Меней рамантызму, таварышчы!

Прачытаў разважанні Сяргея Харэўскага на    http://nn.by/?c=ar&i=74830  і адзін з каментароў наступнага зместу: "Цікава, што Антон Астаповіч зкрытыкаваў гэты план аднаўлення гістарчнага аблічча." І вырашыў парзважаць, бо сапраўды, у мяне іншая думка. Тут злёгку, не аперуючы нормамі нацыянальнага права і метадычнымі дакументамі. Так, эмоцыяй на эмоцыю. Калі Сяргей прывядзе моцныя аргументы, будзем аргументаваць і сваю пазіцыю. Саборы саборамі, базыллянскі кляштар, кляштарам. Гэта добра. Але тое, што прадстаўлена было на макеце - маю на ўвазе так званы замак - самая звычайная фальсіфікацыя, якая не мае нічога агульнага з гістарычнымі матэрыяламі.  Да канца яшчэ не даследавалі археолагі замчышча ў тым аб'ёме, які дазволіць зрабіць дакладны апорны план замкавых умацаванняў, а тут прапануюць аднаўленне цэлага комплексу быццам бы сярэднявечнай фартыфікацыі, аднаўленне таго, пра што нічога не ведаем, то што на выхадзе будзе фальсіфікацыяй. Тут шмат можна разважаць. Да прыкладу ўзяць Гістарычны цэнтр Мінска. Адноўлена ратуша, адноўлена Святадухаўка, але гэтыя аб'екты аніякім чынам не ратуюць агульнай сітуацыі. Вельмі мяне насцярожваюць нашыя рамантыкі-летуценнікі, насцярожваюць больш, чым чыноўнікі. Сваім аўтарытэтам яны навязваюць неабаснаваную эйфарыю ад двух-трох нейкіх больш-меньш пазітыўных аб'ектаў, ці ўвогуле абяцанак, зусім не аналізуючы сітуацыі ў агульным. Я ўвогуле здзіўляюся, як даецца такая, ну проста супер узнёслая ацэнка, па кропкавых дамінантных аб'ектах, калі вакол проста нішчыцца культурны ланшафт, той культурны і гістарычны кантэкст, у якім калісці дамінанты існавалі. Гэта два спалучаных ў адзінае ўзаемавыключных працэсы, якія можна сустрэць толькі ў Беларусі - аднаўленне помнікаў з адначасовай іх, прабачце, кастрацыяй. У сэнсе знішчэннем вакол іх гістарычнага адпаведнага асяродку і фармавання вакол поўнага  калгаснага гламуру. Таму я б параіў не плакаць наконт левага берагу Дзвіны ў Полацку, а думаць, каб на правым ражна не напаролі. Левы бераг хай чакае лепшых часоў, калі ў новай генерацыі нашых чыноўнікаў не будзе нарэшце агра-гламурнага разумення прыгажосці, калі Мінкультуры, як наглядны ў сферы аховы спадчыны орган, стане выконваць Закон і патрабаваць гэтага ад іншых. Калі, перафразуючы Каліноўскага, над помнікамі Чарняўскага не будзе. Так што, панове рамантыкі! Паменей радасных воклічаў!.
10.06.12 0:35
загружаются комментарии

Антон Астаповіч