З чаго такі аптымізм?

Прачытаў, як дахаты з семінара вярнуўся сёння інтэр'ю Алега Трусава на тутбай  http://news.tut.by/culture/289895.html.  І не магу зразумець пазіцыі. Гэта ад непаразумення сітуацыі, бо, як большая частка інтэлегенцыі, Алег Трусаў прачытаў толькі загаловак праграмы, а дакументы, з якіх праграма складзена, не чытаў? Што за дэзінфармацыя пра распрацоўку бюджэтапраграмы да крызіса, і што інфляцыя з'ела 2/3 сродкаў? Дакументы распрацоўваліся ў 2011-м, калі апошні бомж на Беларусі ведаў, што рэальны курс даляра з 2010-га вырас амаль утрая. Калі гэтага не бачылі ў Мінкульце, то чаму людзі там займаюць крэслы? Чаму Алег Антатольевіч так упэўнены, што нічога не збудуюць страшнага на замчышчах? А Багласаўскі праект Мінскага замчышча, які праграмай легітымізаваны, на які вылучаецца палова сродкаў, і які проста адтэрмінаваны з пачаткам рэалізацыі на 2 гады? Няўжо не прачытаны ім у запланаваных у праграме мерапрыемствах такія, як добраўпарадкаванне, прычым з прыцягненнем сродкаў інвестараў? А што гэта такое? Гэта ўжо зараз існуе, як фальсіфікацыя - псеўдазамак ў Мазыры на замчышчы, тое што ў Браславе зроблена. Была напісана процьма лістоў, а Мінкуль проста ўзаконіў пабудову ражна - нейкіх там домікаў ды альтанак на замку ў Браславе, выдаўшы дазвол на працяг прац, якія былі распачаты незаконна, без дазволу, без даследчай працы, без праекта, так, як мясцоваму начальству захацелася. Любы інвестар зараз патэнцыйна панаставіць на любым замчышчу вежачак, домікаў, павільёнчыкаў, выкладзе ўсё навокал тратуарнай плітачкаў, будуць на замках у гэтым новапабудаваным ражне гулянкі для "бамонду" мясцовага наладжвацца і назавуць усё гэта развіццём турысцкай інфраструктуры. Няўжо, Алег Анатольевіч, Вы не разумееце, што рэальная небяспека навісла над цэлым шэрагам культурных ландшафтаў. Няўжо "красівае", па-багатаму, добраўпарадкаванне па-беларуску, з нашым сапраўды калгасным гламурам не забіла культурны ландшафт Мірскага замка? Незразумела лагічная сувязь праграмы і еўрапейскага выбару чыноўнікаў, якая была выведзена Алегам Трусавым. Варта нагадаць, што яшчэ ў 2002 г. была прынята Пастанова Саўміна N 1395 О СИСТЕМЕ МЕР, ОБЕСПЕЧИВАЮЩИХ ПРОВЕДЕНИЕ РЕСТАВРАЦИОННО-ВОССТАНОВИТЕЛЬНЫХ РАБОТ НА НАИБОЛЕЕ ВАЖНЫХ ОБЪЕКТАХ ИСТОРИКО-КУЛЬТУРНОГО НАСЛЕДИЯ РЕСПУБЛИКИ БЕЛАРУСЬ, якая зацвердзіла спіс прыярытэтных аб'ектаў рэстаўрацыя з 50-і адзінак, і нават больш значных для разумення еўрапейскага кантэксту беларускай гісторыі і культуры, чым, напрыклад, цэлы шэраг замчышчаў, на якія, згодна "Замкаў Беларусі", вылучаны па 1,5 - 2 мільёны, на абкос толькі такіх грошай і хопіць.  Так што варта гаварыць пра еўраарыентацыю чыноўнікаў яшчэ ў 2002-м годзе. Мінстрам культуры тады быў Леанід Гуляка. Вось такі лагічны ланцужок адбываецца. Не магу успрымаць, калі пачынаюць разважаць пра замену хелмы на вежы Нясвізскага замку, як пра пазітыўны працэс. А аргументацыя прастая. Шаноўны Алег Анатольевіч, дзе пазітыў, калі відавочнае з самага пачатку не проста памылковае, а непрафесійнае рашэнне па завяршэнні вежы ўзгадняееца спачатку тым жа Мінкультам, а потым мяняецца, і не пад ціскам грамадскасці, не трэба ролю грамадскасці ў Беларусі перавышаць, а таму што аб'ект статусны, юнэскаўскі, пад такім-сякім вонкавым экспертным наглядам.  Ну а замена адбываецца за ахвяраванні. Былі затрачаны вялікія бюджэтныя сродкі на непрафесійнае рашэнне, і самае цікавае, што ніхто не панёс адказнасці. А ўсё магло б быць вельмі проста. Вядома хто праект распрацоўваў праект той страшнай цыбуліны, вядома хто ўзгадняў усё гэта і даваў афіцыйны дазвол. Вось іх бы прыцягнуць да фінансавання пераробкі. А то так лёгка нашая афіцыйная каста, далучаная да працэсу прыняцця вельмі важных для нашага нацыянальнага багацця рашэнняў, наносіць простую і відавочную шкоду і не нясе аніякай адказнасці. Ні службовай, ні фінансавай. Уладкаваліся - лепш не прыдумаеш. Ну а радвацца, што хелма проста зараз барочная - проста непрыкрытая праява ці то непрафесіяналізму ў справах рэстаўрацыі, ці то жаданне змікшырываць чарговы недаравальны промах беларускіх гора-спецыялістаў і тых, хто ім забяспечвае падтрымку на міністэрскім узроўні. Не буду цытаваць метадычныя дакументы. Простай мовай скажу, што любому, хто сутыкаўся ў працы з рэстаўрацыяй вядома - хелму павінны былі зрабіць такой, якой яна была, а не проста барочнай. Давайце купал з магілёўскай Мікольскай царквы паставім на Мінскую катэдру. На барочны будынак - барочны купал. Параўнанне з перабольшаннем, але сутнасць - сутнасць такая, якую Алег Трусаў агучыў. Ну і зусім у мяне няма аптымізму, што "Замкі Беларусі", як дзяржпраграма будзе стымулам і будзе штурхаць нашае чынавенства на клопат і ашчаднае стаўленне да нашай спадчыны. Калі татальна парушаюцца палажэнні Закона "Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны", то што тады перашкодзіць ігнараваць дзяржпраграму. Галоўным будзе хутчэй засвоіць тыя грошы, што на аб'екты вылучаны. А як - нікому не цікава. Па галаве даюць за асваенне своечасовае, а не за вынікі, над якімі ўсе суседзі смяюцца. Не гавораць пра гэта проста на ўзроўні высокім. Этыкет блюдуць, але смяюцца. І яшчэ, чаму тады не бачна рвення асаблівага, чаму практычна ніхто з гэтага класу не "прасвяціўся", напрыклад ад праграмы, зацверджанай у 2002-м? Так што праграму "Замкі Беларусі" вывучаць трэба і аналізаваць. А то зусім, як за саветамі - Салжэніцына я не чытаў, але асуджаю. Толькі тут наадварот. Праграму не чытаюць, а робяць занадта аптымістычныя высновы. А калі падобныя высновы па прачытанні з'яўляюцца - хочаца ведаць сапраўдную прычыну такога аптымізму..
20.05.12 0:49
загружаются комментарии

Антон Астаповіч