Рэстарацыя на костках. Чаму маўчыць прэзідэнт?

Пакуль міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч апранае форму афіцэра НКВД на дзень Перамогі 9 траўня рэстарацыя ў Курапатах на костах растраляных беларусак і беларусаў “Паедзем, паядзім” можа адчуваць сябе адносна спакойна – “крыша” ў асобе міністра ў іх забяспечана.

Грамадскія актывісты, якія нясуць вахту каля брамы рэстарацыі і інфармуюць грамадзян аб сутнасці свайго пратэсту, ужо не раз станавіліся ахвярамі байкераў з георгіеўскімі стужкамі, аўтамабіля з расійскімі нумарамі ды і проста людзей з незусім адэкватнымі паводзінамі.

Людзям наязджалі на ногі, а некаторых ужо і пракацілі на капоце аўто.  

У любым выпадку вінаватымі станавіліся тыя, хто прыйшоў бараніць святое месца нацыянальнай памяці растраляных беларусак і беларусаў.  

Дык гэта ж і не дзіва – пратаколы складалі на пратэстоўцаў супрацоўнікі ДАІ і міліцыі, чый самы вялікі начальнік носіць форму афіцэра НКВД.  

Тлумачэнні залішнія.

На гэтым можна было бы ставіць кропку і казаць, што “крывавы рэжым” перамог у чарговы раз паказаўшы ўсім хто ёсць хто, калі б не адна акалічнасць – улады афіцыйна вырашылі ўсталяваць у Курапатах мемарыял памяці палітычных рэпрэсій.  

Пра тое, што такі мемарыял паўстане анансаваў сам Аляксандр Лукашэнка. Заказчыкам мусіць выступіць Федэрацыя прафсаюзаў Беларуская, а Міністэрства культуры ўжо абвесціла конкурс на эскізы мемарыялу, дзе ўжо па выніках конкурсу разглядаюцца тры найбольш цікавыя эскізы. Афіцыйна адкрыты рахунак на збор сродкаў і іх сабрана ўжо больш за 11 тысяч рублёў.

Становімся сведкамі цікавай сітуацыі – людзі пратэстуюць супраць рэстарацыі на костах, зямля пад які была выдадзена з парушэннем заканадаўства (пракуратура прызнала, што будаўніцтва пачалося ў ахоўнай зоне Курапатаў); людзі пратэстуюць не супраць палітычнага рэжыма, а супраць прыватнага забудоўшчыка, якога лічуць амаральным; прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка сваім анонсам аб ўсталяванні мемарыяла ахвярам палітычных рэпрэсій у Курапатах фактычна прызнаў палітычныя рэпрэсіі савецкага рэжыма ў дачыненні да беларусаў, а людзі міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча складаюць пратаколы і штрафуюць грамадскіх актывістаў, якія пратэстуюць супраць рэстарацыі на костках у ахоўнай зоне Курапатаў за парушэнне правілаў дарожнага руху і нічога не робяць супраць зарваўшыхся байкераў і аўтамабілістаў, якія іх калечуць.  

Атрымліваецца нейкая неразбярыха – будуем мемарыял, аднак караем тых, хто бароніць нацыянальную памяць у будучага мемарыяла, прызнаем, што рэстарацыя пабудаваны ў ахоўнай зоне Курапатаў, аднак за гэта ніхто з чыноўнікаў не нясець адказнасці, прызнаем, што Курапаты месца палітычных растрэлаў, аднак міністр Шуневіч працягвае фанабэрыцца ў форме афіцэра НКВД.  

Надышоў час для слова гаранту нашай Канстытуцыі, дабы канчаткова спыніць народны пратэст. Менавіта народны, бо з абаронцамі Курапатаў салідарны ўсе, хто мае хоць крышку годнасці і сумлення. Вынікам гэтага мусяць быць адстаўкі чыноўнікаў, а таксама перанос рэстарацыі ў іншае месца.  

Наўрад ці дойдзе да адстаўкі міністра Шуневіча, аднак самы час указаць яму на тое, што касцюмчык афіцэра НКВД на наступны дзень Перамогі варта пакінуць у сябе на вешалцы, бо мінскія Курапаты – ужо афіцыйна прызнаны мемарыял нацыянальнай памяці беларусак і беларусаў і тыя афіцэры НКВД, якія стралялі ў людзей, не з’яўляюцца гераічнымі вобразамі. Дзякуй Богу, цяпер і ў Беларусі.



15.06.18 13:55

Ігар Барысаў