Спадарства ўцёрлася

Правёў усе выходныя разам з пятніцай у Берасці. Горад цудоўны, але не на адпачынак прыязджаў. а ўзяць удзел у семінары пра далейшы лёс Берасцейскай крэпасці. Што там будзе, як там будзе, хто там будзе, для каго там будзе? на шэраг гэтых і паралельных пытанняў пыталіся даць адказ прадстаўнікі самых розных краінаў. І не проста прадстаўнікі, а спецыялісты ў розных галінах дзейнасці - ад культуры да маркетынгу, ад турызму да архітэктурнага праектавання. Не буду пералічваць усе краіны, хачу сказаць, што дамінавалі на семінары спецыялісты з Расіі і з нашай Сінявокай.  Пра сам семінар распавядаць не хочацца, пра яго праблемы ўжо матэрыял быў створаны і размешчаны на сайце Таварыства аховы помнікаў (http://pomniki.budzma.org/news/mizhnarodny-kulturna-turystychny-centr-bresckaya-krepasc-yakim-yamu-byc). Хацелася б падзяліцца адным момантам і вельмі трывожным. У ходзе дыскусіі аб канцэптуальных накірунках развіцця Брэсцкай крэпасці, як турыстычнага цэнтру, неаднаразова расійскімі спецыялістамі агучвалася думка пра Брэст і крэпасць, як пра гістарычнаю мяжу паміж еўразійскай і заходняй,  еўрапейскай цывілізацыямі. Прыехалі мы на семінар з калегамі з Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры толькі з адной мэтай - не даць нават на канцэптуальным узроўні перспектыўнай працы выйсці за межы дзеючага заканадаўства ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны і міжнародных методык, бо сама крэпасць - помнік архітэктуры міжнароднага значэння, ды пабудавана яна на месцы зруйнаванага, аднаго з самых прыгожых у ВКЛ  гарадоў - старажытнага Берасця, які да гэтага часу канчаткова яшчэ і не вывучаны, і не асэнсаваны. Як пачалі з боку расійскіх калег гучаць іх цывілізацыйныя пасылы, я заставаўся спакойным, бо чаго звяртаць увагу на даўно ўсім вядомыя трызненні нашага ўсходняга суседа. Калі рэгулярна на гэта зважаць, то звар'яцець можна. Тым больш, што плотным фронтам прымалі ўдзел у мерапрыемстве брэстчукі, а сярод іх запісныя змагары за спадчыну, за ідэалы незалежнай Беларусі, адным словам, за ўсё самае лепшае на гэтай зямлі. І думаў я, што не здолеўшы выканаць асноўную місію на семінары - давесці да яго ўдзельнікаў гісторыка-культурны патэнцыял разглядаемай тэрыторыі, запісныя змагары хоць годна адкажуць на незразумелыя цывілізацыйныя пасылы. Але ж не. Не адказалі, маўчалі і нават ківалі галовамі. Хоць і не наша гэта была функцыя, але прыйшлося ўвязвацца ў дыскусію не спецыяльную, а ў абстрактную, прысвечаную цывілізацыйным   момантам, да якой нават і не рыхтаваліся, але годна і аргументавана мы агучылі свае думкі, паставіўшы, па крайняй меры на час нашай прысутнасці на семінары, тлустую кропку на спробах нават узгадываць пра прыналежнасць Беларусі  да іх цывілізацыйнай прасторы. Да гэтага часу не магу растлумачыць маўчанне брэсцкіх калег. Ну можна дапусціць, што частка яшчэ пад уплывам пэўных савецкіх стэрэатыпаў, частка можа проста палічыла сябе не падрыхтаванымі да дыскусіі. Але тыя асобы, якія ў свой час засноўвалі БНФ, займаліся гістарычным горадам, як горадам менавіта еўрапейскага кшталту, якія нават не лічаць помнікам крэпасць, бо пабудавана Расіяй на месцы імі знішчанага сярэднявечнага горадабудаўнічага хараства. Што гэта? Незразумелая далікатнасць? Баязлівасць агучыць сваю думку? Ці проста здольнасць здраджваць ідэалам (кампрамісам гэта назваць нельга) дзеля слабых спадзеваў быць заангажаваным у праектную групу з перспектывай тым-сім "пажывіцца"? Сапраўды, растлумачыць цяжка. Адно ведаю, што плюнулі смачна ў твар, а спадарства ўцёрлася..
26.11.12 15:45
загружаются комментарии

Антон Астаповіч