Па закону, па канону ці па паняціях?

Вельмі дзіўная, ды і не дзіўная, а сістэмная ў прынцыпе сітуацыя. Неаднаразова за апошнія гады нашаму грамадскаму аб’яднанню прыходзілася звяртацца ў наш праваслаўны  экзархат  з нагоды парушэння заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны некатроымі прыходамі Рускай праваслаўнай царквы на тэрытоыі Беларусі. Адказаў на звароты не было, ды я асабліва іх і не чакаў, бо хто на заўвагі рэагаваць любіць. А ў кіраўніцтве праваслаўнай царквы ў нашай Сінявокай таксама людзі, з усімі іх вартасцямі і недахопамі, а не анёлы.
 
Але тут справа іншая. З 2011 г. дзейнічае новая рэдакцыя Закона “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб”, з якога вынікае, што ігнараваць пісьмовыя звароты не мугуць не толькі дзяржаўныя органы, установы і прадпрыемствы, а літаральна ўсе юрыдычныя асобы, любой формы па функцыі, арганізацыйнай структуры, па ўласнасці і г.д. Гэта раз. А два – гэта тое, што Таварыства звярнулася да Мітрапаліта Філарэта не з крытыкай дзейнасці пэўных царкоўных інстытуцый, а з пазітыўнай прапановай.
 
Хачу нагадаць, што Сучасная вуліца Вызвалення ў г. Мінску, на якой знаходзіцца быдынак Мінскай епархіі, да савецкага перыяду мела назву Васкрасенская, па размешчанню на гэтай вуліцы, у Ракаўскім прадмесці, царквы Уваскрашэння Хрыстова. Месца размешчання царквы – цотны бок сучаснай вуліцы Вызвалення, паміж будынкамі №№ 6; 8. Царква Уваскрашэння Хрыстова, ці як найчасцей яе называлі гараджане, Васкрасенская царква, мела даўнюю гісторыю, што падцвярджаецца шматлікімі архіўнымі дакументамі і пазначэннем царквы на планах горада пачынаючы з кан. 18 ст.
 
У сувязі з тым, што тэрыторыя, дзе размяшчалася царква,  знаходзіцца ў землекарыстанні Беларускага экзархату Рускай праваслаўнай царквы мы прапанавалі правесці добраўпарадкаванне вышэйназванай тэрыторыі з пазначэннем на мясцовасці контураў перыметру сцен царквы Ўваскрашэння Хрыстова. Пры гэтым  спецыялістамі Архітэктурнай секцыі Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры праведзены аналіз шэрагу крыніц і бібліяграфіі, на падставе якога лакалізована месцазнаходжання Васкрасенскай царквы і зроблена яго прывязка да сучаснай горадабудаўнічай сітуацыі, у выніку чаго  зроблена выснова аб мажлівасці пазначэння на мясцовасці контураў плану царквы. І была неадназначна сфармулявана прапанова сваімі сіламі распрацаваць навукова-праектную дакументацыю на дадзены від прац на валанцёрскай аснове.
 
Але праходзіць час, парушаюцца ўсе нарматыўныя тэрміны, а, як сказаў Маркес, палкоўніку ніхто не піша. Таму становіцца цікава, а чым кіруецца нашая праваслаўная царква ў сваім не ва ўласна царкоўным жыцці, а ў сваіх ўзаемаадносінах з навакольным светам. Не ў пустэльні ж яна жыве, а ў краіне, у дзяржаве, у Рэспубліке Беларусь. Чым кіруецца? Законамі, канонамі ці паняціямі? На маю ўласную думку ўсе павінны законамі кіравацца. Таму і вырашана было нагадаць пра закон Мітрапаліту Мінскаму  і Слуцкааму, Экзарху ўсёй Беларусі Філарэту, дзеля чаго накіраваны зварот у пракуратуру г. Мінска с просьбай:
 
 
  1. Правесці праверку і даць прававую адзнаку дзеянням Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Экзарха ўсёй Беларусі, які не прадставіў адказ на зварот грамадскага аб’яднання “Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры” (ГА БДТАПГК).
  2. Прызнаць неправамернымі і ўціскаючымі правы ГА БДТАПГК на атрыманне інфармацыі, а таксама парушаючымі заканадаўства аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў дзеянні   Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Экзарха ўсёй Беларусі, які не прадставіў адказ на наш зварот.
  3. Абавязаць Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Экзарха ўсёй Беларусі   у парадку аднаўлення праў грамадскага аб’яднання  “Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры”, прадугледжаных заканадаўствам аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў, прадставіць вышэйназванай юрыдычнай асобе адказ на зварот.
  4. У адпаведнасці з п. 7 ч. 2 арт. 3.30, арт. 10.2 Працэсуальна-выканаўчага кодэксу Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, скласці пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні ў адносінах Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Экзарха ўсёй Беларусі.
 
Будзем зараз глядзець, як лічыць нашая пракуратура, чым павінна нашая царква кіравацца, як жыць сярод нас -  па закону, па канону ці па паняціях?
.
12.03.13 22:58
загружаются комментарии

Антон Астаповіч