтрызм. Паэтычнасьць. Культ Слова. Закон. Храм. Крыж... Найвышэйшыя нацыянальныя героі Беларусі былі людзьмі Бібліі. "Слова Божае жывое й дзейснае, і вастрэйшае за любы меч двусечны, яно пранікае да разьдзяленьня душы й духа, суглобаў і мозгу, і судзіць помыслы й намеры сардэчныя" (Да Габрэяў 4:12) Зь перакладам, перапісам або друкам Бібліі распачыналіся ўсе абуджэньні Беларусі. На манускрыптах Сьвятога Пісьма, зробленых за Ізяславам, Усяславам Чарадзеем ды Эўфрасіньяй, як на агульнахрысьціянскай Канстытуцыі, грунтавалася грамадзтва Полацкага княства. Лаўрышаўскае, Аршанскае, Друцкае Эвангельлі, "Дзесятаглаў" і “Смаленскі Псалтыр” фармавалі адзіную духовую прастору Вялікага Княства Літоўскага. Друк “Бібліі” Скарыны паклаў пачатак Залатому веку, які, у сваю чаргу, набіраўся моцы ў "Катэхізісе" Буднага, Астроскай ды Берасьцейскай Бібліях, "Эвангельлі Вучыцельным" з заблудаўскай друкарні й "Эвангельлі Напрастольным" друкарні Мамонічаў. З канца XVIII ст. да пачатку ХХ ст. у Беларусі не было надрукавана ніводнае кнігі Бібліі – і паглядзіце, гэта былі самыя страшныя часы нашае гісторыі. Але затым пераклады й выданьні Дзёкуць-Малея, Луцкевіча й ксяндза Гадлеўскага далі штуршок да беларусізацыі ўсіх канфэсіяў напачатку ХХ ст., Татарыновіча, Пятроўскага й Станкевіча – паваеннае ды эмігранцкае Беларусі, Чарняўскага й Сёмухі – найноўшага Адраджэньня. Бо напісана: "Не хлебам адзіным будзе жыць чалавек, а ўсякім Словам, якое зыходзіць з вуснаў Божых". (Мацьвея 4:4) Менавіта Біблія старонку за старонкай расхінала перад беларускай місіяй усю Ўсходнюю Эўропу. Выданьне Скарыны адкрывала Бога Вялікай Літве, "Апостал" Фёдарава й Мсьціслаўца ды "Псалтыр рыфматворны" Полацкага ператваралі Расею, львоўскія й Астроскія выданьні беларускіх друкароў – будавалі Украіну, Радзівілаўская Біблія й "Новы Запавет" Буднага фармавалі Польшчу. Як у агромністым тыглі, у сярэднявечнай Беларусі пераплаўляліся пераклады й друкі праваслаўнага й каталіцкага канонаў, пратэстанцкае й юдэйскае традыцыі – каб даць сьвету вялікія асобнікі Бібліі. Скарынаўскую "Біблію Руску" чацьвёртую ў сьвеце (пасьля нямецкай, італійскай і чэскай) друкаваную на жывой мове народу, з бліскучымі прадмовамі й унікальнымі гравюрамі. “Берасьцейскую” або “Радзівілаўскую”, 1563 г., з найвялікшай руплівасьцю перакладзеную й шыкоўна аздобленую. “Астроскую” 1581 г., першую поўную сярод славянскіх народаў. “Уважае Гасподзь і чуе гэта, і перад абліччам Яго пішацца памятная кніга пра тых, што баяцца Госпада й шануюць імя Яго.” (Малахіі 3:16) Беларусь, якая глядзіць у Біблію, пазнае сябе. Беларуская гісторыя зь яе Старым і Новым Запаветамі насьледуе Бібліі як напісанаму сцэнару. Беларуская літаратура карэніцца ў мацерыку біблійнага тэксту, і дагэтуль, да Купалы й Барадуліна, скразіць матывамі, цытатамі й паралелямі ад Быцьця да Адкрыцьця. Беларусь сама – жывая ілюстрацыя да Бібліі. Біблія выпаўнялася ў Сэрцы Эўропы, бо Беларусь здаўна была каўчэгам для Слова Божага. Біблійнасьць беларусаў часам дасягае вяршыняў богаабранасьці. Ды й ці можа быць інакш – калі Беларусь пакутвала й ахвяравалася за ўсіх суседзяў, калі апошнія стагодзьдзі тут жыў Ізраіль!… У Эўропе знойдзецца няшмат такіх народаў, для якіх прыярытэт Сьвятога Пісьма як галоўнага Слова быў бы настолькі відавочным. Таму сучасны супэрпраект для Беларусі – гэта нават не пабудова Нацыянальнай Бібліятэкі за 10 мільёнаў даляраў, а выданьне 10-мільённым накладам Нацыянальнае Бібліі. Бібліі, якая зьбярэ, як Расейскі Сінадальны, ці Жэнеўская Біблія ўвадно, зь беларускіх выданьняў Сьвятога Пісьма боганатхнёнае Слова, да апошняе літаркі. … Бо ўсё, што вы чытаеце ў гэтай кнізе – толькі камэнтары да Бібліі.

З кнігі "Люблю Беларусь"

Бел-чырвона-белы сьцяг Хрыста 19:55 18/04/15 4


Калі бачыш бел-чырвона-белае, вочы міжволі прымружваюцца, як ад сьвятла. Сэрца пачынае біцца буйней, а ўсхваляваная душа ўскалыхвае ўсё цела.
Бел-чырвона-бела сьцяг – найвялікшы беларускі сымбаль, наймацнейшая канцэнтрацыя сэнсу нацыянальнае ідэі, зашыфраванае імя Беларусі.
Бо вось ужо дзьве тысячы гадоў гэта – сьцяг Ісуса Хрыста.
Усё проста: белая палатніна, у якую, згодна з габрэйскім звычаем, на пахаваньні загарнулі скрываўленае цела ўкрыжаванага Ісуса, засталася людзям як знак перамогі над злом, нянавісьцю й сьмерцю, калі Хрыстос уваскрос.
Бел-чырвона-белая Турынская плашчаніца прызнаецца навукова пацьверджаным цудам і адной з галоўных рэліквіяў хрысьціянства. Гэты знак, белую палатніну з чырвоным крыжам, пачалі шырока выкарыстоўваць як сымбаль усяго хрысьціянства ў сярэднявечнай Эўропе. Сьцяг Хрыста зьяўляўся на абразах, вайсковых харугвах, мачтах караблёў – і зь цягам часу, у розных варыяцыях, увайшоў у велізарную колькасьць гербаў, вымпелаў і нацыянальных сьцягоў на ўсёй эўраатлянтычнай прасторы ў Старым і Новым Сьвеце. Дастаткова згадаць, што Ангельшчына дагэтуль мае сьцяг белы з чырвоным крыжам (і гэта яго спалучэньне зь сінім, таксама крыжовым, шатляндзкім штандарам, стварае знакаміты брытанскі "Юніён Джэк"), а сьцягі Швэдзіі, Нарвэгіі, Фінляндыі, Грузіі, Даніі, Швайцарыі й Ісляндыі ўтвораныя паводле розных колеравых камбінацыяў асноўнага Сьцягу Хрыста. Калі ёсьць штосьці, што лучыць на элемэнтарным, кодавым узроўні ня толькі Эўропу, але і ўсю заходнюю цывілізацыю – дык гэта, бясспрэчна, ён, адзін з самых старажытных і ключавых хрысьціянскіх знакаў.
Многія беларускія геральдысты, што вывучалі крыніцы зьяўленьня бел-чырвона-белага сьцягу, пісалі пра "Крыж сьвятога Юр'я", індаэўрапейскія архетыпы, сялянскія рушнікі, польскія прапары й яшчэ немаведама што – але чамусьці не заўважалі тае жывое сілы, тае імклівасьці й настойлівасьці, зь якімі ўсе 10 вякоў беларускае гісторыі скрозь працінае Сьцяг Хрыста. Прыняцьцё хрысьціянства і самой назвы Белая Русь; Сафія зь бел-чырвона-белае муроўкі; бел-чырвона-белая "Пагоня" у ВКЛ; Грунвальд – белыя харугвы з чырвоным крыжам; бітва пад Воршай – бел-чырвона-белыя сьцягі Хрыста на піках у вершнікаў... На каталіцкіх ды вуніяцкіх сьвятынях – паўсюдна Сьцяг Уваскрасеньня. Праваслаўныя патрыярхі (прыгледзьцеся, нават сёньня) – з абавязковай бел-чырвона-белаю паласою ў рызах. У беларускага гусарскага палка, створанага за Аляксандрам I – бел-чырвона-белыя сьцягі й какарды; і ў тых, хто ваяваў на баку Напалеона – таксама. І Касьцюшка, і Каліноўскі – пад сьцягамі зь белі й чырвані... І вось, у 1918-м (як пішуць некаторыя дасьледчыкі, "абсалютна нечакана") зьяўляецца той самы бел-чырвона-белы сьцяг БНР. Праз расстрэлы й пахаваньні ў Курапатах канца 30-х, праз вайну й партызанку, разруху й застой – да Курапатаў 1988-га, дзе ўпершыню пасьля дзесяцігодзьдзяў цемры ўспыхвае зноў.
Вось ён, сымбаль Беларусі. Ня "сала з праслоем мяса" й не скрываўлены бінт міфічнага князя-ваяра, пра які так любяць пісаць змагары-рамантыкі. Сьцяг Уладара й Пераможцы. Госпада, Збаўцы чалавецтва! Бліскучая бел-чырвона-белая ўсьмешка й захапляючы сьвітанак на Раство. Візуальнае ўражаньне яркага сьвятла.
Ён лунае ў паветры, нібы анёлавы крылы. "Зямля пад белымі крыламі" – ці не пра гэты сьцяг пісаў Караткевіч! У самыя трагічныя, моцныя моманты беларускае гісторыі скразіць, нечакана выблісквае, асьвятляе далягляды, як азарэньне, бел-чырвона-белы сьцяг – і зноў нагадвае нам пра тое, што адбылося 2000 гадоў таму.
Пагадзіцеся: дзе-дзе, а ў сымбалях выпадковасьцяў не бывае. Бел-чырвона-белы сьцяг Хрыста – наш найгалоўнейшы сымбаль, які ў адзінай трыядзе – герб, сьцяг, гімн – займае цэнтральнае месца. Сьвяты вобраз нашай гісторыі й нашага Адраджэньня. Няма нічога, што можа яшчэ мацней выразіць зьмест мінуўшчыны, унікальнасьць сёньняшняга часу й веру ў будучыню Беларусі.
Бел-чырвона-белы сьцяг, гарачая чырвань на белым у гарманічнай прапорцыі 2:1, кадыфікуе формулу беларускае духовасьці. Чысьціню й ісьціну. Сьвятасьць і сілу. Боль і любоў. Ахвяру – і ўваскрасеньне дзеля збавеньня іншых. Бель і кроў, зь якімі дасталася нам незалежнасьць. Бель, якую так лёгка запляміць, і кроў, якую так цяжка аддаваць.
Для тых, хто носіць бел-чырвона-белы сьцяг на грудзях, гэта – асабістая рана, што баліць увесь час.
Гэта трэба бачыць. Чырвонае, пунсовае, барвовае, пурпуровае на белым проста сьвеціцца. Сыходзіць унутраным сьвятлом і праменіць сэнсам.
Учытайцеся – бо гэта імя. Беларусь.

З кнігі "Люблю Беларусь"


Беларусь 10:27 11/04/15 15


Біблія сьведчыць пра сьветласьць на самым пачатку. Сьведчыць так:
"І сказаў Бог: хай будзе сьвятло. І сталася сьвятло. І ўбачыў Бог сьвятло, што яно добра, і аддзяліў Бог сьвятло ад цемры". (Быцьце.1:3-4)
Беларусь – найсьвятлейшае й сапраўднае імя гэтае краіны. Самае частае слова ў нашае кнізе, самая чыстая любоў для чытача й самы чуйны элемэнт нацыянальнае ідэі.
Беларусь – гучыць, як праменіць. Белая – значыць, чыстая, найвышняя, нават сьвятая. Белград, Белы дом, Беларусь – з аднаго сэнсавага шэрагу.
Узьнікненьне Беларусі – найбялейшая пляма беларускае гісторыі.
Назва БЕЛАРУСЬ – няўлоўная, эфэмэрная. Беларусь калышацца ў сэрцы Эўропы, зьяўляецца й прападае, быццам аграмадны водсьвет, факусуецца то ля Ўладзімера й Суздаля ў XII ст., то вакол Полацка ў XIII ст., то ў Падняпроўі ў XIV ст., а то займае сабой паў-ВКЛ улучна са Смаленшчынай і Браншчынай у XVI ст. Такое ўражаньне, што ў гэтым змроку Сярэднявечча яна разьвідняла зь нябеснага сьвятла: дзе ясна, сонечна й чыста – там была Беларусь; як толькі пахмурна й цень – яна зьнікала. Самае цікавае, што такім жа чынам паводзіў сябе і сымбаль беларускасьці – бел-чырвона-белы сьцяг, і срэбны з барваю герб "Пагоня", і нават сама беларуская дзяржаўнасьць. Быццам з паветра, быццам звыш – матар'ялізуецца з туманнае смугі з эфэктам цуду.
Беларусь заўжды была ідэалам, імкненьнем, імгненьнем больш, чым зьдзейсьненым фактам. Беларусь успыхвала толькі ў моманты выключнае гістарычнае значнасьці – дзеля таго, каб потым цэлыя пакаленьні жылі ў азарэньнях адраджэньня яе незалежнасьці.
Беларусь мае духовую прыроду – вось у чым сэнс.
Корань – "Русь".
Найменьне "русь" усходнім славянам тысячагодзьдзе таму надалі варагі ці нарманы. Тыя самыя, што ў VIII – IX стст. абаснаваліся ў Ангельшчыне, Францыі й Ірляндыі, раней за Калюмба, ужо ў X ст. адкрылі Амэрыку, і зьядналі калянізацыяй і гандлем усю Паўночную Эўропу. Такім чынам, на стратэгічным стыку Захаду й Вялікага стэпу Русь зьявілася з тае рашучае, прадпрымальнае нарманскае пратаплязмы, якая надала свае абрысы ўсёй сёньняшняй эўраатлянтычнай цывілізацыі.
Русьсю назавуць першае аб'яднаньне ўсходне-славянскіх плямёнаў вакол Кіева; "русьсю" яшчэ доўга будуць іменаваць насельнікаў міжморскіх княстваў; з Русі ў пэрыяд мангола-татарскага нашэсьця вылучыцца вольная Беларусь – і ў рэшце рэшт, легендарную "Русь" як Расею прыўласьціць дэспатычная Масква – каб затым насьмерць змагацца зь Русьсю Белай. Лёсы Ўсходняе Эўропы, а потым і паловы сьвету, будуць вырашацца тут, у Белай Русі. Беларусь, Боле-русь, будзе нязьменна адыгрываць ключавую ролю скрыжаваньня, храма й пагоста.
Русь – міфічная тысячагадовая спадчына, грандыёзнае поле гісторыі й генэтыкі. Вось за што змагаюцца Расейская імпэрыя – зброяй, гвалтам і тыраніяй; і Беларусь – словам, ахвярай і любоўю.
У Белай Русі вэер вэрсіяў: белыя валасы й вопратка, сьветлыя вочы жыхароў, свабода ад ардынскага іга; цэнтар усходнеславянскіх земляў; "усход" у старажытнае колералёгіі; абшар духовасьці, хрысьціянства – у супрацьлегласьць "чорнай" тэрыторыі паганства... Але паўсюль у значэньнях скразіць сьвятло і дыхае Дух.
Напэўна, Беларусь так назвалі таму, што было відавочна: іншай яна быць проста ня можа.
Беларусь, сэрца Эўропы, спрадвеку была вобласьцю невытлумачальнага адбельваньня. Так, як яна асьвятляла вочы ды валасы вугра-фінаў, балтаў, славянаў – гэтак жа ачышчала й асьвячала душы цэлых краінаў.
Беларусь – вобраз ціхага сьвятла й Божае сьвятасьці, глыбокі, празрысты й узьнёслы, у якім зіхаціць хрысьціянская яснасьць.
Беларусь сьвеціцца, быццам Ісус у момант сваёй славы на гары Ператварэньня:
"І калі маліўся, выгляд аблічча ў Яго зьмяніўся, і вопратка ў Яго зрабілася белая, бліскучая..." (Лукі 9:29)
Чым бліжэй да Новага Запавету, тым больш сьвятла, тым больш белі ў Бібліі. І, нарэшце, быццам адна суцэльная ўспышка – апошняя кніга, Адкрыцьцё Яна Багаслова:
"Галава ў яго і валасы белыя, як белая воўна, як сьнег, і вочы ў Яго – як полымя вогненнае." (Адкрыцьцё 20:14)
"І ўгледзеў я вялікі белы трон і Таго, Хто сядзеў на ім, ад аблічча Якога ўцякала неба й зямля..." (Адкрыцьцё 20: 11)
"Пераможца апранецца ў белае адзеньне, і ня выкрасьлю імя Ягонага з кнігі жыцьця, і вызнаю імя Ягонае прад Айцом Маім і прад анёламі Ягонымі." (Адкрыцьцё 3:5)
Беларусь – белая краіна Адкрыцьця Божага.
Ранейшыя ўвасабленьні Беларусі – Полацк, Смаленск, Тураў, Вялікая Літва, Рэч Паспалітая – ужо валодалі той сьветлай духовай сутнасьцю, ужо зьмяшчалі ў сабе пачаткі празрыстай крыніцы й фокусу сьвятасьці, чыстага й ахвярнага сэрца. Але поўная сіла, цэласнасьць і яснасьць беларускага фэномэну ўспыхнулі толькі з гэтым імем.
Зьявай масавай сьвядомасьці Беларусь стала напачатку XVII ст. – адразу з нараджэньнем нацыі ў гарніле Залатога Веку.
Так новае імя даецца нам пры хрышчэньні.
Той, хто прымае Хрыста, набывае новую сутнасьць. Пасьля Старога Запавету Полацку, Наваградку, Вільні мы бачым Новы Запавет у Беларусі.
Беларусь, белая – белая й русая, рудая, чырвоная – элемэнтарная формула бел-чырвона-белага сьцягу. Белая краіна з крывавай паласой наскрозь – што можа быць больш красамоўным!
Зрэшты, Беларусь для беларуса ня мае патрэбы ў тлумачэньні. Гэта адчуваеш адразу, інтуітыўна, на ўзроўні веры й адкрыцьця. Мая Беларусь. Люблю Беларусь! Беларусь – гэта сьвятое...
Калі сумняесься, ці існуе яна насамрэч, гэтая сьветлая краіна-мара, агукні на мітынгу:
— Жыве Беларусь!
І табе адкажуць моцна й гучна, аж скаланецца душа:
— Жыве!!!

З кнігі "Люблю Беларусь"

Слоўнік Севярынца. Ахвярнасьць. 15:21 05/04/15 3


Беларусь – гэта ня толькі бель, але і боль.
Беларусы – нацыя-ахвяра, укрыжаваная на галоўным геапалітычным скрыжаваньні Эўразійскага мацерыка.
Беларусь як ахвяра