Абсурдныя ўяўленні пра нацыянальную ідэю

Спасярод розных абсурдных уяўленнняў наконт нацыянальнай ідэі найбольш распаўсюджана, бадай, наступнае:

Нацыянальная ідэя – гэта такая ідэя, якую ўсе заўсёды і ўсюды абмяркоўваюць.

Маўляў, усе жыхары дадзенай краіны, а малога да старога, ад прэзідэнта да бамжа, ад рэзідэнта ПВТ да калгаснага рабацягі павінны штодня цікавіцца, разумець і падтрымліваць той ці іншы канон нацыянальных каштоўнасцяў. Вось тады ідэя сапраўды ёсць. А калі такое не адбываецца, значыць, «няма ў нас ніякай нацыянальнай ідэі». Нічым іншым, як наяўнасцю такога мыслення можна растлумачыць пастаянныя рэплікі тыпу: «Вы паслухайце, пра што гавораць людзі на прыпынках, у калгасах ды на заводах. Тэма нацыянальнай ідэнтычнасці іх абсалютна не цікавіць».

Паспрабуйце ўявіць сабе сітуацыю, калі на прыпынках, на рынках, на заводах і ў крамах людзі штодня абмяркоўваюць тэму Вялікага Княства Літоўскага, веліч і прыгажосць нацыянальнага сцяга і пералічваюць усіх славутых герояў мінуўшчыны. Гэта быў бы нейкі кашмар. Што ж, у гісторыі, хоць і рэдка, але бывалі падобныя выпадкі. Прыкладам, у чацвёртым стагоддзі багаслоў Грыгорый Ніскі напалову смехам, напалову ўсур'ёз распавядаў пра наступную ненармальнасць. Вось прыходзіш – кажа Грыгорый – на рынак, пытаешся пра обаль (капейку), а яны ў адказ пачынаюць філасофстваваць пра Народжанага і Ненароджанага. Хочаш даведацца пра цану на хлеб, а яны ў адказ: «Бог-Айцец вышэй за Сына». Пытаешся: «Ці гатовая ўжо лазня?» А яны табе: «Бог-Сын выйшаў з няіснасці».

Паўсюдная апантанасць нацыянальнай ідэяй – гэта шкодны і непажаданы стан рэчаў. І ніводзін цвярозы прыхільнік нацыянальнага адраджэння не ставіць сваёй мэтай распаўсюдзіць вось такую апантанасць. Нацыянальная ідэя – гэта больш-менш звязная сістэма перакананняў наконт гісторыі і адметнасці дадзенай культурнай або палітычнай супольнасці. Плюс набор рытуалаў падтрымлівання гэтых перакананняў.

А што тычыцца гэтага аргументу: «Няма паўсюднага і штодзённага зацікаўлення нацыянальнай ідэяй, значыць, яна беспаспяховая» - выкіньце яго як шкодную звычку.

Працяг будзе


21.05.18 23:04

Петр Рудковский