Дзякуй Богу, не сапсавалі

Згодна матэрыялу на "Радыё Рацыя" працы па кансервацыі Каложскай царквы ў Гродне завершаны. https://www.racyja.com/…/zimovaya-kalozha-paslya-zameny-st…/ Драўляныя канструкцыі заменены на сучасныя матэрыялы. Вялікае шчасце, што не рэалізаваны пражэкты па псеўдааднаўленні гэтага выдатнага помніка, якія калісці распрацоўваліся "Гроднаграмадзянпраектам" пад навуковым кіраўніцтвам Генадзя Лаўрэцкага.

Яшчэ ў 2009-м г. навукова-метадычная рада ўзур'ёз разглядала і ўзгадняла, праўда з пэўнымі заўвагамі, фантазійныя прапановы па фактычнаму навабуду ў псеўдавізантыйскім выглядзе. Каб захаваць помнік ад брутальнай псеўдарэстаўрацыі ад імя Таварыства ў Міністэрства культуры была ў той жа час накіравана прапанова, каб методыкі, згодна з якімі а царква была закансервавана ў пач. 20 ст. атрымалі статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Прапанова была адхілена, але, дзякуй Богу, у Беларусі рэгулярна здараюцца эканамічныя крызісы, якія з'яўляюцца вельмі пазітыўным фактарам для нашых помнікаў і гістарычных мясцін. І толькі зараз, амаль праз 9 год адбылася новая кансервацыя, і кансервацыя згодна архітэктурна-мастацкімі і канструкцыйнымі вырашэннямі, распрацаванымі яшчэ ў 1910-м годзе.

Прапанова, распрацаваная Таварыствам аховы помнікаў захавалася ў нашым архіве.


23.01.18 23:16

Антон Астаповіч