Як жыць, то жыць для Беларусі!

Спякотны поўдзень ліпеня 1983 г. Мы ляжым на мураве каля археалагічнага раскопу ў самым цэнтры старажытнага места Мір. Час пачынаць працу, але сонца жарыць так, што нават у цені густой грушы найдрабнейшы рух вымагае неймавернага высілку. Юрык Лямбік мармыча пад нос: "Алесік, падай грушку". Алесь Бяляцкі ляжыць на спіне, рукі шырока раскінутыя, вочы заплюшчаныя, мармыча ў адказ: "Вось зараз усё кіну і пайду падаваць табе грушу!" А нам лянотна нават засмяяцца... А яшчэ з лёгкай рукі Бяляцкага хітом экспедыцыі стала іранічнае "адчаюга будзь-будзь!", зноў жа адрасаванае Лямбіку, які дзякуючы сваёй неймавернай худобе штодня здабываў нам гарачыя булкі з суседняга хлебапякарнага цэху. Алесь Бяляцкі з Эдзікам Акуліным адмыслова прыязджалі ў нашую Мірскую экспедыцыю ажно з Гомеля, таму што ў нас амаль у самым сяродку БССР была Беларусь. Мы не слухалі савецкага радыё (Вінцук Вячорка ўсё лавіў "Акіянам" беларускую "Свабоду" ды "Радыё Ватыкану"), не чыталі савецкіх газет; у нас усё было па-беларуску – і дакументацыя на раскопах і прызнанні дзяўчатам... Мы былі шчаслівыя тым, што нашае існаванне мела сэнс – служыць Радзіме насуперак казённай шэрасці расейска-савецкага "разьвітога сацыялізму". Бяляцкі ж нават сярод "ідэйных" беларусаў выдзяляўся цэласнасцю асобы – як кахаць, то адну дзяўчыну, як жыць, то для адной Беларусі. Археалагічная экспедыцыя, на нашым слэнгу – "поле", вельмі хутка выяўляе нутро кожнага, хто туды трапіў. Як ні цяжка ў тое паверыць, але і ў наш век кансумпцыі і "ідэйнага" прагматызму ("па колькі нам дасі чырвонцаў, калі мы пойдзем за табой") ёсць такія людзі, якія жывуць дзеля Радзімы, ад якіх проста вее маральнай чысцінёй і якія выклікаюць падсвядомую глыбокую раздражнёнасць у антыподаў – "ідэйных прагматыкаў". Калі жывеш "як усе", і сутыкаешся з такімі асобамі як Пазьняк ці Бяляцкі, узнікае моцны маральны дыскамфорт, які ў адных стымулюе самаачышчэнне, а ў другіх – імкненне "апусціць" да свайго ўзроўню. Вось апошнія пад рознымі нікамі і вычвараюцца ў пошуках шкурнага прагматызму ў Пазняка ці Бяляцкага... Бяляцкі ў турме за тое, што любіць і бяз боязі бароніць сваю Радзіму і людзей, якія яе ўвасабляюць. Як спадкаемца нацдэмаў 20-30-х гадоў мінулага стагоддзя... Прагрэс у тым, што яго ўжо нельга расстраляць на падворку менскай турмы, ці ў Курапатах, як бы таго ні хацелася чалавеку з ментальнасцю сталініста тых праклятых 30-х. Няма а ні драбіны сумнення – прагрэс пойдзе далей, дастаткова далёка, каб яны памяняліся месцамі..
25.12.11 20:00
загружаются комментарии

Аляксандар Краўцэвіч