“Банальнасці” прававой дзяржавы: У Германіі выйдзе “Майн Кампф” з каментарамі экспертаў

У 2016 г. у Германіі  з’явіцца  выданне “Майн Кампф” Гітлера з каментарамі экспертаў Інстытута сучаснай гісторыі (ФРГ)

У 2015 г. заканчваецца тэрмін абароны аўтарскага права Баварыі на выданне гэтага галоўнага праграмнага дакумента нацыянал-сацыялізму. З 1 студзеня 2016 г. любое прыватнае выдавецтва з захаваннем адпаведных правілаў, якія дзейнічаюць у ЕС, можа пачаць выданне гэтага тэксту ў арыгінале ці перакладзе.

Нямецкі часопіс CICERO , што пазіцыянуе сябе як “палітычнае выданне, якое фармуе грамадскую думку”, выбраў у якасці галоўнай тэмы лістападаўскага нумару 2012 г. праблему сучаснага нетабуізаванага прачытання “Майн Кампф” “без дэманізацыі і замоўчванняў, каб назаўжды зняць з яго флёр забароненага плоду”. Рэдакцыя часопісу сабрала меркаванні самых розных людзей: філосафаў, настаўнікаў гісторыі, бургамістра Мюнхена, шараговых грамадзян, дырэктара Інстытута сучаснай гісторыі, міністра культуры Зямлі Мекленбург – Пярэдняя Памеранія ды інш. Усе, акрамя сп-ні Шарлоты Кноблёх, старшыні Яўрэйскага культурнага грамадства Мюнхена і Верхняй Баварыі, без істотных пярэчанняў пагадзіліся, што гэта трэба было зрабіць даўно. На руках у грамадзян захаваліся дзясяткі тысяч асобнікаў гэтай кнігі, яе можна без праблем купіць у букіністаў і лёгка ўзяць з інтэрнэту. Моладзі трэба дапамагчы прачытаць гэты твор крытычна, з разуменнем нямецкай гісторыі першай паловы мінулага стагоддзя.

Дырэктар Інстытута сучаснай гісторыі сп. Андрэас Віршынг паведаміў, што ў найбліжэйшы час будуць падрыхтаваныя два выданні з навуковымі каментарамі: адно поўнае і другое скарочанае для школьнікаў. Гэта будзе магчыма пры падтрымцы кіраўніцтва Баварыі.

Цікава, што, анансуючы сенсацыйнае перавыданне “Майн Кампф” (“Апошняя бомба Гітлера”), рэдакцыя ў асноўным тэксце з усіх прыблізна 40 старонак, прысвечаных гэтай тэме, скіроўвае чытача на думку аб неарыгінальнасці гітлераўскіх максімаў. Маўляў, гэтыя расісцкія ідэі былі сфармуляваныя яшчэ задоўга да Гітлера. У прапагандзе гэта называецца рэлятывізацыяй зла. Развагі аўтараў падмацоўваюцца дызайнам матэрыялу: буйным прыгожым наборам у “полі” тэксту выдзелены кароценькі сказ: “Кніга Гітлера пабудавана у асноўным на расісцкіх пастулатах Wiener Fin de siècle”. Словы, напісаныя лацінкай, перакладаюцца даслоўна як “Венскі канец стагоддзя”. Маецца на ўвазе венскі мадэрн (прыблізна з 1890 да 1914 г.) у шырокім сэнсе: змрочны росквіт “аптымістычнага дэкадансу” ў мастацтве. літаратуры, філасофіі, сацыялогіі. Нешта накшталт “вынікаў 20-га стагоддзя” – фукуямаўскага “Канца гісторыі”, напісанага ўжо ў наш час.

Для беларускамоўнага чытача трэба зрабіць некалькі кароткіх заўваг для лепшага разумення сітуацыі. Першае: Баварыя паводле Канстытуцыі ФРГ з’яўляецца дэ-юрэ самастойнай краінай з сваёй Канстытуцыяй, сваім “копірайт”, сваім звычаёвым правам, асабліва ў мясцовым самакіраванні, і г. д. Другое: у ФРГ захавалася шмат законаў, якія дзейнічаюць ужо на працягу некалькіх стагоддзяў без усялякіх зменаў. Трэцяе, пэўна, самае галоўнае.

Апёкшыся на Гітлеры, ФРГ выпрацавала суровую “паліткарэктную” сістэму грамадзянскіх паводзінаў, заканадаўства, праваўжывання і нават палітычнага лексікону. Асабліва зараз, пры росквіце мультыкультуралізму і з’яўлення новага правага радыкалізму. Для неспецыялістаў не заўсёды будуць зразумелыя выразы: канстытуцыйны патрыятызм, паралельныя грамадствы, вядучая культура, пазітыўная дыскрымінацыя, антыхалакостаўскі правы радыкалізм, рэлятывізм ацэнкі генацыду, культура ўспамінаў, культура пераадольвання нацыянальнай траўмы, траўмы ахвяры і ката і г. д. Ёсць, напрыклад, закон, які карае за публічнае непрызнанне халакосту. Яго папулярна называюць “Аўшвіц-гэзэц” – “закон пра Асвенцім”.

Аднак час ідзе. Адыходзяць з жыцця тыя, хто быў у актыўным узросце падчас нацыянал-сацыялізму. У год 60-годдзя заканчэння ІІ-й Усясветнай вайны (2005 г.) праводзілася шмат апытанняў. Каля 70% грамадзян да 60 гадоў сказалі, што ім апастылела каяцца за ўчынкі “нейчых там бацькоў і дзядоў” і што гэта адбірае ўсякі гістарычны аптымізм існавання нацыі. Адкуль узяліся гэтыя “нейчыя”? Рэч у тым, што на пытанні пра стаўленне старэйшых сваякоў (так званая “вусная гісторыя сямейных легендаў”) да гітлераўскага рэжыму моладзь ва ўзросце да 30 гадоў дала такія адказы: “Мае старэйшыя сваякі дапамагалі тым, каго пераследаваў рэжым” – 26%; “актыўна супраціўляліся рэжыму” – 13%; “маральна падтрымлівалі ахвяр і пераследаваных” – 17%; “ ведалі часткова пра зладзействы рэжыму” – 15%; “нічога не ведалі пра халакост і канцэнтрацыйныя лагеры” – 25%; “прымалі ўдзел у антысеміцкіх пагромах” – 3%; “актыўна падтрымлівалі рэжым” – 1%”. Гэта вытрымкі з анкеты штотыднёвай 92-старонкавай газеты “Die Zeit”. Натуральна, узнікае пытанне: на кім жа трымаўся рэжым цэлых 12 гадоў?

Вось так людзі хочуць хутчэй забыцца на дрэннае і ганебнае. Гэтаму спрыяе сям’я і тая ж паліткарэктная дзяржава, ствараючы новыя міфы нямецкага грамадзянскага супраціву і мэтазгодна забываючы злое і акцэнтуючы пакуты немцаў. Наведайце Музей нямецкай гісторыі ў Боне. Супастаўце “злачынныя” стэнды, прысвечаныя Усходняму Фронту, канцлагерам, падпалу Рэйхстага, камуністу Тэльману і стэнды нямецкага супраціву і пакутаў (брат і сястра Шоль – студэнты Мюнхенскага ўніверсітэту, якія распаўсюджвалі антыгітлераўскія лістоўкі; Штаўфэнбэрг і замах на Гітлера, разбурэнні нямецкіх гарадоў праз “немэтазгодныя” бамбёжкі англа-амерыканцамі, згвалтаванні немак савецкімі салдатамі і г. д.). “Колькасныя” характарыстыкі экспазіцыі псіхалагічна пазіцыянуюць немцаў хутчэй як нацыю ахвяр і пакутнікаў. Ахвярнасць і пакуты пераможцаў адыходзяць неяк на другі план. Канешне, я магу быць неаб’ектыўным. У тую вайну загінуў мой бацька, і ў адзін дзень былі спаленыя агнямётамі маіх 12 сваякоў з прозвішчам Садоўскі. Гэта было ў суседняй партызанскай вёсцы.
 
Як яно ўсё адгукнецца ў самой Германіі, калі выйдзе “навуковае выданне” нацысцкага катэхізму, пакажа час.

.
11.01.13 18:45
загружаются комментарии