Чаго нам чакаць ад Мінкульта і Навукова-метадычнай рады? Толькі не дабра

З пачатку года, практычна кожны месяц, дасылаюцца ад імя Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры прапановы па наданню матэрыяльным аб’ектам статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці (помніка). І вось, толькі зараз, пасля скаргаў на зрыў нарматыўных тэрмінаў. Як у сам Мінкульт, так і ў Саўмін, мы дачакаліся. Нас проста ашчаслівілі. Аж чатыры прапановы вынеслі на разгляд. Дзве разгледзілі нармальна, а дзве, дзе можна трошку ўвайсці ў супрацьмоўе з інвестыцыйным капіталам ці мясцовымі органамі ўлады Навукова-метадычная рада разглядзела ўвогуле цікава. Па ўнікальнаму кварталу “Варбург” у Брэсце (драўляная забудова ў “закапанскім стылю” пабудаваная для жыдоўскай беднаты на грошы мецэната Фелікса Варбурга) прынята рашэнне, якое прымушае ўсамніцца ў кваліфікацыі членаў рады, а памяць Максіма Гарэцкага ўвогуле растаптана, бо дому, дзе некалькі год пражыў наш класік статуса не надалі, і ў бліжэйшы час нашыя аматары дажыначнага аграгламура грохнуць аб’ект пры падрыхтоўцы ўсенароднага свята. І аргументацыя ўвогуле не зразумелая, не ўкладаецца ні ў вызначаныя правам крытэрыі, ні ў навукова-метадычныя падыходы, ні проста ў нармальны здаровы сэнс. Вось тут і варта задумацца. Апошнія два-тры гады, як чыноўнікі Мінкульта, так і члены Рады прымаюць рашэнні адго проста “найлепш” другога. У сэнсе, што за апошнія два-тры гады склалася стройная сістэма легітымізацыі рашэнняў, якія маюць прыярытэт для інвестараў, нейкіх там адміністрацыйных, вытворчых, творчых груповак, якія працуюць на засваенне бюджэту, а не на зберажэнне нашага нацыянальнага набытку – помнікаў гісторыі і культуры. Чарговая рада – чарговае з усіх бакоў неадэкватнае рашэнне. Іншага чакаць ужо нельга. Намаганнямі шэрагу службовых асобаў і асобаў, якіх я ўжо з цяжкасцю магу назваць навукоўцамі,  нашае спадчына паступова ўступае ў змрочны перыяд. Дадатковы матэрыял на http://pomniki.budzma.org/news/chaho-nam-chakac-ad-minkulta-i-navukova-myetadychnay-rady-tolki-nye-dabra.
03.07.12 23:04
загружаются комментарии

Антон Астаповіч