Гавару па-руску – адчуваю здраду

Неяк супала з мовай. Латышы праводзілі рэферэндум – быць расейскай ці не быць другой дзяржаўнай, у Беларусі 21 лютага – Дзень роднай мовы. У Латвіі 75% за латышскую, толькі ў калісьці беларускамоўнай Латгаліі – большасць за расейскую. Цікава. Латышоў русіфікоўвалі праз каланізацыю – 48% некарэннага насельніцтва пад канец Савецкага Саюза – няпроста было дасягнуць. У нас такое рабілася на захадзе краіны, бо там савецкая ўлада з'явілася на чвэрць стагоддзя пазней, таму народ тут жыў "какой-то нерусский". Напрыклад, збудавалі ў Гародні тонкасуконны камбінат і прывезлі амаль увесь калектыў з Расеі – ад прыбіральшчыцы да дырэктара, ды адразу ўсім кватэры, каб не паўцякалі з чужбіны. Латышскі досвед – прыклад таго, што нікуды не падзецца ад мадэрнай канцэпцыі нацыі – "супольнасці людзей, якія гавораць на адной мове". А ў нас нават "свае" тэарэтыкі з'явіліся (у ЕГУ іх скапленне назіраецца), якія дзеля ўласнай зручнасці прыдумалі пра нас беларускамоўных – вы этнічныя нацыяналісты, а тое – учарашні дзень, затое мы расейскамоўныя – нацыяналісты палітычныя – сучасныя людзі, сапраўдныя патрыёты Беларусі. Ды не, аказваецца не зусім так. Вось як латышы (і не толькі латышы) мабілізаваліся за сваю мову... Што б ні спявалі лукашысцкія прапагандысты пра латвійскую бядоту, але людзі там жывуць нашмат лепш за грамадзянаў Беларусі. І свабоды там непараўнальна болей, а гэта таксама нечага каштуе, можа нават болей чым рэгулярная "чарка ды шкварка". 21 лютага на радыё "Культура" слухаў вывед са студэнткай журфаку, якая ладзіць на факультэце дні беларускай мовы. Уедлівая дыктарка прыстала да дзяўчыны з пытаннем – "Аксана, чаму Вы беларускамоўная?" Адказ быў прыблізна такі, што і ў мяне больш трыццаці гадоў таму, толькі я не ўмеў так дакладна сфармуляваць, як гэтая разумная дзяўчына: "Я магу фізічна размаўляць па-расейску, але пры гэтым увесь час маю адчуванне здрады". Хораша быць у адным народзе з такой дзяўчынай!.
21.02.12 10:48
загружаются комментарии

Аляксандар Краўцэвіч