Адкрыты ліст Леаніду Маркаўцу, дырэктару ЗАТ "Стройэнэрга"

Шаноўны Леанід Барысавіч.


Прачытаў учора матэрыял на партале нерухомасці пад назвай "Все возмущения по поводу строительства по ул. Раковская, возможно, кем-то проспонсированы"( http://realt.by/news/article/12235/#ixzz2VQ0ahaps).

З вуснаў  юрысткі Вашага прадпрыемства прагучала вельмі шмат цікавых думак. У сувязі з тым, што Алена Халецкая афіцыйна прадствілася ў інтэр’ю, як адвакат ЗАТ “Стройэнэрга”, лагічна лічыць, што яе словы з’яўляюцца адлюстраваннем і Вашай пазіцыі.

Не будзем аналізаваць яе выказванні, што можна кваліфікаваць, як агульную недасведчанасць у падзеях, падзеях, якія ўжо напрацягу некалькіх апошніх год развіваюцца ў гістарычным цэнтры нашай сталіцы. Мне найбольш спадабалася думка Вашай юрысткі, якая адлюстравана ў назве матэрыялу, думка пра адпарацоўку мной канткрэтных спонсарскіх грошай.

Леанід Маркавіч, так ужо павялося, гэта не ад нас залежыць, гэта рэгулюецца на падсвядомым узроўні, што ўласны стэрэатып паводзін мы пераносім чамусці  на тых, хто побач з намі. А дакладней, мы часта свае недахопы шукаем у нашых бліжніх.

Мабыць тут і з Вамі і з Вашымі падначаленымі спрацаваў такі стэрэатып. Ня ведаю, магчыма ў Вас асноўнае мярыла ўсіх каштоўнасцяў – грошы.  Вы ж бізнэсмэн, таму мабыць лічыце, што ўсё павінна купляцца і прадавацца, а магчыма нават, што  і ўсе.

І тут са скрухай я мушу прызнаць, што сапраўды, Леанід Маркавіч, я ў праблему з Вашым аб’ектам па Ракаўскай, 16-б заангажаваны і праспапсаваны. Заангажаваны і праспансаваны сваім сумленнем, сваімі перакананнямі, сваёй любоўю да зямлі, на якой жыву, да свайго гораду, сваім жаданнем жыць у прывабным і ўтульным асяродку, гуляць па сапраўднаму Гістарычнаму цэнтру, а не па тым каменным джунглям, якія Вы і Вам падобныя насаджаюць.

Не хочацца доўга пісаць, бо разумею, што біць на сумленне бескарысна, не верыцца, што і законным шляхам можна будзе  пазбавіцца ад чарговага хараства з Вашых рук у Ракаўскім прадмесці. Неяк нешта мне падказвае, “решите Вы все вопросы”, Вам ўжо да гэтага не прывыкаць.

Тым больш, што Вас нават вельмі актыўна нават прадстаўнікі еўрабюракратыі падтрымліваюць, якія ў тым будымку, вакол якога канфлікт разгарэўся, офісныя памяшканні арэндаваць хочуць. Уражанне ў мяне такое склалася пасля сустрэчы з адным еўрабюракратам. Дарэчы, да чаго ж на нашых падобны, нават так, як нашыя мовы беларускай не ўспрымае.

А на развітанне хачу параіць – ганіце з працы сваю юрыстку. Пра якую кваліфікацыю можа ісці размова, калі ў спрэчцы яна выкарыстоўвае аргументы з разраду трызнення. Гэта я пра нейкую там міфічную “Мінскую раду”, якая быццам бы ўзгадніла праект, ды апелюе да дакументаў, якіх яшчэ няма, я пра карэктыроўку ПДП Гістарычнага цэнтра, якая невядома калі будзе зацверджана, каб атрымаць статус паўнавартаснага горадабудаўнічага дакумента.



Шчыра Ваш,

Старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры

Антон Астаповіч

 


.
06.06.13 12:00
загружаются комментарии

Антон Астаповіч