"Хартыя", як адрыжка 37-га году

На "Хартыі" сёння "змагары" з "крывавым рэжымам" і  за дэмакратыю ва ўсіх кутках нашай Сінявокай размясцілі матэрыял аб "вялікім нягодніку", аб дырэктары Нясвізскага музея-запаведніка (у яго склад замак уваходзіць. Гэта рэмарка для інтэлектуальных чытачоў-каментатараў "Хартыі")  Сяргею Клімаве.  Матэрыял пададзены на падставе ананімкі адной з супрацоўніц музея-запаведніка, якую яна паспела разаслаць па ўсіх інстанцыях. Ад паслугачоў "крывавага рэжыму" у асобах КДК, ДФР і г.д., да дэмакратычных квінтэсентаў у асобе той жа "Хартыі". Пару словаў Клімаву. Трымайся Сяргей. Асабіста ведаю, што такое ананімкі, ды яшчэ ў сферы культуры. У 2005-м аж 5 такіх пісуль на мяне накаталі і разаслалі,  ад Карла Маркса, 38 да Мінкульта. Хачу сказаць, што калі ёсць усе падставы абвінавачваць чалавека, то ніхто хавацца за ананімнасцю не будзе. Задача любой ананімкі - не пошук справядлівасці, а задавальненне хворых амбіцый, пошук дробных выгод. І здольны на такое вельмі нізкія людзі, хоць на словах і прыкрываюцца яны высокімі мэтамі. Звычайна пішуцца бызыменныя пасквілі асобамі не здольнымі ці па прычыне разумовых здольнасцей, ці з-за прыроднай ляноты рэалізавацца ў прафесійным плане. І тое,  што прыведзены тэкст на "Хартыі" напісаны аніякім прафесіяналам, а чалавекам, які проста праціраў штаны на працы, а мо і спадніцу,  і дарма атрымліваў зарплату, сведчыць  той факт, што Клімава вінавацяць нават у завышэнні кошту рэстаўрацыі. Ды любому спецыялісту вядома, усе вароны ў Нясвіжы і Менску крычаць, што заказчыкам выканання рэстаўрацыйных прац запаведнік не з'яўляўся, ні адна капейчына рэстаўрацыйная не  прайшла праз бухгалтэрыю запаведніка. Займаўся запаведнік музеяфікацыяй. На рэстаўрацыйныя працы быў асобны заказчык - спецыяльнае прадпрыемства пры Мінкульце. І ўсе прэтэнзіі, калі каштарыс быў перавышаны, да яго ды навуковага кіраўніка, які ажыццяўляў распрацоўку агульнай стратэгіі праводзімых прац. А калі ананімная супрацоўніца не бачыць розніцы паміж музеяфікацыяй і рэстаўрацыяй, то яе даўно з трэскам трэба было гнаць з працы. Я не хачу рабіць з пана Клімава святога. Усе мы людзі, з вартасцямі і недахопамі. І кіраўнікоў таксама ідэальных не бывае. Заўсёды любая фінансавая праверка можа накапаць там сям недасканаласці, сям там магчыма часткова немэтавае выкарыстанне сродкаў. Усе кіраўнікі і глаўбухі перыядычна праз гэта праходзяць. Але гэта працоўны момант. Зрэдку свядома прыходзіцца ісці на пэўныя дробныя парушэнні, каб аператыўна вырашаць тыя ці іншыя праблемы ўстановы. Але,  тут не лікбез па бухгалтарскаму ўліку. Яшчэ раз, трымайся, Сяргей! Ведаю, што цяжка зараз прыдзецца. Далей ужо пра "Хартыю" і 37-мы год. Менавіта сталінскім перыядам пацягнула ад публікацыі. Менавіта ў 37-м з'яўляліся пагромныя, перыядычна ананімныя матэрыялы ў партыйна-савецкай прэсе, на падставе якіх ужо далей фабрыкаваліся гнеўныя лісты, індывідуальныя і калектыўныя, працоўных і сялян з патрабаваннямі крывавай расправы над ворагамі народа.  Гісторыя паўтараецца ў "правадніку" дэмакратыі - "Хартыі". Усё ёсць. І пагромны артыкул на грунце ананімнага неправеранага матэрыялу, і абуральныя, кіпячыя праведным гневам каментары заўзятых "хартыйцаў". Усе ведаюць, што іншыя каментары на сайт не пушчаюць. Чытаеш і думаеш, а што было б, калі узяў бы і выйграў Саннікаў на выбарах 2010. Як бы дэмакратыя па-хартыйнаму, па-саннікаўскі выглядала б? Глядзіш на ўсё гэта, і канчаткова сумна становіцца.  І, галоўнае, што ведаеш - прабачэння не прынясуць. Нават не ўсвядомяць, што ўключыліся ў элементрарную траўлю чалавека, так як першымі ананімны бруд апублікавалі. Хаця, чаго ж не зробіш дзеля панавання дэмакратыі. Усё для яе, праклятай. А калі шчыра, то мабыць пара ўжо сайт перайменаваць. "Хартыя 97" стала не актуальнай. Даеш "Хартыю 37"!.
18.09.12 21:28
загружаются комментарии

Антон Астаповіч