Глабальная праблема праз прызму сінагогі



Руіны сінагогі. Сучасны стан


Больш чым тры гады Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры займаецца ўнікальным архітэктурным аб’ектам. Займаецца  шмат з якіх пунктаў гледжання. Гэта руіны былой сінагогі у Лужках Шаркаўшчынскага раёна, былым мястэчку на абшарах Дзісеншчыны, паселішчам, дзе да верасня 1939 г. віравала жыццё, ад якога пасля Другой сусветнай вайны засталіся толькі ўспаміны.

Гісторыя Лужак багатая. І руіны сінагогі непасрэдна з ёй звязаны, бо ў 19-м ст. пры сінагогзе дзейнічаў хедэр (прыватная школа талмуд-торы), які  да 13 год, да пераезду ў Полацкую ешыву, наведваў  Элеазар Бэн-Егуда (Лазар Пэрэльман), ураджэнец мястэчка.
 
Нездарма  першасным вынікам нашай лужэцкай “хваробы” стала прапанова  аб наданні статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці былому  сінагагальнаму ансамблю, які складаецца з руінаў сінагогі і руінаў міквы. Руіны міквы ў адрозненні ад руін сінагогі дазваляюць вызначыць толькі план будынка і характар муроўкі сцен на вышыню не болей чым 1800 мм.
 
У пачатку 2010 г. статус помніка руінам сінагогі і міквы быў нададзены. Статус помніка гісторыі, бо збольшага свае архітэктурна-мастацкія асаблівасці руіны, па меркаванню навукова-метадычнай рады,  страчаны, але нават і руіны памятаюць  Бэн-Егуду, чалавека, які адрадзіў іўрыт для штодзённага ўжытку, вянцом працы якога сталася прызнанне іўрыту адной з афіцыйных моваў у Палестыне ў 1922 г., калі гэты кавалак Блізкага Ўсходу быў пад брытанскім кіраваннем, а пазней і дзяржаўны статус гэтай мовы ў сучасным Ізраілі.
 
Статус помніка – гэта добра, але юрыдычны крок не ратуе аб’ект ад заняпаду, і не робіць цудадзейныя захады па навядзенні нават элементарнага парадку вакол помніка нават на ўзроўні вывазу смецця. Але гэтыя захады трэба рабіць. Вельмі часта на гэта трэба сродкі.  Таму  Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры шукала самыя розныя шляхі для рэгенерацыі помніка, па ўключэнню яго ў турыстычны, культурны і шмат яшчэ які кантэкст Дзісеншчыны.
 
Але на той час нашыя ініцыятывы не былі падтрыманы райваканкамам.  Справа выходзіла нават на ўзровень старшыні Віцебскага аблвыканкаму, але наперад не прасунулася, акрамя дысцыплінарных спагнанняў, якія былі вынесены “зверху” пэўным супрацоўнікам шаркаўшчынскай адміністрацыі.  Праўда, ад гэтага стан помніка не палепшыўся.
 
Бягучым летам у Лужкі была здзейснена працоўная паездка спецыялістаў нашага грамадскага аб’яднання, у час якой былі праведзены архітэктурна-археалагічныя абмеры і фотафіксацыя помніка. Па выніках натурных вышуканняў, выкарыстаўшы шэраг архіўна-бібліяграфічных матэрыялаў, кіраўнік архітэктурнай секцыі Таварыства Антон Вантух распрацаваў эскізныя прапановы па рэстаўрацыі і аднаўленню будынка сінагогі.
 
Да гэтай працы нас штурхаў толькі акадэмічны інтарэс, а дакладней адсутнасць веры ў магчымасць захаваць помнік з-за пасіўнай пазіцыі дзеючай раённай адміністрацыі, што і абумовіла наш выезд і працу па фіксацыі аб’екта, бо нічога горшага няма, калі знікае помнік, а не застаецца па яго знікненні аніякіх матэрыялаў, па якіх можна было б зрабіць графічную навукова-абгрунтаваную рэканструкцыю, хаця б для ўвядзення ў навуковы зварот.
 
А тут,  па восені,  мяняецца сітуацыя. Практычна поўнасцю абнаўляецца кіруючы склад Шаркаўшчынскага райвыканкаму, што было намі ўспрынята, як рэальны шанец скрануць праблему з мёртвай кропкі. Тым больш з боку раённай адміністрацыі была выказана падтрымка шэрагу культурніцкіх ініцыятываў, якія традыцыйна ладзіць у раёне Ада Эльеўна Райчонак.
 
Таму на гэтым тыдні эскізны праект быў завезены ў Шаркаўшчынскі райвыканкам, дзе перададзены, як на імя старшыні выканкаму так і на разгляд у аддзел культуры і раённаму архітэктару. Разам з праектам прадстаўлены афіцыйны ліст з шэрагам прапаноў па сумесным дзеянням, якія, на думку нашага грамадскага аб’яднання, дазволяць скрануць праблему з аднаўленнем помніка і добраўладкаваннем прылеглай тэрыторыі з мёртвай кропкі. Успрынята нашая ініцыятыва прыхільна і з разуменнем. Але, прабачце за не надта ўдалую фразеалагічную канструкцыю, ёсць шмат “але”, якія могуць,  калі не пахаваць усе ідэі, то значна запаволіць іх рэалізацыю.
 
І як аказваецца – гэта праблема не толькі руін лужэцкай сінагогі. Ужо вядома нам шэраг аналагічных выпадкаў, а, хутчэй за ўсё, праблема мае масштабны  характар. Спачатку ўсё выглядае проста. Ёсць помнік у  стане руін. Як звычайна на такія помнікі падпісаны ахоўныя абавязкі, часцей за ўсё з мясцовымі сельсаветамі, але афіцыйна аб’екты не стаяць а ні ў кога на балансе і не маюць аніводнага праваўстанўліваючага дакумента.
 
Вось тут   сабаку і закапалі. Атрымліваецца замкнёнае кола. У першую чаргу, калі помнік трэба перадаваць рэальнаму ўласніку. Перадача ці аўкцыён становяцца немагчымымі з-за адсутнасці дакументаў на помнік, а калі ён застаецца намінальна за дзяржавай, а фактычна безгаспадарчым, то бюджэтныя сродкі на яго выкарыстоўваць таксама, па вялікаму рахунку, нельга. Любая нерухомасць павінна стаяць на балансе, як асноўныя сродкі, а гэта – мець адпаведныя дакументы, той жа тэхпашпарт, пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі маёмасці і г.д.
 
Вось так і атрымліваецца. Помнік ёсць, ён патрабуе ўвагі, ашчаднай з ім працы, а  ўсе захады ў дачыненні да каштоўнасці юрыдычна немагчымы. Нельга перадаваць нават з балансу на баланс ці перадаваць у прыватныя рукі. Тупік. Здаецца чаго прасцей, узяць таму ж сельсавету, напрыклад, ці СПК, ды  і заказаць у БРТІ тэхпашпарт, на падставе яго атрымаць пасведчанне аб рэгістрацыі маёмасці, а далей правесці ацэнку аб’екта, як у дачыненні да помнікаў заканадаўства прадугледжвае, і перадаць ці прадаць аб’ект фізічнай асобе ці гаспадарчаму суб’екту.
 
Але дзеючае заканадаўства не прадугледжвае распрацоўку тэхнічнай дакументацыі на руінірваныя аб’екты. І выключэнняў, нават у дачыненні помнікаў, няма. Вось і атрымліваецца. Невялікі аб’ект, руіны сінагогі. Ёсць жаданне, ёсць паразуменне з раённай адміністрацыяй, ёсць творчы патэнцыял, ёсць магчымасць прыцягнення валанцёраў. Але. Калі працаваць,калі аднаўляць помнік, каб ён быў адным з фрагментаў перспектыўнай культурна-турыстычнай інфраструктуры рэгіёна, трэба рашаць і маёмаснае пытанне, як адно з найважнейшых.
 
І вось тут праз руіны зусім невялічкай па памерах сінагогі, як праз прызму ідзе пераўтварэнне вялікай праблемы, глабальнай, праблемы нацыянальнага плану. Без вырашэння якой не запрацуе ні адна  дзяржаўная ды і прыватная ініцыятыва па рэстаўрацыі і аднаўленню нашых помнікаў гісторыі і культуры, якія не маюць яшчэ рэальнага гаспадара, і значная частка якіх  знаходзіцца ў занядбаным стане і чакае найхутчэйшага выратавання.
 
Руіны маленькай сінагогі. У невялікім беларускім мястэчку. Прыдзецца  прыкласці шмат супольных намаганняў, знайсці шмат шляхоў вырашэння шматлікіх праблемаў, каб рэалізаваць даўнія задумы. Але прыдзецца працаваць і ў іншым накірунку. У накірунку аналізу дзейсных нарматыўна-прававых дакументаў і напрацоўкі прапаноў па іх удасканаленню, бо, як ні дзіўна, але ахова помнікаў настолькі шырокая сфера дзейнасці, што і маёмасныя пытанні закранае.
 
Будзем спадзявацца, што руіны ў Лужках чакае недалёкае ў часе аднаўленне, і гэты помнік стане кропкай апоры, якая дапаможа перакуліць покуль яшчэ тупіковую сітуацыю.





Руіны міквы





Графічная рэканструкцыя сінагогі





Эскізны праект рэстаўрацыі сінагогі.



http://pomniki.budzma.org/news/hlabalnaya-prablyema-praz-pryzmu-sinahohi 




.
14.12.12 23:21
загружаются комментарии

Антон Астаповіч