Дрэйф дзеля выжывання?

Кажуць, што паэзія – гэта тое, што застаецца, калі забываюцца словы. Памятаю, як я ў 80-х гадах ужо мінулага стагоддзя слухаў выступ Яўгенія Еўтушэнкі ў перапоўненай зале мінскай філармоніі. Верш пра трывушчасць карэльскай бярозы, якая выжывае пры любых маразах, быў сустрэты бурнымі воплескамі. І тады, і цяпер думаю: цікава, якім быў бы калектыўны рэфлекс, напрыклад, польскай аўдыторыі ў 80-х на гэты верш? Мае равеснікі памятаюць, як у той час людзі чыталі між радкоў, як рэагавалі ў тэатры на кожнае жывое слова, што гучала са сцэны.

Назіранне за рэакцыяй залы на публічных відовішчах – цікавы занятак. Я двойчы глядзеў у кінатэатры фільм Ларысы Шапіцькі “Узыходжанне” паводле быкаўскага “Сотнікава”. Кожны раз зала смяялася, калі ў Рыбака/Гасцюхіна (ягоны напружаны твар падаваўся буйным планам) рваўся рэмень у будцы-прыбіральні, калі ён хацеў павесіцца. Тут трэба было плакаць. Тут быў драматургічны контрапункт. Здраднік, усвядоміўшы чарнату свайго падзення, хацеў сысці з жыцця...

У сваім першым блогу на “Беларускім партызане” я спрабаваў закрануць тэму гістарычнай памяці і аптымістычных міфаў нацыі, пішучы пра запланаванае масавае перавыданне ў ФРГ гітлераўскага “Майн кампфу” у 2016 годзе: унукі 21-га стагоддзя не хочуць жыць з комплексам вечнай віны за Халакост, што дапусцілі іхныя дзяды.  Зняўшы табу з кнігі Злачынства, нацыя хоча верыць, што публічнае сузіранне Пачвары нарэшце прывядзе да калектыўнага катарсісу і гістарычнага аптымізму.  Вечная віна давіць на грудзі, як чорныя гранітныя “стэлы” – помнік ахвярам Халакосту, які – так і хочацца сказаць – ляжыць злева ад Брандэнбурскай брамы. Амерыканскі скульптар Пітэр Айзэнман, аўтар помніка, які працуе ў каннцэпцыі фенаменалагічнай эстэтыкі, у адным з першых інтэрв’ю так і сказаў: “Няхай гэта вечна давіць на грудзі усім нямецкім пакаленням...” 

Гэтыя паэтычныя, драматургічныя ды гістарычныя рэмінісцэнцыі прыйшлі мне ў галаву пасля сходу Беларускага ПЭН-цэнтру, які адбыўся ў нядзелю 17-га лютага. Слухалі справаздачу і выбіралі старшыню. Прэзідэнтам  выбралі зноў Андрэя Хадановіча. Тут – рэч не столькі пра асобу, колькі пра беларускі феномен часу дыктатуры, калі людзі, калектывы, арганізацыі або знікаюць,  або ідуць у турмы, або дрэйфуюць ад першапачатковых каштоўнасцяў, або становяцца аналітыкамі... Ці проста маўчаць, старэюць,  ідуць на пенсію ды, шчаслівыя, вырошчваюць капусту. У гэты час выпаўзаюць розныя чарвякі-гуру і “захопліваюць плацдармы мыслення”.

Абраны старшыня, супраць якога я галасаваў, – цікавая асоба. Выкладчык дзяржаўнай ВНУ з падпісаным кантрактам, здольны мадэрновы паэт, перакладчык, добры арганізатар, ужо сталы дзяцюк, які перажыў бурапенны ўзрост, калі “скідаў з карабля сучаснасці” цярплівых беларускіх савецкіх класікаў, рассыпаючы ў вершах перліны здзеклівых алюзіяў тыпу “Хлопчык і копчык”, “вёска Пляўкі”.

Беларускі ПЭН, як тое і мела быць паводле міжнароднага статуту, узнік як праваабарончая арганізацыя творчых асобаў. Зразумела, што ўсе яны павінны быць не толькі майстрамі-творцамі, але і высокамаральнымі асобамі, слова якіх было б важкім для грамадства. Прэзідэнтамі беларускага ПЭНа былі Рыгор Барадулін, Васіль Быкаў, Лявон Баршчэўскі, Уладзімер Някляеў. Хросным бацькам і актыўным дзеячам нашага ПЭН-цэнтру быў нябожчык Карлас Шэрман. Маючы досвед міжнароднага журналіста і літаратара, Карлас запачаткаваў і праваабарончую традыцыю з любімай ім Гішпаніі, пашырыўшы ў Беларусі народжаную ў Барселоне “Усеагульную дэкларацыю моўных (інакш: “лінгвістычных”) правоў”. Гэтым была паднятая планка для будучых пакаленняў пэнаўцаў – захаваць мову, захаваць нацыю, захаваць высокія маральныя каштоўнасці. Карлас арганізаваў у Саюзе пісьменнікаў абмеркаванне Дэкларацыі ды беларускіх да яе дадаткаў, рэдагаваў яе беларускі пераклад, планаваў разам з Васілём Быкавым праз ЮНЭСКА і ААН, як тое дазваляе статус Міжнароднага ПЭН-Клуба, лабіяваць праз адпаведныя камісіі ААН абмеркаванне стану беларускай мовы ў кантэксце “захавання нацыянальных гістарычных каштоўнасцяў”.

Драматургія сходу і вынік выбараў нагадалі мне верш пра карэльскую бярозу, смех залы ў кінатэатры і пачуццё калектыўнай віны немцаў, бо мы цяпер закладаем падваліны будучага сораму нашых унукаў за апошнія амаль 20 гадоў нашага беларускага “нямецкага маўчання”.

У справаздачы рады і старшыні гаварылася шмат пра выдавецкую і літаратурную дзейнасць, пра арганізацыю сустрэчаў з моладдзю. Выглядала на тое, што ПЭН – гэта нейкі маладзейшы мадэрновы філіял Саюзу беларускіх пісьменнікаў з перформансамі, слэмамі, міжнароднымі літаратурнымі маёўкамі, дыскусіямі ў фрэйме постмадэрнізму. Усё гэта робіцца, маўляў, каб прыцягнуць моладзь, бо яна стамляецца чытаць доўгія старамодныя тэксты на беларускай мове.

Знаёмства з тэкстамі некаторых маладых аўтараў, што пападаюць у шорт-лісты і лаўрэаты, мякка кажучы, засмучае і здзіўляе. Этыка блогу “Беларускага партызана” не дазваляе цытаваць вытрымкі з некаторых “лепшых”, выдадзеных за кошт ПЭНа, зборнікаў, або першых кніжак, адзначаных у шорт-лісце сёлетняй прэміі “Дэбют”. Трэба часам проста ставіць кропкі пасля пачатковых літар слова. Напрыклад, метафары з верша “Пупавіна Хрыста” маладога паэта А. : “Хрыстос хапаў сябе за ногі, засоўваў ногі ў рот, сц ...ў і ср...ў у далоні рымскім легіянерам...   З другога верша без назвы: “...Гэта не ты ўсіх паставіў ракам // гэта святыя маліліся за цябе...”. Кажуць, што аўтар – уцаркоўлены каталік. Гэтыя радкі – з рыфмаваных і вольных вершаў, змешчаных у зборніку “Geniush loci”, складзеным самім А. Хадановічам і прысвечаным... стагоддзю Ларысы Геніюш, якая правяла свае лепшыя гады ў сталінскім Гулагу і напісала радкі:

Хрыстос васкрос з крыві і болю,
каб сьветач праўды не пагас.
Васкрос Ён для крывіцкіх сёлаў,
васкрос Ён, брацьця, і для нас.
 
І будзем верыць мы ў кайданах, 
узьняўшы сэрцы угару,
што так, як Бог укрыжаваны, 
васкросьне й наша Беларусь.


Мілая маладзенькая дзяўчынка-празаік і паэтка М. таксама папала ў шорт-ліст “Дэбюту”, апяваючы  лесбас. Члены журы, відаць, не захацелі адставаць ад Еўропы. 

Мінулагодні лаўрэат прэміі Гедройца і прэтэндэнт на гэты год, што не без падтрымкі пэнаўскай рады  трапіў у шорт-ліст, – “бязлітасны” Альгерд Бахарэвіч з сваім гамбурскім рахункам. Прэзентацыя кніжкі адбывалася ў мінулым годзе пад рубрыкай “Прыватны дзённік”. На другі дзень рэдакцыя Радыё Свабода, падводзіўшы вынікі прэзентацыі, ужо назвала яе “падручнікам беларускай літаратуры 21-га стагоддзя”. Янку Купалу Бахарэвіч даў мянушку Каян Лупака. У эсэ пра Быкава Бахарэвіч напісаў: “На Быкаве скончылася тая беларуская літаратура. Засталося надзейна закаркаваць яе ў бутэльку муранскага шкла і пусціць па вадзе ... ” 

Пры абмеркаванні кандыдатуры старшыні я сказаў, што мы ўсё ж-такі аддрэйфавалі ад пэнаўскіх каштоўнасцяў і захапіліся мадэрнай літаратурнай творчасцю з пячаткай “гуманітарызму без берагоў” (я ўзгадваў аўтара тэрміна нямецкага філосафа Гелена), бо гэта бяспечна: літаратурных слэмаў і перформансаў улады не баяцца. Наадварот, сп. Гігін ці Пракопаў нават ахвотна працытуюць, да чаго дэмакратыя давяла маладых “свідомых” творцаў. Я прапанаваў кандыдатуру Някляева, які пазней узяў самаадвод. Члены рады з маімі развагамі не пагадзіліся.  Сп. Андрэй Дынько, выступаючы маім апанентам, выказаўся ў тым сэнсе, што вернасць статуту прымусіць нас саслізнуцца ў палітыку. Трэба разумець подых часу. Так і зачыніць могуць. Што лепш? Мітынгаваць або ціха рабіць справу?

Я і сам думаю: што лепш? Канешне, лепш беларускія літперформансы, чым нічога. Тады, можа часова, пакуль ляснецца дыктатура , павесіць у дрэйфе замест сімволікі ПЭНа  роджэр з лагатыпам "СЛЭМ-ЦЭНТАР".  Ну і Хрыста з Мухамедам, пэўна, чапаць не трэба. Вунь у купал Святога Пятра ў Рыме маланка жахнула ды і каменне з неба пачало падаць...     
 
     

.
18.02.13 13:55
загружаются комментарии

Петр Садовский