Ладуцька і няпростая лінія

Сёння адбылася простая лінія з мінскім граданачальнікам Мікалаем Ладуцькам. Паведамленне аб лініі было на сайце гарвыканкама даўно, а ў звязку з тым, што аж занадта нас цікавяць пэўныя праблемы і пытанні, на якія гадамі наш Мінгарвыканкам не здолеў даць нармальны зразумелы і аргументаваны адказ, было падрыхтавана толькі адзінае пытанне, якое ну проста карціць задаць, тым больш наш граданачальнік, дарэчы начальнік і па цывільнай, і па ваеннай лініі (генерал, як ніяк), яшчэ не адказаў на наш зварот, які быў напісаны ў форме адрытага ліста, не адказаў мабыць з-за вялікіх і важных дзяржаўных спраў. Ну вось, наступнае пытанне было сфармулявана: Шаноўны Мікалай Аляксандравіч! Растлумачце, ці не звязаны адмовы ў правядзенні грамадскага абмеркавання шэрагу праектаў у Гістарычным цэнтры Мінска, ў тым ліку забудовы правага боку вул. Зыбіцкай і паўднёва-ўсходняй часткі Мінскага замчышча, якія падпісаны і асабіста Вамі, з бояззю гарадской адміністрацыі перад грамадскай думкай? І хоць прапанавана было пад час простай лініі свае пытанні задаваць па тэлефону 222-44-44, пытанне было накіравана і электроннай поштай у прэс-службу Мінгарвыканкаму. Нешта ў душы падказвала, што ў чарговы раз пралячу і не пачую голас кіраўніка роднага гораду. Прадчуванні не падманулі. Напрацягу двух гадзін простай лініі ўказаны тэлефон быў заняты. Добра, што як Іллічу не трэба было тэлефоннае магнета наярваць і крычаці ў трубку: "Барышня, Смолны!". Зараз жа ўсё ж такі палягчэй. Як у 14.00 націснуў нумар, так да 16 ён аўтаматычна і набіраўся, упустую. Ну што ж. Зноўку на пытанне не адказана, і ўзнікае чарговае пытанне. А якой трасцы абвяшчаць простую лінію і не прадугледзіць шматканальную сістэму сувязі? Дзеля чарговай галачкі? Каб справаздачку наверх кінуць што з простым насельніцтвам праца вядзецца? Што з начальствянных вышынь граданачальнік акунуўся ў народную гушчу? Іншых адказаў на новае пытанне не бачу. Простая лінія не дзеля кантакту з людзьмі, а дзеля чарговага спектаклю. І якія высновы? Высноў тут шмат, а галоўная адна – мабыць баіцца гарадское кіраўніцтва сваіх суграмадзян..
29.03.12 22:49
загружаются комментарии

Антон Астаповіч