Ці хопіць волі і прафесіяналізму? Адкрыты ліст у газету “Культура”

У нумары № 7 за бягучы, 2012 г., у Вашай газеце з’явіўся артыкул Іллі Свірына пад назвай “А калі “выкарчаваць” вежу?, або Барысаўскі гіпербалоід інжынер Шухава” (http://www.kimpress.by/index.phtml?page=2&id=7012). У матэрыяле разглядаліся і праблемы захавання на тэрыторыі в. Зембін Барысаўскага р-на Мінскай вобл. былога дамініканскага касцёлу 1809 г., які з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю 2-й катэгорыі, якая ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь па шыфрам 612Г000020, і магчымам удзеле ў мерапрыемствах па захаванню дадзенага помніка Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры з канца 2010 г. займаецца гэтай праблемай, і пасля дэтальнай падрыхтоўкі і аналізу сабранага матэрыялу звярнулася з лістом № 70 у Барысаўскі райвыканкам, у якім, у выкананні норамаў заканадаўства ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны, было прапанавана правесці шэраг наступных сумесных мерапрыемстваў па захаванню нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці “Руіны былога дамініканскага касцёла 1809 г.” у в. Зембін Барысаўскага р-на: 1. Правядзенне шэрагу сумесных валанцёрскіх дэсантаў па добраўпарадкаванню тэрыторыі вакол касцёла і унутрыкасцёльнай прасторы. Перспектыўныя ўдзельнікі – члены ГА БДТАПГК, члены моладзевых грамадскіх аб’яднанняў г. Барысава, жыхары в. Зембін, члены каталіцкіх арганізацый. Першы валанцёрскі дэсант – 21 красавіка 2012 г., прысвечаны Міжнароднаму дню аховы помнікаў і гістарычных мясцін (адзначаецца штогод 18 красавіка. 2. Правядзенне членамі архітэктурнай секцыі ГА БДТАПГК архіўна-бібліяграфічных, натурных даследаванняў, у тым ліку археалагічна-архітэктурных абмераў і распрацоўка на іх падставе канцэпцыі і эскізнай прапановы кансервацыі і экспанавання руін касцёла. Працы выконваюцца на валанцёрскай аснове. 3. Падтрымка з боку Барысаўскага райвыканкама хадайніцтва ГА БДТАПГК аб наданні намесніку старшыні архітэктурнай секцыі ГА БДТАПГК А.С.Вантуху права на ажыццяўленне архіўна-бібліяграфічных і натурных даследаванняў і кіраўніцтва распрацоўкай навукова-праектнай дакументацыяй на нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях. 4. Прапанова з боку райвыканкама ў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь аб прызначэнні А.С.Вантуха навуковым кіраўніком нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці “Руіны былога дамініканскага касцёла 1809 г.” у в. Зембін Барысаўскагар-на. 5. Прыняцце рашэння Барысаўскім райвыканкамам аб пачатку збору мэтавых фінансавых сродкаў для правядзення супрацьаварыйных прац, далейшай кансервацыі і рэстаўрацыі руін касцёла на спонсарскі рахунак Аддзела культуры Барысаўскага райвыканкама. Інфармацыйная кампанія ў падтрымку збору сродкаў. 6. Правядзенне інжынерна-тэхнічных даследаванняў канструкцый гісторыка-культурных каштоўнасцяў з распрацоўкай рэкамендацый па іх узмацненню. 7. Правядзенне супрацьаварыйных прац. 8. Распрацоўка навукова-праектнай дакументацыі па кансервацыі руін касцёла з добраўпарадкаваннем прылягаючай тэрыторыі. 9. Выкананне кансервацыі помніка архітэктуры і добраўпарадкавання прылеглай тэрыторыі. Амаль ўсе мерапрыемствы прапаноўвалася выканаць на валанцёрскай аснове. На жаль, да гэтага часу нашае грамадскае аб’яднанне не атрымала пісьмовага адказу па сваіх прапановах, а пры правядзенні суботніка 21 красавіка, нягледзячы на вусную дамоўленасць, не было аказана з боку мясцовых органаў выканаўчай улады аніякай падтрымкі па забеспячэнню інвентаром, і нават па вуснаму распараджэнню старшыні сельскага савета валанцёраў ГА БДТАПГК адмовіліся карміць гарачым харчаваннем у мясцовай кавярні БелКаапСаюза за сродкі саміх жа валанцёраў. Пазіцыя выканаўчых органаў улады, мякка кажучы, не падвышае сярод грамадскасці аўтарытэт дзеючай улады, у сувязі з тым, што не бачна нават слабых спробаў з іх боку прадпрыняць элементарныя крокі па захаванню ўнікальнага помніка, апошняга па часе архітэктурнага аб’екта ў стылю барока на Беларусі, і ў сувязі з тым, што ігнаруецца заканадаўства аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў, чым ставіцца пад сумніў абвешчаная Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь палітыка па барацьбе з бюракратызмам, дэвальвуецца літара і дух Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 27 снежня 2006 г. № 2 “Аб мерах па далейшай дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарата”, дыскрэдытуецца ідэя дзяржаўна-грамадскага партнёрства ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны. Звяртаемся да рэдакцыі с законным патрабаваннем аб публікацыі паўторнага матэрыялу, прысвечанай праблеме захавання унікальнага помніку ў Зембіне, у якім бы былі прааналізаваны прычыны бяздзейнасці выканаўчых і распарадчых органаў Барысаўскага раёна у вырашэнні праблем захавання помнікаў, нават калі грамадскія аб’яднанні прапануюць канкрэтныя і рэальныя мерапрыемствы, сумесная рэалізацыя якіх пайшла б толькі на карысць справ аховы гісторыка-культурнай спадчыны. Хочам нагадаць , што ў апублікаваным раней артыкуле Вашага карэспандэнта І.Свірына прагучалі зняважлівыя словы для нашага грамадскага аб’яднання. Цытуем: “Грамадская арганізацыя “Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў”, якая сапраўды своечасова звярнула ўвагу соцыуму на праблему Зембінскага касцёла, мае ў сваім складзе архітэктурную секцыю. Ды вось толькі… Іхнія прапановы па аднаўленні даўно няісных мінскіх вуліц не знаходзяць падтрымку ў членаў Рэспубліканскай навукова-метадычнай рады і мясцовых улад. Чаму? Падрабязную аргументацыю праблемы “К” прыводзіла неаднойчы: мякка кажучы, папросту немэтазгодна змяняць сучаснае рэчышча Свіслачы на карысць адраджэння першаснага выгляду будынкаў колішняй вуліцы Гандлёвай… Як вынік - крыўды, канфлікты, агрэсіўны піяр з боку грамадскіх актывістаў… А плён? Ды – ніякага плёну! Гэта ў Мінску - з яго сённяшняй урбаністычнай сітуацыяй і суплётам самых розных акалічнасцей. А вось у вёсцы Зембін, дзе захаваліся гісторыка-культурныя каштоўнасці папраўдзе еўрапейскай велічыні - не ў выглядзе малюнкаў з архіваў, але менавіта “з плоці ды крыві”, - рупліўцаў гатовы сустракаць “хлебам-соллю”. І каб захаваць тыя набыткі - гэтым разам ужо неаспрэчныя, - у Зембіне зусім не патрэбна ўносіць карэкціроўкі ў рэчышча ракі, як гэта тэарэтычна магло б патрабавацца ў Мінску. Дастаткова элементарных мер па кансервацыі. І - увагі, увагі, увагі”. Гэтыя словы дэманструюць поўную адсутнасць у Вашага супрацоўніка элементарных ведаў у сферы дзеючага заканадаўства, тэхнічных нараматыўных актаў і міжнародных метадычных дакументаў у сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны, тым больш недасведчанасць у гісторыі горадабудаўніцтва Мінска. А абвінавачванні ў бок грамадскага аб’яднання ў адсутнасці ўвагі да канкрэтнага помніка, калі згодна заканадаўства адказнасць за захаванне аб’екта гісторыка-культурнай каштоўнасці ляжыць на уласніку (уладальніку) помніка і мясцовых органах улады, гучаць проста некарэктна, тым больш, што Барысаўскі райвыканкам не толькі не жадае рабіць рэальных крокаў у дадзеным накірунку, ён нават ігнаруе дапамогу ГА БДТАПГК. Таму спадзяемся на прафесійнае сумленне калектыву Вашага выдання і публікацыю матэрыяла, у якім аб’ектыўна будуць разгледжаны праблемы выканання прац у Гістарычным цэнтры Мінску і прааналізавана сітуацыя вакол былога дамініканскага касцёла ў в. Зембін з вызначэннем рэальнай ролі ўласніка (уладальніка) гісторыка-культурнай каштоўнасці, а гэта Зембінскі сельскі савет, і Барысаўскага райвыканкама ў незайздзросным сучасным стане ўнікальнага архітэктурнага помніка. Паралельна можам правесці шэраг агульнаадукацыйных лекцый па прававых нормах і метадычных дакументах, якія рэгулююць сферу аховы гісторыка-культурнай спадчыны для калектыву Вашай рэдакцыі, ў прыватнасці для Вашага карэспандэнта І.Свірына, для недапушчэння з’яўлення ў аўтарытэтным інфармацыйным органе Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь недакладных і некарэктных матэрыялаў. З павагай, Старшыня РС ГА БДТАПГК А.Астаповіч.
13.05.12 20:04
загружаются комментарии

Антон Астаповіч