Грамадска-дзяржаўнае партнёрства на практыцы.

21 красавіка 2012 г. у гонар Міжнароднага дню аховы помнікаў і гістарычных мясцін  у межах агульнанацыянальнай кампаніі “Будзьма беларусамі” адбылася талака, арганізаваная Беларускім добраахвотным таварыствам аховы помнікаў гісторыі і культуры. Спачатку арганізацыя валанцёрскай працы па добраўпарадкаванню руін былога дамініканскага касцёлу ў в. Зембін Барысаўскага р-ну і тэрыторыі старадаўніх рыма-каталіцкіх могілак, якія прымыкаюць да касцёла праходдзіла сумеснымі намаганнямі Таварыства і Барысаўскага райвыканкаму. Але зараз выканкам і сельсавет нам варта выключыць са свайго спіску. І вось па якой прычыне. Сумесная арганізацыйная праца пачалася амаль месяц таму, калі нашае грамадскае аб’яднанне звярнулася ў райвыканкам ў Барысаве з шэрагам прапаноў, якія б дазволілі правесці комплекс  мерапрыемстваў для прадухілення далейшага разбурэння ўнікальнага помніка архітэктуры, апошняга,  ўзведзенага на беларускай зямлі, а магчыма і ў Еўропе, будынку ў стылю барока, своеасабліваму клічніку гэтай вялікай мастацкай эпохі. Быццам бы паразуменне было знойдзена, праведзены кансультацыі,  і пачалася падрыхтоўка да супольнай талакі, дзе выканкам абяцаў удзельнікам валанцёрскай працы з боку Таварыства дапамагчы элементарным інвентаром, а гэта пару ламоў, рыдлёвак, грабляў і г.д.), бо збіралісь мы ў першую чаргу парадкаваць могілкі і падымаць паваленыя надмагіллі, каб у перспектыве прыступіці і да інвентарызацыі цвінтару. Старшыня мясцовага сельскага савету па нашай просьбе заказала ў мясцовай белкаапсаюзаўскай кавярні патрэбную колькасць для нас порцый гарачых абедаў на гэты дзень, а планавалі мы працаваць брыгадай у 20 чалавек, былі зроблены не тое, што апошнія тэлефанаванні, нават за чатыры дні да мерапрыемства наведалі мы і сельскі савет і раённы аддзел культуры, каб узгадніць ужо самую кожную дробязь. І вось субота 21-га красавіка, У пачатку 10-й гадзіны пад’язджаем мы пад касцёл. І што мы бачым. А бачым тое, што лепей з апошнім п’яніцам справу мець, чым з беларускімі чыноўнікамі.  Інвентаром нас ніхто не забяспечыў, хоць і было гэта паабяцана, у мясцовую кавярню ад выканкаму паступіла вусная каманда нас не карміць, а за намі і нашай працай (усё ж такі мы папрацавалі добра, бо здабылі амаль адразу патрэбныя інструменты ў мясцовых жыхароў) назіралі са светлага “Саманду” чатыры мужыка, на якіх араць у прынцыпе можна. Ведамственую прыналежнасць іх вылічыць было не складана, бо нават бегалі за намі і фатаграфавалі. Усё, як след.  Для справаздачы. Нас такімі адносінамі не спалохаеш, нас такімі адносінамі ад помніка не адсунеш. Бо касцёлам трэба апекавацца. Мясцовая ўлада даапекавалася ўжо. Касцёл да “ручкі” дайшоў. Мабыць і хочуць яго ціхаю сапай, без шуму і пылу са свету звесці. Няма помніка, няма праблемы. Таму,  нягледзячы ні на што, нашымі валанцёрамі, а прыехала запланаваная колькасць добраахвотнікаў, дваццаць чалавек,  былі ўпарадкаваны могілкі побач з касцёлам, пастаўлена звыш дваццаці паваленых надмагільных камянёў, зроблены абмеры каструкцый касцёла, а таксама будынку былой міквы. А калі яшчэ дадаць, што з раніцы мясцовы БРСМ на касцёле і побач працаваў, то следам за імі смецце падчышчаць прыйшлося. Дзе прынудзілаўка, там і праца адпаведная. Так што нягледзячы на “актыўную дапамогу” мясцовага выканкаму, пад кантролем мясцовых аператыўнікаў,  была зроблена сапраўды вялікая праца. А скончана яна была сяброўскай вячэрай на падворку нашых агульных сяброў з суседняй вёскі і канцэртам Змітра Бартосіка для валанцёраў Таварыства. Ды яшчэ напрыканцы былі наведаны   старажытныя зембінскія жыдоўскія могілкі. Ну,  а зараз час падводзіць вынікі. Першы вынік – ужо распрацаваная прапанова па наданню статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці будынку былой міквы. Другі вынік – гэта разуменне, што лёс помнікаў для чыноўнікаў Барысаўскага раёна абыякавы, бо пачынаць супрацу з грамадскім аб’яднаннем, якое прапанавала канкрэтную дапамогу ў захаванні аб’ектаў спадчыны  з правакацыі канфлікта – яскравы паказчык нежадання працаваць на карысць гісторыка-культурных каштоўнасцяў.  Трэці вынік – усведамленне цяжкай працы на перспектыву, бо кідаць унікальны помнік на волю лёсу і мясцовых чыноўнікаў мы не збіраемся. А на заканчэнне хочацца ўзгадаць, што ёсць такая газета “Культура”, і працуе там такі журналіст Ілля Свірын. Недзе месяцы паўтары-два таму ў сваёй публікацыі, прысвечанай помнікам Барысаўшчыны, ён вельмі негатыўна адгукнуўся аб працы спецыялістаў Таварыства па Гістарычнаму цэнтру Мінска і прапанаваў усе сілы накіраваць на Зембінскі касцёл, на яго выратаванне, бо нават выканкам і сельсавет па яго версіі  проста пакутуюць без нашай дапамогі. Гаспадзін Свірын. Ці хопіць духу напісаць зараз, як мясцовае чынавенства сустракае гэтую дапамогу, ці жадае яно яе. На адным канкрэтным выпадку. З адным асобна ўзятым помнікам..
25.04.12 1:57
загружаются комментарии

Антон Астаповіч