Уго Чавэс 2007

Сярод сваіх старых нататкаў 2007 году знайшоў запіс пра Уго Чавэса.
З заходніх медыяў вядома: Уго Чавес is a bad guy. Нашыя пішуць, што якраз наадварот. А што пісалі ў 2007 годзе венэсалянскія ды іншыя медыі пра Беларусь і Чавэса?


Празь першыя ключавыя словы у вэнэсалянскім сеціве пападаю на сьвежы блог за 17. 12. 07, зь якога вынікае, што Уго is a good guy і што ў Венэсуэле Беларусь любяць. Блог, які майструе аўтар зь нікам “krasnykeltiber”, называецца "Салідарнасьць з Рэспублікай Беларусь". У анатацыі да блогу: Беларусь змагаецца супраць “эўрапейскай глябалізацыі” і будуе “стабільную будучыню, свабодную ад заходняга ўмяшальніства (libre de las inherencias occidentales)”. Аўтар заклікае стварыць “Камітэт салідарнасьці зь Беларусяй” у ейным супраціве глябалізму (recistencia al mundialismo).

Нямецкая “Die Zeit” за апошні паўгод тройчы пісала пра Чавэса і Беларусь, а 31. 10. 07 са спасылкай на венэсалянскую крыніцу інфармацыі паведаміла ў артыкуле “Ураган Уго і вось дабрыні”, што Чавэс “пераслаў Лукашэнку 450 мільёнаў даляраў, каб ён пагасіў пуцінскі газавы рахунак”. Аўтар не тлумачыць, што значыць “пераслаў”. Аднак у кантэксьце выглядае, што падараваў. Бо тут жа паведамляецца, што Кубе Чавэс дае бензін за нулявы тарыф у абмен за 40 000  дактароў і настаўнікаў-індактрынёраў, а агулам перадаў “як Хрыстос” падчас 43 замежных паездак  дзяржавам і арганізацыям больш за 23 мільярды даляраў. У тым ліку беднякам Лондану і Вашынгтону.

Пра гэта сам Чавес расказаў у серыі ток-шоў “Alo Presidente”. У кастрычніку ішло шоў №289. Госьці шоў – міністры ў чырвоных кашулях, як і сам Чавэс, і замежныя аплочаныя сымпатызанты, сёй-той таксама ў чырвоных кашулях. Уго выказваецца па ўсіх пытаньнях, Буша называе гнілым трупам, Кандалізу Райс – “Кандаміза” , жэстам тлумачачы, што тут ідзе алюзія на прэзэрватыў. Госьці ў чырвоных кашулях рагочуць і пляскаюць у ладкі… Рэкорд прамога ток-шоў – 9 гадзін.

Са старонак апазіцыйнай Tal Cual (назва вельмі ёмкая, можна перакласьці як “Усё як ёсьць”) даведваемся шмат цікавага. Тут Уго ўжо не надта добры хлопец. Так, рэдакцыю аштрафавалі на 50 000 даляраў за жарт пра дачку прэзідэнта, якая просіць: “Тата, загадай парляманту, каб памяняў дзяржаўны герб. Няхай конь скача ня ўправа, а ўлева!”

Або: Парлямант закляйміў 33 журналістаў ворагамі нацыі за тое, што яны прынялі стыпендыі ад ЗША. Або: Чавэс даў амерыканскай NGO Citizens Energy для 224 000 бедных амерыканскіх сем’яў з 23 штатаў топачнага мазуту на 100 мільёнаў даляраў за  20%-ны тарыф.

Ці: са сьнежня 2003 года па краіне папоўз антысэмітызм, калі Чавэс у чарговых тэлеразвагах даў сігнал: мы паважаем жыдоў, у нас у Каракасе аж 14 сінагогаў, але ж мы не павінны забывацца, што яны забілі Хрыста…

Чавэс пра свайго галоўнага палітычнага суперніка, губернатара Расалеса, губерня якога мяжуе з Калюмбіяй: “Я не зьдзіўлюся, калі мы знойдзем гэтага губернатара аднойчы забітым наркамафіяй, зь якой ён хаўрусуецца”. Жаўнер памежнай аховы ананімна карэспандэнту: “Мы атрымліваем неафіцыйныя інструкцыі зьверху правакаваць напады калюмбійскіх мафіозо на ранчо губернатара”.

Пасьля грунтоўнай вайсковай санацыі афіцэры памежнай службы атрымалі дабаўку да зарплаты і дарагія джыпы. Статутнае ўрачыстае вітаньне цяпер гучыць: “Socialismo, Patria o muerte!”.

“Die Zeit” пра беларускую шматвектарнасьць: “У той час, як кубінскія дарадцы гібеюць у танных гатэлях, беларусы, якіх можна пазнаць па скураных пінжаках, як колішніх штазі па шэра-блакітных куртках, прызначаюць спатканьне іранскім мулам і арабскім нафтавым шэйхам у Grandotel Melia …"  

.
11.03.13 1:13
загружаются комментарии