Ці хочуць беларусы мадэрнізацыі?

31 кастрычніка ў Беларускім Доме ў Варшаве адбылася прэзентацыя 3 і 4 этапаў вынікаў якасных даследаванняў з выкарыстаннем метада групавых факусіраванных інтэрв'ю наконт ініцыятывы Еўрасаюза "Дыялог па мадэрнізацыі для Беларусі". Прэзентацыю сваіх даследаванняў правяла лабараторыя сацыялагічных даследаванняў "Новак". Доктар сацыялагічных навук, кіраўнік даследчыцкай лабараторыі "Новак" Андрэй Вардамацкі падкрэсліў, што дадзеныя даследаванні не з'яўляюцца рэпрэзентатыўнымі і маюць на мэце адлюстраваць перамены, якія адбыліся ў меркаваннях насельніцтва наконт праграмы мадэрнізацыі. Перш за ўсё сацыёлаг пакдрэсліў, што галоўным вынікам апошніх выбараў стала тое, што насельніцтва ў меншай ступені звязвае эканамічную сітуацыю з палітычнай. - Людзі сталі менш выкарыстоўваць словы "ўрад", "прэзідэнт", а прычыны эканамічнага крызісу пачалі шукаць ва ўласным менталітэце. Характэрным з'яўляецца таксама тое, што лепшую эканамічную сітуацыю ў іншых краінах беларусы тлумачаць іншым менталітэтам, а не звязваюць з іншым палітычным ладам. Па выніках апытання людзі звярнулі ўвагу на ўзрост кансумерызацыі грамадства, калі раней ў большай ступені падкрэслівалі важнасць духоўных каштоўнасцяў. - Заўважыць можна, што беларусы набылі досвед адаптацыі. Тлумачаць яны гэта тым, што калі перажылі апошні год, то перажывуць і наступны. Разам з тым па-ранейшаму існуюць сумненні ў патрэбнасці праекта мадэрнізацыі. Рэспандэнты ўхваляюць ідэі рынку працы, гандлю, новых тэхналогій, інвестыцый, якія могуць быць прыўнесены з боку Еўропы. Людзі разумеюць, што такое ўзаемадзеянне з Еўропай — рэч станоўчая. Разам з тым некаторыя ўспрымаюць ініцыятыву "Еўрапейскага дыялогу аб мадэрнізацыі" насцярожана і нават з абурэннем, дапускаючы "падкопы ворагаў". Падазраюць ЕС у спробе нейкага ціхага ўварвання, карыслівага выкарыстання нашай краіны ў сваіх мэтах. Прычыны сумневу сацыёлаг тлумачыць недаверам беларусаў да матывацыі Еўрапейскага Саюза, які прапанаваў гэтую ініцыятыву. "Навошта яны хочуць нам дапамагчы і што яны хочуць узамен?" - такая асцярожнасць і недавер характарызуць беларусаў на дадзеным этапе. Калі казаць пра геапалітычныя арыентацыі беларусаў, то можна заўважыць спад арыентацыі як на Захад, так і на Расію. Ідэальным выхадаць для многіх апытаных з'яўляецца разлік на ўласныя сілы. Аднак па-ранейшаму перамены і развіццё, да якога імкнуцца апытаныя, не закранае зменаў палітычнага ладу ў краіне. - Я павінен змяніцца сам, не змяняючы краіны, - так тлумачыць сацыёлаг меркаванне насельніцтва..
05.11.12 1:21
загружаются комментарии

Змiцер Бародка