Аб парадку арганізацыі і правядзення конкурсу эскізных праектаў памятнага знака “Курапаты” 05.04.2017


    Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры падтрымлівае распрацоўку праекта мемарыялізацыі месца згубы ахвяр палітычных рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты і выказвае ўдзячнасць органам дзяржаўнага кіравання Рэспублікі Беларусь за праяўленне дзяржаўнага клопату аб дадзенай гісторыка-культурнай каштоўнасці, якая стала сімвалічнай для многіх грамадзян Беларусі, якія страцілі сваіх родных і блізкіх пад час масавых палітычных рэпрэсій, якія праводзіліся ў СССР. Тым больш, што спецыялісты архітэктурнай секцыі Таварыства выказалі жаданне прыняць удзел у дадзеным конкурсе.   Але па шэрагу прычын, якія закладзены ў Палжэнне аб парадку арганізацыі і правядзення конкурсу эскізных праектаў памятнага знака “Курапаты”, немагчымы раўнапраўны ўдзел не толькі спецыялістаў архітэктурнай секцыі, але і шэрагу іншых творчых асобаў і калектываў. Асноўная прычына – патрабаванне па выкананню генеральнага плана мемарыяльнага знака на геападаснове маштабам 1:500, у той час, калі гэтая геападаснова патэнцыйным удзельнікам конкурса арганізатарамі, Міністэрствам культуры, не прадстаўляецца. Для даведкі, дадзены тапаграфічеы матэрыял згодна дзеючага заканадаўства з’яўляецца дакументам для службовага выкарыстання, што аўтаматычна закрывае ўдзел для творцаў і творчых калектываў, якія не маюць магчымасці гэтыя матэрыялы атрымаць.   Іншай прычынай з’яўляецца непразрыстаць прыняцця рашэнняў конкурсным журы, склад якога не абнародаваны, хаця папярэдне дэкларавалася аб шырокім удзеле грамадства ў абмеркаванні мастацкай і архітэкурнай канцэпцыі мемарыяла.   У сувязі з вышэйназванымі прычынамі  Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры звярнулася да прэзідэнта, старшыні Савета міністраў і міністра культуры Рэспублікі Беларусь з прапановай адмяніць Загад Міністэрства Культуры Рэспублікі Беларусь ад 23 сакавіка 2017 г. № 69 і Палажэнне аб парадку арганізацыі і правядзення конкурсу эскізных праектаў памятнага знака “Курапаты”, якое гэтым загадам зацверджана, абвесціць конкурс паўторна і з новымі тэрмінамі, для чаго распрацаваць новае Палажэнне, якое будзе прадугледжваць папярэднію рэгістрацыю ўдзельнікаў конкурса з наступным іх забеспячэннем падставовымі матэрыяламі, а канкрэтна, геападасновай маштабам 1:500 для выканання генеральнага плана.
Дадаткова было прапанавана пры паўторным абвяшчэнні конкурса апублікаваць склад конкурснага журы і прадугледзіць у адкарэктаваным Палажэнні форму ўдзелу ў працы журы прадстаўнікоў Грамадскай назіральнай камісіі пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, як прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў, якія ў сваёй статутнай дзейнасці прадугледжваюць ахову і папулярызацыю гісторыка-культурнай спадчыны.      

Шклопакеты, бульдозеры і Крэўскі замак 20.03.2017


У суботу, быў у Вільні на запісу ток-шоў "Форум", якое прысвячалася праблемам гісторыка-культурнай спадчыны. Адпаведна, што быў не адзін а з калегамі, з тымі людзьмі, якія працуюць як з аховай помнікаў, так і ў рэстаўрацыі. Праз усе размовы нашыя, а калі мы разам збіраемся, то размаўляць пра сваё, пра "жаночае", мы можам бясконца, чырвонай ніткай ішла думка - паміж спецыялістамі ў гэтай галіне і грамадствам, якое перыядычна бывае тэмай заклапочана - прорва. Калі мы мыслім катэгорыямі прававой сістэмы, метадалогіі і г.д., то звычайныя грамадзяне ўсю праблему бачаць на ўзроўні - а чаму вось там і там у Мірскім замку шклопакет стаіць. 

Гэта яскрава падцвярджаецца сітуацыяй з Крэўскім замкам, маю на ўвазе тыя фатаздымкі, якія пачалі гуляць па сеціву з гнеўнымі подпісамі па тыпу - крывавы рэжым нішчыць бульдозерамі Крэўскі замак, а ён жа наша ўсё. Пад раздачу патрапіла і Таварыства аховы помнікаў, і я асабіста з-за таго, што пасмеў напісаць у адным адказе на пытанне пра сітуацыю на замку літаральна наступнае - што Таварыства не ўзгадняючая арганізацыя, што мы не можам паставога выставіць да кожнага аб'екта, а ўвогуле, калі каго і цікавіць нейкая тэма, то пара навучыцца і самім збіраць інфармацыю, а не спадзявацца, што нейкі добры дзядзька з Таварыства будзе ўсю працу рабіць. 

Ну і пра саму сітуацыю. У межах распрацоўкі праекта рэканструкцыі, рэстаўрацыі і аднаўлення замка трэба было правесці інжынерна-геалагічныя вышуканні. І менавіта на месцы закладкі свідравін і правядзення статычнага зандавання знаходзілася вялікая колькасць камянёў і каменнага друза, што проста рабіла немагчымым правядзенне запланаваных прац. І гэтыя тэрыторыі былі расчышчаны пры дапамозе цяжкой тэхнікі. Я не хачу сказаць, што гэта добра, я ўпэўнены, што работу гэта можна было б зрабіць ашчадней, але пачаўся пэўны працэс у межах рэстаўрацыі, і падобныя сітуацыі будуць узнікаць усё часцей і часцей. 

Вось тут і выяўляецца ўзровень разумення праблемы. Не ў пластыкавым акне справа, не ў бульдозерных працах, а ў адсутнасці сістэмы, адсутнасці тэхнічных нарматыўных дакументаў, якія рэгламентуюць рэстаўрацыйныя працы, у адсутнасці кваліфікаваных спецыялістаў і спецыялізаваных прадпрыемстваў. Ставячы пытанне аб рэстаўрацыі таго ці іншага аб'екта заўсёды трэба быць гатовым, што нешта пойдзе не так, як бы нам хацелася, што нават прыдзецца развітацца з часткай аўтэнтыкі, а то з практычна ўсёй. Што ні гавары, а рэстаўрацыя і пурысцкая ахова спадчыны - гэта шмат у чам антаганістычныя з'явы. 

Ну і на развітанне. Калі зноўку вярнуцца да сітуацыі з Крэўскім замкам, то пры выкананні гэтых прац з фармальнага пункту гледжання зроблена толькі адно парушэнне - працы праводзіліся ў адсутнасць археалагічнага нагляду. А з гэтай раблемай ужо працуе Інстытут гісторыі.

Кодэкс аб культуры - міна пад гісторыка-культурную спадчыну 16.03.2017

Здымак http://nn.by

style="margin-top: 6px; margin-bottom: 6px; font-family: Helvetica, Arial, sans-serif; color: rgb(29, 33, 41); background-color: rgb(255, 255, 255);">


Нарэшце, пасля скаргі ў органы пракурорскага нагляду за невыкананне нарматыўных тэрмінаў прадстаўлення адказаў на звароты, гарадская выканаўчая ўлада даслала ліст-адказ. А пытанне ў маім звароце падымалася пра выкананне нормаў заканадаўства ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны, архітэктурнай горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці пры распрацоўцы праектна-каштарыснай дакументацыі шматфункцыйнага духоўна-асветнага комплексу будынкаў Беларускай праваслаўнай царквы ў межах вуліц Вызвалення, Шпалерная ў г. Мінску, на тэрыторыі Гістарычнага цэнтра Мінска, які мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Згодна праекта у шматфункцыянальным комплексе павінны размесцяцца пабудовы з паркінгам мяркуецца размяшчэнне працоўнага кабінета мітрапаліта, памяшканняў Упраўлення Беларускай праваслаўнай царквы, шматфункцыянальнага залы на 450 месцаў, сінадальнага залы, дапаможных службаў, асноўнай трапезнай, крамы царкоўных прыналежнасцяў, інфармацыйнага цэнтра, працоўнага кабінету памочніка мітрапаліта, памяшканняў персаналу, тэхнічных памяшканняў, нумароў для ганаровых гасцей.

Не буду зараз зноўку пералічаць усе тыя нормы, якія праектам парушаюцца, не буду гаварыць, што шмат у якіх пазіцыях праект не адпавядае рэгламентам праекта дэталёвага планавання Гістарычнага цэнтру Мінска, у тым ліку і па функцыянальнаму прызначэнню. Проста вельмі сімптаматычна, калі ў лісце, падпісаным намеснікам старшыні выканкама сцвярджаецца зусім адваротнае - адпавядае. Гэта магло б падзейнічаць, каб не было б у мяне на руках асноўных палажэнняў ПДП, які быў скарэктаваны ў 2013-м годзе.

Таксама хацелася б не акцэнтаваць увагу на тое, што ў лісце гарвыканкама не даецца адказ на адно з асноўных нашых пытанняў - а ці будзе выносіцца архітэктурна-будаўнічы праект на грамадскае абмеркаванне, што прадугледжана Палажэннем аб правядзенні грамадскіх абмеркаванняў у галіне архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці, якое зацверджана Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 10.02.2014 г. № 109. З гэтым будзем працаваць.

Галоўнае тут вось што. У склаўшыхся абставінах, як у люстэрку можна ўжо прасачыць усю “прыгажосць” нашага Кодэксу аб культуры, адна з мэтаў якога хутчэй за ўсё - канчатковае знішчэнне нашых помнікаў гісторыі і культуры ў прававых межах. Тлумачэнне сітуацыі элементарнае. Дадзены праект, як гаворыцца ў лісце, атрымаў заключэнне па праектнай дакументацыі, як ад Акадэміі навук, так і ад Міністэрства культуры. Я ведаю, што такія заключэнні былі, але гэтыя заключэнні ўтрымлівалі шэраг заўваг, якія пры дапрацоўцы праекта павінны былі быць выпраўлены.

Да ўступлення Кодэкса аб культуры ў дзеянне, нават, калі пры адмоўным заключэнні праект нейкім чынам “працягвалі” праз эксперызу, а ў выпадку з гэтым аб’ектам праблем не будзе, бо распрацоўшчыкам дакументацыі з’яўляецца Упраўленне праектных прац дзяржаўнага прадпрыемства “Галоўбудэкспертыза” - орган, які сам сабе экспертную ацэнку рабіць будзе, то Міністэрства культуры, заняўшы прынцыповую пазіцыю, магло б не выдаць дазвол на будаўніцтва. І ў гэтым выпадку існавалі б юрыдычныя падставы для штрафных сануцый, спынення прац і прывядзення іх у адпаведнасць з заканадаўствам.

Але зараз Кодэкс прадугледжвае выдачу дазволу Міністэрства толькі на распрацоўку навукова-праектнай дакументацыі, а на выкананне прац на помніках ці на тэрыторыях гісторыка-культурных каштоўнасцей і ў зонах аховы зараз дазволу Міністэрства культуры не патрабуецца. І навват само, прадугледжанае нормамі Кодэкса, ўзгадненне дакументацыі губляе сэнс, яно становіцца чыста сімвалічным крокам, толькі таму, што так трэба. Дарэчы, мабыць з гэтай прычыны ў Кодэкс не ўвайшла норма пра права выдачы з боку Міністэрства прадпісанняў на спыненне прац, якія на гісторыка-культурных аб’ектах праводзяцца с ппарушэннем заканадаўства, бо зараз такіх парушэнняў фармальна практычна і не засталося. Застаецца перафразаваць Блока - гуляй інвестар без віна!

А калі вярнуцца непасрэдна да духоўна-асветнага цэнтру, то застаецца толькі адно. Будзем патрабаваць грамадскага абмеркавання праекта, на падставе яго неадпаведнасці рэгламентам ПДП. І яшчэ, а ці выкліча гэтая сітуацыя такі ж ажыятаж у грамадскасці, як Курапаты. Я не прыхільнік намётавых мястэчак на вуліцы Вызвалення, я пра грамадскі і інфармацыйны рэзананс.

Са зваротам да мясцовай адміністрацыі можна азнаёміцца вось па гэта спасылцы https://www.facebook.com/permalink.php?story_fbid=1372258469451477&id=100000020128512, а адказ Мінгарвыканкама публікуецца ніжэй.







http://pomniki.budzma.org/

Курапаты варта бараніць чыстымі рукамі 27.02.2017 3

 А думаю зараз зноўку пра Курапаты. Па вялікаму рахунку, для мяне гэта такі ж аб'ект гісторыка-культурнай спадчыны, як і астатнія. Ніколі не раблю паміж імі розніцы, калі заўважаю прыкметы парушэнняў заканадаўства ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны.

Розніца толькі ў тым, што ні прэса, ні грамадства не рэагуе актыўна на падобныя парушэнні на іншых помніках, хаця не толькі ў зонах аховы, а непасрэдна на тэрыторыі гісторыка-культурных каштоўнасцяў фіксуюцца парушэнні самых розных планаў. У сувязі з гэтым ніхто не выстаўляе намётавых гарадкоў, не праводзіць масавых акцый, журналісты проста праблему ігнаруюць..

І вось я думаю, а чаму гэта так? Чаму людзям, якія зараз шчыльнымі радамі запісваюцца ў абаронцы Курапатаў, пляваць на іншыя гісторыка-культурныя аб'екты, чаму ў імя абароны Курапатаў у прастору выпускаюцца нават заведама ілжывыя звесткі пра будаўніцтва на касцях, хаця справа толькі ў працэдурных прававых парушэннях, калі апрыёры на гэтай пляцоўцы не можа быць пахаванняў, таму што гэта агароды ўскраінных сядзіб былой вёскі Зялны Луг.

Уяўляю сітуацыю - растрэлы, якія праводзіць НКУС на агародах, і не мог нават у страшным сне ўявіць. Але нічога дзіўнага, калі такое ўздзейнічае на масавую свядомасць. Вось ужо сёння пабачыў пад адным пастом каментар - гэтай будоўляй Лукашэнка хавае сляды сваіх злачынстваў, менавіта на гэтым месцы былі схаваны целы Ганчара, Захаранкі і Завадскага, і іх парэшткі хочуць назаўжды схаваць пад офіс-цэнтрам.

Можна было б і не заўважаць гэтай ахінеі, але яе лайкаюць, а адзін досыць вядомы ў апазіцыйных колах чалавек, які выступае, як праваабаронца, у сваім каментары гэтае трызненне падтрымлівае.

Нешта непамысна пасля гэтага становіцца. Неяк яшчэ можна растлумачыць падвышаны грамадскі інтарэс да Курапат, які грунтуецца на гісторыі гэтага аб'екта, а ў сувязі з гэтым любое дзеянне, звязанае з ім - грамадска-значнае дзеянне, якое адразу атрымлівае шырокае інфармацыйнае гучанне. А вось ужыванне інфармацыйных маніпуляцый ды непрыкрытага падману - гэта ўжо тлумачэнню не паддаецца.

Абарона Курапат, якая падаецца, як высокамаральная справа, павінна маральным шляхам і адбывацца.

Вымушаны, але неабходны крок 19.02.2017

Не люблю з пэўнага часу займацца гэтым аб'ектам. Занадта шмат вакол яго было спекуляцый, таму і не хочацца з гэтым мець нічога агульнага. Але несумненна, што перыядычна вакол Курапат узнікаюць і сітуацыі з парушэннем заканадаўства ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны.

Зараз падобная сітуацыя, і ў баку застацца проста немагчыма. Нахабнейшым чынам залезлі ў зону аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці. Можаце глянуць самі. Здымак з пазначэннем плямы забудовы і схема ахоўнай зоны таксама з пазначэннем плямы забудовы. І ліст, які заўтра ўжо будзе ў Генпракуратуры.



Пляма перспектыўнай забудовы на спадарожнікавым здымку


Пляма перспектыўнай забудовы на схеме ахоўных зон





Суб'ектыўна пра першаснае і другаснае 16.02.2017

Не буду называць імёнаў, каб не займацца дыскрэдытацыяй, але тут мяне ткнулі нядаўна носам у тое, што адзін праект тэхнічнага дакумента, які распрацаваны па ініцыятыве нашага грамадскага аб'яднання, зроблены не на беларускай мове. І ў якасці такога станоўчага прыкладу прывялі беларускамоўны Кодэкс аб культуры.

Покуль не хапае сілаў на аналіз усіх раздзелаў кодэкса, глузды рвуцца толькі ад паглыбленага вывучэння блока, прысвечанага ахове гісторыка-культурнай спадчыны. Вывучаючы гэты блок эпахальнага беларусамоўнага нарматыўна-прававога дакумента, маю на ўвазе Кодэкса, разумееш, што гісторыка-культурнай спадчыны хутка ў нас не будзе.

Момантаў вельмі шмат. Вось, напрыклад, адзін з іх. Гэта п. 15 артыкула 93, дзе чорным па беламу напісана: "Рашэнне аб наданні культурнай каштоўнасці статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці з’яўляецца ненарматыўным прававым актам..." І што гэта за статус такі, калі ён не мае юрыдычнай сілы, як нарматыўна-прававы акт? Гэта проста рэкамендацыя, на якую ўсе наплююць і не будзе механізмаў нармальнага прававога ўздзеяння на парушльнікаў.

Артыкул 94 Кодэкса проста да немагчымасці спрасціў пазбаўленне аб'ектаў статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці. Зараз любы інвестар, якому перашкаджае помнік, звернецца ў аблвыканкам з прапановай аб пазбаўленні статуса, і гэтага статуса на раз-да і пазбавяць. Чаго не зробіш дзеля інвестара, асабліва, калі статус зафіксаваны дакументам, які не з'яўляецца нарматыўна-прававым.

Не буду пісаць далей, таму што чым далей, тым горш. Асабліва, калі кранаць пытанне выканання прац на гісторыка-культурных каштоўнасцях. Так што Кодэкс аб культуры - яскравы прыклад, калі падрыхтоўка да паступовага знішчэння гісторыка-культурнай спадчыны зроблена на беларускай мове. Таму яшчэ раз, паўторна за суткі задаю пытанне: - а што больш важна, законы якасныя, ці на беларускай мове.

Проста ад адпаведных людзей пра неабходнасць беларускай мовы ў заканадаўстве чую, а аб яго высокай якасці - ні слова. Дарэчы, учора, менавіта з гэтай нагоды не паставіў подпіс пад калектыўным зваротам да Андрэйчанкі з прапановай аб прыняцці законаў ці то ў двух мовах, ці то толькі на беларускай.

Зварот да дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 02.02.2017

Беларускім добраахвотным таварыствам аховы помнікаў гісторыі і культуры быў накіраваны зварот да дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, члена Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алены Анісім, падтрымаць перад Дзяржаўным камітэтам па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрствам архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь прапановы Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры па разглядзе і зацвярджэнні праектаў ТКП “ПРАЕКТНАЯ ДАКУМЕНТАЦЫЯ НА РЭСТАУРАЦЫЮ АБ’ЕКТАЎ ГIСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЙ СПАДЧЫНЫ. Парадак распрацоўкi i ўзгаднення” і “ГОРАДАБУДАЎНIЦТВА. АБ’ЕКТЫ ГIСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЙ СПАДЧЫНЫ. Асноўныя палажэннi”.

Распрацоўка праектаў дадзеных нарматыўна-тэхнічных прававых дакументаў і зварот у вышэйназваныя органы дзяржкіравання быў выкліканы тым, што на дадзены момант у Рэспубліцы Беларусь адсутнічаюць тэхнічныя нарматыўна-прававыя дакументы, якія рэгулююць, як працэс выканання праектных прац на нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях, так і ў зонах іх аховы. А шматлікія нормы, якімі вызначаецца парадак ажыццяўлення дадзеных праектных прац раскіданы па розных зборніках тэхнінага кодэксу ўсталяваўшайся практыкі (ТКП), што абцяжарвае працу праектыроўшчыкаў, кіраўнікоў распрацоўкі навукова-праектнай дакументацыі, экспертаў, а гэта ў сваю чаргу прыводзіць да негатыўных працэсаў пры выкананні прац на помніках архітэктуры і горадабудаўніцтва і ў зонах іх аховы.

Праекты ТКП былі распрацаваны ў межах напісання дыпломных прац студэнтамі-выпускнікамі Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага універсітэта па ініцыятыве Беларускага добраахвотнага таварысва аховы помнікаў гісторыі і культуры.


Зварот да старшыні пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 02.02.2017


05.11.2016 г. у Магілёве адбыўся круглы стол па праблеме стварэння музея Алеся Адамовіча ў пасёлку Глуша Бабруйскага р-на. У працы круглага стала прымаў удзел старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь І.А.Марзалюк.

Пад час пасяджэння ён падзяліліўся сваімі планамі звярнуцца да міністра культуры Рэспублікі Беларусь і ў Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь з прапановамі аб стварэнні музея на рэспубліканскім узроўні.

У сувязі з гэтым Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры звярнулася да І.А. Марзалюка с просьбай праінфармаваць нашае грамадскае аб’яднанне, як аднаго з ініцыятараў заснавання музея аб выніках яго зваротаў.


Рэстаўрацыя ў выкананні трыё 11.11.2016

Зноўку пра Магілёў і некаторых магілёўцаў. Пры патуранні мясцовай улады заказчык прац на будынку былой сінагогі па Вялікай Грамадзянскай Дзмітрый Дудаль разам з геніяльным магілёўскім архітэктарам, пра якога ўсе чамусці думаюць, што ён яшчэ і рэстаўратар, Аляксандрам Сіваковым проста пазбаўляюць аб'ект якасных характарыстык.

Прасачыце па малюнках. Спачатку звярніце ўвагу, як павінен  выглядаць дэкор на вокнах паўднёвага фасаду малельнай залы і што фактычна зроблена. Адсутнічае дэкор і на вакне, і на ўваходным партале паўночанага фасаду (наступныя дзве пары малюнкаў). Мабыць, калі зробіяць ласку заказчык з архітэктарам, то з пенапласту налепяць.

Люкарну (круглае вакно) на ўсходнім забыліся выкласці, магчыма праз празіернае ўжыванне моцных напояў, іншай прычыны не бачу, чаму не заўважылі будаўнікі люкарну на чарцяжах, а архітэктр не заўважыў адсутнасць люкарны на аб'екце. Ну і як жа без гэтага самага. Без асноўнага ў рэстаўрацыі, без пластыкавых вакон. Іх запіхнулі ў жаночую частку сінагогі, ды не проста пластык, нават праігнаравалі. прадугледжаную для аднаўлення, гістарычную мадуляцыю ваконых пераплётаў, рамаў ваконных, адным словам.

Не хачу далей нават унікаць у тую "творчасць" тандэму Сівакоў-Дудаль, якая прывяла аб'ект да такога стану. Хачу заўважыць, што гэтай творчасці не было, каб не падтрымка гэтага брутальнага тандэму з боку канкрэтнай персоны, з боку першага намесніка старшыні гарвыканкама Аляксандра Пацёмкіна, пад прыкрыццём якога тандэм ігнаруе рэккамедацыі, ды і нават самога навуковага кіраўніка, прадпісанні Міністэрства культуры, пракуратуры, дзяржбулнагляду.

Так што вымалёўваецца ўжо не дуэт а трыё. Трыё даволі цікавага складу - прыватны прадпрымальнік, архітэктар, ён жа дырэктар прыватнай праектнай фірмы і даволі высокапастаўлены дзяржчыноўнік. Пры такім раскладзе можна заявіць з упэўненасцю на ўсе 100% - карупцыі ў Беларусі няма!



Зацемка з нагоды сучаснай журналістыкі 13.10.2016

Чарговы раз пра якасць навасных рэпартажаў нашага Белсату. Тэлефануе мне дзяўчонка нейкая, прадстаўляецца рэпартэркай Белсату і пытаецца пра маё меркаванне пра працы па рэканструкцыі Халоднай сінагогі ў Магілёве. Я ахранеў. Гэтая сінагога зруйнавана ў 30-х гг. 20 ст., і покуль планаў па яе аднаўленні няма, акрамя таго, што мы заклалі ў сваю канцэпцыю па рэгенерацыі Школішча.

Прыйшлося задаць канкрэтнае пытанне - пра які аб'ект усё ж такі гаворка. Пачала дзяўчонка тлумачыць, ну я і зразумеў, што гаворка пра аб'ект, які афіцыйна называецца «Былая жыдоўская школа», шыфр 513Г000018, па вул. В.Грамадзянская, 13 у г. Магілёве. Але насамарэч, гэта будынак малой сінагогі з ансамбля сінагагальнага двара на Школішчы.

Прыйшлося дзяўчонцы парэкамендаваць спачатку хаця б элементарна вывучыць пытанне і праблематыку, а потым ужо збіраць каментары, як спецыялістаў, так і зацікаўленых асобаў. Вось так СМІ працуюць, вось адсюль і якасць матэрыялаў, якая зачастую бывае ніжэй за плінтуса. А калі яшчэ даеш нейкі каментар для такога матэрыялу, то выглядаеш потым апошнім ідыётам.

І для інфармацыі. Фотаздымак знішчанай халоднай сінагогі і рэндэр з эскізнага праекта сінагогі малой, ці афіцыйна былой жыдоўскай школы. Рэпартэры розніцы паміж імі не бачаць, падумаеш, сінагога і ёсць сінагога.




Верхавенства права па-нашаму 10.10.2016

Будынак былой сінагогі па вул. Вялікай Грамадзянскай, 13 у Магілёве. Нягледзячы на прадпісанне Мінкультуры пра спыненне прац, будаўнічыя працы пры падтрымцы гарвыканкама працягваюцца. Ужо два тыдні, як інфармацыя пра парушэнні заканадаўства Генпракуратурай і Пракуратурай Магілёўскай вобласці перадалі матэрыял для рэагавання ў Пракуратуру Магілёва, але гэты наглядны орган аніякіх крокаў па нармалізацыі сітуацыі не прадпрымае.

І вось чарговы неадэкват. Усходні фасад будынка, фасад, які ўмоўна можна назваць алтарным, бо ў малельнай зале да ўсходняй сцяны мацаваўся Арон-кодэш - каўчэг, дзе захоўваліся скруткі Торы, які фактычна выконваў функцыю алтара ў сінагозе. Над Арон-кодэшам была люкарна (круглае вакно), якая была выяўлены пры правядзенні комплексных навуковых вышуканняў і пазначана ў эскізнай праектнай прапанове.

Вось на фотаздымках адзін з вынікаў прац без узгодненага архітэктурна-будаўнічага праекта, без экспертызы, без дазволу інспекцыі дзяржбуднагляду, без аўтарскага нагляду і пры поўным ігнараванні рэкамендацый навуковага кіраўніка з боку заказчыка і генпраектыроўшчыка. На ўсходняй сцяне рэстаўруемага аб'ёма малельнай залы люкарна адсутнічае. Праігнараваны вельмі істотны архітэктурна-канструктыўны элемент гістарычнага будынка.

Пры падтрымцы Магілёўскага гарвыканкама, пры папушчальніцтве пракуратуры ігнарюцца дзеючае заканадаўства, законыя патрабаванні ўпаўнаважанага органа дзяржкіравання, што прыводзіць да істотных зменаў ў аўтэнтычным выглядзе аб'екта. Вось Вам лакальны прыклад выканання заканадаўства, дакладней яго ігнаравання, і "высокай" прававой культуры беларускіх чыноўнікаў.

Звярнуўся ў Генпракуратуру паўторна. Але без спадзеву на станоўчы вынік.



Ідэялагічны фільтр 19.09.2016 2


У пятніцу, 23-га верасня, павінна адбыцца ганаровае адкрыццё мемарыяльнага знака на месцы былой сядзібы Жорнаўка ў в. Дубрава Асіповіцкага р-на. Праца пачыналася добра, з энтузіязмам, сумеснымі намаганнямі Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, Асіповіцкага райвыканкама ды мясцовых краязнаўцаў.

Праведзены былі талокі па добраўпарадкаванню тэрыторыі, завезены і ўсталяваны валун, выраблена мемарыяльная шыльда, якую планавалася прымацавць да валуна напярэдадні святочнага дня. Поўным ходам ідзе падрыхтоўка мерапрыемства, якое планавалася, як сумеснае, з удзелам, як мясцовых калектываў, так і гасцей з Мінску.

У якасці сталічных гасцей разам з прадстаўнікамі Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры павінны былі прыняць удзел у мерапрыемстве нашыя навукоўцы і літаратары. Але... Сёння было тэлефанаванне з райвыканкама ад начальніка аддзела ідэялагічнай працы, культуры і па справах моладзі. І не проста тэлефанаванне, было сказана нашае цвёрдае: "Не!"

Не ўсім "не" было сказана, а нашым літаратарам - Леаніду Дранько-Майсюку, Эдуарду Акуліну, Змітру Бартосіку... Пытаюся: "У чым прычына? Мы ж, паслухаўшы радыё ды паглядзеўшы ТБ, жывем у свабоднай і дэмакратычнай краіне, гэтыя літаратары рэгулярна выступаюць у Беларусі на афіцыйных пляцоўках. Растлумачце, чаму іх не жадаеце бачыць?".

У адказ: "Ведаем мы тут на якіх пляцоўках яны выступаюць!". Далей дыскусія была ўжо бескарыснай. Прыйшлося афіцыйна заявіць, што Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры ў такім выпадку не ўдзельнічае ў мерапрыемстве. А так як мы не ўдзельнічаем, то і навукоўцы не прыедуць. А як мы можам удзельнічаць, калі на яго не дапускаюць сяброў Саюза беларускіх пісменнікаў, прадстаўнікоў нашай партнёрскай арганізацыі.

Не ведаю, якое будзе там мерапрыемства, бо днямі буду на радзіме і проста забяру мемарыяльную шыльду, якая зроблена (дзякуй Богу яшчэ не змантавана) збольшага за мае грошы. Адкрываць у такіх умовах мемарыяльны знак не лічым магчымым. Толькі на парытэтных пачатках, толькі з удзелам нашых прадстаўнікоў і прадстаўнікоў партнёрскіх арганізацый мы бачым магчымасць давесці справу да лагічнага фіналу.

Ну а на развітанне хачу канстатаваць. Ідэялагічная служба пастаўлена ў Беларусі на вышэйшым узроўні. Дзякуючы ёй мы застрахаваны ад усіх варожых вылазак, і ад шмат чаго яшчэ. У тым ліку і ад якаснай літаратуры.


Музейная рэфлексия 10.09.2016 1

Планаваў паехаць на сённяшнюю "Камяніцу", ды вырашыў пашкадаваць супрацоўнікаў Белдзяржмузея народнай архітэктуры і побыту. У сераду-чацвер быў у гэтым музеі на канферэнцыі, так гістэрыка здарылася ў тамашняга дырэктара, у Эдуарда Бгдановіча. Ён нават на павышаных танах наязджаў на падначаленых, што праглядзелі, праспалі, прасачыўся неяк Астаповіч на мерапрыемства.

Такая павага (баяцца, значыць паважаюць) да маёй персоны покуль зафіксавана толькі ў Панчанкі, загадчыцы кафедры архітэктуры і малюнка Брэсцкай палітэхніка. Для яе мая прысутнасць на іх канферэнцыях - нажом па сэрцу.

Тут нічога дзіўнага няма, бо як гавораць, чуе котка чыё сала з'ела. Калі гэтыя персоны не хочуць маёй прысутнасці, значыць ёсць такое, чаго не варта, каб мае вочы бачылі. А такія рэчы ёсць, іх я не замоўчаваю, а заўсёды агучваю, як агучыў на круглым стале канферэнцыі некаторыя "касякі" мерапрыества. А яны былі істотнымі.

Першы раз прымаў удзел у навукова-практычнай канферэнцыі, дзе ў раздатачных матэрыялах не было праграмы, калі рэгламентам увогуле не прадбачылася абмеркавання дакладаў, ніхто з арганізатараў канферэнцыі нават не падумаў пра распрацоўку праекта рэзалюцыі, каб абмеркаваць яе на круглым стале.

Ды яшчэ выказаў шэраг заўваг і прапаноў па інтэр'ерах царквы з в. Барань, якая пасля рэстаўрацыі ў чацвер была адкрыта пасля рэстаўрацыі на сектары "Падняпроўе", агучыў прапанову пра недапушчальнасць вываду з дзяржспіса помнікаў і абавязковае аднаўленне адрыны з в. Левановічы, якая ў музеі згарэла ў мінулым годзе, што ідзе ўразрэз з планамі пана Багдановіча.

Агучвалася гэта не толькі ў прысутнасці супрацоўнікаў музея, але і ў прысутнасці супрацоўнікаў Музея рольніцтва з Цеханаўца, скансэнаў з Вітаслаўліцаў, з Кіжаў. І, адпаведна, словы мае ўжо перададзены дырэктару музея, і ўяўляю яго рэакцыю на маю чарговую прысутнасць у музеі, і як ён зноў будзе свой негатыў выплёскваць на падначаленых. Вось таму і вырашыў застацца ў хаце.

А самае вясёлае, што адбылося пад час канферэнцыи, гэта калі дырэктар Багдановіч на адкрыцці царквы з в. Барань агучыў сакраментальную фразу: "А сейчас слово имеет священник". smile:)





Крывадушша ад "зялёных". 22.07.2016 1

У працяг тэмы па вайне з пабудовай касцёла ў Мінску. Гэтая праблема два месяцы таму выходзіла на медыйныя прасторы. Зараз з'явілася электроная петыцыя, якую Таццяна Новікава, адна з актывістак "зялёнага" грамадскага руху,  называе ні многа ні мала, як пошукам кампрамісу па пытанню будаўніцтва касцёла ў незабудаваным квартале ў Сельхозпасёлку. 
Самае цікаве, што петыцыя па сутнасці не дакмент з выкладзенымі аб'ектыўнымі аргументамі, а поўная фальсіфікацыя, заснаваная на нарматыўных прававых ды тэхнічных і горадабудаўнічых дакументах, якія даўно ўжо не дзейнічаюць.

Спасылаюцца на генплан 2003 г., а магі б лёгка саслацца на генплан 1946, чаго так не зрабілі, нават не ведаю. Я ўвогуле б на іх месцы спасылаўся б на нацысцкі генплан 1942 года. Гэта жарты, але для даведкі - зараз дзейнічае генплан, зацверджаны ў 2010-м г. Спасылаюцца на палажэнне аб грамадскім абмеркаванні, якое зацверджана ў 2006-м г. Мінгарвыканкамам, хаця з 2011-га ўжо дзейнічае палажэнне, зацверджаае Саўмінам, у якое ўнесены змены і дапаўненні ў 2014-м г. Не буду далей аналізаваць, бо і адной фальсіфікацыі, аднаго дробнага падману хапае, каб не звяртаць увагі на увесь дакумент.

І гэтая, прабачце мяне, ахінея, там дзе пастаўлена мэта аб тым, каб забраць зямельны ўчастак, крывадушна называецца пошукам кампрамісу. У каго ёсць сумленне ды здаровы сэнс, не ўдзельнічайце ў гэтых гульнях, не падпісваеце гэтую петыцыю.

Спецыяльна не даю спасылку на саму петыцыю. Не хачу нават ускосна рэкламаваць гэтую брудную гульню.

Ну і на заканчэнне,  ў працяг тэмы. Памятую так званыя змаганні супраць узвядзення гасцініцы "Пекін". Матывацыя мясцовых жыхароў была вельмі простая. Агучваю гэта, таму што менавіта ў гэты час з невялічкім актывам з унікальнага горадабудаўнічага ансамбля на рагу Чырвонаармейскай і Першамайскай пачалі працаваць па перспектывах надання статуса помніка дадзенаму ансамблю, ды і добрыя сябры на Лодачнай жывуць.

Так вось, жыхары навакольных дамоў ваяваць гатовы былі супраць "Пекіна" па вельмі простай прычыне. На тэрыторыі перспектыўнай будаўнічай пляцоўкі яны мелі незаконыя гароды - гуркі там, цыбулька, кроп ды іншая лабуда. У некаторых нават куратнічкі стаялі. 

Але ж мяне найбольш уразілі некаторыя нашыя грамадскія актывісты. Менавіта тыя, якія адным з найлепшых перыядаў лічаць акупацыйны з 1941 па 1944 годы, а партызан савецкіх называюць не інакш, як злачынцамі. Так шмат з іх, з гэтых актывістаў, у сваіх гнеўных каментарах у якасці аргументу супраць будаўніцтва агучвалі, што на перспектыўнай пляцоўцы "Пекіна" калісці быў іпадром, на якім адбыўся партызанскі парад пасля вызвалення Мінска.



Магілёўскае дойлідства і магілёўцы 29.01.2016 1



Прыходзіць у галаву думка. Зараз у Магілёве грамадскае абмеркаванне праекта аднаўлення Пакроўскай царквы, дзе вялікай задачай з'яўляецца пераканаць заказчыка і праектыроўшчыка, пра  неабходнасць аднаўлення  не толькі царквы, але і унікальнай культурнай з'явы - магілёўскай школы праваслаўнага дойлідства.

Як ні дзіўна, пра гэтую культурную з'яву шмат гавораць у Магілёве, разважаюць пра яе, але ніхто з мясцовых магілёўскіх даследчыкаў так і прааналізаваў яе, тым больш не зрабіў спробу зразумець магілёўскае праваслаўнае дойлідства 17 18 стст.  ў культурным кантэксце не толькі Магілёва, Беларусі, але і навакольных земляў.

 

Спробы зрабіць гэта, і менавіта ў прывязцы да перспектыўнага аднаўлення Пакроўскай царквы, былі зроблены спецыялістамі Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры пры распрацоўцы эскізнага праекта аднаўлення царквы і больш дасканала пры падрыхтоўцы да грамадскага абмеркавання праекта.

 

Матэрыялы па магілёўскай школе, а менавіта па дэкору франтонаў Пакроўскай царквы, дэкор франтонаў -  адна з вызначальных рысаў магілёўскага барока, былі апублікаваны на рэсурсах Таварыства, разасланы па СМІ і па шэрагу грамадскіх актывістаў, для шырокага распаўсюду сярод грамадства, у першую чаргу сярод магілёўцаў.

 

Вынік - з’явіліся сухія матэрыялы па грамадскаму абмеркаванню на падставе афіцыйнага праекта, на “Свабодзе” з’явіўся матэрыял па прэзентацыі праекта, дзе закраналася і праблема магчымай рэалізацыі пры аднаўленні царквы прапановы спецыялістаў нашага грамадскага аб’яднання па адраджэнні рэгіянальнай культурна з’явы, якая паўплывала на архітэктурную стылістыку далёка за межамі Беларусі.

 

І ўсё, маўчанне. Працуе толькі пара чалавек у Магілёве, каб паўплываць на сітуацыю. Праблема не падымаецца ў сродках масавай інфармацыі, самае цікавае, што маўчыць Магілёў грамадскі, Магілёў навуковы. Інфармацыя па праблеме не з’яўляецца,  самае цікавае няма інфармацыі на недзяржаўных магілёўскіх рэсурсах, якія не толькі арыентаваны, але і заснаваны  грамадскім актывам, які ў ў горадзе на Дняпры кашулі на сабе на словах рве за сваю архітэктурную спадчыну.

 

Сітуацыя сапраўды ўнікальная. Праблемамі Магілёва зацікаўлены і сапраўды хварэюць, і робяць спробы паўплываць на сітуацыю з культурным ланшафтам горада, хто заўгодна, толькі не магілёўцы. Па выніку атрымліваецца, што жыхарам гораду, у тым ліку і грамадска актыўным гараджанам,  напляваць на свій горад, на лёс яго спадчыны. А калі і заўважна нейкая імітацыя, то далей кухонных размоваў ды баталій ў сацыяльных  сетках  яна не разыходзіцца.

 

Як бы то ні было, але мы будзем працаваць у рэчышчы паляпшэння сітуацыі, у рэчышчы стварэння бездакорнага і прывабнага гісторыка-культурнага асяродку ў Магілёве, ды і не толькі ў Магілёве. А хто не хоча, той хай і не кранае праблему помнікаў. Не варты той спадчыны, хто да яе на самой справе абыякавы. Хай яны аднаўляюць Дубровенскую браму і жывуць шчасліва.



Ці адродзіцца традыцыя магілёўскага барока? 20.01.2016 5


У Магілёве праводзяць грамадскае абмеркаванне аб'екта: "Будаўніцтва комплексу будынкаў з аднаўленнем Свята-Пакроўскай царквы з рэстаўрацыяй і музеефікацыяй падмуркаў званіцы з добраўпарадкаваннем прылеглай тэрыторыі па вуліцы Вялікая Грамадзянская». Заказчыкам выступае Свята-Мікольскі жаночы манастыр.Эскізная  праектная  прапанова была распрацавана спецыялістамі Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Менавіта гэтыая праца становіцца лаўрэатам ХІ рэспубліканскага конкурса на лепшы архітэктурны праект ў намінацыі “рэстаўрацыя”. Прапанова была распрацавана на падставе комплексных навуковых вышуканняў і прадугледжвала аднаўленне царквы ў традыцыях магілёўскай архітэктурнай школы 17 – пач. 18 стст.

Па матэрыялах эскізнай прапановы,  архітэктурны праект, стадыя “АР”,  распрацаваны  ААТ “Магілёўграмадзянпраект”. Дадзеная распрацоўка прадугледжвае аднаўленне царквы ў выглядзе пасля перабудовы 1863 – 66 гг., калі ў выніку праведзеных прац былі знішчаны арыгінальныя рысы мясцовага магілёўскага барока, рэгіянальнага архітэктурнага стылю, які ў Магілёўскім Падняпроўі выкрышталізаваўся ў 17-м ст., а ў 18-м. з земляў Магілёўшчыны мясцовымі майстрамі быў прынесены на землі Кіеўшчыны і левабярэжнай Украіны, дзе стаў асновай для фарміравання так званага мазепінскага барока. Нават Барталамэа Растрэлі  выкарыстаў  матывы магілёўскага дэкору пры ўзвядзенні Успенскага сабору ў Смаленску.

Магілёўскі адметны архітэктурны стыль характэрызуецца крыжова-купальнай планіроўкай цэркваў, яруснымі франтонамі, якія былі дэкараваны нішамі.  Такія франтоны выконвалі функцыю сімвалічных вынасных вулічных іканастасаў, традыцыя гэта ў Беларусі практычна страчана, але гэтая ўнікльная з’ява да нашага часу бытуе на тэрыторыі Украіны, захаваліся роспісы нішаў і ў Смаленску, на франтоне галоўнага фасаду Успенскага сабора. Калісці цэрквы арыгінальнай маглёўскай школы былі распаўсюджаны ад Оршы і практычна да Быхава. У дадзены момант захавана толькі Свята-Мікольская царква ў Магілёве.

Аднаўленне Свята-Пакроўскай царквы ў стылістыцы магілёўскай рэгіянальнай школы барока – гэта не толькі адраджэнне страчанага архітэктурнага аб’екта, гэта адраджэнне культурнай з’явы, гэта адраджэнне традыцыі архітэктуры, генэзіс якой можна прасачыць яшчэ з часоў  рэнесансу, з пач. 16 стагоддзя.  Гэта праява еўрапейскага дойлідства, якое прыйшло да нас з Любліншчыны, а далей праз Вільню, Мінск  на падняпроўскія землі, дзе  ў Магілёве, трансфармавалася пад уплывам мясцовых культурных традыцый і нарадзіла ўнікальны стыль, які пазней распаўсюдзіўся далёка за межы Беларусі.

Грамадскае абмеркаванне праектнай прапановы ААТ “Магілёўграмадзянпраект” па аднаўленню царквы з завяршэннем франтонаў і даху ў класічным стылі  будзе праведзена Магілёўскім гарвыканкамам у перыяд з 23 студзеня па 16 лютага 2016 года. Экспазіцыя праекта будзе размешчана з 1 лютага 2016 у холе Магілёўскага гарвыканкама па адрасе: вул.Першамайская, 28а. Заўвагі і прапановы па рэалізацыі праекта накіроўваюцца ва ўпраўленне архітэктуры горадабудаўніцтва гарвыканкама. З умовамі грамадскага абмеркавання і графічнымі матэрыяламі праекта можна пазнаёміцца на сайце Магілёўскага гарвыканкама па наступнай спасылцы

21.01.2016 г. у Магілёўскі гарвыканкам будзе перададзена для разгляду і ўдзелу ў грамадскім абмеркаванні і праектная прапанова Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, якая прадугледжае аднаўленне не толькі аб’ёму царквы, але і аднаўленне ўнікальнай культурнай з’явы – дэкору франтонаў і форм завяршэння даху царквы ў магілёўскім стылі, менавіта тых яскравых рысаў, якія і стварылі адметнасць магілёўскай праваслаўнай культавай архітэктуры ў 17 – пач. 18-га ст. Ад вынікаў абмеркавання залежыць адраджэнне практычна знішчанай традыцыі, адраджэнне страчанага культурнага ланшафту Магілёва, стварэнне пазітыўнага турыстычнага іміджу горада над Дняпром.

Не заставайцеся ўбаку, прымайце ўдзел у грамадскім абмеркаванні. Рабіце выбар, карыстаючыся не лакальнымі імгненнымі інтарэсамі, а дбаючы пра будучыню, якая можа быць збудавана пры ўмове захавання і адраджэння нашай спадчыны. Магілёў мае станоўчы вопыт адраджэння архітэктурных помнікаў. Амаль дзесяць год таму была адноўлена ратуша. І горад адразу змяніў свой твар, стаў іншым, стаў лепшым, больш прывабным. Давайце супольна зробім так, каб аднаўленне Свята-Пакроўскай царквы стала чарговым крокам па аднаўленні страчанага гістарычнага аблічча Магілёва, калісці аднаго з самых значных і прыгожых беларускіх гарадоў. Свята-Пакроўская царква – гэта агульны скарб, і нам рабіць выбар, ці стане адроджаны помнік сапраўдным нацыянальным скарбам.



Праектная прапанова Таварыства

Праектная прапанова “Магілёўграмадзянпраекта”

Читать другие новости