У чаканні нобелеўскай прамовы. Нататкі чытача 02.11.2015 1


Ёсць у нас беларусаў такое слова – «вінаваціцца». У нашых слоўніках яно, на жаль, не фіксуецца, нават у «фінансавым» значэнні. Адзінокая маладзіца кажа: «Грошы я ніколі ні ў кога не пазычаю, бо не люблю быць некаму віннай. Як каму завінавацішся, тады ўжо ты не той як ёсць. Трэба тады перад тваім дабрадзеем па брытве хадзіць».

Але я думаю пра іншае значэнне слова. Яно пэўным чынам люструе наш нацыянальны моўны код. Некалі я пачуў яго падчас акадэмічнай экспедыцыі на Полаччыне: «Беларус, – ён заўсёды за ўсіх вінаваціцца... Яму муляе, і ён саромеецца за кожнага, нават не блізкага, чужога, за няўдалы, не вельмі людскі ўчынак ці сказанае слова. Мне здаецца, мы, беларусы, усе такія»... Прыблізна так сказаў мой інфармант, дзед гадоў за 80, седзячы на прыступках замкнёнай школы ў Шпакоўшчыне.

Атрымала наша Алексіевіч Нобелеўскую прэмію. І я вось вінавачуся за нашых беларускіх літаратараў, за іхнае «літаратурнае» маўчанне, за вялыя віншаванні, за іхную абыякавасць, за няздатнасць радавацца за свайго калегу, за пустую дыскусію наконт мовы мастацкай літаратуры ў нацыянальным дыскурсе. Вінавачуся за гвалт, падняты ў сеціве за нібыта абразу беларускай мовы Святланай Алексіевіч у інтэрв’ю нямецкай FAZ. Ніякай абразы ў нямецкім тэксце не гучыць. Як пісьменніца Алексіевіч разважае пра недастатковую стылёвую распрацаванасць беларускай літаратурнай мовы. Пра пэўную «вясковасць» сваіх новых літаратурных моваў разважалі і ўкраінцы, і літоўцы, і нарвежцы, і нават палякі на пачатку 20-га стагоддзя, калі пры неабходнасці карысталіся то расійскімі, то нямецкімі эквівалентамі, бо часам не мелі сваіх, доўгі час карыстаючыся ў гуманістычнай сферы лацінай.

Пра нашу дзяржаву я ўжо маўчу. Гляджу недзяржаўныя медыя. Прайшоў амаль месяц. Ніводнай глыбокай літаратурнай публікацыі, толькі плоскія палітызаваныя разважанні, дзе імя нобелеўскай лаўрэаткі палошчацца ў тэкстах-дрындушках у адной вадзе з Лукашэнкам.
Мне здаецца, што Святлане хацелася большага, яна так шчыра расказвае пра тую першую, вельмі «цесную» сустрэчу-інтэрв’ю, пра стаўленне выпадковых людзей да факту прысуджэння прэміі: «У людзей на вачах былі слёзы радасці». Я, канешне, магу памыляцца наконт «хацелася». Але ж як Святлана цёпла гаворыць пра сустрэчу ў Польшчы!

Дзе ейны дом? Цяпер, як і ўвогуле, Святлана моцны і самадастатковы чалавек. Яна – як Васіль Быкаў: чалавек можа зрабіць нешта толькі сам. Спадзяюся, біёграфы Алексіевіч заўважаць гэта. Знойдзе яна сабе апору.

Вінавачуся я і за Святлану. Кажучы, што яна – чалавек беларускага свету, выхаваная на расейскай культуры, яна, у сваім апошнім выступе перад польскай публікай, усё ж сказала «у нас в России». Такое я чуў ад яе гадоў дзесяць таму і ў Франкфурце-на-Майне, і ў Гётэборгу ў Швецыі на кніжных кірмашах. Там гэта неяк праходзіла. Але ў Польшчы... Я зноў жа – паводле сваёй псіхалогіі – трывожуся і перажываю за нашу лаўрэатку. На сёння яна – грамадзянка свету, як грынаўскія героі, праўда, не вельмі сонечная. У якую гавань яна скіруецца ў сваёй нобелеўскай прамове? Будзе ейны яшчэ не надрукаваны «Чудный олень вечной охоты « грынаўскім, вагнэраўскім, індуісцкім ці, можа, трошкі і нацыянальным, як у Максіма Гарэцкага ў «Дзвюх душах» ці ў Мілана Кундэры ў «Непаразуменні», дзе аўтар дэсакралізуе рамантыку кахання паміж Ірэнай і Ёзафам, уводзячы родную мову ў неад’емны складнік мілавання?

Пасля ўкраінскіх выказванняў Святлане будзе няўтульна на паркеце маскоўскіх літаратурных салонаў, дзе спрэс патрыёты, майстры «школы злословия» ды звычайныя зайздроснікі. Пра наша «хатняе амб’ентэ» я ўжо ўзгадваў. Святлане ў Беларусі не хапае не проста статусных, кшталту Быкава ці Адамовіча, суразмоўцаў, але і добразычлівых крытыкаў, як Леў Аненскі ці Аляксандр Архангельскі ў Расіі. Большасць нашых літаратараў, паводле маіх назіранняў, проста не чыталі ўважліва тэкстаў Святланы Алексіевіч («тут і так усё ясна!»), мала знаёмыя хаця б з тымі крытычнымі матэрыяламі, якія назапасіліся гадоў за 20 у еўрапейскіх камітэтах па літаратурных прэміях, дзе спрачаліся, ці можа нон-фікшн лічыцца літаратурай, да якой ступені аўтар можа апрацоўваць O-TON’ы (арыгінальныя запісы, жывыя галасы, вусныя гісторыі). У спісе рускамоўных кліентаў-літаратараў, якімі апякуецца кёльнскае літаратурнае агенцтва Галіны Дурстгоф (Galina Dursthoff), прозвішча Алексіевіч падаецца ў рубрыцы «нон-фікшн».

Мне цяжка сказаць, наколькі камфортна пачувае сябе Святлана ў Заходняй Еўропе. Яна, падобна Салжаніцыну ці Быкаву, не вельмі імкнецца авалодваць замежнымі мовамі. Нават у сяброўскім коле карыстаецца паслугамі перакладчыкаў або абмяжоўваецца кантактамі з тымі, хто валодае расейскай мовай. У гэтым, на мой погляд, ёсць і свой плюс: яна менш падлягае ўплыву модных павеваў і, дзякуй Богу, працягвае працаваць у «сацыяльным сектары», не заходзячы ў містыку і канструктывізм. Некалі Быкаў, адказваючы на падобнае пытанне ў Нямеччыне, ці то жартам, ці то ўсур’ёз адказаў: «Я чытаю толькі класіку. Чакаю, пакуль мода адстаіцца».

Для Скандынавіі, Японіі, Заходняй Еўропы тэксты з арыгінальных жывых запісаў – асабліва ў немцаў у літаратурна-гістарычным фармаце Alltagsgeschichte (анг. оral history) – даўно вядомая рэч. Немцы нават лічаць братоў Грым своеасаблівымі прадстаўнікамі гэтага жанру. Ёсць у немцаў свая Алексіевіч, толькі мужчынскага роду – Вальтэр Кэмпоўскі (Walter Kempowski) з ягонымі арыгінальнымі запісамі споведзяў з часу ІІ-й Усясветнай вайны, якія так і называюцца – «Эхалот». Французскі нобелеўскі лаўрэат па літаратуры 2014 г. Patrick Modiano (маці фламандка, бацька – італьянскі габрэй, піша па-французску) з сваім «Мастацтвам успамінаў» – таксама духоўны брат Святланы Алексіевіч, праўда, які можа сабе дазволіць быць непалітызаваным. Ён будуе свой віртуальны эмацыйны помнік часу, збірае душы памерлых па старых тэлефонных кнігах з нумарамі дамоў, праходзячы па вуліцах гораду, амаль як наш Леанід Маракоў па Мінску.

У англічан, амерыканцаў і немцаў ёсць спробы не толькі гістарычнай, але і літаратурнай апрацоўкі магнітафонных запісаў размоваў некалькіх тысячаў палонных нямецкіх афіцэраў высокага рангу ў амерыканскіх ды ангельскіх лагерах для ваеннапалонных у 1942–1945 гг. Запісы рабіліся ў рэжыме падслухоўвання. Друкаваныя тэксты складаюць 75 000 старонак. Дарэчы, тэксты запісваліся на паперу аўтаматычна па спецыяльнай камп’ютарнай праграме гука-тэкставым сінтэзатарам. Ёсць у Еўропе традыцыя напісання і аналізу драматургічных твораў з элементамі O-TON’у, якія былі вельмі папулярныя на пачатку 60-х гадоў. Нарэшце, Еўропа ведае з 2004 г. штогадовы літаратурны фестываль сучаснай аўстрыйскай літаратуры ў Вене. Ён так і называецца – O-TÖNE (можна перакласці як «жывыя галасы»). Адбываецца ён у музейным квартале Museumsquartier (скарочана MQW) пад адкрытым небам на розных пляцоўках музейнай тэрыторыі, дзе можна пачуць жывыя галасы аўтараў і літаратурных герояў. Чытанні адбываюцца паралельна, як на звычайных панэльных дыскусіях на канферэнцыях.

Канешне ж, у Еўропе ёсць таксама крытыкі, якія лічаць, што Алексіевіч недастаткова апрацоўвае арыгінальныя запісы або што яна тэндэнцыйна адбірае матэрыял. Хто хоча пачытаць нешта накшталт папулярнай акадэмічнай крытыкі, набярыце па-нямецку ў сеціве ключавыя словы Iris Radisch, Alexijewitsch, Nobelpreis. Ірыс Радыш – загадчыца літаратурнай старонкі раздзелу «Фельетон» 92-старонкавага нямецкага штодыднёвіка Die Zeit.
Як па мне, дык Святлана – чалавек таго беларускага свету, дзе беларус – савецкі чалавек, выхаваны не толькі на творах Талстога, Дастаеўскага, але і Тараса Шаўчэнкі, Чынгіза Айтматава, Надара Думбадзэ, Іона Друцэ, Казіса Саі і да т. п. Гаворачы пра ўплыў Быкава і Адамовіча, Святлана сутнасна папраўляе сябе. У сваім жанры яна – больш беларускі і нямецкі пісьменнік, чым расейскі. У тэкстах і выступах Алексіевіч я не чую ні Бярдзяева, ні Ільіна. ні ваяўнічых ідэолагаў сучаснай РПЦ. Леў Талстой з сваімі «відэакадрамі» жахаў вайны ў «Севастопальскіх апавяданнях» блізкі Святлане Алексіевіч, але цяжка сабе ўявіць. каб Святлана напісала такое: «Не может быть, чтобы при мысли, что и вы в Севастополе, не проникло в душу вашу чувство какого-то мужества, гордости и чтоб кровь не стала быстрее обращаться в ваших жилах...». Пры ўсім арганічным непрыманні вайны, як «противного человеческому естеству состояния», Талстой усё ж застаецца прадстаўніком імперыі, чые жаўнеры маршыравалі пад «Юнкерскі марш»: «Взвейтесь, соколы, орлами, полно горе горевать. То ли дело под шатрами в поле лагерем стоять..». Святлана Алексіевіч пацыфіст іншага кшталту. Для яе вайна і веліч несумяшчальныя. Пра гэтую асаблівасць расійскай літаратуры выдатна пісала Эва Томпсан у кнізе «Песняры імперыі». Яна ёсць у беларускім перакладзе.

Першым жывым голасам вайны ў нас у Беларусі стаў зборнік пасляваенных запісаў дзіцячых успамінаў «Ніколі не забудзем». Натуральна, там не было квяцістых метафар. Там была апісана звычайная смерць ды жахі вайны, бачаныя дзіцячымі вачыма. Дарма сёння адзін наш малады крытык назваў гэтую кніжку прапагандысцкай. Адамовіч, Брыль, Калеснік, Гранін далі Святлане ўзор для будучых «відэакадраў» са споведзяў і сцэн, што падаюцца ў ейных спавядальна-апакаліптычных тэкстах. Гэта і ёсць «атамы» мастацкай чуйнасці да галасоў часу. Вось жа ў «Я з вогненнай вёскі» дзяўчынка просіць немцаў не страляць яе:

– Дзядзі, не бярыце мяне з бабуляй, я вам спяю тую песеньку, каторая «Пасею гурочкі»

У Адамовіча з Граніным у «Блакаднай кнізе» падчас бамбёжкі нованароджанаму дзіцяці перавязваюць пупавіну валасамі маці. У самой Святланы: галоднае дзіця смокча гузік, бо ён падобны на кругленькую цукерку. Адзінокая жанчына падбірае на пасляваенным базары бязногага інваліда, купляе пляшку і валачэ да сябе на руках дадому, каб потым легчы з ім у ложак. Хто мае вушы, той пачуе. У нямецкага аўтара Георга Штайнэра («Лагакраты») ацалелы вязень з Асвенціму ўзгадвае, як за два крокі перад уваходам у крэматорый два габрэі дыскутуюць пра тлумачэнне пэўнага месца з Торы. Побач жах смерці і веліч чалавечага духу…

«Відэакадры» і калажы, якія Святлана намалявала, услухаўшыся ў галасы і фарбы часу, вельмі зразумелыя сталым людзям і ейным сучаснікам: жыццё адначасна і прыгожае, і жудаснае. Каб катастрофа не наблізілася, каб жудаснае не паўтарылася, пра яго трэба гаварыць, нават крычаць. Тым і ратавацца. І тут галасы жывых сведак – мацнейшыя за прыдуманыя аўтарскай фантазіяй.

Святланін геній змрочны. Трэба быць вельмі моцным чалавекам, каб прапусціць праз сябе такі матэрыял і не зламацца. На адной з сустрэч я запытаў Святлану, якая з канфесій ёй бліжэй паводле ейнага псіхічнага складу. Яна адказала: пратэстантызм. Для мяне гэта быў адэкватны адказ. Я толькі падумаў: але ж каб прапусціць праз сябе тыя квадратныя кіламетры жахлівых споведзяў, трэба быць пратэстантам-эпікурэйцам: шэсць дзён абложнай працы, а ў нядзелю – віно, сябры, спевы. Як нобелеўская лаўрэатка з гэтым спраўляецца? Які будзе тэкст пра каханне і сяброўства? Няго зноў змрочны? Чым выратуецца і супакоіцца сэрца нашай зямлячкі? На англійскай мове ў літаратурных агенствах будучы раман-споведзь «Чудный олень вечной охоты», заяўлены як «The Wondrous Deer of the Eternal Quest». Англамоўныя асацыятыўныя слоўнікі з абодвума злучэннямі назоўніка і прыметніка адсылаюць хутчэй да Вагнэра, чым да Аляксандра Грына. Значыць, зноў нешта змрочнае, безнадзейнае, страчанае? І не спраўдзіцца прыгажосць чакання шчасця? І не народзяцца дзве новыя душы ад учынкаў кахання?

Спадзяюся, што ў нобелеўскай прамове Святлана скажа : «У нас у Беларусі..». або, працытаваўшы колькі сказаў з сваіх беларускіх настаўнікаў Васіля Быкава і Алеся Адамовіча на беларускай мове, прадэманструе высокім гасцям яе незамыленую архаічную прыгажосць. Канешне, вершы гучаць у такім выпадку лепш.

Дзеля рэабілітацыі нобелеўскага лаўрэатсва, якое зганьбіў Ёсіф Бродскі, напісаўшы шавіністычна-расійскі вершык пра Ўкраіну і для падтрымкі нашай змагарнай суседкі, фантастычна было б, каб Святлана ўзгадала і свае ўкраінскія карані.

Няхай Святлану Аляксандраўну не пакідае творчае натхненне пры напісанні Нобелеўскай прамовы, няхай ёй здаровіцца на пачатку зімы ў паўночным Стакгольме...

Прэс-рэлізы і пэрформансы 13.03.2015 4

         Сяргей Дубавец, Алесь Аркуш, Вінцэсь Мудроў заявілі пра свой выхад зь беларускага ПЭН-цэнтру. Тое самае я зрабіў два гады таму. Заявы пра выхад не пісаў,  захаваў сяброўскі пэнаўскі білет з нумарам 114. Было гэта ў сярэдзіне лютага  2013  г. Разумею, што гэта – слабая пазіцыя, што трэба адстойваць прынцыпы. Але ж астатнія ня мелі вушэй для маіх словаў. Я быў у адзіноце. На справаздачна-выбарчым сходзе я галасаваў супраць кандыдатуры тагачаснага  старшыні сп. Хадановіча. Публічна пра свой выхад я не заяўляў. На пачатку сходу заплаціў гадавую сяброўскую складку.  

     Матывуючы сваё рашэньне, я гаварыў, што ПЭН пад старшынёўствам сп. Хадановіча аддрэйфаваў ад сваёй місіі праваабарончай арганізацыі і ператварыўся ў своеасаблівы мадэрна-моладзевы філіял Саюза беларускіх пісьменьнікаў з лідэр-групай жвавых 30-, 40-, і 50гадовых маладзёнаў і маладзёнак, якія (маўляў, каб прыцягнуць моладзь і не сазьлізгвацца ў палітыку, бо зачыняць), засяродзіліся на “праектных перакладах”, перформансах, слэмах, літаратурных вандроўках, карпаратыўнай самарэкляме праз шорт-лісты ды камплімэнтарныя рэцэнзіі. Сувязі з шараговымі сябрамі Цэнтру былі фактычна страчаныя.   

          Сёньняшняя спрэчка вакол як бы няўдала сфармуляванага прэс-рэлізу, дзе праз недагляд кіраўніцтва прайшоў пасаж пра “дыскрымінацыю рускамоўных літаратараў” у конкурснай практыцы, яшчэ раз паказала, што ў нашым пэнаўскім каралеўстве ня ўсё да ладу.

   Добра, што 40гадовы, ужо з барадой, старшыня не старэе душой, навучаючы студэнтаў, пішучы гарэзьлівыя вершы для дзяцей і дарослых ды арганізоўваючы слэмы з пэрформансамі. Але ж barba non facit philosophum. Ня трэба забывацца, што ты кіраўнік праваабарончай арганізацыі. Тваё кожнае слова на вагу золата. Прэс-рэліз – дакумант, часта важнейшы за простую заяву, бо мае дакладна, без журналісцкіх домыслаў, перадаць зьмест падзеі. А Русскій міръ  ужо тут, на нашых абшарах. Так і зіркае, каго б тут яшчэ абараніць ... Яму трэба шлягерныя словы, мэмы, паролі. Хто там будзе разьбіраць тонкасьці кантэсту! Ёсьць ударнае словазлучэньне – дыскрымінацыя рускамоўных ... Бяры ды ўстаўляй ў прапагандысцкую сынтагму.  Як бы сказалі немцы – ein gefundenes Fressen (знойдзеная жратва).

    Хросным бацькам і актыўным дзеячам нашага ПЭН-цэнтру быў нябожчык Карлас Шэрман. Маючы досьвед міжнароднага журналіста і літаратара, Карлас запачаткаваў і праваабарончую традыцыю зь любімай ім Гішпаніі, пашырыўшы ў Беларусі народжаную ў Барселоне “Усеагульную дэклярацыю моўных (інакш: “лінгвістычных”) правоў”. Гэтым была паднятая планка для будучых пакаленьняў пэнаўцаў – захаваць мову, захаваць нацыю, захаваць высокія маральныя каштоўнасьці, змагаючыся за грамадзянскія  правы. Карлас арганізаваў у Саюзе пісьменьнікаў абмеркаваньне Дэклярацыі і беларускіх дадаткаў да яе, рэдагаваў беларускі пераклад, плянаваў разам з Васілём Быкавым празь ЮНЭСКА і ААН, як тое дазваляе статус Міжнароднага ПЭН-Клубу, лябіяваць праз адпаведныя камісіі ААН абмеркаваньне стану беларускай мовы ў кантэксце “захаваньня нацыянальных гістарычных каштоўнасьцяў”.

    На жаль, наш ПЭН у стане трывожнай мэтамарфозы. Мінулым летам я быў сьведкам, як сп. Хадановіч па-джэнтльмэнску абяцаў  грамадзкаму прадстаўніку ад Беларусі завітаць у якасьці старшыні беларускага ПЭНу на супольную сустрэчу з ініцыятарамі ўзгаданага праекту ў Барсэлёне, бо фізычна ў гэты час якраз быў там. Але ж не дабраў часу... Што тут камэнтаваць? Неяк, мякка кажучы,  не па-даросламу атрымліваецца.

Сп. Хадановіч выбачаецца за няўдала напісаны прэс-рэліз ... на сваім фэйсбуку. Але ж прэс-рэліз – ня запіс для міжсабойчыку.

    На стылістыку аўтараў прэс-рэлізу, пэўна, паўплываў аўтарытэт Юліі Чарняўскай, якая ўжо разьвіталася з “запозьненым нацыяналізмам”: "Ёсьць людзі, для якіх мова .атаясамліваецца з культурай, народам, незалежнасьцю. Гэты пункт гледжаньня ёсьць прымардыялізмам, які шырока існаваў у 19-м — пачатку 20-га стагодзьдзя. Але ёсьць іншыя пазыцыі — канструктывізму ці інструмэнталізму. Я канструктывістка.".  Узгадваю эпізод, мусіць, саракагадовай даўніны. Тэлефаную Васілю Вітку наконт ягонага ўдзелу ў чарговай перадачы “Роднае слова” на тэлебачаньні (я павінен быў весьці перадачу) ў рэдакцыі навукова-папулярных праграмаў. Натуральна, вітаюся і ветліва па-беларуску прашу да тэлефону Цімоха Васілевіча. Слухаўку бярэ дзяўчо зь вельмі чыстым голасам.  “Дедушка, тебя!» ... Пакуль гаспадар падыходзіць, называючы сябе,  пытаю дзяўчынку, як яе завуць. Кажа: “Юля...”. Была ў нас такая даўняя сустрэча.     

     Нам цяпер дарэчы вяртацца нават у 18-е стагодзьдзе, “во времена очаковские и покоренья Крыма». А то глядзі гнуткіх двухмоўных канструктывістаў ды інструмэнталістаў разам зь беларускімі нацыяналістамі лёгенька праглыне сучасны прымард’яліст Пуцін, што бароніць расейскамоўных.

     Трывожны роздум выклікае эстэтыка і этыка творчасьці тых маладых і зусім дарослых “каляпэнцэнтраўскіх” літаратараў, якія безаглядна працягваюць традыцыю раньняга (яшчэ зусім нэафіта) Андрэя Хадановіча зь ягонымі “Пляўкамі”, “Хлопчыкам і копчыкам” ды “Лістамі з-пад коўдры”. З гэтага ж гнязда – і бахарэвічаўскі Янка Купала у постаці Каяна-Лупакі,  і ягоны ж Быкаў, творы якога трэба “надзейна закаркаваць ў бутэльку муранскага шкла і пусціць па вадзе, і Колас, ад “Новай зямлі” якога аўтар пляваўся ... Тут жа побач і акудовічаўскі “Код адсутнасьці” з “аутсайдэрамі” Купалам, Багдановічам ды Каліноўскім.

   Вершы  зборнікаў, складзеных пад парасонам ПЭН-цэнтру сп. Хадановічам,  напр. “In Вільня Veritas. ( Пабачыць Вільню і ... паржаць”),  “Geniush loci” (прысьвечаны стагодзьдзю зь дня нараджэньня Ларысы Геніюш) да болю і зьдзіўленья перасыпаныя зьдзеклівымі мэтафарамі ды алюзыямі на беларускія творы, рэаліі і асобы: “Мы вернемся сюды (у Вільню – П.С.) на танках, коласах, купалах, цётках ...”; “І зграі шэрых віленскіх катоў нам адчайдушна прапяюць магутны Божа”; “Цень Каліноўскага блукае па Лукішках і сарамліва просіць закурыць”; “Паставім пляшкі шчыльнымі радамі, бабёр ў Вяльлі свой слуцкі пояс мые”; “Хрыстос хапаў сябе за ногі, засоўваў ногі ў рот, сц ...ў і ср...ў у далоні рымскім легіянерам“; ...Гэта не ты ўсіх паставіў ракам // гэта святыя маліліся за цябе...” і да т. п. Такі  вось лібэральны мадэрнізм. Ведаеце, як гэта па-вучонаму называецца? Гэта – “адбудова альтэрнатыўнай літаратурнай міталёгіі у фармаце інтэлектуальнага рэдызайну “ з мэтай “пераасэнсаваньня вульгарнай культурнасьці”. Так паводле культуроляга максіма Жбанкова.

    Думаецца, што Саюзу беларускіх пісьменьнікаў варта паразважаць на тэму традыцый і наватарства ў сучаснай беларускай літаратурнай творчасьці. Выглядае на тое, што ПЭН-цэнтр, асабліва ў міжнародных стасунках,  часта бярэ на сябе і функцыі  ўсёй пісьменьніцкай супольнасьці. Наколькі я магу меркаваць, ня ўсе сябры Саюзу беларускіх пісьменьнікаў падзяляюць этыку і эстэтыку, ва ўлоньні якой ствараецца “альтэрнатыўная літаратурная міталёгія”.            






Канстытуцыйнае “кампутарнае права” грамадзянаў ФРГ 26.04.2013 2


    У сувязі з апошнімі тэрарыстычнымі актамі ў ЗША ва ўсіх краінах назіраецца новая хваля спрэчак пра свабоду распаўсюджваньня інфармацыі ў сеціве. Тэма абвастраецца тым, што з гэтай нагоды ўлады розных краінаў узмацняюць “паміж іншым” і кантроль назіральна-карных службаў за фінансавай і грамадзкай дзейнасьцю шараговых грамадзянаў.
    У нямецкіх СМІ ў гэтыя дні часта робяцца спасылкі на закон 2008 года, які  гарантаваў грамадзянам абарону асабістых правоў карыстаньня інфармацыяй у віртуальнай прасторы. Думаецца, што гэта можа зацікавіць і беларускіх карыстальнікаў сеціва.
     27 лютага 2008 г. Канстытуцыйны суд Нямеччыны павялічыў сьпіс асноўных канстутыцыйных правоў грамадзянаў яшчэ на адну рэестравую адзінку. За час існаваньня ФРГ гэта, наколькі я інфармаваны, толькі   другі прэцэдэнт. Першы раз КС пашырыў сьпіс базавых правоў грамадзянаў у 1983 г. у выніку дыскусіяў падчас перапісу насельніцтва, зацьвердзіўшы “Канстытуцыйнае права на інфармацыйнае самавызначэньне” (Grundrecht auf informationelle Selbstbestimmung), якое пацьвярждала права кожнага немца сувэрэнна вырашаць пытаньне публічнага паведамленьня інфармацыі пра сваю асобу.
     Новае Канстытуцыйнае права ад 27 лютага, якое коратка называюць “Кампутарнае права”, мае доўгую і трошкі завілую назву – “Канстытуцыйнае права на забесьпячэньне канфідэнцыйнасьці і недатыкальнасьці інфармацыйна-тэхнічных сыстэмаў” (Grundrecht auf Gewährleistung der Vertraulichkeit und Integrität informationtechnischer Systeme”).

Больш як на 100 старонках рабочага тлумачэньня-прэамбулы выкладаецца актуальнасьць і мэтазгоднасьць прыняцьця такога права, якое паводле сэнсу не імплікуецца ў артыкулах 10 і 13 Асноўнага закону ФРГ, дзе гарантуецца права на таямніцу перапіскі, тэлекамунікацыяў і недатыкальнасьці жытла. Новае права “кантралюе кантралёраў”, ставіць заслону “фэдэральным траянцам”, -- так інтэрнэткарыстальнікі называюць спэцслужбы, якія рознымі хітрыкамі сочаць за онлайн-інфармацыяй грамадзянаў у межах Інтэрнэту. Паводле сьцьверджаньняў журналістаў у ФРГ спэцслужбы карысталіся – часам і без дазволу наглядальных органаў – афіцыйнымі дзяржаўнымі сайтамі, запускаючы туды сваіх “чарвякоў”. Той, хто аднойчы “клікнуў” інфармацыю з такога сайту, ужо запускае ў сваю сыстэму “наглядальніка-траянца”, які дасылае потым “куды трэба” онлайн-інфармацыю карыстальніка. Ёсьць меркаваньні, што для гарантаванага пранікненьня ў онлайн-трэзоры фэдэральная выведка вэрбавала калі-некалі інтэрнэт-партнэраў падазраваных асобаў, каб закінуць у карэспандэнцыю першых сваіх “траянцаў”.

  “Фэдэральным траянцам” называюць праграму (афіц. Remote Forensic Software), якая выкарыстоўваецца для сакрэтнага назіраньня за онлайн-інфармацыяй. Праграма ўводзіцца як вірус у кампутар і перадае дадзеныя ў пэўныя установы. Тэарэтычна праграма дае магчымасць чытаць і капіяваць інфармацыю зь цьвёрдага дыску, у тым ліку здымкі і гук, калі мікрафон і лічбавая камэра злучаныя з працэсарам. Праграма запісвае таксама інфармацыю з клявіятуры пры дапамозе keylogger’a. Спэцыялісты з Фэдэральнай службы выведкі неафіцыйна сьцьвярждаюць, што яны могуць лёгка пераадолець антывірусныя заслоны пры дапамозе сваёй Anti-Firewall-праграмы. Ёсьць падазрэньні, што спэцслужбы “уманціраваліся” і ў аддзелы фірмаў, якія ствараюць антывірусныя праграмы.

    Штуршком для прыняцьця рашэньня КС пра кампутарнае права грамадзянаў стала актыўнасьць фэдэральнага міністра ўнутраных справаў сп. Шойбле і МУС зямлі Паўночны Рэйн-Вэстфалія на чале зь міністрам Вольфам, якія былі прыхільнікамі новага праекту закону, што павінны быў даць надзвычай шырокія правы спэцслужбам у барацьбе з тэрарызмам. Традыцыйна законапаслухмяныя грамадзяне ФРГ надзвычай крытычна паставіліся да магчымага ўціску права асабістай інфармацыйнай недатыкальнасьці. Захаваньне “права сучаснага інфармацыйнага сувэрэнітэту асобы” нават пераважыла крытычныя адносіны да нядобрасумленных падаткаплатнікаў. Паводле штотыднёвіка Euro am Sonntag (сумесны выпуск з The Wall Street Journal за 2. 03. 2008 г.) толькі 46% немцаў падтрымалі юрыдычна некарэктныя дзеяньні фэдэральных спэцслужбаў – у тым ліку і кампутарныя маніпуляцыі – для вяртаньня мільярдных сумаў падаткаў, схаваных у люксэмбурскіх банках. 56% грамадзянаў палічылі наступ на таямніцу банкаўскай інфармацыі больш небясьпечным для грамадзства і дзяржавы, чым страта няхай сабе і велізарных грошай.

  Паводле сфармуляванага канстытуцыйнага кампутарнага права спэцслужбы маюць права атрымаць доступ да онлайн-інфармацыі грамадзяніна толькі ў выключных выпадках паводле рашэньня суду. Ніякія агульныя фармулёўкі небясьпекі грамадзству і асобам кшталту памкненьняў сачыць за дэструктыўнымі сэктамі, партыямі, групоўкамі і да т. п. прымацца да ўвагі судамі ня будуць.
    Нагодай для прыняцьця такога рашэньня можа стаць толькі наяўнасьць неабвержных канкрэтных фактаў падрыхтоўкі тэрарыстычнага акту, які пагражае фізічным асобам або грамадзкаму аб’екту. Усе дзеяньні спэцслужбаў павінны быць праведзеныя пад кантролем судзьдзі. Пры гэтым уся атрыманая “спадарожная” інфармацыя пра фізічную асобу павінная быць неадкладна пагашаная ў прысутнасьці судовага прадстаўніка. Аналітыкі лічаць гэтае рашэньне КС ФРГ сэнсацыйным і беспрэцэдэнтным. Гэтае права – папярэджаньне спэцслужбам, за парушэньне якога яны павінныя будуць адказваць самым суровым чынам. Адпаведна ім прыдзецца удасканальваць сістэму выведкі і прафіляктыкі, не ўціскаючы канстытуцыйных правоў грамадзянаў. Адвакацкія канторы павінныя будуць рыхтаваць адпаведна спэцыялістаў, знаёмых з элемэнтамі кампутарнай тэхнікі ды інфармацыйнага забесьпячэньня.

    Думаецца, што ў чаканьні зьяўленьня юрыдычных паправак, што рэгулююць існаваньне інфармацыйнага поля або прыняцьця грунтоўнага  закону пра Інтэрнэт,  беларускаму грамадзству ёсьць пра што паспрачацца і падумаць.
Знаёмства з гэтай канстытуцыйнай навацыяй  ў адной зь вядучых краінаў ЭЗ можа вельмі добра прыдацца.    

Фрагмэнты матрыцы і люстэрка: пра фільм "Жыве Беларусь" 07.04.2013 8

Паглядзеў фільм Кшыштафа Лукашэвіча і Франка Вячоркі «Жыве Беларусь!», зьняты на Варшаўскай студыі дакумэнтальных і мастацкіх фільмаў. Устрымліваючыся ад дылетанцкіх заўвагаў пра рэжысуру, працу актораў, музыку і да т. п., падзялюся сваімі, так бы мовіць, фэнамэналягічнымі ўражаньнямі.
Спадзяюся, што цікаўныя ўжо ведаюць сюжэт з інтэрнэту. Схематычна ён такі: шчырае мастацтва таленавітага беларускамоўнага рок-сьпевака Мірона будзіць у душах ягоных маладых фанатаў нацыянальна-грамадзянскія пачуцьці, і ён нечакана для сябе, яшчэ бязь яснага ўсьведамленьня нацыянальных каштоўнасьцяў, становіцца нефармальным лідэрам моладзі і, што лягічна ва ўмовах дыктатуры, — аб’ектам назіраньня КДБ. Шчыры, з прыродным пачуцьцём годнасьці ды ўсьведамленьнем повязяў сяброўства, зьведваючы перасьлед карных ворганаў, Мірон паступова становіцца перакананым праціўнікам антынацыянальнага дыктатарскага рэжыму. Канчатковае ўсьведамленьне свайго экзыстэнцыйнага выбару прыходзіць да хлопца ў войску, куды ён, маючы супрацьпаказаньні паводле стану здароўя, пападае ў выніку ціску спэцслужбаў на прызыўную камісію.

салдат Шэры адмаўляецца прымаць прысягу

Назіраючы звычайныя, закансэрваваныя ў Беларусі савецкае вайсковае хамства і «дзедаўшчыну», Мірон становіцца сьведкам зьдзекаў з нацыянальна сьведамага шарагоўца Сяргея-Шэрага, якога сяржант-садыст Руслан прымушае есьці недзяржаўныя беларускамоўныя газэты за тое, што той адмовіўся прымаць прысягу на расейскай мове. Мірону не хапае мужнасьці кінуць выклік гвалту і стаць побач з Сяргеем... Думка пра маўклівую здраду сьвідруе ягонае сумленьне. Зьбіты Сяргей зьнікае ў варанку ў цёмную ноч... Мірон як бы крокам наперад заступае прагал у шэрагу, дзе стаяў Сяргей і, пераадольваючы свой страх, выходзіць з адзінокай замкнёнасьці да грамадзства: пасылае ў вольны інтэрнэт праз сваю сяброўку Веру эсэмэскі, дзе расказвае пра гвалт і зьдзек зь беларускай нацыянальнай ідэі ў войску і прыніжэньне чалавечай годнасьці... Розгалас у сацыяльных сетках. Выбары, машына фальшаваньня, перамогі і паразы, плошча... 

Драматызм падзеяў выпукляецца фрагмэнтамі пра гнюснае ўмяшальніцтва спэцслужбаў ў асабістае жыцьцё героя. Безаблічная постаць Міронавага суперніка ў «трыкутніку каханьня» выдае не такой ужо і выпадковай. Зьнешне ён нагадвае гэткага ж някідкага, але акуратна пастрыжанага агента КДБ...

Быць ці ня быць? 

Як мне ўяўляецца, фільм «Жыве Беларусь!» стаў пэўнаю вяхой у пакручастай гісторыі трэцяга беларускага Адраджэньня, запачаткаванага ў 80-х гадах мінулага стагодзьдзя. Ідучы на пэўнае ўсячэньне наратыўнага фармату, аўтары паставілі рубам пытаньне існаваньня Беларусі як нацыянальнай дзяржавы. 

спантанная акцыя

Стуацыя, сапраўды, дайшла да nec plus ultra. Амаль 20-гадовае панаваньне антынацыянальнага рэжыму ня проста атамізавала пад страхам людзкія душы, зрусыфікавала большую палову беларускага грамадзтва, але і спарадзіла сярод як бы сьвядомай беларускамоўнай інтэлігенцыі вольных «мысьляроў», што адышлі ад базавых нацыянальных каштоўнасьцяў, хрысьціянскай эстэтыкі ды этыкі і сваю «апазыцыйнасьць» цалкам скіравалі на эпігонскае перайманьне постнацыянальных эўрапейскіх сацыялягічных ды аблегчаных мадэрновых этычных і эстэтычных практыкаваньняў. Некаторыя папоўнілі шэрагі «аналітыкаў», што спэцыялізуюцца на крытыцы памылак «адраджэнцаў». Гэтыя людзі прыйшлі ў грамадзянскую прастору, дзе было шмат што зроблена папярэднікамі, нярэдка з ахвярамі: створаныя нацыянальна арыентаваныя суполкі, апісаная сярэднявечная беларуская гісторыя, сказаная праўда пра БНР, па-хрысьціянску з болем апісаныя ахвяры бальшавізму... Небясьпечная мода цынізму, таптаньня сьвятыняў ахапіла нямала моладзі з унівэрсытэцкай адукацыяй, што радасна засвоіла вяршкі мазаічнай мадэрновай гуманітарысцкай прадукцыі з інтэрнэт-сайтаў.

Гледзячы на нас з адлегласьці... 

У той самы дзень, калі я паглядзеў фільм, я атрымаў па пошце ад знаёмай нямецкай журналісткі пераклад «Коду адсутнасьці» Валянціна Акудовіча (з расейскай мовы, скарочаны, з актуальнымі дадаткамі), прысьвечаны беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьці. Тут мне бачыцца нават містыка: і польскі фільм, і беларуская кніга ў нямецкім перакладзе пра адно і тое ж! Быць ці ня быць нацыянальна ўладкаванай дзяржаве Рэспубліка Беларусь? Па сутнасьці пытаньне экзыстэнцыйнае: інтэгравацца беларусам эканамічна і мультыкультурна з «блізкароднаснай» Расеяй ці кіравацца ў «чужую» Эўропу Айчынаў разам з малымі і сярэднімі дзяржавамі? Эўропа Айчынаў — гэта выраз Напалеона і Дэ Голя. 

Аўтары фільма (як мастацкага твору) эмацыйна стаяць на баку зьніклага Сяргея і пакалечанага Мірона, які не спыняе барацьбы за нацыянальныя каштоўнасьці. Гэты падыход пэўным чынам адпавядае і сучаснай польскай паліткарэктнасьці ў дачыненьні да ўласнай нацыянальнай дзяржаўнасьці. І зноў дзіўнае супадзеньне: на с. 177 нямецкага перакладу «Коду адсутнасьці» аўтар пасьляслоўя Мартын Поляк акурат разважае пра выклік польскага гістарычнага выбару, сфармуляваны польскай дасьледніцай і эсэісткай М. Янён: «Так, у Эўропу! Але з нашымі гістарычнымі нябожчыкамі і нашым мінулым!».

Нямецкі мэнэджар праекту і аўтар пасьляслоўя зь нямецкай паліткарэктнасьцю прадстаўляе нямецкамоўнай постнацыянальнай Эўропе беларускага інтэлектуала Акудовіча: «Валянцін Акудовіч належыць да пакаленьня беларускіх інтэлектуалаў, якія актыўна змагаліся за беларускую незалежнасьць. Але у адрозьненьне ад большасьці тых сваіх паплечнікаў, якія і тады і цяпер мараць пра беларускую дзяржаву з неаспрэчнай выразнай беларускай ідэнтычнасьцю, ён назаўсёды разьвітаўся з гэтай ідэяй» (с. 174). 

Разважаючы аб прыдуманых неразумнымі нацыяналістамі «хімэрах мінуўшчыны» (с. 10), «нэкрафільскім прыцягваньнем за вушы» ды ідэялагізацыяй мерцьвякоў мінулага (с. 11) з мэтаю закрыць лякуны, якімі зеўрае сфантазаваная адраджэнцамі беларуская гісторыя, сучасны беларускі інтэлектуал Акудовіч прызнаецца: і як гэта зьяўляліся на сьвеце дурні, якія йшлі на сьмерць за мову, за хімэру нацыянальнага?Ды і хрысьціянская ідэя, паводле сп. Акудовіча, гэткая ж ірацыянальная (с. 15): «Ня трэба ніякі Лазар Богша, таму што ў адносінах паміж чалавекам і Богам дзьве крыж-накрыж змацаваныя драўляныя палкі каштуюць столькі ж, колькі крыж сьвятой [у немцаў з малой літары] Эўфрасіньні Полацкай. Магчыма, самі палкі каштуюць больш, чым крыж».

Ня дзіва, што падрослыя выхаванцы бунтоўнага і вольнага «Бумбамліту», выпеставаныя ў свой час сп. Акудовічам, трапляючы і зараз не безь ягонай падтрымкі ў шорт-лісты літаратурных прэміяў, ставяць мацерныя словы, напісаныя па-беларуску, побач зь імем Хрыста. Так яны прывабліваюць моладзь да беларушчыны. Бо традыцыйная «вясковая Беларусь» —«плебейская, баляст мінулага», ад якога трэба як мага хутчэй пазбавіцца. Гэта моўчкі пераказвае і нямецкі аўтар пасьляслоўя (с. 176).

Плошча

Апагеем адкрыцьця беларускамоўнага інтэлектуала, апанэнта аўтараў фільма «Жыве Беларусь!», зьяўляецца псыхааналітычная канцэпцыя гістарычнага праекту «Беларусь як суб’ект тэрыторыі і паўстаньня аўтсайдэраў», дзе тлумачыцца, што Купала, Багдановіч. Каліноўскі ды інш. — нязграбы і няўдачнікі. Таму і сталі «беларусамі». Два першыя спрабавалі пісаць на іншых мовах — нічога не атрымалася. Пачалі пісаць па-беларуску. Каліноўскі загаварыў па-беларуску, таму што ня змог узначаліць усё паўстаньне... (с. 47). Аўтар «Коду адсутнасьці» не пасьпеў, відавочна, у перапрацаваную вэрсію для нямецкага чытача ўключыць сваю найноўшую ацэнку постаці Васіля Быкава, які, паводле ягонага псыхааналітычнага прачытаньня, агучанага на Радыё Свабода, ніколі ня быў сапраўдным нацыяналістам, бо быў пасьпяховым вяскоўцам, што зрабіў пісьменьніцкую кар’еру тыповага савецкага літаратара. Ды і беларусам стаў толькі ў канцы жыцьця... 

Чаго вартая ахвяра Сяргея-Шэрага ды Мірона Захаркі? Паводле Акудовіча, Лукашэнкі ды Крыштаповіча — нічога, панюх табакі. Ці варта паміраць за хімэру нацыянальнага ды за тую мову, на якой нічога вялікага сказаць нельга? Ня варта. 


Уражаньньні, сымбалі, маркеры аптымізму, калі б я быў кансультантам...

Паглядзеўшы фільм, як той Пітэр Брук, я дабудоўваў сваю «пустую прастору». Мой станоўчы κάθαρσις пасьля адной гадзіны і 40 хвілінаў глядзеньня запоўніўся роем успамінаў з 80-х гадоў: «інтэрактыўныя» пастаноўкі «Клеменса», «Тутэйшых»... Адзінства залы і сцэны: Масьлюк, Мазынскі, Пінігін — з народам... Нават «Ісус Хрыстос — супэрзорка» прыгадаўся, зь дзейнай асобай «натоўп». Ажылі Пятрок і Сьцепаніда са «Знаку бяды», што сталі маўклівымі героямі, малады хлопец-беларус з «Чужой бацькаўшчыны» Адамчыка ў пастаноўцы Валерыя Рыбарава. Хлопец ідзе зьбіты з польскага пастарунку пад дажджом па гразкім полі. Голас за кадрам пытаецца: «Дзе яна, тая Беларусь?»... Узгадаўся нямецкі фільм пра ГДР і штазі «Іншыя, акрамя мяне» з доўгімі калідорамі архіваў дзяржбясьпекі і паліцы слоікаў з брунатнымі анучкамі з пахам поту тысячаў грамадзян... Уваччу ажылі маскаваныя аўтаматчыкі, што валаклі нас, дэпутатаў-галадоўнікаў Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня, і запіхвалі ў варанкі... Вялікіх аўтазакаў тады яшчэ не было. Наш «пэрформанс», на жаль, не адгукнуўся плошчай... Мы тады пратэставалі супраць рэфэрэндуму, што зьнішчаў беларускую мову. 
Фільм для мяне эмацыйна не «расьцягнуўся»: усё пазнавалася і ў свой час было перажыта. Ніякіх адкрыцьцяў і кінахітрыкаў, прызнацца, я чамусьці не чакаў. Мне хацелася, каб гэта было нешта звычайнае, што паказала б наш «звычайны» фашызм, зразумелы і не-гурманам. У тым ліку і некаторым гасьцям здалёку, якія захапляюцца чысьцінёй нашых менскіх фасадаў. Мае чаканьні збольшага спраўдзіліся.

Зампаліт і камбат пагражаюць Мірону

Чагосьці не хапае? 

«Не хапае „іншай“ Беларусі...» — «А ты дабудуй матрыцу жыцьця, як нешта цэлае з ствалавой клеткі...». Такімі рэплікамі абмяняліся двое маіх знаёмых пры іправізаваным абмеркаваньні. Той, якому ў фільме не хапала «іншай Беларусі», даводзіў: «А ты паедзь у Альшаны ды паглядзі на катэджы, мэрсы ды гектары з капуснымі ды агурковымі парнікамі, тады зразумееш перспэктывы рамантычных пошукаў беларускай Беларусі... Калі б усё так чорна і беспрасьветна было, як у гэтым кіно, то ўжо б даўно рэвалюцыя адбылася...» У адказ: «Паглядзіш, што запяюць тутэйшыя, калі расейскія перакупнікі пачнуць канструяваць хітрыя манапольныя схемы ды давядуць іх да цугундэра. Тады тутэйшыя агурочнікі і пра нацыянальную ідэнтычнасьць узгадаюць...» 

Працягваюць спрачацца двое: — Для дабудовы «панарамы» спатрэбілася б яшчэ хвілін 15-20, нават калі скараціць «збыткоўныя» сцэны. Тады б фільм дацягнуў да «аповесьці». А так — толькі замалёўка з працягам... — Але ж у гэтай адсутнасьці ёсьць свая прысутнасьць незапоўненай прасторы для эмацыйнага роздуму. Адсутнасьць «простага народу» сярод дзейных асобаў — тут, на маё ўспрыманьне, ёсьць стылёвай фігурай. Адзін той качагар каля гаўптвахты — вось табе і народ. Гэта — своеасаблівы код адсутнасьці недабудаванай нацыянальнай ідэнтычнасьці. Было б пошласьцю паказваць якіх-небудзь растаўсьцелых цётак, што лаюць «пятую калёну», пераказваючы тэлевізар... Сцэнар б’е ў адну кропку: у краіне гаспадарыць злачынны, фашысцкі лад. Той жа сяржант-садыст, як сапраўдны эсэсавец, камандуе навабранцам: «Шнэлер-шнэлер!». 

Вера публікуе дзёньнік Мірона ў інтэрнэце

Сымбалі 

«Каштоўнаснае» імя і прозьвішча галоўнага героя — Мірон Захарка. Няўлоўны «Мірон», як легендарны чараўнік, разьвешвае раз-пораз па ўсёй Беларусі бел-чырвона-белыя сьцягі. Васіль Захарка — адзін з айцоў БНР, Прэзыдэнт Рады пасьля Крэчэўскага. Інтэлігентны Шэры, што адмовіўся прысягаць на расейскай мове, вымушае прыгадаць «адмоўніка» матэматыка Зьмітра Жалезьнічэнку, а сяржант Руслан — службовую аўчарку з аповесьці Георгія Ўладзімава «Верный Руслан»... «Гаваркія прозьвішчы» журналістаў БТ і чальцоў выбарчай камісіі...

Надзею і аптымізм дае сам галоўны герой: ён пакалечаны, але за ім праўда, ён з народам, тыя, што ў аўтазаку, — жывыя. Іх шмат. Паводле старажытнагрэцкай сымболікі трагедыя наступае, калі гіне хор. Тут «хор» — жывы. Галоўны герой — жывы. Паранены ваяр больш небясьпечны, чым некрануты. Найбольшы аптымізм пасяляюць у душу маленькія разносчыкі выбарчых улёткаў: як мурашкі, разьбягаюцца яны па руінах здратаванага мястэчка, нясуць праўду няскоранага маладзёна з чыстай душой... Верыцца, што яны — будучыня Беларусі. Яны чулі жывое беларускае слова і немудрагелісты сьпеў пад гітару незвычайнага салдата... Інтэрнэт-моладзь з сацыяльных сетак ловіць галасы свабоды, прагне зьяўленьня жывога лідэра. І сярод сяржантаў ня ўсе «русланы». Нечакана Мірон знаходзіць сябра са стану «ворага»... Намесьнік міністра абароны — не памерлы, ня кат (артыст — Анатоль Кот). Ён усьведамляе сваю ролю ў пірамідзе рэжыму, але здаецца, што ён — сам па сабе абаяльны — ня Мюлер-Бранявы. Аднойчы ягоная душа можа прачнуцца. 

Міністар абароны Анатоль Кот

Што б я зьмяніў у сцэнары?

Я б узмацніў «трыкутнік каханьня» праз разбудову безаблічнага вобразу Верынага бойфрэнда. Цяжка сказаць, якім яго ўяўлялі сцэнарысты. Я б зрабіў яго сябрам таго, вонкава падобнага да яго, кадэбіста, былым удзельнікам гуртка бумбамлітаўцаў і супрацоўнікам «Нашай Нівы», які для папулярызацыі выданьня вядзе «жоўтую» старонку з сэксам, сьвецкай хронікай і анэкдотамі ды майструе рускамоўны варыянт НН. Гэта б адпавядала рэчаіснасьці. Бо занадта вялікі бонус выдалі НН. Яна ж ужо не дубаўцоўская «Наша Ніва», а сродак масавай інфармацыі РБ як бы з нацыянальным ухілам. Для гэтага б спатрэбіўся адзін дыялёг Веры з бойфрэндам («Ну навошта ты...») і лёгкі дадатак да сцэны паяданьня НВ і НН няскораным Сяргеем. Сяржант Руслан мог бы, седзячы на перавернутым вядры, крыкнуць шарагоўцу, што піхаў у рот «сьвядомага» Сяргея старонкі НН: «Што ты жоўтую старонку піхаеш, гэта ж любімая старонка палітрука Малчанава. Мы ж яму кожны раз яе аддаем...» 

Такім бачыцца мне дыялёг аўтараў фільма з гледачом. Я не памыліўся — менавіта дыялёг. Бо кожны маналёг мае свайго адрасата і апанэнта. Пры такім разуменьні кожны паглядзіць у няісны фрагмэнт люстэрка, які не раскрылі аўтары сцэнару і рэжысэр, і намалюе сябе безь люстэрка ў сваім разуменьні. Тады і праблема жыцьцёвага падабенства, і адносіны да прататыпаў герояў будуць вызначацца з разуменьнем сваіх жыцьцёвых радасьцяў і рэсэнтымэнтаў. Так некалі разважаў Лотман у эсэ пра ролю звычайнага люстэрка ў фармаваньні расейскага дваранства. Будзем спадзявацца, што праз пэўны час зьявіцца працяг фільма, дзе будзе фрагмэнт люстэрка «іншай», «незмагарнай Беларусі», якая пасьля сэансу і роздуму, магчыма, захоча быць сапраўды шляхотнай.

Вера і гітарыст Зьміцер

Папа Францішак: харызматычны аскет, які змагаецца супраць сацыяльных грахоў (паводле часопісу Spiegel) 14.03.2013 2

Аўтары партрэту новага Папы ўжываюць словы “харызматычны” ў першасным значэньні: той, хто мае Боскі дар, пакліканьне працаваць на карысьць людзей і царквы.

Францішак
Абранае імя нагадвае постаць Сьвятога Францішка, які жыў паводле запаветаў Хрыста (Imitatio Christi) і Эвангельля “без дадаткаў і зьменаў” (sine glossa), знаходзіў паразуменьне з рознымі людзьмі, падтрымліваў сумоўе з жывёламі й расьлінамі ...
Хорхэ Марыё Бэргольё мае два грамадзянствы – аргентынскае ды італьянскае.
 
Першае ўражаньне
Прыемнае першае візуальнае ўражаньне. Зьявіўся на балконе без традыцыйнай накідкі з гарнастаю, чым выклікаў авацыю прыхільнікаў абароны жывёл. Сьціплы, як бы саромячыся, што патурбаваў столькі народу: і 1,2 мільярда каталіцкіх вернікаў, і людзей на плошчы. Падзякаваў кардыналам: “Вы знайшлі мяне на далёкім адсюль сьвеце ...”
 
Сьціплы езуіт
Мала хто спадзяваўся, што будзе выбраны член Ордэну езуітаў. Езуіты – інтэлектуалы. Абывацелі чакалі рашучага прагматыка, ня ведаючы добра характару новага Папы. А ён, падобна, будзе і рашучым прагматыкам. Называліся імёны Scola (Італія), Schönborn (Аўстрыя), Scherer (Бразілія) ды некаторых афрыканскіх кардыналаў.На выбарах Папы ў 2005 г. ён быў адзіны, хто зьняў сваю кандыдатуру на карысьць кардынала Ратцынгера, маючы 40 пададзеных галасоў. Гэтым “пакетам” ён бы мог блякаваць выбары любога кандыдата, але не зрабіў гэтага.
Новы Папа, Францішак, сапраўдны харызматык. Ня любіць шмат гаварыць публічна з высокіх трыбун, пазьбягае залішніх кантактаў з мэдыямі, дыстанцуецца ад палітыкі. Крытыкі кажуць: яму не хапае хваткі і нахрапістасьці.
 
Здароўе
Гады, канешне: 76 нямала. Зь дзяцінства меў праблемы зь лёгкімі. Час ад часу і цяпер мусіць класьціся ў шпіталь. Апошні раз працяглы час лячыўся ў 2010 годзе.
 
Пляма ў біяграфіі?
Спрачаюцца: як ацаніць паводзіны сп. Бэргольё, калі ён быў біскупам Буэнас-Айрэсу пры ваеннай дыктатуры. Называюць ягоныя паводзіны амбівалентнымі: з аднаго боку, з другога боку... Новага Папу дакараюць, што ў 1976 годзе ён ускосна паспрыяў дыктатуры, калі дапамог дваім езуітам увайсьці ва ўрад. Кажуць, што да 1983 году ў ягонай дзейнасьці можна знайсьці і яшчэ цёмныя бакі. Некаторыя члены езуіцкага ордэну скардзяцца, што калі яны сядзелі ў турмах пры ваеннай дыктатуры, біскуп Бэргольё ня надта стараўся ім дапамагчы і паводзіў сябе занадта асьцярожна. Сп. Бэргольё як біскуп дазваляў сабе спрачацца з такімі сьцьверджаньнямі.
  
Хрысьціянін усіх кантынэнтаў
Бэргольё – дзяяч “усясьветнай царквы”. Па духу і лацінаамэрыканец, і эўрапеец, і афрыканец у хрысьціянскім разуменьні: сьціпласьць, абложная праца, няскораная ціхая воля, бязьмежная пачцівасьць да Бога.
 
Праца і любімыя заняткі па-за службай
Колішні дыплямаваны хімік, будучы біскупам і кардыналам, хіміяй ужо не займаецца. Сьвятаром стаў у 1969 годзе. У 1998 – архібіскуп Буэнас-Айрэсу (улюбёнец Караля Вайтылы). Дысэртацыю па філязофіі абараняў у Германіі ў Фрайбургу, вывучаў псыхалёгію, літаратуру, тэалёгію. Працаваў выкладчыкам у тэалягічных установах.
Любіць: кухарыць, опэру, старажытнагрэцкую клясыку, Шэксьпіра, Дастаеўскага, плаваньне.
 
Кароткія характарыстыкі
Сябра трэцяга сьвету; харызматычны аскет; начытаны, але зямны; чалавек сьвету, прывязаны да Радзімы; тэарэтык, які выходзіць на вуліцу; змагар з сацыяльнымі грахамі; кансэрватар, які разумее час; не прымае аборты, штучнае стрымліваньне цяжарнасьці, шлюбы геяў і лесьбіянак, адаптацыю дзяцей у такіх сем’ях; у спрэчцы на гэтую тэму з прэзыдэнткай Cristina Fernandez de Kirchner сказаў: “Прыйманьне дзяцей ў гомасэксуальныя сем’і нагадвае сярэднявечную інквізыцыю”.
На царкоўныя сьвяты наведвае шпіталі, прытулкі, бедныя кварталы, аказвае магчымую дапамогу. Выступаючы супраць пазашлюбных сувязяў, адначасна крытыкуе сьвятароў, што адмаўляюцца хрысьціць банкартаў: гэта – “крывадушнае нэаклерыкальства”.
Паводле сваіх царкоўна-сацыяльных поглядаў стаіць блізка да кансэрватыўнага і сацыяльна арыентаванага руху “Communione e Liberatione”.
 
Пра неабходную рашучасьць царквы
“Калі мы выходзім на вуліцу, – можа ўсялякае здарыцца. Але той, хто капаецца толькі ў сваёй разумнай абалонцы – хутка старэе. Калі я раблю выбар паміж царквой, якая набівае сабе гузакі на вуліцы, і якая занепадае і старэе, бо займаецца толькі сабою, – я выбіраю першае...”

Уго Чавэс 2007 11.03.2013 5

Сярод сваіх старых нататкаў 2007 году знайшоў запіс пра Уго Чавэса.
З заходніх медыяў вядома: Уго Чавес is a bad guy. Нашыя пішуць, што якраз наадварот. А што пісалі ў 2007 годзе венэсалянскія ды іншыя медыі пра Беларусь і Чавэса?


Празь першыя ключавыя словы у вэнэсалянскім сеціве пападаю на сьвежы блог за 17. 12. 07, зь якога вынікае, што Уго is a good guy і што ў Венэсуэле Беларусь любяць. Блог, які майструе аўтар зь нікам “krasnykeltiber”, называецца "Салідарнасьць з Рэспублікай Беларусь". У анатацыі да блогу: Беларусь змагаецца супраць “эўрапейскай глябалізацыі” і будуе “стабільную будучыню, свабодную ад заходняга ўмяшальніства (libre de las inherencias occidentales)”. Аўтар заклікае стварыць “Камітэт салідарнасьці зь Беларусяй” у ейным супраціве глябалізму (recistencia al mundialismo).

Нямецкая “Die Zeit” за апошні паўгод тройчы пісала пра Чавэса і Беларусь, а 31. 10. 07 са спасылкай на венэсалянскую крыніцу інфармацыі паведаміла ў артыкуле “Ураган Уго і вось дабрыні”, што Чавэс “пераслаў Лукашэнку 450 мільёнаў даляраў, каб ён пагасіў пуцінскі газавы рахунак”. Аўтар не тлумачыць, што значыць “пераслаў”. Аднак у кантэксьце выглядае, што падараваў. Бо тут жа паведамляецца, што Кубе Чавэс дае бензін за нулявы тарыф у абмен за 40 000  дактароў і настаўнікаў-індактрынёраў, а агулам перадаў “як Хрыстос” падчас 43 замежных паездак  дзяржавам і арганізацыям больш за 23 мільярды даляраў. У тым ліку беднякам Лондану і Вашынгтону.

Пра гэта сам Чавес расказаў у серыі ток-шоў “Alo Presidente”. У кастрычніку ішло шоў №289. Госьці шоў – міністры ў чырвоных кашулях, як і сам Чавэс, і замежныя аплочаныя сымпатызанты, сёй-той таксама ў чырвоных кашулях. Уго выказваецца па ўсіх пытаньнях, Буша называе гнілым трупам, Кандалізу Райс – “Кандаміза” , жэстам тлумачачы, што тут ідзе алюзія на прэзэрватыў. Госьці ў чырвоных кашулях рагочуць і пляскаюць у ладкі… Рэкорд прамога ток-шоў – 9 гадзін.

Са старонак апазіцыйнай Tal Cual (назва вельмі ёмкая, можна перакласьці як “Усё як ёсьць”) даведваемся шмат цікавага. Тут Уго ўжо не надта добры хлопец. Так, рэдакцыю аштрафавалі на 50 000 даляраў за жарт пра дачку прэзідэнта, якая просіць: “Тата, загадай парляманту, каб памяняў дзяржаўны герб. Няхай конь скача ня ўправа, а ўлева!”

Або: Парлямант закляйміў 33 журналістаў ворагамі нацыі за тое, што яны прынялі стыпендыі ад ЗША. Або: Чавэс даў амерыканскай NGO Citizens Energy для 224 000 бедных амерыканскіх сем’яў з 23 штатаў топачнага мазуту на 100 мільёнаў даляраў за  20%-ны тарыф.

Ці: са сьнежня 2003 года па краіне папоўз антысэмітызм, калі Чавэс у чарговых тэлеразвагах даў сігнал: мы паважаем жыдоў, у нас у Каракасе аж 14 сінагогаў, але ж мы не павінны забывацца, што яны забілі Хрыста…

Чавэс пра свайго галоўнага палітычнага суперніка, губернатара Расалеса, губерня якога мяжуе з Калюмбіяй: “Я не зьдзіўлюся, калі мы знойдзем гэтага губернатара аднойчы забітым наркамафіяй, зь якой ён хаўрусуецца”. Жаўнер памежнай аховы ананімна карэспандэнту: “Мы атрымліваем неафіцыйныя інструкцыі зьверху правакаваць напады калюмбійскіх мафіозо на ранчо губернатара”.

Пасьля грунтоўнай вайсковай санацыі афіцэры памежнай службы атрымалі дабаўку да зарплаты і дарагія джыпы. Статутнае ўрачыстае вітаньне цяпер гучыць: “Socialismo, Patria o muerte!”.

“Die Zeit” пра беларускую шматвектарнасьць: “У той час, як кубінскія дарадцы гібеюць у танных гатэлях, беларусы, якіх можна пазнаць па скураных пінжаках, як колішніх штазі па шэра-блакітных куртках, прызначаюць спатканьне іранскім мулам і арабскім нафтавым шэйхам у Grandotel Melia …"  

Дрэйф дзеля выжывання? 18.02.2013 4

Кажуць, што паэзія – гэта тое, што застаецца, калі забываюцца словы. Памятаю, як я ў 80-х гадах ужо мінулага стагоддзя слухаў выступ Яўгенія Еўтушэнкі ў перапоўненай зале мінскай філармоніі. Верш пра трывушчасць карэльскай бярозы, якая выжывае пры любых маразах, быў сустрэты бурнымі воплескамі. І тады, і цяпер думаю: цікава, якім быў бы калектыўны рэфлекс, напрыклад, польскай аўдыторыі ў 80-х на гэты верш? Мае равеснікі памятаюць, як у той час людзі чыталі між радкоў, як рэагавалі ў тэатры на кожнае жывое слова, што гучала са сцэны.

Назіранне за рэакцыяй залы на публічных відовішчах – цікавы занятак. Я двойчы глядзеў у кінатэатры фільм Ларысы Шапіцькі “Узыходжанне” паводле быкаўскага “Сотнікава”. Кожны раз зала смяялася, калі ў Рыбака/Гасцюхіна (ягоны напружаны твар падаваўся буйным планам) рваўся рэмень у будцы-прыбіральні, калі ён хацеў павесіцца. Тут трэба было плакаць. Тут быў драматургічны контрапункт. Здраднік, усвядоміўшы чарнату свайго падзення, хацеў сысці з жыцця...

У сваім першым блогу на “Беларускім партызане” я спрабаваў закрануць тэму гістарычнай памяці і аптымістычных міфаў нацыі, пішучы пра запланаванае масавае перавыданне ў ФРГ гітлераўскага “Майн кампфу” у 2016 годзе: унукі 21-га стагоддзя не хочуць жыць з комплексам вечнай віны за Халакост, што дапусцілі іхныя дзяды.  Зняўшы табу з кнігі Злачынства, нацыя хоча верыць, што публічнае сузіранне Пачвары нарэшце прывядзе да калектыўнага катарсісу і гістарычнага аптымізму.  Вечная віна давіць на грудзі, як чорныя гранітныя “стэлы” – помнік ахвярам Халакосту, які – так і хочацца сказаць – ляжыць злева ад Брандэнбурскай брамы. Амерыканскі скульптар Пітэр Айзэнман, аўтар помніка, які працуе ў каннцэпцыі фенаменалагічнай эстэтыкі, у адным з першых інтэрв’ю так і сказаў: “Няхай гэта вечна давіць на грудзі усім нямецкім пакаленням...” 

Гэтыя паэтычныя, драматургічныя ды гістарычныя рэмінісцэнцыі прыйшлі мне ў галаву пасля сходу Беларускага ПЭН-цэнтру, які адбыўся ў нядзелю 17-га лютага. Слухалі справаздачу і выбіралі старшыню. Прэзідэнтам  выбралі зноў Андрэя Хадановіча. Тут – рэч не столькі пра асобу, колькі пра беларускі феномен часу дыктатуры, калі людзі, калектывы, арганізацыі або знікаюць,  або ідуць у турмы, або дрэйфуюць ад першапачатковых каштоўнасцяў, або становяцца аналітыкамі... Ці проста маўчаць, старэюць,  ідуць на пенсію ды, шчаслівыя, вырошчваюць капусту. У гэты час выпаўзаюць розныя чарвякі-гуру і “захопліваюць плацдармы мыслення”.

Абраны старшыня, супраць якога я галасаваў, – цікавая асоба. Выкладчык дзяржаўнай ВНУ з падпісаным кантрактам, здольны мадэрновы паэт, перакладчык, добры арганізатар, ужо сталы дзяцюк, які перажыў бурапенны ўзрост, калі “скідаў з карабля сучаснасці” цярплівых беларускіх савецкіх класікаў, рассыпаючы ў вершах перліны здзеклівых алюзіяў тыпу “Хлопчык і копчык”, “вёска Пляўкі”.

Беларускі ПЭН, як тое і мела быць паводле міжнароднага статуту, узнік як праваабарончая арганізацыя творчых асобаў. Зразумела, што ўсе яны павінны быць не толькі майстрамі-творцамі, але і высокамаральнымі асобамі, слова якіх было б важкім для грамадства. Прэзідэнтамі беларускага ПЭНа былі Рыгор Барадулін, Васіль Быкаў, Лявон Баршчэўскі, Уладзімер Някляеў. Хросным бацькам і актыўным дзеячам нашага ПЭН-цэнтру быў нябожчык Карлас Шэрман. Маючы досвед міжнароднага журналіста і літаратара, Карлас запачаткаваў і праваабарончую традыцыю з любімай ім Гішпаніі, пашырыўшы ў Беларусі народжаную ў Барселоне “Усеагульную дэкларацыю моўных (інакш: “лінгвістычных”) правоў”. Гэтым была паднятая планка для будучых пакаленняў пэнаўцаў – захаваць мову, захаваць нацыю, захаваць высокія маральныя каштоўнасці. Карлас арганізаваў у Саюзе пісьменнікаў абмеркаванне Дэкларацыі ды беларускіх да яе дадаткаў, рэдагаваў яе беларускі пераклад, планаваў разам з Васілём Быкавым праз ЮНЭСКА і ААН, як тое дазваляе статус Міжнароднага ПЭН-Клуба, лабіяваць праз адпаведныя камісіі ААН абмеркаванне стану беларускай мовы ў кантэксце “захавання нацыянальных гістарычных каштоўнасцяў”.

Драматургія сходу і вынік выбараў нагадалі мне верш пра карэльскую бярозу, смех залы ў кінатэатры і пачуццё калектыўнай віны немцаў, бо мы цяпер закладаем падваліны будучага сораму нашых унукаў за апошнія амаль 20 гадоў нашага беларускага “нямецкага маўчання”.

У справаздачы рады і старшыні гаварылася шмат пра выдавецкую і літаратурную дзейнасць, пра арганізацыю сустрэчаў з моладдзю. Выглядала на тое, што ПЭН – гэта нейкі маладзейшы мадэрновы філіял Саюзу беларускіх пісьменнікаў з перформансамі, слэмамі, міжнароднымі літаратурнымі маёўкамі, дыскусіямі ў фрэйме постмадэрнізму. Усё гэта робіцца, маўляў, каб прыцягнуць моладзь, бо яна стамляецца чытаць доўгія старамодныя тэксты на беларускай мове.

Знаёмства з тэкстамі некаторых маладых аўтараў, што пападаюць у шорт-лісты і лаўрэаты, мякка кажучы, засмучае і здзіўляе. Этыка блогу “Беларускага партызана” не дазваляе цытаваць вытрымкі з некаторых “лепшых”, выдадзеных за кошт ПЭНа, зборнікаў, або першых кніжак, адзначаных у шорт-лісце сёлетняй прэміі “Дэбют”. Трэба часам проста ставіць кропкі пасля пачатковых літар слова. Напрыклад, метафары з верша “Пупавіна Хрыста” маладога паэта А. : “Хрыстос хапаў сябе за ногі, засоўваў ногі ў рот, сц ...ў і ср...ў у далоні рымскім легіянерам...   З другога верша без назвы: “...Гэта не ты ўсіх паставіў ракам // гэта святыя маліліся за цябе...”. Кажуць, што аўтар – уцаркоўлены каталік. Гэтыя радкі – з рыфмаваных і вольных вершаў, змешчаных у зборніку “Geniush loci”, складзеным самім А. Хадановічам і прысвечаным... стагоддзю Ларысы Геніюш, якая правяла свае лепшыя гады ў сталінскім Гулагу і напісала радкі:

Хрыстос васкрос з крыві і болю,
каб сьветач праўды не пагас.
Васкрос Ён для крывіцкіх сёлаў,
васкрос Ён, брацьця, і для нас.
 
І будзем верыць мы ў кайданах, 
узьняўшы сэрцы угару,
што так, як Бог укрыжаваны, 
васкросьне й наша Беларусь.


Мілая маладзенькая дзяўчынка-празаік і паэтка М. таксама папала ў шорт-ліст “Дэбюту”, апяваючы  лесбас. Члены журы, відаць, не захацелі адставаць ад Еўропы. 

Мінулагодні лаўрэат прэміі Гедройца і прэтэндэнт на гэты год, што не без падтрымкі пэнаўскай рады  трапіў у шорт-ліст, – “бязлітасны” Альгерд Бахарэвіч з сваім гамбурскім рахункам. Прэзентацыя кніжкі адбывалася ў мінулым годзе пад рубрыкай “Прыватны дзённік”. На другі дзень рэдакцыя Радыё Свабода, падводзіўшы вынікі прэзентацыі, ужо назвала яе “падручнікам беларускай літаратуры 21-га стагоддзя”. Янку Купалу Бахарэвіч даў мянушку Каян Лупака. У эсэ пра Быкава Бахарэвіч напісаў: “На Быкаве скончылася тая беларуская літаратура. Засталося надзейна закаркаваць яе ў бутэльку муранскага шкла і пусціць па вадзе ... ” 

Пры абмеркаванні кандыдатуры старшыні я сказаў, што мы ўсё ж-такі аддрэйфавалі ад пэнаўскіх каштоўнасцяў і захапіліся мадэрнай літаратурнай творчасцю з пячаткай “гуманітарызму без берагоў” (я ўзгадваў аўтара тэрміна нямецкага філосафа Гелена), бо гэта бяспечна: літаратурных слэмаў і перформансаў улады не баяцца. Наадварот, сп. Гігін ці Пракопаў нават ахвотна працытуюць, да чаго дэмакратыя давяла маладых “свідомых” творцаў. Я прапанаваў кандыдатуру Някляева, які пазней узяў самаадвод. Члены рады з маімі развагамі не пагадзіліся.  Сп. Андрэй Дынько, выступаючы маім апанентам, выказаўся ў тым сэнсе, што вернасць статуту прымусіць нас саслізнуцца ў палітыку. Трэба разумець подых часу. Так і зачыніць могуць. Што лепш? Мітынгаваць або ціха рабіць справу?

Я і сам думаю: што лепш? Канешне, лепш беларускія літперформансы, чым нічога. Тады, можа часова, пакуль ляснецца дыктатура , павесіць у дрэйфе замест сімволікі ПЭНа  роджэр з лагатыпам "СЛЭМ-ЦЭНТАР".  Ну і Хрыста з Мухамедам, пэўна, чапаць не трэба. Вунь у купал Святога Пятра ў Рыме маланка жахнула ды і каменне з неба пачало падаць...     
 
     

“Банальнасці” прававой дзяржавы: У Германіі выйдзе “Майн Кампф” з каментарамі экспертаў 11.01.2013 2

У 2016 г. у Германіі  з’явіцца  выданне “Майн Кампф” Гітлера з каментарамі экспертаў Інстытута сучаснай гісторыі (ФРГ)

У 2015 г. заканчваецца тэрмін абароны аўтарскага права Баварыі на выданне гэтага галоўнага праграмнага дакумента нацыянал-сацыялізму. З 1 студзеня 2016 г. любое прыватнае выдавецтва з захаваннем адпаведных правілаў, якія дзейнічаюць у ЕС, можа пачаць выданне гэтага тэксту ў арыгінале ці перакладзе.

Нямецкі часопіс CICERO , што пазіцыянуе сябе як “палітычнае выданне, якое фармуе грамадскую думку”, выбраў у якасці галоўнай тэмы лістападаўскага нумару 2012 г. праблему сучаснага нетабуізаванага прачытання “Майн Кампф” “без дэманізацыі і замоўчванняў, каб назаўжды зняць з яго флёр забароненага плоду”. Рэдакцыя часопісу сабрала меркаванні самых розных людзей: філосафаў, настаўнікаў гісторыі, бургамістра Мюнхена, шараговых грамадзян, дырэктара Інстытута сучаснай гісторыі, міністра культуры Зямлі Мекленбург – Пярэдняя Памеранія ды інш. Усе, акрамя сп-ні Шарлоты Кноблёх, старшыні Яўрэйскага культурнага грамадства Мюнхена і Верхняй Баварыі, без істотных пярэчанняў пагадзіліся, што гэта трэба было зрабіць даўно. На руках у грамадзян захаваліся дзясяткі тысяч асобнікаў гэтай кнігі, яе можна без праблем купіць у букіністаў і лёгка ўзяць з інтэрнэту. Моладзі трэба дапамагчы прачытаць гэты твор крытычна, з разуменнем нямецкай гісторыі першай паловы мінулага стагоддзя.

Дырэктар Інстытута сучаснай гісторыі сп. Андрэас Віршынг паведаміў, што ў найбліжэйшы час будуць падрыхтаваныя два выданні з навуковымі каментарамі: адно поўнае і другое скарочанае для школьнікаў. Гэта будзе магчыма пры падтрымцы кіраўніцтва Баварыі.

Цікава, што, анансуючы сенсацыйнае перавыданне “Майн Кампф” (“Апошняя бомба Гітлера”), рэдакцыя ў асноўным тэксце з усіх прыблізна 40 старонак, прысвечаных гэтай тэме, скіроўвае чытача на думку аб неарыгінальнасці гітлераўскіх максімаў. Маўляў, гэтыя расісцкія ідэі былі сфармуляваныя яшчэ задоўга да Гітлера. У прапагандзе гэта называецца рэлятывізацыяй зла. Развагі аўтараў падмацоўваюцца дызайнам матэрыялу: буйным прыгожым наборам у “полі” тэксту выдзелены кароценькі сказ: “Кніга Гітлера пабудавана у асноўным на расісцкіх пастулатах Wiener Fin de siècle”. Словы, напісаныя лацінкай, перакладаюцца даслоўна як “Венскі канец стагоддзя”. Маецца на ўвазе венскі мадэрн (прыблізна з 1890 да 1914 г.) у шырокім сэнсе: змрочны росквіт “аптымістычнага дэкадансу” ў мастацтве. літаратуры, філасофіі, сацыялогіі. Нешта накшталт “вынікаў 20-га стагоддзя” – фукуямаўскага “Канца гісторыі”, напісанага ўжо ў наш час.

Для беларускамоўнага чытача трэба зрабіць некалькі кароткіх заўваг для лепшага разумення сітуацыі. Першае: Баварыя паводле Канстытуцыі ФРГ з’яўляецца дэ-юрэ самастойнай краінай з сваёй Канстытуцыяй, сваім “копірайт”, сваім звычаёвым правам, асабліва ў мясцовым самакіраванні, і г. д. Другое: у ФРГ захавалася шмат законаў, якія дзейнічаюць ужо на працягу некалькіх стагоддзяў без усялякіх зменаў. Трэцяе, пэўна, самае галоўнае.

Апёкшыся на Гітлеры, ФРГ выпрацавала суровую “паліткарэктную” сістэму грамадзянскіх паводзінаў, заканадаўства, праваўжывання і нават палітычнага лексікону. Асабліва зараз, пры росквіце мультыкультуралізму і з’яўлення новага правага радыкалізму. Для неспецыялістаў не заўсёды будуць зразумелыя выразы: канстытуцыйны патрыятызм, паралельныя грамадствы, вядучая культура, пазітыўная дыскрымінацыя, антыхалакостаўскі правы радыкалізм, рэлятывізм ацэнкі генацыду, культура ўспамінаў, культура пераадольвання нацыянальнай траўмы, траўмы ахвяры і ката і г. д. Ёсць, напрыклад, закон, які карае за публічнае непрызнанне халакосту. Яго папулярна называюць “Аўшвіц-гэзэц” – “закон пра Асвенцім”.

Аднак час ідзе. Адыходзяць з жыцця тыя, хто быў у актыўным узросце падчас нацыянал-сацыялізму. У год 60-годдзя заканчэння ІІ-й Усясветнай вайны (2005 г.) праводзілася шмат апытанняў. Каля 70% грамадзян да 60 гадоў сказалі, што ім апастылела каяцца за ўчынкі “нейчых там бацькоў і дзядоў” і што гэта адбірае ўсякі гістарычны аптымізм існавання нацыі. Адкуль узяліся гэтыя “нейчыя”? Рэч у тым, што на пытанні пра стаўленне старэйшых сваякоў (так званая “вусная гісторыя сямейных легендаў”) да гітлераўскага рэжыму моладзь ва ўзросце да 30 гадоў дала такія адказы: “Мае старэйшыя сваякі дапамагалі тым, каго пераследаваў рэжым” – 26%; “актыўна супраціўляліся рэжыму” – 13%; “маральна падтрымлівалі ахвяр і пераследаваных” – 17%; “ ведалі часткова пра зладзействы рэжыму” – 15%; “нічога не ведалі пра халакост і канцэнтрацыйныя лагеры” – 25%; “прымалі ўдзел у антысеміцкіх пагромах” – 3%; “актыўна падтрымлівалі рэжым” – 1%”. Гэта вытрымкі з анкеты штотыднёвай 92-старонкавай газеты “Die Zeit”. Натуральна, узнікае пытанне: на кім жа трымаўся рэжым цэлых 12 гадоў?

Вось так людзі хочуць хутчэй забыцца на дрэннае і ганебнае. Гэтаму спрыяе сям’я і тая ж паліткарэктная дзяржава, ствараючы новыя міфы нямецкага грамадзянскага супраціву і мэтазгодна забываючы злое і акцэнтуючы пакуты немцаў. Наведайце Музей нямецкай гісторыі ў Боне. Супастаўце “злачынныя” стэнды, прысвечаныя Усходняму Фронту, канцлагерам, падпалу Рэйхстага, камуністу Тэльману і стэнды нямецкага супраціву і пакутаў (брат і сястра Шоль – студэнты Мюнхенскага ўніверсітэту, якія распаўсюджвалі антыгітлераўскія лістоўкі; Штаўфэнбэрг і замах на Гітлера, разбурэнні нямецкіх гарадоў праз “немэтазгодныя” бамбёжкі англа-амерыканцамі, згвалтаванні немак савецкімі салдатамі і г. д.). “Колькасныя” характарыстыкі экспазіцыі псіхалагічна пазіцыянуюць немцаў хутчэй як нацыю ахвяр і пакутнікаў. Ахвярнасць і пакуты пераможцаў адыходзяць неяк на другі план. Канешне, я магу быць неаб’ектыўным. У тую вайну загінуў мой бацька, і ў адзін дзень былі спаленыя агнямётамі маіх 12 сваякоў з прозвішчам Садоўскі. Гэта было ў суседняй партызанскай вёсцы.
 
Як яно ўсё адгукнецца ў самой Германіі, калі выйдзе “навуковае выданне” нацысцкага катэхізму, пакажа час.

Читать другие новости