Баі за гісторыю

Чаму, атрымаўшы чырвоны дыплом гістфака БДУ, я нічога не ведаў пра рэальную гісторыю сваёй краіны? Чаму мы   студэнты-гісторыкі на занятках палеаграфіі разбіралі граматы цара Аляксея Міхайлавіча і ніколі ў вочы не бачылі беларускага скорапісу з дакументаў Вялікага Княства Літоўскага? Чаму ў цэнтры беларускай сталіцы ў кавярні “Бульбяная” вісіць табліца з інфармацыяй, што бульбу ў нас увёў указам Пётр І?

Цяпер, здаецца, ведаю адказ на гэтыя пытанні – мы тады прайгралі бой за сваю гісторыю, таму за нас яе пісала акупацыйная адміністрацыя ды яе тутэйшыя калабаранты.

Сёння зноў ідзе бой за гісторыю, зноў наступае акупацыйная ўлада   у сістэму адукацыі ўводзіцца гісторыя расейскай калоніі пад назвай “Белоруссия”. У падручніках Трашчанка і афіцыйных выказваннях ягонага вучня (знакамітага пасажам пра Скарыну Піцерскага) Вялікае Княства Літоўскае, дзяржава ў якой сфармаваўся беларускі народ, паказваецца як варожая для нас, у якой беларусаў дыскрымінавалі і эксплуатавалі. Кастусь Каліноўскі прадстаўляецца палякам і бандытам, а Мураўёў-вешальнік – таленавітым адміністратарам. Паколькі сістэма адукацыі ў РБ дзяржаўная, тут мы ў глыбокім адступленні.

Аднак прайграны бой – яшчэ не параза ў вайне. Суб’ектная беларуская гістарыяграфія наступае і перамагае на іншых стратэгічных напрамках – у акадэмічнай навуцы і папулярызацыі гістарычнай веды. За дваццаць мінулых гадоў ад пачатку незалежнасці мы выйгралі змаганне за гісторыю ў галовах адукаваных беларусаў. Цяпер яны ведаюць, напрыклад, што нашая дзяржаўнасць пачыналася далёка-далёка раней за 25 кастрычніка 1917 г. і Вялікае Княства Літоўскае было (і) беларускай дзяржавай. Менавіта ў Вялікім Княстве яшчэ ў 14 ст. пры гаспадарах Гедыміне і Альгердзе ўпершыню ў гісторыі палітычна аб’ядналіся беларускія землі, што загарантавала існаванне сучаснага беларускага народа. Ад сярэдзіны 13-га да канца 16 ст. беларуская мова і культура ахоплівалі ўсю сацыяльную структуру краіны – ад сялянаў да вялікіх князёў. Пазней такое ўжо не паўтаралася, да сёняшняга дня. Вялікая наша перамога і радасць, што мы маем і сродкі і магчымасці (прафесійных гісторыкаў, незалежных выдаўцоў) даносіць сваю гісторыю да беларусаў!

Ва ўспамінах удзельнікаў Варшаўскага паўстання 1944 г. уражвае лейтматыў – амаль усе яны ўзгадваюць пра тагачаснае адчуванне шчасця свабоды   хадзіць па Варшаве гаспадарамі пасля некалькіх гадоў акупацыі. Хай сабе на той час то была толькі выспа, аточаная карнымі эсэсаўскімі часткамі.

Вы не ўяўляеце які гэта кайф – свабодна пісаць гісторыю сваёй краіны і адчуваць зваротную сувязь з суграмадзянамі! Нават на выспе, аточанай папсовай расейшчынай.

13.06.13 9:26



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Аляксандар Краўцэвіч