Нездаровыя пошукі здаровага сэнсу

Мабыць наступіў камусці на мазоль і вельмі моцна, калі пасля маёй невялічкай рэфлексіі (http://belaruspartisan.org/blogs/astapovicz/rekamendavana-ne-vyakats/) на артыкул г-на Панамарова у СБ пад назвай “Палки в колеса здравого смысла”, які з’явіўся ў газеце, у тым ліку і на сайце газеты, 18 ліпеня 2012 г. (http://sb.by/post/133780/). А тое, што наступіў на мазоль, ці  стукнуў па іншаму хвораму месцу, проста навідавоку. Бо чаму тады ўжо 21 ліпеня ў той жа СБ з’яўляецца наступны матэрыял (http://sb.by/post/133981/), так сказаць у развіццё тэмы, у якім значная частка тым жа г-нам Панамаровым прысвечана гнеўнай водпаведзі нейкаму там Астаповічу. Спадобіўся. Прыемна, што рэфлексіі мае чытаюцца, ды яшчэ на “оппозиционном” сайце. Але не будзем пачываць на лаўрах і раслабляцца,  а адразу возмем быка за рогі, а дакладней выкарыстаем параду г-на Панамарова і ўвяжамся ў дыскусію, дыскусію цывілізаваную, заснаваную на аргументах. Адразу ўзгадаю грамадскае абмеркаванне прыбудовы да гандлёвага цэнтру “Магніт”, дзе аргументацыю па тыпу “дэбіл”, “казёл”, “прыдурак” і г.д. я чуў з боку менавіта забудоўшчыкаў, калі з трыбуны па пунктах выкладаў, якія нормы заканадаўства ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны прапанаваны праект парушае. Чуў не адзін я. Гэта чулі шматлікія прысутныя, у тым ліку і старшыня Магілёўскага гарвыканкаму Станіслаў Барадаўка, і прадстаўнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Генадзь Лаўранкоў. Дарэчы,  усё на тым жа   “оппозиционном” сайце тыя, яшчэ зімовыя, падзеі былі таксама апісаны (http://belaruspartisan.org/blogs/astapovicz/14096/) І вынікі грамадскага абмеркавання, як па прыбудове да “Магніту”, так амаль два гады таму па офіснаму будынку “Сервалюкса”  (http://pomniki.budzma.org/events/mahilyowskaya-sustrecha), былі адпаведнымі. Яны прымаліся не на эмоцыях бакоў, а на аргументаванай пазіцыі. Проста перспектыўныя забудоўшчыкі так і не змаглі адказаць на элементарнае пытанне – якім чынам праекты стасуюцца з дзеючым заканадаўствам.  Вось Вам г-н Панамароў і пытанне. Няўжо прыклады па Магілёву не з’яўляюцца паказальнымі? Няўжо з’яўленне ў гарадскім асяродку аб’ектаў, якія супрацьмовяць заканадаўстцу – прагрэс? Згодна Вашай логіцы нам трэба вітаць парушэнне првававых нормаў. Пазіцыя цікавая. Сапраўды, давайце не будзем залазіць у дэталі. Проста ёсць артыкул 4-ы Закона Рэспублікі Беларусь “Аб архітэктурнай, будаўнічай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці ў Рэспубліке Беларусь”, які гарантуе грамадзянам права на ўдзел у працэсе горадабудаўніцтва шляхам грамадскіх абмеркаванняў. Адпаведнае Палажэнне, зацверджанае Пастановай Саўміна ў мінулым годзе,  рэгулюе працэдуру грамадскіх абмеркаванняў. Вы што, г-н Панамароў, выступаеце супраць законам дадзенага права? Дарэчы, згодна працэдуры правядзення абмеркаванняў  эмоцыі, пра якія так шмат разважае журналіст СБ,  не ўлічваюцца, а ўлічваецца аргументаваная пазіцыя. І ўсе тыя праекты, якія Вы, г-н Панамароў, пералічылі ў сваім артыкуле ад 18.07.2012, і аб якіх, як можна здагадацца па агульным  тоне артыкула, Вы шкадуеце, былі   адхілены не таму, што адхіленню паспрыялі дзве-тры эмацыйныя бабулі з суседняга двара, ці пацаны з раёна, якіх па Вашай версіі сабралі ў якасці асноўнай ўдарнай сілы. Мернавіта неадпаведнасць праектаў дзеючым нарматыўна-прававым і нарматыўным актам паспрыяла таму, што гэтыя хоць і геніяльныя, але незаконныя творы не будуць радаваць Вашага вока. А ўвогуле у мяне складаецца   ўражанне, што журналіст самай галоўнай дзяржаўнай газеты заклікае быць талерантнымі да пазазаконнай дзейнасці, лічыць здаровым сэнсам парушэнне права.  Калі гэта не так, то хачу пачуць аргументаваны адказ, а не агульныя, суб’ектыўныя, ні на чым не заснаваныя разважанні, як ужо было пра прафесіяналізм нашых дойлідаў, неадукаванасць і коснасць беларускага народу, які стаў тормазам на шляху горадабудаўнічага прагрэсу. Хочацца, каб г-н Панамароў адказаў на пытанне, чаму грамадскія  абмеркаванні яго зацікавілі  тады, калі нашыя чыноўнікі ад архітэктуры сталі разважаць у прэсе аб шкодзе гэтай працэдуры?  Чаму  агульны тон артыкулаў аўтара практычна поўнасцю супадае з накірункамі разважанняў галоўнага архітэктара Мінска (http://realt.onliner.by/2012/07/25/oo/)? Чаму б нашаму журналісту не задацца пытаннем пра прычыны, па якіх Мінгарвыканкам, як чорт ладана баіцца грамадскіх абмеркаванняў праектаў на гісторыка-культурных каштоўнасцях, што яскрава выявілася на прыкладах праектаў забудовы правага боку вул. Зыбіцкай (Гандлёвай) ды паўднёва-усходняй часткі Мінскага замчышча. Хай бы нашыя прафесіяналы праектыроўшчыкі на падставе аргументацыі, заснаванай на нарматыўна-прававых дакументах, методыках, паставілі б на месца, публічна паставілі б, купку непісьменных гарлапанаў. І пытанне было б вырашана.  А тое адзін геніяльны праект, ён жа адначасова прагрэсіўны, ужо рэалізуецца (Зыбіцкая), а другі (Замчышча), дзякуй Богу, адсунуты ў часе. Без усялякіх абмеркаванняў. Так што пытанняў шмат. Таму ў адным з г-нам Панамаровым я згодны. Трэба дыскусія. І дыскусія аргументаваная. Праўда, каб дыскусія адбылася на роўных, па чэснаму, як у народзе гавораць, трэба каб і мае разважанні ў СБ з’явіліся, а тое ідуць у апошнім артыкуле згадкі пра нейкі  “оппозиционный” сайт, а каб дакладна сказаць, дзе матэрыял Астаповіча – то цішыня. Я разумею, можа сапраўды няварта, каб СБ спасылкамі рабіла скрытую рэкламу “Партызану”. Таму акрамя таго, што свае развагі ў сваім жа блогу на   “оппозиционном” сайце стаўлю, вышлю іх у СБ, як электроннай, так і і звычайнай поштай. Бо калі журналіст такога выдання заклікаў да дыскусіі, я шчыра веру ў тое, што мой дыскусійны матэрыял будзе ў галоўнай дзяржаўнай газеце надрукаваны. І надрукую разважанні на сайце Таварыства, бо ёсць прыхаваная надзея на піяр рэсурсу праз СБ. Фота з http://onliner.by/.
30.07.12 17:46
загружаются комментарии

Антон Астаповіч