Баі за гісторыю 13.06.2013 84

Чаму, атрымаўшы чырвоны дыплом гістфака БДУ, я нічога не ведаў пра рэальную гісторыю сваёй краіны? Чаму мы   студэнты-гісторыкі на занятках палеаграфіі разбіралі граматы цара Аляксея Міхайлавіча і ніколі ў вочы не бачылі беларускага скорапісу з дакументаў Вялікага Княства Літоўскага? Чаму ў цэнтры беларускай сталіцы ў кавярні “Бульбяная” вісіць табліца з інфармацыяй, што бульбу ў нас увёў указам Пётр І? 

Цяпер, здаецца, ведаю адказ на гэтыя пытанні – мы тады прайгралі бой за сваю гісторыю, таму за нас яе пісала акупацыйная адміністрацыя ды яе тутэйшыя калабаранты. 

Сёння зноў ідзе бой за гісторыю, зноў наступае акупацыйная ўлада   у сістэму адукацыі ўводзіцца гісторыя расейскай калоніі пад назвай “Белоруссия”. У падручніках Трашчанка і афіцыйных выказваннях ягонага вучня (знакамітага пасажам пра Скарыну Піцерскага) Вялікае Княства Літоўскае, дзяржава ў якой сфармаваўся беларускі народ, паказваецца як варожая для нас, у якой беларусаў дыскрымінавалі і эксплуатавалі. Кастусь Каліноўскі прадстаўляецца палякам і бандытам, а Мураўёў-вешальнік – таленавітым адміністратарам. Паколькі сістэма адукацыі ў РБ дзяржаўная, тут мы ў глыбокім адступленні. 

Аднак прайграны бой – яшчэ не параза ў вайне. Суб’ектная беларуская гістарыяграфія наступае і перамагае на іншых стратэгічных напрамках – у акадэмічнай навуцы і папулярызацыі гістарычнай веды. За дваццаць мінулых гадоў ад пачатку незалежнасці мы выйгралі змаганне за гісторыю ў галовах адукаваных беларусаў. Цяпер яны ведаюць, напрыклад, што нашая дзяржаўнасць пачыналася далёка-далёка раней за 25 кастрычніка 1917 г. і Вялікае Княства Літоўскае было (і) беларускай дзяржавай. Менавіта ў Вялікім Княстве яшчэ ў 14 ст. пры гаспадарах Гедыміне і Альгердзе ўпершыню ў гісторыі палітычна аб’ядналіся беларускія землі, што загарантавала існаванне сучаснага беларускага народа. Ад сярэдзіны 13-га да канца 16 ст. беларуская мова і культура ахоплівалі ўсю сацыяльную структуру краіны – ад сялянаў да вялікіх князёў. Пазней такое ўжо не паўтаралася, да сёняшняга дня. Вялікая наша перамога і радасць, што мы маем і сродкі і магчымасці (прафесійных гісторыкаў, незалежных выдаўцоў) даносіць сваю гісторыю да беларусаў! 

Ва ўспамінах удзельнікаў Варшаўскага паўстання 1944 г. уражвае лейтматыў – амаль усе яны ўзгадваюць пра тагачаснае адчуванне шчасця свабоды   хадзіць па Варшаве гаспадарамі пасля некалькіх гадоў акупацыі. Хай сабе на той час то была толькі выспа, аточаная карнымі эсэсаўскімі часткамі. 

Вы не ўяўляеце які гэта кайф – свабодна пісаць гісторыю сваёй краіны і адчуваць зваротную сувязь з суграмадзянамі! Нават на выспе, аточанай папсовай расейшчынай. 

Гавару па-руску – адчуваю здраду 21.02.2012

Неяк супала з мовай. Латышы праводзілі рэферэндум – быць расейскай ці не быць другой дзяржаўнай, у Беларусі 21 лютага – Дзень роднай мовы. У Латвіі 75% за латышскую, толькі ў калісьці беларускамоўнай Латгаліі – большасць за расейскую. Цікава.
Читать дальше...

Як жыць, то жыць для Беларусі! 25.12.2011

Спякотны поўдзень ліпеня 1983 г. Мы ляжым на мураве каля археалагічнага раскопу ў самым цэнтры старажытнага места Мір. Час пачынаць працу, але сонца жарыць так, што нават у цені густой грушы найдрабнейшы рух вымагае неймавернага высілку. Юрык Лямбік мармыча пад нос: "Алесік, падай грушку". Алесь Бяляцкі ляжыць на спіне, рукі шырока раскінутыя, вочы заплюшчаныя, мармыча ў адказ: "Вось зараз усё кіну і пайду падаваць табе грушу!" А нам лянотна нават засмяяцца... А яшчэ з лёгкай рукі Бяляцкага хітом экспедыцыі стала іранічнае "адчаюга будзь-будзь!", зноў жа адрасаванае Лямбіку, які дзякуючы сваёй неймавернай худобе штодня здабываў нам гарачыя булкі з суседняга хлебапякарнага цэху.
Читать дальше...

Лукашэнка перамог! 22.06.2011

У польскім горадзе Торуні калісьці назіраў як мясцовыя людзі рыхтуюцца да сустрэчы з папай Янам Паўлам ІІ. Найперш здзівіў мой калега з тамтэйшага універсітэту – крытычна настроены да касцёла, выкупіў квіткі на сустрэчу для ўсёй сям'і. Потым я ішоў па вуліцы і ўбачыў гаспадара крамы, які мыў сваю вітрыну, а калі гадзіны праз чатыры вяртаўся, той самы немалады чалавек, стоячы на лесвіцы, надалей старанна цёр ужо нябесна зіхоткае вітрыннае шкло. І так увесь горад, бо заўтра меўся быць польскі папа... Адчуў зайздрасць да палякаў, бо яны маюць такі маральны аўтарытэт, такую з'яву, што аб'ядноўвае, цэментуе ўсю нацыю ад прэзідэнта з прэм'ерам да самага апошняга апазіцыянера. А ў нас? Можа, Васіль Быкаў? Несумненна варты, але ці аб'ядноўвае?

А яшчэ палякаў аб'ядноўваюць поспехі іх спартоўцаў і іх мова, якую нават бароніць спецыяльная дзяржаўная праграма. Аказваецца, усе нацыі ў нашай Цэнтральна-Усходняй частцы Еўропы стварыла мова. У 19 – першай палове 20 ст. пераможна прабіла сабе дарогу мадэрная ідэя нацыі як супольнасці носьбітаў адной мовы. А там, дзе не прабіла, як на Беларусі, то няма і нацыі. Чэхі ў 1848 г. падчас Вясны народаў бязмерна здзівілі сваіх немцаў, калі выдалі: "Чэх – гэта той, хто гаворыць па-чэшску!". У выніку маем цудоўную краіну Чэхію, а не шэраговую зямлю Багемію ў Нямеччыне. У Летуве пачатку 20 ст., па сведчанні Чэслава Мілаша, чалавек мог нават з дакументамі ў руках даказаць, што ён летувіс ад дзеда-прадзеда, але калі не ведаў мовы, летувісам яго ніхто не прызнаваў. У выніку маем цікавую краіну, хай сабе і не такую багатую (але не бяднейшую за нас) з самабытнай культурай, якую надалей цэментуе, зноў жа мова.

У адрозненне ад эканомікі, Лукашэнка ніколі не змяняў сваю палітыку адносна беларускай мовы і культуры. Наш нацыянальны цэмент ён планава і метадычна разбаўляў пясочкам. Найперш, знішчана нацыянальная адукацыя, вычышчана ад мовы кіно, тэлебачанне і FM -радыё (успомніце апошнюю гісторыю з "Аўтарадыё", што круціла зашмат песняў па-беларуску). Ужо пры нібыта беларускамоўным міністры культуры паціху перавялі на расейскую справаводства ў бібліятэках. Цікава, што сказаў бы Якуб Колас, пабачыўшы расейскамоўны лагатып акадэмічнай бібліятэкі свайго імя? Пасведчанне кіроўцы мне замянялі – запіс ужо па-расейску. У КДБіста, які дапытваў Някляева, дзіцё пачуўшы мову ў садку, прыняло яе за ангельскую. І самае галоўнае, на расейскую ўсё больш пераходзіць эліта, якая дэкларуецца як апазіцыйная і дэмакратычная і хоча будаваць новую Беларусь. Аб'яднаная Грамадзянская Партыя, праўда не пераходзіць, яна заўсёды і была расейскай. Вось як сусед па блогу сп. Балыкін, нават задаволены існуючай у Беларусі культурніцкай сітуацыяй: "Нам необходимо выражать интересы людей, которые видят и понимают необходимость изменений, но при этом не считают, что такие изменения связаны в первую очередь с культурным возрождением. Основными достоинствами современного белорусского общества я лично считаю мультикультурализм, полиязычность, поликонфессиональность и толерантность народа." Можа хто падкажа бліжэйшы прыклад дабрабытнай дэмакратычнай краіны, збудаванай не на нацыянальна-культурнай аснове? Хіба не Прыднястроўе... Дарэчы, ці прыпадак, што менавіта АГП на прэзідэнцкія выбары высунула самага... цяжка знайсці акрэсленне, нікчэмнага кандыдата?

Апускаючы ўсе маральныя аспекты, кшталту, унікальнасць мовы, культурная каштоўнасць у скарбніцы чалавецтва, светлая памяць тысячаў, аддаўшых за яе жыццё (хоць для эліты, гэта хіба не пустыя словы), варта ўсё-такі глянуць на практычны бок справы. Мова можа нас сцэментаваць і ад эліты залежыць, ці так будзе. Нават па каментах інтэрнаўтаў адчуваецца сумота расейскамоўных беларусаў па сваёй мове. Мне бачыцца ў гэтым праява не да канца нават усвядомленага імкнення да самапавагі, перажывання пачуцця ўласнай годнасці, спрадвечнага беларускага імкнення людзьмі звацца. Каму, як не эліце быць у гэтым першымі? Бо адзіным аргументам расейшчыны ў беларуса, дакладна акрэсленым Сяргеем Дубаўцом, з'яўляецца – "так удобнее". Мы цяпер невядома хто. Дрэйф у бок буйнога усходняга суседа ўсё большы. Калі прачытаў, што ў Менску адзін кіроўца страляў у другога з-за непаразумення на дарозе, адразу думка – як у Маскве... Па вуліцах беларускіх гарадоў ездзяць машыны з георгіеўскімі стужкамі на антэнах і іх шмат. Лукашэнка перамог?

Турма – як бяда 27.04.2011

На вуліцы Вялікага Ноўгарада да мяне падыйшоў чалавек і папрасіў грошай. Мужчына сярэдніх гадоў, бедна, але чыста апрануты, гладка паголены твар, ніжняя губа дрыжыць ад прыніжэння. Даў хутчэй і пайшоў далей пад уражаннем аргумента, праз які чалавек меў атрымаць грошы ад мінака: "Я недавно вышел из мест заключения..." На Беларусі гэта апошняя прычына жабраваць грошы. Ну там, "пагарэлі", "абакралі", "збіраю на білет дадому", але не – "Дайце грошай, бо я выйшаў з турмы!"

У расейскай ментальнасці турма успрымаецца як бяда, прыроднае няшчасце, такое выхаванне ад стагоддзяў мелі нашыя суседзі ў Маскоўскай дзяржаве. Беларусы стагоддзямі выхоўваліся на Статуце, таму вязніцу ўспрымаюць як заслужанае пакаранне за парушэнне закону. "Нізашто ў турму не садзяць!" – тыповая беларуская рэакцыя.

Але увага! Літаральна на працягу жыцця аднаго пакалення за кіраванне аднаго толькі прэзідэнта можа быць пераадоленая і зліквідаваная гэтая цывілізацыйная беларуска-расейская розніца. Уся лукашэнкаўская судовая сістэма стала вялікай нацыянальнай бядой. На працягу 16 гадоў нам ледзь не кожны дзень дае прыкрае дасведчанне – "Закон у Беларусі нішто!" Людзі ідуць у турму нізавошта, толькі за тое, што нязгодныя, ідуць па сфабрыкаваных абвінавачваннях, прычым сфабрыкаваных тупа і прымітыўна. Чатыры гады строгага рэжыму чалавеку толькі за тое, што быў на Плошчы. А дзе тыя, хто біў вокны і дзверы дома ўраду? Спраўныя гэбісты з пракурорамі, пакажыце хоць аднаго!?

Спіс нявінна засуджаных на Беларусі можа скласці ўжо цэлую энцыклапедыю. Як гісторык кажу, такая энцыклапедыя будзе створаная і ў яе войдуць таксама прозвішчы тых, хто заводзіў людзей у несправядлівую турму. І пачатак такой энцыклапедыі ужо ёсць – спіс неўязных у Еўропу.

Свая чужая краіна 14.04.2011

Заўсёды ганарыўся Беларуссю. Калі вучыўся ў Маскве, то ўся тысячная грамада жыхароў інтэрната ведала – у гэтым пакоі жыве Саша-беларус. У адрозненне ад Юры Шпакоўскага з Менску ці Тумелевіча з Віцебску... Калі менскае "Дынама" стала чэмпіёнам Саюзу, то грузіны, таджыкі, армяне, абхазцы некалькі дзён хадзілі віншаваць менавіта мяне. Так я стаў нацыяналістам.

Зараз не магу пазбавіцца прыкрага адчування, што мая краіна перастала быць маёй. Непрыемна жыць пад прэсіяй дыскрымінацыі толькі таму, што ты ў Беларусі гаворыш па-беларуску. Не магу адправіць дзіцё ў беларускую гімназію, бо яе няма. Не магу купіць каляндарыка з назвай месяцаў па-беларуску – па той жа прычыне. Не магу паслухаць добрую беларускую песню па радыё, бо яе забаранілі.

Гляжу часам тэлевізар і трасу галавой, каб абудзіцца – ці гэта сон ці ява? На экране афіцыйны прэзідэнт загадвае дапытаць апазіцыю па справе выбуху ў менскім метро, каб знайсці замоўцаў. У якой нармальнай краіне такое магчыма?

Міністар унутраных справаў распавядае як шукалі і знайшлі выканаўцаў. Дзядзька з манерамі і выглядам калгаснага брыгадзіра (спецыяльная селекцыя) толькі апрануты ў мешкаватую генеральскую форму, гаворыць гэтаксама і тымі самымі словамі як пра Плошчу – 19 (як прафесійна спрацавалі органы, як апазіцыя назапашвала зброю, якую не знайшлі). І я яму не веру! Не магу верыць, пры ўсёй нянавісці і агідзе да злачынцаў, падклаўшых выбуховую прыладу. Я баюся, што могуць пацярпець невінаватыя людзі, таму што не маю ні кроплі веры ў справядлівасць лукашэнскаўскай праўнай сістэмы і яе вернасць закону. Ужо загадана раздаць ордэны баявым аператыўнікам, куды там чакаць канца следства, не кажучы ўжо чакаць рашэнне суда! Цынічна выціскаецца ўсё магчымае для сваіх канкрэтных палітычных інтарэсаў. Часам гэта прарываецца вербальна. Як сказаў адзін лукашыст – пасля выбуху склаўся "спрыяльны клімат" для выдання Беларусі крэдыту.

Што сталася з маёй краінай?

Читать другие новости