Каму закон не пісаны?

18.06.2012 на анлайнеры з’явілася інфармацыя аб перспектыўным будаўніцтве на рагу вул. Валадарскага, Гарадскі Вал і Інтэрнацыянальная 16-і павярховага гатэлю па праекце ТМ-7 (ГАП А.Цэйтлін) http://realt.onliner.by/2012/06/18/aras/. Графічныя матэрыялы і выходныя дадзеныя праекта былі ўзяты з сайту творчай майстэрні. Цікавае, пасля абнародвання праекта онлайнерам, “Нашай нівай”, іншымі рэсурсамі,  інфармацыя аб ім на сайце ТМ 7 была аператыўна прыбрана. Сціпласць? Ці страх, што геніяльныя архітэктурныя ідэі скрадуць? А мо проста на злодзеях  шапка загарэлася? А шапцы гарэць ёсць ад чаго. І менавіта пра прычыны надзвычайнай сітуацыі з галаўнымі ўборамі спецыялістаў майстэрні прыйшлося паведамляць у гарвыканкам і паведамляць, што ўжо, на дадзеным этапе праектавання, парушаны артыкул 29 Закона “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь”, які забараняе распрацоўку  "горадабудаўнiчай i землеўпарадкавальнай дакументацыi, а таксама iншай праектнай дакументацыi, рэалiзацыя якiх можа аказаць уздзеянне на гiсторыка-культурныя каштоўнасцi, без нанясення ўстаноўленых зон аховы нерухомых матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей." А тут і мяжа Гістарычнага цэнтра, і будынак па Валадарскага, 1, якія маюць статус помнікаў, але не маюць усталяваных зон аховы. Значыць - табу. Але беларускія чыноўнікі, самыя чыноўнікі ў свеце. Закон ім не пісаны. Усё роўна, дазвол на праектаванне і будаўніцтва будзе дадзены, а ахоўныя зоны даручана будзе рабіць інвестару страшнай гаргары, якую ўжо запланавалі на нашую супольную радасць.  Уявіце сабе, забудоўшчык сам для сабе будзе абмежавальныя рэгламенты распрацоўваць. Уладкавалі ліса вартаўніком у куратнік. А прасцей, казла ў агарод пусцілі. І саме цікавае, што грамадскае абмеркаванне праекта, па версіі нашых канчаткова дэбюракратызаваных бюракратаў, а ўсе перлы бюракратычнай думкі народжаны ў адміністрацыі Маскоўскага раёна Мінска, трэба праводзіць, калі праект гатовы. Гэта што, калі ўкладзены міл’ярды, калі гатовы ўсе раздзелы праекта, калі яго ўжо немагчыма спыніць, нам прапануюць сабрацца, пагаварыць без усялякіх вынікаў?  Хацелі абмеркавання - абмяркуйце і проша вон, а мы ражно спраектаванае ўсё роўна рэалізуем. Мне проста цікава, адкуль такі парадак абмеркавання ў Маскоўскім раёне прыдумалі? Можа перанялі перадавы маскоўскі вопыт часоў упітанага такога чалавека ў скураной кепцы? Я асабіста ў дакументах, што рэгулююць грамадскае абмеркаванне, такіх тонкасцяў, як “маскоўскія” чыноўнікі, не заўважаў ніколі. І напрашваецца думка. Што ёсць катэгорыя насельніцтва ў нас для каго закон абавязковы, а для каго і не пісаны.  Праўда руская прымаўка вельмі трапна вызначае, каму законы не пісаныя. .
13.07.12 23:03
загружаются комментарии

Антон Астаповіч