Вы што – афанарэлі зусім?

З’яўляецца сёння матэрыял на сайце “Нашай нівы” пра чарговую пераробку гістарычнага будынка http://nn.by/?c=ar&i=77239#!nn пад назвай “Яны што, афанарэлі зусім?”.  А гэта ў звязку з падзеямі ў Глыбокім, дзе ў межах падрыхтоўкі да свята славянаскага пісьменства пачалі цепларэабілітацыю цагляных фасадаў будынка кан. 19 ст., у якім зараз размяшчаецца раённы гісторыка-краязнаўчы музей. Матэрыял – ну проста распінанне нашых чыноўнікаў, архітэктараў, будаўнікоў і іншай публікі на крыжах. Такія-сякія, дэгенераты ад дзяржкіравання,  сапсавалі чарговы гістарычны будынак. Пад цеплпрэабілітацыйнай шубай схаваплі найпрыгажэйшы фасад, чырвоную цэглу, гзымсікі выдатныя і г.д. Ну проста трэш чарговы. Мне вельмі крыўдна самому, што яшчэ адзін будынак больш чым стогадовай даўніны страціў свае архітэктурныя і мастацкія адметнасці. Крыўдна і больна, бо ўсё меньш і меньш матэрыяльных сведанняў нашай гісторыі застаецца. Але. Давайце ва ўсім без гвалту і лішніх эмоцый разбярэмся. Дадзены будынак у Глыбокім не ўваходзіць, як помнік архітэктуры ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасяў. Згодна права, а права сляпое і фармальнае, будынак адносіцца да звычайнай катэгорыі будынкаў і збудаванняў, і таму на яго не распаўсюджваюцца тыя рэгламенты, якія тычацца гісторыка-культурнай спадчыны. Зараз возьмем і паставім сабе на месца чыноўніка. Чым кіруёцца ў працы дзяржаўны ўпраўленец?  Нарматыўна-прававымі дакументамі. Не абавязаны ён згодна сваіх службовых абавязкаў быць мастацтвазнаўцам, гісторыкам, разбірацца ва ўсіх тонкасцях культуры. Ёсць праграма цепларэабілітацыі, ёсць тэхнічныя нарматыўныя дакументы, якія рэгулююць правядзенне дадзеных прац. І  дадзеныя працы былі выкананы. Які падпункт, пункт, артыкул ці раздзел якога нарматыўна-прававога акту быў парушаны выкананкамам і яго супрацоўнікамі?  Падкажыце мне, у першую чаргу тыя, хто меча гнеўныя стрэлы ў іх бок. Вось тут адразу бачна, што ніхто нічога не скажа, і  з-за адсутнасці аргументаў, важкіх аргументаў, рэфлексію ў НН я называю звычайным беспрадметным лямантам. Плачам Яраслаўны. Гэта першае. А пра другое я са сваімі калегамі гавару ўжо не першы год, і агучваем гэта мы па магчымасці і ў медэйнай прасторы, і на сустрэчах самага рознага ўзроўню, у тым ліку з краязнаўчымі рэгіянальнымі асяродкамі. І агучваем рэч элементарную, што ахова гісторыка-культурнай спадчыны – прававы працэс, а калі пэўныя аб’екты ці працэсы не ўведзены ў прававое поле па розных аб’ектыўных ці суб’ектыўных прычынах, то ў прававы кантэкст іх трэба ўводзіць. А як уводзіць? Элементарна. Заканадаўства аб ахове спадчыны нам не толькі весніцы, цэлую браму для гэтага расчыняе. У нас любая юрыдычная ці фізічная асоба мае права падаць у Міністэрства культуры прапанову на наданне пэўнаму аб’екту статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці. Галоўнае, каб гэты аб’ект адпавядаў крытэрыям, сфармуляваным у заканадаўстве. Вось тут і пытанне. Пытанне да аўтара матэрыялу ў НН. Пытанне да аўтара, якому неаднаразова ўсё гаварылася, калісці перадавалася наарматыўныя і метадычныя матэрыялы  па працэдуры распрацоўкі і падачы прапаноў. Аўтару, які на свае вочы бачыць, што без статуса помніка аб’екты ўвогуле нічым не абароненыя, як тая ж глыбоцкая міква, якую зруйнавалі ў красавіку, а мясцовыя краязнаўцы нават не здолелі зрабіць нармальнай, у поўным аб’ёме,  фотафіксацыі аб’екта. І зараз, калі аб’екта няма, ёсць толькі габарытныя абмеры падмуркаў пасля таго, як міква была зруйнавана, і якія выканалі менскія актывісты Таварыства аховы помнікаў, спецыяльна прыехаўшы ў Глыбокае, без нармальных фотаматэрыялаў немагчыма выканаць нават графічную рэканструкцыю ўнікальнейшага аб’екта жыдоўскай культурнай спадчыны. І камень мой не толькі ў бок аўтара матэрыяла і глыбачан. Тут варта камянямі пуляць па ўсіх кутках Беларусі. Прыкладаў – процьма! Гэта і дом Гарэцкага ў Горках, лёсам якога ўсе раптам заклапаціліся, калі яго пад знос прыгаварылі. І нават ініцыяваная Таварыствам падача прапановы на стутус помніка не атрымала станоўчага разгляду, бо о гэта ўжо быў бег за з’ехаўшым цягніком. А калі б хаця б год таму мясцовыя “абаронцы” спадчыны парупіліся, то магчымі іншы вынік быў бы. Варта ўзгадаць берасцейскі ўнікальны квартал “Варбург”, пра які таксама, ну столькі было шуму, нават выкладанне відэа, на якім запісаны брутальныя скандалы ў калідорах выканкама з чыноўнікамі,  ў інтэрнэт, а што рэальна было для абароны зроблена? З 2010 г., калі была атрымана метадычная падтрымка і дакументы, абапіраючыся на якія можна было працаваць. Якія зроблены крокі?  Аніякіх. Покуль тое ж Таварыства аховы помнікаў не накіравала прапанову ў Мінкульт, і зараз хаця б аднаму будынку з ансамблю, але статус помніка нададзены. Быў днямі чарговы плач па знішчанаму, але на ўсіх законных падставах будынку ў Чэрыкаве. І можна пісаць, пісаць і яшчэ раз пісаць пра такія ж сумныя выпадкі, у якіх  ніхто акрамя  громкіх крыкуноў не па вялікаму рахунку і не вінаваты. Бо лёгка гвалт спраўляць, а сесці і папрацаваць з абгрунтаваннем, планчык вымаляваць, фотафіксацыю зрабіць – гэта праца, гэта не агульнымі і нікому непатрэбнымі разважаннямі займацца. Таму яшчэ раз сказаць. Помнікі абараняюцца не лямантам, помнікі абараняюцца правам. І лямант можна падымаць, калі прававыя нормы парушаюцца. А ўсё астатняе, прабачце – соплі. І выснова. Хто афанарэў? Па-мойму гэты працэс распаўсюдзіўся на нашых псеўдаабаронцаў. Бо пісаць некарэктныя ва ўсіх адносінах, не маючыя пад сабой ні прававога, ні маральнага грунту матэрыялы – што гэта як не дыскрэдытацыя грамадскага ўдзелу ў ахове спадчыны і ўзмацненне пазіцый пэўных чыноўнікаў, якія сапраўды хранічна ў сваёй дзейнасці парушаюць дзеючае заканадаўства ў сферы аховы спадчыны.        Фота з http://nn.by/.
25.07.12 13:27
загружаются комментарии

Антон Астаповіч