Што рабіць са Статкевічам?

Тое, што не будзе аднадумства ў справе спосабу святкавання БНР, няцяжка было прадбачыць. Раскол па пытанні ўзаемадзеяння з аўтарытарнай уладай - гэта, можа быць, непрыемная, але нармальная з'ява. Будзь то Беларусь, будзь то аналагічная сітуацыя ў іншай краіне - такія расколы заканамерныя. У свой час у Літве быў раскол вакол стасунку да перабудовы Гарбачова (прагматычны Саюдзіс контра бескампрамісныя ідэалісты), у Польшчы - у справе "Круглага стала" 1989 г. ігд. Наіўнасцю было б думаць, што ў Беларусі пасля 20 год кансалідаванай "барацьбы з рэжымам" раптам паўстане ў апазіцыі кансэнсус наконт святкавання Дня Волі ў хаўрусе з уладамі (у нейкім сэнсе на правах улады). З 95% праўдападобнасці можна было адгадаць, што раскол - у той ці іншай форме - паўстане.

Але я б не драматызаваў гэты раскол, што зараз адбываецца паміж Кастусёвым-Дашкевічам-Пальчысам-Белавусам і Статкевічам-Сіўчыкам. Так, ён непрыемны і неканструктыўны, і я ў душы хацеў бы, каб яго не было. Але ніякай тут катастрофы няма. Мы не можам паўплываць на факт расколу, але можам паўплываць на яго наступствы. Лепш падумаць, як зрабіць так, каб пры ўсім гэтым былі мінімальныя рызыкі для нацыянальнай ідэі і яе прыхільнікаў. Маральнае ацэнка - што ж, яна мае права быць, але не варта губляць на яе ўсю сваю энэргію. Лепш пусціць гэту энэргію на спраджэнне такога сцэнару (або такіх сцэнараў), які змякчыў бы эфект гэтага расколу.

У будучым варта загадзя ўлічваць праўдападабенства расколаў у аналагічных сітуацыях. Бо яны будуць цягам усяе далейшай гісторыі рэжыму. А пасля змены ўлады яны, хутчэй за ўсё, яшчэ больш інтэнсіфікуюцца. Я перакананы, што будуць, напрыклад, зацятыя спрэчкі наконт таго, наколькі глыбока і асновасяжна дэмантаваць спадчыну Лукашэнкі. І на такія выпадкі варта мець нешта больш у запасе, чым набор пропаведзяў наконт таго, наколькі кепска сварыцца і наколькі важна не сварыцца.

04.03.18 14:25

Петр Рудковский