Папа Францішак: харызматычны аскет, які змагаецца супраць сацыяльных грахоў (паводле часопісу Spiegel)

Аўтары партрэту новага Папы ўжываюць словы “харызматычны” ў першасным значэньні: той, хто мае Боскі дар, пакліканьне працаваць на карысьць людзей і царквы.

Францішак
Абранае імя нагадвае постаць Сьвятога Францішка, які жыў паводле запаветаў Хрыста (Imitatio Christi) і Эвангельля “без дадаткаў і зьменаў” (sine glossa), знаходзіў паразуменьне з рознымі людзьмі, падтрымліваў сумоўе з жывёламі й расьлінамі ...
Хорхэ Марыё Бэргольё мае два грамадзянствы – аргентынскае ды італьянскае.
 
Першае ўражаньне
Прыемнае першае візуальнае ўражаньне. Зьявіўся на балконе без традыцыйнай накідкі з гарнастаю, чым выклікаў авацыю прыхільнікаў абароны жывёл. Сьціплы, як бы саромячыся, што патурбаваў столькі народу: і 1,2 мільярда каталіцкіх вернікаў, і людзей на плошчы. Падзякаваў кардыналам: “Вы знайшлі мяне на далёкім адсюль сьвеце ...”
 
Сьціплы езуіт
Мала хто спадзяваўся, што будзе выбраны член Ордэну езуітаў. Езуіты – інтэлектуалы. Абывацелі чакалі рашучага прагматыка, ня ведаючы добра характару новага Папы. А ён, падобна, будзе і рашучым прагматыкам. Называліся імёны Scola (Італія), Schönborn (Аўстрыя), Scherer (Бразілія) ды некаторых афрыканскіх кардыналаў.На выбарах Папы ў 2005 г. ён быў адзіны, хто зьняў сваю кандыдатуру на карысьць кардынала Ратцынгера, маючы 40 пададзеных галасоў. Гэтым “пакетам” ён бы мог блякаваць выбары любога кандыдата, але не зрабіў гэтага.
Новы Папа, Францішак, сапраўдны харызматык. Ня любіць шмат гаварыць публічна з высокіх трыбун, пазьбягае залішніх кантактаў з мэдыямі, дыстанцуецца ад палітыкі. Крытыкі кажуць: яму не хапае хваткі і нахрапістасьці.
 
Здароўе
Гады, канешне: 76 нямала. Зь дзяцінства меў праблемы зь лёгкімі. Час ад часу і цяпер мусіць класьціся ў шпіталь. Апошні раз працяглы час лячыўся ў 2010 годзе.
 
Пляма ў біяграфіі?
Спрачаюцца: як ацаніць паводзіны сп. Бэргольё, калі ён быў біскупам Буэнас-Айрэсу пры ваеннай дыктатуры. Называюць ягоныя паводзіны амбівалентнымі: з аднаго боку, з другога боку... Новага Папу дакараюць, што ў 1976 годзе ён ускосна паспрыяў дыктатуры, калі дапамог дваім езуітам увайсьці ва ўрад. Кажуць, што да 1983 году ў ягонай дзейнасьці можна знайсьці і яшчэ цёмныя бакі. Некаторыя члены езуіцкага ордэну скардзяцца, што калі яны сядзелі ў турмах пры ваеннай дыктатуры, біскуп Бэргольё ня надта стараўся ім дапамагчы і паводзіў сябе занадта асьцярожна. Сп. Бэргольё як біскуп дазваляў сабе спрачацца з такімі сьцьверджаньнямі.
  
Хрысьціянін усіх кантынэнтаў
Бэргольё – дзяяч “усясьветнай царквы”. Па духу і лацінаамэрыканец, і эўрапеец, і афрыканец у хрысьціянскім разуменьні: сьціпласьць, абложная праца, няскораная ціхая воля, бязьмежная пачцівасьць да Бога.
 
Праца і любімыя заняткі па-за службай
Колішні дыплямаваны хімік, будучы біскупам і кардыналам, хіміяй ужо не займаецца. Сьвятаром стаў у 1969 годзе. У 1998 – архібіскуп Буэнас-Айрэсу (улюбёнец Караля Вайтылы). Дысэртацыю па філязофіі абараняў у Германіі ў Фрайбургу, вывучаў псыхалёгію, літаратуру, тэалёгію. Працаваў выкладчыкам у тэалягічных установах.
Любіць: кухарыць, опэру, старажытнагрэцкую клясыку, Шэксьпіра, Дастаеўскага, плаваньне.
 
Кароткія характарыстыкі
Сябра трэцяга сьвету; харызматычны аскет; начытаны, але зямны; чалавек сьвету, прывязаны да Радзімы; тэарэтык, які выходзіць на вуліцу; змагар з сацыяльнымі грахамі; кансэрватар, які разумее час; не прымае аборты, штучнае стрымліваньне цяжарнасьці, шлюбы геяў і лесьбіянак, адаптацыю дзяцей у такіх сем’ях; у спрэчцы на гэтую тэму з прэзыдэнткай Cristina Fernandez de Kirchner сказаў: “Прыйманьне дзяцей ў гомасэксуальныя сем’і нагадвае сярэднявечную інквізыцыю”.
На царкоўныя сьвяты наведвае шпіталі, прытулкі, бедныя кварталы, аказвае магчымую дапамогу. Выступаючы супраць пазашлюбных сувязяў, адначасна крытыкуе сьвятароў, што адмаўляюцца хрысьціць банкартаў: гэта – “крывадушнае нэаклерыкальства”.
Паводле сваіх царкоўна-сацыяльных поглядаў стаіць блізка да кансэрватыўнага і сацыяльна арыентаванага руху “Communione e Liberatione”.
 
Пра неабходную рашучасьць царквы
“Калі мы выходзім на вуліцу, – можа ўсялякае здарыцца. Але той, хто капаецца толькі ў сваёй разумнай абалонцы – хутка старэе. Калі я раблю выбар паміж царквой, якая набівае сабе гузакі на вуліцы, і якая занепадае і старэе, бо займаецца толькі сабою, – я выбіраю першае...”
.
14.03.13 9:26
загружаются комментарии

Петр Садовский