Падманам свет можна прайсці, толькі дзе апынешся

Бывае, калі дзеля “красного словца  не жалеют и отца”, калі могуць збрахаць, каб пазбегнуць пэўных непатрэбных сітуацый, але ў асноўным усё гэта робіцца вусна, бо разумныя людзі падман свой на паперы не фіксуюць. А вось пэўныя намеснікі міністраў маняць, каб таксама пазбегнуць непрыемных сітуацый. Зусім, як і мы, простыя смяротныя, што ўсяляе ў мяне законны гонар за ўласную персону. Хоць у нечым мы блізкія з прадстаўнікамі нашага Алімпу. Блізкія  хаця б у брахні. Праўда найбольш адораныя  жыхары міністэрскіх высотаў пачынаюць маніць ужо на паперы, падмацоўваючы падман сваімі ўласнымі подпісамі.  Так адбылося з намеснікам міністра культуры Віктарам Курашам, які, мабыць каб не раздуваць сітуацыю, у сваім лісце паведаміў Таварыству аховы помнікаў, што два доміка, якія знеслі ў Брэсце не мелі статуса помнікаў, таму іх знішчэнне адбылося ў межах заканадаўства. Мабыць не думаў ён што праўда выйдзе вонкі праз два гады. І выпусціць яе ў свет за сваім подпісам іншы намеснік міністра. І ў афіцыйнай паперы, на белым па-руску, будзе напісана аб тым што дамы мелі статус, і адпаведна знос іх адбыўся па незаконных узгадненнях Мінкульта. Прыйшлося сёння пісаць зварот у праваахоўныя органы, каб разаьраліся з усім гэтым, бо тут і прадстаўленне несапраўднай інфармацыі, і службовая халатнасць, і незаконны знос двух помнікаў. Не спадзяюся, што зараз будзе вынік. Але будзе, рана ці позна. Як  вось зараз праўда праз два гады толькі прасачылася. Таму і ўзгадваецца мне прымаўка, якую ад бабулі чуў у раннім дзяцінстве:   “Падманам свет можна прайсці, толькі дзе апынешся?” Ну і публікую копіі дакументаў, каб не думалі, што і я трошку збрахаў з мэтай  сапсаваць настрой апанентам. .
11.06.12 18:18
загружаются комментарии

Антон Астаповіч