Бывайце бернардыны! Частка трэцяя.

Шмат можна гаварыць пра мэтанакіраванае знішчэнне гісторыка-культурнай спадчыны на прыкладзе толькі аднаго аб'екта – ансамбля кляштару бернардынцаў у Мінску. Чаму пра мэтанакіраванае знішчэнне? А як тады гэта назваць?.
З канца 2010 і практычна па восень 2011г. спецыялісты Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры непасрэдна мелі дачыненне да распрацоўкі навукова-праектнай дакументацыі па помніку. Былі распрацаваны праект рэстаўрацыі інтэр'ераў жылога корпуса кляштара, падрыхтавана канцэпцыя рэстарацыі ансамбля.
Хацелая б нагадаць, што стадыя прац, якую распрацоўвалі нашыя спецыялісты, павінна была папярэднічаць астатняму праекту, але ў нас "особенная гордость". І ў нашай Сінявокай усё па-свойму, усё, як не ў людзей. Ва ўсю вядзецца распрацоўка раздзелаў будаўнічага праекту, выконваюцца згодна яму працы на помніку, і тут раптам генпраектыроўшчык узгадвае пра праектныя рашэнні інтэр'ераў.

Худа, бедна праект рэстаўрацыі інтэр'ераў распрацоўваецца з карэктыроўкамі адразу на хаду, бо кожны дзень сітуацыя на помніку мяняецца, але паралельна вывучаецца дакументацыя, распрацаваная генпраектыроўшчыкам, а гэта КУП "Мінскпраект" і становіцца бачна, што вялікія "спецыялісты" ад камунальнага праектнага прадпрыемства рыхтуюць "забойства" кляштара, яго аўтэнтыкі, як на ўзроўні канструкцый, архітэктурна-планіровачных рашэнняў жылога корпуса, так і планіровачных рашэнняў усяго ансамбля.

Адпаведна, быў праведзены аналіз праекта і абапіраючыся на распрацаваныя рэкамендацыі, рэстаўрацыйнае заданне, кансультуючыся з тагачасным навуковым кіраўніком, прадстаўнікамі будаўнічай інжынернай думкі, былі выпрацаваны прапановы па карэктыроўцы архітэктурна-планіровачных рашэнняў па бернардынскаму ансамблю з мэтай максімальнага захавання аўтэнтыкі, як канструкцый, так і архітэктурна-планіровачных рашэнняў і планіровачнай структуры ўсяго ансамблю.

Але ж на жаль мы ў Сінявокай. І калі рашэнне прынята, нават тройчы дзікае, розным там падшыванцам, тым больш з грамадскіх структур, не месца са свіным рылам у калашным радзе. Менавіта, калі з красавіка-мая мінулага году мы пачалі актыўна працаваць, каб нашыя прапновы былі ўлічаны і прыняты дзеля максімальнага захавання аб'екта, пачалося, адным словам, усё як заўсёды.

Так ужо склалася, што нашыя апаненты, нават калі пытаюцца гуляць з намі, як быццам бы партнёрамі, усё роўна пераходзяць на ўзровень – "я начальнік, а ты дурань". Тым больш, калі ім паказваеш неадпаведнасці, якія яны ў сваёй працы нарабілі. Так і тут. Ну як жа там Гаўхфельды, Малатковы, Жыхі, Чарняўскія і інш. прызнаюць, што зрабілі, узгаднілі і дапусцілі да працы чарговы неадэкват. У папярэднім матэрыяле на сайце вы ўжо самі мабыць заўважылі, што і пракуроскія гэтую кампанію падтрымаюць. Звярталіся ж і тады ў пракуратуру, і ў чарговы раз бескарысна. Ну а рада навукова-метадычнае ўзгодніць усё, што толькі магчыма, толькі не тое, што трэба.

Вынік не за гарамі быў. Адбываецца змена навуковага кіраўніка. На помнік прыходзіць сумнавядомы Багласаў. Усе прапановы Таварыства адхіляюцца, праект рэстаўрацыі інтэр'ераў не ўзгадняецца, да праектавання падключаецца Багласаў. І фінал – усе шчаслівыя, усе ў шакаладзе, а помніку – хана. І гэта пры тым, што літаральна ўсе пералічаныя (а колькі яшчэ асобаў не пералічана) выдатна разумеюць і раземелі ўсе наступствы тых рашэнняў, якія імі распрацоўваліся і ўзгадняліся. Калі нехта з іх так, для праформы, апраўдвацца будзе са зробленае, што хацелі ж як лепей – не верце. Усё было вядома, пра ўсё папярэджвалася, ні на адной нарадзе дзіды па праблемах ламаліся.

Прыкра, прыкра калі не хочуць чуць голасу здаровага сэнсу, з-за нейкіх там асабістых хворых амбіцый. Вось і вынік. Ён бачны. Сумеснымі намаганнямі Мінгарвыканкама, Мінкульта, Мінскай спадчыны, Мінскпраекта помнік, калі не знішчаны, то незваротна папсаваны.

Застаецца толькі памарыць і паглядзець, якім б ён мог быць. Дэманструюцца праектныя напрацоўкі Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Паглядзець можна тут http://pomniki.budzma.org/news/byvay-byernardyny-chastka-trecyaya />


15.03.12 22:28
загружаются комментарии

Антон Астаповіч