Стары замак у Гродне. Праект рэзалюцыі круглага стала, нашыя прапановы

Па выніках круглага стала, які быў прысвечаны праблемам рэстаўрацыі, рэканструкцыі і прыстасавання Старога змака ў Гродне, у выкананне дасягнутых дамоўленасцяў, Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў распрацавала і накіравала свае прапановы да праекту рэзалюцыі круглага стала, якая павіннна быць падрыхтавана да 01.08.2018 г. Прапановы накіраваны ва Ўпраўленне культуры Гродзенскага аблвыканкама і ў Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей.

Прапановы, тэкст.

Упраўленне культуры
Гродзенскага аблвыканка

Гродзенскі дзяржаўны
гісторыка-археалагічны музей

У выкананні рашэнняў, прынятых на круглым стале, прысвечаным рэканструкцыі і рэстаўрацыі Старога замка ў Гродне, дасылаем наступныя прапановы Грамадскага аб’яднання “Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры” для распрацоўкі праекта выніковай рэзалюцыі круглага стала.

1. Разгледзець магчымасць карэкціроўкі праекта абгрунтавання інвестыцый па аб’екце “Рэстаўрацыя і прыстасаванне пад гісторыка-археалагічны музей комплексу Старога замка па вул. Замкавая, 22 у г. Гродна” з улікам неабходнасці правядзення дадатковых комплексных навуковых вышуканняў для прыняцця навукова-абгрунтаваных архітэктурных рашэнняў пры распрацоўцы праектаў 2-й і 3-й чэргаў рэстаўрацыі і прыстасавання комплексу Старога замка ў г. Гродна, і прывядзення архітэктурнага праекта ў адпаведнасць міжнароднымі метадычнымі дакументамі у галіне рэстаўрацыі.

2. Хадайнічаць перад Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь аб правядзенні выязднога сумеснага пасяджэння Рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь і Грамадскай назіральнай камісіі пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь па ахове гісторыка-культурнай спадчыны па праблемах прац па рэстаўрацыі і прыстасаванню Старога Замка і перспектыў распрацоўкі праектнай дакументацыі на правядзенне 2-й і 3-й чэргаў рэстаўрацыйна-аднаўленчых прац.

3. Знайсці магчымасць паралельна з правядзеннем прац па рэстаўрацыі і рэканструкцыі 1-й чаргі Старога замку выканаць супрацьаварыйныя працы па ўмацаванню і часовай кансервацыі аўтэнтычных фрагментаў канструкцый паўночна-заходняй вежы і паўночнай абарочай сцяны замка, якія знаходзяцця ў незадавальняючым тэхнічным стане і якім пагражае практычна поўная дэструкцыя ў найбліжэйшай перспектыве.

4. Распрацаваныя архітэктурныя праекты 2-й і 3-й чаргі рэстаўрацыі і прыстасавання Старога замка пад гісторыка-археалагічны музей разам з матэрыяламі комплексных навуковых вышуканняў прадставіць на абмеркаванне ў Грамадскую назіральную камісію пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь па ахове гісторыка-культурнай спадчыны ў межах рэалізацыі грамадскага кантролю ў сферы культуры, які прадугледжаны арт. 20 Кодэкса аб культуры Рэспублікі Беларусь і Палажэннем аб парадку ажыццяўлення грамадскімі аб’яднаннямі грамадскага кантролю за выкананнем заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны, якое зацверджана Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 22.10.2008 № 1570.

У сувязі з разглядам на круглым стале шэрагу праблем па захаванні археалагічнай спадчыны не толькі на тэрыторыі Старога замка, але і на гісторыка-культурнай каштоўнасці катэгорыі 1, шыфр 412Г000015 “Ансамбль Новага замка: палац з двума флігелямі, брама і агароджа, гаспадарчая пабудова” і на іншых археалагічных помніках Гродна, якія могуць утрымліваць культурны пласт і рэшткі забудовы XII–XVII cтагоддзяў ў праект рэзалюцыі прапануюцца наступныя дадатковыя пункты:

1. З 2019 года, для ажыццяўлення археалагічных работ на тэрыторыі Новага замку, прызначаць археолагаў, якія маюць важкі ўнёсак (прызнаныя навуковыя адкрыцці) і значны вопыт навуковых раскопачных работ на падобных гарадскіх помніках, што ўтрымліваюць пласт старажытнарускага часу з рэшткамі мураванага дойлідства і пласты, якія адпавядаюць замкаваму будаўніцтву перыядаў готыкі, рэнесансу, барока;

2. Прызначаны археолаг павінен добра ведаць гісторыю Гродна, матэрыялы і вынікі даследаванняў археолагаў-папярэднікаў на адпаведным помніку; няўхільна выконваць пункт 7 раздзела 2, главы 1 “Iнструкцыi аб парадку правядзення археалагiчных даследаванняў i вядзення палявой дакументацыi пры iх правядзеннi” (не пакідаць аб’ект, не перадаваць Адкрыты ліст іншай асобе); не распрацоўваць шурфы з дапамогай экскаватара на глыбіню, большую за дзернавы слой; пераадкладзены культурны пласт і пласт, які ўтрымлівае будаўнічае смецце розных перыядаў перад пагрузкай і вывазам павінен пераглядацца прызначаным археолагам.

3. Лічыць немэтазгодным далейшы пошук і адкрыццё на тэрыторыі Новага замка рэштак муроўкі XII ст. ад пабудоў з плінфы на вапнавай рошчыне, пакуль не будзе распрацавана методыка кансервацыі ўжо выяўленых у ліпені 2018 г. экскаватарам падобных рэштак (за будынкам Дзяржаўнага архіва грамадскіх арганізацый), паколькі пад уздзеяннем аэрацыі і вільгаці без правядзення кансервацыі (музеефікацыі) гэтыя фрагменты будуць асуджаны на знішчэнне.


26.07.18 21:47

Антон Астаповіч