Адкрыты ліст генеральнаму пракурору

Паважаны Аляксандр Уладзіміравіч!

Яшчэ ў сакавіку бягучага года ў Генеральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь нашым грамадскім аб’яднаннем быў накіраваны ліст аб узвядзенні ЗАТ “Стройэнэрга” прыбудовы да будынка па вул. Ракаўскай 16-б.

На нашую думку дадзены будынак прынцыпова змяняе гістарычную аб’ёмна-планіровачную структуру і спосаб забудовы гісторыка-культурнай каштоўнасці “Гістарычны цэнтр Мінска”, стварае новую горадабудаўнічую сітуацыю, якая пазбаўляе гістрыка-культурную каштоўнасць яе якасных характарыстык і не дазваляе праводзіць далейшыя працы ў адпаведнасці з методыкамі і матэрыяламі комплексных навуковых вышуканняў.

Вышэйпералічанае мае прыкметы парушэння арт. 27, пп. 1; 4 арт. 28, Закона Рэспублікі Беларусь “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь”, а таксама арт. арт. 33, п. 5 арт. 36, пп. 2; 3; 5 арт. 43 вышэйуказанага Закону.

Для прадухілення чарговага правапарушэння пры правядзенні прац на гісторыка-культурнай каштоўнасці “Гістарычны цэнтр Мінска” мы прасілі спыніць працы па ўзвядзенню прыбудовы да будынка па вул. Ракаўскай 16-б, скасаваць узгадненні праектна-каштарыснай дакументацыі, атрыманыя па-за межамі дзеючага заканадаўства, ажыццявіць праверку парадку ўзгаднення навукова-праектнай дакументацыі спецыялістамі Міністэрства культуры і членамі Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь.

Пасля дадзенага звароту Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры паўторна звярталася з нагоды працягу прац на вышэйназваным аб’екце ў Генеральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь. На зварот быў атрыманы адказ ад 17.05.2013 г. № 0703-392-2012, у якім, за подпісам начальніка аддзела па нагляду за выкананнем прыродаахоўнага і зямельнага заканадаўства Р.А.Шостака, паведамляецца аб адмене ў 2012 г. папярэдніх узгадненняў праектнай дакументацыі з боку Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, і Мінскага гарадскога камітэту архітэктуры і горадабудаўніцтва, аб адкліканні экспертнаага заключэння па праектна-каштарыснай дакументацыі і аб адкліканні дазволу на выкананне будаўніча-мантажных прац. Паўторнае заключэнне Міністэрства культуры па праектнай дакументацыі, адпаведна з ліста Генеральнай пракуратуры, абмяжоўвала вышыню прыбудовы трымя паверхамі.

На дадзены момант працы на вышэйназваным аб’екце не толькі актыўна працягваюцца, але вышыня пабудовы разам з цокальным паверхам ужо дасягнула 6-і паверхаў, што ў два разы перавышае ўзгодненае праектнае рашэнне. Таму.

Шаноўны Аляксандр Уладзіміравіч!

У сувязі са склаўшайся сітуацыяй не маглі б Вы даць тлумачэнні, як кіраўнік сістэмы органаў, якая ажыццяўляе нагляд за дакладным выкананнем нарматыўна-прававых актаў у нашай дзяржаве, што вышэй ў Рэспубліке Беларусь? Закон ці ЗАТ “Стройэнэрга” і яго кіраўнік Л.Маркавец? Як у парушэнні ўсіх прадпісанняў, узгадненняў, практычна ў трох-чатырох хвілінах хады ад будынкаў Генеральнай пракуратуры адбываецца непрыкрытае ігнараванне заканадаўства і прадпісанняў органаў дзяржаўнага кіравання? Чаму будаўніцтва, якое адбываецца па-за межамі Закона нават не прыпынена? Чаму органы пракурорскага нагляду не прадпрымаюць аніякіх дзеянняў па спыненню свавольства прадпрыемства-забудоўшчыка і яго кіраўніка?

Можа ўжо ў нас адменены законы, іншыя нарматыўна-прававыя дакументы, якія рэгулююць і павінны рэгуляваць жыццядзейнасць ва ўсіх сферах жыцця, а краіна жыве па жаданнях і апетытах пэўнай групоўкі бізнэсмэнаў, якія непрыкрыта насміхаюцца над прававой сістэмай нашай дзяржавы?

Спадзяюся, што адказам на гэтыя пытанні будзе праверка парадку выканання прац на ўзводзімай прыбудове да будынку па вул. Ракаўскай, 16-б, аб’ектыўная, праверка, ў час правядзення якой будуць прыпынены будаўніча-мантажныя працы на аб’екце, і па выніках якой будзе прынята рашэнне аб прыцягненні да адказнасці вінаватых у незаконым будаўніцтве па арт. 383 (Самаўпраўства) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, і, самае галоўнае, будзе прынята рашэнне аб дэмантажы паверхаў аб’екта, каб прывесці яго вышыню ў адпаведнасць з узгодненай праектнай дакументацыяй – а гэта тры паверхі.

З павагай,
Старшыня РС ГА БДТАПГК А.Астаповіч
Член Рэспубліканскага грамадскага
савета па справах культуры і мастацтва
пры Савеце Міністраў Рэспублікі
Беларусь.
04.06.13 2:23
загружаются комментарии

Антон Астаповіч